адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял. Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.Буш, з 28 чэрв. В.Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн.чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.Х.Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.Ф.Захараў), 3-і (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у тым ліку 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн.чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.Я.Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.К.Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв.гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл.Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл.Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл.Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.
Літ.:
Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;
Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;
Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;
Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБРО́Я
(ваен.),
устройствы і сродкі для паражэння праціўніка ва ўзброенай барацьбе; састаўная ч.ўзбраення. Уключае сродкі паражэння і сродкі дастаўкі іх да цэлі; у больш складаную З. ўваходзяць таксама прылады і прыстасаванні кіравання і навядзення. Сучасная З. падзяляецца; на зброю масавага знішчэння (ядз., хім., біял.) і звычайную; стратэгічную, аператыўна-тактычную і тактычную; агнястрэльную зброю, рэактыўную зброю і ракетную зброю; стацыянарную з нерухомай і рухомай асновай, самаходную, буксірную і перавозную (пераносную); індывідуальную (асабістую) і групавую (калектыўную); аўтаматычную зброю, паўаўтам. і неаўтаматычную; некіроўную і кіроўную. Да звычайнай адносяцца: агнястрэльная (артылерыйская — гарматы, пушкі, гаўбіцы, мінамёты і інш., гл.Артылерыя; стралк. і сродкі бліжняга бою — аўтаматы, вінтоўкі, пісталеты, кулямёты, ручныя гранатамёты і гранаты і інш.); рэактыўная (наземныя, авіяц. і марскія сістэмы залпавага агню, рэактыўныя гранатамёты; гл.Рэактыўная артылерыя); ракетная; мінная (процітанк., проціпяхотныя і марскія міны) і тарпедная (тарпеды рознага тыпу) З., а таксама бамбамёты, авіяц., глыбінныя і інш.бомбы; халодная зброя (сучасная — штык, армейскі нож, корцік).
З. ўзнікла ў палеаліце як універсальная прылада для апрацоўкі дрэва, палявання і самаабароны (каменныя рубілы, нажы), потым як спец. ўдарная і кідальная зброя: дубіна, па́ліца (у т.л. бумеранг), кап ’ё з крамянёвым наканечнікам, прашча, бола. У канцы палеаліту з’яўляецца кап’якідалка, лук і стрэлы, каменная сякера, у неаліце — булава і кінжал, пазней — бярдыш, алебарда. Развіццё З. выклікала стварэнне засцерагальнага ўзбраення. З бронзавага веку пачалі вырабляцца бронз., пазней жал. мячы (гл. Меч), чаканы, коп’і і інш. У дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма выкарыстоўваліся кідальныя машыны (балісты, катапульты, франдыболы, брыколі), інш. аблогавая тэхніка. З 8 ст. качэўнікі прычарнаморскіх стэпаў карысталіся шабляй (на Русі вядома з 10 ст., з 19 ст. сталі выкарыстоўваць шашку). Да канца 14 ст. на Русі меч выцеснены шабляй, у Зах. Еўропе — шпагай. З вынаходствам пораху з’явілася агнястрэльная З. (з 11 ст. ў Кітаі, з 12 ст. ў арабаў, з 14 ст. ў Зах. Еўропе, на Русі і Беларусі). Першыя яе ўзоры — араб. модфа, ручная пішчаль (ручніца), з 15 ст. аркебуза, з 16 ст. мушкеты, пісталеты. У 17 ст. ручная агнястрэльная З. аснашчана штыком. Да канца 17 ст. пашырылася гладкаствольная крамянёвая зброя. Наразное ружжо (штуцэр) вядома з 16 ст., аднак з-за цяжкасці вырабу наразная З. стала пашыранай толькі ў 19 ст. (вінтоўкі, карабіны). У сярэдзіне 19 ст. пачалі выкарыстоўвацца міны, потым тарпеды; у канцы 19 ст. з’явілася аўтам. З. — аўтам. пушкі, кулямёты і інш. У час рус.-яп. вайны 1904—05 пачалі выкарыстоўваць мінамёты, у 1-ю сусв. вайну — танкавыя, авіяц. і зенітныя пушкі, агнямёты, хім. З. (у 1915 хлор, у 1916 фасген, у 1917 іпрыт і ядавітыя дымы). У гады 2-й сусв. вайны ўпершыню выкарыстаны сав. рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша» (1941), ням. кіроўныя самалёты-снарады ФАУ-1 і ФАУ-2 (1944), амер. атамныя бомбы (1945). У 1950-я г. з’явілася ракетна-ядзерная зброя, у 1980—90-я г. касмічная зброя (у т.л. лазерная, пучковая, кінетычная, эл.-магн. выпрамянення, ЭМВ-зброя і інш.), працягвалася развіццё і звычайных відаў З. Для сучаснай З. характэрна паскоранае абнаўленне (цыклы замены ўзораў З. складаюць каля 10 гадоў). У стварэнні розных сістэм З. бралі ўдзелпрамысл. прадпрыемствы і НДІ Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТАЕ́УСКІ Фёдар Міхайлавіч
(11.11.1821, Масква — 9.2.1881),
рус. пісьменнік. Род Д. бел. паходжання; у 1506 яго продкі атрымалі грамату на в. Дастоева (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Скончыў Пецярбургскае ваенна-інж. вучылішча (1843). Дэбютаваў перакладам рамана А.Бальзака «Яўгенія Грандэ» (1844). Першы раман «Бедныя людзі» (1846) паставіў Д. ў шэраг вядомых прадстаўнікоў натуральнай школы. У 2-й пал. 1840-х г. захапляўся ідэямі сацыялістаў-утапістаў. За ўдзел у гуртку М.Петрашэўскага прыгавораны (1849) да пакарання смерцю, замененага катаргай (адбываў у Омску, 18 50—54), потым праходзіў салдатчыну. На катарзе перажыў духоўны крызіс: страціў веру ў мажлівасць перабудовы грамадства рэв. шляхам. У той жа час абвастрыліся яго ўспрыманне чалавечых пакут і трывога за лёс чалавецтва. З 1859 жыў у Пецярбургу. Напісаў і выдаў творы «Дзядзечкаў сон», «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (абодва 1859), «Прыніжаныя і зняважаныя» (1861). У «Запісках з Мёртвага дома» (1861—62) паказаў жахі катаргі. З братам Міхаілам выдаў час. «Время» (1861—63) і «Эпоха» (1864—65), у якіх прапагандаваў ідэі т.зв. почвеніцтва. У 1863 напісаў аповесць «Запіскі з падполля», якія сталі вяхой на шляху распрацоўкі ім філас. рамана. Раманы «Злачынства і кара», «Гулец» (абодва 1866), «Ідыёт» (1868), «Падлетак» (1875), «Браты Карамазавы» (1879—80) адлюстравалі глыбокія супярэчнасці рас. рэчаіснасці і грамадскай думкі ў эпоху вял.сац. зрухаў у Расіі і Зах. Еўропе. У іх Д. выказаў бязмернасць пакут абяздоленага чалавека. Свет чалавечых пакут — аснова ўсёй рэаліст. творчасці пісьменніка. Пафас яго твораў — барацьба супраць арэчаўлення чалавека, нівеліроўкі і абясцэньвання асобы ва ўмовах капіталізму. Самыя вострыя праблемы часу Д. пераносіў у раманы, як у «лабараторныя» ўмовы, каб паказаць іх магчымы кірунак і вынік у маштабах усяго чалавецтва. Герой Д. — чалавек ідэі, непаўторнага светаўспрымання. Свядомасць гал. герояў Д. — арэна барацьбы пунктаў погляду. Звычайна героі яго твораў паказваюцца ў моманты крызісу, пералому, калі ідэя авалодвае глыбінямі іх натуры, пераходзіць у моцнае пачуццё. У паказе здзеку з чалавечай годнасці, у перадачы самых тонкіх перажыванняў Д. дасягае незвычайных маст. вышынь. У рамане «Злачынства і кара» ён выкрыў бурж. індывідуалізм, паказаў заганнасць, антычалавечнасць тэорыі «права моцнага», «права на праліццё крыві». У ім гранічная напружанасць думкі і філас псіхал. дыялогу. Дыялог у творах Д. разгортваецца як споведзь герояў. У рамане «Ідыёт» высакародны чалавек сутыкаецца з бесчалавечным грамадствам, раскрываецца яго трагічнае бяссілле перад амаралізмам і прагаю грошай. Вельмі моцна гучыць заўсёднае імкненне пісьменніка зберагчы веру ў чалавека, знайсці і ўвасобіць свой ідэал. Адначасова пісьменнік ідэалізаваў пакорлівасць і ўзвышаныя пакуты чалавека, праводзіў ідэю маральнага самаўдасканалення на рэліг. аснове. Самы супярэчлівы твор Д. раман «Д’яблы» (1871—72). Гэта ў нейкай ступені памфлет на рус.рэв. дэмакратыю, якую ён беспадстаўна атаясамліваў з бурж. індывідуалізмам. Разам з тым у творы ёсць і больш значны, глыбокі ідэйна-маст. змест, які робіць яго сугучным нашым сённяшнім адносінам да разбуральнага, цалкам амаральнага экстрэмізму. Раман «Падлетак» — пра драпежніцтва і маральны распад буржуазіі. Вяршыняй філас., сац. і псіхал. пошукаў пісьменніка з’яўляецца яго апошні раман «Браты Карамазавы». У ім адбіўся жах аўтара перад звярыным у чалавеку, перад яго разбэшчанасцю і эгаізмам, абвастрылася пакутлівае хістанне пісьменніка паміж ідэалізацыяй пакорлівасці і бунтам супраць яе. Д. стварыў новы тып рамана, блізкага да трагічнага тэатра. Ён выявіў важныя тэндэнцыі грамадскага развіцця, паставіў праблемы сусв. значнасці. Многія яго творы экранізуюцца і інсцэніруюцца.
Творы Д. зрабілі велізарны ўплыў на рус., бел. і сусв. л-ру. М.Гарэцкі (драма «Антон» і інш.), шукаючы адказы на шмат якія праблемы нац. характару, апіраўся і на маст.-псіхал. адкрыцці аўтара «Братоў Карамазавых». Бел. раман, які рабіўся ўсё больш псіхалагічным і аналітычным (творчасць К.Чорнага), вельмі плённа выкарыстоўваў вопыт Д. Прыкметныя сляды вучобы ў Д. ў творах М.Зарэцкага («Сцежкі-дарожкі» і інш.). У бел. перакладзе выйшлі раман Д. «Бедныя людзі» (1930, пер. Я.Плашчынскі), аповесці «Белыя ночы» і апавяданне «Палзункоў» (1971, пер. Л.Салавей). Першыя пастаноўкі твораў Д. на Беларусі адбыліся ў пач. 20 ст. Аматарскімі і прафес. калектывамі ставіліся спектаклі паводле раманаў Д. «Ідыёт» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; Т-варус. драмы, 1921; Бел.тэатр.-маст.ін-т, 1970), «Прыніжаныя і зняважаныя» (тэатр імя Я.Коласа, 1957, 1973), «Злачынства і кара» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; тэатр імя Я.Коласа, 1962), «Дзядзечкаў сон» (тэатр імя Я.Купалы, 1978). У в. Дастоева працуе літ.-краязнаўчы музей Д.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—30. Л., 1972—90.
Літ.·. Бахтин М.М. Проблемы поэтики Достоевского. 4 изд. М., 1979; Фридлендер Г.М. Реализм Достоевского. М.; Л., 1964; Карякин Ю.Ф. Самообман Раскольникова. М., 1976; Достоевский в зарубежных литературах. Л., 1978; Селезнев Ю И. Достоевский. 3 изд. М., 1990; Адамович А.М. Достоевский после Достоевского // Новый мир. 1981. № 10; Твардовская В.А Достоевский в общественной жизни России (1861—1881). М., 1990; Ф.Достоевский: Библиогр. произв. Достоевского и лит. о нем, 1917—1965. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́
(БСГ),
нацыянальная партыя леванародніцкага кірунку. Створана ў канцы 1902 пад назвай Бел.рэв. грамада (БРГ) на аснове гурткоў бел. студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Стваральнікі і кіраўнікі: браты І.I. і А.Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі і інш. На 1-м з’ездзе (Вільня, 1903) БРГ прыняла праграму, у якой характарызавала сябе як арганізацыю «беларускага працавітага народа». Сваёй канчатковай мэтай абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі. У нац. пытанні формай забеспячэння нац. свабоды прызнавала незалежную дэмакр. рэспубліку. Выступала за прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, нар. заканадаўства, раўнапраўе ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную мед. дапамогу. У агр. пытанні праграма прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі сваімі рукамі. У праграме спалучаўся рэв. дэмакратызм з народніцкім (сялянскім) сацыялізмам. Дакладны час перайменавання БРГ у БСГ не высветлены (па адных звестках у 1903, па другіх — у 1906). У 1903—04 БСГ узаемадзейнічала з Польскай партыяй сацыялістычнай (ППС), Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР), Літоўскай с.-д. партыяй, выдавала разам з імі нелегальную л-ру. З канца 1905 у Мінску дзейнічала падп. друкарня БСГ. На 2-м з’ездзе (студз. 1906, Мінск) прынята новая праграма партыі. У ёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла замену капіталіст. ладу сацыялістычным, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакр. рэспублікі з свабодным самавызначэннем і культ.-нац. аўтаноміяй народнасцяў. Для Беларусі яна патрабавала аўтаноміі з мясц. сеймам у Вільні. У агр. пытанні патрабавала адчужэння памешчыцкай зямлі і надзялення сялян зямлёю на правах пажыццёвай арэнды. Ажыццяўленне ўсіх паліт. і сац. пераўтварэнняў з’езд звязваў са скліканнем Устаноўчага сейма Беларусі.
Першым друкаваным органам БСГ і першым легальным перыяд. выданнем на бел. мове стала газ.«Наша доля» (1-ы нумар выйшаў 14.9.1906). Газета мела рэв.-дэмакр. характар, таму з 6 яе нумароў 5 былі канфіскаваны, а № 7 забаронены і раскіданы ў наборы. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць новую легальную газету на бел. мове «Наша ніва». Асн. аб’ектам дзейнасці БСГ было бел. сялянства. Яе ўплыў на гар. рабочых, за выключэннем Мінска і Вільні, быў нязначны. У рэвалюцыю 1905—07 БСГ дзейнічала сярод сялян і сельскіх рабочых у паветах Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., арганізавала шэраг паліт. сходак і мітынгаў у вёсках, удзельнічала ў правядзенні сял. забастовак. Ва ўмовах наступу рэакцыі нелегальная дзейнасць грамады спынена. З 2-й пал. 1907 лідэры БСГ засяродзілі сваю дзейнасць на выданні газ. «Наша ніва», якая стала ідэолагам і арганізатарам бел.нац.-культ. руху, разгарнула на сваіх старонках прапаганду нац. свядомасці, ідэі нац.-культ. адзінства беларусаў, дамагалася прызнання самастойнасці бел. нацыі, змагалася за ўвядзенне бел. мовы ў школе, царкве і касцёле. У 1-ю сусв. вайну на акупіраванай немцамі тэр. дзейнічала створаная членамі БСГБеларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група. На неакупіраванай тэр.БСГ аднавіла дзейнасць пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Яе паліт. курс у новай гіст. сітуацыі адлюстроўваў інтарэсы і настроі сярэдніх слаёў насельніцтва, якія былі зацікаўлены ў ажыццяўленні дэмакр. пераўтварэнняў. Канферэнцыя БСГ (сак. 1917, Мінск) выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Рас. рэспублікі, выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень. У сак. 1917 прадстаўнікі БСГ удзельнічалі ў рабоце з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, атрымалі 10 месцаў у Беларускім нацыянальным камітэце. Грамада пашырыла свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых; яе арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Бабруйску, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і інш. Да сярэдзіны 1917 БСГ налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых, у маі—чэрв. 1917 выдавала газ.«Грамада», мела прадстаўнікоў у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гар. думах Мінска, Петраграда, Бабруйска. У чэрв. 1917 канферэнцыя БСГ выбрала часовы ЦК, у які ўвайшлі П.Бадунова, А.Бурбіс, Я.Варонка, К.Душэўскі, З.Жылуновіч, У.Ігнатоўскі, Я.Колас, А.Смоліч. БСГ была ініцыятарам склікання ў ліп. 1917 з’езда беларускіх арганізацый і партый, займала кіруючае становішча ў Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Вялікай беларускай радзе, актыўна ўдзельнічала ў скліканні Усебеларускага з’езда 1917. У кастр. 1917 БСГ налічвала каля 10 тыс. членаў. Аднак у ёй нарасталі ўнутр. супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэфармісцкага шляху і тымі, хто быў гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх. У вер. 1917 частка левага крыла БСГ вылучылася і ўтварыла арганізацыю бальшавіцкага кірунку — Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У пач. 1918 адбыўся раскол БСГ. Прыхільнікі стварэння самастойнай бел. дзяржавы прынялі ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Петраградская і Маскоўская арг-цыі сталі на шлях утварэння бел. дзяржаўнасці на савецкай аснове. Да лета 1918 БСГ распалася на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Выхадцы з левага крыла БСГ удзельнічалі ў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята, некаторыя ўступілі ў беларускія секцыі РКП(б). На пач. 1919 у Вільні пэўны час дзейнічала Левая фракцыя Бел.сацыяліст. грамады. Пераемніцай традыцый БСГ з 1991 стала Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.
