галіна эканамічнай геаграфіі, якая вывучае размяшчэнне і тэр. арганізацыю насельніцтва, яго месца ў працэсе грамадскай вытв-сці і ва ўзаемадзеянні з прыродным асяроддзем. Цесна звязана з дэмаграфіяй, этнаграфіяй, сацыялогіяй.
Вылучаюць 2 асн. кірункі: даследаванне насельніцтва асобных краін і іх частак (правінцый, штатаў, абласцей, эканам. раёнаў) і даследаванне тэр. сістэм населеных месцаў з аналізам рэгіянальных адрозненняў у тыпах і формах рассялення. Вывучае рэгіянальныя адрозненні ва ўзнаўленні (натуральны рух) насельніцтва у яго дэмаграфічнай структуры, сацыяльны, этнічны склад, працоўныя рэсурсы і іх выкарыстанне, інтэнсіўнасць, склад і напрамак міграцый, шчыльнасць насельніцтва і тыпы засялення тэрыторыі, рэгіянальныя адрозненні ў спосабе жыцця, сувязь рассялення насельніцтва з размяшчэннем вытв. сіл. У адпаведнасці з гэтым фарміруюцца раздзелы геаграфіі насельніцтва: геаграфія паселішчаў, геаграфія працоўных рэсурсаў, геаграфія міграцый. Выкарыстоўвае метады статыстычнага, картаграфічнага, матэм. аналізу. Даследаванні па геаграфіі насельніцтва выкарыстоўваюць для тэр. планавання, паляпшэння тэр. арганізацыі насельніцтва і горадабудаўніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛЕ́ННЕў біялогіі,
працэс размнажэння клетак, у выніку якога з зыходнай мацярынскай утвараюцца новыя, даччыныя клеткі. Ляжыць у аснове росту тканак і працэсаў палавога размнажэння ў шматклетачных арганізмаў, у аднаклетачных арганізмаў забяспечвае рост іх колькасці. Працэс Дз. звычайна суправаджаецца глыбокімі зменамі ў клетачным ядры. Дзякуючы Дз. забяспечваецца няспыннасць існавання паслядоўных пакаленняў клетак і цэлых арганізмаў. У пракарыётаў (напр., бактэрый), клеткі якіх не маюць марфалагічна адасобленага ядра, Дз. ажыццяўляецца шляхам утварэння папярочнай перагародкі, пачкаваннем або множным Дз. з папярэднім падваеннем (рэплікацыя) генетычнага матэрыялу. У эўкарыётаў, клеткі якіх маюць ядро, адрозніваюць 2 тыпы Дз.: мітоз, уласцівы ўсім саматычным клеткам жывёльных і раслінных арганізмаў, і меёз, характэрны для палавых клетак чалавека і жывёл, а таксама раслін, што размнажаюцца палавым шляхам. У выніку меёзу ўзнікаюць палавыя клеткі з гаплоідным (адзінарным) наборам храмасом. У некаторых выпадках адбываецца прамое Дз. (амітоз) без утварэння храмасом і перабудовы ядра (рэакцыя тканкі на змененыя ўмовы асяроддзя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
працэс расслаення грамадства на асобныя, звязаныя паміж сабой, але адносна самаст.сац. групы. Існуюць розныя навук. падыходы вызначэння крытэрыяў Д.с. Г.Спенсер вылучаў эканам. фактар — падзел працы і яе вынікаў. М.Вебер звязваў паглыбленне неаднароднасці грамадства з працэсамі рацыяналізацыі каштоўнасцей і адносін паміж людзьмі. Прадстаўнікі сучаснай зах. структурна-функцыян. школы (Т.Парсанс) асаблівую ўвагу звяртаюць на сац. структуру, розныя віды дзейнасці, неабходныя для самазахавання грамадскай сістэмы. Матэрыяліст. сацыялогія падставай для Д.с. лічыць развіццё грамадскай вытв-сці, падзел працы, узнікненне рамёстваў, гандлю, прыватнай уласнасці, манагамнай сям’і, дзяржавы і інш. Важнымі праявамі і наступствамі Д.с. з’яўляюцца гіст.тыпы грамадства, сац. слаі, групы і інш. На сучасным этапе Д.с. звязана з навук.-тэхн. рэвалюцыяй і інфарматызацыяй грамадства. Д.с. — складаны і супярэчлівы працэс, які можа прывесці да сац. няроўнасці, негатыўна адбіцца на развіцці грамадства. Адна з форм Д.с. — сацыяльная стратыфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУ́БНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
самастойныя культ.-асв. ўстановы, якія дзейнічаюць у сферы вольнага часу людзей з мэтай стварэння спрыяльных умоў для адпачынку, развіцця творчых здольнасцей, задавальнення культ. запатрабаванняў розных груп насельніцтва. Тыпы К.у. вызначаюцца ў залежнасці ад асн. кірункаў дзейнасці. Бываюць аднапрофільныя і шматпрофільныя. Да К.у. належаць клубы, дамы, цэнтры і палацы культуры — сельскія, гар., занальныя, раённыя, абл., рэсп., прамысл. прадпрыемстваў, дзярж. устаноў, грамадскіх арг-цый, навуч. устаноў, аўтаклубы, плаваючыя культбазы (перасоўныя К.ў.) і інш.Асн. задачы К.у.: зберажэнне і развіццё традыцый нац. культуры; развіццё самадзейнай маст. творчасці; раскрыццё і падтрымка творчых індывідуальнасцей і талентаў; садзейнічанне самаадукацыі ў галіне л-ры, мастацтва, гісторыі і інш.; стварэнне ўмоў для рэалізацыі інтэлектуальна-творчага патэнцыялу і павышэння духоўнасці чалавека; падтрымка творчых ініцыятыў аматарскіх аб’яднанняў, клубаў і інш.
