прыстасаванне для назапашвання (акумуляцыі) энергіі з мэтай далейшага яе выкарыстання. У залежнасці ад віду энергіі адрозніваюць акумулятары: гідраўлічныя, механічныя (інерцыйныя), паравыя, пнеўматычныя, цеплавыя, электрычныя.
Гідраўлічны акумулятар назапашвае энергію рабочай вадкасці, што знаходзіцца пад ціскам. Выкарыстоўваецца для выраўноўвання ціску і расходу вадкасці ці газу з рэзкапераменнай нагрузкай. Бываюць гру́завыя, спружынныя, з пругкім корпусам, а таксама пнеўмагідраакумулятары поршневыя, мембранныя, балонныя. Інерцыйны акумулятар звычайна складаецца з масіўнага махавіка, вала, падшыпнікаў і кажуха. Мае мінім.страты энергіі на трэнне і супраціўленне паветра. Выкарыстоўваецца ў ветраэл. станцыях для выраўноўвання абаротаў генератара, прывода аўтаматрыс і аўтобусаў (гіробусаў), у прэсавым абсталяванні і інш.Паравы акумулятар — стальны бак, у якім назапашваецца адпрацаваная ў розных паравых машынах (напр., у паравым молаце) пара без змены агрэгатнага стану, якая затым расходуецца на тэхнал. мэты (напр., у сушыльных і прапарачных камерах) ці ў сан.-тэхн. прыстасаваннях (падагравальніках, цеплаабменніках і інш.). Пнеўматычны акумулятар — рэзервуар са сціснутым паветрам (ці інш. газам), падключаны да паветравода і абсталяваны засцерагальным клапанам, які рэгулюецца на зададзены гранічны ціск. Выкарыстоўваецца ў пнеўматычных сетках для выраўноўвання рабочага ціску і інш.Цеплавыя акумулятары (пастаяннага і пераменнага ціску) — пераважна паравадзяныя, назапашваюць цеплату ў цепласілавых устаноўках. Служаць для выраўноўвання цеплавых і сілавых нагрузак і недапушчэння перабояў у забеспячэнні парай прамысл. установак. Найб. пашыраны электрычны акумулятар.
Гідраўлічны акумулятар: а — гру́завы; б — балонны; 1 — рэзервуар; 2 — поршань; 3 — груз; 4 — балоны са сціснутым паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ БОЙ 1812 Адбыўся 27.7.1812 у г. Кобрын і яго наваколлі паміж рус. дывізіямі К.В.Ламберта і Я.І.Чапліца і атрадам саксонскага корпуса Ж.Л.Рэнье ў вайну 1812. Камандуючы 3-й Зах. арміяй А.П.Тармасаў атрымаў заданне выступіць на Брэст, Кобрын і Пружаны і дзейнічаць у тыле франц. арміі, 17 ліп. ён загадаў Ламберту і А.Р.Шчарбатаву рухацца на Брэст, а потым павярнуць на Кобрын, куды з Ковеля павінны былі падысці асн. сілы арміі. Каб адцягнуць частку саксонскіх войск ад Кобрына, асобы атрад ген. А.П.Мелісіна павінен быў рухацца да Пінска. 25 ліп. атрад Шчарбатава заняў Брэст, злучыўся з дывізіяй Ламберта, і раніцай 27 ліп. яны падышлі да Кобрына. Пасля падыходу перадавога атрада 3-й арміі на чале з Чапліцам пачаўся агульны штурм Кобрына. У выніку 9-гадзіннага бою саксонцы адступілі з горада і здаліся. Было забіта каля 2 тыс. саксонцаў, узяты ў палон 2 генералы, 76 афіцэраў, 2382 чал. ніжніх чыноў; страты рускіх склалі 77 чал. забітымі і 182 параненымі. К.б. быў першай перамогай рус. войск з пачатку вайны. У выніку французы павінны былі трымаць супраць арміі Тармасава значныя сілы, што адмоўна паўплывала на армію Напалеона ў час яе адступлення ад Масквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА З ПАЗІ́ЦЫІ СІ́ЛЫ,
палітычны курс дзяржавы, ваенна-паліт. саюзу або міжнар. супольнасці, пры якім выкарыстанне сілы ў розных формах становіцца гал. сродкам дасягнення паліт. мэт. Найб. актыўна выкарыстоўваецца ў перадваенны перыяд і ў ходзе вайны. Узнікла ў стараж. часы ў выглядзе агрэсіўных памкненняў адной дзяржавы супраць другой (гл.Агрэсія). Мела пашырэнне і ў славян, у т. л. ва ўзаемаадносінах княстваў і гарадоў Полацкай зямлі з суседзямі і паміж сабой. Такая палітыка прывяла да шматлікіх войнаў у Еўропе, у т. л. паміж Рэччу Паспалітай і Рус. дзяржавай, у час якіх адбываліся вял. разбурэнні і страты насельніцтва Беларусі. Яна стала адной з прычын 1-й і 2-й сусв. войнаў, амаль усіх ваен.-паліт. канфліктаў у пасляваен. перыяд. Формы і метады такой палітыкі: пагроза скарыстання ваен. сілы, эканам. націск, рэжым блакады, інфарм.-псіхал. ўздзеянне, паліт. шантаж, «палітыка кананерак» і інш. У адпаведнасці са Статутам ААН Савет Бяспекі ўпаўнаважаны выкарыстоўваць ваен. сілу для прадухілення пагрозы міру (парушэння міру) і актаў агрэсіі; можа ўключаць таксама дэманстрацыі, блакады, інш. аперацыі. Унутры краіны такая палітыка можа выкарыстоўвацца ўрадам як сродак сілавога задушэння сепаратысцкіх тэндэнцый (напр., падзеі ў Паўн. Ірландыі, Турцыі, Расіі), а таксама паліт. суб’ектамі ў працэсе іх барацьбы за ўладу.
