КУПА́ЛЬСКІЯ ПЕ́СНІ, купалка, купалле, купайло,

янаўскія песні, песні летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Адносяцца да летняга сонцавароту («калі сонца паварочвае на зіму, а лета на жару»). Спяваюць іх перад Купаллем і на само свята. Найб. пашыраны ў славян, літоўцаў, латышоў. Паводле стараж. уяўленняў, заснаваных на язычніцкім адухаўленні прыроды (як і на вопыце практыка-земляроба), у гэты перыяд у найб. ступені разгортваюцца жыццёвыя сілы прыроды, якія могуць быць амбівалентна спрыяльнымі і варожымі. Адсюль важкасць у купальскай абраднасці катарсічнай («ачышчальныя» вогнішчы, рытуальнае купанне) і апатрапеічнай (абходы жыта і інш. засцярогі ад злых сіл) магіі, а таксама асаблівае ў земляробчым календары значэнне купальскага культу як пакланення сонцу (у сімвалічных агнях) і ўшанавання расліннага свету. Паэзія К.п. працягвае вобразна-эмацыянальную атмасферу цыкла веснавых песень, але мае і яскравую адметнасць, абумоўленую загадкавасцю самай таямнічай на працягу года купальскай ночы і карнавалізаваным светаадчуваннем святкавання сонцаваротаў.

Тыповы купальскі сюжэт — нарматыўнае «скліканне на купалу» з асуджэннем (нярэдка ў карнавалізаваных фарбах) таго, «хто не выйшаў на купалу» («Параска, Аксіння, Наталка ... на купалах не была // То-то — ведзьма была // До Кіёва летала на Йвана»).

Для К.п. характэрна тэматыка чарадзейства са збіраннем цудадзейных траў (зёлак), з незвычайным усходам сонца («Будзем сонца пільнаваці // Да як будзе сонца граці»). Гэтым абумоўлены таямнічы флёр, які абвалаквае персаніфікаваную Купалку ў адрозненне ад вясёлай, адкрыта разухабістай Каляды, пышна маляўнічай Вясны або пазнейшых персаніфікацый хрысц. святых — пастаянных працаўнікоў Юр’я, Пятра, Ільі. Само з’яўленне Купалы некалькі загадкавае, маскіраванае («ішла Купалка сялом, сялом // Закрыўшы вочкі чабром, чабром»). Цудадзейна-таямнічы аспект інтэрпрэтацыі каляндарнай абраднасці ў К.п. садзейнічае замацаванню менавіта ў іх баладных сюжэтаў і матываў, сярод якіх выкрышталізаваліся і тыповыя купальскія, як балада аб сястрыцы і браціку, што ператварыліся ў кветку Іван-ды-Мар’я. Пашыраная ў К.п. (як і ў веснавых) шлюбна-любоўная тэматыка нярэдка карнавалізуецца («Ссохлі, здохлі дзецюкі // На дзевачак гледзючы»), Для К.п., як і для ўсіх традыц. абрадавых песень, характэрны тыповыя палітэкставыя напевы, якія ў пэўным арэале набываюць знакава-сімвалічнае значэнне. Бел. этнамузыказнаўцы вызначаюць 7—9 песенна-меладычных тыпаў такіх напеваў. Пры дастатковай стабільнасці рытма-структурных прымет напевы К.п. вызначае інтанацыйна-меладычная мабільнасць: ад падкрэслена «галасных» мелодый святочна-ўзнёслага характару («У нас сягоння Купалачка») і сціслай формульнасці прыглушаных прыпеваў-паўтораў («Ночка мала, купальная») да лірыкі паліжанравых вяснова-купальскіх мелодый з тыповымі зачынамі, дзе звароты да купалачкі, вясняначкі, русалачкі ўзаемазамяняльныя. К.п. найб. пашыраны ў Паазер’і і паўд.-зах. раёнах Беларусі. У інш. рэгіёнах іх прыметы выяўляюцца ў веснавых, траецкіх і русальных песнях.

Публ.:

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.​Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Купальскія і пятроўскія песні / Уклад. А.​Ліс, Г.​Таўлай. Мн., 1985.

