РУ́ДНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

рудны паклад (цела) або іх скопішчы на паверхні ці ў нетрах Зямлі, якія паводле памераў, якасці і ўмоў залягання прыдатныя для прамысл. распрацоўкі. Фарміраваліся на працягу ўсёй гісторыі геал. развіцця зямной кары. Вылучаюць 8 гал. эпох рудаўтварэння: архейская, раннепратэразойская, сярэднепратэразойская, раннерыфейская, познарыфейская, каледонская, герцынская і альпійская (гл. Металагенія). Паводле паходжання Р.р. падзяляюцца на эндагенныя і экзагенныя. Утварэнне эндагенных звязана з ’магматычнымі расплавамі (гл. Магматычныя горныя пароды) і гідратэрмальнымі растворамі (гл. Гідратэрмальныя радовішчы, Метасаматычныя радовішчы, Грэйзен, Скарн) ці абумоўлена ўздзеяннем метамарфічных працэсаў на горныя пароды і раней утвораныя радовішчы (гл. Метамарфагенныя радовішчы). Экзагенныя радовішчы ўтвараюцца з удзелам паверхневых ці грунтавых вод, паветра і арганізмаў. Сярод іх вылучаюць выветрывання радовішчы і асадкавыя радовішчы. Паводле саставу вылучаюць Р.р. чорных (жалеза, марганцу, хрому, тытану, ванадыю), лёгкіх (алюмінію, магнію), каляровых (медзі, свінцу, цынку, нікелю, сурмы), рэдкіх (волава, вальфраму, малібдэну, ртуці, берылію, літыю, танталу і ніобію), высакародных (золата, плаціноідаў і серабра), радыеактыўных (урану, торыю, радыю) металаў, а таксама рассеяных (актыній, гафній, галій, германій, індый, кадмій, протактыній, рэній, рубідый, селен, скандый, талій, тэлур, цэзій і інш.) і рэдказямельных (цэрыевай і ітрыевай груп) элементаў. Вылучаюць таксама Р.р. неметалічных карысных выкапняў (барыту, фасфарыту, серы, флюарыту, графіту і інш.). Гл. таксама Берыліевыя руды, Жалезныя руды, Уранавыя руды і інш.

Я.​А.​Ільін.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕ́ННЫЯ ЗМЕ́НЫ КЛІ́МАТУ,

змены кліматычных умоў пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека, адзін з відаў і вынікаў антрапагеннага ўздзеяння на прыроду. Памяншэнне лясістасці і павелічэнне разаранасці, меліярацыя, гідратэхн. збудаванні, рост гарадоў і дарожнай сеткі адбіваюцца на мікраклімаце і мезаклімаце (мясц. клімаце). Глабальныя змены клімату звязваюць з праяўленнем парніковага эфекту ў атмасферы, які вядзе да пацяплення. Павелічэнне прамысл. выкідаў у атмасферу выклікае зніжэнне прытоку сонечнай радыяцыі да зямной паверхні і пахаладанне клімату, што ў значнай ступені зніжае магчымасць парніковага эфекту. Т-ра паветра Зямлі за апошняе стагоддзе павялічылася на 0,5—0,6 °C. Мяркуюць, што змены клімату найб. значныя ў зімовы перыяд; пацяпленне клімату да 2015 складзе 1 °C. На Беларусі антрапагенныя змены клімату выяўляюцца пераважна ў мясц. клімаце (за апошнія 30 гадоў сярэдняя т-ра зімовых месяцаў павялічылася на 0,4 °C) і мікраклімаце меліяраваных зямель і ў гарадах. На асушаных балотах мінім. т-ра паветра на 3—5 °C ніжэй, чым на сухадолах, што павялічвае інтэнсіўнасць замаразкаў, скарачае вегетац. перыяд. У Мінску сярэднямесячная т-ра паветра на працягу большай часткі года павышаецца з-за гасп. дзейнасці на 0,2—0,6 °C, утварэнне ўстойлівага снегавога покрыва затрымліваецца на 3—4 дні і на некалькі дзён раней яно сыходзіць, памяншаецца абсалютная вільготнасць і павялічваецца колькасць сухіх дзён і ападкаў і інш. У сувязі з ростам уздзеяння чалавека на прыроду антрапагенныя змены клімату набываюць глабальны характар.

У.​Ф.​Логінаў.

