клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. 2 падкл., 3 атр., 5 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у прэсных водах, некат. — у морах, на сушы (у вільготнай глебе). П. медыцынская (Hirudo medicinalis) выкарыстоўваецца пры гірудатэрапіі. П. могуць быць прамежкавымі, рэзервуарнымі і канчатковымі гаспадарамі розных паразітаў. На Беларусі больш за 10 відаў.
Даўж. ад 0,2 да 30 см. Цела плоскае, радзей цыліндрычнае, з 33 сегментаў. Афарбоўка чорная, карычневая, зеленаватая і інш. Вачэй 1—5 пар. 2 прысоскі. На пярэднім аддзеле кішэчніка сківіцы або хабаток. Драпежнікі (кормяцца дробнымі беспазваночнымі) і паразіты (кормяцца крывёю рыб, вадаплаўных птушак, млекакормячых). Слінныя залозы паразітычных П. выдзяляюць гірудзін, які перашкаджае згусанню крыві. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты, развіццё без ператварэння. Корм для некат. рыб, хахулі.
Літ.:
Фауна СССР. Пиявки. Т. 1. Л., 1976;
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987.
Ю.Р.Гігіняк.
П’яўкі: 1 — рыбіна; 2 — двухвокая; 3 — смаўжовая; 4 — ілжэконская (а — від знізу; б — від зверху); 5 — медыцынская (а — від зверху, б — від знізу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЎЦО́Ў (Іларыён Мікалаевіч) (7.12.1879, б.мяст. Анатоль, Брэсцкая вобл. — 25.10.1934),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1932). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1902). З 1902 акцёр у розных трупах і т-рах Масквы і інш. гарадоў, у т. л. «Т-ва новай драмы» пад кіраўніцтвам У.Меерхольда (1902—05), Маскоўскага драм.т-ра (1915—20). З 1922 у Маскоўскім маст.акад. т-ры, 1-й Студыі Маскоўскага маст.акад.т-ра, Маскоўскім маст.акад. т-ры 2-м. З 1925 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.Пушкіна. Яго выкананне вызначалася псіхалагічна тонкай перадачай характараў герояў, іх унутр. стану, выразнай пластыкай і майстэрствам пераўвасаблення. Сярод роляў: Цар Фёдар Іаанавіч («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Іван Карамазаў, князь Мышкін («Браты Карамазавы», «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Той («Той, хто атрымлівае аплявухі» Л.Андрэева), Павел I («Павел I» Дз.Меражкоўскага), Генадзь Дубровін («Вогненны мост» Б.Рамашова), Красільшчыкаў («Штыль» У.Біль-Белацаркоўскага), прафесар Барадзін («Страх» А.Афінагенава), Тарцюф («Тарцюф» Мальера) і інш. Здымаўся ў кіно («Чапаеў» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫКАЛІ́ЗМ (ад сярэднелац. radicalis карэнны),
імкненне, схільнасць да карэнных рашучых мер і дзеянняў; адметная рыса пэўных грамадскіх рухаў, паліт. партый або іх асобных фракцый, парламенцкіх груповак, паліт. лідэраў. Існуе паняцце радыкальнай апазіцыі, як процілеглае памяркоўнай. Р. выступае ў розных формах: як правы і левы, рэфарматарскі і рэвалюцыйны. Ён не атаясамліваецца з нігілізмам, які адмаўляе канструктыўны падыход да грамадска-паліт. пераўтварэнняў і вырашэння існуючых задач і пытанняў. Важная рыса Р. — імкненне да паслядоўнага правядзення палітыкі глыбокіх станоўчых змен у грамадскім жыцці ці ў яго асобных сферах.
Тэрмін «Р.» узнік у Англіі ў канцы 18 ст., у эпоху прамысл. рэвалюцыі і хутка распаўсюдзіўся ў Зах. Еўропе, дзе ім называлі разнастайныя паліт., філас., рэліг., культ., асветніцкія плыні, прадстаўнікі якіх выступалі за мадэрнізацыю грамадства на аснове капіталіст. адносін і за пераадольванне перажыткаў феадалізму ў эканам., паліт., духоўным жыцці грамадства. У 19 і 20 ст. Р. канцэнтруецца ў ідэалогіі і паліт. праграмах левых партый сацыяліст., с.-д., камуніст. арыентацыі, у праграмах нац.-вызв. рухаў у краінах Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЙ БЯСПЕ́КІ ІНСТЫТУТ «БЕЛРАД».
