БЛОК ((Bloch) Марк) (6.7.1886, г. Ліён, Францыя — 16.6.1944),

французскі гісторык. Вучыўся ў Францыі, Лейпцыгскім і Берлінскім ун-тах (1908—09). Праф. Страсбурскага (1919—36) і Сарбонскага (Парыж) ун-таў. У 1929 разам з гісторыкам Л.​Феўрам заснаваў час. «Annales d’histoire économique et sociale» («Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі», гл. ў арт. «Аналаў» школа). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення, расстраляны гестапа. Працы па зах.-еўрап. феадалізме, агр. адносінах у Францыі, агульных праблемах метадалогіі гісторыі.

Тв.:

Апология истории, или Ремесло историка: Пер. с фр. 2 изд. М., 1986.

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОЎТ ((Blout) Элкан Роджэр) (н. 2.7.1919, Нью-Йорк),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1969) і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Замежны чл. АН СССР (1976). Скончыў акадэмію Філіпс эксэтэр (1935), Прынстанскі ун-т (1939). З 1943 узначальваў карпарацыю «Паляроід компані». У 1960—69 (з 1962 праф.) у Гарвардскім ун-це. Навук. працы па біяхіміі пратэалітычных ферментаў і бялкоў, якія ёсць у мембранах эрытрацытаў, будове і метадах даследаванняў біяпалімераў з выкарыстаннем фіз. метадаў даследавання (дысперсія аптычнага вярчэння, кругавы дыхрамізм, ядз. магн. рэзананс і інш.).

т. 3, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОХ ((Bloch) Фелікс) (23.10.1905, г. Цюрых, Швейцарыя — 10.9.1983),

амерыканскі фізік, адзін са стваральнікаў квантавай тэорыі цвёрдага цела. Чл. Нацыянальнай АН (1948). Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1928). У 1934—77 у Станфардскім ун-це (з 1956 праф.), адначасова ў 1954—55 дырэктар Еўрап. цэнтра ядз. даследаванняў. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, квантавай электрадынаміцы, ядз. фізіцы. Распрацаваў тэорыю энергет. спектра крышталёў, тэмпературнай залежнасці намагнічанасці ферамагнетыкаў паблізу абс. нуля. Адкрыў (1946, незалежна ад Э.​Пёрсела) ядз. магнітны рэзананс. Аўтар манаграфіі «Малекулярная тэорыя магнетызму» (1936). Нобелеўская прэмія 1952.

т. 3, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЭ́КЕТ ((Blackett) Патрык Мейнард Сцюарт) (18.11.1897, Лондан — 13.7.1974),

англійскі фізік. Чл. (з 1933) і прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва (1965—70), замежны чл. АН СССР (1966) і інш. акадэмій. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1919). У 1933—37 і 1953—65 праф. Лонданскага, у 1937—53 Манчэстэрскага ун-таў. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў. Упершыню з дапамогай удасканаленай ім камеры Вільсана даказаў існаванне пратона і штучнага ператварэння хім. элементаў (1925), разам з Дж.​Акіяліні адкрыў з’яву ўтварэння электрона і пазітрона з гамакванта (1933). Нобелеўская прэмія 1948.

П.М.С.Блэкет.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ВЕРЫ ((Boveri) Тэадор) (12.10.1862, г. Бамберг, Германія — 15.10.1915),

нямецкі цытолаг і эмбрыёлаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1906). Скончыў Мюнхенскі ун-т (1885). Працаваў у заал. ін-тах у Мюнхене, Вюрцбургу (адначасова праф. Вюрцбургскага ун-та). Навук. працы па вывучэнні апладнення, змяненняў унутрыклетачных структур пры дзяленні клеткі, ранняга развіцця зародка, выспяванні палавых клетак. Вызначыў розніцу праміж храмацінам палавых і саматычных клетак. Адкрыў у ланцэтніка выдзяляльную сістэму. Разам з аўстр. біёлагам К.​Раблем прапанаваў тэорыю «індывідуальнасці храмасом», якая лягла ў аснову храмасомнай тэорыі спадчыннасці.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́КУН (Ян Антонавіч) (н. 1.5.1934, в. Сцяпуры Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1992). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1958). З 1967 у Бел. філіяле энергет. ін-та імя Г.​М.​Кржыжаноўскага, з 1976 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы ў галіне цеплаэнергетыкі, гідрадынамікі і цепламасаабмену ў дысперсных асяроддзях. Распрацаваў і ўкараніў у вытв-сць метад пульсуючага слоя дысперсных матэрыялаў.

