АГРЭГА́ТНЫ СТАНО́К,

металарэзны станок, які складаецца ў асн. з уніфікаваных (нармалізаваных), кінематычна не звязаных паміж сабой вузлоў (агрэгатаў). Узаемазалежнасць і паслядоўнасць руху агрэгатаў надаецца звычайна адзінай сістэмай кіравання. Адрозніваюць агрэгатныя станкі адна- і многапазіцыйныя (па колькасці дэталяў, што адначасова апрацоўваюцца); свідравальныя, расточныя, фрэзерныя, такарныя і камбінаваныя; паўаўтаматы і аўтаматы.

Асн. рабочыя органы агрэгатных станкоў: сілавыя галоўкі з індывід. прыводамі перамяшчэння і вярчэння інструментаў; сілавыя і паваротныя сталы, якія перамяшчаюць адпаведна сілавыя галоўкі або загатоўкі паміж пазіцыямі апрацоўкі. Агрэгатныя станкі забяспечваюць многаінструмент. апрацоўку загатовак адначасова з некалькіх бакоў, іх можна хутка перакампаноўваць для апрацоўкі інш. дэталяў; дазваляюць шматразова выкарыстоўваць часткі агрэгатаў пры замене аб’екта апрацоўкі. У серыйнай і буйнасерыйнай вытв-сці з іх ствараюцца паточныя і аўтаматычныя лініі.

Прыклады кампановак агрэгатных станкоў: 1 — вертыкальны аднабаковы аднапазіцыйны; 2 — нахілены аднабаковы аднапазіцыйны; 3 — шматбаковы аднапазіцыйны змешанай кампаноўкі; 4 — вертыкальны аднабаковы шматпазіцыйны.
Уніфікаваныя агрэгаты вертыкальнага агрэгатнага станка: 1 — станіна; 2 — цэнтральны і наладачны пульты; 3 — паваротны дзялільны стол; 4 — гідрабак; 5 — помпавая ўстаноўка; 6 — гідрапанэль; 7 — электрашафа станка; 8 — сілавы стол (у станках іншых тыпаў — сілавыя галоўкі); 9 — стойка; 10 — свідравальная бабка; 11 — упорны вугольнік; 12 — расточная панэль; 13 — разьбовы капір; 14 — шпіндэльная каробка; 15 — падаўжальнік; 16 — электрашафа сілавых механізмаў; 17 — каробка скарасцей; 18 — двухпазіцыйны дзялільны стол; 19 — расточная бабка; 20 — бакавая станіна. У станку уніфікаваны базавыя дэталі (1, 9, 11, 20), шпіндэльныя механізмы (10, 14, 19) і інш.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНО́ІДЫ, актыніды,

сям’я з 14 хімічных радыеактыўных элементаў VII перыяду сістэмы элементаў з ат. н. 90—103: торый, пратактыній, уран, нептуній, плутоній, амерыцый, кюрый, берклій, каліфорній, эйнштэйній, фермій, мендзялевій, нобелій і лаўрэнсій. Уран, торый, менш пратактыній ёсць у прыродзе, астатнія актыноіды (наз. трансуранавыя элементы) атрыманы штучна ў выніку ядз. пераўтварэнняў. Вядучая роля ў сінтэзе і вывучэнні актыноідаў належыць Г.Сібаргу. Актыноіды — серабрыста-белыя металы высокай шчыльнасці (да 2∙10​4 кг/м³). Найб. легкаплаўкія нептуній і плутоній, tпл — 640 °C, астатнія плавяцца пры т-ры больш за 1000 °C. Актыноіды рэакцыйна-здольныя, у здробненым стане пірафорныя, лёгка рэагуюць з вадародам, кіслародам, азотам, серай, галагенамі, утвараюць комплексныя злучэнні. Блізкасць хім. уласцівасцяў актыноідаў паміж сабой і з лантаноідамі звязана з падабенствам канфігурацый вонкавых электронных абалонак іх атамаў. Практычна выкарыстоўваюцца торый, уран, плутоній; плутоній-238, кюрый-244 — у вытв-сці ядз. крыніц эл. току бартавых касм. сістэм. Некаторыя нукліды актыноідаў — у медыцыне, дэфектаскапіі, актывацыйным аналізе, нукліды урану-235, плутонію-239 — паліва ў ядз. энергетыцы, крыніца энергіі ў ядз. зброі. Актыноіды і іх злучэнні надзвычай таксічныя, што абумоўлена іх радыеактыўнасцю.

