ФАБРЫ́ЧНА-ЗАВО́ДСКІЯ КАМІТЭ́ТЫ (ФЗК), фабзаўкомы,

выбарныя масавыя органы пралетарыяту прамысл. прадпрыемстваў і транспарту ў 1917—18. Узніклі пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Іх правобразамі былі стачачныя к-ты, камісіі ўпаўнаважаных, дэлегацкія сходы перыяду 1-й рас. рэвалюцыі 1905—07. Існавалі паралельна з прафесійнымі саюзамі і ахоплівалі рабочых розных прадпрыемстваў. ФЗК выбіралі на агульных сходах рабочых і служачых. Першыя ФЗК створаны на казённых з-дах Петраграда. Да мая 1917 арганізаваны на ф-ках і з-дах Масквы, Харкава, Кіева, Екацярынаслава і інш. На Беларусі пачалі стварацца. паводле рашэння Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 8(21).3.1917. На працягу крас.—мая 1917 ФЗК узніклі на многіх прадпрыемствах Мінска, Віцебска, Барысава, Бабруйска, Оршы і інш. Гал. іх задачай было ажыццяўленне рабочага кантролю за вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі. Явачным парадкам яны ўводзілі 8-гадзінны працоўны дзень, бралі пад свой кантроль прыём і звальненне рабочых, ахову прадпрыемстваў, клапаціліся пра забеспячэнне рабочых харч. прадуктамі. Без згоды фабзаўкомаў распараджэнні адміністрацыі лічыліся несапраўднымі. Паўсюднае стварэнне фабзаўкомаў і павелічэнне іх ролі прымусілі Часовы ўрад прызнаць іх і 23.4(7.5).1917 выдаць закон «Аб рабочых камітэтах на прамысловых прадпрыемствах». Да кастр. 1917 гар. і раённыя аб’яднанні ФЗК існавалі больш чым у 50 прамысл. цэнтрах Расіі. ФЗК актыўна ўдзельнічалі ў Кастр. рэвалюцыі 1917: пасылалі сваіх прадстаўнікоў у ВРК, прымалі ўдзел у фарміраванні атрадаў Чырв. гвардыі, разам з прафсаюзамі ўдзельнічалі ў ліквідацыі эканам. разрухі і голаду, ажыццяўлялі дэкрэты сав. улады аб нацыяналізацыі прам-сці, банкаў, транспарту і інш. Паводле рашэння 1-га Усерас. з’езда прафсаюзаў (студз. 1918) і 6-й канферэнцыі ФЗК Петраграда (лют. 1918) адбылося канчатковае зліццё ФЗК і прафсаюзаў.

А.​М.​Сасім.

т. 16, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАКІ́ЙЦЫ,

агульная назва асобнай групы плямён індаеўрапейскай сям’і, якія ў 2-м тыс. да н.э. засялялі паўн.-ўсх. частку Балканскага п-ва і ПнЗ М.​Азіі (бесы, геты, дакі, меды, одрысы і інш.). Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй (пераважна конегадоўляй), апрацоўкай металаў, вытворчасцю керамікі. У 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. ўсталявалі сувязі з грэч. калоніямі (Абдэра, Візантый і інш.) і з Баспорам. У канцы 6 ст. да н.э. падпарадкаваны Дарыем I Вялікім. Пасля разгрому персаў сталі незалежнымі. Напярэдадні Пелапанескай вайны цар одрысаў Сіталк аб’яднаў большасць фракійскіх плямён. У 342 да н.э. паўд.-фракійскія плямёны заваяваны македонскім царом Філіпам II. З 323 да н.э. пад уладай аднаго з дыядохаў Лісімаха, пасля смерці якога (281 да н.э.) дамагліся незалежнасці. З канца 3 ст. да н.э. ўзбярэжжа Фракіі знаходзілася пад уладай Пталамеяў, потым Македоніі, з-пад уплыву якой Ф. выйшлі ў 168 да н.э. У пач. 1 ст. да н.э. ўвайшлі ў саюз з Мітрыдатам VI Еўпатарам, а пасля яго смерці трапілі пад уплыў рымлян. У 2-й пал. 1 ст. да н.э. ўзніклі буйныя аб’яднанні паўн.-фракійскіх плямён гетаў і дакаў. З 1 ст. н.э. тэр. Ф. у складзе Рым. імперыі, у часы праўлення дынастый Юліяў—Клаўдзіяў ператворана ў рым. правінцыю Фракія. У эпоху Вялікага перасялення народаў Ф. змяшаліся з інш. плямёнамі і сталі састаўной часткай пры фарміраванні сучасных народаў (балгар, румынаў і інш.) і пакінулі след у слав. і раманскіх мовах.

