лейкападобная або цыліндрычная ўпадзіна вулканічнага паходжання, якая ўзнікла на зямной паверхні пры газавым выбуху без вылівання лавы. Дыяметр М. да 3,5 км, глыб. да 300—400 м. Часам абкружана кальцавым валам з абломкаў горных парод. Ва ўмовах вільготнага клімату часта запаўняецца вадой і ўтварае т.зв. мааравае возера (напр., Лахер-Зэ ў Германіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТАНІ́-ДАР, Сатанідар,
раннепалеалітычная стаянка на паўд.-зах. схіле гары Арагац у Арменіі. Даследавана ў 1945—49. Выяўлена шмат прылад з абсідыяну і базальту — адшчэпаў, рубіл, грубых сякучых прылад, а таксама нуклеусаў грубадыскападобнай і кубападобнай формы. Вылучаюць 2 яго комплексы: найб. старажытны датуюць познашэльскім часам (гл.Шэль), больш позні — познаашэльскім (гл.Ашэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕ́НА,
багіня ў старажытнагрэчаскай міфалогіі, увасабленне Месяца. Лічылася дачкой тытанаў Гіперыёна і Тэі, сястрой бога сонца Геліяса і багіні ранішняй зары Эас. С. атаясамлівалі з Артэмідай, часам і з Гекатай, якая лічылася апякункай чарадзейства і варажбы; лічылася, што чараўніцкія маніпуляцыі найб. дзейсныя пры поўным ззянні Месяца — С. У рым. міфалогіі С. адпавядала Дыяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ВО́ЙНЫ,
назва войнаў Прусіі супраць Аўстрыі за авалоданне Сілезіяй (належала Аўстрыі); састаўная частка вайны за Аўстрыйскую спадчыну. У выніку 1-й (1740—42) і 2-й (1744—45) С.в. большая частка Сілезіі была захоплена Прусіяй. Спроба Аўстрыі вярнуць Сілезію ў ходзе Сямігадовай вайны 1756—63 (часам яе наз. 3-й С.в.) была безвыніковай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫ́НЯ,
1) від мэблі; тое, што куфар. 2) Дашчаная або плеценая ёмістасць для захоўвання збожжа. Мела розныя памеры, часам — некалькі адсекаў. Найчасцей С. ставілі ў свірне, каморы, радзей у сенцах. У ёй захоўвалі жыта, ячмень, гарох, авёс і інш. С. звычайна зверху зачынялі вечкам.
3) У зах. раёнах Беларусі дашчаная ёмістасць, у якой перавозяць бульбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯДУ́К (франц. viaduk ад лац. via дарога + duco вяду),
маставое збудаванне на высокіх апорах пры перасячэнні дарогі з ярамі, цяснінамі, забалочанымі далінамі рэк. Будуецца часам замест высокіх насыпаў, калі іх стварэнне эканамічна або тэхнічна не мэтазгодна. Паступовае нарастанне вышыні апор (часам і памеру пралётаў) адрознівае віядук ад эстакады. Бываюць віядукі каменныя, металічныя, бетонныя, жалезабетонныя, пераважна шматпралётнай арачнай, радзей бэлечнай канструкцыі. Віядукі вядомыя з часоў Стараж. Рыма, дзе іх будавалі па сістэме арак, выкладзеных з буйных каменных блокаў, што надавала ім суровы манум. выгляд (віядукі каля г. Алькантара ў Іспаніі). З канца 19 ст. будуюць пераважна металічныя і жалезабетонныя віядукі. Канструкцыйныя магчымасці новых матэрыялаў і распрацоўка навук. тэорыі мостабудавання далі магчымасць значна зменшыць аб’ём і масу асн. частак збудавання і паўплывалі на ўзнікненне сучасных віядукаў з адкрытымі канструкцыямі (жалезабетонныя віядукі ў г. Нажан на р. Марна, Францыя, віядук Пальчэвера ў Генуі і інш.).