т. 1, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГІ́ З’ЕЗД КП(б)Б (аб’яднаўчы). Адбыўся 4—6.3.1919 у Вільні. Прысутнічалі 159 дэлегатаў з рашаючым і 10 з дарадчым голасам ад 17 636 камуністаў Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, ч. Ковенскай і Сувалкаўскай губ. Парадак дня: даклады ЦБ КП(б)Б і ЦК КП(б)ЛіЗБ (В.​Г.​Кнорын, А.​І.​Вайнштэйн-Браноўскі); аб’яднанне Кампартыі Беларусі і Кампартыі Літвы і Зах. Беларусі; III Камуніст. Інтэрнацыянал (В.​С.​Міцкевіч-Капсукас); арганізац. пытанне; Саветы і партыя (І.​І.​Рэйнгольд); работа на вёсцы; ваен. пытанне; праграма Камуніст. партыі (А.​Ф.​Мяснікоў); выбары кіруючых органаў. Скліканне з’езда было абумоўлена ўтварэннем Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел). З’езд ухваліў утварэнне Літбела і пастанавіў аб’яднаць Кампартыю Беларусі і Кампартыю Літвы і Зах. Беларусі ў адзіную Камуністычную партыю (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ] «як неад’емную частку РКП(б)». Зацвердзіў «Палажэнне па арганізацыйным пытанні», у якім вызначалася структура пабудовы КП(б)ЛіБ. У тэзісах «Саветы і партыя» замацоўваліся прынцыпы, формы і метады парт. кіраўніцтва Саветамі. З’езд прыняў тэзісы па ваен. пытанні, у якіх падкрэслівалася неабходнасць строгага класавага прынцыпу фарміравання Чырв. Арміі. Была прынята рэзалюцыя аб Камуніст. саюзе моладзі. Выбраў ЦК КП(б)ЛіБ у складзе 15 чл., дэлегатаў на VIII з’езд РКП(б) — 18 чал.

Літ.:

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. (1918—1927). Мн., 1983.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМЕ́НЫ,

вобласці хімічна аднароднага асяроддзя, якія адрозніваюцца эл., магн., пругкімі ўласцівасцямі або ўпарадкаванасцю размеркавання часціц. Утварэнне Д. звязана з фазавым пераходам крышталёў у стан з больш нізкай сіметрыяй; аналіз з дапамогай тэорыі груп дазваляе выявіць усе магчымыя віды Д. пры любым фазавым пераходзе. Д. бываюць: ферамагн., сегнетаэл., пругкія, Гана, у вадкіх крышталях і інш.

Вобласць, у якой адбываецца паступовы пераход ад аднаго Д. да другога, наз. мяжой Д. (даменнай сценкай); яе характэрная таўшчыня залежыць ад тыпу фазавага пераходу — ад некалькіх міжатамных адлегласцей для Д., якія адрозніваюцца атамна-крышталічнай структурай, да соцень і тысяч міжатамных адлегласцей у ферамагн. Д. Ферамагнітныя Д. — вобласці самаадвольнай (спантаннай) намагнічанасці; намагнічаныя да насычэння часткі аб’ёму ферамагнетыка, на якія ён распадаецца пры т-рах, меншых за кюры пункт; звычайна маюць памеры да 0,1 мм. Сегнетаэлектрычныя Д. — вобласці аднароднай спантаннай палярызацыі ў сегнетаэлектрыках; маюць памеры да 0,01 мм. Пругкія Д. — вобласці з рознай спантаннай дэфармацыяй, што ўзнікаюць у цвёрдай фазе пры яе ўтварэнні ўнутры або на паверхні інш. цвёрдай фазы; выяўляюцца пры ўпарадкаванні цвёрдых раствораў, мех. двайнікаванні і інш. Д. Гана — вобласці паўправаднікоў з розным удзельным эл. супраціўленнем і рознай напружанасцю эл. поля; утвараюцца ў паўправадніках з N-падобнай вольтампернай характарыстыкай (гл. Гана эфект).

П.​С.​Габец, П.​А.​Пупкевіч.

Дамены: а — сегнетаэлектрычныя; б — ферамагнітныя (парашковыя фігуры на паверхні крышталя крамяністага жалеза). Стрэлкамі паказаны напрамак вектара палярызацыі (намагнічанасці).