Літ.:

Данов Х.М. Древна Тракия. София. 1968: Древние фракийцы в Северном Причерноморье. М., 1969;

Златковская Т.Д. Возникновение государства у фракийцев VII—V вв. до н.э. М., 1971;

Никулицэ И.Т. Северные фракийцы в VI—I вв. до н.э. Кишинев, 1987.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНКЦЫЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. functio выкананне),

кірунак у архітэктуры 20 ст., засн. на сцвярджэнні першаснасці функцыі (утылітарна-практычнага прызначэння) твора архітэктуры адносна яго формы. Асновы Ф. (прынцып мэтазгоднасці планіровачных вырашэнняў, формы і канструкцыі) закладзены ў 2-й пал. 19 ст. (тэарэтыкі Дж.Рэскін, У.Морыс і інш.) у процівагу эклектыцы. У канцы 19 ст. арх. Л.Г.Салівен выступіў з устаноўкай «форму вызначае функцыя». У 1920-я г. прынцыпы функцыянальнасці распрацоўвалі арх. Ле Карбюзье, архітэктары «Баўгаўза». Ф. набыў характар т.зв. міжнар. стылю. У 1930-я г. архітэктары Фінляндыі (А.Аалта), Швецыі (С.Г.Маркеліус), Бразіліі (О.Німеер), пазней і Японіі (Кэндзо Тангэ) распрацоўвалі прыёмы Ф. ў адпаведнасці з нац. спецыфікай сваіх краін. Пасля 2-й сусв. вайны пры аднаўленні зруйнаваных гарадоў Ф. адрадзіўся, але адзінства яго міжнар. стылю распалася. Шэраг прыёмаў збліжае Ф. з канструктывізмам у сав. архітэктуры (браты Весніны, М.​Гінзбург і інш.). Для Ф. характэрны: жылыя комплексы на свабодных тэрыторыях, заніраванне тэр. з вылучэннем прасторы для кожнай функцыі (жыллё, работа, адпачынак, транспарт і інш.), тыпізацыя і індустрыялізацыя буд-ва, стварэнне маламетражных («мінімальных») кватэр. Забудова была невыразная, грамадскія цэнтры і вял. будынкі вылучаліся кантрастамі жалезабетону і шкла, стужачнымі вокнамі, спалучэннем геам. аб’ёмаў. З Ф. звязана развіццё дызайну. У архітэктуры Беларусі ў 1920—30-я г. выпрацоўваліся новыя функцыян., канстр., эканам. і эстэт. вырашэнні, напр., Віцебскі дом-камуна, Гомельскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў, будынак Нац. б-кі Беларусі ў Мінску і інш. Будынкам гэтага кірунку ўласцівы стрыманасць арх. форм, строгая трактоўка фасадаў, эканамічнасць.

Літ.:

Фремптон К. Современная архитектура: Пер. с англ. М., 1990;

Хан-Магомедов С.О. Архитектура советского авангарда. Кн. 1—2. М., 1996—2001.

С.​А.​Сергачоў.

Функцыяналізм. Праект дома Цэнтрасаюза ў Маскве. Архітэктар Ле Карбюзье. 1928—35.

т. 16, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТАЛО́ГІЯ (ад цыта... + ...логія),

навука пра клетку. Вывучае будову і функцыі тканкавых клетак у мнагаклетачных арганізмаў, аднаклетачныя арганізмы і ядзерна-цытаплазматычныя комплексы, не падзеленыя на клеткі (сімпласты, сінцытыі, плазмодыі). Клетка — асн. структурна-функцыян. адзінка жывога, таму працэсы і заканамернасці, што даследуе Ц., — аснова працэсаў, якія вывучае гісталогія, анатомія, эмбрыялогія, фізіялогія, генетыка, біяхімія, малекулярная біялогія і інш. У шэрагу раздзелаў Ц. — карыясістэматыка, радыяцыйная Ц., імунацыталогія, цытапаталогія, клетачная інжынерыя і інш.

Вывучэнне клетак з дапамогай мікраскопа пачалося ў 2-й пал. 17 ст. (Р.Гук, А.Левенгук, М.Мальпігі). Адно з найважн. дасягненняў — стварэнне клетачнай тэорыі (1839). Удасканаленне мікраскопа прывяло ў 2-й пал. 19 ст. да адкрыцця арганоідаў цытаплазмы і ролі ядра ў працэсе мітатычнага дзялення клеткі. Даследаванні ролі храмасом у спадчыннасці і вызначэнні полу далі ў пач. 20 ст. пачатак цытагенетыцы. З 1950-х г. развіццё Ц. звязана з выкарыстаннем электроннага мікраскопа, метадаў колькаснай цытахіміі, культывавання тканкавых клетак па-за арганізмам і інш.