У Беларусі на 1.1.1997 каля 5 тыс. К.у., у т. л. ў сістэме Мін-ва культуры 4246, з іх 3273 у вёсцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Канстанцін Сцяпанавіч) (3.8.1890, Масква — 28.11.1974),
расійскі архітэктар. Засл. архітэктар Расіі (1972). Д-р архітэктуры (1967). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1917). З 1925 выкладаў у Маскве ў Вышэйшых маст.тэхн. майстэрнях, маст.-тэхн., арх. і інж.-буд. (з 1951 праф.) ін-тах. Чл.Асацыяцыі новых архітэктараў. Адзін з аўтараў генплана «Новая Масква» (1921—23). Распрацоўваў для Масквы новыя тыпы грамадскіх будынкаў і буд. канструкцый, адметныя экспрэсіяй форм, функцыян. мэтазгоднасцю кампазіцыі; адзін з першых увасобіў ідэю трансфармацыі адзінай унутр. прасторы з дапамогай перасоўных перагародак. Сярод твораў: драўляны павільён «Махорка» на 1-й Усерас.с.-г. і саматужна-прамысл. выстаўцы (1923, не захаваўся); клубы імя І.Русакова (1927—29), з-да «Каўчук» (1927), ф-кі «Буравеснік» (1929); уласны дом-студыя (1927—29).
Літ.:
Хан-Магомедов С.О. К.Мельников. М., 1990.
Р.Л.Раманаў.
К.Мельнікаў Клуб імя І.Русакова ў Маскве. 1927—29.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́СНІЦА,
старадаўняя драўляная прылада для прадзення воўны, ільняной і пяньковай кудзелі. На Беларусі 4 асн.тыпы: лапатападобная, П.-грэбень, П.-вілы, П.-кій. Найб. пашыраны лапатападобная і П -грэбень (Прыпяцкае Палессе). Лапатападобныя рабілі з суцэльнага кавалка дрэва (частка ствала з карэнішчам) ці з 2 частак — лопасць пад прамым вуглом устаўлялі ў днішча або ў адтуліну ў лаве (Зах. Палессе). Лопасць звычайна прамавугольнай формы з адносінамі бакоў 2:1; сустракаліся таксама вёслападобныя (Лідчына), мечападобныя (Брэстчына), П.-дошчачкі (мацаваліся да калаўрота) і інш. П. аздаблялі разьбой — фігурна апрацоўвалі ножкі, выпілоўвалі краі лопасці (Навагрудчына). На Гродзеншчыне, Віцебшчыне лопасць часам аздаблялі трохгранна-выемчатай ці контурнай разьбой. Асаблівым багаццем і разнастайнасцю дэкору вызначаюцца камянецкія прасніцы. У наш час са знікненнем ролі ручнога прадзення і ткацтва П. амаль выйшлі з ужытку.