Літ.:

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье. Мн., 1986;

Гл. таксама літ. да арт. Каляндарныя песні.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 9, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ШЫН (сапр. Кірыенка-Валошын) Максімілян Аляксандравіч

(28.5.1877, Кіеў — 11.8.1932),

рускі паэт, крытык, перакладчык, мастак. Скончыў Феадасійскую гімназію (1897). У 1897—99 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, выключаны за ўдзел у «студэнцкіх хваляваннях», высланы з Масквы. У 1900—17 жыў у Сярэдняй Азіі, Парыжы, падарожнічаў па Еўропе. З 1917 у Крыме, у Кактэбелі (цяпер пас. Планерскае). У 1931 завяшчаў свой дом Саюзу сав. пісьменнікаў (зараз дом-музей Валошына). Выступіў у друку ў 1895. Належаў да сімвалістаў, супрацоўнічаў у іх час. «Весы», «Золотое руно» і інш. Першы паэт. зб. «Вершы. 1900—1910» (1910). Кн. «Anno mundi ardentis 1915» («У год апакаліпсіса 1915», 1916) склалі вершы пра 1-ю сусв. вайну. Рэвалюцыю ўспрыняў як варварскі акт. Аўтар зб-каў «Іверні» (1918), «Дэманы глуханямыя» (1919), паэм «Пратапоп Авакум» (1918), «Святы Серафім» (1919), «Расія» (1924) і інш., цыкла філас. паэм «Шляхамі Каіна» (1921—23), кн. пра л-ру і мастацтва «Абліччы творчасці» (1914), зб. «Верхарн. Лёс. Творчасць. Пераклады» (1919). З 1922 Валошына не друкавалі. У Берліне выдаў «Вершы пра тэрор» (1923). Вядомы як мастак, акварэліст.

Тв.:

Стихотворения. Л., 1977;

Лики творчества. 2 изд. Л., 1989;

Пути России: Стихотворения и поэмы. М., 1992.

Літ.:

Куприянов Н.Т. Судьба поэта: (Личность и поэзия М.​Волошина). Киев, 1978;

Волошинские чтения. М., 1981;

Пейзажи Максимилиана Волошина. Л., 1970.

С.​Ф.​Кузьміна.

М.Валошын.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУЦЭЛЁЗ (ад прозвішча англ. ўрача Д.​Бруса, які адкрыў бруцэлы),

інфекцыйна-алергічная хвароба чалавека і жывёл. Суправаджаецца ліхаманкай, пашкоджаннем рэтыкула-эпітэліяльнай, сасудзістай, нерв. і інш. сістэм, найчасцей — апорна-рухальнага апарату. Адносіцца да заанозных інфекцый, гал. крыніца якіх дробная і буйн. раг. жывёла, свінні, а таксама коні, вярблюды, сабакі, кошкі і інш. Чалавек можа заразіцца ад хворай жывёлы, ад інфіцыраваных прадуктаў (сырых малочных, мясных і інш.). У арганізм бруцэлы (узбуджальнікі бруцэлёзу) трапляюць праз слізістыя абалонкі стрававальнага тракту і дыхальных шляхоў, пашкоджаную скуру.

Інкубацыйны перыяд бруцэлёзу 2—3 тыдні. Тэмпература цела павышаецца да 39—40 °C, бывае і субфебрыльная. Першыя прыкметы хваробы — дыфузнае павелічэнне лімфатычных вузлоў і патлівасць, страта апетыту, сухасць у роце, абложаны язык, запоры, змены ў печані і селязёнцы. Пры пашкоджанні палавых органаў у мужчын узнікаюць архіты і эпідыдыміты, у жанчын — парушэнне менструальнага цыкла, выкідышы. Пры пашкоджанні нерв. сістэмы з’яўляюцца ўзрушанасць, эйфарыя, бяссонніца. У перыяд рэмісіі захоўваецца слабасць у мышцах, адынамія, цягнучы боль у канечнасцях, дыфузны разліты боль у мышцах, касцях, суставах. Пры хранічным бруцэлёзе дамінуюць ачаговыя пашкоджанні ўнутр. органаў і нерв. сістэмы. Лячэнне: тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, сан.-курортнае.