Засн. ў 1991 у Мінску на базе Бел. навукова-тэхн. цэнтра «Радыяметр» (утвораны ў 1990 на базе Ін-та ядз. энергетыкі АН Беларусі). У ін-це (2000): аддзел радыяцыйнага маніторынгу прадуктаў харчавання, лабараторыя спектраметрыі чалавека і радыяцыйнай аховы насельніцтва, доследная вытв-сць са спецыялізаванымі лабараторыямі радыяцыйных вымярэнняў і распрацоўкі радыеметрычных прылад.
Асн. кірункі навук. дзейнасці: стварэнне і рэалізацыя сістэмы радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу харч. прадуктаў на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі; распрацоўка новых методык кантролю забруджанасці радыенуклідамі прадуктаў харчавання і с.-г. прадукцыі; распрацоўка, выраб і ўкараненне радыеметрычных прылад; абследаванне жыхароў Чарнобыльскай зоны па вызначэнні ўзроўню назапашвання радыенуклідаў у арганізме і распрацоўка рэкамендацый па радыяцыйнай ахове насельніцтва; даследаванне эфектыўнасці энтэрасарбентаў розных тыпаў, у т. л. пекцінзмяшчальных прэпаратаў, для выдалення радыенуклідаў з арганізма. Ін-т мае спектрометры выпрамянення чалавека, якія выкарыстоўваюцца ў перасоўных радыелагічных лабараторыях для вызначэння колькасці цэзію-137 у арганізме людзей; у 1996—2000 абследавана больш за 95 тыс.бел. дзяцей. З 2000 выпускаецца пекцінавая харч. дабаўка «Вітапект». У Ін-це працуе чл.-кар.Нац.АН Беларусі В.Б.Несцярэнка (дырэктар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗАНА́НС (франц. resonance ад лац. resono адгукаюся),
рэзкае павелічэнне амплітуды ўсталяваных вымушаных ваганняў пры набліжэнні частаты знешняга гарманічнага ўздзеяння да частаты аднаго з уласных ваганняў сістэмы. Праяўляецца ў розных вагальных сістэмах: механічных (маятнік), электрычных (вагальны контур), акустычных (мембрана, струна) і інш.
Пры Р. магутнасць, якая перадаецца вагальнай сістэме знешняй гарманічнай сілай, дасягае максімуму, што вядзе да павелічэння амплітуды ваганняў у залежнасці ад уласцівасцей самой сістэмы (значэнне каэфіцыента затухання і інш.). З тэорыі гарманічных ваганняў вынікае, што пры імкненні каэфіцыента затухання да нуля амплітуда вымушаных ваганняў павінна імкнуцца да бясконцасці, аднак такая экстрапаляцыя няправільная, таму што з павелічэннем амплітуды ваганні перастаюць быць гарманічнымі (малымі). Вывучэнне заканамернасцей Р. неабходнае і для таго, каб пазбегнуць непажаданых вынікаў рэзкага павелічэння амплітуды ваганняў (напр., разбурэнне тэхн. канструкцый, узнікненне звыштокаў у радыё- і эл.-тэхн. прыладах, зніжэнне якасці апрацоўкі дэталей ад вібрацыі станкоў і інш.). З’ява Р. ўлічваецца ў буд-ве, электра- і радыётэхніцы, электроніцы і інш.Гл. таксама Мёсбаўэра эфект, Электронны парамагнітны, рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САМАПО́МАЧ»,
