МІ́НСКІ ЗАВО́Д «УДА́РНІК».

Засн ў 1927 у Мінску як ф-ка «Адраджэнне» па выпуску металавырабаў, дзіцячых цацак і інш. З 1930 вагавы з «Ударнік». У Вял. Айч. вайну разбураны. У 1948—67 адноўлены на новай пляцоўцы. З 1975 у складзе Мінскага НВА «Дармаш», з 1991 — адкрытага акц. т-ва «Амкадор», з 1996 — прадпрыемства «Завод «Ударнік» ААТ «Амкадор». Асн. прадукцыя (1999): пагрузчыкі франтальныя аднакаўшовыя, пагрузчыкі-экскаватары, пагрузчыкі бесперапыннага дзеяння (для снегу і сыпучых матэрыялаў), шнэкаротарныя снегаачышчальнікі, навясное абсталяванне рознага прызначэння і інш.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁЎ-АПО́СТАЛ (Мацвей Іванавіч) (29.4.1793, С.-Пецярбург — 5.3.1886),

дзекабрыст. Падпалкоўнік у адстаўцы (з 1823). Брат С.І.Мураўёва-Апостала. З 1810 вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін. З 1811 у арміі. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў 1813—14. Адзін з заснавальнікаў «Саюза выратавання» (1816), чл. управы «Саюза працвітання» (1818). Удзельнік паўстання Чарнігаўскага палка (гл. Чарнігаўскага палка паўстанне). Прыгавораны да 20 гадоў катаргі, пазней тэрмін скарочаны да 15 гадоў. Паводле амністыі 1856 вернуты з Сібіры, да 1863 жыў у Цверы, потым у Маскве.

т. 11, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЭ́РУ (Мацілал) (6.5.1861, Дэлі — 6.2.1931),

дзеяч інд. нац.-вызв. руху. Бацька Дж.Нэру. Скончыў каледж у Алахабадзе. З 1907 адзін з лідэраў Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Напачатку чл. умеранага крыла ІНК, пасля расстрэлу брыт. войскамі мірнага мітынгу ў Амрытсары (1919) перайшоў на радыкальныя пазіцыі. Разам з М.К.Гандзі ўзначальваў кампаніі грамадз. непадпарадкавання, за што не раз быў арыштаваны брыт. ўладамі. З 1923 адзін з лідэраў свараджысцкай партыі ўнутры ІНК. У 1928 распрацаваў праект канстытуцыі Індыі, які прадугледжваў наданне Індыі статуса дамініёна ў межах Брыт. імперыі.

т. 11, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛА ((Olah) Джордж) (н. 22.5.1927, Будапешт),

амерыканскі хімік-арганік. Скончыў тэхн. ун-т у Будапешце. З 1957 у Канадзе, з 1964 у ЗША. З 1965 праф. Зах. рэзервовага ун-та (г. Кліўленд), з 1977 ва ун-це Паўд. Караліны (г. Лос-Анджэлес). Навук. працы па хіміі карбкатыёнаў, даследаванні механізму хім. рэакцый. Вынайшаў метад атрымання стабільных карбкатыёнаў з дапамогай звышкіслот. Атрымаў трохвалентныя карбкатыёны («карбеніевыя» іоны — вытворныя CH​+3), даследаваў іх структуру, уласцівасці і рэакцыйную здольнасць. Нобелеўская прэмія 1994.

Б.​В.​Корзун.

Дж.Ола.

т. 11, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЎДЗІНСКІ,

рабочы пасёлак у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Пціч. Аўтадарогай злучаны з г.п. і чыг. ст. Рудзенск (12 км). За 23 км ад г. Мар’іна Горка, 53 км ад Мінска. 2,7 тыс. ж. (2000). Утварыўся ў 1966—68 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства. Сучасная назва з 11.3.1977, з 29.12.1977 рабочы пасёлак. Працуюць торфабрыкетны з «Сяргеевіцкі», эксперым. база «БелНДІпалівапраект», ПМК, прафтэхвучылішча, сярэдняя і муз. школы, дашкольная ўстанова, Палац культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́МНЫ МОСТ,

тып моста, статычная схема якога ўяўляе сабой раму. Пралётныя канструкцыі яго жорстка злучаны з маставымі апорамі (стойкамі, калонамі). Існуюць рамна-падвесныя масты (з бэлькамі, падвешанымі да канцоў рыгеляў) і рамна-кансольныя (з Т-падобных рам, злучаных пасярэдзіне пралёта шарнірам). Невялікія Р.м. звычайна выкарыстоўваюцца як пуцеправоды. Будуюць Р.м. пераважна з жалезабетону (маналітнага і зборнага), часам са сталі.

І.​І.​Леановіч.

Схемы рамных мастоў: а, б — з вертыкальнымі і нахіленымі стойкамі; в — рамна-падвеснага; 1 — стойка; 2 — рыгель; 3 — шарнір.

т. 13, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),

камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.

Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.

На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.​Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.​Сапега.