У арганізм жывёлы ўзбуджальнік найчасцей трапляе з кормам і вадой, а таксама праз слізістыя абалонкі і скуру. Свінні і авечкі найчасцей заражаюцца палавым шляхам. Інфекцыя можа распаўсюдзіцца ад чалавека, які даглядае жывёлу.

П.​Л.​Новікаў.

т. 3, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАПРАМЫСЛО́ВАЯ ІНТЭГРА́ЦЫЯ,

форма арганізацыі вытв.-эканам. сувязяў сельскай гаспадаркі з інш. галінамі матэрыяльнай вытв-сці, якія яе абслугоўваюць. З’яўляецца спецыфічнай формай тэр.-вытв. міжгаліновага кааперавання прадпрыемстваў розных галін з адасобленымі, але арганічна звязанымі паміж сабой тэхнал. працэсамі. Аграпрамысловая інтэграцыя забяспечвае ўмацаванне кааперацыі працы і вытв-сці, завершанасць тэхнал. цыкла, павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі.

Дыферэнцыруецца на вертыкальную і гарызантальную. Вертыкальная аграпрамысловая інтэграцыя — міжгаліновае каапераванне прадпрыемстваў і вытв-сцяў розных галін нар. гаспадаркі, якое забяспечвае аптымальнае праходжанне таварнай масы ў адзіным тэхнал. працэсе з адной фазы ў другую (вытворчасць — перапрацоўка — рэалізацыя). Уключае прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і вытв-сці прадуктаў харчавання, па захаванні і збыту прадукцыі, а таксама нарыхтоўчыя і транспартныя. У АПК вылучаюць шэраг інтэгравальных блокаў: мясны (прадпрыемствы па дагадоўванні і адкорме буйн. раг. жывёлы, свіней і авечак; птушкафабрыкі па вытв-сці бройлераў, мясакамбінаты, халадзільнікі, гандаль; буракацукровы (бураканасенняводчыя, буракасеючыя гаспадаркі, цукровыя і рафінадныя з-ды) і інш. Гарызантальная аграпрамысловая інтэграцыя — унутрыгаліновае каапераванне прадпрыемстваў і вытв-сцяў адной ці некалькіх падгалін, якое забяспечвае паглыбленне спецыялізацыі асобных звенняў адзінага тэхнал. працэсу (напр., вытв.-эканам. сувязі ў малочнай і мясной жывёлагадоўлі на аснове пастадыйнай спецыялізацыі, інтэграцыя насенняводчых, рэпрадукцыйных гаспадарак і прадпрыемстваў па вытв-сці таварнага зерня і г.д.). Гарызантальная інтэграцыя развіваецца на аснове доўгатэрміновых устойлівых вытв.-эканам. сувязей на прынцыпах куплі-продажу, а таксама праз стварэнне сумесных і змешаных прадпрыемстваў.

М.​А.​Бычкоў, У.​Р.​Гусакоў.

т. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗАКТЫВА́ЦЫЯ (ад дэз... + лац. activus дзейны, актыўны),

выдаленне радыеактыўных рэчываў з паверхні розных аб’ектаў: глебы, будынкаў і збудаванняў, зброі, тэхнікі, адзення, прадуктаў харчавання і інш.; адно з мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў аварый, звязаных з выкідамі радыеактыўных рэчываў або выкарыстаннем ядз. боепрыпасаў. Абясшкоджванне ад радыеактыўных рэчываў вадкіх і газападобных асяроддзяў наз. ачысткай. Вытворчая Д. ажыццяўляецца пры эксплуатацыі АЭС, у працэсе тэхнал. цыкла атрымання ядз. паліва, пры абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і зняцці АЭС з эксплуатацыі. Ступень забруджвання аб’ектаў вызначаецца дазіметрычнымі прыладамі.

