барацьба англійскіх узбр. сіл супраць ням.-фаш.ВПС над Брытанскімі а-вамі ў час 2-й сусв. вайны. Асн. мэта масіраваных удараў авіяцыі Германіі — прымусіць Вялікабрытанію да выхаду з вайны. Гал. ўдарную сілу Германіі складалі 2-і і 3-і паветр. флаты, якія базіраваліся на аэрадромах Францыі, Бельгіі і Галандыі; эпізадычныя налёты рабіла авіяцыя 5-га паветр. флоту з аэрадромаў Галандыі і Нарвегіі. Усяго ў бітве ўдзельнічала 2600 баявых самалётаў, у т. л. 1480 бамбардзіроўшчыкаў, 980 знішчальнікаў і 140 разведчыкаў. Сістэма ППА Вялікабрытаніі налічвала больш за 700 знішчальнікаў, каля 200 зенітных гармат і каля 1500 аэрастатаў загароджання; уздоўж яе ўсх. ўзбярэжжа размяшчаліся радыёлакацыйныя станцыі, што давала магчымасць англічанам своечасова выявіць авіяцыю праціўніка. У бітве вылучаюць 3 этапы. На 1-м (12.8—6.9.1940) гітлераўцы імкнуліся да панавання ў паветр. прасторы, гал. аб’ектамі ўдараў іх авіяцыі былі аэрадромы англ.ВПС, камандныя і радыёлакацыйныя пункты; 2-і этап (7.9—13.11.1940) — бамбардзіроўка Лондана і інш. буйных гарадоў, каб падарваць маральны дух насельніцтва; 3-і (15.11.1940—10.5.1941) — бамбардзіроўкі Бірмінгема, Ліверпула, Ковентры і інш., каб нанесці страты ваен.-прамысл. патэнцыялу Вялікабрытаніі. На 2-м і 3-м этапах праводзіліся пераважна начныя бамбардзіроўкі. У маі 1941 у сувязі з падрыхтоўкай да вайны супраць СССР інтэнсіўнасць налётаў знізілася. Усяго ням.-фаш. авіяцыя здзейсніла больш як 46 тыс. самалёта-вылетаў і скінула на Вялікабрытанію каля 60 тыс. бомбаў, страціўшы пры гэтым 1733 самалёты. ВПС Вялікабрытаніі страцілі 915 самалётаў і больш як 500 лётчыкаў. Страты сярод насельніцтва Вялікабрытаніі ад бамбардзіровак склалі больш як 86 тыс.чал. (у т. л.каля 40 тыс. забітымі), пашкоджана больш за 1 млн. будынкаў, шэраг гарадоў моцна разбураны. Масіраваныя ўдары ням. авіяцыі не дасягнулі пастаўленай мэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́, Каложская царква,
помнік мураванай стараж.-рус. архітэктуры, адзін з помнікаў Гродзенскай школы дойлідства. Пабудаваны ў 2-й пал. 12 ст. ў Гродне на высокім правым беразе Нёмана, побач з замкавай гарой, на тэр.б. Каложскага пасада. Часткова разбурана ў 1853 у выніку апоўзня, паўд. апсіда абвалілася ў 1889. Праведзены работы па кансервацыі (1910 і 1935) і кансервацыйна-рамонтныя (1970, 1985—87). Захаваліся паўн. і частка зах. Сцяны, 3 апсіды і 2 зах. круглыя (дыяметр каля 1,2 м) падкупальныя слупы.
Цагляны 6-слуповы 3-апсідны крыжова-купальны храм. Даўжыня каля 21,5 м, шыр. 13,5 м. Таўшчыня сцен каля 1,2 м. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. Фасады ўпрыгожаны лапаткамі ступеньчатага профілю, устаўкамі з гранітных і гнейсавых камянёў розных адценняў са шліфаванай вонкавай паверхняй, рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. У верхняй ч. сцен вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі. У час рэстаўрацыйных работ 1985—86 знойдзены фрагменты фрэсак на ўнутр. сцяне і шматлікія графіці на сценах. У 1894 В.В.Гразновым выяўлены ў муроўцы будынка галаснікі, знакі на цэгле, ім выказана думка, што царква мела фрэскавую размалёўку. Падлога храма першапачаткова была выкладзена з паліваных квадратных, трохвугольных і фігурных плітак, у 18 ст. — з мармуровых пліт. Фрагмент падлогі 12 ст. захаваўся ў бакавой апсідзе. Фундамент храма складзены з валуноў сярэдняй велічыні і заглыблены на 1,5 м. Каля царквы выяўлены сляды манастыра 15—18 ст. Царкву даследавалі: у 19 ст. В.В.Гразноў, у пач. 20 ст. П.П.Пакрышкін, у 1935 Ю.Ядкоўскі, у 1946 І.І.Хозераў, у 1982, 1983—84 А.А.Трусаў, П.А.Рапапорт.
Літ.:
Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Беларуси. XI—XVII вв. Мн., 1988.
