K-МЕЗО́НЫ,

група нестабільных элементарных часціц з нулявым спінам і адрознай ад нуля дзіўнасцю. Выяўлены ў. касм. прамянях ў 1947—51, атрыманы з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц у 1954.

Належаць да адронаў; удзельнічаюць у моцных узаемадзеяннях; складаюцца з K (маса спакою 493,68 МэВ, сярэдні час жыцця 1,238∙10​−8 с, дзіўнасць +1), K° (497,6 МэВ, дзіўнасць +1) і адпаведных ім антычасціц K​ і K° (дзіўнасць -1); утвараюць 2 ізатапічныя дублеты з ізатапічным спінам 1/2. Пры распадах К-м., абумоўленых слабымі ўзаемадзеяннямі, у 1964 выяўлена парушэнне СР-сіметрыі (гл. Камбінаваная інверсія).

І.​С.​Сацункевіч.

т. 8, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся на ўзвышаным левым беразе р. Дняпро на месцы гарадзішча летапіснай Копысі. Быў ваен.-адм. цэнтрам стараж. горада. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі і разбурэнні. У час Паўн. вайны 1700—21 рус. войскі ў 1707 спалілі замкавыя ўмацаванні і забралі ўсю зброю з арсенала. Паводле інвентароў Копысі за 1726—73, замак меў 4 бастыёны, драўляныя сцены, уязную вежу-браму з двайнымі варотамі і магутнымі запорамі. Пасля 1772 умацаванні К.з. не аднаўляліся і з цягам часу зніклі.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СМАЧ (Генадзь Аркадзевіч) (н. 7.7.1953, в. Асташкі Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1990), праф. (1991), чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі. Скончыў БДУ (1976). З 1993 заг. кафедры ўсеагульнай гісторыі Бел. пед. ун-та. Даследуе барацьбу кампартыі Аўстрыі супраць фашызму ў 1920-я г., ролю рабочага класа і паліт. партый Веймарскай рэспублікі, сав.-герм. і бел.-герм. адносіны ў найноўшы час. Аўтар прац «Крызіс германскага лібералізму ў гады Веймарскай рэспублікі» (1989), «Трагедыя куміраў рэвалюцыі» (1994, з А.​Космач), сааўтар навуч. дапаможніка для школ «Сусветная гісторыя навейшага часу» (кн. 1—2, 1993).

т. 8, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЕР ((Kruger) Паўлус) (10.10.1825, Ваалбанк каля г. Колсберг, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 14.7.1904),

паўднёваафрыканскі дзярж. дзеяч. З 1864 ген. камендант рэспублікі Трансвааль. Пад яго кіраўніцтвам у 1880 паўсталі афрыканеры (буры) Трансвааля і Аранжавай рэспублікі, якія ў 1881 дамагліся ад англічан прызнання сваёй незалежнасці. У 1883—1902 прэзідэнт Трансвааля. Імкнуўся абараніць бурскую рэспубліку ад калан. экспансіі Вялікабрытаніі. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 пасля акупацыі англічанамі сталіцы Трансвааля г. Прэторыя (чэрв. 1900), намагаўся знайсці падтрымку нац.-вызв. барацьбы бураў у краінах Еўропы. Ініцыятар стварэння нац. парку на У Трансвааля (1898). Аўтар мемуараў (1902).

т. 8, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́БЕЛ,

у беларусаў бандарны выраб для захоўвання адзення, даматканага палатна, каштоўных рэчаў. К. рабілі з доўгіх (да 120—140 см) асінавых ці хваёвых клёпак, якія расстаўлялі вакол круглага, радзей эліпсоіднага днішча і сцягвалі 4—7 абручамі. Дзве больш доўгія процілеглыя клёпкі, што выступалі зверху, утваралі вушкі (былі К. і без іх). Неабходны элемент К. — накрыўка (простая ці з векам), якая заціскалася зверху засаўкай, прасунутай праз вушкі; на адным канцы цуркі часам была проразь для замка. К. быў неабходным атрыбутам вясельнай абраднасці і шырока ўжываўся да пач. 20 ст. У наш час трапляецца эпізадычна.

В.​С.​Цітоў.