кааператыўна-гаспадарчы часопіс. Выдаваўся ў кастр. 1932 — чэрв. 1939 у Вільні на бел. мове. Рэдактар А.Клімовіч. Рэдакцыя прапагандавала ідэі вытв. і спажывецкай кааперацыі, аказвала арганізац.-практычную дапамогу сялянам у сац. абароне, павышэнні культуры земляробства, гаспадарання ў цэлым. У перадавіцах «У чым сіла кааперацыі?», «Нам патрэбна школа працы», «Жыць хочам і будзем жыць», у публікацыях «Як залажыць кааператыў», «Методыка кааперацыі» і інш. матэрыялах аб каап. руху ў Балгарыі, Чэхаславакіі, Літве засяроджвалася ўвага на вопыце і ўзорах каап. працы, даваліся практычныя парады па арганізацыі каап. дзейнасці, гучаў заклік да грамадскай салідарнасці. Часопіс друкаваў матэрыялы з розных рэгіёнаў Зах. Беларусі, у якіх удзельнікі каап. руху дзяліліся здабыткамі сваіх арганізацый, інфармавалі пра перашкоды і недахопы ў іх працы. Вял. ўвагу аддаваў задачам аб’яднання бел. кааператываў пад кіраўніцтвам аднаго бел. цэнтра. У раздзеле «Сельская гаспадарка» з агранамічнымі парадамі па культуры земляробства, садоўніцтва, пчалярства выступалі Клімовіч, Л.Войцік (З.Верас), М.Караленка, С.Яновіч. На старонках часопіса ўзнімаліся пытанні стану бел. асветы і адукацыі. Выйшлі 92 нумары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́РЫЯ (стараж.-яўр.Шамрон; цяпер паселішча Себастыя каля г. Наблус, Іарданія),
старажытны горад у Палесціне. Засн. каля 880 да н.э. царом Ізраільскага царства Омры, пасля 876 да н.э. сталіца гэтага царства. З 729 да н.э. плаціла даніну Асірыі; у 722—721 да н.э. зруйнавана асірыйцамі, якія выселілі б.ч. насельніцтва і пазней засялілі С. перасяленцамі з розных абласцей асірыйскай дзяржавы. Змяшаўшыся з рэшткамі мясц. насельніцтва, перасяленцы стварылі пазней ядро самарыцян. У 6—4 ст. да н.э. С. — адм. цэнтр перс. правінцыі ў Палесціне. У 332 да н.э. заваявана Аляксандрам Македонскім, заселена македанянамі і сірыйцамі і развівалася як эліністычны горад. Каля 107 да н.э. зруйнавана хасманейскім правіцелем Гірканам I (гл.Макавеі). У 63 да н.э. ўключана ў рым. правінцыю Сірыя. У 30—20-я г. да н.э. цар Іудзеі Ірад I, атрымаўшы С. ад Аўгуста, адбудаваў яе і назваў Себастай. У 1 ст.н.э. С. — адзін з асяродкаў ранняга хрысціянства. Пасля Іудзейскай вайны 66—73 заселена рым. ветэранамі. У 2—3 ст. перажывала найб. росквіт. У час візант. ўладарання страціла б. значэнне, з 7 ст. звычайнае паселішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІНГВІ́СТЫКА, сацыяльная лінгвістыка,
навуковая дысцыпліна, у якой мова разглядаецца найперш як грамадская з’ява (у процілегласць падыходам прыродазнаўчым, гіст., псіхал.), як сацыяльна разгалінаваны сродак зносін людзей, што ў вял. ступені залежыць ад сац. стратыфікацыі саміх носьбітаў мовы (палажэнне ў грамадстве, характар заняткаў, адукаванасць, узрост, пол і інш.). Развіваецца на сумежжы мовазнаўства, сацыялогіі, псіхалогіі сацыяльнай і этнаграфіі. Распрацоўвае шырокі комплекс праблем сац. прыроды мовы, што раскрываецца ў грамадскіх функцыях розных моўных утварэнняў (этнамоў, кайнэ, літаратурных моў, сацыяльных дыялектаў і інш.), механізму ўздзеяння сац. фактараў на мову, дынамікі двухмоўя і шматмоўя, тыпалогіі моўных сітуацый, моўнай палітыкі дзяржавы, сувязей мовы і культуры і інш. На Беларусі вытокі сацыялінгвістычных даследаванняў у працах Я.Ф.Карскага і П.А.Бузука. Пытанні С. распрацоўвалі і распрацоўваюць А.І.Жураўскі, А.А.Лукашанец, В.У.Мартынаў, А.Я.Міхневіч, Н.Б.Мячкоўская, Б.Ю.Норман, А.Я.Супрун, П.П.Шуба, В.К.Шчэрбін і інш.
