КЛЯЙСТ, Клейст (Kleist) Генрых фон (18.10.1777, г. Франкфурт-на-Одэры, Германія — 21.11.1811), нямецкі пісьменнік-рамантык, драматург. Фарміраваўся пад уплывам філасофіі І.Канта, Ж.Ж.Русо. Першая трагедыя — «Сям’я Шрофенштайн» (паст. 1804). Трагікамедыя «Амфітрыён» (1807), трагедыя «Пентэсілея» (1808) напісаны на ант. сюжэты, драма «Кетхен з Гайльбрана...» (паст. 1810) — на сярэдневяковы. Патрыят. пафасам вылучаюцца драмы «Бітва Германа» (нап. 1808), «Прынц Фрыдрых Гомбургскі» (нап. 1810; абедзве выд. 1821), публіцыст. артыкулы-маніфесты «Германія — сваім дзецям» (1808), «Катэхізіс немцаў» (1809). Аўтар сатыр. камедыі «Разбіты збан» (паст. 1807), рэаліст. навел «Міхаэль Кольхаас» (1810), «Заручыны ў Сан-Дамінга» (1811) і інш. Яго творы пераважна маральна-філас. праблематыкі, адметныя сюжэтнай напружанасцю, максімалізмам пачуццяў, трагізмам светаўспрымання рэчаіснасці. Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́НІЦА,
вёска ў Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 145 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Зэльва. 121 ж., 54 двары (1999). Сельскі клуб. Помнік архітэктуры — Міхайлаўскі касцёл (1782).
Вядома з 2-й пал. 15 ст. як сяло і прыселак у маёнтку Дзярэчын. Уласнасць Копачаў (Капачэвічаў), у 16 ст. — Нарбутаў (Нарбутовічаў). У 1505 надворны харунжы Войцех Нарбутовіч з жонкай Ганнай заснавалі тут касцёл Міхаіла Архангела (не захаваўся). У крыніцах 17 ст. Л. наз. мястэчкам (1610), потым — сялом (1630, 1663). Належала Гарабурдам, Палубенскім, Пініцкім, Цехановічам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. вёска Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—200 ж., 29 двароў, царква, крама. З 1921 у Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на. У 1962—66 у Слонімскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗІЧЫ,
вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Ляхавічы—Ганцавічы. За 18 км на Пд ад Ляхавіч, 5 км ад чыг. ст. Райтанаў. 254 ж., 131 двор (1999). Б-ка, аптэка, магазін Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўскі касцёл (1908), мемар. капліца (1848).
Упамінаецца ў крыніцах з 15 ст. Да 1483 вядома як сяло Нядзведзічы, што належала віленскаму біскупу. У 1558 мястэчка Нядзведзічы, цэнтр воласці ў Навагрудскім пав., 31 двор. З 1793 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Слуцкім пав. Мінскай губ. У 1886 мястэчка М. — цэнтр воласці: 350 ж., 29 двароў, школа, касцёл, капліца, яўр. малітоўны дом, вадзяны млын, крама. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ляхавіцкага р-на. З 16.7.1954 у Мініцкім с/с (з 4.6.1979 Ганчароўскі с/с). Цяпер у складзе племсаўгаса «Ганчароўскі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЛУКО́МЛЬ,
горад у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе Лукомскага возера. Таварная чыг. станцыя, за 20 км ад пасажырскай чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. За 23 км на Пд ад Чашнікаў, 118 км ад Віцебска. 15,1 тыс.ж. (2000). Працуюць Лукомская ДРЭС, з-ды: малочны, хлебны, аб’ёмнага домабудавання, керамзітавы, «Этон» і «Эласт» па выпуску электратэхн. прадукцыі, доследная азёрна-рыбная гаспадарка, 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, мед. аб’яднанне, Дом быту, 2 б-кі, Палац культуры, кінатэатр. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля Н. (ва ўрочышчы Гарадок на р. Лукомка) стаянка эпохі позняга мезаліту (5—4-е тыс. да н.э.).
Узнік у сувязі з буд-вам Лукомскай ДРЭС (пачалося ў 1964) на месцы р.п. Піянерны Бешанковіцкага р-на. Са студз. 1965 у Чашніцкім р-не. З 31.12.1965 гар. пасёлак, з 31.7.1970 горад. 6,7 тыс.ж. у 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯЖЭ́ (Piaget) Жан (9.8.1896, г. Неўшатэль, Швейцарыя — 16.9.1980),
швейцарскі псіхолаг. Вучыўся ва ун-тах Неўшатэля, Цюрыха, Парыжа. У 1926—54 праф. ун-таў Неўшатэля, Жэневы, Лазаны. З 1929 дырэктар ін-та Ж.Ж.Русо ў Жэневе. Заснавальнік Міжнар. цэнтра генетычнай эпістэмалогіі ў Парыжы (1955). Навук. працы ў галіне агульнай псіхалогіі, псіхалогіі мыслення і дзіцячай псіхалогіі. Стваральнік канцэпцыі інтэлекту і генетычнай эпістэмалогіі. Распрацоўваў праблемы узаемаадносін псіхалогіі і логікі, вывучаў пераўтварэнне ўнутр. структуры разумовай дзейнасці у ходзе антагенезу. Лічыў, што функцыянаванне і развіццё псіхікі адбываецца пры адаптацыі індывіда да асяроддзя (асіміляцыі), а таксама прыстасавання да канкрэтных сітуацый (акамадацыі). Аўтар прац «Псіхалогія інтэлекту» (1946), «Уводзіны ў генетычную эпістэмалогію» (т. 1—3, 1949—50) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Речь и мышление ребенка. М., 1994;
Избр. психологические труды: Психология интеллекта. Генезис числа у ребенка. Логика и психология. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́БАЛАВА,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Дабасна, каля аўтадарогі Бабруйск—Жлобін. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдЗ ад г. Рагачоў, 145 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Чырвоны Бераг. 705 ж., 263 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Пятра і Паўла (1990). Брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў 1918. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Вядома з 16 ст. як вёска Рэчыцкага пав.ВКЛ. З 1595 мястэчка, мела каралеўскі прывілей на гандаль і кірмашы, пацверджаны ў 1788. Належала Зяньковічам, Варанецкім, Жукоўскім, Маліноўскім. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 у Бабруйскім пав. Мінскай губ., з 1865 належала Кутаеву. У 1880-я г. каля 300 ж., 50 двароў, царква, млын, 4 крамы. З 1924 цэнтр сельсавета Рагачоўскага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі, разбурана. Адноўлена пасля вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў 1777—1924 у складзе Полацкай, Беларускай, Віцебскай губ., потым у БССР. Цэнтр — г.Полацк. Утвораны 22.3.1777 у складзе Полацкай губерні. З 12.12.1796 у Беларускай губ., з 27.2.1802 у Віцебскай губ. Пасля 1861 у П.п. 16 валасцей: Аляксандраўская, Андрэеўская, Арцейкаўская, Банонская, Вазнясенская, Гомельская, Ефрасіннеўская, Замшанская, Лаўжанская, Мікалаеўская, Міхайлаўшчынская, Петрапаўлаўская, Струнская, Тураўлянская, Уладзімірская, Юравіцкая. Пл. каля 4,2 тыс.км².