На Беларусі даследаванні па Ц. пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ (П.А.Маўрадыядзі). Асн. цэнтры: Ін-т генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі, НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў, БДУ, Мінскі і Віцебскі мед. ун-ты, Гродзенскі мед. ін-т, Гомельскі ун-т, Віцебская акадэмія вет. медыцыны, Горацкая с.-г. акадэмія. Вывучаюцца агульныя заканамернасці арганізацыі клетачных структур і ўнутрыклетачных працэсаў, унутрыклетачных рэгулятарных механізмаў цэласнай клеткі, механізмы рэалізацыі генет. інфармацыі на розных этапах антагенезу і інш.

Літ.:

Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970;

Заварзин А.А. Основы частной цитологии и сравнительной гистологии многоклеточных животных. Л., 1976;

Ченцов Ю.С. Общая цитология. 2 изд. М., 1984;

Збарский И.Б., Кузьмина С.Н. Скелетные структуры клеточного ядра. М., 1991.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ ВАЙНА́,

умоўная назва вайны, у якой гал. сродкам паражэння з’яўлялася б ядз. зброя. Першая дактрына Я.в. прынята ў ЗША адразу пасля заканчэння 2-й сусв. вайны ў сувязі з аснашчэннем іх узбр. сіл ядз. зброяй; знайшла адлюстраванне ў афіц. стратэг. канцэпцыях ЗША і НАТО. Ваен. дактрына СССР у пасляваен. перыяд таксама прадугледжвала вырашальную ролю ракетна-ядз. зброі ў вайне.

Напачатку абодва бакі разглядалі магчымасць усеагульнай Я.в., якая мела б неабмежаванае, масіраванае і сканцэнтраванае паводле часу выкарыстанне ўсіх відаў ядз. зброі ў спалучэнні з інш. сродкамі барацьбы. У вайну такога маштабу прама або ўскосна маглі б уцягнуцца многія дзяржавы свету. а яе вынікі (т.зв. «ядзерная зіма». «ядзерная ноч») маглі б пашырацца на ўвесь зямны шар. што з’явілася б прамым шляхам да знішчэння чалавечай цывілізацыі, глабальнай экалагічнай катастрофы. У 2-й пал. 1950-х г. у ЗША распрацавана канцэпцыя абмежаванай ядз. вайны. 3 пач. 1970-х яна стала разглядацца як узбр. проціборства з выкарыстаннем розных відаў зброі, у т. л. тактычнай і аператыўна-тактычнай ядз. зброі, выкарыстанне якой абмяжоўвалася па маштабах, раёнах прымянення і відах ядз. сродкаў. Лічылася, што такая вайна магчыма толькі на працягу кароткага перыяду на некат. тэатрах ваен. дзеянняў з выкарыстаннем ядз. зброі для знішчэння важнейшых ваен. і ваен.-эканам. аб’ектаў. Але і яна нясе вялікую небяспеку распаўсюджвання радыеактыўных прадуктаў на вял. адлегласці і магчымасць перарастання яе ва ўсеагульную Я.в.

Міралюбівыя сілы ва ўсіх краінах выступаюць за прадухіленне любой формы Я.в., умацаванне рэжыму нераспаўсюджвання ядз. зброі і яе забарону ў далейшым.

Літ.:

Кононов Л. О проблеме ядерной опасности в современном мире // Воен. мысль. 2001. № 1;

Супряга А.В. О войнах XXI века // Воен. мысль. 2002. № 6.

т. 18, кн. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВІ́Н Аляксей Міхайлавіч (н. 12.1.1951, в. Сямігосцічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (2003). Скончыў БДУ (1973). З 1975 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ, з 1987 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (заг. аддзела гісторыі Беларусі перыяду Вял. Айч. вайны, з 1991 — аддзела ваен. гісторыі Беларусі). Даследуе гісторыю Беларусі перыяду 1-й і 2-й сусв. войнаў, падп. і партыз. барацьбу, ваен. буд-ва на Беларусі, праблемы калабарацыянізму ў час войнаў, пытанні міжнац. адносін. Адзін з аўтараў выдання «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1, 1983) і складальнікаў зб. дакументаў і матэрыялаў «Усенародны партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (чэрвень 1941—ліпень 1944)» (т. 3, 1982), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995), «Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: Праблемы гістарыяграфіі і крыніцазнаўства» (1999).