т. 6, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОЎ,

вадкая тканка, што цыркулюе ў крывяноснай сістэме чалавека, пазваночных жывёл і некат. беспазваночных (напр., кольчатых чарвей); разнавіднасць злучальнай тканкі. Асн. функцыі К.: дыхальная, харчавальная, экстрэторная, гомеастатычная, рэгулятарная, тэрмарэгулятарная, ахоўная. К. падтрымлівае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма: пераносіць кісларод з лёгкіх у тканкі і вуглякіслы газ у адваротным кірунку, пажыўныя рэчывы, якія ўсмоктваліся кішэчнікам (глюкоза і інш.), — да тканак, прадукты абмену (мачавіна і інш.) — да органаў выдзялення; удзельнічае ў падтрыманні кіслотна-шчолачнай раўнавагі, водна-салявога абмену, пастаяннай т-ры цела; разносіць па арганізме біялагічна актыўныя рэчывы — гармоны; выконвае ахоўную функцыю (удзел лімфацытаў пры ўтварэнні антыцел, захоп і ператраўленне іншародных элементаў нейтрафіламі і манацытамі, утварэнне імі разам з тканкавымі макрафагамі ахоўнага бар’ера, гумаральная ахова ад інфекцыі лізацымам і інш. рэчывамі, удзел у згусанні крыві і спыненні крывацёку).

К. у чалавека складае 5—8% яго масы. У яе саставе вадкая частка — плазма (55%), у якой раствораны бялкі, тлушчы, тлушчападобныя рэчывы, вугляводы, мінер. солі, вітаміны, гармоны, газы і інш.; форменныя элементы (45%) — эрытрацыты (чырв. крывяныя цельцы), лейкацыты (белыя крывяныя цельцы) і крывяныя пласцінкі — трамбацыты. У дарослага чалавека ў 1 л К. ўтрымліваецца: 3,9—5∙10​12 эрытрацытаў, 4—9∙10​9 лейкацытаў, 180—320∙10​9 трамбацытаў, 120—160 г гемаглабіну. Адноснае пастаянства колькасці форменных элементаў рэгулюецца нейрагумаральнымі механізмамі. Гл. таксама Групы крыві.

Літ.:

Кассирский И.А., Алексее в Г.А. Клиническая гематология. 4 изд. М., 1970.

Л.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМАТО́ДНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, фітагельмінтозы,

інфекцыйныя хваробы вышэйшых раслін, што выклікаюцца фітагельмінтамі; група нематадозаў. Пашыраны ўсюды. Узбуджальнікі пранікаюць у расліны праз карані, перадаюцца з часцінкамі глебы, адмерлымі ч. хворых раслін, заражаюць пасадачны і пасяўны матэрыял. Прыкметы: недаразвіццё і дэфармацыя органаў, завяданне раслін, некрозы, хларозы раслін, усыханне верхавін, утварэнне галаў і язваў на каранях, карэнішчах, клубнях, разрыхленне тканак клубняў, цыбулін і інш. Запавольваюць рост, развіццё раслін, выспяванне, садзейнічаюць развіццю інш. хвароб, могуць прыводзіць да гібелі раслін. На Беларусі найб. пашыраны глабадэроз бульбы (выклікаецца залацістай бульбяной нематодай, праяўляецца ачагамі; на каранях бачны жаўтаватыя самкі, якія пазней ператвараюцца ў карычневыя цысты з яйцамі; каранцінная хвароба), дытыленхоз бульбы (выклікаецца сцябловай нематодай бульбы; на клубнях утвараюцца свінцова-шэрыя некратычныя плямы, якія паступова цямнеюць і набываюць метал. бляск, тканкі клубняў парахнеюць; найб. шкодны ў час захоўвання), гетэрадэроз буракоў (гл. Бураковая нематода) і збожжавых злакаў (выклікаецца аўсянай нематодай; кончыкі лістоў чырванеюць, потым жаўцеюць), мелайдагіноз агароднінных культур (выклікаецца паўд. галавай нематодай, мае ачаговы характар, найб. небяспечны ў ахаваным грунце).

Літ.:

Кирьянова Е.С., Кралль Э.Л. Паразитические нематоды растений и меры борьбы с ними. Т. 1—2. Л., 1969—71;

Деккер Х. Нематоды растений и борьба с ними: Пер. с нем. М., 1972.

І.​М.​Ананьева.

Нематодныя хваробы раслін: 1 — глабадэроз бульбы (а — пашкоджаная расліна, б — корань з самкамі-цыстамі); 2 — мелайдагіноз памідора (карані з галамі); 3 — дытыленхоз бульбы; 4 — дытыленхоз цыбулі.

т. 11, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЗМАХІ́МІЯ,

раздзел фізічнай хіміі, які вывучае хім. рэакцыі ў эл. разрадах і нізкатэмпературнай плазме. З’яўляецца навук. асновай плазмахім. тэхналогіі, апаратурную базу якой ствараюць плазматрон, камера змешвання рэагентаў, рэакцыйны аб’ём (часта сумешчаныя), сістэма выдзялення мэтавага прадукту і інш.

