ІСПА́НСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ НА́РТЫЯ (El Partido Socialista Obrero Español; ІСРП),
палітычная партыя левага кірунку ў Іспаніі. Засн. ў 1879 П.Іглесіясам. Прапанавала радыкальную праграму грамадскага пераўтварэння (пераход паліт. улады ў рукі працоўных, аграмаджванне сродкаў вытв-сці, стварэнне бяскласавага грамадства), якую прадугледжвалася ажыццявіць парламенцкімі сродкамі. Ініцыятар стварэння Усеагульнага саюза працоўных (1888). Мела вял. ўплыў у многіх рэгіёнах Іспаніі, у т. л. ў Мадрыдзе. Прыхільнікі рэв. метадаў барацьбы ў 1921—22 пакінулі ІСРП і стварылі Камуніст. партыю Іспаніі. У 1930-я г. ІСРП — адна з гал.паліт. сіл краіны (у 1931 атрымала 24% месцаў у картэсах). У 1931—33 падтрымала ўрад М.Асаньі. Адна з заснавальніц Нар. фронту (1936). У 1936—39 прадстаўнікі ІСРП Ф.Ларга Кабальера і Х.Легрын узначальвалі рэсп. ўрады. Пасля 1939 дзейнічала ў эміграцыі, з 1960-х г. актывізавала нелегальную дзейнасць у Іспаніі. З 1977 легалізавана, гал. апазіцыйная партыя. У 1978 прыняла с.-д. праграму (падтрымка парламенцкай дэмакратыі, шматукладнай эканомікі, актыўнай сац. палітыкі дзяржавы). З 1982 правячая партыя, у 1982—89 мела абс. большасць у картэсах, з 1993—45% месцаў. З 1974 ген. сакратар Ф.Гансалес Маркес (у 1982—96 быў прэм’ер-міністрам).
Літ.:
Данилевич И.В. Социалистические партии Испании и Португалии (1973—1979). М., 1984;
Яго ж. Испытание властью: Исп. соц. раб. партия в 80-е гМ., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ТНАЯ ДАРО́ГА,
збудаванне для транспартавання грузаў і пасажыраў у падвесных ваганетках (цялежках, крэслах, кабінах), якія рухаюцца па стальных канатах, нацягнутых паміж апорамі. Бываюць грузавыя, пасажырскія і камбінаваныя, 2- і 1-канатныя, з кальцавым і маятнікавым рухам ваганетак. Будуюць у горных, перасечаных і інш. цяжкадаступных мясцовасцях, гарадах, перагружаных наземным транспартам.
Грузавыя К.д. звычайна 2-канатныя з кальцавым рухам ваганетак. Вугал пад’ёму да 30° і больш, скорасць да 3,3 м/с і больш. Выкарыстоўваюцца ў гарнаруднай, металургічнай, хім. і інш. галінах прам-сці. Пасажырскія К.д. бываюць 2-канатныя з маятнікавым і кальцавым рухам вагонаў (на 12—100 або 4 чал.) і 1-канатныя (звычайна кальцавыя) з жорстка замацаванымі 1- або 2-меснымі сядзеннямі. Вышыня пад’ёму да 3 км, скорасць руху 1,5—11 м/с. У горнай мясцовасці пашыраны 1-канатныя буксіровачныя К.д. для гарналыжнікаў. Бываюць і наземныя К.д. для перамяшчэння ваганетак і інш.трансп. сродкаў па вузкакалейных рэйкавых пуцях, пракладзеных па крутым пад’ёме. Выкарыстоўваюцца ў кар’ерах, на прамысл. прадпрыемствах і інш.
І.І.Леановіч.
