узаемадзеянне паміж малекуламі з насычанымі хім. сувязямі. Існаванне М.ў. ўпершыню ўлічыў Я.Д.Ван дэр Ваальс пры тлумачэнні ўласцівасцей рэальных газаў і вадкасцей (гл.Ван-дэр-Ваальса ўраўненне). Асобны выпадак М.ў. — вадародная сувязь.
Характар М.ў. залежыць ад адлегласці паміж малекуламі (r). Пры вялікіх r (r≫l, дзе l — лінейныя памеры малекул, што ўзаемадзейнічаюць) электронныя абалонкі малекул не перакрываюцца, паміж малекуламі пераважаюць сілы прыцягнення (далёкадзейныя сілы), якія маюць эл. прыроду. Далёкадзейныя сілы падзяляюць на арыентацыйныя (сілы ўзаемадзеяння паміж палярнымі малекуламі), індукцыйныя (паміж палярнымі і непалярнымі малекуламі), дысперсійныя (паміж любымі малекуламі). Пры малых r (r∼l), калі электронныя абалонкі малекул перакрываюцца, пераважаюць сілы адштурхоўвання, якія з’яўляюцца кароткадзейнымі сіламі. Энергія адштурхоўвання залежыць ад r так, як у выпадку абменнага ўзаемадзеяння, што прыводзіць да ўтварэння хім.сувязі. М.ў. звычайна апісваецца патэнцыяльнай энергіяй узаемадзеяння U(r) (патэнцыялам М.ў.), а сіла ўзаемадзеяння ƒ — функцыяй ƒ = −dU(r)/dr. Тэарэт. вызначэнне залежнасці U(r) ці эксперым. вымярэнне ƒ практычна немагчымыя з-за вельмі вял. колькасці малекул, што ўзаемадзейнічаюць, і малых значэнняў r. Звычайна залежнасць U(r) падбіраюць эмпірычна так, каб праведзеныя з яе дапамогай разлікі розных характарыстык рэчыва адпавядалі эксперым. даным. М.ў. вывучаюць рознымі фіз. метадамі, асн. з іх: метад малекулярных пучкоў і дыфракцыйныя метады. Пры даследаванні М.ў. усё часцей выкарыстоўваюць разліковыя метады квантавай хіміі.
Літ.:
Межмолекулярные взаимодействия: От двухатомных молекул до биополимеров: Пер. с англ.М., 1981.
Крывая залежнасці патэнцыяльнай энергіі U(r) міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ад адлегласці r паміж малекуламі; r = σ — найменшая магчымая адлегласць паміж нерухомымі малекуламі; ε — глыбіня патэнцыяльнай ямы (вызначае энергію сувязі малекул).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,
сукупнасць установак і сістэм для перамяшчэння насыпных грузаў, кантэйнераў (патронаў) у струмені паветра ці інш. газу пад уздзеяннем перападу ціску. Устаноўкі звычайна складаюцца з загрузачнага прыстасавання, трансп. трубаправода (аэражолаба), пераключальнікаў патоку, аддзяляльнікаў матэрыялу, пылаўлоўніка, кампрэсарнай устаноўкі ці вакуум-помпы.
Прынцып дзеяння П.т. залежыць ад прынятай сістэмы ўтварэння паветр. патоку. Выраб сістэмы абумоўлены відам матэрыялу, што транспартуецца, яго вільготнасцю, неабходнай прадукцыйнасцю і ўмовамі функцыянавання. Адрозніваюць усмоктвальныя (ціск да 0,05 МПа), нагнятальныя (0,6 МПа) і камбінаваныя сістэмы. Ва ўсмоктвальнай сістэме вакуум-помпа стварае разрэджанне і пад уздзеяннем атм. ціску паветра разам з матэрыялам усмоктваецца ў трубаправод і паступае ў пункт прызначэння (асаджвальнік), дзе скорасць паветр. патоку рэзка памяншаецца і матэрыял асаджваецца. Дыяметр трансп. трубаправода ў такіх сістэмах ад 50 да 200 мм. У нагнятальнай сістэме кампрэсар нагнятае сціснутае паветра ў трубаправод, куды адначасова спец. сілкавальнік прымусова падае матэрыял. Паветраны паток уцягвае матэрыял і транспартуе яго ў аддзяляльнік, з якога паветра праз фільтр выкідваецца ў атмасферу. Дыяметр трансп. трубаправода 50—100 мм. У камбінаваных сістэмах (вакуумна-нагнятальных) падача матэрыялу ў трубаправод і асаджвальнік ажыццяўляецца ўсмоктваннем, а да месца прызначэння — нагнятаннем. Дыяметр трансп. трубаправода дасягае 250 мм. Выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., на металург. з-дах для сувязі плавільных аддзяленняў з экспрэс-лабараторыямі), сельскай гаспадаркі (напр., для разгрузкі-пагрузкі зерня), буд-ве, сферы абслугоўвання, як від сувязі (пнеўмапошта) у друкарнях, б-ках, на складах.
