(19.11. 1711, в. Дзянісаўка, цяпер с. Ламаносава Халмагорскага р-на Архангельскай вобл., Расія — 15.4.1765),
рускі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак, гісторык, асветнік. Акад. Пецярбургскай АН (1745), чл.рас. Акадэміі мастацтваў (1763). Ганаровы чл. Шведскай (1760) і Балонскай (1764). Вучыўся ў Славяна-грэка-лац. акадэміі ў Маскве (1731—35), у акад. ун-це ў Пецярбургу (1735), у Германіі (1736—41). З 1742 у Пецярбургскай АН, праф. хіміі (з 1745). З 1748 працаваў у першай у Расіі хім. лабараторыі пры АН (створана па яго ініцыятыве), адначасова (з 1756) на заснаванай ім шкляной ф-цы. Навук. даследаванні па хіміі, фізіцы, астраноміі, геаграфіі, геалогіі, металургіі. Распрацаваў асновы карпускулярнага (атамна-малекулярнага) вучэння; малекулярна-кінетычную тэорыю цяпла і газаў, тэорыю колераў. Эксперыментальна даказаў закон захавання масы рэчыва ў хім. рэакцыях (1756), сфармуляваў прынцып захавання матэрыі і руху. Адзін з заснавальнікаў фіз. хіміі. Абгрунтаваў неабходнасць выкарыстання фіз. метаду ў хіміі, даў фіз. хіміі азначэнне, блізкае да сучаснага, напісаў «Увядзенне ў сапраўдную фізічную хімію» (1752). Прапанаваў канструкцыю шэрагу (каля 100) розных прылад, у т. л. аптычных. Адкрыў існаванне атмасферы на Венеры (1761). У працы «Першыя асновы металургіі або рудных спраў» (1763) апісаў уласцівасці металаў і практычныя метады іх атрымання. Выклаў асновы тэорыі геал. развіцця Зямлі і зямной кары. Растлумачыў паходжанне многіх карысных выкапняў і мінералаў. Быў кіраўніком Геагр. дэпартамента. З яго ўдзелам складаўся геагр. «Атлас Расійскі». Даследаваў марскія льды і даў іх першую класіфікацыю. Выказаў ідэю аб важнасці для Расіі даследавання Паўн. марскога шляху і асваення Сібіры. У 1755 па ініцыятыве Л. створаны Маскоўскі ун-т.
Л. — адзін з пачынальнікаў новай рус. л-ры, рэфарматар рус. вершаскладання. У «Лісце аб правілах расійскага вершаскладання» (1739, апубл. 1778) абгрунтаваў сілаба-танічную сістэму вершаскладання. Стваральнік новых літ. жанраў, у т. л. рус. оды філас. і высокага грамадз. гучання («На ўзяцце Хаціна», 1751, і інш.). Аўтар паэмы «Пётр Вялікі» (незавершаная, часткова апубл. 1760—61), трагедый у вершах «Таміра і Селім» (1750), «Дземафонт» (1752) і інш., вершаў на выпадак (надпісы, эпіграмы і г.д.). Яго сатыра «Гімн барадзе» распаўсюджвалася ў спісах (апубл. 1859). Асн. рысы паэзіі Л. — грамадзянскасць, патрыятызм, пачуццё ўласнай годнасці паэта. Перакладаў Гамера, Вергілія, Авідзія і інш.ант. аўтараў. Напісаў фундаментальныя філал. працы: «Кароткі дапаможнік красамоўства» (1748; першая рус. рыторыка), «Расійская граматыка» (1757; першая рус. граматыка), «Прадмова пра карысць кніг царкоўных у расійскай мове» (1758; першая спроба рус. стылістыкі). На дакумент. аснове склаў «Старажытную расійскую гісторыю ад пачатку расійскага народа да... 1054 года» (ч. 1—2, 1754—58, апубл. 1766), «Кароткі расійскі летапісец з радаводам» (1760), у якіх крытыкаваў нарманскую тэорыю. Вынайшаў і распрацаваў новы спосаб вырабу смальты для мазаік, заснаваў мазаічную майстэрню, у якой ствараліся партрэты, абразы, ландшафты («Вобраз Хрыста», 1753; пано «Палтаўская баталія», 1762—64).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМА́НСКІ Уладзімір Іванавіч
