ВА́ТКІН (Раман Сямёнавіч) (н. 11.6.1925, г. Данецк, Украіна),

бел. трэнер па спартыўнай гімнастыцы. Засл. трэнер Беларусі (1962), засл. трэнер СССР (1973), засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1952). Пад яго кіраўніцтвам гімнасты Беларусі перамаглі на Спартакіядзе народаў СССР (1975). У 1980-я г. быў дзярж. трэнерам зборнай каманды СССР па спарт. гімнастыцы па Беларусі. Сярод выхаванцаў М.​Мілігула.

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧО́К Алесь, бел. нар. казачнік. Селянін з в. Крылоўшчына Навагрудскага пав. У 1901 польскі лінгвіст Э.Кліх запісаў ад яго 18 казак і апавяданняў, урыўкі з якіх надрукаваў, дакладна перадаўшы асаблівасці мясц. дыялекту. У традыц. бытавых казачных сюжэтах («Як поп цяліўся», «Марка Багаты» і інш.) Ваўчок самабытна развіваў сац. матывы, жыва перадаваў жанравыя сцэнкі.

Тв.:

[Казкі] // Materiały i prace Komisji językowej Akademii Umiejętności. Kraków, 1903. T. 2, z. 1.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАХТА́НГ I Гаргасал

(?—502),

цар Іберыі (Картлі). Змагаўся за цэнтралізацыю дзярж. улады. Пры ім перабудаваны Тбілісі для перанясення сюды сталіцы з Мцхеты. Вёў працяглую барацьбу з сасанідскім Іранам за незалежнасць Картлі. У 484 узначаліў вялікае антысасанідскае паўстанне грузінаў і армян. Празваны персамі Гаргасалам — «Воўчай галавой» за тое, што насіў шлем з такой выявай. Забіты ў баі з персамі. Груз. народ склаў пра яго песні і вершы.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ДАЛЬ (Арцемій Лук’янавіч) (1767, паводле інш. звестак 1770, 1772, Кіеў — 14.7.1808),

украінскі кампазітар, харавы дырыжор, спявак (тэнар). Вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі (да 1787), у італьян. кампазітара Дж.Сарці. Кіраваў харамі ў Маскве, Кіеве, з 1796 — класам вак. музыкі Харкаўскага калегіума і адначасова губернскімі харамі царк. пеўчых. Аўтар 29 царк. хар. канцэртаў (у некаторых сам выконваў тэнаровыя сола). У яго творах адчуваецца ўплыў укр. нар. песні.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРДЭ́НСКІ ДАГАВО́Р 843 аб падзеле імперыі Карла Вялікага паміж яго ўнукамі, сынамі Людовіка Набожнага. Заключаны ў г. Вердэн. Аформіў канчатковы распад Франкскай дзяржавы (пачаўся ў 814). Паводле дагавора ўладанні на З ад Рэйна (Зах.-Франкскае каралеўства, будучая Францыя) атрымаў Карл Лысы, землі на У ад Рэйна (Усх.-Франкскае каралеўства, будучая Германія) — Людовік Нямецкі, а паласу зямлі па левабярэжжы Рэйна (будучая Латарынгія) і Паўн. Італію — старэйшы ўнук Лотар.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РТЭШСЁЛЁШ (Vértesszöllös),

стаянка эпохі палеаліту за 50 км на З ад Будапешта (Венгрыя). Адзін з найстаражытнейшых археал. помнікаў Еўропы, датуецца часам міндэльскага зледзянення (350 тыс. г. назад). Адкрыта ў 1962. Выяўлены рэшткі гамінідаў, у т. л. фрагмент чэрапа, які спачатку быў аднесены да гома эрэктус. Некаторыя навукоўцы лічаць яго прымітыўнай формай гома сапіенс, якую назвалі гома палеахунгарыкус. Знойдзены прылады з галькі (чоперы) і з крамянёвых адшчэпаў.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬЯНУЭ́ВА ((Villanueva) Карлас Рауль) (30.5.1900, Лондан — 16.8.1975),

венесуэльскі архітэктар. Скончыў Нац. школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1928). Працаваць пачаў у гіст. стылях, з канца 1940-х г. перайшоў на пазіцыі функцыяналізму. Яго пабудовы вызначаюцца маст. выразнасцю канстр. сістэм, дынамічнасцю кампазіцыі, выкарыстаннем скульптуры, жывапісу, мазаікі (комплексы універсітэцкага гарадка, 1944—57, жылых кварталаў Эль-Параіса, 1952—54 у Каракасе і інш.). Аўтар кнігі «Каракас учора і сёння» (1950).

т. 4, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІХО́Р у атмасферы, віхар,

маса паветра, ахопленая вярчальным рухам вакол рухомай восі. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да некалькіх тысяч кіламетраў. Скорасць ветру можа дасягаць ураганнай сілы (да 100 м/с). Да віхраў адносяць цыклон і яго трапічную разнавіднасць тайфун, тромб і тарнада, смерч. На Беларусі з сак. да вер. зрэдку адзначаюцца смерчы. Меншыя па памерах віхры часта бываюць летам у сухое надвор’е.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА-МАЙСТЭ́РНЯ Ю. ПЭ́НА,

прыватная школа малявання і жывапісу ў Віцебску ў 1898—1918 1897—1918. Створана Ю.Пэнам. У праграму заняткаў уваходзілі: маляванне гіпсавых фігур, з натуры, на пленэры. У школе вучылася ад 10 да 25 чалавек ад 1 да 6 месяцаў. Яе закончылі З.Азгур, Е.Кабішчар, Я.Мінін, М.Шагал, С.Юдовін і інш. У 1907, 1914 адбыліся выстаўкі работ Пэна і яго вучняў.

Л.​Дз.​Налівайка.

т. 4, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧЫ МЕХАНІ́ЗМ,

1) механізм, які непасрэдна выконвае зададзеную тэхнал. аперацыю. Прадвызначае мэтавае прызначэнне рабочай машыны.

2) Прыстасаванне аўтам. сістэмы рэгулявання, якое ажыццяўляе ў адпаведнасці з пададзенымі на яго ўваход сігналамі мех. ўздзеянне на аб’ект рэгулявання. Звычайна складаецца з рухавіка, перадачы (механічнай, гідраўлічнай, пнеўматычнай, электрычнай), элементаў кіравання, кантролю, сігналізацыі, блакіроўкі і адваротнай сувязі. Паводле віду энергіі, якая выкарыстоўваецца, адрозніваюць выканаўчыя механізмы гідраўлічныя, пнеўматычныя, электрычныя і камбінаваныя.

т. 4, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)