ЛЯХО́ВІЧ (Фелікс Юзафавіч) (22.1.1804, г. Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 3.12.1878),

удзельнік рэв. руху 1-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Беластоцкай (1818—20), скончыў Свіслацкую гімназію (1824). Заснаваў і кіраваў тайнымі вучнёўскімі т-вамі «Заране» філарэцкага кірунку — спачатку ў Беластоку (1820, першапач. назва «Згодныя сябры»), потым у Свіслачы (1822). У 1826 арыштаваны, пасля 6-месячнага зняволення ў Бабруйскай крэпасці высланы ў 42-і егерскі полк Каўказскага асобнага корпуса. Удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1828—29 і Каўказскай вайне 1817—64. З 1842 у адстаўцы, выконваў абавязкі акцызнага наглядальніка Оўруцкага пав.

В.​В.​Швед.

т. 9, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л,

помнік архітэктуры позняга класіцызму ў Магілёве. Пабудаваны ў 1902. Фарміруе Прывакзальную пл. з партэрам у цэнтры яе. Пасля Вял. Айч. вайны будынак рэканструяваны. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 невял. прыбудовамі па тарцах. Гал. фасад вылучаны 3 рызалітамі (цэнтр. з гал. уваходам і 2 бакавыя), завершанымі атыкамі; ён прарэзаны вял. арачнымі аконнымі праёмамі (у прыбудовах — прамавугольныя), прасценкі паміж якімі дэкарыраваны руставанымі пілястрамі. Сцены завершаны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. У цэнтры гал. фасада 8-гранны светлавы барабан з невысокай 4-граннай вежай.

В.​М.​Чарнатаў.

Магілёўскі чыгуначны вакзал.

т. 9, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЁМАСНЫ НАЁМ,

у цывільным праве дагавор, паводле якога наймадавец абавязваецца прадаставіць наймальніку маёмасць у часовае карыстанне за плату (гл. Арэнда). Дагавор М.н. паміж грамадзянамі на тэрмін больш за 1 год павінен заключацца ў пісьмовай форме. Тэрмін дагавору вызначаецца пагадненнем бакоў, калі заканадаўствам не ўстаноўлена іншае. Калі наймальнік працягвае карыстацца маёмасцю пасля сканчэння тэрміну дагавора пры адсутнасці пярэчанняў з боку наймадаўца, дагавор лічыцца адноўленым на няпэўны тэрмін. Правы і абавязкі бакоў дагавору М.н. вызначаны заканадаўствам. Найб. пашыраным відам М.н. з’яўляюцца бытавы пракат, наём жылля, а таксама арэнда зямельных участкаў (гл. Арэнда зямлі).

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 9, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЖЫНО́ ЛІ́НІЯ»,

сістэма доўгатэрміновых фартыфікацыйных умацаванняў і загарод на паўн.-ўсх. граніцы Францыі. Пабудавана ў 1929—36 (удасканальвалася да 1940) па ініцыятыве ваен. міністра А.​Мажыно. Агульная працягласць па фронце 400 км і на глыб. 6—8 км. Мела з боку граніцы паласу забеспячэння глыб. 4—14 км. У час 2-й сусв. вайны ням. войскі ў маі 1940 ударам праз Бельгію прарвалі фронт франц. арміі на паўн. флангу, дзе буд-ва «М.л.» не было скончана, і выйшлі ў яе тыл. Пасля адыходу франц. палявых армій ад «М.л.», ням. войскі пераадолелі яе на вузкім участку.

т. 9, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСУ́Р,

дзяржава на Пд Індыі ў 14—18 ст. Узнікла ў 1399 як княства — васал Віджаянагара. З 1610 незалежная дзяржава на чале з дынастыяй Вадэяр. У 1761 фактычную ўладу ў М. захапіў военачальнік Хайдар Алі. Пры ім і яго сыне Тыпу Султане [1782—99] М. ператварыўся ў магутную дзяржаву Паўд. Індыі, якая займала ч. тэр. сучасных інд. штатаў Керала, Карнатака, Андхра-Прадэш і Тамілнаду. У выніку 4 англа-майсурскіх войнаў тэр. М. паменшала да памераў Майсурскага плато; адноўлена дынастыя Вадэяр, М. стаў васальным княствам Вялікабрытаніі. Пасля абвяшчэння ў 1947 незалежнасці Індыі М. — адзін з яе штатаў (з 1973 наз. Карнатака).