(8.7.1833, С.-Пецярбург — 2.12.1914),
расійскі гісторык, славіст. Акад. Пецярбургскай АН (1900). Д-ргіст.н. (1871). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1854), у 1865—99 дац., праф. у ім. Вучань І.І.Сразнеўскага. Актыўны дзеяч этнагр. аддзялення рускага геагр.т-ва, рэдактар (з 1890) яго час.«Живая старина». У 1875—78 адзін з лідэраў слав. руху ў Расіі. З пазіцый панславізму вывучаў гісторыю, філалогію і этнаграфію славян. Аўтар прац «Вывучэнне славянства і руская народная самасвядомасць» (1867), «Аб гістарычным вывучэнні грэка-славянскага свету ў Еўропе» (1871), «Славянскае жыціе святога Кірылы...» (1903—04) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАНЦІ́НЫ
(Trichechus),
род водных млекакормячых атр. сірэн. Вядомыя з плейстацэну Паўн. і міяцэну Паўд. Амерыкі. 3 віды, 2 падвіды. Пашыраны каля берагоў Цэнтр. Амерыкі, у р. Амазонка і яе эстуарыі, каля атл. берагоў трапічнай Афрыкі і бас.р. Нігер. Жывуць на марскіх мелкаводдзях, у вусцях і нізоўях рэк. Трымаюцца групамі. Усе віды і падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 5 м, маса да 400 кг. Афарбоўка ад шэрай да чорна-шэрай. У адрозненне ад большасці млекакормячых маюць 6 шыйных пазванкоў. Верхняя губа раздвоеная. Замест разцоў рагавыя пласціны. На ластах 3 сярэднія пальцы з пазногцепадобнымі капыткамі Хваставы плаўнік закруглены. Расліннаедныя. Нараджаюць 1 дзіцяня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА-МАНШ
(франц. La Manche),
Англійскі канал (англ. English Channel), праліў паміж мацерыковай часткай Еўропы (Францыя) і в-вам Вялікабрытанія. Злучае разам з пралівам Па-дэ-Кале (Дуўрскі праліў) Паўночнае м. з Атлантычным ак.Даўж. 578 км, шыр. 250 км на 3, 32 км на У, найб.глыб. 172 м, найм. глыб. на фарватэры 23,5 м. Шмат водмеляў, асабліва ва ўсх. частцы праліва. Частыя туманы. Мае важнае трансп. значэнне. Гал. парты: Портсмут, Саўтгемптан, Плімут (Вялікабрытанія), Гаўр, Шэрбур (Францыя). Пад Л.-М. (паміж Дуўрам і Кале) у 1994 пабудаваны чыг. тунэль (т. зв. «Еўратунэль», даўж. 52,5 км, у т. л. 38 км пад дном праліва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМА́РК (Lamarck) Жан Батыст Антуан П’ер дэ Манэ
(de Monet; 1.8.1744, Базантэн, Францыя — 18.12.1829),
французскі прыродазнавец, стваральнік цэласнай тэорыі развіцця жывога свету (гл.Ламаркізм). Чл. Парыжскай АН (1783). У 1772—76 у Вышэйшай мед. школе ў Парыжы. Праф. Музея прыродазнаўчай гісторыі. Навук. працы па эвалюцыі жывога свету, распрацоўцы класіфікацыі і сістэматыкі раслін, палеанталогіі, зоапсіхалогіі. Увёў падзел жывёл на пазваночных і беспазваночных, тэрмін «біялогія», апісаў шмат відаў выкапнёвых і сучасных арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАРКІ́ЗМ першая цэласная канцэпцыя эвалюцыі ў жывой прыродзе, сфармуляваная ў 1809 Ж.