Схема падвеснай канатнай дарогі: 1 — механізм нацяжэння канатаў; 2 — вагоны; 3 — накіравальная рэйка для зняцця вагонаў з канатаў; 4 — лябёдка; 5 — нерухомы канат, па якім коцяцца вагонныя колы; 6 — рухомы канат, які цягне вагоны паміж станцыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВІЧЫ,
горад, цэнтр Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Жадунька. За 160 км на ПдУ ад Магілёва. Чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча, вузел аўтадарог на Клімавічы, Хоцімск, Сураж, Краснаполле. 17,4 тыс.ж. (1998).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з канца 16 ст. як дзярж. ўладанне ў Крычаўскім старостве ВКЛ. З 1772 у складзе Рас. імперыі, мястэчка ў Клімавіцкім пав. Беларускай, з 1796 — Магілёўскай губ. Маёнтак К. належаў У.Цеханавецкаму. У 1886 цэнтр воласці, 620 ж., 122 двары, вінакурны завод, царк.-прыходскае вучылішча, 2 царквы, сінагога, бальніца, аптэка, 8 гарбарняў, млын, 94 крамы, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1897—700 ж., каля 340 двароў. У 1924 перададзены з РСФСР у БССР, цэнтр Касцюковіцкага раёна. У 1933—3,1 тыс.ж., працавалі гантарэзня, пеньказавод, маслазавод і цагельны з-д. З 27.9.1938 горад. У 1939—6,1 тыс.ж., лесапільны з-д, электрастанцыя, прадпрыемства па вырабе шпал і брусоў. З 14.8.1941 да 28.9.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў К. і раёне загубілі 846 чал. У 1959 у К. 8,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў (Касцюковіцкі цэментны завод), харч. прам-сці. Ільнозавод. Касцюковіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПО́ЛЛЕ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл., у вярхоўі р. Тур’я і на правабярэжжы р. Маластоўка. За 109 км ад Магілёва, 51 км ад чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча. Вузел аўтадарог на Чэрыкаў, Касцюковічы, Чачэрск, Слаўгарад. 5,9 тыс.ж. (1998).
Вядома з 1784 як мяст. Маластоўка Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цэнтр Краснапольскай вол. Назву атрымала ад суседняга маёнтка за 1 км ад мястэчка. У 1890 у К. 2310 ж., 412 дамоў, царква, 3 гарбарні, 9 маслабойняў, бровар, млын, аптэка, 60 крам, 4 кірмашы ў год. Належала графам Бенкендорфам. У 1898—3248 ж. З 1924 цэнтр Краснапольскага раёна Калінінскай, з 1927 — Магілёўскай акругі. З 27.9.1938 гар. пасёлак, раённы цэнтр Магілёўскай вобл. У 1939—3572 ж. З 15.8.1941 да 1.10.1943 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 1302 чал., дзейнічала Краснапольскае патрыятычнае падполле.
Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў прам-сці. 2 сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, Магіла ахвяр фашызму. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. К. знаходзіцца ў зоне, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). У 1996 устаноўлены помнік «Чорная быль Краснапольшчыны».
Цэнтральная плошча гарадскога пасёлка Краснаполле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ТЫКА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ, крытыцызм,
кірунак у філасофіі і сацыялогіі, прадстаўнікі якога гал. задачай лічаць крытычны аналіз грамадскіх адносін. Некаторыя ідэі К.с. разглядаліся ў рамках эмпірыякрытыцызму (Э.Мах, Р.Авенарыус), крытычнага рэалізму (М.Мандэльбаўм, А.Венцль, К.Котэн), франкфурцкай школы (Т.Адорна, М.Хоркхаймер, Г.Маркузе, Дж.Уоткінс, І.Лакатас, Дж.Агасі, Г.Альберт) і блізкай да яго канцэпцыі П.Феерабенда. Паступова сфарміраваўся адносна самаст. кірунак крытыцызму (Ч.Мілс, Д.Рысмэн, Э.Фром, А.Гоўлднер і інш.).