Тв.:

Гидродинамические закономерности существования пульсирующего слоя // Изв. ВУЗов и энергетич. объединений СНГ. Энергетика. 1994. № 3—4.

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАР (Васіль Аляксандравіч) (н. 25.8.1940, в. Лядзец Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік. Канд. фізіка-матэм. н. (1969). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1962), працаваў у ім. З 1993 прарэктар Бел. пед. ун-та. Навук. працы па фізіцы плазмы. Аўтар першага на бел. мове «Курса агульнай фізікі: Оптыка» (1995), інш. вучэбных дапаможнікаў для школ і ВНУ.

Тв.:

Практикум по методике решения физических задач. Мн., 1983 (у сааўт.);

Задачи по физике с техническим содержанием. Мн., 1986 (разам з Дз.​І.​Кульбіцкім, У.​А.​Якавенкам).

т. 3, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОР ((Bohr) Оге Нільс) (н. 19.6.1922, Капенгаген),

дацкі фізік-тэарэтык. Чл. Дацкай АН (1995). Сын Н.Бора: Скончыў Капенгагенскі ун-т (1946). З 1946 у Ін-це тэарэт. фізікі (Ін-т Нільса Бора), у 1962—70 яго дырэктар. З 1975 дырэктар Ін-т тэарэт. ядз. фізікі. Навук. працы па ядз. фізіцы. Распрацаваў абагульненую (калектыўную) мадэль атамнага ядра, выказаў думку аб магчымасці існавання звышцякучасці адронаў у ядрах атамаў. Нобелеўская прэмія 1975.

Тв.:

Рус. пер. — Структура атомного ядра. Т. 1—2. М., 1971—77 (разам з Б.​Мотэльсанам).

т. 3, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ТЭ ((Bothe) Вальтэр) (8.1.1891, г. Араніенбург, Германія — 8.2.1957),

нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў ядз. фізікі. Вучань М.Планка. Скончыў Берлінскі ун-т (1914). Праф. Берлінскага (1929—30), Гісенскага (1930—32) і Гейдэльбергскага (1932—34 і з 1946) ун-таў, з 1934 дырэктар ін-та фізікі (Кайзер-Вільгельм ін-та). Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы. Распрацаваў супадзенняў метад (1924), разам з Г.​Гейгерам эксперыментальна даказаў праўдзівасць закону захавання энергіі і імпульсу ў элементарных працэсах (1925). Нобелеўская прэмія 1954.

Літ.:

Лейкин Г.А. Вальтер Боте // Природа. 1995. № 12.

В.Ботэ.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎН ((Braun) Аляксандр) (10.5.1805, г. Рэгенсбург, Германія — 29.3.1877),

нямецкі батанік. Чл. Германскай акадэміі «Леапальдзіна», Парыжскай АН. Вучыўся ў Гайдэльбергу (1824—31) і Парыжы (1831—32). Праф. Політэхн. школы ў Карлсруэ (1833—46), праф. і дырэктар Бат. саду ў Фрэйбургскім ун-це (1846—51), з 1851 — у Берліне. Навук. працы па вывучэнні будовы і развіцця прэснаводных зялёных водарасцяў, папарацепадобных; даследаваў партэнагенез і поліэмбрыянію ў раслін. Прыхільнік параўнальнага і антагенетычнага кірункаў у марфалогіі. На падставе марфал. прыкмет прапанаваў сваю філагенетычную сістэму, якая легла ў аснову сістэм ням. вучоных А.​Эйхлера і А.​Энглера.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)