Літ.:
Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых бел.паліт.арг.: Бел.рэв. грамада, Бел.сац. грамада. Вільня, 1928;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТНІЦТВА,
грамадска-палітычная плынь, прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Пашырана ў эпоху бурж. рэвалюцый і адлюстроўвала прагрэс. ступень развіцця сусв. грамадскай думкі. У аснове сац. філасофіі Асветніцтва ляжалі ідэаліст. ўяўленні пра вызначальную ролю свядомасці ў развіцці грамадства, вучэнне аб чалавеку і дэізм Дж.Лока, рацыяналізм і механіст, фізіка Р.Дэкарта, механіка і дэізм І.Ньютана, антысхаластычныя вучэнні ў Францыі пач. 18 ст. Догмам пра боскае паходжанне манархічнай улады ідэолагі Асветніцтва супрацьпаставілі рацыяналіст. тэорыі грамадства і дзяржавы, маралі і нават самой рэлігіі (дэізм, ідэя «натуральнай» рэлігіі і рэлігіі розуму). Зыходзячы з канцэпцый «натуральнага права», асветнікі абгрунтоўвалі патрабаванні дэмакр. свабод, грамадзянскай роўнасці. Некаторыя з іх адстойвалі ідэі нар. суверэнітэту і дэмакр. рэспублікі, лічылі нармальным спаборніцтва прыватных інтарэсаў. У кожнай краіне Асветніцтва мела пэўныя асаблівасці, адпаведныя ўзроўню развіцця грамадства і сац.-эканам. адносін. Найраней яно выявілася ў Галандыі, дзе ў 16 ст. перамагла 1-я ў свеце бурж. рэвалюцыя. Філосафы У.Акоста, Г.Гроцый, Б.Спіноза патрабавалі вызваліць навуку ад кантролю царквы. У Англіі пасля перамогі бурж. рэвалюцыі Асветніцтва набыло больш вальнадумны характар (Дж.А.Колінз, Д.Гартлі, Дж.Прыстлі). Дж.Лок, які быў добра вядомы і на Беларусі, даказваў неабходнасць прыватнай уласнасці, выступаў за свабоду асобы, ахову правоў чалавека. Ф.Бэкан і Т.Гобс выступалі за развіццё ведаў; Д.Дэфо вобразам Рабінзона Круза пацвердзіў, што разумная воля чалавека здольная перамагчы любыя цяжкасці. У Францыі Асветніцтва найб. пашырэнне набыло ў перыяд паміж 1715 (год смерці Людовіка XIV) і 1789 (штурм Бастыліі), які называюць «векам Асветніцтва» ці «стагоддзем філасофіі»: П.Бейль выступаў супраць феад.-царк. ідэалогіі; Вальтэр, які стаў сімвалам Асветніцтва («эпоха Вальтэра»), патрабаваў адмены саслоўных прывілеяў, хоць спадзяваўся на адукаванага манарха; Ж.Ж.Русо абгрунтаваў права нар. мас на паўстанне; П.Гольбах, Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый проціпаставілі рэлігіі атэізм, ідэалізму — матэрыялізм. У Германіі Асветніцтва стала пашырацца з 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах эканам. і паліт. адсталасці краіны; Г.Э.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ выступалі за нац. адзінства Германіі, сцвярджалі, што з дапамогай мастацтва можна перавыхаваць чалавека. У ЗША Асветніцтва стала ідэалогіяй барацьбы з англ. абсалютызмам (Б.Франклін, Т.Джэферсан). У слав. краінах яно найб. яскрава выявілася ў Польшчы (Г.Калонтай, С.Сташыц) і было накіравана супраць феад.-арыстакратычнай і каталіцкай рэакцыі, усеўладдзя магнатаў. У Чэхіі Асветніцтва развівалася ва ўмовах нац.-вызв. барацьбы супраць аўстр. абсалютызму. У Сербіі і Балгарыі ідэалогія Асветніцтва садзейнічала аб’яднанню суайчыннікаў у барацьбе супраць тур. панавання. У Расіі Асветніцтва, замацаванае М.Ламаносавым, А.Радзішчавым, Дз.Фанвізіным і М.Навіковым, мела антыпрыгонніцкі кірунак; у 19 ст. М.Чарнышэўскі і М.Дабралюбаў дапоўнілі яго ідэямі рэв. дэмакратызму і утапічнага камунізму. На Украіне Асветніцтва звязана з дзейнасцю Р.Скаварады, у Літве — К.Данелайціса. Пад уплывам ідэй еўрап. Адраджэння і Асветніцтва фарміраваўся светапогляд і ў краінах Усходу. У Кітаі ў 17—18 ст. з’явілася плеяда вучоных, філосафаў і пісьменнікаў, якія прапагандавалі адукацыю, заснаваную на рэальных ведах, а не схаласт. «экзаменацыйных сачыненнях» і каментарыях да канфуцыянскіх класікаў, развівалі тэорыю грамадскай роўнасці і натуральных правоў чалавека, выступалі супраць палітыкі «зачыненых дзвярэй». У Японіі перадавыя мысліцелі 18 ст. проціпастаўлялі канфуцыянскай схаластыцы набытыя вопытам веды, развівалі матэрыялістычныя ідэі. У Індыі пасля нац. паўстання 1857—59 узніклі асветніцка-рэфарматарскія т-вы і групы, якія перакладалі на інд. мовы еўрап. л-ру, патрабавалі свабоды слова і друку, вялі барацьбу за адкрыццё навуч. устаноў зах. тыпу. У Турцыі, Іране, Сірыі, Егіпце, Іраку асветнікаў аб’ядноўвала вера ў сілу адукацыі і асветы як сродкаў пераўтварэння грамадства, вызвалення народаў і дасягнення нац. адзінства.
Ідэалогія Асветніцтва знаходзіла сваё адлюстраванне ў розных кірунках л-ры і выяўл. мастацтва: асветніцкіх класіцызме і рэалізме, у сентыменталізме, у пафасе сцвярджэння станоўчага героя. Яскравыя ўзоры асветніцкай л-ры далі Вальтэр, Русо, Дзідро, П.Бамаршэ (Францыя); Лесінг, маладыя Гётэ і Шылер (Германія); С.Рычардсан, Дж.Свіфт, Г.Філдынг, Т.Дж.Смолет, Р.Б.Шэрыдан (Англія); А.М.Радзішчаў, А.С.Пушкін, А.І.Герцэн, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын, І.С.Тургенеў (Расія) і інш. Выразнае адценне Асветніцтва набыла творчасць арх. К.Н.Леду, жывапісцаў Ж.Л.Давіда і Ж.Б.Гроз (Францыя), У.Хогарта (Англія), Д.Н.Хадавецкага (Германія) і інш. Ідэі Асветніцтва істотна паўплывалі і на музыку Францыі, Германіі, Аўстрыі. Грамадска-паліт., этычная і эстэт. ідэі Асветніцтва сталі духоўнай асновай фарміравання венскай класічнай школы, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена.
На Беларусі Асветніцтва з’явілася ў 1-й пал. 18 ст. (ранняе Асветніцтва), актыўна пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Яго вытокі ў творчасці і дзейнасці бел. мысліцеляў канца 17 — пач. 18 ст. К.Лышчынскага, Сімяона Полацкага, І.Капіевіча. Пашырэнню Асветніцтва спрыялі выхаванцы Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі сярэдзіны 18 ст. (Л.Барановіч, Г.Каніскі, Ф.Пракаповіч і інш.). Асветніцтва знайшло адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, л-ры і выяўл. мастацтве; вызначалася паказам быт. і этнічных умоў жыцця класаў і сац. груп, духоўнай спадчыны мінулага, праблем аўтаномнасці Беларусі і адносін з Рэччу Паспалітай і Расіяй. Прадстаўнікі ранняга Асветніцтва на Беларусі Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі звязвалі навук. задачы з гуманістычнымі, свабоду думкі лічылі абавязковай умовай для развіцця навукі. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя даследаванні бел. фальклору, этнаграфіі і мовы. Пераход да асветніцкіх канцэпцый у гісторыі заўважаецца ў творах Капіевіча, Ф.Папроцкага. А.Нарушэвіч у гіст. працэсе гал. ролю адводзіў розуму, прадметам гіст. даследаванняў лічыў жыццё народа як паказчык яго палітыкі, эканомікі і культуры, значную ўвагу звяртаў на асвятленне нац. гісторыі. Т.Млоцкі ў сваёй працы «Сведчанне з вытокаў натуральнага права» (1779) выклаў асн. палажэнні тэорыі «натуральнага права», а ў трактоўцы гіст. працэсу набліжаўся да «грамадзянскага дагавору» Русо. І.Страйноўскі, зыходзячы з канцэпцыі «натуральнага права», абараняў прынцыпы роўнасці людзей, выказваў думкі пра натуральную абумоўленасць грамадскіх парадкаў. Спецыфічнай рысай Асветніцтва на Беларусі была яго арыентацыя на вырашэнне сял. праблемы. У працах Ю.Паўлікоўскага, Д.Пільхоўскага, І.Яленскага, Я.Ясінскага і інш. абгрунтоўвалася неабходнасць забеспячэння паліт. гарантый асобе селяніна, выказваліся ідэі скасавання прыгону, стварэння сістэмы навучання сялянскіх дзяцей, прапаноўваліся камуніст.-утапічныя праекты абшчыннай роўнасці ў карыстанні зямлёй і атрыманні прадукту вытворчасці. Утапічна-камуністычныя ідэі на тэалагічнай аснове выказваў біскуп П.Бжастоўскі, які правёў у сваіх маёнтках значныя рэформы (адмяніў прыгон, адкрыў школы, шпіталі, увёў сял. самакіраванне і інш.). Непасрэднае дачыненне да Асветніцтва мелі даследчыкі прыроды — ураджэнцы Беларусі В.Карчэўскі, А.Маркевіч, М.Ачапоўскі, П.Славінскі, С.Юндзіл. Так, Маркевіч стварыў антрапал. канцэпцыю, у якой узнікненне і развіццё чалавека лічыў вынікам паступовага развіцця прыроды. Прадаўжальнікамі традыцый Асветніцтва на Беларусі былі філаматы і філарэты. Для пашырэння ідэй Асветніцтва на Беларусі шмат зрабіла Адукацыйная камісія, ідэйнымі натхняльнікамі якой былі Сташыц, Г.Калонтай, Я.Снядэцкі, выкладчыкі Віленскага ун-та Ж.Жылібер, Г.Форстэр, Пачобут-Адляніцкі, А.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш., значны ўдзел у яе стварэнні і дзейнасці прыняў І.Храптовіч. Прапагандыстамі Асветніцтва выступалі выкладчыкі нар. вучылішчаў І.Сакольскі, А.Зміеў, С.Цвяткоўскі і інш., якія лічылі неабходным зрабіць навучанне здабыткам усіх дзяцей, нават з бедных сем’яў.
Прагрэсіўныя тэндэнцыі Асветніцтва знайшлі адлюстраванне ў л-ры і выяўл. мастацтве Беларусі. У эпісталярных, лірычных, драм. (інтэрмедыі) творах, у творах Ф.Карпінскага, маладога А.Міцкевіча выявіліся антыпрыгонніцкія і антыклерыкальныя настроі. У «Одзе» Сакольскага, прысвечанай адкрыццю нар. вучылішча ў Полацку, выказана асветніцкая канцэпцыя «без ведаў мы — дзеці цемры». Сац.-сатыр. плынь узмацнілася ў розных формах творчасці, асабліва ў паэзіі. Гратэскавы рэалізм спалучыўся з дыдактыкай і сентыменталізмам. Пануючы ў мастацтве 18 ст. класіцызм пад уплывам Асветніцтва пачаў трансфармавацца ў сентыменталізм (І.Быкоўскі, Ф.Карпінскі і інш.), узніклі элементы рамантызму і рэалізму. У рэчышчы класіцызму заставаліся паэтыка і рыторыка (Ф.Галянскі, І.Фалькоўскі), але ад яго канонаў адступілі і наблізіліся да рамантызму Я.Снядэцкі, А.Доўгірд, Е.Славацкі, Л.Бароўскі. Адначасова з перайманнем еўрап.маст. стыляў (барока, класіцызм, сентыменталізм, ракако і інш.) у выяўл. мастацтве пашыраліся мясц. стылі і школы (Магілёўская, Віцебская і інш.).
Літ.:
Баскин М.П. Философия немецкого просвещения. М., 1954;
Осипова Е.В. Философия польского просвещения. М., 1961;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Яго ж. Гуманизм просветителей // Идеи гуманизма в обшественно-политической и философской мысли Белоруссии. Мн., 1977;
Волгин В.П. Развитие общественной мысли во Франции в XVIII веке. 2 изд. М., 1977;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ РЭСПУ́БЛІКА
(БНР),
абвешчана ў 1918. Ідэю афармлення бел. дзяржаўнасці выпрацоўвалі ў 1915—18 розныя партыі і арг-цыі, у т. л.Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група (БСДРГ), Беларускі народны камітэт, Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Напачатку разглядаліся варыянты: аўтаномія ў складзе дэмакр.Рас. федэрацыі, літоўска-бел. канфедэрацыя, незалежная бел. дзяржава. Ідэя БНР упершыню выказана на Усебеларускім з’ездзе 1917. Незалежніцкія настроі ў бел. руху ўзмацніліся пасля разгону Усебел. з’езда. Удзельнікі Беларускай канферэнцыі 1918 (Вільня) і выбраная на ёй Віленская беларуская рада (ВБР) не адмаўляліся ад ідэі бел.-літ. канфедэрацыі, але пасля абвяшчэння 16.2.1918 незалежнасці Літвы цалкам сталі на незалежніцкія пазіцыі.