Асн. асаблівасць плазмахім. працэсаў — магчымасць хім. рэакцый, якія не адбываюцца ў звычайных умовах. Гэта тлумачыцца тым, што ў плазме ўтвараецца значна большая колькасць рэакцыйназдольных часціц (узбуджаных малекул, атамных і малекулярных іонаў, свабодных радыкалаў), чым пры звычайных умовах правядзення хім. рэакцый, прычым утварэнне некаторых з іх магчыма толькі ў плазме. Істотную ролю адыгрываюць свабодныя электроны, рэакцыі з удзелам якіх у большасці выпадкаў з’яўляюцца вызначальнымі. Плазмахім. тэхналогія дае магчымасць сінтэзаваць прадукты з асаблівымі ўласцівасцямі (напр., ультрадысперсныя парашкі, неарган. і арган. плёнкі), скарачае колькасць тэхнал. стадый, пашырае сыравінную базу і змяншае шкодныя выкіды ў навакольнае асяроддзе, спрашчае кіраванне працэсамі і інш. Метадамі П. можна атрымліваць вокіслы азоту з паветра, ацэтылен з вуглевадародаў, сінтэз-газ для вытв-сці вінілхларыду, каталізатары для азотнай і нафтаперапрацоўчай прам-сці, ферытавыя парашкі, вокіслы тытану і цырконію, фосфарныя злучэнні, а таксама паляпшаць і змяняць паверхневыя ўласцівасці матэрыялаў і інш.

На Беларусі тэарэт. і эксперым. даследаванні ў галіне П. вядуцца з 1967 у Ін-тах цепла- і масаабмену, фізікі Нац. АН, БДУ. Гл. таксама Плазменная тэхналогія, Фізіка плазмы.

Літ.:

Низкотемпературная плазма. Т. 3. Химия плазмы. Новосибирск, 1991;

Низкотемпературная плазма. Т. 4. Плазмохимическая технология. Новосибирск, 1991.

А.​Ф.​Бубліеўскі.

т. 12, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДКАВЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

горныя пароды, якія ўтвараюцца асаджэннем рэчыва ў водным асяроддзі, радзей з паветра і ў выніку дзейнасці ледавікоў. У залежнасці ад характару асаджэння падзяляюцца на абломкавыя, хім. і арганагенныя (біягенныя). Утвараюць пласты, слаі, лінзы і інш. геал. целы рознай формы і памераў, якія залягаюць у зямной кары гарызантальна, нахільна або ў выглядзе складаных складак. Адрозніваюць больш як 10 груп асадкавых горных парод: абломкавыя, гліністыя, глаўканітавыя, гліназёмістыя, жалезістыя, фасфатныя, марганцавыя, карбанатныя, солі, каўстабіяліты і інш., а таксама мяшаныя вулканагенна-асадкавыя пароды. Сярод асадкавых горных парод пераважаюць гліністыя (гліны, аргіліты, гліністыя сланцы — каля 50%), пясчаныя (пяскі і пясчанікі) і карбанатныя (вапнякі, даламіты і інш.; разам каля 45%), астатнія тыпы (солі і інш.) складаюць менш за 5%. Утварэнне і размяшчэнне на зямной паверхні асадкавых горных парод (асадканамнажэнне) вызначаецца пераважна кліматычнымі і тэктанічнымі ўмовамі, мае перыядычны характар і падобныя ўмовы ў мінулыя геал. эпохі і ў сучаснасці. Асадкавыя горныя пароды складаюць каля 10% масы зямной кары, укрываюць 75% паверхні Зямлі. Асн. іх маса сканцэнтравана на мацерыках (752 млн. км³), шэльфах і кантынентальных схілах (158 млн. км³), менш на дне акіянаў (190 млн. км³). Многія асадкавыя горныя пароды — карысныя выкапні (нафта, прыродны газ, вугаль, фасфарыты, баксіты, вапнякі, нярудныя буд. матэрыялы). Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі, асабліва гліны, алеўраліты, пяскі, каменная і калійная солі, ангідрыт, вапнякі, даламіты, мергелі, мел.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии: (к Межведомств. стратигр. Совещанию, Минск, октябрь, 1981 г.). Мн., 1981;

Логвиненко Н.В. Петрографяя осадочных пород с основами методики исследования. 3 изд. М., 1984.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІНАВА́ННЕ ў раслін,

утварэнне новых парасткаў і характар іх узаемнага размеркавання на сцябле, шматгадовай галінцы і карэнішчы. Вызначае вонкавы выгляд расліны і яе адаптыўныя прыстасаванні, выкарыстоўваецца ў сістэматыцы раслін. Адрозніваюць галінаванне дыхатамічнае (ізатамічнае), анізатамічнае, манападыяльнае, сімпадыяльнае і інш.