Літ.:
Хрусталев Б.М., Кислов Н.В. Пневматический транспорт. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЙ ДАКУМЕНТА́ЦЫІ з філіялам у г.Самара. Створаны ў 1995 у Маскве на базе рэарганізацыі Рас.дзярж.навук.-тэхн. архіва
(РДНТА) у г. Самара (засн. ў 1967 у Маскве як Цэнтр.дзярж. архіў навук.-тэхн. дакументацыі на базе аддзела навук.-тэхн. дакументацыі Цэнтр.дзярж. архіва нар. гаспадаркі СССР, у 1976 пераведзены ў Самару, з 1992 РДНТА),
яго філіяла ў Маскве і Рас.н.-д. цэнтра касм. дакументацыі. 1062 фонды, 2 347 211 адзінак захоўвання з 1855 да нашага часу. Зберагае н.-д., канструктарскую, праектную і патэнтную дакументацыю ўстаноў Рас. імперыі, арг-цый саюзнага і федэральнага падпарадкавання Рас. Федэрацыі. Сярод фондаў матэрыялы па гісторыі рас. ракетна-касм. тэхнікі і касманаўтыкі, комплексы дакументаў мін-ваў СССР: агульнага машынабудавання, авіяц. прам-сці, сувязі, аховы здароўя і мед. прам-сці, энергетыкі, паліўнай прам-сці, прыладабудавання, сувязі, буд-ва і транспарту; АНСССР, Дзяржкіно, Дзяржтэлерадыё і інш.; асабістыя фонды вучоных і вынаходнікаў, першых касманаўтаў. Матэрыялы ў Самарскім філіяле (больш за 800 фондаў) па гісторыі электраэнергетыкі, машынабудавання, металаапрацоўкі, паліўнай, металургічнай, хім. і нафтахім., лясной і дрэваапрацоўчай, лёгкай, харч. прам-сці, транспарту. У асобнае архівасховішча вылучаны дакументы прадпрыемстваў Дзяржкамабаронпрама. Захоўваецца дакументацыя пра ўдзел у міжнар. і нац. выстаўках, кірмашах, матэрыялы навук. і тэхн. з’ездаў, кангрэсаў, нарад, канферэнцый, вядучых н.-д. і праектных устаноў. Зберагаецца праектная дакументацыя нар.-гасп. аб’ектаў Беларусі, Бел. тэатра імя Я.Коласа, запаведна-паляўнічай гаспадаркі «Белавежская пушча» і інш. Частка фондаў архіва засакрэчана ў адпаведнасці з Законам Рас. Федэрацыі «Аб дзяржаўнай тайне».
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 180—186.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ГЕНЕРА ГІПО́ТЭЗА,
гіпотэза, паводле якой абгрунтоўваецца рух кантынентаў у гарызантальным напрамку. Выказана А.Вегенерам у 1912. У аснове гіпотэзы — падабенства зах. і ўсх. берагоў Атлантычнага ак., якія дакладна сумяшчаюцца. Паводле Вегенера гіпотэзы, каля 200 млн. гадоў назад пачаўся распад і разыходжанне кавалкаў першапачаткова адзінага звышмацерыка Пангея. На падставе тэорыі ізастазіі і геал. даных Вегенер лічыў, што мацерыковыя гранітныя глыбы перамяшчаліся на тысячы кіламетраў па нерухомым базальтавым слоі. Гэта першая гіпотэза мабілізму, якая атрымала развіццё пасля Міжнар.геафіз. года (1957—58) і адкрыцця сувязі паміж працэсамі ў мантыі і зямной кары (гл. таксама Дрэйф кантынентаў).
Т.В.Якубоўская.