Літ.:

Сиборг Г.Т., Кац Дж.Д. Химия актинидных элементов: Пер. с англ. М., 1960;

Келлер К. Химия трансурановых элементов: Пер. с англ. М., 1976;

Лебедев Н.А., Мясоедов Б.Ф. Последние достижения в аналитической химии трансурановых элементов // Радиохимия. 1982. Т. 24, вып. 6.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні з зараджаным атамам азоту (амонію катыёнам), які кавалентна звязаны з вадародам ці арган. радыкаламі і іоннай сувяззю з аніёнам. Найпрасцейшыя неарганічныя амонію злучэнні — гідраксід амонію (NH4OH) і солі амонію: хлорысты амоній (NH4Cl), нітрат амонію (NH4NO3) і інш. Гідраксід амонію атрымліваюць растварэннем аміяку ў вадзе; пры дысацыяцыі праяўляе ўласцівасці слабай асновы. Большасць соляў амонію раствараюцца ў вадзе, дысацыіруюць, гідралізуюцца, пры награванні раскладаюцца. Гідроліз і тэрмічнае раскладанне іх залежыць ад прыроды аніёна, напр. NH4Cl раскладаецца па схеме: NH4Cl=NH3+HCl; у солях з аніёнам-акісляльнікам адбываецца акісляльна-аднаўляльны працэс, напр. NH4NO3=N2O+2H2O. Солі амонію маюць шырокае выкарыстанне: хлорысты амоній — у сухіх батарэях, як флюс для пайкі і зварвання металаў, дымаўтваральнік; сульфат і нітрат — азотныя ўгнаенні, нітрат — кампанент выбуховых рэчываў; гідракарбанат амонію выкарыстоўваецца ў кандытарскай вытв-сці. Да арганічных амонію злучэнняў належаць першасныя [RNH3]​+X​, другасныя [R2NH2]​+X​, трацічныя [R3NH]​+X​ і чацвярцічныя амоніевыя солі [R4N]​+X​, унутраныя чацвярцічныя амоніевыя солі, напр. бетанін (CH3)3N​+CH2COO​, оніевыя злучэнні з атамам азоту. Найб. распаўсюджаныя чацвярцічныя амоніевыя солі, якія атрымліваюць алкіліраваннем (кватэрнізацыяй) трацічных амінаў. Злучэнні хоць з адным доўгім алкільным радыкалам валодаюць паверхневаактыўнымі і антысептычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца як эмульгатары, стабілізатары, змочвальнікі, дэзінфекцыйныя сродкі, лек. прэпараты (метацын, кватэрон), пры амыленні тлушчаў. Сустракаюцца ў прыродзе ў раслінах (алкалоіды); халін, ацэтылхалін — фізіялагічна актыўныя рэчывы.

Літ.:

Общая органическая химия. Т. 3. М., 1982.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БСДП),

эсдэкі, палітычная партыя на Беларусі ў 1918—24. Яе папярэдніцай была Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ), якая ўяўляла сабой блок народнікаў і марксістаў. У 1915 на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі, марксісты (І. і А.Луцкевічы, Цётка і інш.) выйшлі з БСГ і ўтварылі Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ). Пасля расколу БСГ (крас. 1918) бел. марксісты, якія дзейнічалі ва ўсх. Беларусі, аб’ядналіся з БСДРГ і ўтварылі з ёю БСДП. Актыўнымі дзеячамі партыі былі В.Л.Іваноўскі, І.І.Краскоўскі, Луцкевічы, Я.Ю.Лёсік, С.А.Рак-Міхайлоўскі, А.А.Смоліч, Б.А.Тарашкевіч, Асн. прынцыпы БСДП: свабода, роўнасць, братэрства, дэмакратыя, прававая дзяржава. Сац. база: кваліфікаваныя рабочыя, адукаваныя сяляне, рамеснікі, інтэлігенцыя. Праект праграмы БСДП складзены ў 1919 Смолічам. Партыя стаяла за нацыяналізацыю зямлі і перадачу яе сялянам, за развіццё кааперацыі ў вёсцы. Лічыла, што для сацыялізацыі прам-сці на Беларусі яшчэ не наспелі ўмовы, што неадкладная сацыялізацыя прывядзе да «бюракратычнага сацыялізму» і эканам. катастрофы. Прапаноўвала ўвесці ўсеаг., роўнае і прамое выбарчае права з тайным галасаваннем, забяспечыць свабоду слова, друку, партый, арг-цый, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, аддзяленне царквы ад дзяржавы. Выступала за незалежнасць Беларусі як дэмакр. рэспублікі. У БССР дзейнасць партыі спынена арыштам яе актывістаў у сак. 1921. У Зах. Беларусі БСДП была ў апазіцыі да польск. ўрада. Прытрымлівалася легальных, парламенцкіх формаў барацьбы. У 1922 з БСДП вылучылася левае крыло — Беларуская партыя незалежных сацыялістаў на чале з Рак-Міхайлоўскім.

