ШУТЭ́НКА Гаўрыіл Карнеевіч (24.6.1924, с. Арзгір Стаўрапольскага краю, Расія — 11.7.2002),

бел. паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы пры Літ. ін-це імя М.​Горкага ў Маскве (1964). Страціў зрок на фронце ў Вял. Айч. вайну. Працаваў ва ўстановах Бел. т-ва сляпых. Друкаваўся з 1939. Пісаў на рус. мове. У паэт. зб-ках «Мае вочы» (1961), «Памяць» (1969), «Смага» (1974), «Сонца на вейках» (1984), «Гарыць вогнішча ўспамінаў» (1990) Вял. Айч. вайна, услаўленне Радзімы, ваен. і прац. подзвігу народа. Аўтар кн. для дзяцей «Наша кацяня Дзімурлы» (1978). Асобныя вершы Ш. пакладзены на музыку.

т. 17, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКАБСО́НАЎ О́РГАН,

адасоблены аддзел органаў нюху ў наземных пазваночных. Назва ад імя дацкага анатама і фізіёлага Л.​Якабсона, які адкрыў яго ў 1811. Ёсць у большасці земнаводных, паўзуноў і млекакормячых. Адсутнічае ў кракадзілаў і птушак. Рудыментарны або адсутнічае ў ластаногіх, некат. рукакрылых, вузканосых малпаў і чалавека. Знаходзіцца каля асновы насавой перагародкі ў выглядзе 2 парных тонкіх трубак, пярэдні канец якіх адкрываецца ў паднябенна-насавы канал або ў насавую поласць. Мяркуюць, што Я.о. прыстасаваны да ўспрымання пахаў корму, а ў млекакормячых і палавых ферамонаў.

т. 18, кн. 1, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРШО́Ў Георгій Фёдаравіч (4.3.1922, в. Кіпцы Саратаўскай вобл., Расія — 15.4.1997),

бел. вучоны ў галіне тэарэт. механікі. Д-р тэхн. н. (1974), прафесар. Скончыў Ваенна-інж. акадэмію імя В.​У.​Куйбышава (1952). З 1953 у Мінскім вышэйшым інж. зенітным ракетным вучылішчы. З 1978 у БПА. Навук. працы па пытаннях трываласці і ўстойлівасці сферычных абалонак, разліку стрыжнёвых прасторавых каркасаў. Даследаваў метады павышэння жывучасці наземных радыёлакацыйных станцый войск ППА пры ўздзеянні ядз. і звычайных сродкаў паражэння. Аўтар навуч. дапаможнікаў па тэарэт. механіцы і спец. ваенна-інж. дысцыплінах.

т. 18, кн. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́СТРАБАЎ Аскалон Сяргеевіч (н. 25.4.1937, в. Копцеўка Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарнай медыцыны. Д-р вет. н. (2000). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1960). З 1972 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя С.​М.​Вышалескага. Навук. працы па распрацоўцы сродкаў дыягностыкі і спецыфічнай прафілактыкі вірусных хвароб свіней (трансмісійнага і энтэравірусных гастраэнтэрытаў, ротавіруснай хваробы, рэпрадукцыйна-рэспіраторнага сіндрому).

Тв.:

Вирусные гастроэнтериты свиней. Мн., 1999;

Инфекционные и инвазионные заболевания молодняка животных. Смоленск, 2001 (у сааўт.);

Болезни крупного рогатого скота и свиней. Мн., 2003 (у сааўт.).

т. 18, кн. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎ Генадзь Іванавіч (н. 29.12.1961, г. Калінкавічы Гомельскай вобл.),

расійскі вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1999), палкоўнік мед. службы (2000). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію імя Кірава (С.-Пецярбург, 1985). З 1988 у 3-м Цэнтр. ваен. клінічным шпіталі (г. Краснагорск Маскоўскай вобл.), з 1991 нач. аддзялення нейрасасудзістай хірургіі. У 1995 удасканальваў навучанне ў Лондане (Англія) і ў нейрахірург. цэнтры Каліфарнійскага ун-та ў Сан-Францыска (ЗША). Навук. працы па нейрасасудзістай хірургіі.

Тв.:

Хирургическое лечение ишемического инсульта. М., 2001 (у сааўт.).

Б.​Д.​Далгатовіч.

т. 18, кн. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАС Міхаіл Яўхімавіч (н. 15.9.1935, в. Картынічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. работнік культуры Беларусі (1972). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна ў Маскве (1971). У 1965—90 рэжысёр Мазырскага нар. т-ра гар. Дома культуры. Паставіў спектаклі «Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.​Купалы, «Партызаны», «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа, «Трыбунал» А.​Макаёнка, «Адкуль грэх?» А.​Петрашкевіча, «Краіна Айгуль» паводле М.​Карыма, «Прывітанне, сінічка!» Я.​Стэльмаха, «Партрэт мадэмуазель Таржы» І.​Ялагіна і інш. У спектаклях выконваў ролі.