А.А.Трусаў.
Гродзенская Барысаглебская царква. З акварэлі Н.Орды. 19 ст.Гродзенская Барысаглебская царква. Бакавы фасад. Рэканструкцыя П.П.Пакрышкіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЦЬ,
рака ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 295 км. Пл. вадазбору 5020 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Раздольная Талачынскага р-на Віцебскай вобл., вусце на паўд. ускраіне г. Рагачоў. Агульная даўж. рачной сістэмы Д. 2000 км. Асн. прытокі: Крывая, Няропля, Вабіч, Арлянка, Балонаўка, Грэза (злева), Аслік, Малыш, Даўжанка, Дабрыца (справа). Вадазбор у вярхоўі ў межах Аршанскага ўзв., на астатнім працягу — ва ўсх.ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны.
Даліна да ўпадзення р. Крывая невыразная, ніжэй трапецападобная шыр. 1,5—2,5 км. Схілы парэзаныя, выш. 8—30 м, да г.п. Бялынічы адкрыцця і пад ворывам, ніжэй па цячэнні пераважна пад лесам. Левы схіл больш спадзісты, правы сярэдне стромкі, нярэдка абрывісты. Пойма ў асноўным двухбаковая (на асобных участках у нізоўі левабярэжная, у верхнім цячэнні часткова затопленая Цяцерынскім, у ніжнім Чыгірынскім вадасх.), адкрытая, лугавая. Паверхня поймы ў прырэчышчавай ч. роўная, месцамі ўзгорыстая, перасечаная старыцамі, асушальнымі канавамі. лагчынамі. Рэчышча каналізаванае на 2 участках у вярхоўі агульнай працягласцю каля 16 км, на астатнім працягу моцназвілістае, свабодна меандрыруе, ніжэй упадзення р. Вабіч разгалінаванае на пратокі і рукавы са шматлікімі старыцамі і залівамі. Шыр. ракі ў межань у вярхоўі 10—20 м, ніжэй 30—50 м. Берагі пераважна стромкія, месцамі абрывістыя (выш. да 5 м), у вусцевай ч. спадзістыя (выш. да 1 м). Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое. Асаблівасць рэжыму — вельмі выразнае веснавое разводдзе, на якое прыпадае 54% гадавога сцёку. Веснавы крыгаход каля 3 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 31,6 м³/с. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў. Суднаходная ніжэй плаціны Чыгірынскага вадасх. (за 84 км ад вусця) у паўнаводны перыяд. У ніжнім цячэнні каляв. Чыгірынка Чыгірынская ГЭС. На Д. гарады Талачын і Рагачоў, г.п. Круглае і Бялынічы, зоны адпачынку Чыгірынка, Маліна, Друць, Лужкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКЕ́МБРЫЙ,
найстаражытнейшыя тоўшчы зямной кары і час, адпаведны іх утварэнню. Папярэднічаў кембрыйскай сістэме (перыяду). Ахоплівае 6/7геал. гісторыі Зямлі. Працягласць фарміравання слаёў Д. — ад узнікнення найстаражытнейшых парод з радыеметрычным узростам (больш за 3,9 млрд. гадоў назад) да пачатку кембрыю (каля 540—530 млн. гадоў назад).
Падзяляецца на архей, які ўключае глыбокаметамарфізаваныя і гранітызаваныя пароды (гнейсы, мігматыты, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, мармуры і інш.), і пратэразой, што аб’ядноўвае менш змененыя асадкавыя і вулканагенныя тоўшчы. Мяжа паміж імі праходзіла прыкладна 2,5 млрд. гадоў назад. З 1990 прынята больш дэталёвае стратыграфічнае расчляненне Д.: архей падзелены на ніжні і верхні (з раздзелам каля 3150 млн. гадоў); ніжні пратэразой — на ніжні і верхні (з раздзелам каля 1900 млн. гадоў); верхні пратэразой — на рыфей (ніжні, сярэдні, верхні) і венд (ніжні і верхні) з раздзелам каля 650 млн. гадоў. Адклады ранняга Д. (архей і ніжні пратэразой) складаюць фундамент стараж. платформаў. Яны выходзяць на паверхню шчытоў (Балтыйскага, Украінскага, Паўд.-Афрыканскага, Канадскага і інш.), а таксама знаходзяцца ў ядрах складкавых утварэнняў геасінклінальных абласцей. Д. — час павышанай тэктанічнай актыўнасці (гл.Дакембрыйская складкавасць). Мяркуюць, што з Д. звязаны пачатак працэсаў тэктонікі пліт, утварэнне асн. аб’ёму (60—80%) кантынентальнай зямной кары, узнікненне кіслароднай атмасферы, гідрасферы і зараджэнне жыцця, аб чым сведчаць шматлікія рэшткі блакітна-зялёных водарасцей, страматаліты, а таксама прыкметы існавання бесшкілетных жывёл. З Д. звязаны буйнейшыя радовішчы жалезных, уранавых, марганцавых, хромавых, сульфідных нікелевых, кобальтавых і інш. руд, радовішчы алюм. сыравіны, золата, поліметалаў. У верхніх слаях Д. трапляюцца паклады нафты.