А.М.Сідарэвіч.

т. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Утворана 6.1.1954. Пл. 27,1 тыс. км². Нас. 1435,1 тыс. чал. (1994), гарадскога 64%. Цэнтр — г. Белгарад. Найб. гарады: Стары Аскол, Губкін, Шабекіна, Аляксееўка, Валуйкі.

Прырода. Белгародская вобласць размешчана на ПдЗ Сярэднярускага ўзвышша. Паверхня — узгоркавая раўніна (выш. да 276 м), моцна парэзаная ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда (радовішчы Курскай магнітнай анамаліі), буд. матэрыялы, фасфарыты, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -8 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў да 500 мм за год. Асн. рэкі: Северскі Данец і Аскол (бас. Дона), Ворскла (бас. Дняпра). Глебы пераважна чарназёмныя, месцамі шэрыя лясныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Белгародская вобласць ляжыць у лесастэпавай і стэпавай зонах, б.ч. разнатраўна-лугавога стэпу ўзарана. Пад лясамі 9% тэрыторыі (дуб, клён, ясень, бяроза і інш.). Запаведнікі «Лес на Ворскле» і частка Цэнтральначарназёмнага запаведніка («Ямскі стэп»).

Гаспадарка. Развіты горназдабыўная прам-сць (жал. руда), машынабудаванне і металаапрацоўка (паравыя катлы, абсталяванне для харч. і хім.-фармацэўтычнай прам-сці, вытв-сць металаканструкцый, электраабсталявання і інш.), металургічная, хім. (вітаміны, мыйныя сродкі і інш.), харч. (цукр. і мяса-малочная) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пасевы збожжавых (ячмень, пшаніца) і тэхнічных (цукр. буракі, сланечнік, эфіраалейныя) культур. Пладаводства. Малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, пчалярства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Харкаў, Масква—Растоў-на-Доне, Харкаў—Бранск, аўтамагістраль Масква—Сімферопаль і ўчасткі магістральных газаправодаў Шабялінка—Масква, Стаўрапаль—Масква.

П.І.Рогач.

т. 3, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗІНО́,

горад у Беларусі, цэнтр Бярэзінскага р-на Мінскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна. За 101 км ад Мінска, 50 км ад чыг. ст. Градзянка, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 13,3 тыс. ж. (1995). У Беразіно прадпрыемствы паліўнай, харч., лясной, лёгкай прам-сці. Помнік архітэктуры 19 ст. — сядзібны дом.

Упершыню ўпамінаецца ў 1501 як мястэчка ў Любашанскім старостве ВКЛ. З 1560-х г. у Мінскім пав., наз. Ніжняе Беразіно, належала Сапегам, з 1671 — Тышкевічам. У 1641 пабудаваны драўляны касцёл (у 1914 згарэў). З 1668 Беразіно мела прывілей на гандаль і штогадовы кірмаш. У час антыфеад. вайны 1648—51 тут адбыліся вял. баі. З 1793 у Пагосцкай вол. Ігуменскага пав. Рас. імперыі, належала Патоцкім. У 1-й пал. 19 ст. дзейнічала суконная мануфактура. У 1880 у Беразіно 3181 ж. Купцы з Беразіно гандлявалі дрэвам, пянькой, прадуктамі са смалы. З 1892 працавалі бровар, канатная ф-ка, млын. У 1897 — 4987 ж., нар. вучылішча, школа. У 1905 адбыліся забастоўкі рабочых і рамеснікаў. У лютым—снеж. 1918 акупіравана герм., са жн. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. У 1924—62 і з 1965 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 3.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі тут 1,2 тыс. чал.; дзейнічала падп. група. У 1962—65 у Чэрвеньскім р-не. З 7.3.1968 горад. У 1989 — 12,7 тыс. ж.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІШКЕ́К,