т. 8, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРА́ЎЦАЎ (Іван Фёдаравіч) (н. 28.6.1922, в. Сыцянец Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік, крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1954). Скончыў БДУ (1948). У 1947—88 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Беларусь», Ін-це педагогікі, Белдзяржфілармоніі, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Друкуецца з 1947. Аўтар манаграфіі «Кузьма Чорны: Ідэі і вобразы ў творчасці» (1956), артыкулаў пра творчасць К.​Чорнага, Я.​Коласа, З.​Бядулі, П.​Глебкі, А.​Гурло і інш. Раман «Разгневаная зямля» (1984) пра барацьбу мінскіх патрыётаў супраць ням.-фаш. захопнікаў. Сааўтар (з У.​Агіевічам) школьных падручнікаў па бел. л-ры.

т. 8, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КУ́ЗНІЦА»,

літаратурная група ў Маскве ў 1920—31. Засн. паэтамі, якія выйшлі з Пралеткульта (В.​Александроўскі, М.​Герасімаў, В.​Казін, У.​Кірылаў, С.​Абрадовіч, М.​Палятаеў, С.​Родаў і інш.). Знаходзілася ў рамках вульгарна-сацыялагічных уяўленняў Пралеткульта аб шляхах развіцця новай паслякастр. культуры. Найб. ўвагу аддавала паэт. практыцы, маст. майстэрству. Паэзія «К.» — характэрны прыклад пралет. рамант. лірыкі перыяду ваен. камунізму. У якасці праграмных вылучала раманы «Цэмент» Ф.​Гладкова. і «Доменная печ» М.​Ляшко. У 1931 улілася ў Рас. асацыяцыю пралет. пісьменнікаў. Выпускала час. «Кузница» (1920—22), «Рабочий журнал» (1924—25) і інш.

т. 8, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІ́Н (Мікалай Васілевіч) (18.12.1890, г. Сярдобск Пензенскай вобл., Расія — 1987),

расійскі графік Нар. маст. Расіі (1972). Чл.-кар. АМ СССР (1967). Скончыў Рысавальную школу ў Пецярбургу (1914), вучыўся ў Петраградскай АМ (1922—24). Супрацоўнічаў з час. «Весы» (1909), «Аполлон» (1910), «Сатирикон» (1912—14). Свабодныя па манеры малюнкі, часам падфарбаваныя акварэллю, тонка перадаюць эмацыянальны лад літ. твораў: «Яўген Анегін» А.​Пушкіна (1933), «Тэатр» А.​Мюсэ (1934), «Маскарад» М.​Лермантава (1949), «Ляўша» М.​Ляскова (1955, 1961), «Думкі і афарызмы» Казьмы Пруткова (1962), «Малалетні Вітушышнікаў» Ю.​Тынянава (1966) і інш.

М.Кузьмін. Ілюстрацыя да рамана А.​Пушкіна «Яўген Анегін». 1933.

т. 8, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛААКО́АН, Лаакоант,

у старажытнагрэч. міфалогіі траянскі прадракальнік, або жрэц. Паводле пашыранага міфа, у час Траянскай вайны Л. разам з двума сынамі быў забіты двума марскімі змеямі за тое, што насуперак волі багіні Афіны намагаўся не дапусціць прыняцця траянцамі ў дар ад грэкаў драўлянага каня, у якім схаваліся грэч. воіны (гл. таксама Траянскі конь), і папярэджваў суайчыннікаў аб каварстве ворагаў. Міф пра Л. адлюстраваны ў ант. л-ры і выяўл. мастацтве. Найб. вядома мармуровая група «Лаакоан» родаскіх скульптараў Агесандра, Атэнадора і Палідора.

Лаакоан. Мармур. Скульптары Агесандр, Палідор і Атэнадор. Каля 50 да н.э.

т. 9, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМА́НСКІ (Уладзімір Іванавіч) (8.7.1833, С.-Пецярбург — 2.12.1914),

расійскі гісторык, славіст. Акад. Пецярбургскай АН (1900). Д-р гіст. н. (1871). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1854), у 1865—99 дац., праф. у ім. Вучань І.І.Сразнеўскага. Актыўны дзеяч этнагр. аддзялення рускага геагр. т-ва, рэдактар (з 1890) яго час. «Живая старина». У 1875—78 адзін з лідэраў слав. руху ў Расіі. З пазіцый панславізму вывучаў гісторыю, філалогію і этнаграфію славян. Аўтар прац «Вывучэнне славянства і руская народная самасвядомасць» (1867), «Аб гістарычным вывучэнні грэка-славянскага свету ў Еўропе» (1871), «Славянскае жыціе святога Кірылы...» (1903—04) і інш.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)