На тэр. Беларусі ўтварэнні Д. развіты ўсюды. Тоўшчы ранняга Д. падзяляюцца на серыі, шчучынскую і кулажынскую (архей); аколаўскую і жыткавіцкую (ранні пратэразой) і складаюць крышт. фундамент, у якім выяўлены радовішчы рэдкіх металаў, 2 радовішчы буд. каменю, 2 праяўленні жалеза (Аколаўскае і Навасёлкаўскае) і шэраг дробных — жалеза, каляровых і рэдкіх металаў, валастаніту, графіту. У верхнім Д. выяўлены вял. запасы падземных вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́Т (Milētos),
старажытнагрэчаскі горад у Іоніі, каля вусця р. Меандр у М. Азіі. Першыя тут паселішчы грэкаў вядомы з 16 ст. да н.э. У 14 ст. да н.э. буйны ахейскі горад-крэпасць. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў М. перасялілася новая хваля грэкаў — іанійцы (жыхары Атыкі, паводле інш. звестак — выхадцы з Піласа пасля ўварвання на Пелапанес дарыйцаў). У 8—6 ст. да н.э. буйны горад-дзяржава, гандл. (пасрэднік паміж еўрап. Грэцыяй і дзяржавамі Усходу), рамесніцкі (апрацоўка воўны, чаканка манет) і культ. цэнтр; адыгрываў вядучую ролю ў грэч. каланізацыі (засн. больш за 80 калоній, у т. л.Абідас, Кардыя, Сінопа, Ольвія, Пантыкапей і інш.). Росквіту дасягнуў у час тыраніі Фрасібула (каля 610—600 да н.э.). Тут была засн.Мілецкая школа. У сярэдзіне 6 ст. да н.э. пад уладай персаў, у 500 да н.э. ўзначаліў антыперс. паўстанне іанійскіх гарадоў, пасля задушэння якога (494 да н.э.) разбураны персамі, з 479 адбудоўваўся. У 478 увайшоў у Дэлоскі саюз. Пасля Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. зноў залежаў ад персаў, у 334 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім, з 129 да н.э. пад уладай Рыма.
У канцы 5 ст. да н.э. М. набыў рэгулярную планіроўку паводле т. зв. сістэмы Гіпадама, якая ўяўляла сабой адзін з лепшых узораў ант. горадабудаўніцтва. Археал. раскопкі выявілі, што ў эліністычна-рым. час цэнтр горада складалі 3 плошчы-агоры (рынкі): паўночная (забудоўвалася з канца 4 ст. да н.э.; каля яе дом для сходаў — булеўтэрый, свяцілішча Апалона Дэльфінія, будынак гімнасіі, тэрмы Фаўсціны і інш.), паўднёвая (забудоўвалася з 3 ст. да н.э.; манум. вароты), заходняя (позні элінізм; каля яе храм Афіны, тэатр на 45 тыс.чал.). У М. — візант. сабор 5—6 ст. н.Э., гал. помнік мусульм. перыяду — мячэць Ільясбея (1403).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКІ ПАЎСТА́ННЕ 1594—96,
антыфеадальнае казацка-сял. паўстанне на Украіне і Беларусі пад кіраўніцтвам С.Налівайкі. Восенню 1595 Налівайка ўзначаліў антыфеад. рух на Правабярэжнай Украіне. Пры падтрымцы гар. нізоў казакі захапілі г. Луцк, разграмілі шмат магнацкіх і шляхецкіх маёнткаў на Падоллі і Валыні. Супраць Налівайкі быў пасланы 7-тысячны атрад рэестравых казакоў на чале з гетманам Р.Лабадой. Каб пазбегнуць сутыкнення, Налівайка накіраваў паўстанцаў у Беларусь. Казакі занялі г. Петрыкаў, 6.11.1595 — г. Слуцк. Адзін з раз’ездаў Налівайкі быў разбіты 25 ліст.каляг. Капыль войскамі К.Радзівіла. 27 ліст. казакі пакінулі Слуцк і рушылі ў напрамку на Бабруйск, але, не дайшоўшы да яго, павярнулі на Магілёў і 13 снеж. штурмам авалодалі ім. 25 снеж. да Магілёва падышло ўрадавае 18-тысячнае войска на чале з рэчыцкім старостам М.Буйвідам. Налівайка і 2 тыс. яго казакоў занялі пазіцыю за горадам, на Ільінскай гары каля Буйніцкага поля, агарадзіўшыся вазамі. Бітва на працягу дня не прынесла поспеху ні аднаму з бакоў. З прыцемкамі казакі пачалі адыход у напрамку Быхаў—Рагачоў—Рэчыца—Петрыкаў. Рухаючыся ўздоўж Прыпяці, яны захапілі Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск. На ПдУ Беларусі дзейнічала частка рэестравых казакоў пад кіраўніцтвам М.