ГА́ЎРЫН (Юрый Васілевіч) (н. 17.1.1943, г.п. Зіядзін Самаркандскай вобл., Узбекістан),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1966), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). Працуе ў галіне манум.-дэкар. мастацтва і жывапісу. Выканаў вітражы для т-ра імя Я.Коласа ў Віцебску (1988), кінатэатра «Цэнтральны» ў Мінску (1990), будынкаў Прамбудбанка і Нац. банка ў Гомелі (1989), Мін-ва абароны Расіі ў Маскве (1993), размалёўку з рэльефам «Медыцына» для Мінскага мед. ін-та (1996). Жывапісныя творы вылучаюцца арыгінальнасцю сюжэтаў, кампазіцыйнай завершанасцю, лірычнасцю: «Аўтапартрэт» (1976), «Батлейка» (1981), «Песня пра Нёман» (1982), «Ля роднага дома» (1985), «Дыялог» (1989), «Памяці Максіма Багдановіча», «Піраміды ў Гізе» (1991), серыя «Белы бераг» (1995—96) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛА (Guatemala),
горад, сталіца Гватэмалы. 1150,5 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж. (1994). Буйны трансп. вузел на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт Ла-Аўрора. Прам-сць: харч., тэкст., гумавая, мэблевая, гарбарна-абутковая, цэм., 5 ун-таў, у т. л. Сан-Карлас (1680). Нац. кансерваторыя. Акадэмія мовы. Акадэмія мед., фіз. і прыродазнаўчых навук. Музеі. Кафедральны сабор (1782—1815); цэрквы Санта-Дамінга і Сан-Францыска. На З рэшткі горада індзейцаў майя. Частыя землетрасенні (найб. разбуральныя ў 1917—18 і 1976).
Горац засн. іспанцамі ў 1524 пад назвай Сант’яга, пазней перайменаваны ў Гватэмалу. З 1776 адм. цэнтр ісп. генерал-капітанства Гватэмала, у 1823—39 сталіца федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1839 сталіца Гватэмалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДА́ БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ,
назва некалькіх бел. маладзёжных арг-цый, якія дзейнічалі незалежна адна ад адной у 1917—21. Ставілі сабе за мэту згуртаванне бел. моладзі вакол нац. ідэі, пашырэнне бел. культуры сярод нар. мас, стварэнне культ.-асв. гурткоў, бібліятэк і інш.Найб. вядомыя: Мінская беларуская вучнёўская грамада (1917—20), Грамада беларускай моладзі ў Гродне (1919—21), Грамада беларускай моладзі ў Вільні (1919—20). У час польск. акупацыі большасць з арг-цый знаходзілася пад уплывам бел. эсэраў і была ў апазіцыі да акупац. улад. Вясной 1920 па ініцыятыве БПС-Р планавалася стварыць адзіную Грамаду беларускай моладзі, быў складзены праект статута новай арг-цыі, але гэтаму перашкодзіла актывізацыя сав.-польскай вайны 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІЯ ФО́НДЫ СПАЖЫВА́ННЯ,
форма размеркавання часткі нац. даходу (прыбытку), якая прызначаецца для ўздзеяння на структуру спажывання з мэтай усебаковага фіз. і духоўнага развіцця асобы. Як правіла, грамадскія фонды спажывання размяркоўваюцца паміж працоўнымі па-за прамой сувяззю з іх прац. укладам. Як спецыфічны від размеркавання грамадскія фонды спажывання выконваюць наступныя функцыі: задавальняюць найб. прыярытэтныя для грамадства і асоб патрэбы ў адукацыі, ахове здароўя, культуры, жыллі, адпачынку; выраўноўваюць рэальныя даходы сем’яў з рознай колькасцю непрацаздольных членаў, ствараюць прыблізна аднолькавыя ўмовы для развіцця здольнасці да працы; матэрыяльна забяспечваюць часова ці пастаянна непрацаздольных членаў грамадства. Ва ўмовах Рэспублікі Беларусь большая частка грамадскіх фондаў спажывання размяркоўваецца цэнтралізавана: праз дзярж. бюджэт, сац. страхаванне, цэнтралізаваныя фонды сац. забеспячэння і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́НКІ ((Gronchi) Джавані) (10.9.1887, г. Пантэдэра, Італія — 17.10.1978),
палітычны і дзярж. дзеяч Італіі. Адзін з заснавальнікаў каталіцкай італьян.Нар. партыі (1919—23). Дэп. парламента (з 1919). У 1922—23 сакратар мін-ва прам-сці і гандлю ў 1-м кабінеце Б.Мусаліні. У 1924 — 25 чл. Авенцінскага блока апазіц. антыфаш. партый. У пач. 1925 пазбаўлены дэпутацтва фаш. ўладамі, адышоў ад палітыкі. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення, прадстаўнік Хрысц.-дэмакр. партыі (ХДП) у Камітэце нац. вызвалення (1943—44). Пасля вайны лідэр левага крыла ХДП. У 1944—46 міністр прам-сці. Чл. (1946—55) і старшыня (1948—55) палаты дэпутатаў. У 1955—62 прэзідэнт Італіі, пасля — пажыццёвы сенатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ТГЕР ((Grottger) Артур) (11.11.1837, в. Атыневічы Львоўскай вобл., Украіна — 13.12.1867),
польскі жывапісец і графік, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Львове ў Я.Машкоўскага і Ю.Косака (1848—52), Кракаўскай школе прыгожых мастацтваў (1852—54), Венскай АМ (1855—58). Напачатку пісаў акварэллю батальныя і жанравыя сцэны, пазней — гіст. кампазіцыі, партрэты, карыкатуры. У работах — элементы акадэмізму, містычная сімволіка, тэатр. пафас: цыклы кардонаў «Варшава I» (1861), «Варшава II» (1862), «Палонія» (1863), «Літуанія» (1864—66; абедзве прысвечаны паўстанню 1863—64), аўтапартрэт (1867), жывапісныя творы «Пераход праз мяжу» (1865), «Развітанне», «Паход у Сібір» (абедзве 1866) і інш. Аўтар цыкла «Вайна» (1866—67), у якім карціны нац. трагедыі і нар. гераізму.