Д. ўключае сукупнасць аперацый з выкарыстаннем сродкаў па выдаленні радыеактыўных забруджванняў з аб’ектаў або ізаляцыі іх паверхняў. У залежнасці ад агрэгатнага стану дэзактывуючага асяроддзя спосабы Д. падзяляюцца на вадкасныя, бязвадкасныя і камбінаваныя. Вадкасную Д. праводзяць струменем вады, дэзактывуючымі растворамі, мыццём ці экстракцыяй; бязвадкасную Д. — струменем газу або паветра, пылаадсмоктваннем, зняццем забруджанага слоя, ізаляцыяй забруджанай паверхні; камбінаваную Д. — праціраннем шчоткамі ці анучкамі, апрацоўкай парай, пакрыццём паверхні спец. плёнкамі, якія хутка зацвердзяваюць. Д. мясцовасці праводзіцца заглыбленнем забруджанага пласта грунту пры дапамозе глыбокага ўзворвання. Пасля Чарнобыльскай катастрофы Д. ажыццяўлялася ў шырокіх маштабах на тэр. прамысл. пляцоўкі АЭС і ў населеных пунктах. У зонах радыеактыўнага забруджвання Д. праводзіцца дзярж. спецыялізаванымі прадпрыемствамі на найб. важных і сацыяльна-значных аб’ектах (школы і дашкольныя ўстановы, бальніцы, месцы адпачынку і масавага знаходжання людзей, прамысл. прадпрыемствы і інш.) Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.

У.​У.​Скурат.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т БІЯХІ́МІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1985 у Гродне на базе Аддзела рэгуляцыі абмену рэчываў АН Беларусі (з 1970). Лабараторыі (1998): біяхіміі каферментаў, біяхіміі эндакрынных залоз, біяфізікі, эксперым. гепаталогіі, аналіт. біяхіміі, экалагічнай біяхіміі, энзімалогіі і біятэхналогіі, марфалогіі і нейрахіміі, біяхім. фармакалогіі, біяхіміі спіртоў і альдэгідаў. Аспірантура (з 1970).

Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне механізмаў абмену рэчываў на ўзроўні цэлага арганізма, асобных органаў, тканак, клеткі і ферментатыўных рэакцый; карэкцыя парушэнняў абмену рэчываў з дапамогай прыродных біялагічна актыўных злучэнняў і іх вытворных. Вынікі даследаванняў: на арганізмавым, клетачным і малекулярным узроўнях вывучаны метабалізм вітаміну В, ва ўмовах гіпер- і гіпавітамінозу; даследаваны фіз.-хім. ўласцівасці і структура ізаляваных вітаміназалежных ферментаў; вывучана морфабіялогія кары наднырачнікаў жывёл пры стрэсе, расшыфраваны малекулярныя механізмы функцыян. цыкла картыкацытаў; вызначаны метабалічныя перадумовы і наступствы ўжывання алкаголю, расшыраны ўяўленні пра біяхім. механізмы патагенезу алкагалізму і прапанаваны новыя падыходы ў прафілактыцы і лячэнні захворвання; атрыманы даныя аб біяхім. механізмах рэалізацыі біял. актыўнасці і накіраванай рэгуляцыі метабалічнага балансу ў ц. н. с., печані і злаякасных новаўтварэннях амінакіслотамі і іх вытворнымі; на іх аснове створаны новыя эфектыўныя лек. прэпараты; высветлена роля біясінтэзу каферменту A у фарміраванні ўнутрыклетачнага фонду каферменту і яго ацыліраваных форм; даследаваны біятрансфармацыя і фармакалагічная актыўнасць вытворных пантатэнавай к-ты, распрацаваны на іх аснове сродкі метабалічнай тэрапіі. У Ін-це працаваў акад. АН Беларусі Ю.М.Астроўскі, працуюць 12 дактароў навук.

В.​А.​Аверын.

т. 7, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАТЭМАТЫ́ЗМ (ад мона... + тэма),

прынцып пабудовы муз. твора на аснове пераўтварэння адной тэмы ці аднаго комплексу тэм. М. трэба адрозніваць ад паняцця «аднатэмнасць», што адносіцца да форм нецыклічнага парадку (фуга, варыяцыі, простыя 2- і 3-часткавыя формы, ронда і інш.). Узнікае пры аб’яднанні санатна-сімф. цыкла або ўтвораных ад яго 1-часткавых форм адной тэмай (лейттэмай ці лейтматывам).