Шавулы, якая падтрымала Налівайку. Да вясны 1596 Налівайка з атрадам адышоў на Валынь, Шавула — ад Прапойска праз Быхаў на Чарнігаўшчыну. 2.4.1596 каля Белай Царквы атрады Шавулы і Налівайкі злучыліся і рушылі ўніз па Дняпры з мэтай перайсці расійскую мяжу. Урадавае войска на чале з гетманам С.Жалкеўскім адрэзала шляхі адыходу. Казакі ўмацаваліся на р. Саланіца калямяст. Лубны. Аблога іх табара працягвалася амаль 2 тыдні. У лагеры абвастрыліся супярэчнасці паміж рэестравымі і нерэестравымі казакамі. Частка казацкай старшыны, спадзеючыся на каралеўскую амністыю, 7.7.1596 захапіла Налівайку, Шавулу і інш. кіраўнікоў паўстання і выдала іх Жалкеўскаму. Паўстанне было задушана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАЛІ́Т (ад палеа... + грэч. lithos камень),
старажытнакаменны век, самая ранняя і найб. працяглая эпоха каменнага веку. Пачаўся каля 2,2 млн.г. назад са з’яўлення стараж. людзей (архантрапаў) і прылад, доўжыўся на працягу большай часткі ледавіковага перыяду (плейстацэну) і да канчатковага адступання ледавікоў (каля 8,3 тыс.г. назад). Падзяляецца на ніжні (ранні, стараж., датуецца 2,2 млн.г. назад), сярэдні (мусцье, у Еўропе ахоплівае адрэзак ад 125/100 да 40 тыс.г. назад), верхні (позні, датуецца 40/35—10 тыс.г. назад). Апошнім часам прызнана існаванне асобай, завяршальнай стадыі позняга перыяду — фінальнага П. (14—11 тыс.г. назад ці 12—8,3 тыс.г. назад). У раннім П. пераважалі ядрышчавыя галечныя прылады на адшчэпах. У познім П. пашыраюцца неаантрапы, пласцініста-разцовая індустрыя і пячорнае мастацтва ў Еўропе. Неаантрапы (краманьёнцы) намнога пашырылі айкумену пражывання, значна ўдасканалілі тэхніку апрацоўкі каменю і косці, распаўсюдзілася прызматычная тэхніка расколвання каменю, яго свідраванне, пілаванне і шліхтаванне. Набор прылад працы складаў каля 100 тыпаў. Чалавек асвойваў практыку домабудаўніцтва — вядома вял. колькасць самых разнастайных відаў жылля. Асновай гаспадаркі было паляванне. Дзякуючы яму чалавек здабываў не толькі ежу, але і матэрыялы для адзення, будаўніцтва і паліва. Развіваліся спосабы палявання з дапамогаю загонаў, аблаў, лоўчых ям. У паляўнічае ўзбраенне ўваходзілі дзіды, дроцікі, боласы, лук і стрэлы. Запасы ежы істотна дапаўняліся ад збіральніцтва, а ў некат. выпадках — рыбалоўства. Складаны светапогляд тагачаснага чалавека адлюстраваны ў творах першабытнага мастацтва і пахавальным абрадзе. На Беларусі доўгачасовыя верхнепалеалітычныя паселішчы (26—24 тыс.г. назад) выяўлены ў Юравічах і Бердыжы. Асобныя крамянёвыя прылады працы мусцьерскага тыпу знойдзены каляАбідавіч і в. Чамярня Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.
Літ.:
История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. М., 1988;
Семенов Ю.И. На заре человеческой истории. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОТ-Д’ІВУА́Р (Côte d’Ivoire),
Рэспубліка Кот-д’Івуар (République de Côte d’Ivoire), дзяржава на ПдЗах. Афрыкі, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Мяжуе на З з Ліберыяй і Гвінеяй, на Пн з Малі і Буркіна-Фасо, на У з Ганай. Пл. 322,5 тыс.км². Нас. 14,3 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Афіцыйная сталіца — г.Ямусукра, рэзідэнцыя прэзідэнта і ўрада — г.Абіджан. Краіна падзяляецца на 50 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 жн.).