У 1873 у П.п. каля 90 тыс.ж., у т. л. каля 17 тыс. у Полацку, 1,7 тыс. дваран, 53,6 тыс. сялян. Паводле перапісу 1897 каля 142 тыс.ж. У 1923 пасля ўзбуйнення валасцей у П.п. іх стала 13: Бухарынская, Валадарская, Воркавіцкая, Дрысенская, Калінінская, Кастрычніцкая, Ленінская, Першамайская, Пралетарская, Працоўная, Сялянская, Сямёнаўская, Чырвонаармейская. З 3.3.1924 у БССР. 20.6.1924 далучаны Лепельская, Ушацкая, Хоцінская воласці Бачэйкаўскага пав. 17.7.1924 павет скасаваны, большасць яго тэрыторыі ўвайшла ў Полацкую акругу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ЖАНЦАЎ Юрый Парыгоравіч (24.2.1928, г. Табольск, Расія — 10.11.1979),
бел. рэжысёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва імя Луначарскага (1953). З 1955 рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1958 выкладчык Бел. кансерваторыі, з 1965 гал. рэжысёр Бел. філармоніі. Сярод пастановак: оперы «Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ (1956), «Манон» (1958) і «Вертэр» (1959) Ж.Маснэ, «Калючая ружа» Ю.Семянякі (з В.Броўкіным, 1960), «Церам-церамок» І.Польскага (1961), «Кето і Катэ» В.Далідзе (з Дз.Смолічам, 1962), «Рафаэль» А.Арэнскага (1963), «Трубадур» (1964) і «Рыгалета» (1968) Дж.Вердзі, «Любоўны напітак» Г.Даніцэці (1965), «Андрэй Касценя» М.Аладава (з А.Маралёвым, 1970); аперэты «Карневільскія званы» Р.Планкета (1.959) і «Цыганскі барон» І.Штрауса (1960); у опернай студыі Бел. кансерваторыі — «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага, «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта, «Травіята» Вердзі, «Павел Карчагін» П.Падкавырава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРДЭ́Н (Chardin) Жан Батыст Сімеон (2.11.1699, Парыж — 6.12.1779),
французскі жывапісец. Вучыўся ў П.Ж.Каза, Н.Н.Куапеля і Ж.Б.Ванлао, у Парыжы. Раннім творам уласцівы дэкар. эфектнасць і сюжэтная займальнасць. Да 1730-х г. выпрацаваў уласную манеру, якая вылучаецца высакароднай стрыманасцю, яснасцю і прастатой. Яго жанравыя палотны прасякнуты тонкім лірызмам, сцвярджэннем годнасці людзей «трэцяга саслоўя»: «Разносчыца» (1739), «Ранішні туалет» (1741), «Малітва перад абедам» (1744). Партрэтам уласцівы жыццёвая непасрэднасць і задушэўнасць: «Хлопчык з ваўчком» (1738), «Партрэт жонкі» (1775). Як майстар нацюрморта, ствараў кампазіцыі са сціплым наборам прадметаў, якія вылучаюцца прадуманасцю пабудовы, матэрыяльнасцю і мяккасцю жывапіснай фактуры: «Люлькі і збан» (каля 1760—63), «Нацюрморт з атрыбутамі мастацтваў» (1766). Жывапісу Ш. ўласцівы адзінства серабрыста-шэрага і карычняватага тонаў, багацце рэфлексаў і ледзь улоўных адценняў, якія гарманізуюць пераходы ад святла да ценю.
Літ.:
Якимович А.К. Шарден и французское Просвещение. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РГАМА (Bergamo),
горад на Пн Італіі, каля падножжа Бергамскіх Альпаў. Адм. ц. правінцыі Бергама. 118 тыс.ж. (1990). Эл.-металургія; эл.-тэхн., хім., цэм., паліграф., тэкст., швейная, мэблевая прам-сць. Турызм. Ун-т. Арх. помнікі 12—18 ст. Акадэмія Карара з карціннай галерэяй. Музей кампазітара Г.Даніцэці.