Пасля зрыву мірных перагавораў у Брэсце і наступлення Германіі (18.2.1918) Аблвыкамзах і СНКЗах. вобласці і фронту 19.2.1918 перабраліся з Мінска ў Смаленск. Дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на Беларусі да склікання Устаноўчага сейма. 21.2.1918 Выканком Рады прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад Беларусі — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Я.Я.Варонкам. Аднак Выканком яшчэ трымаўся рэзалюцыі з’езда, паводле якой Беларусь павінна была ўвайсці ў склад Рас.дэмакр. рэспублікі як аўтаномная адзінка з рэсп. ладам. Пасля падпісання Брэсцкага міру 1918 незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся. Выканком Рады Усебел. з’езда прыняў 9.3.1918 Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі, якой краіна фармальна абвяшчалася Бел.Нар. Рэспублікай. 18.3.1918 Рада Усебел. з’езда ператворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.3.1918 прынята Трэцяя Устаўная грамата, якой Беларусь была абвешчана незалежнай і свабоднай дзяржавай. Але незалежная Беларусь не адпавядала інтарэсам суседніх дзяржаў: Расія і Польшча лічылі яе часткай сваёй тэрыторыі; на часткі зямель Беларусі прэтэндавалі Літва, Украіна, Латвія. Праціўнікамі незалежнай бел. дзяржавы былі польск. і рус. арг-цыі на Беларусі, пэўныя яўр. колы. Германія таксама не прызнала акт 25 сак., бо разглядала Беларусь як заклад пад кантрыбуцыю, якую ёй абавязалася выплаціць РСФСР. Такія абставіны вымусілі кіраўніцтва БНР пайсці на аб’яднанне з апазіцыйнымі дзеячамі «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (П.П.Аляксюк, Р.А.Скірмунт і інш.), што выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і за бел.-герм. збліжэнне. 25.4.1918 яны разам са старшынёй Рады БНР І.М.Серадой, старшынёй Нар. сакратарыята Варонкам, А.Аўсянікам, П.А.Крачэўскім, Я.Ю.Лёсікам ад імя ўсёй Рады ў тэлеграме на імя кайзера Вільгельма II заявілі, што добрую будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Гэта стала адной з прычын расколу БСГ і крызісу ўрада БНР. У маі 1918 створана часовая Рада пяцёх сацыялістаў-федэралістаў на чале з Варонкам, але правыя лідэры адхілілі яе і стварылі новы ўрад БНР на чале са Скірмунтам. Такім чынам, з’явіліся 2 урады БНР, што выклікала абурэнне левых. У чэрв. створаны кааліцыйны ўрад (увайшлі правыя і левыя) на чале з Серадой, старшынёй Рады БНР стаў Лёсік. Герм.ваен. камандаванне, разглядаючы Раду БНР як пасрэдніка паміж ням. ўладамі і бел. народам, перадало ў кампетэнцыю Нар. сакратарыята гандаль, прам-сць, сац. апеку, асвету і культуру. Нар. сакратарыят БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі бел.нац. інстытутаў, прыняў пастанову аб дзярж. статусе бел. мовы. Працавалі ад 150 да 350 бел. школ, гімназіі ў Будславе, Мінску, Навагрудку, Слуцку, Гродне, Свіслацкая настаўніцкая семінарыя і Мінскі пед.ін-т. У крас. 1918 засн. Мінская вышэйшая муз. школа, Каталіцкая духоўная семінарыя, створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Бел. ун-та ў Мінску. У Вільні створана Бел.навук.т-ва. Працавалі выдавецтвы, выходзілі бел. газеты, ствараліся культ.-асв.т-вы, тэатр. калектывы. Летам 1918 адкрыты консульствы БНР на Украіне і ў Літве, дыпламат. місіі накіраваны ў шэраг еўрап. краін, уводзіўся пашпарт БНР, у тым ліку дыпламатычны, узаконены бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Пасля паражэння Германіі на Зах. фронце і пачатку эвакуацыі ням. войскаў БНР засталася безабароннаю перад бальшавікамі і польск. легіёнамі. Гэтыя абставіны падштурхнулі да Рады БНР прадстаўнікоў нац. меншасцяў і іх правых партый. У такой сітуацыі на чале ўрада стаў дзеяч бел. руху А.І.Луцкевіч, Нар. сакратарыят перайменаваны ў Раду Народных Міністраў. 11.10.1918 Рада БНР зацвердзіла часовую канстытуцыю. Урад Луцкевіча гатовы быў увесці на Беларусі сав. канстытуцыю пры ўмове прызнання Сав. Расіяй незалежнасці БНР. Аднак гэта прапанова не была прынята Масквой. У снеж. 1918 урад БНР пераехаў у Вільню, потым у Гродна (лічылася сталіцай БНР да вер. 1919, пакуль Рада БНР не вярнулася ў Мінск). У Гродне дзейнічалі 2 дзярж. структуры: урад БНР і Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У гэты час урад БНР выступаў супраць прэтэнзій Польшчы на бел. тэрыторыі і прызыву беларусаў у Войска Польскае, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. Абвяшчэнне 1.1.1919 Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі дзеячы БНР успрынялі як перамогу іх справы, аднак разглядалі гэты акт як тактычны крок бальшавікоў. У 1919 прадстаўнікі Рады БНР, ВБР, Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны вялі кансультацыі і перагаворы з польск. ўладамі, спадзеючыся на іх дапамогу ў будаўніцтве бел. дзяржавы і аб’яднанні бел. зямель. Аднак урад Пілсудскага не прызнаў права Беларусі на дзярж. самастойнасць, хоць у 1919—20 у Латвіі, Літве, Эстоніі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Фінляндыі, Турцыі працавалі дыпламат. і вайскова-дыпламат. місіі, консульствы і прадстаўніцтвы БНР. Рада ў выніку складанага ваенна-паліт. становішча не змагла рэалізаваць ідэю дзярж. суверэнітэту БНР. Пазіцыю с.-д. кіраўніцтва БНР не падтрымалі сацыялісты-рэвалюцыянеры і сацыялісты-федэралісты, абвінаваціўшы яго ў згодніцтве і здрадзе, і патрабавалі дадатковых выбараў у Раду БНР. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У сак.—маі 1920 Найвышэйшая рада працягвала перагаворы з польск. ўладамі адносна дзярж. ўладкавання Беларусі. Нар. рада шукала кантакты з РСФСР, але іх намаганні аказаліся марнымі з прычыны савецка-польскай вайны 1920, падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР, Рыжскага мірнага дагавора 1921. Падзел тэр. Беларусі [далучэнне Зах. Беларусі да Польшчы і знаходжанне Віцебскай і Магілёўскай (Гомельскай) губ. у складзе РСФСР] прывёў да стварэння адзінага бел.нац. блока. Нар. рада была прызнана адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа і перайменавана ў Раду БНР. У канцы 1920 кіраўніцтва БНР пераехала ў сталіцу Літвы Каўнас. Першая Усебеларуская канферэнцыя (Прага, вер. 1921) пацвердзіла акт 25.3.1918, прызнала Раду і ўрад БНР як адзіныя законныя органы і ўладу Беларусі. У 1922 кіраўнікі ўрада БНР В.Ю.Ластоўскі і міністр замежных спраў А.І.Цвікевіч спрабавалі паставіць бел. пытанне на Генуэзскай канферэнцыі. У жн. 1923 сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Цвікевічам. У кастр. 1923 кіраўніцтва БНР выехала ў Прагу. Новая эканам. палітыка (нэп), утварэнне СССР, палітыка беларусізацыі, узбуйненне БССР спарадзілі ў Зах. Беларусі і бел. эміграцыі прасав. настроі. Пасля амністыі праціўнікам сав. улады некаторыя дзеячы БНР і бел. культуры вярнуліся ў БССР. У гэтых умовах у Берліне адбылася Другая Усебеларуская канферэнцыя, якая прызнала Мінск адзіным цэнтрам нац. адраджэння Беларусі, але рашэнні яе не былі прызнаны Прэзідыумам Рады БНР. Старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. В.І.Захарка не прызналі Сав. Беларусь. Дзярж. пячатка і дзярж. архіў БНР засталіся ў іх. Пасля смерці Крачэўскага старшынямі Рады БНР былі Захарка (з 1928), М.С.Абрамчык (з 1943), В.Жук-Грышкевіч (з 1970), Я.Сажыч (з 1982).
Літ.:
Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. Киев, 1918 (репр. изд. Мн., 1990);
Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд.Мн., 1991);
Турук Ф. Белорусское движение. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928. Тое ж.Мн., 1991;
Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дакументы і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Яго ж. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
Сташкевич Н.С. Приговор революции. Мн., 1985;
Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГО́ЛА
(Angola),
Народная Рэспубліка Ангола (Repúblika Popular de Angola), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн і ПнУ з Заірам, на У з Замбіяй, на Пд з Намібіяй, на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 1246,7 тыс.км². Нас. 11,2 млн.чал. (1994). Афіц. мова — партугальская. Сталіца — г.Луанда. Падзяляецца на 18 правінцый (дыстрыктаў), уключае правінцыю Кабінда (паўанклаў). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1975 з папраўкамі 1991 Ангола — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Савет Міністраў.
Прырода. Большую ч. тэрыторыі займае пласкагор’е (пераважна выш. 1000—1500 м). На З горны масіў Біе (найб.выш. 2610 м, г. Мока). Уздоўж узбярэжжа шэраг невысокіх ступеньчатых плато шыр. ад 100 да 200 км і вузкая паласа прыморскай нізіны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, алмазы, медныя, жал., марганцавыя і уранавыя руды, баксіты, золата, тытан, плаціна, слюда. Клімат трапічны, гарачы, засушлівы зімой і вільготны летам. Сярэдняя т-ра найб. цёплага месяца (студз.) ад 21 да 29 °C, найб. халоднага (ліп.) ад 15 да 22 °C. Ападкаў ва ўнутр. раёнах 1000—1500 мм за год; на ўзбярэжжы, дзе ўплывае халоднае Бенгальскае цячэнне, — 50—500 мм за год. Гал. рэкі: Кванга, Касаі, Кунене, Кванза, частка эстуарыя р. Конга, на У верхняе цячэнне р. Замбезі. Значныя энергет. рэсурсы. Парогі і вадаспады перашкаджаюць суднаходству. Расліннасць унутр. раёнаў — сухое лістападнае рэдкалессе на фералітавых глебах, зах. схілы пласкагор’я і даліны рэк пад вільготнымі трапічнымі лясамі, на ўзбярэжжы — травяністыя і хмызняковыя саванны на чырвона-бурых глебах, на Пд — паўпустыня, якая пераходзіць у пустыню Наміб. Жывёльны свет: сланы, насарогі, буйвалы, зебры, ільвы, леапарды, гіены і інш., у трапічных лясах малпы. Нац. паркі і заказнікі: Кісама, Лванда, Камея, Намібе і інш.
Насельніцтва. Каля 96% насельніцтва належыць да народу моўнай сям’і банту (мбунду, конга, авімбунду, баконга, вачакве, ваньянка, авамба і інш.), жывуць партугальцы. Паводле веравызнання католікі (больш за 80%), пашыраны анімістычныя культы. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Найб. густа заселены нізіны і даліны рэк. Гар. насельніцтва 28,3% (1990). Найб. гарады: Луанда, Уамба, Лабіту, Бенгела, Лубанга і інш.
Гісторыя. Першабытная матэрыяльная культура на тэр. Анголы зарадзілася ў 8-м тыс. да н.э. Яе носьбітамі былі народы, нашчадкамі якіх з’яўляюцца пігмеі кангалезскіх лясоў, бушмены паўд.-зах. пустыняў і кой (гатэнтоты) Паўд. Афрыкі. Каля З тыс. гадоў назад сюды з бас.р. Конга і раёна вял. афрыканскіх азёраў перамясціліся негроідныя плямёны моўнай сям’і банту. Да пач.еўрап. каланізацыі на тэр. Анголы размяшчаліся раннефеад. дзяржавы Конга, Ндонга, Луанда, Бенгела і інш.Феад. адносіны тут суіснавалі з родаплемяннымі. У канцы 15 ст. на ўзбярэжжа вусця р. Конга высадзіліся партугальцы і залажылі тут апорны пункт Сан-Паўлу-ды-Луанда, які стаў цэнтрам гандлю рабамі. З 16 ст. Ангола — крыніца таннай рабочай сілы для цукр. плантацый Бразіліі. У 1671 афіцыйна абвешчана ўладаннем Партугаліі, хоць доўгі час яна кантралявала толькі крэпасці і факторыі на ўзбярэжжы. Паводле дагавора 1885—99 Партугаліі з Бельгіяй, Францыяй, Германіяй і Англіяй канчаткова вызначаны межы партуг. калоніі Анголы За працяглы час гандлю рабамі многія раёны краіны абязлюдзелі, знішчана духоўная і матэрыяльная культура раннефеад. дзяржаў.
З пачатку каланізацыі партугальцы сустрэлі ўпартае супраціўленне афр. плямёнаў. Цэнтрам антыкалан. руху была дзяржава Ндонга, якую партугальцы называлі Анголай (ад імя правячай дынастыі Нгола). У 17 ст. барацьбу за незалежнасць узначаліла каралева Нзінга Мбандзі Нгола. Прасоўванне партугальцаў у глыб краіны было прыпынена. У канцы 17 — пач. 18 ст. супраціўленне захопнікам у раёне Каконды аказалі плямёны пад кіраўніцтвам Хамба. У 1885 на Пд Анголы пачалася вызв. барацьба плямёнаў этнічнай групы авамба, якая працягвалася 30 гадоў. У 1956 некалькі падп. груп аб’ядналіся ў Народны рух за вызваленне Анголы (МПЛА) пад кіраўніцтвам А.Нета. Хоць паўстанне ў Луандзе было задушана, узбр. барацьба ахапіла ўсю краіну. У ёй прынялі ўдзел таксама Нац. саюз за поўную незалежнасць Анголы (УНІТА) і Нац. фронт вызвалення Анголы (ФНЛА). Да пач. 1970-х г. паўстанцы вызвалілі значную частку Анголы. У ліп. 1972 Ангола атрымала статус штата з правам мясц. аўтаноміі, але заставалася ў паліт. і эканам. залежнасці ад Партугаліі.
У 1974 Партугалія прызнала права Анголы на самавызначэнне і незалежнасць. Паводле двухбаковай дамоўленасці ўзбр. барацьба ў краіне спынялася. У створаны ў 1975 пераходны ўрад увайшлі прадстаўнікі МПЛА, УНІТА і ФНЛА. Аднак з-за шматлікіх супярэчнасцяў гэты ўрад распаўся. Супраць новага кабінета, створанага МПЛА, выступіла УНІТА. Узбр. барацьба паміж імі перарасла ў грамадз. вайну. 11.11.1975 у Луандзе абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Ангола, якую прызналі СССР, Куба і інш. краіны. Першым прэзідэнтам стаў А.Нета. Але на тэр. Анголы ўварваліся войскі ПАР і наёмнікаў. Урад Анголы папрасіў дапамогі ў Кубы. Нац.ўзбр. сілы Анголы пры дапамозе кубінскіх ваеннаслужачых да сак. 1976 выцеснілі інтэрвентаў. У 1979 прэзідэнтам краіны стаў Ж.Э. душ Сантуш. Узбр. акцыі супраць Анголы працягваліся. У 1988 паміж Анголай, Кубай, ПАР і ЗША падпісаны пагадненні, паводле якіх з Анголы выводзіліся войскі ПАР і Кубы. Але грамадз. вайна не спынілася. 31.5.1991 падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні паміж МПЛА і УНІТА, створана аб’яднаная нац. армія. У вер. 1992 пад наглядам ААН прайшлі парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, на якіх перамагла партыя МПЛА. УНІТА адмовілася прызнаць вынікі выбараў, і ваен. дзеянні аднавіліся. У кастр. 1993 УНІТА прызнала вынікі выбараў 1992, у снеж. 1993 паміж урадам і УНІТА падпісана перамір’е.
У Анголе зарэгістравана каля 30 партый. Асн. з іх: МПЛА, УНІТА, ФНЛА.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыўная прам-сць і сельская гаспадарка. Валавы ўнутр. прадукт у 1991 склаў 9,1 млрд.дол. (36% прыпадае на нафту і нафтапрадукты). Здабыча нафты (21 млн.т, 1991), алмазаў (961 тыс. карат, 1991). Вытв-сць электраэнергіі (730 млн.кВт·гадз, 1987, 70% на ГЭС). Развіваюцца апрацоўчая прам-сць (перапрацоўка с.-г. сыравіны, металаапр., нафтаперапр., лесапілаванне, тэкст., швейная і інш.), буд. індустрыя (вытв-сць цэменту, азбесту), суднабудаванне. Важная галіна сельскай гаспадаркі — плантацыйнае земляробства. Культывуюць каву (13 тыс.т, 1987), кукурузу, сізаль, цукр. трыснёг, алейную пальму, пшаніцу, какаву, гевею, тытунь і інш. Вырошчваюць бавоўну, маніёк, фасоль, рыс, арахіс. Жывёлагадоўля ў асн. у паўд. раёнах (буйн. раг. жывёла, свінні, козы). Рыбалоўства. Развіты чыг. (каля 3,3 тыс.км) і аўтамаб. (каля 80 тыс.км) транспарт. Марское кабатажнае суднаходства. Гал. парты — Луанда, Лабіту, Кабінда. У Луандзе міжнар. аэрапорт. У экспарце Анголы 88,9% займае нафта, 7,3% — алмазы. Больш за 90% экспарту паступае ў ЗША, краіны Зах. Еўропы (з 1985 Ангола асацыіраваны член Еўрап. Саюза), Бразілію. Вывозяцца кава (6 тыс.т, 1991), алмазы, сізаль, кукуруза, пальмавы алей, драўніна. Імпартуюцца машыны, абсталяванне, тэкстыль, металы. У 1989 Ангола прынята ў Міжнар. валютны фонд і Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця. Грашовая адзінка — кванэа кванза.
Літаратура. Багатая вусная л-ра існуе на мовах народаў банту — кімбунду, умбунду, кіконга, гангела і інш. У канцы 19 ст. К. да Мата сабраў і выдаў кн. «Народная мудрасць у ангольскіх прымаўках», А.Рыбаш — кн. казак і прымавак «Місоса» (т. 1—3, 1961—64) і «Ангольскія абрады і божаствы» (1958). На аснове нар. легендаў Каштру Сараменью стварыў кн. «Гісторыя Чорнай Зямлі» (т. 1—2, 1960). Пісьмовая л-ра, пераважна на партуг. мове, узнікла ў 19 ст. і мела публіцыст. характар. Літаратуры на мовах кімбунду і умбунду не мелі магчымасці друкавацца. У друку разгарнуўся патрыят. рух за аднаўленне сапраўднай нац. культуры. У 1920—30-я г.асн. жанры — бытапісальныя і дыдактычныя апавяданні. Тэмы нац. самасцвярджэння гал. чынам адлюстроўваюцца ў паэзіі і журналістыцы. З 1930-х г. вядомыя раманы П.Машаду і А.Троні, А. ды Асіс Жуніёр. Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі патрыятычны культ.-асв. рух «Ідзём адкрываць Анголу» (1948), «Культурнае таварыства Анголы» (1952), выдадзены першы кімбунду-партут. слоўнік (1953). Пад уплывам нац.-вызв. вайны 1961—74 у л-ры актуалізуецца тэма барацьбы супраць каланіялізму і расізму. Вылучаюцца вершы А.Нета, А.Жасінту, А.Барбейтуша, Р.Дуарці ды Карвалью і інш. Антыкаланіяльны кірунак маюць трылогія Каштру Сараменью «Мёртвая зямля» (1949), «Паварот» (1957), «Язва» (1970). Раман Рыбаша «Уанга» (1953) перакладзены на многія еўрап. мовы. Значнае дасягненне прозы — апавяданні і аповесці Л.Віейры. У 1977 створаны Саюз пісьменнікаў Анголы.
Мастацтва. На тэр. Анголы захаваліся першабытныя наскальныя геаметрызаваныя малюнкі жывёл. У сярэдневяковых дзярж. утварэннях (Луанда, Конга) развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва пляценне і разьба. Планіроўка пасяленняў кругавая: у цэнтры — памяшканне для сходаў, вакол яго — жылыя дамы з гасп. пабудовамі. Жылыя дамы прамавугольнай (радзей круглай) формы на каркасе з калоў, пераплеценых галінкамі, часам абмазаныя глінай, з глінабітнай падлогай, канічнай або 2-схільнай саламянай страхой. Дзверы і сцены часта ўпрыгожваюць разьбяным выпаленым ці маляваным геам. арнаментам. З прыходам еўрапейцаў у Анголу з’явіліся гарады, якія забудоўваліся на ўзор правінцыяльных партуг. гарадоў мураванымі будынкамі ў стылі барока і ранняга класіцызму. З пач. 20 ст. забудова вядзецца ў духу сучаснай еўрап. архітэктуры з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў. Развіта маст. разьба: стылізаваныя, схематычныя статуэткі людзей і жывёл, якія, паводле нар. павер’яў, валодаюць магічнай сілай, рытуальныя маскі. Разьбянымі выявамі (часам са складанымі дэкар. кампазіцыямі) аздабляюць драўляную мэблю, рэчы хатняга ўжытку. Пляцёнкі з галінак і саломы, кошыкі, цыноўкі і інш. вырабы нар. мастацтва ўпрыгожваюць геам. арнаментам чорнага, жоўтага, чырвона-карычневага колеру. З 1970-х г. развіваецца выяўленчае (асабліва графіка) і дэкар.-прыкладное мастацтва.