Як філас. кірунак К.с. ўзнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў ходзе крытыкі неапазітывізму і сфарміравалася ў выніку дыскусій з прадстаўнікамі гіст. кірунку ў філасофіі навукі (М.Полані, Т.Кун, С.Тулмін). Гал.тэарэт. функцыя яе — мэтанакіраваная крытыка асн. тэорый грамадства, перш за ўсё «акадэмічнай» сацыялогіі і сац. інжынерыі, а таксама спроб стварэння сац. навукі («рэфлексіўнай сацыялогіі», «сацыялогіі сацыялогіі» і інш.), у якой сацыёлагу адводзіцца паліт. і сацыяльна актыўная роля, роля суб’екта, які мэтанакіравана ўплывае на развіццё грамадскіх працэсаў. К.с. асаблівае значэнне надае праблемам асобы, адмоўнаму ўплыву на фарміраванне і развіццё розных сац. працэсаў і з’яў (адчужэнне вытворцы ад сродкаў вытв-сці, дэгуманізацыя працы, наркаманія і прастытуцыя, беднасць, сац. няроўнасць, бюракратызацыя сац. ін-таў і г.д.), якія прыводзяць да негатыўных наступстваў. У галіне метадалогіі крытыцызм упэўнены, што не існуе метадаў, якія забяспечваюць строга лагічны прырост навук. ведаў і што неабходна з дапамогай фармальна-лагічных спосабаў выключаць з ужытку ненавук. тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНГЕДО́К (Languedoc),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на Пд Францыі; на З ад ніжняга цячэння р. Рона паміж Цэнтр. масівам, узбярэжжам Міжземнага м. і Пірэнеямі. На тэр.Л. дэпартаменты Усх. Пірэнеі, Од, Эро, Гар, Лазер і частка некалькіх суседніх. Пл. 42,1 тыс.км². Нас. каля 2,5 млн.чал. (1995). Гал. горад Тулуза. Гал. раён вінаградарства і вінаробства. Прам-сць: харч., лёгкая, маш.-буд., металаапр., нафтаперапрацоўчая. Асн.прамысл. цэнтры — цэнтры дэпартаментаў: гарады Тулуза, Перпіньян, Нім, Каркасон, Манпелье, Манд; г. Маркуль — цэнтр атамнай прам-сці. Невял. здабыча вугалю і баксітаў. Турызм.
З канца 2 ст. да н.э.рым. правінцыя Нарбонская Галія, з 5 ст. пад уладай вестготаў. У 720 захоплены арабамі, у сярэдзіне 8 ст. — франкамі. У сярэдзіне 9 ст. на тэр.Л. ўзнікла Тулузскае графства, у 10—11 ст. буйная феад. дзяржава на Пд Францыі. У 12—13 ст. цэнтр ерэтычнага руху. Пасля Альбігойскіх войнаў 1209—29 далучаны да франц. кароны (канчаткова ў 1271). Меў правы самакіравальнай правінцыі, з 14 ст. правінцыяльныя штаты, з 1420 парламент. У 16 ст. ў час рэлігійных войнаў значную частку Л. захапілі гугеноты. У 17 ст. пры АЖ.Рышэльё самакіраванне скасавана. У 17—18 ст. цэнтр антыфеад. руху. У 1791 падзелены на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ДЗІНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Lódzkie),
адм.-тэр. адзінка ў цэнтр.ч. Польшчы. У сучасных межах утворана 1.1.1999. Пл. 17,9 тыс.км². Нас. 2,7 млн.чал. (1999), гарадскога 65%. Адм. цэнтр — г.Лодзь. Найб. гарады: Пётркаў-Трыбунальскі, Паб’яніцы, Тамашаў-Мазавецкі, Згеж, Бялхатаў. Паўн.ч. ваяводства размешчана ў межах Сярэдняпольскай нізіны, у цэнтры і на Пд — Лодзінскае ўзв. Карысныя выкапні: буры вугаль, жал. руда, буд. матэрыялы. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. -3 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 450—550 мм за год. Глебы пераважна падзолістыя, ёсць бурыя, чарназёмныя (на Пн). Пад лесам каля 20% тэрыторыі (хвоя, дуб, бук). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Лодзінская прамысл. акруга — адна з найб. развітых у Польшчы. Вылучаюцца тэкст. (баваўняная, шарсцяная, шаўковая), швейная, трыкат., абутковая галіны. Развіты маш.-буд. (электратэхн., вытв-сць абсталявання для тэкст. прам-сці), хім. (вытв-сць лакаў, фарбаў, гумава-тэхн. вырабаў), фармацэўтычная, харч., дрэваапр. (мэблевая, папяровая) прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, шкло і інш.). Здабыча бурага вугалю і жал. руды. Найб. у краіне ЦЭС (каля г. Бялхатаў). Пад. с.-г. ўгоддзямі каля 70% тэрыторыі, у т. л. пад ворнымі землямі каля 60%. Вырошчваюць жыта, пшаніцу (на Пн), бульбу, цукр. буракі, алейныя расліны, агародніну. Садоўніцтва. Гадуюць авечак, птушку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРЫ́ТА,
горад, цэнтр Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Маларыта. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Ковель. За 52 км ад Брэста. 11,6 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца ў 1566 як дзярж. вёска Рыта Малая ў Брэсцкім пав. Брэсцкага ваяв. У 1768—90 дзейнічала Маларыцкая металургічная мануфактура. З 1795 у Рас. імперыі, сяло ў Брэсцкім пав. Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У 1897—1275 ж., 203 двары, сельскае нар. вучылішча, 2 лесапільні (у 1914—41 рабочы), шпалапрапітны з-д (20 рабочых), цагельня (4 рабочыя), вятрак. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Брэсцкага пав. Палескага ваяв. Дзейнічаў падп. райком КПЗБ. 4.3.1935 адбылася забастоўка рабочых лесапільняў. З 1939 у БССР. З 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. 22.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 3349 чал. Дзейнічала падп. антыфаш. група. 20.7.1944 вызвалена войскамі 1-га Бел. фронту і партызанамі брыгады імя Леніна ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1959—3,4 тыс.ж. У 1962—65 у Брэсцкім р-не. З 23.12.1970 горад.