Зыходным лічыцца дыхатамічнае (вілачнае), пры якім з конуса нарастання ўтвараюцца 2 амаль аднолькавыя (ізатамія) галінкі (характэрна для некаторых грыбоў, водарасцей, імхоў, рыніяфітаў, дзеразападобных і папарацепадобных). У працэсе эвалюцыі ўзнікла анізатамічнае галінаванне, пры якім адна з галінак перарастае другую (напр., у дэвонскага роду астэраксілан, многіх дзярэз, селагінел і папарацепадобных), што перайшло потым у манападыяльнае галінаванне, пры якім бакавыя галінкі закладваюцца пад верхавінкай гал. галінкі (напр., у елкі і інш. хвойных, пальмаў, многіх травяністых раслін і лістасцябловых імхоў). З дыхатамічнага і манападыяльнага ўзнікла больш прагрэсіўнае сімпадыяльнае галінаванне, пры якім бакавая галінка перарастае гал. галінку, ссоўвае яе ўбок, прымае яе напрамак і вонкавы выгляд (напр., у бярозы, ляшчыны, ліпы і інш. дрэвавых раслін). Бывае несапраўднадыхатамічнае галінаванне (напр., у бэзу, каштана, амялы), якое ўзнікае з манападыяльнага: рост гал. восі спыняецца, ніжэй яе верхавінкі развіваюцца 2 амаль аднолькавыя супраціўныя галінкі другога парадку, якія перарастаюць гал. вось. У злакаў вылучаюць своеасаблівы спосаб галінавання — кушчэнне. Акрамя сцёблаў, галінак і карэнішчаў галінаванне назіраецца ў каранёў, суквеццяў, жылак (праводзячыя пучкі) у лістах і сцёблах, слаявішча (талома) у ніжэйшых раслін і інш. У выніку галінавання іншы раз з’яўляюцца парасткі, не падобныя на матчыны (напр., пры кушчэнні злакаў, утварэнні вусоў і сталонаў і інш.). У некаторых дрэў назіраецца мяшанае галінаванне (напр., у бярозы).

т. 4, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ (ад позналац. confoederatio саюз, аб’яднанне),

форма саюза дзяржаў, пры якой дзяржавы, што ўваходзяць у саюз, захоўваюць свой суверэнітэт у поўным аб’ёме. Спалучае рысы міжнар.-прававой і дзярж. арг-цыі. У розны час К. былі: Аўстра-Венгрыя (да 1918), Швецыя і Нарвегія (да 1905), ЗША (1781—89), Швейцарыя (1815—48) і інш. У наш час у свеце існуе толькі адно ўтварэнне, якое мае прыкметы К., — Еўрапейскі Саюз.

Вопыт сведчыць, што форма К. з’яўляецца пераходнай або да поўнага распаду саюза, або да федэратыўнай формы дзярж. пабудовы. Асн. рысы К.: утварэнне на аснове адпаведных дагавораў; суб’екты маюць права свабоднага выхаду з яе; рашэнні саюзнай улады не маюць сілы без згоды суб’ектаў; у распараджэнне К. ўваходзіць невял. кола пытанняў (вайны і міру, знешняй палітыкі, сістэмы камунікацый і інш); у К. ствараюцца толькі тыя дзярж. органы, якія неабходны для вырашэння задач, спецыяльна вызначаных у дагаворных актах; парламент фарміруецца прадстаўнічымі органамі суб’ектаў, якія абавязваюць свае дэлегацыі няўхільна выконваць выдадзеныя ім інструкцыі і ўказанні; пастаянна дзеючыя органы К. пазбаўлены ўласных паўнамоцтваў; суб’ектам К. належыць права адмовы ў прызнанні або адмова ва ўжыванні актаў саюзнай улады; бюджэт К. фарміруецца за кошт добраахвотных узносаў яе суб’ектаў; суб’екты маюць права ўстанаўліваць мытныя і інш. абмежаванні, што перашкаджаюць перамяшчэнню асоб, тавараў, паслуг і капіталаў; як правіла, у К. адсутнічае адзіная сістэма грашовага абарачэння; вайсковыя фарміраванні набіраюцца суб’ектамі К., прычым часта захоўваецца іх двайное падпарадкаванне органам К. і яе суб’ектаў; у К. няма саюзнага грамадзянства.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)