Літ.:
Фитуни Л.Л. Народная Республика Ангола: Справ. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ 1812,
Айчынная вайна 1812, абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.
У 1810-я г.франц. імператар Напалеон І Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.
Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр І з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх.ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр І аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.
У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус.зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс.чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс.чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс.чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс.чал.) — П.К.Эсена каля Рыгі, П.І.Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.Ф.Эртэля каля Мазыра.
21.4.1812 Аляксандр І выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр І па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл.Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл.Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.
Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.
У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл.Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.Рэнье (гл.Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл.Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.Віктора і П.Ф.Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл.Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.Касінскага.
Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.
Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс.чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр І прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс.чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.
Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс.чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.
Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс.чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс.чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.І.Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра І у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.
Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр І адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).
Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн.руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.
У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.
Літ.:
Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;
Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;
Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕРБАЙДЖА́Н, Азербайджанская Рэспубліка. Размешчана ў паўд.-ўсх.ч. Закаўказзя, мяжуе на Пн з Расіяй, на ПнЗ з Грузіяй, на ПдЗ з Арменіяй і Турцыяй, на Пд з Іранам. Пл. 86,6 тыс.км² (разам з а-вамі Каспійскага м.). Нас. 7,3 млн.Чал. (1992). Дзярж. мова азербайджанская. Пануючая рэлігія — іслам. Сталіца — г.Баку. У склад Азербайджана па канстытуцыі ўваходзяць Нахічэванская аўт. рэспубліка і тэр. Нагорнага Карабаха. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (28 мая).
Дзяржаўны лад. Азербайджан — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1978 з больш познімі дадаткамі і папраўкамі. Канстытуцыйным актам 18.10.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць краіны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Дзейнасць Вярх. Савета часова прыпынена, дэпутацкія паўнамоцтвы і статус усіх парламентарыяў захаваны на тэрмін іх выбрання. Вышэйшы орган заканад. улады з 18.5.1992 — Мілі меджліс — пастаяннадзеючы парламент з 50 дэпутатаў на чале са Старшынёй. Вышэйшы орган выканаўчай улады — Кабінет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Амаль палова тэр. Азербайджана — горы: Вялікі Каўказ — хрыбты Галоўны (г. Базардзюзю, 4466 м — найвышэйшы пункт Азербайджана) і Бакавы (г. Шахдаг, 4243 м); Курынская ўпадзіна — вял. міжгорны прагін, які займае Кура-Араксінская нізіна (28 м ніжэй за ўзр. м.); Малы Каўказ — сістэма складкавых хрыбтоў паміж рэкамі Кура і Аракс (г. Гямыш, 3724 м); Талышскія горы — займаюць паўд.-ўсх.ч. рэспублікі (г. Кюмюркёй, 2477 м). Уздоўж Каспійскага м. цягнецца вузкая паласа Ленкаранскай, на Пн — Самур-Дывічынскай нізін. Узбярэжжа (працягласць 800 км) парэзана слаба. Найб. паўастравы — Апшэронскі, Курынская каса, Сара. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Апшэронскі п-аў, Кура-Араксінская нізіна, акваторыя Каспійскага м. каля в-ва Арцёма, Нафтавыя Камяні і інш.), алуніты (Заглік), жал. руда (Дашкесан), серны калчадан (Чырагідзорскае і Таганалінскае радовішчы), барыт (Чаўдарскае радовішча), поліметалічныя, хромавыя і кобальтавыя руды (М.Каўказ), руды мыш’яку, свінцова-цынкавыя і малібдэнавыя (Нахічэвань) і інш. Шмат мінер. і тэрмальных крыніц, ёсць радовішчы лекавай нафты (Нафталан), буд. і абліцовачнага каменю, мармуру, гіпсу, мелу, сыравіна для вытв-сці шкла і цэменту. Клімат Азербайджана сухі субтрапічны на Кура-Араксінскай і Самур-Дывічынскай нізінах (сярэдняя т-ра студз. 1—3 °C, ліп. 26—27 °C, гадавая колькасць ападкаў 200—300 мм); вільготны субтрапічны на Ленкаранскай нізіне (сярэдняя т-ра студз. 3—4 °C, ліп. 26—28 °C, ападкаў за год 1900 мм — найб. колькасць у Азербайджане). У гарах высакагорны клімат падпарадкаваны вышыннай занальнасці (сярэдняя т-ра студз. на выш. больш за 2000 м -10 °C, ліп. да 5 °C, 600—800 мм ападкаў за год, 1400 мм на паўд. схілах В.Каўказа). Каля 1250 рэк, з іх 24 даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі Кура і Аракс (крыніцы арашэння), значныя — Самур, Тэртэр, Арпа. Больш за 250 азёраў, найб. Гаджыкабул і Беюкшор; высакагорнае воз. Гёйгёль. На р. Кура створана Мінгечаурскае вадасх. (525 км²), ад яго пачынаюцца Верхнекарабахскі і Верхнешырванскі арашальныя каналы. Глебы на нізінах (да выш. 200 м) шэразёмныя і бурыя паўпустынныя з саланцаватымі і саланчаковымі ўчасткамі, паўпустыннай расліннасцю (палын, салянкі, эфемеры), у перадгор’ях (300—500 м) — каштанавыя і карычневыя, на схілах гор — карычневыя і бурыя горна-лясныя глебы, на якіх растуць шыракалістыя лясы (бук, граб, дуб, каштан). Вышэй за 2000 м пояс горна-лугавых і дзярновых глебаў; разнатраўныя субальпійскія і альпійскія лугі — летнія пашы. У Талышскіх гарах захаваліся рэлікты трапічнай флоры: дэмірагач (жалезнае дрэва), самшыт, дзельква, гледычыя і інш. Жывёльны свет налічвае больш за 12 тыс. відаў: джэйран, дзік, дагестанскі тур, марал, дзікабраз, барсук, чаротавы кот; з птушак — турач, кеклік, фазан і інш. Каспій і Кура багатыя каштоўнай рыбай (ласось, асетр, сяўруга і інш.). Буйнейшыя запаведнікі: Закатальскі, Кызылагаджскі, Турыянчайскі, Шырванскі, Эльдарскі.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — азербайджанцы (больш за 82%); жывуць таксама рускія, армяне, лезгіны, аварцы, татары, цахуры, туркі, курды і інш. Сярэдняя шчыльнасць 85,8 чал. на 1 км² (1992), найб. шчыльна заселены Апшэронскі п-аў і прыгарадная зона Баку (150—300 чал. на 1 км²), некаторыя раўнінныя і перадгорныя часткі. Гар. насельніцтва складае 54%. Буйн. гарады (1990): Баку (1149 тыс.ж.), Гянджа (281 тыс.ж.), Сумгаіт (235 тыс.ж.), Мінгечаур, Шэкі.
Гісторыя. Першыя пасяленні чалавека на тэр. Азербайджана адносяцца да эпохі палеаліту. З часоў неаліту тут вядома земляробства і жывёлагадоўля. Паселішчы таго часу знойдзены ў Кюльтэпэ, Ханлары, Мінгечауры. З 2-га тыс. да н. э. на тэр. Азербайджана вядома металургія бронзы, з пач. 1-га тыс. да н. э. — жалеза. Паселішчы бронзавага веку выяўлены ў раёнах Хаджалы, Кедабека, Дашкесана, Гянджы і інш. У 9 ст. да н. э. Пд Азербайджана ўваходзіў у рабаўладальніцкую дзяржаву Мана, у 7 ст. да н. э. — Мідыю, якая да сярэдзіны 6 ст. да н. э. захоплена персідскай дзяржавай Ахеменідаў. У 4 ст. да н. э. на Пд Азербайджана ўзнікла дзяржава Атрапатэна, якая пазней атрымала назву Азербайджан («Краіна хавальніка агню»); на Пд Азербайджана ўтварылася Албанія Каўказская. Феад. адносіны ў Азербайджане склаліся ў 3—5 ст.н. э. Сяляне за карыстанне зямлёй плацілі феадалам рэнту і неслі павіннасці, аднак фармальна не лічыліся прыгоннымі. Гандлёва-рамесніцкімі цэнтрамі сталі Барда, Кабала, Нахічэвань, Байлакан і інш. Сярэдневяковы Азербайджан неаднойчы заваёўвалі іншаземцы. У пач. 3 — сярэдзіне 7 ст. тут царавала дынастыя Сасанідаў, у 7 — сярэдзіне 9 ст. ўладарылі арабы. У канцы 5 — пач. 6 ст. ў Азербайджане і Іране разгарнуўся маздакіцкі рух; у 1-й пал. 9 ст. адбылося вял. сялянскае паўстанне (гл.Бабека паўстанне 816—37) супраць араб. і мясц. феадалаў, якое падарвала ўладу Арабскага халіфата. У 2-й пал. 9 ст. на тэр. Азербайджана ўтварыўся шэраг дзяржаў. Цэнтрамі эканомікі і культуры сталі гарады Тэбрыз, Нахічэвань, Баку, Шэмаха, Барда, Кабала, Гянджа і інш., якія вялі гандаль, у т. л. і з Кіеўскай Руссю. У сярэдзіне 11 ст. Азербайджан захапілі сельджукі, якія прычынілі значныя страты гаспадарцы і культуры краіны. У 13 ст. ў выніку манг. нашэсця Азербайджан увайшоў у Хулагуідаў дзяржаву. Вял. наплыў цюркскіх плямёнаў у Азербайджане ў 11—13 ст. прывёў да выцяснення стараж.мясц. моў і ўсталявання новай — азербайджанскай мовы. З гэтага часу фарміруецца і азерб. народнасць. Да сярэдзіны 14 ст.манг. панаванне ў Азербайджане падарвана супраціўленнем нар. мас, што выкарысталі мясц.феад. дынастыі. У канцы 14 — пач. 15 ст. На тэр. Азербайджана вылучылася самастойная дзяржава Шырван. Станоўчую ролю ў гісторыі Азербайджана адыграла Сефевідаў дзяржава, заснаваная ў пач. 16 ст. шахам Ісмаілам І. З канца 16 ст. ў ёй узмацніўся іранскі ўплыў; Азербайджан ператварыўся ў адну з ускраін Іранскай дзяржавы. У 16—18 ст. Азербайджан — арэна разбуральных войнаў паміж Іранам і Турцыяй. Азерб. народ вёў гераічную барацьбу супраць іншаземных і мясц. прыгнятальнікаў, што знайшло адлюстраванне ў эпасе пра нар. героя Кёр-аглы. У 1723—35 прыкаспійскія вобласці Азербайджана трапілі пад уладу Расіі, пазней зноў захоплены Іранам. У 2-й пал. 18 ст. ў Азербайджане ўзнікла каля 15 невял. ханстваў. Паводле руска-іранскіх пагадненняў (Гюлістанскі мірны дагавор 1813, Туркманчайскі дагавор 1828) Паўн. Азербайджан далучаны да Рас. імперыі, Паўд. Азербайджан застаўся пад уладай Ірана. На пач. 19 ст. буйным цэнтрам прам-сці стаў Баку, які ў 1901 даваў каля паловы сусв. здабычы нафты. У 1903 бакінскія рабочыя выступілі ініцыятарамі стачак на Пд Расіі, у 1904 дамагліся заключэння першага ў Расіі калектыўнага дагавору. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 утварылася двоеўладдзе: у Баку існавалі Выканаўчы к-т грамадскіх арг-цый (мясц. орган Часовага ўрада) і Савет рабочых дэпутатаў, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных партый і паліт. груповак: мусаватысты (гл.«Мусават»), дашнакі, эсэры, бальшавікі, меншавікі і інш. 9.11.1917 на пашыраным пасяджэнні Савета бальшавіцкая рэзалюцыя аб узяцці ўлады ў свае рукі адхілена. Аднак 13 ліст. пад націскам рабочых і салдат абвешчана сав. ўлада, выбраны новы выканком Савета. Барацьба за ўладу набыла ўзбр. характар. У сак. 1918 у Баку і інш. месцах адбылося паўстанне мусаватыстаў, якое было задушана. 25.4.1918 утвораны Бакінскі СНК на чале з С.Г.Шаумянам (гл.Бакінская камуна). У маі ў Тыфлісе мусаватысты стварылі свой урад, які пазней пераехаў у Гянджу. 28.5.1918 абвешчана Азерб.дэмакр. рэспубліка. Ва ўмовах актывізацыі ваен. дзеянняў у Закаўказзі з боку Турцыі і няўдач Чырв. Арміі Бакінскі Савет 25 ліп. запрасіў у Баку англ. атрад. 31 ліп. Бакінскі СНК склаў свае паўнамоцтвы. 1 жн. з апазіцыйных Бакінскай камуне прадстаўнікоў Цэнтракаспія і выканкома Бакінскага Савета створаны новы ўрад — Дыктатура Цэнтракаспія і Прэзідыума выканкома Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Бакінскі Савет быў распушчаны, бакінскія камісары арыштаваны і 20 вер. расстраляны. 4 жн. Баку акупіравалі англ. войскі, якія праз 10 дзён былі выцеснены тур. часцямі. Разам з англічанамі Баку пакінулі прадстаўнікі толькі што створанага ўрада. У вер. 1918 да ўлады прыйшлі мусаватысты. Паводле ўмоў Мудраскага перамір’я паміж Антантай і Турцыяй апошняя вывела восенню 1918 свае войскі з Баку. На змену ім зноў прыбылі англ. войскі (выведзены восенню 1919). У выніку паўстання ў Баку 28.4.1920 адноўлена сав. ўлада, створаны СНК на чале з Н.Нарыманавым, Азербайджан абвешчаны сав.сацыяліст. рэспублікай. 30 крас. ў Баку прыбылі перадавыя атрады Чырв. Арміі. Сав. ўлада была ўстаноўлена і на астатняй тэр. Азербайджана. Потым Азербайджан быў выкарыстаны як плацдарм для дзеянняў Чырв. Арміі супраць урадаў, што існавалі на той час у Арменіі і Грузіі. 19.5.1921 прынята 1-я Канстытуцыя Азерб. ССР. З 12.3.1922 да 5.12.1936 Азербайджан уваходзіў у Закаўказскую федэрацыю (ЗСФСР) і ў складзе яе з 30.12.1922 — у СССР. У складзе Азербайджана былі ўтвораны Нагорна-Карабахская аўт.вобл. (1923, гл.Нагорны Карабах) і Нахічэванская АССР (1924, гл.Нахічэванская рэспубліка). Пасля скасавання ў 1936 ЗСФСР Азербайджан — саюзная рэспубліка ў складзе СССР. У 1988 з-за прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Азербайджанам і Арменіяй узнік канфлікт, які пазней прыняў узбр. характар. Ускладнілася і ўнутрыпаліт. сітуацыя. Крывавыя падзеі на нац. глебе ў Сумгаіце ў 1989, сутыкненні насельніцтва з войскамі ў Баку на пач. 1990 разам з нагорна-карабахскім крызісам вымусілі ўвесці ў Азербайджан ў студз. 1990 надзвычайнае становішча. Пасля змен у канстытуцыі ў маі 1990 прэзідэнтам Азербайджана стаў камуністычны лідэр А.Муталібаў. У ліп. 1990 з апазіцыйных уладам грамадска-паліт. груп і аб’яднанняў створаны Дэмакр. форум Азербайджана. 30.8.1991 Вярх. Савет Азербайджана прыняў дэкларацыю пра аднаўленне дзярж. незалежнасці на аснове Акта ад 1918. 18.10.1991 прыняты Канстытуцыйны акт «Аб дзяржаўнай незалежнасці Азербайджанскай рэспублікі». У канцы 1991 Азербайджан увайшоў у СНД. Рашэнне Вярх. Савета Азербайджана ад 26.11.1991 пра скасаванне статуса Нагорна-Карабахскай аўт.вобл., а з другога боку абвяшчэнне Нагорным Карабахам незалежнасці і прызнанне гэтага акта Арменіяй прывялі да эскалацыі азерб.-арм. канфлікту, фактычна пачалася неаб’яўленая вайна. Сац.-эканам. і паліт. крызіс у Азербайджане, ускладненне карабахскай праблемы вымусілі прэзідэнта Муталібава да адстаўкі. На прэзідэнцкіх выбарах 7.6.1992 перамог А.Эльчыбей — лідэр Нар. фронту Азербайджана. Краіна прыпыніла членства ў СНД. 24.6.1993 Нац. меджліс перадаў паўнамоцтвы прэзідэнта Азербайджана старшыні Вярх. Савета Г.Аліеву, які 3.10.1993 абраны прэзідэнтам краіны. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, АБСЕ, дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.
З 1992 Азербайджан, — член ААН, АБСЕ, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 11.6.1993.