Вобразная трансфармацыя тэмы дасягаецца шляхам жанравага пераасэнсавання, змены меладычнай структуры, метрарытмічных суадносін, тэмпу, гарманізацыі, інструментоўкі і інш. Упершыню выкарыстаны ў 5-й сімфоніі Л.​Бетховена. Найб поўна прынцып М. развіты ў Ф.​Ліста, у створанай ім форме 1-часткавай сімф. паэмы. Монатэматычны прынцып кампазіцыі цыклічнага твора характэрны для рус. (П.​Чайкоўскі, С.​Танееў, А.​Скрабін, С.​Ляпуноў, Дз.​Шастаковіч) і замежных (Б.​Бартак, А.​Анегер, П.​Хіндэміт) кампазітараў.

У бел. музыцы ўпершыню на аснове М. пабудаваны сімфоніі М.​Аладава (2-я, 1930) і В.​Залатарова (4-я, 1934). З 1960-х г. М. — адзін з асн. прынцыпаў у кампазіцыі сімф. цыклаў. Найб. паслядоўна праводзіцца ў сімфоніях Г.​Вагнера, Я.​Глебава, Дз.​Смольскага.

Літ.:

Мазель Л.А. Строение музыкальных произведений. 2 изд. М., 1979;

Михайлов М. О тематическом объединении сонатно-симфонического цикла // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1963. Вып. 2;

Савицкая О.П. Некоторые особенности тематической драматургии моноинтонационного цикла в творчестве Е.​Глебова // Вопросы теории и истории музыки. Мн., 1976.

Р.​М.​Аладава.

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕКТАВА́ННЕ,

распрацоўка праекта (прататыпа, правобраза) аб’екта (прамысл. прадпрыемства, збудавання, машыны, абсталявання, аснасткі, дарогі, газа- ці нафтаправода, цеплатрасы, адзення, абутку і інш.) або сукупнасці дакументацыі для яго вытв-сці ці рэканструкцыі. Віды П.: арх.-буд., дарожнае, маш.-буд., тэхнал., с.-г. і інш. Уключае эскізны, тэхнічны і рабочы этапы. Бывае тыпавое і індывідуальнае. Робіцца спецыялізаванымі ўстановамі або падраздзяленнямі прадпрыемстваў.

П. — частка жыццёвага цыкла аб’екта ці тэхн. сістэмы, які ўключае стадыі: фармуляванне патрабаванняў да аб’екта, уласна П., вытв-сць, выпрабаванне доследных узораў вырабаў, серыйную вытв-сць, эксплуатацыю, мадэрнізацыю, утылізацыю. Пры неабходнасці перад П. выконваюцца н.-д. і доследна-канструктарскія работы. Уваходнымі данымі для П. з’яўляюцца патрабаванні, што выпрацоўваюцца ў тэхн. заданні. Традыцыйнае П. арыентуецца на эмпірычныя ітэрацыйныя метады, сучаснае грунтуецца на метадах аўтаматызаванага П. (гл. Аўтаматызацыя праектавання), машыннай графікі, матэматычнага мадэліравання. Выкарыстанне камп’ютэраў і спец. праграмнага забеспячэння дазваляе на стадыі П. прадугледзець магчымыя праектныя сітуацыі і выбраць варыянт рашэння, найб. адпаведны патрабаванням да аб’екта без вырабу яго прататыпа. У працэсе П. робяцца інж., тэхніка-эканам. і інш. разлікі, чарцяжы, схемы, макеты, складаюцца спецыфікацыі, тлумачальныя запіскі, каштарысы, калькуляцыі, апісанні. Пры тыпавым П. распрацоўваюцца праекты для шматразовага выкарыстання, пры індывідуальным выкарыстоўваюцца тыпавыя праектныя рашэнні. Пры П. кіруюцца дзярж. і ведамаснымі стандартамі, нормамі і правіламі

Літ.:

Джонс Дж.К. Методы проектирования: Пер. с англ. 2 изд. М., 1986;

Борисов В.И. Общая методология конструирования машин. М., 1978.

У.​І.​Махнач.