Н.К.Мазоўка.
А.Гротгер. Пушча. З графічнага цыкла кардонаў «Літуанія». 1866.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБ (Мечыслаў Іванавіч) (н. 28.9.1938, в. Савічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь. Брат С.І.Грыба. Ген.-лейт. міліцыі (1992). Скончыў Львоўскае пажарна-тэхн. вучылішча (1959), БДУ (1967). З 1959 інспектар міліцыі Пліскага райвыканкома Віцебскай вобл. У 1962—81 у органах унутр. спраў Віцебска і Віцебскай вобл. З 1981 нач. Упраўлення аховы грамадскага парадку МУСБССР, з 1985 нач. упраўлення ўнутр. спраў Віцебскага аблвыканкома. З 1990 нар. дэпутат Рэспублікі Беларусь, чл. Прэзідыума Вярх. Савета, старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях нац. бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. У студз. 1994 — студз. 1996 Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Аўтар кн. «Беларусь на шляхах незалежнасці» (1994), «На гістарычным скрыжаванні» (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т СУЧА́СНЫХ ВЕ́ДАЎ.
Недзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова. Засн. ў 1990 у Мінску пры БДУ. З 1993 самаст.ін-т. У 1997/98 навуч.г. ф-ты: эканам., фін., камерцыйнай дзейнасці, камерцыйнае права, інфарматыкі, гуманіт., прадзюсерскі, педагогікі і псіхалогіі, мастацтва, падрыхтоўкі замежных грамадзян. На ўсіх ф-тах вядзецца паглыбленае вывучэнне замежнай мовы, псіхалогіі і персанальных ЭВМ. Навучанне дзённае і завочнае, платнае. Аспірантура з 1996. Мае інфарм.-выліч. цэнтр і навуч. цэнтр падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў, н.-д. і рэдакцыйна-выдавецкі аддзелы. Выдае падручнікі, метадычныя распрацоўкі, з 1997 час. «Пегас». У ін-це працуе чл.кар.Нац.АН Беларусі А.М.Шырокаў (рэктар з 1990). Філіялы ў Брэсце, Віцебску, Гродне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ТЭХНАЛО́ГІІ МЕТА́ЛАЎНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1992 у Магілёве на базе Магілёўскага аддзялення Фіз.-тэхн. ін-та АН Беларусі (існавала з 1970). У ін-це (1998): 6 лабараторый, 1 аддзел, аспірантура.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: цеплафізіка і распрацоўка тэарэт. асноў кіравання працэсамі фарміравання структуры і ўласцівасцей металаў і сплаваў пры крышталізацыі і зацвердзяванні з мэтай стварэння новых матэрыялаў і тэхнал. працэсаў іх атрымання і ўмацавання. Распрацаваны тэхнал. працэсы і абсталяванне бесперапыннага гарыз. ліцця профільных загатовак металаў і сплаваў, полых загатовак з розных марак чыгуну метадам накіраванага зацвердзявання, адлівак тыпу крацістых панэлей і палос у ротарна-прахадныя крышталізатары. У ін-це працаваў акад.Нац.АН Беларусі Г.А.Анісовіч (да 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПСІЛА́НЦІ (Аляксандр Канстанцінавіч) (12.12.1792, г. Стамбул — 19.1.1828),
дзеяч грэч.нац.-вызв. руху. Князь, ген.-маёр рас. арміі (1817). У вайну 1812 удзельнічаў у бітвах каля Клясціц і Полацка, у час замежных паходаў рас. арміі 1813—14 падпалк. Гродзенскага гусарскага палка І. вызначыўся ў бітвах каля Баўтцэна і Дрэздэна. З 1816 ад’ютант цара Аляксандра І. У крас. 1820 узначаліў грэч. тайнае т-ва «Філікі Этэрыя», якое мела на мэце вызваленне Грэцыі ад асманскага прыгнёту. У лют. 1821 з невял. атрадам уступіў у Малдавію, дзе ўзначаліў антытур. паўстанне, якое стала сігналам да пачатку Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. 19.7.1821 войскі І. разбіты туркамі пад Драгашанамі; уцёк у Аўстрыю, дзе арыштаваны ўладамі. Вызвалены ў 1827.