Літ.:
Новое в лингвистике. Вып. 7. Социолингвистика. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА ТВО́РЧАСЦІ,
неад’емнае права чалавека і грамадзяніна на навуковую, тэхнічную, літаратурна-мастацкую і інш. віды творчасці, а таксама свабоду выкладання. Пачала замацоўвацца ў канстытуцыях розных краін адносна нядаўна. У Рэспубліцы Беларусь гарантуецца п. 2 арт. 51 Канстытуцыі. С.т. азначае магчымасць свабодна займацца рознымі відамі творчасці, выяўляць і рэалізоўваць свае здольнасці і веды, а таксама вольна прымаць рашэнні пра абнародаванне, укараненне і выкарыстанне вынікаў творчай дзейнасці. Канстытуцыйныя гарантыі рэалізацыі С.т. прадугледжваюць не толькі прадастаўленне свабоды займацца пэўным відам творчасці (магчымасць праводзіць навук. даследаванні, рабіць адкрыцці і вынаходствы, ствараць духоўныя каштоўнасці), але і абавязваюць дзяржаву забяспечваць яе рэалізацыю: устанаўленне прававых асноў ажыццяўлення творчай дзейнасці, стварэнне ўмоў для назапашвання ведаў і іх пашырэння, ахова інтэлектуальнай і маст. уласнасці, матэрыяльная падтрымка творчых грамадскіх аб’яднанняў, суд. абарона права на С.т. С.т. мае ўсеагульны характар: яна належыць не толькі асобам творчых прафесій, але і ўсім грамадзянам. Паводле гэтага права грамадзяне могуць патрабаваць ад дзяржавы і грамадскіх арг-цый устаранення любых перашкод, якія замінаюць іх творчай працы. Важнай гарантыяй С.т. з’яўляецца абарона дзяржавай правоў аўтараў, вынаходнікаў і рацыяналізатараў (гл.Аўтарскае права, Вынаходніцкае права).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛАГО́РСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́» Буд-ва пачата ў 1960 у пас. Шацілкі Гомельскай вобл. як Шацілкаўскага з-да штучнага валакна. У 1961 са зменай назвы пасёлка на г. Светлагорск адпаведна змянілася назва з-да. У 1965 уведзена ў дзеянне 1-я, у 1967—2-я чарга кордавай вытв-сці, у 1969 — вытв-сць серавугляроду, у 1971 — доследна-прамысловая ўстаноўка па вытв-сці корду з розных тыпаў цэлюлозы, на якой у 1976 пасля рэканструкцыі атрымана нітка «Аксалон» для цеплаізаляцыйных вырабаў, у 1980 — участак па вытв-сці вугляродных матэрыялаў. З 1983 — сучасная назва. У 1992 рэканструявана 2-я кордавая вытв-сць, устаноўлены агрэгаты для фармавання віскознай тэкстыльнай ніткі. У 1994 арганізаваны вытв-сці нятканага матэрыялу «Спанбонд», мяшкоў з плёначных поліпрапіленавых нітак, у 1996 — вытв-сць карбаксіметылцэлюлозы. У складзе прадпрыемства з-ды: поліэфірнай тэкстыльнай ніткі, штучнага валакна; вытв-сці: палімерных і вугляродных матэрыялаў, тавараў нар. ўжытку. Асн. прадукцыя (2001): віскозная кордавая тканіна, віскозная і поліэфірная тэкстыльныя ніткі, нятканыя матэрыялы, поліпрапіленавыя мяшкі, тканіна, шпагат; тавары нар. ўжытку (спарт. касцюмы, камплекты для спальні і інш.), вугляродныя матэрыялы, аксалон.