АЛЕКСАНДЭ́Р ((Alexander) Дэнтан Юджын) (н. 18.12.1917, Патомак, штат Ілінойс, ЗША),

амерыканскі генетык і селекцыянер раслін. Праф. (1963). Замежны чл. УАСГНІЛ (1970). Скончыў Ілінойскі ун-т (1941). З 1951 на агранам. ф-це гэтага ун-та. Навук. працы па тэарэт. і метадычных пытаннях генетыкі і селекцыі раслін. Распрацаваў генет. асновы селекцыі кукурузы. Стварыў некалькі дзесяткаў ліній і гібрыдаў высокаўраджайнай кукурузы з павышанай колькасцю незаменных амінакіслот і бялкоў.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎЭС ((Dawes) Чарлз Гейтс) (27.8.1865, г. Марыета, штат Агайо, ЗША — 23.4.1951),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Адвакат, пасля банкір. Член Рэсп. партыі. У 1921—22 дырэктар бюджэтнага бюро. У 1923—24 старшыня міжнар. к-та экспертаў па распрацоўцы рэпарацыйнага плана для Германіі (гл. Даўэса план). У 1925—29 віцэ-прэзідэнт ЗША. У 1929—32 пасол у Вялікабрытаніі. Нобелеўская прэмія міру 1925 (разам з Дж.Чэмберленам).

Ч.Даўэс.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФО́РНІЙ (лац. Califomium),

Cf, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 98, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядома 17 ізатопаў з масавымі лікамі 240—256, найб. устойлівы — ​251Cf (перыяд паўраспаду 900 гадоў). Атрыманы ў 1950, названы па месцы адкрыцця (штат Каліфорнія. ЗША). Высокатаксічны белы лятучы метал, tпл 900 °C. Выкарыстоўваюць як крыніцу нейтронаў у актывацыйным аналізе, медыцыне, пры пошуку нафты і інш.

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НТАН (Canton),

горад на ПнУ ЗША, штат Агайо. Каля 100 тыс. ж., з прыгарадамі каля 500 тыс. ж. (1988). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны цэнтр чорнай металургіі і металаапрацоўкі (выплаўка электрасталі і сплаваў, вытв-сць ліцця з чыгуну і каляровых металаў, буд. металаканструкцый, штампаваных дэталей, труб, сейфаў). Машынабудаванне (вытв-сць падшыпнікаў, аўтадэталей, электрабытавых прылад, рухавікоў унутр. згарання). Перапрацоўка пластмас, харч. прам-сць.

К.​П.​Кабашнікаў.

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ((Lee) Харпер) (н. 12.4.1926, г. Монравіл, штат Алабама, ЗША),

амерыканская пісьменніца. Прадстаўнік т.зв. паўднёвай школы сучаснага амер. рамана, якая даследавала феномен расізму ў яго сац., этычнай і псіхал. праявах. Скончыла Алабамскі ун-т (1949). Вядомасць прынёс раман «Забіць перасмешніка» (1960), у аснове якога расавы канфлікт і расісцкія забабоны, што прыводзяць да смерці чалавека. Аўтар навел, эсэ.

Тв.:

Рус. пер. — Убить пересмешника. Мн., 1986.

Т.​Я.​Камароўская.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙНАТ ((Minot) Джордж Рычардс) (2.12.1885, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 25.2.1950),

амерыканскі гематолаг і патафізіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Гарвардскі ун-т (1912), з 1928 праф. гэтага ун-та. Навук. працы па паталаг. фізіялогіі і клініцы анемічных станаў. Распрацаваў метад «пячоначнай тэрапіі» злаякаснага малакроўя, што прывяло да адкрыцця вітаміну B12. Нобелеўская прэмія 1934 (разам з У.Мёрфі і Дж.Уіплам).

Дж.Майнат.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́РЫ ((Peary) Роберт Эдвін) (6.5.1856, г. Крэсан, штат Пенсільванія, ЗША — 20.2.1920),

амерыканскі даследчык Арктыкі. Адмірал (1911). У 1892 перасек паўн. купал Грэнландыі з 3 на У на санях з сабачымі запрэжкамі, у 1895 паўтарыў гэты маршрут. У 1900 даследаваў паўн. бераг Грэнландыі, адкрыў мыс Морыс-Джэсеп. У 1909 дасягнуў Паўн. полюса. Яго імем названы паўвостраў на Пн Грэнландыі (Піры Зямля) і праліў на Пн Канадскага архіпелага.

Р.Э.Піры.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЕНЕ́КТАДЫ (Schenectady),

горад на ПнУ ЗША, на каналізаванай р. Мохак, штат Нью-Йорк. Засн. ў 1662. Каля 62 тыс. ж., з гарадамі Олбані, Трой і агульнымі прыгарадамі каля 900 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Прам-сць: энергамашынабудаванне і эл.-тэхн. (вытв-сць турбін, турбагенератараў, атамных рэактараў, электраматораў і генератараў), хім., швейная. Ун-т (з 1795) з бат. садам. Цэнтр ядз. даследаванняў.