Літ.:
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЕ́ТАЧ»
(«Swietač»),
грамадска-палітычная газета ліберальна-асветніцкага кірунку. Выдавалася з 1(14).11 да 31.12.1916 (13.1.1917) у Петраградзе на бел. мове лацінкай штотыднёва. Рэдактар-выдавец Э.Будзька. Прызначалася для беларусаў-католікаў. Прапагандавала ідэі культ.-нац. адраджэння Беларусі з клерыкальна-каталіцкім ухілам. Выступала за пашырэнне кааперацыі, школ на роднай мове, газет, культ.-асв. гурткоў. Інфармавала пра падзеі 1-й сусв. вайны, дзейнасць Бел.т-ва ў Петраградзе па аказанні Дапамогі пацярпелым ад вайны, паведамляла пра бел. вечарынку, на якой ставіліся п’есы М.Крапіўніцкага «Па рэвізіі» і А.Валодзьскага «Як яны жаніліся». Друкавала творы А.Паўловіча, А.Зязюлі, высока цаніла творчасць Г.Сянкевіча, падкрэслівала, што ён выводзіў «свае тыпы з нашага краю». У арт. «Думкі да граматыкі» Будзькі (пад псеўд. Акцуб) адзначалася неўнармаванасць бел. мовы ў выданнях «Нашай нівы» і суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», прапаноўваліся нормы правапісу. Выйшла 7 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАВЭ́ РАШО́ТКА від прасторавай рашоткі крышталёў. Прапанавана А.Бравэ ў 1848, які выказаў гіпотэзу, што прасторавыя рашоткі крышталёў пабудаваны з заканамерна размеркаваных у прасторы пунктаў (вузлоў, дзе размешчаны атамы), якія можна атрымаць у выніку паўтарэння дадзенага пункта паралельнымі пераносамі (трансляцыямі). Правядзеннем прамых ліній праз гэтыя пункты прасторавая рашотка разбіваецца на роўныя паралелепіпеды (ячэйкі).
Адрозніваюць 4 тыпы Бравэ рашоткі: прымітыўныя (вузлы — толькі ў вяршынях элементарных паралелепіпедаў), гранецэнтраваныя (у вяршынях і цэнтрах усіх граняў), аб’ёмнацэнтраваныя (у вяршынях і цэнтры паралелепіпедаў), базацэнтраваныя (у вяршынях і цэнтрах процілеглых граняў). Існуе 14 відаў Бравэ рашоткі, якія размеркаваны па 7 сінганіях (сістэмах): трыкліннай (1 від Бравэ рашоткі), манакліннай (2), тэтраганальнай (2), рамбічнай (4), трыганальнай (1), гексаганальнай (1), кубічнай (3). Бравэ рашотка выкарыстоўваецца пры апісанні атамнай структуры крышталёў (складаныя структуры, калі элементарная ячэйка змяшчае некалькі атамаў, апісваюць як некалькі Бравэ рашотак, устаўленых адна ў адну).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬХО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, алешнікі,
драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду вольха. Пашыраны ва ўмеранай паласе паўн. паўшар’я, асн. масівы ў Паўн. Амерыцы, пераважна вольха чырвоная (A. rubra), Усх. Азіі — вольха пушыстая (A. hirsuta) і інш., гарах Цэнтр. Еўропы. На Беларусі пашыраны чорнаалешнікі, лясы з вольхі чорнай, або клейкай (A. glutinosa), і шэраалешнікі — вольхі шэрай (A. incana); агульная пл. 623,4 тыс.га; з іх чорнаалешнікаў 551,7, шэраалешнікаў 71,7 тыс.га (1994).
Чорнаалешнікі належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраны асакова-травяныя чорнаалешнікі — тыповыя фітацэнозы лясных нізінных балот (займаюць пераўвільготненыя экатопы з багатай глебай). Шэраалешнікі належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных шыракаліста-яловых або на с.-г. землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраны кіслічны і сніткавы тыпы шэраалешнікаў (займаюць пераважна ўрадлівыя свежыя і ўвільготненыя дзярнова-падзолістыя сугліністыя і супясчаныя глебы). Паўд. мяжа шэраалешнікаў праходзіць уздоўж паўд. адгор’яў Бел. грады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ,
біялагічны заказнік у Беларусі, на тэр. Буда-Кашалёўскага і Віктарынскага лясніцтваў у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1986 з мэтай зберажэння унікальных дуброў. Пл. 13,6 тыс.га (4 вял. і 5 дробных участкаў).
Асн.тыпы лясоў у заказніку — імшыстыя, арляковыя, радзей чарнічныя хвойнікі з дамешкамі дубу, бярозы, асіны і падлескам з ляшчыны, а таксама кіслічныя, сніткавыя і арляковыя дубровы з дамешкамі грабу, хвоі, бярозы, асіны, радзей ліпы, клёну, вязу. Забалочаныя паніжэнні рэльефу займаюць лясы з вольхі чорнай, пераважна вятроўнікавага і кіслічнага тыпаў з дамешкамі ясеню. У заказніку больш за 500 відаў сасудзістых раслін, з якіх 8 занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Трапляюцца рэдкія віды мохападобных (напр., некера перыстая) і лішайнікаў (лабарыя лёгачная, занесеная ў Чырв. кнігу). У 1978 у межах тэр. заказніка створаны першы ў рэспубліцы фазанарый. Заказнік з’яўляецца генетычным рэзерватам матачных дрэў «дубоў-волатаў» для гадавальнікаў лясных культур. Аб’ект турызму.