Палітычныя партыі. Нар. фронт Азербайджана, Партыя нац. незалежнасці, «Мусават», Азерб.нар. партыя, Азерб.сял. партыя, «Новы Азербайджан», Азерб.сац.-дэмакр. партыя і інш.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці нафтаздабыўная (11,7 млн.т; 1991), газаздабыўная (8,3 млрд.м³; 1991), нафтаперапр. (вытв-сць шматлікіх відаў паліва, тэхн. маслаў і інш.). Электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 23,5 млрд.кВт·гадз (1991); выпрацоўваюць ЦЭС (91%), каскад ГЭС на Куры (у т. л. самая буйная Мінгечаурская), Араксінская, Шамхорская і інш. Гарнарудная прам-сць: здабыча жал. руды (1,6 млн.т), алунітаў у раёне Дашкесана. Металургічная прам-сць (вытв-сць сталі, стальных трубаў, алюмінію, пракат каляровых металаў) у Сумгаіце, Гянджы. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць абсталявання для нафтавай прам-сці (Баку). Развіты электратэхн., радыёэлектронная прам-сць, прыладабудаванне (асн. цэнтр Баку). Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці выпускаюць мінер. ўгнаенні, серную кіслату, сінтэтычны каўчук, аўтапакрышкі, шкловалакно, мыйныя сродкі, лакі, фарбы і інш. (Сумгаіт, Мінгечаур, Гянджа, Нефтэчала, Сальяны). Галіны лёгкай прам-сці: баваўняная (Баку, Гянджа), шаўковая (Шэкі), шарсцяная, трыкатажная, вытв-сці дываноў (Баку, Гянджа, Мінгечаур, Шэкі), гарбарна-абутковая (Баку, Гянджа). Развіты харч. (кансервавая, тытунёвая, чайная, рыбная, вінаробная, масласыраробная, мукамольна-крупяная і інш.) прам-сць і вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэментавыя вырабы, буд. фаянс, камень, зборныя жалезабетонныя канструкцыі і інш.). С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4 млн.га, з іх больш за 1,6 млн. пад ворнымі землямі, 2,1 млн.га пад летняй і зімовай пашай. Пл. зямель, якія арашаюцца, — 1,3 млн.га (1986). Найб. пасяўныя плошчы пад збожжавымі культурамі (пшаніца, рыс, азімы ячмень). Гал.тэхн. культуры — бавоўна і тытунь. Развіты пладаводства, вінаградарства. Азербайджан — база ранняга агародніцтва, буйны раён вырошчвання субтрапічных культур (гранат, інжыр, міндаль, масліны, шафран, цытрусавыя і інш.) і чаяводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (буйн. раг. жывёла) і мяса-воўнавага (авечкагадоўля) кірунку. Вытв-сць мяса — 8,1 тыс.т, малака — 84,8 тыс.т (1991). Птушкагадоўля, шаўкаводства.
Транспарт. Асн. від — чыгуначны. Праз Азербайджан праходзіць чыг. магістраль у Іран (на Тэбрыз). Паводле аб’ёму перавозак на 2-м месцы марскі транспарт; гал. порт Баку, звязаны чыг. паромам з Краснаводскам. Па Куры — суднаходства. Нафтаправод Баку—Тбілісі—Батумі, газаправоды Карадаг—Гянджа—Акстафа з адгалінаваннем на Ерэван і Тбілісі, Карадаг—Баку і інш. Ажыццяўляюцца грузапасаж. авіярэйсы Мінск—Баку—Мінск. Экспарт Азербайджана складае 1,46 млрд. інвалютных руб. (1992). У знешнім гандлі Азербайджана вядучае месца належыць Расіі (60% тавараабароту). Экспартуе энерганосьбіты і энергаматэрыялы, імпартуе прадукты харчавання. Грашовая адзінка — манат.
Узброеныя сілы Азербайджана складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У 1993 налічвалі 41,6 тыс.чал. (560 тыс. рэзервістаў). Сухапутныя войскі (38,9 тыс.чал.) маюць 2 карпусныя групы, 1 танк. брыгаду, 9 механізаваных брыгад, 1 механізаваны полк, 2 артыл. брыгады, 2 артыл. палкі; на ўзбраенні 286 танкаў, 362 баявыя машыны пяхоты, 480 бронетранспарцёраў, ракеты класа «зямля—паветра», артылерыя, ракетныя пускавыя ўстаноўкі, 130 мінамётаў. У ВПС (1,6 тыс.чал.) на ўзбраенні 47 баявых самалётаў, 52 вучэбна-трэніровачныя самалёты. ВМС (2,1 тыс.чал.) атрымалі ч. Каспійскай ваен. флатыліі б.СССР, у т. л. 1 фрэгат, 6 вартавых караблёў. Ваенна-марская база ў Баку.
Ахова здароўя. На пач. 1992 было 749 бальнічных устаноў на 71,9 тыс. ложкаў (99,4 ложка на 10 тыс.ж.), 1726 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 28,1 тыс. урачоў (38,9 урача на 10 тыс.ж.). Сярэдняя працягласць жыцця 69 гадоў. Дзіцячая смяротнасць склала 45 дзяцей на 1 тыс. народжаных.
Асвета, навуковыя ўстановы. У Азербайджане ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Азербайджане было 2168 дашкольных дзіцячых устаноў (173 тыс. дзяцей), 4332 агульнаадук. школы (1375 тыс. вучняў, 139 тыс. настаўнікаў), 77 сярэдніх спец.навуч. устаноў (60,1 тыс. навучэнцаў), 18 ВНУ (108 тыс. студэнтаў). Найбольшыя ВНУ: Азербайджанскі ун-т, ін-ты с.-г., політэхн., мед., пед., пед. замежных моў, мастацтваў, нафты і хіміі, буд. інжынераў, кансерваторыя і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў 131 навук. установе (разам з ВНУ) і ў н.-д. ін-тах АН Азербайджана (у яе складзе 61 акадэмік, 74 чл.-карэспандэнты, 364 д-ры навук і 2441 канд. навук; 1990). На 1.1.1991 у Азербайджане было 4,8 тыс. масавых б-к з фондам 45,9 млн. адзінак захавання, самыя вялікія: Рэсп.б-ка імя Ахундава, Фундаментальная б-каАН. У Азербайджане 122 музеі (разам з філіяламі), буйнейшыя з іх: Музей мастацтваў імя Мустафаева, Музей азерб. л-ры імя Нізамі, Музей гісторыі Азербайджана; 38 тыс. клубных устаноў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1992 у Азербайджане 575 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Азербайджан», «Азадлыг» («Свабода»), «Бакинский рабочий», «Вышка», «Мухаліфат» («Апазіцыя»). Працуюць дзярж. (Азерінфарм) і прыватныя (Аса-Ірада, Туран і Хабар-сервіс) тэлегр. агенцтвы. Тэлецэнтры Бакінскі і Нахічэванскі. Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на азерб., арм. і рус. мовах. У Баку рэтрансліруецца праграма тур. тэлебачання.
Літаратура. Азерб.л-ра бярэ пачатак у фальклоры. Самыя стараж. помнікі нар.-паэт. творчасці — т.зв. мідыйскія легенды, нар. паданні (7—6 ст. да н. э.). Рэліг.-філас. погляды стараж. азербайджанцаў адлюстраваны ў помніку «Авеста». Гераічны эпас прадстаўлены паэмамі-дастанамі, сярод якіх самы значны «Кёр-аглы». Рамантычныя сюжэты складаюць аснову дастанаў «Аслі і Керэм», «Ашуг-Гарыб» і інш. Стваральнікамі, выканаўцамі і зберагальнікамі нар. творчасці былі спевакі-ашугі. Стараж. пісьмовыя помнікі не захаваліся, але ёсць звесткі, што яшчэ ў 5 ст. ў Албаніі Каўказскай існаваў алфавіт, былі напісаны арыгінальныя і перакладныя кнігі. У 7—9 ст. узмацніўся араба-ісламскі, у 11 ст. — іранскі ўплыў на азерб. культуру. Арабская і персідская мовы сталі афіцыйнымі, на іх стваралі свае творы паэты і вучоныя Хатыб Тэбрызі, Гатран Тэбрызі. Адначасова развівалася і азерб. мова. У 10—11 ст. фарміраваўся эпас «Кітабі Дэдэ Коркуд». У 11—12 ст. побач з творамі прыдворных паэтаў з’яўляліся творы пра жыццё народа. Узоры лірыкі стваралі Хагані Шырвані, Абу-ль-Ала Ганджэві, Фелекі Шырвані, паэтэса Мехсеты Ганджэві і інш. Вяршыня азерб. паэзіі 12 ст. — творчасць Нізамі Ганджэві, які зрабіў вял. ўплыў і на азерб. л-ру, і на л-ры іншых народаў Усходу. У 13—14 ст. тварылі паэты Ізедын Гасанаглы, Зульфігар Шырвані, Аўхеды Марагаі, Махмуд Шабустары. Значны след у паэзіі пакінулі Насімі, Хабібі, Кішверы і інш. Пад псеўданімам Хатаі пісаў вершы заснавальнік дынастыі Сефевідаў шах Ісмаіл I. Газелі Мухамеда Фізулі — узор высокай лірыкі на ўсім Б. і Сярэднім Усходзе. З яго імем звязана канчатковае фарміраванне літ.азерб. мовы. У творах прадаўжальнікаў традыцый Фізулі (Саіба Тэбрызі, Каўсі Тэбрызі, Месіхі) паэзія набывала больш простую і арганічную форму. Гэта заўважна і ў творах лепшых паэтаў 18 ст. Мала Велі Відадзі і Мала Панах Вагіфа. Валодаючы ўсімі формамі класічнай паэзіі, яны сцвердзілі ў л-ры ашугскую форму гошма, найб. блізкую да нар. творчасці. Л-ра 19—пач. 20 ст., прадаўжаючы класічныя традыцыі, зазнала новыя павевы, ішла ад асветніцкага рэалізму А.-К.Бакіханава і Вазеха да рэалізму крытычнага. Важнае значэнне для развіцця рэаліст. л-ры мела творчасць М.Ф.Ахундава, талент якога найб. поўна раскрыўся ў драматургіі. У 2-й пал. 19 ст. тварылі паэт-асветнік Сеід Азім Шырвані, паэты-лірыкі Сеід Набаты, Бахар Шырвані, паэтэса Хуршудбану Натаван. У 1875 засн. першая газета на азерб. мове «Экінчы» («Араты»), На пач. 20 ст. з’явіліся раманы С.М.Ганізадэ, М.С.Ардубады, Н.Нарыманава, рамант. лінію ў паэзіі развівалі Абас Сіхат, Хады Мухамед і інш. У 1932 створаны Саюз пісьменнікаў Азербайджна. Значны ўклад у азерб. паэзію С.Вургуна, С.Рустама, Р.Рзы, М.Рагіма, Мюшфіка і інш. Выдадзены раманы, аповесці і апавяданні Сеіда Гусейна, С.Рагімава, Абульгасана, Гусейна Мехты, М.Ібрагімава, А.Веліева, Мір Джалала, Г.Мусаева і інш. У пасляваен. гады плённа працавалі празаікі І.Гусейнаў, Б.Байрамаў, Г.Сеідбейлі, І.Шыхлы, Г.Абасзадэ, С.Веліеў, С.Даглы, Анар, А.Айліслі, паэты Б.Азераглу, Б.Вагабзадэ, Н.Хазры, З.Джабарзадэ, І.Сафарлі, Г.Гусейнзадэ, А.Керым і інш. У 1960-я г. з’явіліся псіхал. апавяданні і лірыка-псіхал. аповесці Айліслі, І.Гусейнава, М.Ібрагімбекава, Анара і інш. Раман 1960—70-х г. у асноўным арыентаваўся на паказ жыцця вяскоўцаў ці рабочых («Вузлы» С.Веліева, «Магамед, Мамед, Маміш...» Ч.Гусейнава). У 1980-я г. выдадзены раманы «Меч і пяро» Ардубады, «Калыска на жалезным дрэве» Ф.Керымзадэ, «Камяністы ключ» С.Веліева, кн. аповесцяў і апавяданняў «Залаты конь і зямля» Дж.Алібекава, «Птушынае гняздо» Дж.Рафіева, «Маніфест маладога чалавека» Мір Джалала, «Кліч» А.Мамедава, «Людзі і хвалі» Г.Гусейнаглы, зб. паэзіі «Будзь сведкам, сонца» Н.Гасанзадэ, «Снежныя кветкі» М.Дыльбазі, «Памяць крыві» Сабіра, «Размова з самім сабой» Вагабзадэ і інш. Развіваецца дзіцячая л-ра (М.Сеідзадэ, М.Рзакулізадэ, Мусаеў, Х.Алібейлі і інш.), крытыка і літаратуразнаўства (Г.Араслі, Арыф, Ф.Касімзадэ, М.Рафілі, А.Султанлі і інш.).
На бел. мову перакладзены раман Ібрагімава «Настане дзень» (1953), аповесць Абульгасана «Унукі старой Тамашы» (1962), кн. аповесцяў С.Веліева «Вусаты Ага. Кулік» (1985), кн. апавяданняў «Ключ жыцця» (1978), зб. твораў дзіцячых пісьменнікаў і фальклору «Вышкі над морам» (1989), зб. вершаў і паэм М.Тофіка «Сонечны цягнік» (1986) і інш. На азерб. мову перакладзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, П.Броўкі, А.Куляшова і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі энеаліту і ранняй бронзы на тэр. Азербайджана захаваліся дальмены, менгіры, кромлехі, з 1-га тыс. да н.э. — цыклапічныя збудаванні (Кедабекскі р-н, перадгор’і М.Каўказа, Нахічэвань). Найб.стараж. помнікі выяўл. мастацтва (2—1-е тыс. да н.э.) — наскальныя гравіраваныя малюнкі ў Кабустане, кераміка Мінгечаура, упрыгожанні з бронзы, дробная пластыка. У 9—6 ст. да н. э. будаваліся гарады, абарончыя збудаванні, жыллё т.зв. антавага тыпу, алтары агню (Мана, Мідыя). Помнікі раннесярэдневяковага дойлідства — храм у Лекіце, базіліка ў с. Кум (5—6 ст.), мячэці ў Бардзе, Гянджы, Шэмасе (7—9 ст.). З 10 ст. ствараюцца арх. школы: нахічэванская (пабудовы 12 ст. архітэктара Аджэмі), шырвана-апшэронская (Шырваншахаў палац у Баку), тэбрызская (Блакітная мячэць, 15 ст.). Найб. вядомыя помнікі 12—13 ст. — маўзалеі ў Нахічэвані і Джузе, Дзявочая вежа ў Баку. У 16—17 ст. пабудаваны культавыя комплексы шэйха Сефі (Ардэбіль), Гёй-Імам, цэнтр. плошча з мячэццю Джума (Гянджа) і інш. У сярэднявеччы развівалася скульптура (бронзавыя грыфоны, каменныя фігуркі), высокага ўзроўню дасягнулі вытв-сць глазураванай керамікі, разьба па камені, каліграфія. На 16 ст. прыпадае росквіт тэбрызскай школы мініяцюры (мастакі Султан Мухамед, Мір Сеід Алі, Бехзад і інш.). У час феад. раздробленасці (18 ст.) манум. будаўніцтва занепадае; арх.-буд. традыцыі захаваліся ў нар. дойлідстве (жылыя дамы, невял. мячэці). У 18 ст. актуалізаваўся насценны жывапіс (палац ханаў у Шэкі, жылыя дамы ў Ардубадзе, Шушы). У 19 ст. традыцыі мініяцюрнага жывапісу прадаўжаліся ў насценных размалёўках і партрэце (майстры У.Г.Карабагі, М.К.Эрывані, М.М.Наваб). Прыёмы планіроўкі і кампазіцыі, нац.арх. формы і матывы дэкору нярэдка спалучаліся з элементамі рас. і зах.-еўрап. класіцызму (Шэмаха, Баку). Заснавальнікамі рэаліст. жывапісу ў пач. 20 ст. былі А.Азімзадэ і Б.Кенгерлі. У 1920 у Баку адкрыта маст. школа. У 1920 — пач. 30-х г. працавалі жывапісцы А.Рзакуліеў, С.Саламзадэ, Ш.Мангасараў, графікі Э.Гаджыеў, Г.Халыкаў, І.Ахундаў, скульптары П.Сабсай, І.Гуліеў, Ф.Абдурахманаў, Дж.Карагды, тэатр. мастакі Р.Мустафаеў, Н.Фатулаеў. З канца 1920-х г. будуюцца першыя рабочыя пасёлкі (пас. Мамедзьярава — адзін з першых прыкладаў комплекснай забудовы жылога раёна). У выхаванні нац. кадраў у Азербайджана прымалі ўдзелрус. архітэктары (браты Весніны, А.Шчусеў і інш.). З 1930-х г. працуюць выпускнікі арх.-буд. ф-та (засн. ў 1920) Азербайджанскага політэхн. ін-та (С.Дадашаў, Э.Касімзадэ, М.Усейнаў і інш.). Для 1920-х г. характэрна стылізатарства пад феад. дойлідства мусульм. Усходу. У пач. 1930-х г. з’явіліся канструктывісцкія будынкі (гасцініца «Інтурыст» у Баку), у 2-й пал. 1930—50-х г. асвойвалася класічная, у т. л.нац.арх. спадчына (Музей азерб. л-ры імя Нізамі ў Баку). З канца 1950 праектуюцца і забудоўваюцца новыя гарады — Сумгаіт, Дашкесан, Мінгечаур, вядзецца рэканструкцыя Баку. Эстэтыка сучаснага этапу дойлідства Азербайджана выявілася ў архітэктуры Баку (комплекс будынкаў АН, гасцініц «Азербайджан» і «Масква», усе арх. Усейнаў; станцыі метрапалітэна, арх. Усейнаў, К.Сянчыхін, Т.Ханлараў, Ш.Зейналава, Касімзадэ і інш.; палац «Гюлістан», арх. А.Амірханаў, Н.Гаджыбекаў) і інш. гарадоў. У выяўл. мастацтве з канца 1950-х г. паглыбляецца працэс асэнсавання нац.маст. традыцый, развіваецца самабытная школа жывапісу. У 1960—80-я г. мастакі Н.Абдурахманаў, М.Абдулаеў, Саламзадэ, Э.Рзакуліеў, Т.Салахаў, Б.Мірзазадэ і інш. працуюць у гіст. і быт. жанрах, пішуць партрэты, пейзажы. Сярод сучасных мастакоў — жывапісцы Т.Нарыманбекаў, А.Джафараў, Н.Касумаў; графікі Р.Бабаеў, Ю.Гусейнаў, Э.Шамілаў, К.Алекпераў. У 1936 засн. Саюз архітэктараў, у 1940 — Саюз мастакоў Азербайджана.