Б. дэ Ламаркам. Паводле Л., існуючыя віды раслін і жывёл фарміраваліся паступова, у выніку працяглага прыстасавання арганізмаў да вонкавых умоў (клімат, святло, цяпло і інш.) і пэўнага ўнутр. імкнення ўсіх арганізмаў да ўдасканалення. Ідэя Л. пра ролю вонкавага асяроддзя і спадчыны ў эвалюцыі была выкарыстана Ч. Дарвінам у яго эвалюцыйнай тэорыі. Адраджэнне Л. ў форме неаламаркізму адбылося ў апошняй трэці 19 ст. як рэакцыя на пашырэнне дарвінізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАРЦІ́Н (Lamartine) Альфонс Мары Луі Пра дэ
(21.10.1790, г. Макон, Францыя — 28.2 або 1.3.1869),
французскі паэт-рамантык, паліт. дзеяч, дыпламат, гісторык. Чл.Франц. акадэміі (1830). З 1814 афіцэр каралеўскай гвардыі. У 1820—21 з дыпламат. місіяй у Неапалі, у 1825—28 — у Фларэнцыі. З 1833 чл. Палаты дэпутатаў. У рэвалюцыю 1848 міністр замежных спраў Часовага ўрада Францыі. Першым зб-кам («Паэтычныя роздумы», 1820; «Новыя паэтычныя роздумы», 1823) уласцівы летуценная сузіральнасць і меланхолія, якія паступова змяняюцца малітоўнай одай (зб. «Паэтычныя і рэлігійныя сугуччы», 1830). Паэмы «Жаселен» (1836), «Падзенне анёла» (1838) прасякнуты адчуваннем нетрываласці зямнога быцця і тугой па тагачасным ідэале. Сярод інш. твораў — паэма «Смерць Сакрата» (1823), аповесці «Споведзь», «Рафаэль» (абедзве 1849), «Грацыэла» (1852). Асн.гіст. праца — «Гісторыя жырандыстаў» (т. 1—8, 1847).
Тв.:
Рус.пер. — у кн. Французская элегия XVIII—XIX вв. в переводах поэтов пушкинской поры. М., 1989. С. 304—433.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РД,
установа, якая выдае пазыкі пад заклад рухомай маёмасці, рэчаў, што перадаюцца ёй на захоўванне. Вартасць рэчаў ацэньваецца па ўзгадненні бакоў. Уладальніку рэчы выдаецца імянны ламбардны білет (распіска). У выпадку невяртання пазыкі, нявыкупу маёмасці яго ўладальнікам яна перадаецца ва ўласнасць Л. і можа быць прададзена. Часам Л. з’яўляецца надзейным сховішчам маёмасці. Упершыню заснаваны ў 15 ст. ў Францыі ліхвярамі з італьян. правінцыі Ламбардыя (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДА, Ламбардзі (Lombardo, Lombardi) П’етра (каля 1435, Карана, Швейцарыя — чэрвень 1515), італьянскі архітэктар, вядучы дойлід і скульптар эпохі Ранняга Адраджэння ў Венецыі. Яго пабудовы адметныя святочнай лёгкасцю, жывапіснай вытанчанасцю ордэрных фасадаў, выкарыстаннем каляровых мармураў і пышнага скульпт. дэкору: царква Санта-Марыя дэі Міраколі (1481—89), Палацца Вендрамін-Калерджы (1504—09), Палац дожаў (у 1489—1511 кіраваў яго буд-вам, аўтар фасада, Лесвіцы гігантаў, з А.Рыца, дэкарацый для інтэр’ераў). Спакойнай гармоніяй вылучаюцца надмагіллі дожаў (Мачэніга ў царкве Санці-Джавані э Паала, 1476—81). Большасць скульпт. твораў, дэкар. рэльефы выканаў з сынамі Туліо (каля 1455, Венецыя — 17.11.1532) і Антоніо (каля 1458, Венецыя — каля 1516).
П.Ламбарда, А.Рыца. Фасад Палаца дожаў і Лесвіцы гігантаў у Венецыі.