горад, сталіца Кыргызстана. Размешчаны ў Чуйскай даліне каля падножжа Кіргізскага хр. 616 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне (с.-г. машыны, электрарухавікі, кантрольна-вымяральныя прылады, ЭВМ і інш.). Развіта лёгкая (абутковая, камвольна-суконная, трыкат., швейная), хім., хіміка-фармацэўтычная, дрэваапр., харчасмакавая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. АН Кыргызстана. 8 ВНУ, у т. л. ун-т. 4 т-ры. 4 музеі.

Засн. ў 1825 ханамі Какандскага ханства, пабудавана крэпасць Пішпек. У 1860 і 1862 крэпасць занята рас. войскамі і разбурана, у 1864 на яе месцы заснавана рас. ваен. паселішча. З 1878 Пішпек — павятовы горад. З 1918 ён у складзе Туркестанскай АССР, з 1924 цэнтр Кара-Кіргізскай (з 1925 Кірг.) аўт. вобласці РСФСР. У 1926 перайменаваны ў г. Фрунзе, стаў сталіцай Кіргізскай АССР, у 1936 — Кірг. ССР. З 1991 сталіца Кыргызстана пад назвай Бішкек.

Паводле плана 1872 Бішкек забудаваны прамавугольнай сеткай вуліц з невял. кварталамі пераважна глінабітных і сырцова-саманных дамоў. Планы рэканструкцыі (1939, 1948—58, 1971) развіваюць гіст. планіроўку, ствараюцца новыя раёны, паркавыя зоны. Сярод значных арх. збудаванняў: т-р оперы і балета (1955, арх. А.Лабурэнка), б-ка імя М.Г.Чарнышэўскага (1962, арх. В.Нусаў), музей выяўл. мастацтва (1974, арх. Ш.Джэкшанбаеў і інш.), цырк (1976, арх. Л.Сегал і інш.). Манумент Дружбы (1974, скульпт. Т.Садыкаў, З.Хабібулін, С.Бакшэеў, арх. А.Няжурын), манумент герою эпасу «Манас» (1981, скульпт. Садыкаў, арх. А.Пячонкін).

т. 3, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́ГЕ (флам. Brugge, франц. Bruges),

горад на ПнЗ Бельгіі. Адм. ц. правінцыі Зах. Фландрыя. 116,7 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел; марскі (суднаходнымі каналамі звязаны з аванпортам на Паўн. моры г. Зебруге) і рачны порт. Гандаль нафтай, вугалем, жал. рудой, рыбай і інш. Металаапрацоўка, машынабудаванне (суднабудаванне і рамонт, аўтазборка, выраб тэлевізараў), хім., тэкст., мэблевая, харчасмакавая прам-сць; традыцыйная вытв-сць карункаў. Цэнтр турызму. Музей нідэрл. мастацтва. Муніцыпальная маст. галерэя.

Упершыню ўпамінаецца ў 7 ст. У 9 ст. тут пабудаваны замак графаў Фландрскіх, з канца 11 ст. — іх рэзідэнцыя. Цэнтр антыфранц. паўстання 1302 (гл. «Бругская ютрань»). У 13—15 ст. адзін з цэнтраў міжнар. крэдытных аперацый, узначальваў т.зв. Лонданскую ганзу фландрскіх купцоў, тут знаходзілася іх самая буйная факторыя, цэнтр вытв-сці сукна з англ. воўны.