Дзяржаўны лад. К.-д’І. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. і прадстаўнічы орган — аднапалатная Нац. асамблея (175 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Прэзідэнт назначае прэм’ер-міністра і Савет Міністраў, які выконвае функцыі ўрада дзяржавы. Суд. сістэму ўзначальвае Вярх. суд.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Асобныя невысокія горныя масівы і плато на Пн і З; на стыку граніц Ліберыі, Гвінеі і К.-д’І. — г. Німба (1752 м). Узбярэжжа нізіннае. Ёсць невял. паклады жал., марганцавай, нікелевай, тытанавай, алавянай руд, золата, алмазаў, баксітаў. На шэльфе — радовішчы нафты. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн субэкватарыяльны. Т-ра паветра ў ліп. 28—34 °C, у студз.каля 24 °C. На Пд ападкаў за год 1300—2400 мм, на Пн — каля 1000 мм; ёсць сухі перыяд (ліст.—люты). Найб. рэкі Кавалі, Сасандра, Бандама, Комаэ. На Пд вечназялёныя экватарыяльныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах. На Пн лесасаванна з галерэйнымі лясамі, высакатраўная саванна на чырвоных фералітавых глебах. Пад лесам 10,9 млн.га. Жывёльны свет: слон, малпы, бегемоты, леапарды, гіены, шакалы, антылопы, кракадзілы; з насякомых — муха цэцэ (на Пд). Нац. паркі — Комаэ, Марахуэ, Таі, запаведнік Німба; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд і ў цэнтры краіны жывуць народы гвінейскай групы (анья, баўле, кру, т.зв. лагунныя плямёны, 55% насельніцтва), на ПнЗ народы групы мандынга (малінке, бамбара, дан, квені, 21%), на Пн і ПнУ народы групы гур (сенуфа, лобі, куланга, 23%). На Пн ёсць народы фульбе і хаўса. У краіне працуе каля 2 млн. эмігрантаў з Буркіна-Фасо, Малі і Ганы. У вял. гарадах невял. групы ліванцаў і французаў. 63% вернікаў прытрымліваюцца мясц. традыцыйных вераванняў, мусульман 23% (пераважна на Пн), хрысціян — 14% (пераважна ў гарадах на Пд). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн.каля 44 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 100 чал. на 1 км²) заселены асобныя раёны на ўзбярэжжы і ў цэнтры. У гарадах жыве 46% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Абіджан — 2800, Бваке — 330, Ямусукра — 120. У сельскай і лясной гаспадарках занята каля 40% працаздольных, у прам-сці — каля 30%.
Гісторыя. Стараж. гісторыя краіны вывучана слаба. У сярэднія вякі яе паўн.ч. па чарзе ўваходзіла ў сферу ўплыву дзяржаў Зах. Судана — Ганы, Малі, Сангаі, а г. Конг (засн., верагодна, у 11 ст.) да 19 ст. заставаўся важным гандл, цэнтрам. У канцы 15 ст. на гэтай тэрыторыі з’явіліся партугальцы і інш. еўрапейцы, якія вывозілі з краіны рабоў, слановую косць і інш. Экспансія французаў, што пачалася з заснавання ў пач. 18 ст. форта ў Асіні і факторыі ў Гран-Басаме, прывяла да завалодання значнымі яе тэрыторыямі ў 1842—84 шляхам захопаў і заключэння дагавораў. З 1893 К.-д’І. — франц. калонія (з 1904 у складзе Франц.Зах. Афрыкі). Моцнае супраціўленне мясц. насельніцтва, асабліва паўн.ч. краіны, што ўваходзіла ў склад дзяржавы Самары Турэ, было зломлена толькі ў 1915. Калан. эканоміка К.-д’І. базіравалася пераважна на эксплуатацыі прыродных багаццяў (золата, алмазы) і стварэнні плантацыйнай гаспадаркі (кава, какава).
Пасля 2-й сусв. вайны пачаўся ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла Дэмакр. партыя К.-д’І. (засн. ў 1946). У 1946 К.-д’І. атрымаў статус заморскай тэрыторыі, а паводле вынікаў рэферэндуму 1958 стаў аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці. 7.8.1960 абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1986 назва краіны К.-д’І. перакладалася як Бераг Слановай Косці). Першым прэзідэнтам і кіраўніком урада стаў заснавальнік і кіраўнік Дэмакр. партыі Ф.Уфуэ-Буаньі, які выбраў для К.-д’І. капіталіст. шлях развіцця. К.-д’І. — адна з найб. стабільных і багатых краін Афрыкі, але з 1980-х г. перажывае крызіс, выкліканы паступовым зніжэннем экспартных цэн на сыравіну і працяглай засухай. У дзяржаве, дзе з 1960 аўтарытарна правіў прэзідэнт Уфуэ-Буаньі (перавыбіраўся ў 1965, 1970, 1975, 1980, 1985), да 1990 адзінай легальнай партыяй была Дэмакр. партыя К.-д’І., падпарадкаваная прэзідэнту. У 1990 пад націскам апазіцыі прыняты папраўкі да канстытуцыі, якія легалізавалі шматпарт. сістэму. Пасля смерці Уфуэ-Буаньі (1993) пасаду прэзідэнта і кіраўніка Дэмакр. партыі заняў А.Канан-Бедзье, які перамог і на выбарах 1995. К.-д’І. — чл.ААН (з 1960). Дзейнічаюць Дэмакр. партыя К.-д’І., Івуарскі нар. фронт, Аб’яднанне рэспубліканцаў, Усеагульны саюз працоўных К.-д’І. і інш. грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. К.-д’І. — агр. краіна. Штогадовы Даход на 1 чал.