М.​А.​Дубіцкі.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ГРАДА́,

частка Беларускай грады ў Барысаўскім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобласці. Працягнулася ад Мінскага узв. на ПнУ на 100 км, шырыня 10—25 км. Мяжуе з Верхнебярэзінскай нізінай на ПнЗ і Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на ПдУ. Лічыцца вуглавым масівам Ашмянскага стадыялу. Пл. каля 2 тыс. км², адзнакі вышыняў паверхні над узр. м. вагаюцца ад 150 м у даліне Бярэзіны да 220 м каля г. Смалявічы.

Прымеркавана да зоны сучлянення Аршанскай монакліналі з Вілейскім пахаваным выступам. Антрапагенавая тоўшча магутнасцю 100 м і больш. Паверхня складзена з пясчана-галечнага матэрыялу, марэнных суглінкаў і супескаў, месцамі з покрывам лёсападобных парод. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, торф.

Участкі з градава-ўзгоркавым рэльефам (каля г. Смалявічы, в. Халопенічы і г. Барысаў выш. 193—220 м) чаргуюцца з раўніннымі. З найб. павышанымі часткамі грады звязаны масівы марэннага сярэдняўзгоркавага рэльефу з адноснай выш. 10—20 м. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C, ападкаў 450—780 мм за год (у Барысаве). Рэкі (бас. Дняпра): Бярэзіна з прытокамі Гайна, Бродня, Сха, Бобр з Начай. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба ападзоленыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках, якія падсцілаюцца пяскамі, забалочаныя і тарфяна-балотныя. Да 40% тэр. пад лясамі хваёвымі, ялова-хваёвымі, бярозавымі і шэраальховымі. Поймавыя і нізінныя лугі.

В.​Р.​Сінякова.

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬСК-ПАДЛЯ́СКІ (Bielsk Podlaski),

горад на ПнУ Польшчы, у Беластоцкім ваяв. 27 тыс. ж. (1992). Прадпрыемствы льноапрацоўчай, трыкат. прам-сці, па абслугоўванні сельскай гаспадаркі. Вытв-сць радыётэхн. зборачных вузлоў, камунальнага абсталявання, буд. метал. вырабаў. Бел. ліцэй. 11 сярэдніх і 6 пач. школ. Музей Мартыралогіі. Помнікі архітэктуры: барочны касцёл і кляштар кармелітаў (17 ст.), неакласіцыстычны касцёл канца 17 ст., драўляныя цэрквы 17—19 ст., ратуша (пасля 1779). Дзейнічае Бел. гіст. т-ва, Брацтва правасл. моладзі, Звяз бел. моладзі, Бел. саюз.

Упершыню згадваецца ў летапісе пад 1253 як месца збору войскаў галіцкага кн. Данілы Раманавіча супраць Міндоўга. Пасля 1320 у ВКЛ, у 1391—1413 у Мазовіі. У 1430 Бельск-Падляскі атрымаў ад Вітаўта гар. правы. З 1507 уладанне вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1562 у Бельск-Падляску праходзіў сойм ВКЛ, дзе абмяркоўваўся план будучай Люблінскай уніі 1569. З 1569 у Польскім каралеўстве. З 1720 уладанне Браніцкіх. З 1795 у Прусіі, з 1807 у Рас. імперыі, павятовы цэнтр Беластоцкай вобл., з 1842 у Гродзенскай губ. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіраваны герм. войскамі, у 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна Беластоцкай вобл. У 1941—44 акупіраваны ням. фашыстамі. З 1944 у Польшчы.

Д.​Фіёнік (гісторыя).

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́КА-РЫ́МСКАЯ БАРАЦЬБА́,

від спартыўнай барацьбы, у якім выкарыстоўваюцца кідкі, пераводы, перавароты і інш. прыёмы, але забараняюцца захваты праціўніка ніжэй пояса, прыёмы з дапамогай ног, падножкі і інш. Спаборніцтвы праводзяцца на спец. дыване памерам 8×8 м. Спартсмены падзяляюцца на вагавыя катэгорыі. Схватка складаецца з 3 перыядаў па 3 мін кожны, з мінутнымі перапынкамі для адпачынку. Паядынак праходзіць у «стойцы» або «партэры» (калі адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях, на баку, у «мосце»).

Сучасная грэка-рымская барацьба зарадзілася ў Францыі, дзе ў 1880 сфармуляваны першыя афіц. правілы. З канца 19 ст. пашырылася ў многіх краінах свету. З 1896 (за выключэннем 1900 і 1904) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1950 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).

На Беларусі барацьба, падобная да грэка-рымскай барацьбы, вядома з даўніх часоў як барацьба «на крыжы». У 1914 у Мінску праведзены 1-ы чэмпіянат гораду сярод барцоў-аматараў. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.​Караваеў (чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1960, свету 1958, 1961), У.​Зубкоў (чэмпіён свету 1971, 1973—75), І.​Каныгін (чэмпіён свету 1981, 1983, Еўропы 1980, 1982—83, 1985), С.​Дземяшкевіч (уладальнік Кубка свету 1988, чэмпіён свету 1991, 1993).

т. 5, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)