Старажытнарымскі віядук каля г. Алькантара (Іспанія) цераз р. Таха. 109. Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТРЫЯРХА́Т [ад лац. mater (matris) маці + грэч. archē улада],
адна з форм грамадскага ладу, для якой характэрна дамінуючае становішча жанчыны ў грамадстве, гал. чынам у ранні перыяд першабытнаабшчыннага ладу. У пераважнай большасці народаў М. папярэднічаў патрыярхату, часам захоўваўся ў перыяд пераходу ад родавага ладу да класавага грамадства. Ячэйкай М. была мацярынская сям’я — вял. група блізкіх сваякоў па жаночай лініі. Такія сем’і былі і гасп. адзінкамі. З іх складаўся мацярынскі род, на чале якога стаяла старэйшая жонка старэйшай у родзе сям’і. Унутры свайго роду былі забаронены шлюбы, таму род быў звязаны шлюбнымі адносінамі з інш. родам (т.зв. дуальная экзагамія). З часам дуальная арг-цыя (зачатак племя) перарасла ў фратрыяльную (падзел племя на 2 палавіны, кожная з якіх складалася з некалькіх родаў — фратрый, гал. функцыяй якіх было рэгуляванне шлюбных адносін). Спачатку муж і жонка жылі кожны ў сваім родзе (дыслакальнае пасяленне), захоўваўся групавы шлюб. З развіццём М. дыслакальны шлюб змяніўся матрылакальным, склаўся парны шлюб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМЕРТЫ́НЫ (Nemertini),
тып беспазваночных жывёл. 1 клас, больш за 110 родаў, каля 1000 відаў. Пераважна марскія жывёлы, каля 30 відаў — прэснаводныя; жывуць на паверхні грунту, часам закопваюцца ў яго, некат. плаваюць. Каля 10 відаў жывуць на сушы (у глебе).
Даўж. ад 0,5 мм да 30 м, шыр. да 9 мм (у большасці даўж. да 20 см, шыр. 1—5 мм). Цела двухбакова-сіметрычнае, несегментаванае, зрэдку ніткападобнае; укрыта раснічным эпітэліем з мноствам слізістых залоз. Афарбоўка разнастайная, часам стракатая. На галаўным канцы хабаток з ротавай адтулінай — орган нападу і абароны. Поласць цела запоўнена асн. тканкай. Крывяносная сістэма замкнёная, стрававальная — у выглядзе прамой трубкі з вырастамі. 2—4 пары вачэй, ёсць органы дотыку, хім. пачуцця. Дыхаюць паверхняй цела. Пераважна драпежнікі; некат. віды — паразіты і сімбіёнты малюскаў, крабаў і марскіх зорак. Раздзельнаполыя, развіццё прамое або з метамарфозам (лічынка—пілідый). Здольныя да рэгенерацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СКА (Lemna),
род кветкавых раслін сям. раскавых. Каля 10 відаў. Пашыраны амаль усюды. На Беларусі 3 віды Р.: гарбатая (L. gibba), маленькая (L. minor) і трохдольная (L. trisulca), нар. назва жабіна дзяружка. Трапляюцца ў азёрах, старыцах, канавах, часам утвараюць суцэльнае покрыва на паверхні стаячага вадаёма.
Шматгадовыя водныя травы ў выглядзе авальнай або падоўжанай лістападобнай зялёнай пласцінкі (наз. лісцец, або фронд) даўж. да 1 см, з карэньчыкам або без яго і з бакавой кішэнькай. Свабодна плаваюць на паверхні вады ці ў яе тоўшчы адзіночна або ў групах па 2—10. Размнажаюцца пераважна вегетатыўна — пупышкамі, якія закладваюцца ў кішэньцы, часам развіваецца суквецце з 2 тычынкавых і 1 песцікавай моцна рэдукаваных кветак. Плод (калі ён утвараецца) — мяшочкападобны, 1—7-насенны. Зімуе Р. на дне вадаёма. Увесну з вегетатыўных пупышак утвараюцца новыя расліны і ўсплываюць на паверхню вады. Кармавыя расліны для рыб і вадаплаўных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНСІ́Р (франц. balancier каромысел, маятнік),
1) двухплечы (часам аднаплечы) рычаг, які можа выконваць хістальныя рухі вакол нерухомай восі. Прызначаны для перадачы (або ўраўнаважвання) намаганняў на далучаныя да яго цягі ў помпах, вагах, свідравальных устаноўках, рысорных падвесках лакаматываў і вагонаў.
2) Балансір, або баланс, — галоўны рэгулятар (грузік), які замяняе сабой маятнік у гадзіннікавым механізме.