каля 800 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 36% валавога нац. прадукту, прам-сць — каля 26%. Найб. развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Ворных зямель 2,4 млн.га, шматгадовых насаджэнняў 1,3 млн.га, пад натуральнымі пашамі каля 13 млн.га. Захоўваецца абшчыннае землекарыстанне. На значных плошчах выкарыстоўваецца традыцыйная агратэхніка і лядна-агнявая сістэма земляробства. Гал. экспартныя культуры: какава (штогадовы збор 500—800 тыс.т, 1-е месца ў свеце), кава (каля 150—200 тыс.т, 5—8-е месца ў свеце), алейная пальма (штогадовы экспарт пальмавага алею больш за 300 тыс.т), бананы (больш за 200 тыс.т), ананасы, гевея, какосавая пальма, цытрусавыя. С.-г. культуры экспартнага значэння вырошчваюць на Пд краіны (какава і кава займаюць больш за 90% плошчаў пад экспартнымі культурамі). На ўласныя патрэбы вырошчваюць рыс (больш за 1 млн.т штогод), ямс і маніёк (збор разам каля 4 млн.т), тара, мучністыя бананы, кукурузу, сорга, некаторыя тэхн. культуры, у т. л.цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, арахіс. Рыс вырошчваюць пераважна на З, ямс і кукурузу — у цэнтры і на Пн, маніёк — усюды, акрамя Пн. Жывёлагадоўля развіта на натуральных пашах у зоне саваннаў. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1,3, авечак і коз — 2,4, свіней — 0,3. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (70,2 тыс.т, 1993). Развіты лясныя промыслы, у т. л. збор пладоў дзікарослай алейнай пальмы, арэхаў кола і інш.; паляванне ў лясах і саваннах. К.-д’І. — буйнейшы вытворца піламатэрыялаў з дрэў каштоўных трапічных парод. Аб’ём лесанарыхтовак каля 4 млн. за год. У прамысловасцінайб. развіты перапрацоўчыя галіны (каля 700 прадпрыемстваў, большасць у Абіджане). У 1990-я г. павялічылася здабыча нафты (да 2 млн.т штогод) з радовішчаў на марскім шэльфе. Невял. здабыча алмазаў (каляг. Сегела), марганцавай руды (каляг. Гран-Лаху), золата. Электраэнергію выпрацоўваюць пераважна ГЭС на рэках Бія, Бандама, Сасандра і інш.ЦЭС у Абіджане. У 1996 атрымана 1,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Разнастайная харч. і харчасмакавая прам-сць, у т. л. мукамольная і хлебабулачная, перапрацоўка кавы, какавы, тытуню, арахісу, цукр. трыснягу, фруктова- і рыбакансервавая, алейная, піваварная, рысаачышчальная; вытв-сць растваральнай кавы, шакаладу, шакаладнага алею. Працуюць 3 тэкст. камбінаты (у Бваке, Дымбокра, Агбавілі), тэкст. ф-кі (Абіджан). Гал. цэнтры дрэваапрацоўкі і вытв-сці піламатэрыялаў: Гран-Басам, Уме, Вавуа, Ганьёа, Сан-Педра. Развіты швейная і гарбарна-абутковая прам-сць. Новыя галіны прам-сці: нафтаперапрацоўка (Абіджан), хім., гумавая і пластмасавая (Абіджан, Агбавіль), аўтазборачная, электратэхн., чорная металургія (Абіджан), суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайную прадукцыю выпускае прам-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. 2 цэм. з-ды. Транспартаўтамаб., чыг., марскі. Аўтадарог 55 тыс.км, у т. л. асфальтаваных 5,5 тыс.км. У краіне 250 тыс. аўтамашын. Чыгунак 1314 км, у т. л. чыгунка Абіджан—Уагадугу (Буркіна-Фасо) — 665 км на тэр. К.-д’І. Праз К.-д’І. праходзіць амаль увесь гандаль Буркіна-Фасо. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам на суднах замежных краін. Гал. марскія парты Абіджан (амаль увесь імпарт, экспарт кавы і какавы) і Сан-Педра (экспарт драўніны, піламатэрыялаў, бананаў). У Абіджане і Ямусукры — міжнар. аэрапорты. К.-д’І. — адна з нямногіх афр. краін, якая мае актыўны гандл. баланс. У 1994 экспарт склаў 2,7 млрд.дол. ЗША, імпарт — 1,6 млрд.дол. К.-д’І. экспартуе какаву, каву, драўніну і піламатэрыялы (разам 75% кошту), пальмавы алей, бананы, ананасы, алмазы, марганец і інш. У імпарце пераважаюць тавары шырокага ўжытку, машыны і абсталяванне, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (16% экспарту, 28% імпарту), Нігерыя (27% імпарту), Германія (10% экспарту), Нідэрланды, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — афр. франк.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Кот-д’Івуара.Да арт.Кот-д’Івуар. ГЭС Косу на р. Бандама.Да арт.Кот-д’Івуар. Краявід у саванне на поўначы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНЫ ТРА́НСПАРТ,
адзін з відаў транспарту, які ажыццяўляе скарасныя перавозкі пасажыраў, грузаў і пошты на ўнутр. і міжнар.авіялініях з дапамогай авіяц. тэхнікі (самалётаў і верталётаў). Карыстаецца аэрапортамі і аэрадромамі, аснашчаны сучаснымі сродкамі сувязі і навігацыі паветранай, што гарантуюць высокую бяспеку палётаў. Займае важнае месца ў перавозках на далёкія адлегласці і цяжкадаступныя раёны. Выкарыстоўваецца таксама як сан. транспарт, у тушэнні лясных пажараў, для аэрафотаздымак і абслугоўвання геолагаразведкі, пошуку рыбных касякоў, авіяхім. работ і інш.
