АСТРА́НІН (Якаў) (?—6.5.1641),

адзін з кіраўнікоў сялянска-казацкага паўстання 1638 на Украіне. З 1633 палкоўнік рэестравых казакоў, з 1638 гетман. Пасля задушэння паўстання 1637—38 (узначальваў Бут) казакі вясной 1638 зноў выступілі супраць польскай і ўкр. шляхты, стварылі на Палтаўшчыне ўмацаваны лагер. Аднак гетман С.​Патоцкі нанёс раз’яднаным казацкім атрадам шэраг паражэнняў. З часткай войскаў перайшоў у Расію, дзе забіты казакамі.

т. 2, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЗЕ́ЕЎСКАЯ СТАЯ́НКА,

познапалеалітычная стаянка каля в. Аўдзеева Курскай вобл.; адзін з эпонімных помнікаў касцёнкаўска-аўдзееўскай культуры. Найб. ранняя радыевугляродная дата — 27 700 ± 700 г. Раскопкамі выяўлены рэшткі доўгага касцёва-землянога наземнага жытла з ачагамі ў цэнтры, абкружанага невялікімі зямлянкамі і ямамі-кладоўкамі; каменныя і касцяныя прылады (разцы, скрабкі, цёслы і інш.), жаночыя статуэткі і фігурка маманта з косці.

Жаночыя статуэткі з Аўдзееўскай стаянкі.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭА́Н ((Dehaene) Жан Люк) (н. 7.8.1940, г. Манпелье, Францыя),

бельгійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст і эканаміст. Член фламандскай Хрысц. нар. партыі. З 1971 працаваў у шэрагу мін-ваў. З 1979 шэф кабінета ў першым урадзе В.​Мартэнса. З 1981 міністр сац. палітыкі, міністр транспарту. З 1992 прэм’ер-міністр Бельгіі. Урад Д. завяршыў пераўтварэнне Каралеўства Бельгіі ў федэратыўную дзяржаву (1993).

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРАВЯ́ШКІ,

у беларусаў абутак з дрэва, які насілі вясной і восенню. Бытавалі ў 19 — пач. 20 ст. пераважна на Гродзеншчыне і на З Віцебшчыны (спарадычна трапляліся ў інш. рэгіёнах Беларусі). Былі 2 тыпаў: выдзеўбаныя з кавалка дрэва башмакі, з круглым або завостраным наском і камбінаваныя туфлі на нізкім ці высокім абцасе, да драўлянай падэшвы якіх прымацоўваўся скураны верх або шырокая скураная паласа.

Дзеравяшкі.

т. 6, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДЗІ́МАЎ (Сцяпан Мітрафанавіч) (7.11.1913, с. Ягаднае Валгаградскай вобл., Расія — 22.6.1941),

лётчык-знішчальнік, які ў Вял. Айч. вайну адзін з першых тараніў варожы самалёт. З 1934 у Чырв. Арміі, з 1938 служыў у Беларусі. Штурман эскадрыллі знішчальнага авіяпалка лейтэнант Гудзімаў у баі каля г. Пружаны збіў 2 варожыя бамбардзіроўшчыкі, адзін з іх тараніў. Загінуў у гэтым баі. У Пружанах яму пастаўлены помнік.

т. 5, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЬТАНІ́ЗМ,

прыроджанае расстройства каляровага зроку. Апісаны англ. фізікам Дж.Дальтанам у 1794. Бывае ў 8% мужчын і 0,5% жанчын; звязаны з адсутнасцю ці недастатковым функцыянаваннем аднаго з трох кампанентаў каляровага зроку. Распазнаюць Д. з дапамогай спец. (поліхраматычных) табліц і спектральных прылад (анамаласкопаў). Людзей з Д. не дапускаюць працаваць на транспарце, у авіяцыі і інш. (яны адрозніваюць у спектры толькі 2 колеры — жоўты і сіні).

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТЭРЭ́ЗІСНЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,

сінхронны электрарухавік, у якога вярчальны момант ствараецца ад узаемадзеяння магн. поля статара з намагнічаным ротарам, зробленым з матэрыялу з шырокай пятлёй гістэрэзісу. Магутнасць да некалькіх соцень ват пры частаце сілкавальнага току 50—500 Гц. Гістэрэзісны электрарухавік маюць добрыя эксплуатацыйныя характарыстыкі, надзейныя, даўгавечныя, бясшумныя, здольныя працаваць з рознай частатой вярчэння. Выкарыстоўваюцца ў маламагутных электрычных прыводах і ў сістэмах аўтам. кіравання.

т. 5, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́КЕЛЬЧЫК (Міхаіл Емяльянавіч) (28.12.1928, Мінск — 19.11.1976),

бел. спецыяліст у галіне вытв-сці выліч. тэхнікі. Скончыў Саратаўскі ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1951). З 1958 на Мінскім з-дзе ЭВМ, з 1964 гал. інжынер Брэсцкага з-да эл.-вымяральных прылад. Займаўся распрацоўкай і асваеннем серыйнай вытв-сці ЭВМ тыпу «Мінск», ЕС ЭВМ і выліч. комплексаў спец. прызначэння. Дзярж. прэмія СССР 1970.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЯЦ (Зайцаў) Сцяпан Іванавіч

(25.12.1903, г.п. Клічаў Магілёўскай вобл. — 7.5.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Напярэдадні вайны заг. зямельнага аддзела Мінскага райвыканкома. З першых дзён вайны вёў актыўную барацьбу супраць захопнікаў, адзін з ініцыятараў і арганізатараў Камароўскай падп. групы, з канца ліст. 1941 чл. Мінскага падп. гаркома КЛ(б)Б. У 1942 арыштаваны і закатаваны.

т. 7, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІКУРА́Т,

ступеньчаты культавы будынак у Стараж. Месапатаміі.

Будавалі З. з сырцовай цэглы ў выглядзе высокай, у некалькі ярусаў (З—7) вежы, якая звужалася ўверсе. Сцены абкладвалі каляровай глазураванай цэглай, кожны паверх меў свой колер (звычайна чорны, чырвоны, белы). Наверсе размяшчалася свяцілішча, да якога ішлі пандусы і прыступкі. Найб. вядомыя З. — Этэменанкі (т. зв. Вавілонская вежа, 7 ст. да н.э.) і Чога-Зенбіль.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)