Да арт.Вегенера гіпотэза. Гіпатэтычны мацярык Пангея і яго разыходжанне на сучасныя мацерыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВЫ́Я АДХО́ДЫ,
разнастайныя паводле складу і фіз.-хім. уласцівасцяў рэшткі, якія ўтвараюцца ў працэсе бытавой дзейнасці чалавека. Падлягаюць выдаленню або ліквідацыі для папярэджання забруджвання навакольнага асяроддзя. У сувязі з павелічэннем аб’ёмаў бытавых адходаў з’яўляюцца крыніцай біятычнага, механічнага, хім. і інш. відаў забруджвання навакольнага асяроддзя, пагаршаюць яго сан.-эпідэміялагічныя, аздараўленчыя і эстэт. вартасці. Нейтралізацыя адмоўнага ўплыву бытавых адходаў звязана з распрацоўкай спосабаў іх выкарыстання як сыравіны і крыніцы энергіі для розных галін нар. гаспадаркі (напр., харч. адходы як другасныя кармы для жывёлы, рэшткі металу і паперы — сыравіна для другаснай іх вытворчасці і інш.). Ствараюцца цэнтралізаваныя сістэмы выдалення і апрацоўкі вадкіх і цвёрдых бытавых адходаў (гл.Утылізацыя забруджвальнікаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЫ́НІЧЫ,
вёска ў Полацкім раёне Віцебскай вобл., паміж азёрамі Бабынічы, Бабына і Нясета. Цэнтр сельсавета і калектыўнага с.-г. прадпрыемства. За 45 км на ПдЗ ад Полацка, 150 км ад Віцебска, 17 км ад чыг. ст. Загацце. 271 ж., 98 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз.сувязі.
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. Належалі Корсакам. У 17—18 ст. прыватнаўласніцкае мястэчка. На пач. 20 ст. комплекс паселішчаў у Бабынічах складаўся з мястэчка (70 дамоў, 326 ж.), фальварка Бабынічы-Вовель, маёнткаў Бабынічы-Юраўшчына і Вуглы-Бабынічы. З 1922 у Полацкім пав. У 1924—31, 1935—60 Бабынічы — цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1960 — Полацкага р-наў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІЧЭ́НКА (Уладзімір Васілевіч) (н. 20.7.1924, в. Янаўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1952). У 1955—70 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1970 у Гомельскім ун-це (у 1970—91 заг. кафедры). Даследуе пытанні бел. і слав. мовазнаўства. Аўтар манаграфіі «Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі» (1969), «Гістарычнай лексікалогіі беларускай мовы» (1970; у сааўт.), вучэбных дапаможнікаў для ВНУ па марфалогіі, гіст. лексікалогіі і фанетыцы ўсх.-слав. моў, «Слоўніка мовы Скарыны» (т. 1—3, 1977—94), кніг «Беларускі казачны эпас» (1976) і «Голас з невычэрпнай і жыватворнай крыніцы» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГУМЕ́НТ (лац. argumentum),
1) суджэнне (або іх сукупнасць), што прыводзіцца ў пацвярджэнне праўдзівасці інш. суджэння, канцэпцыі, тэорыі.
2) У логіцы — пасылка доказу (інакш — падстава або довад доказу); часам аргументам называюць увесь доказ цалкам. Лагічныя довады для абгрунтавання якога-н. палажэння называюць аргументацыяй. Азначае таксама працэс лагічнага доказу ісціннасці якога-н. палажэння (суджэння) пры дапамозе аргумента (аксіём, азначэнняў і выказванняў аб фактах). Аргументацыя ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі пабудовы доказаў (правілы катэгарычнага сілагізму, умоўна-раздзяляльнага, умоўнага сілагізму і інш.). У ёй можа быць выкарыстана адвольная, але канечная колькасць аргумента. Спосаб сувязі аргумента паміж сабой ці з тэзісам (палажэннем, якое аргументуецца) наз. дэманстрацыяй, формай доказу або формай аргументацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз.сувязі, касцёл.
У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЦЕ́НАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Капачоўскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Кашанка. Цэнтр калгаса. За 25 км на З ад Мсціслава, 92 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Ходасы. 365 ж., 141 двор (1995). Клуб, б-ка, аддз.сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік драўлянага дойлідства (канец 19 — пач. 20 ст.) — царква.
Вядомы з пач. 18 ст. У 1816 было 166 ж., 33 двары, у 1897 — 408 ж., 57 двароў, у 1909 — 347 ж., 66 двароў, школа, карчма. Уваходзіла ў Доўгавіцкую вол. Чэрыкаўскага пав. У 1926 — 626 ж., 87 двароў. З ліп. 1941 да 29.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі У 1970 — 370 ж., 133 двары.