Узнік у краінах Еўропы і ЗША пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, напр., у Францыі і Германіі як від транспарту — з 1920-х г. У СССР першая паветр. лінія Масква—Ніжні Ноўгарад адкрыта ў 1923. Развіццё П.т. паскорылася з 2-й пал. 1950-х г. у сувязі з выкарыстаннем пасажырскіх шматмесных рэактыўных самалётаў Ту-104, Ту-114, Ту-124, Іл-18, Ан-10, Ан-24 і інш. З 1970-х г. на авіялініях эксплуатуюцца самалёты Іл-62, Ту-134, Ту-154; на мясц. лініях — Як-40 і інш., пасаж. верталёты Мі-4, Мі-6, Мі-8, Мі-10, К-26 і інш. У пач. 1990-х г.паветр. лініі звязвалі 3600 гарадоў і інш.нас. пунктаў СССР. На міжнар. авіялініях значная доля паветр. перавозак прыпадае на лятальныя апараты амер. фірмы «Боінг», адна з мадэляў якога «Б-747» (умяшчальнасць каля 500 пасажыраў) эксплуатуецца з 1971. На канец 20 ст.сусв. П.т. налічваў каля 15 тыс. магістральных самалётаў, больш за 300 тыс. лёгкіх лятальных апаратаў; на рэгулярных маршрутах перавозілася больш за 1 млрд. пасажыраў за год.
На Беларусі П.т. развіваецца з 1930-х г. Першая трансп. лінія па маршруце Мінск—Мазыр адкрыта ў 1932, перавозка пасажыраў (Мінск—Масква) пачалася ў 1938. У Вял.Айч. вайну П.т. адыгрываў вял. ролю ў арганізацыі дапамогі партызанам. За час акупацыі сав. авіятары здзейснілі каля 6 тыс. самалётавылетаў да партызан, даставілі каля 2,5 тыс.т разнастайных грузаў, перавезлі з Вял. зямлі і вывезлі з партыз. зон 11,6 тыс.чал. Пасля вайны авіялініямі звязаны Мінск з абл. цэнтрамі і інш. гарадамі рэспублікі і СССР. Беларусь мае паветр. сувязь больш як з 50 краінамі свету (2000), у т. л. з Вялікабрытаніяй, Германіяй, Кітаем, ЗША. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія», міжнар. аэрапорты Мінск-1, Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне; нац. і мясц. аэрапорт ў інш.абл. цэнтрах, таксама ў гарадах Мазыр, Пінск, Полацк, Салігорск і інш. Грузаабарот П.т. (1999) склаў 12 млн.ткм; пасажыраабарот каля 730 млн.пас.-км (перавезена больш за 270 тыс.чал.); авіяхім. работы ў сельскай і лясной гаспадарцы праведзены на плошчы каля 90 тыс.га. Дзейнасць сродкаў П.т., структура яго арганізацыі, прававыя адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з яго выкарыстаннем, рэгулююцца Паветраным кодэксам Рэспублікі Беларусь ад 11.1.1999 і інш. нарматыўна-прававымі актамі. Гл. таксама Авіяцыя, Грамадзянская авіяцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ САХА́РА,
тэрыторыя на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Марока і Алжырам, на У і Пд з Маўрытаніяй; на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 4 правінцыі. Пл. 252,1 тыс.км². Нас. 260 тыс.чал. (1993). Адм.ц. — г.Эль-Аюн. Афіц. мова — арабская.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная, на У ўздымаецца да выш. 300—350 м. На ПнУ перадгор’і Атласкіх гор (500—700 м). Карысныя выкапні: фасфарыты (каля 10 млрд.т, прыкладна чвэрць сусв. запасаў), жал., медныя. ртутныя, уранавыя руды, калійная і кухонная солі. Клімат трапічны, пустынны. Сярэднямесячныя т-ры ад 17—20 °C да 25—30 °C. Ападкаў 50—200 мм, выпадаюць у кастр.-ліст. і сак.-маі. Пастаянных рэк няма. Вял. тэрыторыі займаюць пясчаныя і камяністыя прасторы без расліннасці, месцамі — разрэджаныя ксерафітныя хмызнякі і травы.