т. 14, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУІЗІЯ́НА (Louisiana),

штат на Пд ЗША, на Прымексіканскай нізіне. На Пд абмываецца Мексіканскім залівам. Пл. 125,7 тыс. км². Нас. 4350,6 тыс. чал. (1996), у т. л. 30,8% негры. Адм. ц. — Батан-Руж, найб. горад Новы Арлеан. Прыморская частка — забалочаная нізіна з азёрамі, на У — даліна і дэльта р. Місісіпі. На ПнЗ рэльеф узгорысты (выш. да 163 м). Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэднія месячныя т-ры ад 12 °C у студз.—лютым да 27,5 °C у ліпені. Ападкаў каля 1500 мм за год. Індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, прыроднага газу, каменнай солі, серы. Буйная нафтаперапр. і хім. прам-сць (Батан-Руж, Лейк-Чарльз, Новы Арлеан). Развіты алюмініевая, нафтахім. (вытв-сць сінт. каўчуку, пластмас), дрэваапр., папяровая, харч. (цукр., алейная, апрацоўка трапічных прадуктаў), суднабуд. і суднарамонтная, аўтазборачная, металаапр. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства (больш за 60% даходаў). Асн. культуры: рыс, бавоўнік, цукр. трыснёг, соя, кукуруза, батат. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Рачное і марское рыбалоўства. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачны, марскі.

Тэр. Л., якую здаўна насялялі індзейцы, у 1539—42 адкрылі іспанцы, з 1682 даследавалі і з 1699 каланізавалі французы (у 1718 засн. г. Новы Арлеан). У канцы 17 — пач. 19 ст. Л. наз. вялізная тэр. басейна р. Місісіпі. У выніку Сямігадовай вайны 1756—63 Францыя перадала зах. частку Л. пад уладу Іспаніі, усходнюю — Англіі. Пасля ўтварэння ЗША усх. частка Л. ўвайшла ў іх склад (1783), а заходняя зноў адышла (1800) да Францыі, якая ў 1803 прадала сваю частку Л. ЗША за 15 млн. дол. З 1804 паўд. частка Л. — тэрыторыя (адм. адзінка), з 30.4.1812 штат ЗША (астатнія часткі Л. ўвайшлі ў інш. штаты ЗША), які ў грамадз. вайну 1861—65 удзельнічаў на баку паўд. (канфедэратыўных, рабаўладальніцкіх) штатаў. У Л. працяглы час адбываліся сац. і расавыя хваляванні, асабліва ў канцы 1920 — пач. 1930-х г.

т. 9, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-МЕ́КСІКА (New Mexico),

штат на ПдЗ ЗША Пл. 315 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1998). Адм. цэнтр — г. Санта-Фе, гал. эканам. цэнтр — г. Альбукерке. Большая частка тэр. занята паўд. адгор’ямі Скалістых гор (выш. да 4011 м), плато Лана-Эстакада (на У) і Каларада (на З). Клімат субтрапічны, засушлівы. Т-ра паветра ад 8 °C у студз. да 28 °C у ліпені. Ападкаў 250—500 мм за год. У гарах халадней і вільготней. На плато саванная і стэпавая расліннасць, горы ўкрыты хваёвым лесам. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па здабычы карысных выкапняў: уранавай руды (каля ​2/3 разведаных запасаў урану ў ЗША), калійных солей (каля 80% здабычы ў краіне), нафты, прыроднага газу, руд цынку і поліметалаў. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: нафтаперапр. і нафтахім., электронная, каляровая металургія, харч., атамная. Цэнтр атамнай прам-сці — г. Лос-Аламас. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1999): буйн. раг. жывёлы 1,6 млн. галоў, авечак 0,3 млн. галоў. Птушкагадоўля. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бавоўну, сорга, кукурузу, пшаніцу, агародніну. Турызм. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.

На тэр. Н.-М., якую здаўна насялялі індзейскія плямёны, еўрапейцы з’явіліся ў 1539. У 1598 першыя паселішчы заснавалі іспанцы, якія здабывалі тут серабро. У 1771 у складзе ісп. калоніі Новая Іспанія. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 увайшла ў склад Мексікі (1821). У час амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 захоплена ЗША, у 1850 занятая імі тэрыторыя названа Н.-М. (уваходзілі сучасныя штаты Юга, Арызона, частка тэр. Тэхаса і Каларада). У 19 ст. індзейцы Н.-М. неаднаразова паўставалі (1863, 1882, 1886). З 1912 Н.-М. — 47-ы штат ЗША. У 1943 на яго тэр. (г. Лос-Аламас) створана і ў 1945 выпрабавана (г. Аламагорда) першая атамная бомба.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)