т. 12, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМНАЖЭ́ННЕ,

характэрная для ўсіх жывых арганізмаў уласцівасць узнаўлення сабе падобных, якая забяспечвае бесперапыннасць і пераемнасць жыцця. Адрозніваюць 3 асн. формы: бясполае размнажэнне (у прасцейшых — дзяленне папалам, шызаганія, у вышэйшых раслін — з дапамогай спор), вегетатыўнае размнажэнне (у шматклетачных арганізмаў шляхам адасаблення ч. цела і аднаўлення іх ад цэлага індывідуума, пачкаванне) і палавое размнажэнне (двухполае, г.зн. у выніку апладнення, і аднаполае нявіннае — партэнагенез). З-за адсутнасці палавога працэсу бясполае і вегетатыўнае Р. часта мае агульную назву — бясполае Р., хаця прырода і паходжанне іх неаднолькавыя: пры бясполым Р. асобіна развіваецца з адной клеткі, не дыферэнцыраванай паводле полу, а пры вегетатыўным — новай асобіне даюць пачатак шматклетачныя зачаткі рознага паходжання. Палавому Р. шматклетачных папярэднічае ўтварэнне гамет (шляхам меёзу), якія зліваюцца пры апладненні ў зіготу, і спадчынная інфармацыя, што знаходзіцца ў ДНК храмасом, аб’ядноўваецца. На працягу жыцця Р. бывае аднаразовае (такія арганізмы наз. монацыклічнымі і звычайна прыносяць шматлікае патомства) і шматразовае (поліцыклічныя арганізмы менш пладавітыя). Для жыццёвага цыкла многіх відаў жывёл характэрна чаргаванне розных форм Р., якое спалучаецца з чаргаваннем марфалагічна розных пакаленняў: палавое і бясполае, двухполае і партэнагенез, двухполае і вегетатыўнае. Чаргаванне палавога (гаметафіт) і бясполага (спарафіт) пакаленняў бывае і ў раслін. На інтэнсіўнасць Р. ўплываюць умовы навакольнага асяроддзя — т-ра, даўж. светлавога дня, ежа і інш. У вышэйшых жывёл дзейнасць органаў Р. знаходзіцца пад кантролем нерв. сістэмы і эндакрынных залоз.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАДКАВА́ННЕ ГА́ЗАЎ,

перавод газападобных рэчываў у вадкі стан. Магчыма пры т-рах, меншых за крытычную тэмпературу (tкр). Звадкаваныя газы выкарыстоўваюць для раздзялення газавых сумесей, атрымання нізкіх т-р, для тэхнал. мэт (напр., для газавай зваркі), як паліўныя сумесі рэактыўных рухавікоў і інш. Для прамысл. і быт. мэт ужываюцца пераважна звадкаваныя прапан C3H8 і бутан C4H10.

Упершыню быў звадкаваны аміяк (1792, М. ван Марум, Нідэрланды). Першы (каскадны, лабараторны) метад З.г. (кіслароду, азоту) прапанаваны швейц. вучоным Р.​Піктэ ў 1877 і ўдасканалены нідэрл. вучоным Г.​Камерлінг-Онесам у 1892. Заключаецца ў паслядоўным (ступеньчатым) звадкаванні некалькіх газаў з рознымі т-рамі кіпення, калі пры выпарэнні аднаго газу (ахаладжэнне) кандэнсуецца другі з больш нізкай т-рай кіпення. У сучаснай прам-сці З.г., tкр якіх вышэй за т-ру навакольнага асяроддзя, робіцца сцісканнем газу ў кампрэсары з наступнай кандэнсацыяй яго ў цеплаабменніку, які ахалоджваецца вадой або халадзільным растворам. З.г., tкр якіх значна ніжэйшая за т-ру навакольнага асяроддзя, робіцца метадамі т.зв. глыбокага ахаладжэння, заснаванымі на драселяванні сціснутага газу (выкарыстанне Джоўля—Томсана эфекту), на адыябатным працэсе расшырэння газу ў дэтандэры і інш. (гл. Крыягенная тэхніка).

Схема цыкла звадкавання газаў з дэтандэрам: 1—2 — сцісканне газу ў кампрэсары; 2—3 — ахаладжэнне ў цеплаабменніку; 3—7 — ахаладжэнне часткі газу за кошт знешняй работы ў дэтандэры; 3—4 — ахаладжэнне астатняй часткі газу; 4—5 — расшырэнне газу ў дросельным вентылі; 5—6 — расшырэнне газу; 6—7 — награванне газу ў цеплаабменніку.

т. 7, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)