Музыка. На працягу многіх стагоддзяў на тэр. Азербайджана існавалі фалькл. музыка (сялянская і гарадская) і творчасць нар.-прафес. музыкантаў вуснай традыцыі, у т. л. ашугаў. Вак.-інстр. фальклор мае элементы шматгалосся. Самабытнасць гукавога строю азерб. музыкі вызначаюць 7 асн. ладоў-мугамаў (найб. пашыраны раст, шур, сегях). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковы кеманча, струнна-шчыпковыя тар, саз, уд; духавыя тугак, балабан, зурна; ударныя дэф (бубен), нагара, гоша-нагара. Нар. песенная творчасць разнастайная ў жанравых адносінах, з багатай метрарытмікай. Пераважае сольнае, радзей хар. (унісоннае) выканальніцтва. Мастацтва паэтаў-спевакоў ашугаў засн. на класічных мелодыях (больш за 80), кожная з якіх мае шмат імправізацыйных варыянтаў. У 11—16 ст.найб. пашырана было гар. мастацтва мугамаў — вял. цыклічных вак.-інстр. п’ес, пабудаваных у розных ладах. З канца 19 ст. ў Азербайджан пранікае еўрап.муз. культура. Асновы сучаснай азерб.прафес.муз. культуры заклаў У.Гаджыбекаў, які распрацаваў тэорыю азерб. ладоў, стварыў першую мугамную оперу «Лейлі і Меджнун» (1908) і муз. камедыю «Аршын мал алан» (1913). Новы стыль азерб. музыкі фарміруецца ў 1920—30-я г. найперш у оперным жанры. Пастаноўка оперы Р.Гліэра «Шахсенем» (1927) выявіла імкненне да сінтэзу еўрап. і нац. формаў, «Нэргіз» (1938) А.М.Магамаева — першы азерб. твор, засн. на класічных формах, опера «Кёр-аглы» (1937) У.Гаджыбекава стала нац. класікай. У 1940 паст. першы нац. балет «Дзявочая вежа» А.Бадалбейлі. Этапнымі былі балеты «Сем прыгажунь» (1952) і «Сцежкаю грому» (1958) К.Караева, «Легенда аб каханні» (1961) А.Мелікава. Муз. камедыі і аперэты стваралі С.Рустамаў, Ф.Аміраў, С.Алескераў, Караеў, Р.Гаджыеў. Сімф. жанр у Азербайджане ўзнік у 1920—30-я г. У ім працавалі Караеў, у творчасці якога аб’яднаны рысы нац. і сучаснай музыкі, Ніязі, працуюць Аміраў, С.Гаджыбекаў, Дж.Гаджыеў, Мелікаў, М.Мірзоеў, А.Рзаеў, А.Алізадэ, М.Куліеў, І.Гаджыбекаў, А.Дадашаў і інш.; у вак.-сімф. жанры — Рустамаў, Р.Мустафаеў, Р.Гаджыеў, Алізадэ, Н.Мамедаў, Мірзоеў і інш. Першыя ўзоры нац. раманса належаць А.Зейналы (1920-я г.). У камерна-інстр. жанрах працаваў Караеў, працуюць Аміраў, Дж.Гаджыеў, Т.Бакіханаў, С.Гаджыбекаў, Куліеў, Х.Мірзазадэ, А.Азізаў і інш. Развіваецца дзіцячая музыка, музыка для т-ра і кіно. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Ніязі, Р.Абдулаеў; спевакі Р.Бейбутаў, Бюль-Бюль, М.Магамаеў, Ш.Мамедава, Ф.Ахмедава, Л.Іманаў, З.Ханларава, Р.Атакішыеў; піяністы Ф.Бадалбейлі, Т.Махмудава. У Азербайджане працуюць (1994): у Баку — Азерб. т-р оперы і балета (з 1920), Т-р музкамедыі (1938); філармонія (1936), у складзе якой Сімф. аркестр імя У.Гаджыбекава, Ансамбль песні і танца Азербайджана, камерны аркестр, хар. капэла, ансамбль танца, Дзярж. эстрадны аркестр; Сімф. аркестр імя Ніязі, эстрадна-сімф. аркестр, аркестр нар. інструментаў, хор пры Азерб. радыё і тэлебачанні; «Тэатр песні»; у Гянджы — філармонія. Працуюць таксама кансерваторыя (з 1921), муз. вучылішчы, муз. школы. У 1934 засн. Саюз кампазітараў Азербайджана.
Тэатр. Вытокі азерб.тэатр. мастацтва — у нар. творчасці. У стараж. Азербайджане існаваў лялечны т-р «Кілімарасы», у сярэднявеччы — рэліг.-містэрыяльны тэатр. У 1873 у Баку ўпершыню на азерб. мове паказаны камедыі М.Ахундава «Везір Ленкаранскага ханства» і «Гаджы-Кара». У 1897 арганізаваны першы прафесійны калектыў «Мусульманская драм. трупа», у пач. 20 ст. створаны тэатр. трупы пры асв.т-вах «Ніджат» і «Сафа». Значны ўклад у развіццё нац.драм. мастацтва зрабілі Дж.Зейналаў, Г.Араблінскі, У.Гаджыбекаў, Дж.Джабарлы, А.Шарыфзадэ, У.Раджаб і інш. У 1920 у Баку створаны аб’яднаны дзярж. т-р (азерб., рус., арм.драм. і оперныя трупы). У 1922 азерб.драм. трупа пераўтворана ў Азерб.дзярж. т-р (Азерб.акад. т-р імя Азізбекава). У рэпертуары т-ра, які прадаўжае лепшыя нац. традыцыі, п’есы нац. драматургаў, класічныя і сучасныя творы. У 1944 засн.Азерб.тэатр.т-ва. У 1994 у Азербайджане 10 драм. т-раў.
Кіно. Кінавытворчасць у Азербайджане пачалася з 1916, калі акц.т-ва «Фільма» выпусціла карціны «У царстве нафты і мільёнаў» і «Аршын мал алан» (1917). У 1923 у Баку створана Азерб. фотакінаўпраўленне (з 1960 кінастудыя «Азербайджанфільм» імя Дж.Джабарлы); першы маст. фільм «Легенда пра Дзявочую вежу» (1924). У 1929 арганізавана студыя для падрыхтоўкі нац. творчых кадраў. У фільмах 1920-х г. пераважалі тэмы рэвалюцыі і грамадз. вайны («Гаджы Кара», «26 камісараў»). З 1936 здымаюцца гукавыя фільмы: «Алмас», «Бакінцы», «Сын Радзімы», «Бахтыяр», «Адна сям’я». У 1960—80-я г. пашырылася тэматыка, абнавілася паэтыка фільмаў, зняты маст. фільмы: «Не тая, дык гэтая», «Чаму ты маўчыш?», «Святло згаслых вогнішчаў», «Перад зачыненымі дзвярыма»; дакумент.-хранік.: «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» (Ленінская прэмія 1960), «Пакарыцелі мора» (сярэбраны медаль Маскоўскага міжнар. кінафестывалю 1959). У 1969 пачата вытворчасць мультыплікацыйных фільмаў. У 1965 створаны Саюз кінематаграфістаў Азербайджана. Сярод дзеячаў кіно: І.Касумаў, Т.Тагізадэ, Т.Ахундаў, М. і Р.Ібрагімбекавы, Анара (А.Рзаева), А.Бабаеў, Г.Мамедаў, Г.Турабаў, Ш.Мамедава.
Герб і сцяг Азербайджана.Азербайджан. Горад Баку.Да арт. Азербайджан. Здабыча нафты на Каспійскім моры.Да арт. Азербайджан. Аджэмі ібн Абу Бекр. Маўзалей Мамінэ-хатун у Нахічэвані. 1186.Да арт. Азербайджан. Дэталь партала палаца Шырваншахаў у Баку. Канец 15 ст.Да арт. Азербайджан. Маўзалей шэйха Сефі ў Ардэбілі. 16 ст.Да арт. Азербайджан. Мір Сеід Алі. Мініяцюра з рукапісу «Хамсе» Нізамі. 1539—43.Да арт. Азербайджан. Помнік Нізамі ў Баку. Скульпт. Ф.Абдурахманаў, арх. С.Дадашаў, М.Усейнаў. 1949.Да арт. Азербайджан. Помнік паэту Фізулі ў Баку. Скульпт. Т.Мамедаў, О.Эльцараў, арх. Г.Мухтараў. 1962.Да арт. Азербайджан. Т.Салахаў. Жанчыны Апшэрона. 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫРГЫЗСТА́Н, Кыргызская Рэспубліка (Кыргыз Рэспублікасынын),
дзяржава на ПнУ Сярэдняй Азіі. Мяжуе на Пн з Казахстанам, на 3 з Узбекістанам, на Пд з Таджыкістанам, на ПдУ і У з Кітаем. Падзяляецца на 6 абласцей. Пл. 198,5 тыс.км2. Нас. 4,6 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Бішкек. Дзярж. мова — кіргізская, мова міжнац. зносін — руская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 жніўня).
Дзяржаўны лад. К. — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993, мадыфікаваная ў 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — аднапалатны парламент, 105 дэпутатаў якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра якога назначае прэзідэнт. Судовую сістэму краіны ўзначальвае Вярх.суд. Ніжэйшыя суд. звёны — абл. і раённыя суды. Суддзі выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў.
Прырода. К. — адна з высакагорных краін свету. Размешчана ў межах Паміра-Алая на ПдЗ і Цянь-Шаня на ПнУ. Характарызуецца вышынямі больш за 500 м, каля 72 яе плошчы ляжыць на выш. ад 1000 да 3000 м, 73 — ад 3000 да 4000 м. Хрыбты распасціраюцца ад горнага вузла з пікамі Перамогі (найвыш. пункт краіны, 7439 м) і Хан-Тэнгры (6995 м) трыма буйнымі дугамі. Паўн. дугу складаюць хрыбты Кюнгёй-Ала-Тоо, Кіргізскі, Таласкі Алатау, Чаткальскі; сярэднюю — хрыбты ТэрскейАла-Тоо, Молда-Тоо, Суусамыр-’Гоо, якія на 3 прылягаюць да Ферганскага хр.; паўд. — хрыбты Ат-Башы, Какшаал-Тоо. На ПдЗ — хрыбты Алайскі, Туркестанскі, Заалайскі. Горныя хрыбты чаргуюцца з далінамі і катлавінамі, найб. з іх Чуйская, Ісык-Кульская, Талаская, Нарынская, Алайская, частка Ферганскай. Тэр. К. характарызуецца высокай сейсмічнасцю. Карысныя выкапні: ртуць (Хайдарканскае, Чаўвайскае радовішчы), сурма (Кадамджайскае, Тэрэк-Сайскае), свінцова-цынкавыя і жал. руды, нефелінавыя сіяніты, малібдэн, вальфрам, кобальт, волава, мыш’як, золата, медзь. Ёсць радовішчы каменнага і бурага вугалю, нафты і газу, солі, серы, барытаў. Вял. запасы буд. матэрыялаў (гліны, вапнякі, мармур, граніт). Каштоўныя і вырабныя камяні. Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ў Ферганскай даліне (Джалал-Абад) -1,5 °C, у паўн. далінах -5,3 °C, у высакагорных далінах -17,5 °C, ліп. адпаведна 25,7 °C, 22,9 °C, 9,2 °C. Ападкаў за год 100—200 мм на ўнутр. схілах гор, 400—500 мм у ніжніх зонах зах. і паўн. схілаў, 800—1000 мм на сярэдніх вышынях. На выш. больш за 5000 м клімат арктычны, летнія т-ры ніжэй 0 °C. Снегавая лінія на выш. 3500—4600 м. Пашыраны ледавікі, найб. з іх Паўд. Іныльчэк (даўж. 59,5 км), Паўн. Іныльчэк (38,2 км), Каінды (29 км). Агульная пл. зледзянення 6578 км2. Гал. рэкі: Нарын, Чу, Талас, Кызыл-Суу, Сары-Джаз, Чаткал, іх жыўленне пераважна ледавіковае і снегавое. Каля 3 тыс. азёр; буйныя — Ісык-Куль (салёнае), Сонг-Кёль (прэснае), Чатыр-Кёль (саленаватае). Глебы пераважна горныя, у перадгор’ях да выш. 1200 м шэразёмы, у міжгорных упадзінах і на горных схілах да выш. 3000 м светла- і цёмна-каштанавыя, вышэй — горналугавыя; у Ісык-Кульскай катлавіне горныя чарназёмы, высока ў гарах высакагорна-пустынныя глебы. У перадгор’ях палыновыя, злакавыя і палынова-злакавыя стэпы, вышэй у гарах разнатраўна-злакавыя лугі. Вышэй зоны лугоў пачынаецца зона лясоў з грэцкага арэху, клёну, елкі, піхты, потым — высакагорныя лугі. У далінах і катлавінах Унутр. Цянь-Шаня камяністыя пустыні, сухія стэпы і паўпустыні. Жывёльны свет багаты і разнастайны: каля 80 відаў млекакормячых, 336 відаў птушак, каля 35 відаў паўзуноў і земнаводных, больш за 30 відаў рыб. Запаведнікі: Ісык-Кульскі, Сары-Чэлекскі, Беш-Аральскі, Сонг-Кёльскі, Нарынскі. Нац. парк Ала-Арча.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кіргізы (60,8%). Жывуць рускія (15,3%), узбекі (14,3%), украінцы (1,5%), немцы, татары, казахі, карэйцы, уйгуры, таджыкі, дунгане і інш. Пануючая рэлігія — іслам суніцкага толку, ёсць хрысціяне (праваслаўныя). Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км2. Найб. шчыльна заселены даліны і міжгорныя катлавіны. У гарадах жыве 34% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Бішкек — 595,3, Ош — 239, Джалал-Абад — 80, Такмак — 72, Балыкчы — 65, Кара-Балта — 55. У эканоміцы краіны занята (1996) 1650 тыс.чал., у т.л. ў сельскай і лясной гаспадарцы 49%, у прам-сці і буд-ве 16%.