Тв.:

Армія Краёва на Беларусі // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1, 4;

«Белые пятна» второй мировой: Пол.-нем. контакты на территории Беларуси и Виленщины в отражении нем. док. // Нёман. 1995. № 2;

Акупацыя Беларусі (1941—1944): пытанні супраціву і калабарацыі. Мн., 2000;

Антысавецкія ваенна-паліцэйскія фармаванні на тэрыторыі Беларусі ў другой сусветнай вайне: стан і перспектывы даследавання // Гіст. альм. 2001. № 4;

Революция 1917 г. и создание белорусских военных формирований // Реформы и революции в России в XX веке. М., 2001. К вопросу о количестве людских потерь Беларуси в годы Великой Отечественной войны (1941—1945 гг.) // Беларусь у XX стагоддзі. Мн., 2002. Вып. 1;

Местная вспомогательная полиция на территории Беларуси (июнь 1941—июль 1944 гг.) // Беларусь у XX стагоддзі. Мн., 2003. Вып. 2.

т. 18, кн. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ 1812, Айчынная вайна 1812,

абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.

У 1810-я г. франц. імператар Напалеон I Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.

Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр I з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх. ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр I аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.

У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус. зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс. чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс. чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс. чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс. чал.) — П.​К.​Эсена каля Рыгі, П.​І.​Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.​Ф.​Эртэля каля Мазыра.

21.4.1812 Аляксандр I выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.​Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр I па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл. Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.​Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.​Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл. Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.

Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.

У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл. Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.​Рэнье (гл. Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.​Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл. Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.​Віктора і П.​Ф.​Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл. Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.​Касінскага.

Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.

Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс. чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр I прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс. чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.

Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс. чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.​Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.

Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс. чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс. чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.​І.​Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра I у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.

Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр I адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).

Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн. руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.

У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.

Літ.:

Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;

Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;

Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г. М., 1992.

В.​В.​Антонаў.

Да арт. Вайна 1812. Атака данскіх казакаў М.​І.​Платава каля Нясвіжа. Чэрвень 1812. Хромалітаграфія 1912.
Да арт. Вайна 1812. Пераправа рускай арміі цераз Нёман у снежні 1812.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́ШАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 2—3-й чвэрці 2-га тыс. да н.э. насялялі лясныя і лесастэпавыя вобласці Сярэдняга Паволжа, Падоння і Паўд. Урал. Назва ад могільніка каля в. Абашава (Чувашыя). Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, жыло на адкрытых і ўмацаваных паселішчах у вялікіх (даўж. да 30—40 м) дамах. Пахавальны абрад — падкурганнае трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым (на спіне) становішчы. Характэрны керамічны посуд звона- і слоікападобнай формы з геам. арнаментам і дамешкамі ў гліне ракавінак. Плямёны Абашаўскай культуры першыя пачалі распрацоўку ўральскіх радовішчаў медзі, з імі звязваюць з’яўленне ў стэпах Еўразіі калясніц. Шмат даследчыкаў лічаць Абашаўскую культуру культ.-гіст. агульнасцю і вылучаюць у ёй шэраг археал. культур.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГА (Braga),

горад на ПнЗ Партугаліі. Адм. ц. акругі Брага. 90,5 тыс. ж. (1991). Традыц. цэнтр тэкст. (пераважна баваўнянай), гарбарна-абутковай, харч. (у т. л. вытв-сць цукру і шакаладу), дрэваапр., хім. прам-сці. Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі. Адліўка царк. званоў. Гандл. цэнтр с.-г. раёна. Музей. Арх. помнікі 11—18 ст.

Засн., верагодна, карфагенянамі ў 296 да н.э., пазней стараж.-рымскі г. Бракара Аўгуста, сталіца рым. правінцыі Лузітаніі. У 5—6 ст. пад уладай свеваў, якія ліквідавалі рым. панаванне, з 585 у складзе дзяржавы вестготаў. У 716 заваявана арабамі, з 1040 у складзе Кастыліі. У 1-й пал. 12 ст. паліт. цэнтр Партугаліі, з 1104 рэзідэнцыя партуг. архібіскупаў.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЙЦАЎ Якуб (Якаў Раманавіч; 19.2.1861, в. Забялышын Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 2.3.1931),

рускі пісьменнік. Скончыў Клімавіцкае пав. вучылішча. З 2-й пал. 1880-х г. у Маскве. З 1900 на радзіме. Літ. дзейнасць пачаў у 1880-я г. У аповесці «Няўдашачка Анюта» (нап. 1887) непрыняцце бездухоўнасці існуючага ладу. Пра побыт, працэсы сац. расслаення ў бел. вёсцы канца 19 ст. аповесць «Багацеі» (1889). Раман «Сярод балотаў і лясоў» (нап. 1913—16) пра 1905, дзейнасць атрада рэвалюцыянера-экспрапрыятара А.​Савіцкага. Аўтар камедыі «Цыганова бяда» (нап. 1905). Рукапісы Брайцава ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва Беларусі.

Тв.:

Бел. пер. — Дудалёва лаза // Беларусь. 1966. № 9.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)