Арх. своеасаблівасць гораду, які называюць Паўночнай Венецыяй, надаюць старадаўнія вузкія дамы, цэрквы і вежы, шматлікія каналы з выгнутымі мастамі. На пл. Гротэ-маркт размешчаны Суконныя рады (1248—1364) з гар. вежай (1283—1482), на пл. Бург — ратуша (1376—1421) і капэла Святой крыві (каля 1480). Сярод цэркваў — сабор Сінт-Салватор (12—18 ст.), Онзе-ліве-Враўэкерк (1210—1549; з «Мадоннай» Мікеланджэла, бронзавымі грабніцамі Марыі Бургундскай і Карла Смелага, 16 ст.). У Суконных радах, доме Грутхусе (1420—70), прытулку Потэры (1276) — музеі нідэрл. мастацтва, у зале капітула (1685) шпіталя Сінт-Янс — музей Г.Мемлінга.

т. 3, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛГА́КАЎ (Сяргей Мікалаевіч) (16.7.1871, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 13.7.1944),

рускі эканаміст, філосаф, багаслоў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1896). Праф. палітэканоміі Кіеўскага політэхн. ін-та (1901—06) і Маскоўскага ун-та (1906—18). Дэпутат 2-й Дзярж. думы. У 1918 прыняў сан свяшчэнніка. З 1923 за мяжой. З 1925 праф. Багаслоўскага ін-та ў Парыжы. Напачатку далучыўся да марксізму, але хутка адышоў ад яго. Пра яго паварот ад марксізму да правасл. царквы сведчыла кніга «Ад марксізму да ідэалізму» (1903). Марксавай тэорыі рэалізацыі проціпастаўляў тэорыю прапарцыянальнага размеркавання прадукту, адмаўляў марксісцкую тэорыю рэнты, сцвярджаў непрыдатнасць тэорыі капіталізацыі ў адносінах да с.-г. вытв-сці Расіі. Разам з М.А.Бярдзяевым выдаваў (1905) часопіс рэліг.-філас. кірунку «Вопросы жизни», друкаваўся ў час. «Вехи» і «Путь». Быў адным з ідэйных кіраўнікоў рус. студэнцкага хрысц. руху. Успрыняўшы ад У.С.Салаўёва ідэю філасофіі ўсёадзінства, развіваў вучэнне пра Сафію Прамудрасці Божай як спрадвечна існай у Божай задуме сусв. душы. На яго думку, Сафія мае дваісты характар — нябесны, Божы, і чалавечы, таму чалавек, створаны па вобразе і падабенстве Божым, узнаўляе адзінства свету і паўнату вобраза Божага. Аўтар 2 трылогій: «Купіна Неапалімая», «Сябра Жаніха» (1927), «Лесвіца Іакава» (1929); «Ягня Божае» (1933), «Суцяшальнік» (1936), «Нявеста Ягняці» (1945).

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1993;

Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991;

Свет невечерний. М., 1994;

Тихие думы. М., 1996.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ЖЫН,

горад у Беларусі, цэнтр Валожынскага р-на Мінскай вобл., на р. Валожынка. За 75 км ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Валожын на лініі Маладзечна—Ліда, на аўтастрадзе Мінск—Гродна. 11,5 тыс. ж. (1995).

Вядомы з 14 ст. Каля 1475 тут засн. касцёл. У розныя часы належаў Манівідам, Вярэйскім, Гаштольдам, Радзівілам. Служкам, Чартарыйскім, Тышкевічам. З 1551 мястэчка ў Ашмянскім пав Віленскага ваяв. У 1681 тут заснаваны касцёл і кляштар бернардзінцаў (ліквідаваны ў 1864), каля 1683 — правасл. брацтва, у 1710 пабудавана уніяцкая царква. У пач. 18 ст. ў Валожыне 107 двароў, 2 касцёлы, 2 царквы. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1806—92 дзейнічала яўр. духоўная акадэмія (ешыбот), 2 школы, З царквы, сінагога, аптэка, шпіталь, суконная ф-ка, праводзіліся 4 кірмашы на год. У 1897 — 4533 ж. У 1918 горад акупіраваны герм., вясной 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Валожынскага павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Валожынскага раёна. З 25.6.1941 да 5.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 2 тыс. чал. У 1969 — 5,8 тыс. жыхароў.

У Валожыне прадпрыемствы харч., лёгкай, дрэваапр. прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Валожынскі палац, касцёл св. Юзафа (1816), царква Канстанціна і Алены (1866). Помнік Вызвалення.

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)