Прадпрыемствы харч. (Маларыцкі агароднінасушыльны завод) прам-сці. Брацкія магілы: сав. воінаў і партызан, сав. воінаў, танкістаў, магіла ахвяр фашызму, курган Славы. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІБДЭ́Н (лац. Molybdaenum),
Mo, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 42, ат. м. 95,94. Прыродны М. складаецца з 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі: 92, 94—98, 100; найб. пашыраны 98Mo (23,75%). У зямной кары — 310−4% па масе (гл.Малібдэнавыя руды). Адкрыты ў 1778 швед. хімікам К.Шэеле; назва ад грэч. molybdos — свінец (з-за падабенства мінералаў М. і свінцу).
Светла-шэры метал, tпл 2623 °C, шчыльн. 10 200 кг/м³. Устойлівы на паветры, пры награванні вышэй за 600 °C хутка акісляецца да трыаксіду MoO3 (бясколерныя з зялёным адценнем крышталі, з воднымі растворамі шчолачаў і аміяку ўтварае малібдаты). Пры пакаёвай т-ры не ўзаемадзейнічае з салянай і сернай к-тамі, раствараецца ў сумесі азотнай і сернай кіслот. Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі (акрамя ёду), парай серы (гл.Малібдэну дысульфіду); пры высокіх т-рах (1000—1500 °C) — з азотам, вугляродам, крэмніем (утварае дысіліцыд MoSi2 — цёмна-шэрыя крышталі, устойлівыя на паветры да 1500—1600 °C). Выкарыстоўваюць у асн. для легіравання сталей, а таксама для вытв-сцімалібдэнавых сплаваў, як кампанент антыкаразійных сплаваў для хім. машынабудавання, для вырабу дэталей электралямпаў і электравакуумных прылад (напр., анодаў, катодаў, ніцей напальвання).
Літ.:
Зеликман АН. Молибден. М., 1970;
Популярная библиотека химических элементов. Кн. 1—2. 3 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́Р’ІНА ГО́РКА,
горад, цэнтр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Цітаўка. За 63 км ад Мінска. Чыг. ст. Пухавічы на лініі Мінск—Асіповічы, аўтадарогамі злучана з Мінскам, Бабруйскам, Чэрвенем, Уздой. 23,1 тыс.ж. (1998).
Вядома з 16 ст. Належала Радзівілам, Бужынскім, Ратынскім, Крупскім, пасля 1863 — міністру ўнутр. спраў Расіі Л.С.Макаву. Паводле падання назва паходзіць ад горкі, на якой стаяў язычніцкі храм, дзе ў Мар’ін дзень адбываліся святкаванні; пазней там пабудавана царква. З 1793 у Рас. імперыі, вёска Ігуменскага пав. Мінскай губ. Развіццю М.Г. паспрыяла пабудова ў 1873 Лібава-Роменскай чыгункі. У 1876 заснавана с.-г. школа (у 1921 ператворана ў с.-г. тэхнікум). У 1897 у вёсцы 2 тыс.ж., 2 царквы, паштовая станцыя. З 29.7.1925 цэнтр Пухавіцкага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М.Г. і раёне загубілі 3145 жыхароў; дзейнічала Мар’інагорскае маладзёжнае падполле. Вызвалена 3.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 22.7.1955 горад. У 1970—11,3 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы металургічнай, пачатковай апрацоўкі лёну, прам-сці. Абутковая ф-ка. Брацкая магіла сав. воінаў; помнікі: воінам-вызваліцелям; сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам, удзельніцы Мінскага падполля Л.Г.Гайдучонак. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (1876).