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛІЯ,

рэшткі горада эпохі бронзы на паўн.-ўсх. узбярэжжы в-ва Крыт (Грэцыя), каля аднайм. паселішча; адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Даследаваны: палац, пабудаваны мінойцамі каля 1900 да н.э., жылыя кварталы горада, некропаль. Сярод знаходак бронзавы меч з дзяржаннем са слановай косці, абкладзеным золатам і завершаны галоўкай з крышталю; кінжал з залатым дзяржаннем; каменная сякера з разным верхнім рабром з выяваю гатовага да скачка леапарда на прывязі. Пасля землетрасення 1750 да н.э. горад быў перабудаваны і існаваў прыблізна да 1450 да н.э.

А.​В.​Лоў.

Бірулькі ў выглядзе 2 пчол. Пахаванне каля Маліі. 2000 да н.э.

т. 10, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЭ́ЛАС, Марэлас-і-Павон (Morelos y Pavón) Хасэ Марыя (30.9.1765, г. Вальядалід, цяпер Марэлія, Мексіка — 22.12.1815), нацыянальны герой Мексікі. Скончыў духоўную семінарыю, быў настаўнікам, вясковым святаром. У 1810 далучыўся да нар. паўстання пад кіраўніцтвам М.Ідальга, (гл. арт. Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). Пасля гібелі Ідальга (1811) М. узначаліў паўстанцаў і ў 1812—13 нанёс паражэнні іспанцам. У вер. 1813 склікаў у Чыльпансінга Нац. кангрэс, які прыняў дэкларацыю аб незалежнасці Мексікі, абвясціў М. генералісімусам і кіраўніком выканаўчай улады краіны. Да канца 1815 ісп. войскі разграмілі паўстанцкую армію, М. узяты ў палон і пакараны смерцю.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ЛЬСКІ ((Massalski) Юзаф Ануфрыевіч) (1800, в. Белічаны Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.пасля 1840),

польскі пісьменнік, удзельнік нац.вызв. руху. З роду Масальскіх, брат Э.Т.А.Масальскага. Канд. філасофіі. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі, скончыў Полацкую езуіцкую) акадэмію (1818). Служыў гувернёрам у Ю.​Славацкага ў Вільні. У 1823 арыштаваны як член тайнага студэнцкага т-ва філаматаў. За ўдзел у паўстанні 1830—31 сасланы ў Сібір. Аўтар аповесці «Яцак» (1823), зб. «Паэзія» (Вільня, т. 1—2, 1827—28), у якіх адбілася бел. тэматыка, папулярных баек, эпіграм, песень, у т. л. «Далібог, скажу маме...», музыку да якой напісаў С.​Манюшка (1842).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ КАМПА́НІЯ, Руская кампанія,

першая англійская гандлёвая кампанія, якая атрымала ў 1554 хартыю свайго ўрада на права манапольнага гандлю з Рас. дзяржавай. Імкнучыся да пашырэння сувязей з краінамі Зах. Еўропы, цар Іван IV даў М.к. права свабодна перамяшчацца і бяспошлінна гандляваць з Рас. дзяржавай, а ў 1569 — права транзітнага гандлю па волжскім водным шляху з краінамі Усходу. М.к. імкнулася манапольна авалодаць рас. рынкам, выцясняючы з яго канкурэнтаў (найперш прадстаўнікоў Галандыі). Спыніла дзейнасць пасля 1649, калі ўрад выслаў з Расіі яе агентаў і інш. англічан у сувязі з пакараннем смерцю англ. караля Карла I.

т. 10, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГІ́ДА (сучаснае гарадзішча Тэль-эль-Мутэсялім на Пн Ізраіля),

старажытны горад і крэпасць на скрыжаванні важных у старажытнасці гандл. шляхоў Пярэдняй Азіі. Узнікненне М. адносяць да сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. Да канца 2-га тыс. да н.э. належаў ханаанеям. У пач. 2-га тыс. да н.э. ў М. знаходзіўся егіпецкі намеснік; у 1502 да н.э. фараон Тутмос III разрабаваў М. У канцы 2-га тыс. да н.э. М. заваяваны ізраільцянамі. Пасля разбурэння ў 732 да н.э. Тыглатпаласарам III тут узнікла асірыйская крэпасць. Да 6—4 ст. да н.э. адносяцца рэшткі персідскага горада.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)