Гісторыя. Людзі на тэр. К. пасяліліся больш за 300 тыс. гадоў назад. У далінах рэк Он-Арча (Цэнтр. Цянь-Шань) і Хаджа-Бакіргансай (бас.р. Сырдар’я) знойдзены прылады працы эпохі ніжняга палеаліту, у далінах рэк Ісфара, Капчыгай і Ахна — сярэдняга палеаліту (мусцьерская культура). У Чуйскай даліне, на берагах воз. Ісык-Куль і ў Цэнтр. Цянь-Шані выяўлены рэшткі неалітычных стаянак, з іх найб. вядомая пячора Ак-Чункур у даліне р. Сары-Джаз. Акрамя прылад працы і гліняных пасудзін тут захаваліся наскальныя выявы людзей і жывёл (3—4-е тыс. да н.э.). Да 5—3-га тыс. да н.э. адносіцца ўзнікненне жывёлагадоўлі і земляробства. У канцы 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. тут пашырыліся медныя, потым бронзавыя прылады працы. У сярэдзіне 2 — пач. 1-га тыс. на Пд К. жылі земляробчыя (чусцкая культура), а на Пн пастухоўска-земляробчыя (адронаўская культура) плямёны. З пашырэннем жал. прылад працы (6—7 ст. да н.э.) склаліся 2 формы гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля і земляробства. Паўн. раёны К. ўваходзілі ў саюзы качавых плямён: сакскі (7—3 ст. да н.э.) і усуньскі (2 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.), паўднёвыя — у дзяржаву Паркан (2—1 ст. да н.э.) і Кушанскую дзяржаву (1—4 ст.н.э.). У 6—7 ст.тэр. К. ўваходзіла у склад Зах-Цюркскага каганата (гл.Цюркскі каганат), сталіца якога (г. Суяб) знаходзілася ў Чуйскай даліне. У пач. 8 ст. тут усталявалася ўлада плямён цюргешаў. У сярэдзіне 8 ст. з зах. Алтая на Цянь-Шань перасяліліся карлукі, якія стварылі Карлукскі каганат. Яго насельніцтва трымалася шаманізму, зараастрызму і хрысціянства, з 8 ст. пачалося пашырэнне ісламу. З сярэдзіны 10 да сярэдзіны 12 ст. К. з’яўляўся асн. удзелам Караханідаў дзяржавы. Толькі ў Чуйскай даліне было больш за 10 гарадоў — цэнтраў рамяства і гандлю, значнага развіцця дасягнула архітэктура (маўзалей ва Узгене, мінарэт Буран і інш.). У сярэдзіне 12 ст. большая частка К. заваявана кіданямі. У пач. 13 ст. сюды ўварваліся манголы, большая частка тэр. К. ўвайшла ў Джагатайскі (Чагатайскі) улус. У выніку манг. нашэсця былі зруйнаваны і разбураны гарады, спустошаны земляробчыя аазісы. Пануючай галіной гаспадаркі стала экстэнсіўная качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. У 13—15 ст. з вярхоўяў р. Об на тэр. К. перасяліліся кімакска-кірг. плямёны, што сталі ядром аб’яднання разнастайных цюркскіх этнасаў у адзіную кірг. народнасць. Да канца 15 ст. склалася самаст.кірг. ханства. У 16—17 ст. яно вяло барацьбу за незалежнасць з Айрацкім ханствам, у канцы 17 ст. было ім заваявана. Пасля разгрому Айрацкага ханства маньчжурамі ў 1758—59 К. увайшоў у склад Цынскай імперыі, але яе ўлада была намінальнай. У 1830—40-я г. К. заваяваны Какандскім ханствам. Какандцы пабудавалі шэраг крэпасцей, на месцы іх выраслі гарады Пішпек (Бішкек), Такмак і інш. Грамадска-эканам. лад кіргізаў меў патрыярхальна-феад. характар, плямёнамі кіравала феад. знаць — манапы і баі. У 1860-я г. паўночны, а пасля ліквідацыі ў 1876 Какандскага ханства і паўд. К. увайшоў у склад Расійскай імперыі. У 1867—1917 у Туркестанскім ген.-губернатарстве, тэр. К. была падзелена паміж Сямірэчанскай, Сырдар’інскай, Ферганскай і Самаркандскай абласцямі. Спрыяльныя кліматычныя ўмовы прыцягвалі сюды і рус. сялян-перасяленцаў, колькасць якіх асабліва павялічылася ў час Сталыпінскай аграрнай рэформы. У выніку ў К. склаўся значны асяродак рускамоўнага насельніцтва. Пад яго ўплывам пачаўся пераход кіргізаў да аселасці. З’явіліся першыя прамысл. прадпрыемствы, у т.л. па здабычы вугалю ў Кызыл-Кіі і Сулюкце, нафты ў Майлі-Саі. Летам 1916 большая частка тэр. К. была ахоплена Сярэднеазіяцкім паўстаннем 1916.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ў Расіі ў К. створаны Саветы рабочых і сял. дэпутатаў, узніклі першыя нац. аб’яднанні. 1.1.1918 сав. ўлада ўсталявана ў Пішпеку, а ў маі—чэрв. 1918 — на ўсёй тэр. К. З крас. 1918 К. у складзе Туркестанскай аўт.сав.сацыяліст. рэспублікі. У 1921 праведзена зямельна-водная рэформа на Пн, а ў 1927 і на Пд К. 2.10.1920 адбылася Джэтысайская мусульм.парт. канферэнцыя, з якой пачаўся ўдзелкірг. насельніцтва ў сацыяліст. будаўніцтве. 14.10.1924 створана Кара-Кірг. (з 25.5.1925 Кірг.) аўт. вобласць, якая 1.2.1926 ператворана ў Кірг.аўт.сав.сацыяліст. рэспубліку. 5.12.1936 абвешчана Кірг.Сав.Сацыяліст. Рэспубліка (КССР), 23.3.1937 прынята канстытуцыя К., а 23.4.1937 створана камуніст. партыя (бальшавікоў) К., пазней — Камуніст. партыя Κ. (КПК). У час існавання КССР (1936—91) адбыўся пераход кіргізаў да аселасці, была ліквідавана непісьменнасць, сфарміравана нац. інтэлігенцыя. У пач.перабудовы 1-м сакратаром ЦККПК выбраны А.Масаліеў (у крас.—снеж. 1990 Старшыня Вярх. Савета КССР) і прыняты закон аб дзярж. статусе кірг. мовы. Да 1990 узніклі апазіц. арг-цыі, найбуйнейшая з іх «Ашар». Яе дзеянні ў Ошскай вобл. прывялі да міжнац. сутыкненняў з узбекамі, у выніку якіх загінулі сотні людзей. Было ўведзена надзвычайнае становішча (скасавана ў вер. 1995). У 1990 Вярх. Савет выбраў першым прэзідэнтам А.Акаева. У снеж. 1990 КССР перайменавана ў Рэспубліку К. (з 1993 Кыргызская Рэспубліка). У жн. 1991 забаронена КПК (адноўлена ў сярэдзіне 1992). 31.8.1991 абвешчана незалежнасць К., 12.10.1991 на першых усенар. выбарах прэзідэнтам выбраны Акаеў (перавыбраны ў 1995). 13.12.1991 К. далучыўся да СНД. 5.5.1993 прынята канстытуцыя, якой К. абвешчаны парламенцкай рэспублікай. Паводле вынікаў рэферэндуму (кастр. 1994) створаны двухпалатны парламент (Жагорку кенеш), выбары ў які адбыліся ў лют. 1995. На рэферэндуме ў лют. 1996 большасць насельніцтва выказалася за пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта, наданне рус. мове роўнага статуса з кірг., што зменшыла міграцыю рускамоўнага насельніцтва з К. (са 100 тыс. у 1994 да 20 тыс. у 1996). У сак. 1996 сумесна з Беларуссю, Расіяй і Казахстанам К. заключыў дагавор аб мытным саюзе. К. — член ААН (з 1992), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», Сусв.гандл. арг-цыі (з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 21.1.1993.
Палітычныя партыі і рухі. Грамадз. рух «Адзілет», Агр. партыя К., Партыя нац. адраджэння «Асаба», Сац.-паліт. рух «Ашар», Партыя «Ата-Мекен», Дэмакр. партыя К., Кірг.камуніст. партыя, Аб’яднаная партыя К., Сацыял-дэмакр. партыя К. і інш.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 5,4 млрд.дол. ЗША (1140 дол. на душу насельніцтва). На долю дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый прыпадала 24%, на долю прыватнага сектара — 72% занятых. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны, яе доля ў ВУП складае 43%. С.-г. ўгоддзі займаюць 6,8 млн.га, у т.л. ворныя землі 1,3 млн.га, сенажаці і пашы 5,5 млн.га. Пл. арашальных угоддзяў 1 млн.га. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля, якая дае 65% таварнай с.-г. прадукцыі. Вылучаецца танкарунная авечкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): авечак і коз — 3716, буйн. раг. жывёлы — 848, коней — 314, свіней — 88, птушкі — 2122. Вытв-сць мяса (у забойнай вазе) 180,2 тыс.т, малака 882 тыс.т, яец 159,3 млн. штук. Настрыг воўны 12,2 тыс. т. Развіта шаўкаводства (на Пд), пчалярства, рыбалоўства (на воз. Ісык-Куль). Земляробства пераважна ў далінах. Пасяўная пл. (тыс.га, 1996) 1193,6, у т.л. пад збожжавымі культурамі 616,2, тэхн. — 126, кармавымі — 363,9, бульбай і агароднінна-бахчавымі — 87,5. Збор (тыс.т) пшаніцы —964. ячменю — 166, кукурузы — 182, рысу — 9, цукр. буракоў — 189,8, бавоўны — 73,1, тытуню — 17,9, бульбы — 662,4 агародніны і бахчавых — 368,5. Сеюць эфіраалейныя культуры, лек. мак. Садоўніцтва, вінаградарства і субтрапічнае пладаводства (персікі, гранаты, хурма). Насенняводства (цукр. буракі, люцэрна). На долю прамысловасці прыпадае каля 13% ВУП. Вядучая галіна — машынабудаванне (27% прамысл. прадукцыі). Вытв-сцьс.-г. машын, металарэзных станкоў, электрарухавікоў, фіз. прылад, ЭВМ (Бішкек), электралямпаў (Майлуу-Суу), аўтаагрэгатаў (Джалал-Абад), электратэхнікі (Каракол), помпаў (Ош). Суднабудаванне і суднарамонт у г. Балыкчы. Здабыча і абагачэнне ртутных, сурмяных і свінцова-цынкавых руд, вытв-сць сурмы (Карамджай) і ртуці (Хайдаркан). Паліўнаэнергет. комплекс уключае здабычу каменнага і бурага вугалю (Кызыл-Кія, Таш-Кумыр, Сулюкта, Кок-Янгак), нафты і прыроднага газу (Майлуу-Суу). У 1996 здабыта 432 тыс.т вугалю, 84 тыс.т нафты, 25,6 млн.м3 прыроднага газу. Нафтаперапрацоўчы з-д у г. Джалал-Абад. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ГЭС (Курпсайская, Тактагульская, Учкурганская, Таш-Кумырская) і буйных ЦЭС (Бішкек, Ош). У 1996 выпрацавана 13,7 млрд.кВтгадз электраэнергіі. З галін лёгкай прам-сці вылучаецца першасная апрацоўка бавоўны і воўны (Ош, Такмак, Джалал-Абад, Кара-Суу). Развіты баваўняная, шаўковая (Ош), камвольна-суконная (Бішкек), гарбарна-абугковая (Бішкек, Ош, Каракол, Джалал-Абад), валюшна лямцавая (Такмак), трыкат. і швейная прам-сць. Вытв-сць дываноў (Кара-Балта, Узген). З галін харч. прам-сці развіты мяса-малочная (Бішкек, Ош, Балыкчы), цукр. (6 з-даў у Чуйскай даліне), кансервавая, алейнаэкстракцыйная, тытунёвая, кандытарская. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шкло, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, вырабы з мармуру і граніту). Хім. і хіміка-фармацэўтычная прам-сць у Бішкеку. Дрэваапр.прам-сць, у т.л. мэблевая, у гарадах Бішкек, Ош, Джалал-Абад. Нар.маст. промыслы (Ош). Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 19,3 тыс.км, у т.л. з цвёрдым пакрыццём 17,3 тыс.км. Гал. аўтадарогі: Бішкек—Нарын—Кёк-Айгыр, Бішкек—Алматы, Бішкек—Ош, кальцавая дарога вакол воз. Ісык-Куль. Даўж. чыгункі 371 км. Суднаходства па воз. Ісык-Куль. 2 аэрапорты. Праз тэр. К. праходзіць газаправод Бухара—Ташкент—Бішкек—Алматы, дзейнічае газаправод Майлуу-Суу—Джалал-Абад—Ош. Ісык-Кульская курортная зона (Чалпон-Ата, Джэргалан, Ак-Суу, Джэты-Агуз, Тамга), курорты Джалал-Абад, Ісык-Ата, Кызыл-Булак. Экспарт (580 млн.дол. ЗША, 1996) канцэнтратаў каляровых металаў, ртуці, сурмы, прадукцыі сельскай гаспадаркі, машынабудавання і лёгкай прам-сці. Імпарт (680 млн.дол. ЗША, 1996) машын і абсталявання, харч. прадуктаў. На краіны СНД прыпадае каля 60% гандл. сувязей. Асн.гандл. партнёры: Расія, Узбекістан, Казахстан, Кітай, ЗША, Афганістан. Знешнегандлёвы абарот К. з Рэспублікай Беларусь у 1997 склаў 17,5 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — сом.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл, унутр. войск і нац. гвардыі. Агульная колькасць (1996) каля 14 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне — па прызыве. У рэгулярных узбр. сілах 1 дывізія, 9 тыс.чал. асабовага складу. Ва ўнутр. войсках 3,5 тыс.чал. У нац. гвардыі 1 тыс.чал. На ўзбраенні розная баявая тэхніка і стралк. зброя.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,3, жанчын 68,9 года. Смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 95 чал., урачамі — 1 на 319 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 77 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыядычныя выданні К. выходзяць на кірг., рус., дунганскай і англ. мовах. У 1990-я г. выдаецца каля 140 газет і часопісаў, з іх каля 80 на кірг. мове. Найб. тыраж і папулярнасць маюць: штодзённыя грамадска-паліт. газеты «Эркін Тоо» («Вольныя горы», з 1924), «Асаба» («Сцяг»), «Кыргыз Туусу» («Сцяг Кіргізіі», з 1924), літ.-маст.газ. «Кыргыз маданіяты» («Кіргізская культура»), на кірг. і рус. мовах — «Республика», на рус. мове — «Слово Кыргызстана», «Вечерний Бишкек», «Утро Бишкека», грамадска-паліт. незалежная — «Дело — номер», на англ. мове — «The Chronicle of Kyrgyzstan» («Хроніка Кыргызстана») і інш. Працуе Кіргізскае тэлегр. агенцтва (Кыргызкабар, з 1936). Радыёвяшчанне з 1931 (2 праграмы, на кірг., рус., ням., дунганскай мовах). Рэтрансліруюцца таксама перадачы з Масквы, Алматы, Ташкента. Тэлебачанне з 1956 (на кірг. і рус. мовах).
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Агульнаадук. школа ўключае асн. (1—9 кл.) і сярэднюю (10—11 кл.) школы. Прафес.-тэхн. адукацыю даюць прафес. вучылішчы, сярэднюю спецыяльную — тэхнікумы. У сістэме вышэйшай адукацыі тэрмін навучання 4—6 гадоў (1996). Пасля 4 гадоў навучання выпускнікі атрымліваюць дыплом бакалаўра без права паступлення ў аспірантуру, пасля 5 гадоў навучання — дыплом з правам паступлення, пасля 6 — дыплом магістра. Буйнейшыя ВНУ: Кыргызскі дзярж.нац.ун-т (з 1951, больш за 13 тыс. студэнтаў) і Кыргызскі тэхн.ун-т (каля 14 тыс. студэнтаў) у Бішкеку. Вядучы навук. цэнтр, які ажыццяўляе і каардынуе асн. аб’ём навук. даследаванняў — Нац.АН Кыргызскай Рэспублікі (з 1954). Н.-д. работу вядуць таксама ВНУ і галіновыя н.-д. ўстановы. У Бішкеку буйнейшая Нац.б-ка Кыргызскай Рэспублікі, Дзярж.гіст. музей і Нац. музей выяўл. мастацтваў імя Г.Айтыева.
Літаратура К. ўзнікла на аснове традыцый вуснай нар. творчасці. Жанры кірг. фальклору разнастайныя: пастухоўскія, працоўныя, абрадавыя, лірычныя песні, галашэнні-кашокі, казкі, сказы, легенды, паданні і інш.Найб. значны фальклорны твор — гераічны эпас «Манас». Вядомы таксама і т.зв. малыя эпасы. Папулярызацыі фальклору садзейнічалі акыны Тактагул Сатылганаў, Тагалок Малдо, казачнік-манасчы С.Каралаеў. Запісы фалькл. твораў упершыню зрабіў у 1856 каз. вучоны Ч.Валіханаў. Пісьмовая л-ра К. зарадзілася ў 1920-я г. (паэт А.Такамбаеў, празаік К.Баялінаў). Найб. плённа ў гады станаўлення нац. л-ры развівалася паэзія (Такамбаеў, К.Малікаў, Т.Сыдыкбекаў, Дж.Баканбаеў, Дж.Турусбекаў, М.Элебаеў і інш.). У 1930—40-я г. ўзніклі літ. жанры: паэма (Малікаў, У.Абдукаімаў), драма (Турусбекаў, К.Джантошаў, Баканбаеў), раман (Джантошаў, Сыдыкбекаў) і інш. Паэзія вызначалася навізной вобразаў, грамадз. пафасам, публіцыстычнасцю, проза — маштабнасцю, пераканаўчасцю характараў. Патрыятычным гучаннем прасякнута паэзія Вял.Айч. вайны (Элебаеў, Т.Уметаліеў, Такамбаеў). Вядучае месца ў л-ры К. займае проза: раманы «Кен-Су» (кн. 1—2, 1937—38), «Тэмір» (1939—40), «Людзі нашых дзён» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), трылогія «Жанчыны» (кн. 1—2, 1962—66) Сыдыкбекава, «Каныбек» (кн. 1—3, 1939—48), «Чабан нябесных гор» (1963) Джантошава, «Шлях да шчасця» (кн. 1—2, 1957—62), «Голас нашчадкаў» (1969), «Стальное пяро» (1981) Ш.Бейшэналіева, «Майдан» (ч. 1—2, 1961—66) Абдукаімава і інш. У пасляваен. час развіваецца проза т.зв. малых жанраў, якой уласцівы вастрыня маральна-псіхал. калізій, сучасная інтэрпрэтацыя фалькл. матываў: аповесці Ч.Айтматава, творчасць якога паўплывала на развіццё кірг. прозы ў цэлым, апавяданні (Абдукаімаў, Т.Абдумамунаў, М.Байджыеў), нарысы (Абдумамунаў). Надзённасцю тэматыкі і праблематыкі, складанасцю канфліктаў вылучаецца драматургія (п’есы Малікава, Байджыева, Абдумамунава і інш.). Сучасная л-ра К. тэматычна і жанрава разнастайная, адметная ўвядзеннем новых форм і вобразаў, прадстаўлена пісьменнікамі розных пакаленняў (М.Абылкасымава, Айтматаў, Байджыеў, Бейшэналіеў, М.Джангазіеў, С.Джусуеў, С.Эраліеў і інш). У 1934 засн. Саюз пісьменнікаў К.
Творы бел. пісьменнікаў на кірг. мове з’явіліся ў 1950-я г. Асобнымі выданнямі выйшлі «Вершы» Я.Купалы (1954, 2-е выд. 1982), «Апавяданні» З.Бядулі (1958), аповесць «Міколка-паравоз» М.Лынькова (1960), зб. вершаў і паэм «А дні ідуць» П.Броўкі (1966). Актывізацыя дзейнасці бел. перакладчыкаў прыпадае на 1970—80-я г. Творы Айтматава, Б.Абакірава, Джусуева, Н.Джундубаевай, А.Кыдырава, Уметаліева, Такамбаева і інш. перакладалі Р.Барадулін, В.Вольскі, В.Іпатава, С. Законнікаў, С.Міхальчук, М.Стральцоў, У.Шахавец, Я.Янішчыц і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці і раман «Буранны паўстанак: I вякуе дзень даўжэй за век» Айтматава (1987), «Кіргізскія народныя казкі» (1988).