Насельніцтва. Жывуць паўкачавыя і качавыя плямёны араба-берберскага паходжання, агульная назва — маўры. Усе вызнаюць іслам суніцкага толку. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 1 чал. на 1 км². У асобныя перыяды многія групы насельніцтва качуюць па тэр. суседніх краін. У сувязі з ваен. дзеяннямі некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў З.С. знаходзяцца ў бежанскіх лагерах на тэр.
Алжыра. У г. Эль-Аюн з прыгарадамі 139 тыс.ж. (1990).
Гісторыя. З 11 ст. падпарадкавана Альмаравідам. У 15 ст.каля ўзбярэжжа З.С. з’явіліся партугальцы, якіх на мяжы 15 і 16 ст. выцеснілі іспанцы. У выніку пагадненняў з Францыяй (1900, 1903, 1912) пра падзел Сахары — ісп. калонія пад назвай Ісп.Зах. Афрыка. Складалася з 2 частак: Рыо-дэ-Ора і Сегіет-эль-Хамра. Пасля атрымання незалежнасці Марока (1956) і Маўрытанія (1960) заявілі прэтэнзіі на тэр. З.С. У 1958 Іспанія надала сваёй калоніі фармальны статус заморскай правінцыі пад назвай Ісп. Сахара. У 1963 адкрыта багатае радовішча фасфарытаў (эксплуатуецца з 1973). У выніку ўзмацнення вызв. руху, які падтрымлівалі краіны Магрыба (у 1973 створаны Фронт Палісарыо), Іспанія аб’явіла ў 1975 пра спыненне сваёй прысутнасці ў З.С. Да 1976 гэта тэрыторыя была падпарадкавана сумеснай іспана-маракана-маўрытанскай адміністрацыі. Калі іспанцы канчаткова пакінулі З.С. (1976), пачаўся яе падзел паміж Марока і Маўрытаніяй. Адначасова Палісарыо абвясціў аб стварэнні Сахарскай Араб.Дэмакр. Рэспублікі (САДР) і сфарміраваў урад у эміграцыі (Алжыр). З’езд Фронту Палісарыо (1976) прыняў канстытуцыю (перапрацавана ў 1982), паводле якой вышэйшы дзярж. орган — Рада кіраўніцтва рэвалюцыі, кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якім з’яўляецца старшыня Рады; заканадаўчая ўлада належыць Сахарскай нац. радзе. Прэзідэнтам і старшынёй Рады абраны М.Абд аль-Азіз. У 1979, пасля афіц. адмовы Маўрытаніі ад прэтэнзій на частку З.С., уся яе тэрыторыя была анексіравана Марока. Міжнар. спробы ўрэгуляваць канфлікт паміж Марока і Палісарыо (незалежнасць З.С. або далучэнне яе да Марока) прывялі да прыняцця ў 1988 абодвума бакамі прапановы ААН вырашыць канфлікт шляхам рэферэндуму. У 1991 заключана пагадненне пра спыненне агню, вядзецца падрыхтоўка да рэферэндуму, тэрмін якога ўвесь час адсоўваецца. САДР — чл. Арг-цыі афр. адзінства (з 1984), яе прызналі каля 70 дзяржаў.
Гаспадарка. Эканоміка адсталая. Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае каля 300 дол. ЗША у год. У пач. 1980-х г. вялася здабыча фасфарытаў і жал. руды, арганізаваная ісп., амер. і герм. капіталам. Але з пач.ваен. дзеянняў яна спынена. Здабыча кухоннай солі. Насельніцтва займаецца паўкачавой і качавой гадоўляй вярблюдаў (каля 60—80 тыс. галоў), коз і авечак (каля 110—120 тыс. галоў). Пад пашай каля 11% тэрыторыі, часткова выкарыстоўваюцца пашавыя ўгоддзі ў суседніх краінах. Для земляробства прыдатныя 400—600 га у аазісах, вырошчваюць фінікавую пальму, ячмень, проса, агародніну. Лоўля рыбы, лангустаў, здабыча водарасцей і губак. Невял. рыбакансервавыя, харч., металаапр., швейныя прадпрыемствы. Саматужная рамесніцкая вытв-сць, пераважна выраб скур і ткацтва. 2 аэрапорты. Даўж. грунтавых аўтадарог 6,2 тыс.км, у т. л. 500 км з палепшаным пакрыццём. Пабудаваны унікальны транспарцёр даўж. больш за 100 км, які падаваў да пач.ваен. дзеянняў фасфарыты з радовішча Бу-Краа да новага порта Эль-Аюн. З.С. экспартуе невял. колькасць рыбных кансерваў, кухоннай солі, скур і воўны, імпартуе ўсе неабходныя харч. і прамысл. тавары. Гандаль пераважна з Марока і Іспаніяй. Выкарыстоўваюцца мараканскія грошы.