КЛІЕНТЭ́ЛА (лац. clientela),

форма сац.-эканам. залежнасці ў Стараж. Рыме ў 6—3 ст. да н.э. Кліентамі радавой знаці былі бяднейшыя сваякі, палонныя, якія дапамагалі патрону апрацоўваць зямлю, падтрымлівалі яго на выбарах, удзельнічалі ў ваен. паходах. З зараджэннем у Рыме класавых адносін кліентамі называлі найбяднейшых плебеяў. Пасля ўтварэння Рымска-Італійскай федэрацыі сістэма К. пашырылася і на плямёны італікаў. Паступова страціла эканам. значэнне, яе змяніла сістэма каланату.

т. 8, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭАЦІ́Н,

β-метылгуанідзінавоцатная кіслата. Малекулярная маса 131,14. Раствараецца ў гарачай вадзе, маларастваральны ў спірце. У пазваночных утрымліваецца пераважна ў шкілетных мышцах (найчасцей у выглядзе крэацінфосфарнай кіслаты); невял. яго колькасць ёсць у гладкіх мышцах, нерв. клетках, нырках і печані. У арганізме сінтэзуецца з амінакіслот аргініну і гліцыну. Акумуляцыяй энергіі для мышачнага скарачэння служыць абарачальнае ферментатыўнае ўзаемадзеянне К. з адэназінтрыфосфарнай кіслатой з утварэннем крэацінфосфарнай кіслаты.

С.​С.​Ермакова.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРДАНЁР (франц. cour d’honneur літар. ганаровы двор),

парадны паўраскрыты двор перад будынкам, утвораны асн. будынкам і яго 2 бакавымі крыламі (радзей каланадай). Пашыраны ў еўрап. палацавай архітэктуры 17—1-й пал. 19 ст. На Беларусі найб. вядомы ў палацавых і сядзібных комплексах 18—19 ст. (Ружанскі палацавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс і інш.). Прыём параднай прасторавай кампазіцыі сучаснай архітэктуры.

т. 9, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГУ́НА (італьян. laguna ад лац. lacus возера),

мелкаводная частка акіяна (мора), аддзеленая ад яго барам або касой і злучаная з ім вузкім адным ці некалькімі пралівамі. Ад слабай сувязі з морам або ад поўнага адасаблення Л. маюць большую ці меншую салёнасць і спецыфічныя лагунныя адклады. Трапляюцца на ўзбярэжжах Чорнага, Каспійскага і інш. мораў. Таксама Л. наз. ўчастак мора паміж каралавым рыфам і берагам або ў сярэдзіне атола.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РД,

установа, якая выдае пазыкі пад заклад рухомай маёмасці, рэчаў, што перадаюцца ёй на захоўванне. Вартасць рэчаў ацэньваецца па ўзгадненні бакоў. Уладальніку рэчы выдаецца імянны ламбардны білет (распіска). У выпадку невяртання пазыкі, нявыкупу маёмасці яго ўладальнікам яна перадаецца ва ўласнасць Л. і можа быць прададзена. Часам Л. з’яўляецца надзейным сховішчам маёмасці. Упершыню заснаваны ў 15 ст. ў Францыі ліхвярамі з італьян. правінцыі Ламбардыя (адсюль назва).

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСЕНА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (Larsen Shelf Ice),

адзін з найбуйнейшых шэльфавых ледавікоў у Зах. Антарктыдзе. Утварае ўсх. ледзяны бераг Антарктычнага п-ва (прыморская паласа ўсх. берага Зямлі Грэяма) даўж. больш за 800 км, шыр. каля 200 км. Пл. каля 86 тыс. км². Таўшчыня лёду 150—500 м. Круглы год блакіраваны дрэйфуючымі крыгамі Уэдэла мора. Адкрыты ў 1893 нарвежскай экспедыцыяй К.​Ларсена, названы ў яго гонар.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ((Lee) Харпер) (н. 12.4.1926, г. Монравіл, штат Алабама, ЗША),

амерыканская пісьменніца. Прадстаўнік т.зв. паўднёвай школы сучаснага амер. рамана, якая даследавала феномен расізму ў яго сац., этычнай і псіхал. праявах. Скончыла Алабамскі ун-т (1949). Вядомасць прынёс раман «Забіць перасмешніка» (1960), у аснове якога расавы канфлікт і расісцкія забабоны, што прыводзяць да смерці чалавека. Аўтар навел, эсэ.

Тв.:

Рус. пер. — Убить пересмешника. Мн., 1986.

Т.​Я.​Камароўская.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЧЫК (Міхаіл Яўстаф’евіч) (н. 7.5. 1955, г. Глыбокае Віцебскай вобл.),

бел. баяніст. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. кансерваторыю (1982). З 1980 у Дзярж. акад. нар. аркестры Беларусі імя І.​Жыновіча, з 1982 у Дзярж. акад. нар. хоры Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1993 у Бел. дзярж. ансамблі нар. музыкі «Свята», з 1995 у Дзярж. ансамблі танца Беларусі. Яго выкананню характэрны высокая тэхнічнасць, эмацыянальнасць, багацце нюансіроўкі.

т. 9, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ СЫ (?—208 да н.э.),

дзяржаўны дзеяч стараж. Кітая. Першы саветнік імператара Цынь Шыхуандзі [221—210 да н.э.]. Праводзіў палітыку ўзмацнення цэнтр. дзярж. улады. Пры Л.С. праведзена уніфікацыя іерогліфаў. Прыхільнік філас. школы легістаў, праціўнік канфуцыянства (па яго ініцыятыве ў 213 да н.э. спалена канфуцыянская л-ра, пахаваны жывымі 460 вучоных). Пры імператару Эр Шыхуане [209—207 да н.э.] абгавораны сваімі ворагамі пры двары, пакараны смерцю.

т. 9, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯФІЛІЗА́ЦЫЯ (ад грэч. lyō раствараю + phileō люблю),

ліяфільная сушка, высушванне біял. матэрыялу ў замарожаным стане пад вакуумам. Вільгаць выдаляецца з замарожаных аб’ектаў шляхам сублімацыі лёду (пераўтварэння яго ў пару без вадкай фазы). Абязводжаны матэрыял лёгка раствараецца ў вадзе і аднаўляе свае ўласцівасці. Выкарыстоўваецца для захоўвання асн. якасцей біял. прэпаратаў (у электроннай мікраскапіі), атрымання сухой плазмы крыві, мікрабіял., харч. і хім. прамысловасці.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)