Архітэктура. Найб. раннія ўмацаваныя паселішчы з глінабітнымі і сырцовымі пабудовамі выяўлены на Пд К. (Шурабашат, 4—1 ст. да н.э.). У 5—10 ст. будавалі крэпасці, замкі феадалаў, гарады (Ош, Узген), гарадзішчы (Ак-Бешым, Бурана, Баласагун) з цытадэллю і гар. ядром — шахрыстанам і ўмацаваным прыгарадам рамеснікаў — рабадам. На Цянь-Шані захаваліся рэшткі гарадоў-ставак цюркскіх ханаў (гарадзішчы Кашой-Курган, Шырдакбек), якія былі абнесены пахсавымі сценамі (выш. да 12 м) з вежамі, а таксама руіны ўмацаванага караван-сарая Чалдывар на р. Манакельды з т.зв. гафрыраванымі сценамі. У 10—12 ст. (дзяржава Караханідаў) узводзілі манум. культавыя пабудовы — мячэці, мінарэты, маўзалеі (цэнтрычны маўзалей Шах-Фазіль у Ошскай вобл., 11—2-я пал. 12 ст.; група з 3 маўзалеяў ва Узгене, 11—12 ст.). На гарадзішчы Бурана захаваўся мінарэт — «вежа Бурана» (пач. 11 ст.; выш. 21,5 м). У выніку манг.-тат. заваявання (1-я чвэрць 13 ст.) гарады заняпалі. Насельніцтва стала качавым, асн. тыпам іх жылля была разборная круглая юрта, накрытая лямцам. З манум. будынкаў узводзілі пераважна маўзалеі (партальна-купальны маўзалей Манаса, 1334) і караван-сараі (Таш-Рабат на р. Каракаюм, 1-я пал. 15 ст.). З сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады Бішкек, Каракол (Пржавальск), Такмак і інш. з прамавугольнай планіроўкай, дробнымі кварталамі, забудаванымі 1-павярховымі глінабітнымі або сырцовымі дамамі. Пабудовы 1920—30-х г. у духу канструктывізму, з рысамі класіцызму (будынак мед. ін-та ў Бішкеку). У арх. дэкоры выкарыстоўваецца нац. арнамент (Летні т-р у Бішкеку, 1940, арх. Г.А.Градаў). У пабудовах 2-й пал. 20 ст. выкарыстоўваюцца зборны жалезабетон і шкло (будынкі АН у Бішкеку, 1960-я г., арх. Ю.Бялінскі, А.Бачароў). Вядзецца курортнае буд-ва на воз. Ісык-Куль. У 1960—80-я г. створаны новыя генпланы гарадоў. Архітэктура адметная выразнасцю сучасных форм і канструкцый: Кырг. т-р оперы і балета (1955, арх. А.Лабурэнка, з удзелам П.П.Іванова), будынкі музея выяўл. мастацтва (1974, арх. Ш.Джэкшанбаеў), цырка (1976, арх. Л.Сегал). У Бішкеку пастаўлены помнік Тактагулу Сатылганаву (1974). У 1941 засн. Саюз архітэктараў К.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. К. захаваліся наскальныя размалёўкі, ляпная кераміка з геам. ўзорамі эпох неаліту і бронзы. Да 4—1 ст. да н.э. адносяцца ўпрыгожанні з золата і бронзы, размаляваная кераміка, літыя з бронзы фігуркі жывёл, посуд. Да манг.-тат. нашэсця паралельна развівалася мастацтва аселага (кераміка з ляпным ці ўціснутым геам. узорам, гліняныя і тэракотавыя стылізаваныя фігуркі людзей і жывёл, асуарыі — урны для захавання касцей, фрагменты жывапісу, скульптуры) і качавога (накладкі на конскую збрую з металу, спражкі, падвескі-медальёны з арнаментам, выявамі жывёл) насельніцтва. У будыйскіх храмах 5—10 ст. статуі багоў аздаблялі барэльефамі і размалёўкамі (гарадзішча Ак-Бешым у Чуйскай даліне). Мячэці, маўзалеі 10—12 ст. дэкарыраваны ўзорыстай муроўкай з цэглы, разьбой па ганчы і тэракоце (геам. і расл. ўзоры, надпісы). У дэкар.-прыкладным мастацтве пераважала ткацтва дываноў (лямцавыя дываны «шырдакі» з мазаічнымі, аплікацыйнымі ўваленымі ўзорамі; ворсавыя дываны; падвесныя паліцы для юртаў). Вышыўкай аздаблялі насценныя пано з аксаміту ці сукна (туш-«кійізы»), сумкі для посуду, адзенне, плялі ўзорыстыя цыноўкі з травы чый. З серабра рабілі ювелірныя ўпрыгожанні, якія аздаблялі гравіраваным узорам, насечкамі, чарненнем і інш. Для нар. мастацтва характэрны кантрастнасць колеру (найб. пашыранае спалучэнне чырвонага з сінім), ураўнаважанасць кампазіцыі, рытмічнасць. Ва ўзорах пераважалі круглаватыя формы і матыў «барановы рог». У 20 ст. зараджаюцца жывапіс, графіка, скульптура. У станаўленні прафес.выяўл. мастацтва значная роля належыць С.Чуйкову, а таксама жывапісцам В.Абразцову, Г.Айтыеву, С.Акылбекаву, І.Гальчанку, А.Ігнацьеву, скульпт. В.Мануілавай, графікам Л.Ільіной, А.Міхалёву, А.Згібневу. У Вял.Айч. вайну створаны работы ў гонар герояў вайны (помнік І.Панфілаву ў Бішкеку, 1942, скульпт. A. i В.Мануілавы). З 1950-х г. развіваюцца партрэт (Айтыеў, А.Усубаліеў), пейзаж, павялічылася цікавасць да тэматычнай карціны (Л.Дэймант). Сярод мастакоў 1950—60-х г. жывапісцы Усубаліеў, Дж.Кажахметаў, К.Керымбекаў, Дж.Джумабаеў, А.Асмонаў, графік М.Амаркулаў. Развіваюцца скульптура (Т.Садыкаў, А.Мухугдзінаў, манум.-дэкар. мастацтва (рэльефы на мемар. музеі М.В.Фрунзе ў Бішкеку, 1967, мастакі А.Варонін, А.Каменскі, С.Бакашоў). Сярод тэатр. мастакоў А.Арэф’еў, А.Малдахматаў і інш. У 1970—80-я г. створаны работы высокага грамадз. гучання (ансамбль «Манас» у Бішкеку, 1981, скульпт. Садыкаў, арх. А.Пячонкін). Багатыя традыцыі нар. мастацтва працягваюцца ў дыванаткацтве, вышыўцы, вырабах са скуры, у тэкст. і керамічнай вытв-сці. Развіваецца прафес.дэкар.-прыкладное мастацтва (Дж. Уметаў). Мастацтва 1980—90-х г. адметнае пашырэннем тэматычнага кругагляду, імкненнем абнавіць маст.-пластычныя вырашэнні, пошукамі новых сродкаў выразнасці (М.Акынбекаў, Бакашоў, М.Бекджанаў, Т.Касымаў). У 1958 створаны Саюз мастакоў К.
Музыка К. імправізацыйная, у ёй важная роля належыць варыянтна-варыяцыйным прынцыпам развіцця. Фарміравалася ў рэчышчах нар. і нар.-прафес. вусных традыцый. Ладавая аснова — дыятанічныя шасці-, сямі- і больш ступенныя гукарады; характэрна ладавая пераменнасць. Традыц.нар. песні (абрадавыя, працоўныя, лірычныя, дзявочыя, жаночыя, дзіцячыя і інш.) аднагалосыя; інстр. музыка 2- і 3-галосая, асн. жанр — кю (вял. п’еса праграмнага зместу). Сярод нар.муз. інструментаў: камуз (шчыпковы), кыяк (смычковы), чоар (духавы), доал (ударны). Сярод пар. музыкантаў (акынаў, манасчы, ырчы, куудулаў, камузчы, кыякчы, чоарчу, сурнайчы) Тактагул Сатылганаў, Калык Акіеў, Алымкул Усенбаеў, Сагымбай Аразбакаў, Саякбай Каралаеў, Атай Агамбаеў, Муса Баетаў, Куйручук, Ш.Цермечыкаў, Ніязалы, Жалбун, Мураталы Курэнкееў і інш. У 1920—30-я г. створаны драм. п’есы, насычаныя нар. песнямі, муз. драмы. Першыя кірг. оперы — «Месяцавая прыгажуня» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ (1939) і «Тактагул» А.Вепрыка (1940), балеты — «Анар» (1940), «Арэлі» Уласава і Ферэ, «Чалпон» М.Раўхвергера (абодва 1944). Пазней створаны балет-араторыя «Мацярынскае поле» К.Малдабасанава (паст. 1975), дзіцячыя балеты, муз. камедыі, творы сімф. і кантатна-аратарыяльнага жанраў і інш. У стварэнні нац. опернага і балетнага рэпертуару ўдзельнічалі Уласаў, Ферэ, Малдыбаеў, Раўхвергер, М.Абдраеў, Малдабасанаў, Г.Окунеў, М.Ракаў, С.Раўзаў, у галінах сімф. і кантатна-аратарыяльнай музыкі працавалі Абдраеў, А.Аманбаеў, Н.Даўлесаў, А.Джаныбекаў, Ч.Джумаканаў, Ж.Малдыбаева, С.Медзетаў, А.Мурзабаеў, А.Тулееў, Т.Эрматаў і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Даўлесаў, А.Джумахматаў, Малдабасанаў; спевакі С.Кіізбаева, Малдыбаеў, Б.Мінжылкіеў, Х.Мухтараў, А.Мырзабаеў, К.Сартбаева, Т.Сейталіеў, балетмайстар М.Холфін; артысты балета Б.Бейшэналіева, К.Мадземілава, У.Сарбагішаў, А.Такамбаева, Р.Чакоева. У К. працуюць: Кырг. т-р оперы і балета (з 1942, Бішкек), муз.-драм.т-р (з 1946, Нарын), філармонія (з 1936), дзіцячая філармонія (з 1986), сімф. аркестр Кырг. радыё і тэлебачання (з 1970), аркестр нар. інструментаў (з 1936), Дзярж. ансамбль танца К., Кырг. ін-т мастацтваў, муз. вучылішчы (Бішкек, Ош), больш за 130 муз. школ. У 1939 створаны Саюз кампазітараў К.
Тэатр. Тэатр. элементы былі ў абрадах і нар. гульнях, спаборніцтвах акынаў (айтыш), выступленнях казачнікаў, манасчы, куудулаў (нар. комікаў). Першыя тэатр. паказы на кірг. мове адбыліся ў пач. 20 ст. У 1926 у Бішкеку арганізавана тэатр. студыя, у 1930 ператвораная ў прафес.драм.т-р (з 1936 муз.-драм., з 1942 т-р оперы і балета). Драм. спектаклі на кірг. мове ставіў Т-р юнага гледача (1936—41). У 1941 адкрыты Кырг. драм. т-р. Ставяцца п’есы нац. драматургаў: Т.Абдумамунава, Б.Амураліева, М.Байджыева, Ш.Бейшэналіева, Б.Джакіева, К.Джантошава, А.Кутубаева, К.Малікава, А.Такамбаева, Р.Шукурбекава, рус. і замежная класіка; асобнае месца ў рэперТуары займаюць інсцэніроўкі твораў Ч.Айтматава. Працуюць т-ры: Кырг. драматычны, лялек (з 1938), рус. драмы (з 1935; усе ў Бішкеку), т-ры драм. ў Ошы, муз.-драм. ў Нарыне і інш. Сярод артыстаў: Д.Куюкава, Б.Кыдыкеева, М.Рыскулаў, А.Баталіеў, С.Джаманаў, А.Джанкарозава, Н.Кітаеў, А.Кабегенаў, С.Кумушаліева, А.Кутубаева, Л.Маідава, Р.Мумінава, Т.Хасанава і інш. У кірг. т-рах ставіліся п’есы А.Макаёнка, А.Маўзона і інш.бел. драматургаў.
Кіно. У 1942 у Бішкеку на базе карэспандэнцкага пункта кінахронікі (з 1939) створана студыя кінахронікі (з 1956 кінастудыя дакумент. і маст. фільмаў, з 1961 «Кіргізфільм»). У 1947 зняты першы дакумент. фільм «Савецкая Кіргізія» (рэж. М.Слуцкі). У галіне дакумент. кіно працавалі рэж. Ш.Апылаў, А.Відугірыс («Замкі на пяску», 1967, гал. прыз міжнар. кінафестывалю ў Кракаве), Ю.Герштэйн, Б.Абдылдаеў, Б.Шамшыеў («Манасчы», 1956, гал. прыз міжнар. кінафестывалю ў Оберхаўзене) і інш. Першы маст. фільм — «Салтанат» (1955, рэж.В. Пронін, з кінастудыяй «Масфільм»). Першы самаст.маст. фільм — «Мая памылка» паводле А.Такамбаева (1958, рэж. І.Кобызеў). У 1960—70-я г. ствараліся фільмы паводле твораў пісьменнікаў: «Стрэл на перавале Караш» (паводле аповесці М.Аўэзава «Стрэл на перавале»; 1970, рэж. Шамшыеў), «Пакланіся агню» (паводле Н.Байтэмірава; 1972), «Люты» (паводле аповесці М.Аўэзава «Шэры люты»; 1974, рэж. абодвух Т.Акееў) і інш. Шмат фільмаў пастаўлена паводле твораў Айтматава: «Першы настаўнік» (1965, рэж. А.Міхалкоў-Канчалоўскі), «Мацярынскае поле» (1968, рэж. Г.Базараў), «Джаміля» (1969, рэж. І.Паплаўская), «Белы параход» (1976, рэж. Шамшыеў; Дзярж. прэмія СССР 1977), «Улан» (1977, рэж. Акееў) і інш. У 1980-я г. створаны фільмы «Залатая восень» (1980), «Нашчадак Белага Барса» (1985; рэж. абодвух Акееў), «Воўчая яма» (1984), «Снайперы» (1985; рэж. абодвух Шамшыеў) і інш. З 1977 ствараюцца анімацыйныя фільмы (рэж. С.Ішэнаў, В.Бялоў і інш.). У развіццё кінамастацтва К. вял. ўклад зрабілі: рэж. М.Убукееў, Л.Турусбекава, Ш.Апылаў, К.Акматаліеў; сцэнарысты К.Амуркулаў, Б.Джакіеў, Э.Барбіеў, М.Байджыеў; аператары М.Мусаеў, К.Абдыкулаў, С.Давыдаў; мастакі Дж.Джумабаеў, Б.Джумаліеў; акцёры Б.Кадыкеева, М.Раскулаў, Д.Куюкава, Т.Турсунбаева, Ч.Думанаеў. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў К.
Літ.:
Петров К.И.К истории движения киргизов на Тянь-Шань и их взаимоотношений с ойратами в XIII—XV вв. Фрунзе, 1961;
Я г о ж. Очерки феодальных отношений у киргизов в XV—XVIII вв. Фрунзе, 1961;
Джамгерчинов Б.Д. Очерки политической истории Киргизии XIX в. Фрунзе, 1966;
Плоских В.М. Киргизы и Кокандское ханство. Фрунзе, 1977;
История Киргизской ССР с древнейших времен до наших дней: В 5 т. Т. 1—4. Фрунзе, 1984—90;
Озмитель Е. Наследие классики и киргизская литература. Фрунэе, 1980;
История киргизской советской литературы. М., 1970;
Нусов В.Е. Архитектура Киргизии с древнейших времен до наших дней. Фрунзе, 1971;
Горячева В.Д. Средневековые городские центры и архитектурные ансамбли Киргизии (Бурана, Узген, Сафид-Булан). Фрунзе, 1983;
Уметаллиева Д.Т. Изобразительное искусство Киргизии. Фрунзе, 1978;
История киргизского искусства. Фрунзе, 1971;
Дюшалиев К. Киргизская народная песня. М., 1982;
Кино Киргизии. М., 1981;
Артюхов О.Б. Кинематографисты Советской Киргизии: Справ. Фрунзе, 1981.
П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), А.Дз.Шапашнікава (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Герб і сцяг Кыргызстана.Да арт.Кыргызстан. Чумышскі гідравузел.Да арт.Кыргызстан. На горнай пашы.Да арт.Кыргызстан. На схілах Цянь-Шаня.Да арт.Кыргызстан. Горная рэчка.Да арт.Кыргызстан. Мінарэт «вежа Бурана» на гарадзішчы Бурана. Пач. 11 ст.Да арт.Кыргызстан. Маўзалей Шах-Фазіль у Ошскай вобл. Канец 11—2-я пал. 12 ст.Да арт.Кыргызстан. Помнік Тактагулу Сатылганаву ў Бішкеку. 1974.Да арт.Кыргызстан. М.Акынбекаў. Мае мамы. 1970.Да арт.Кыргызстан. С.Чуйкоў. Дачка чабана. 1956.Да арт.Кыргызстан. Жаночы халат. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.Да арт.Кыргызстан. Вясельны жаночы касцюм. 1970-я г.Да арт.Кыргызстан. Скульптурна-архітэктурны ансамбль «Манас» у Бішкеку. 1981.Да арт.Кыргызстан. Л.Ільіна. Мацярынскае поле. 1971.Да арт.Кыргызстан. Т.Касымаў. Дыван «Паляўнічы». 1975. Лямец, звальванне.