т. 18, кн. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ФЕРАЎ Алег Сяргеевіч (н. 2.8.1949, г. Ленгер Паўднёва-Казахстанскай вобл., Казахстан),

бел. ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (2003). Канд. ваен. н. (2000). Скончыў радыётэхн. вучылішча Войск ППА (1969), Ваен. інжынерную радыётэхн. акадэмію ППА імя Говарава (1977), Ваен. акадэмію Генштаба Узбр. Сіл Рас. Федэрацыі (1999). З 1969 на камандных і штабных пасадах у Войсках ППА. З 1992 нам. камандуючага па ўзбраенні — нач. упраўлення ўзбраення Войск ППА Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. З 1999 1-ы нам. камандуючага Войскамі ППА, з 2001 камандуючы ВПС і войскамі ППА Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь.

т. 18, кн. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМО́Н (Ramon) Ілан (20.6.1954, г. Рамат-Ган, Ізраіль — 1.2.2003),

першы касманаўт Ізраіля. Палкоўнік ВПС. Бакалаўр навук па электроніцы і камп’ютэрнай тэхніцы. Скончыў лётную школу ВПС (1974), Тэль-Авіўскі ун-т (1987). У 1990—94 камандзір эскадрыллі, нач. упраўлення ў штабе ВПС Ізраіля. З 1998 у Касм. цэнтры імя Л.​Джонсана (ЗША). 16.1—1.2.2003 здзейсніў (як спецыяліст па карыснай нагрузцы) палёт у складзе экіпажа касм. карабля «Калумбія». Загінуў у выніку катастрофы пры вяртанні на Зямлю. У космасе правёў 15,9 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 18, кн. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУ́РКІН Мікалай Паўлавіч (н. 1.2.1949, пас. Матыгіна Краснаярскага краю, Расія),

бел. ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1993). Скончыў Чэлябінскае вышэйшае танк. каманднае вучылішча (1972), Ваен. акадэмію бранятанк. войск імя Маліноўскага (1980), Ваен. акадэмію Генштаба (1990). З 1972 на камандных і штабных пасадах у войсках, у т. л. ў БВА: у 1983—86 нач. аператыўнага аддзела — нам. нач. штаба агульнавайск: арміі, у 1990—92 нач. аператыўнага ўпраўлення — нам. нач. штаба. З 1992 нач. штаба — 1-ы нам., у 1993—94 нач. Гал. штаба — 1-ы нам. міністра абароны Рэспублікі Беларусь.

т. 18, кн. 1, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЙНЕ́КА Леанід Мартынавіч (н. 28.1.1940, в. Змітраўка 2-я Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Віцебскай студыі тэлебачання, Бел. тэлебачанні. У 1972—89 адказны сакратар час. «Маладосць». З 1989 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1961. Аўтар зб-каў вершаў, у якіх услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі («Галасы», 1969, «Бераг чакання», 1972, «Мая вясна саракавая», 1979, «Вечнае імгненне», 1985), зб. апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976). Раманная дылогія «Людзі і маланкі» (1977) і «Запомнім сябе маладымі» (1979) раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадз. вайны, барацьбы з акупантамі, станаўлення бел. дзяржаўнасці ў 1917—19. Тэму горада асэнсоўвае ў рамане «Футбол на замініраваным полі» (1987).

Барацьбу народа з крыжакамі ў 12 ст. паказаў у гіст. рамане «Меч князя Вячкі» (1987, Літ. прэмія СП Беларусі імя І.​Мележа 1987). Славуты полацкі князь Усяслаў Чарадзей — герой гіст. рамана «След ваўкалака» (1988, разам з папярэднім раманам Дзярж. прэмія Беларусі імя К.​Каліноўскага 1990). Ранні этап станаўлення стараж. бел.-літ. дзяржавы — ВКЛ — адлюстраваў у гіст. рамане «Жалезныя жалуды» (1990). Аўтар фантаст. рамана «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992). Некат. вершы Д. пакладзены на музыку.

Тв.:

Начныя тэлеграмы: Вершы і паэмы. Мн., 1974;

Сняжынкі над агнём: Вершы і паэмы. Мн., 1989.

Літ.:

Гілевіч Н. На свабодным дыханні // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;

Бугаёў Дз. Чалавечнасць. Мн., 1985.

І.​У.​Саламевіч.

Л.М.Дайнека.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)