Літ.:
Военная политология. Мн., 1993;
Игнатов В.А., Шульгин В.В. Организация Объединенных Наций: Краткий справ. 2 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКА-ЖЛО́БІНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1941,
контрудар на Рагачоўска-Жлобінскім напрамку ў Вялікую Айчынную вайну. Праведзены 63-м стралк. корпусам (камкор Л.Р.Пятроўскі) 21-й арміі Зах. (з 24.7.1941 Цэнтр.) фронту з удзелам Жлобінскага і Рагачоўскага знішчальных батальёнаў 13 ліп. — 17 жн.; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941. 6 ліп. часці 117-й дывізіі са складу корпуса пасля разведкі боем фарсіравалі Дняпро, авалодалі Жлобінам і прасунуліся на З уздоўж бабруйскай шашы. Гітлераўцы тэрмінова падцягнулі 10-ю матарызаваную і 255-ю пях. дывізіі. У выніку жорсткіх баёў сав. войскі ноччу адарваліся ад праціўніка і адышлі на зыходныя пазіцыі, сарваўшы разлікі ням. камандавання з ходу фарсіраваць Дняпро на гэтым участку. 13 ліп. войскі 21-й арміі перайшлі ў контрнаступленне. 63-і корпус фарсіраваў Дняпро, вызваліў Жлобін (з дапамогай нар. апалчэння), Рагачоў, развіў наступленне на Бабруйск і да канца ліпеня ўклініўся на 30 км у размяшчэнне ворага. Толькі з дапамогай перакінутых сюды 8 дывізій рэзерву ням. войскі здолелі замацавацца на зах. беразе Друці, 14 жн. прарвалі абарону і зайшлі ў тыл. корпуса. З 17 жн. часці корпуса з баямі пачалі выходзіць з акружэння, пры прарыве з якога быў смяротна паранены камкор Пятроўскі. У выніку контрудару ворагу нанесены значныя страты, 15 яго дывізій былі трывала скаваны ў прасоўванні на ўсход.
Літ.:
Беларусь у Вялікую Айчынную вайну, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 517.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНА-РЫ́ЦАРСКІЯ О́РДЭНЫ,
ваенна-рэлігійныя аб’яднанні, арганізаваныя на ўзор каталіцкіх манаскіх ордэнаў. Узніклі ў час крыжовых паходаў як брацтвы для дапамогі паломнікам у Палесціне, з 12 ст. — ваен. арг-цыі для аховы і пашырэння хрысц. уладанняў на Усходзе, барацьбы з мусульманамі і язычнікамі. З канца 11 ст. да 1300 заснавана 12 Д.-р.о.: Ордэн коннікаў шпіталя св. Яна Іерусалімскага (шпітальеры, прыбл. з 1070); Ордэн бедных рыцараў Хрыста і Саламонава храма (тампліеры, з 1116 або 1119); Авіскі ордэн (з 1162 або 1166); Ордэн св. Міхаіла (з 1167); ордэн мечаносцаў (з 1202); Ордэн прускіх рыцараў Хрыстовых з Добжыні (з пач. 13 ст.) і інш. Іх члены давалі зарокі ўстрымання, паслушэнства, беднасці, падзяляліся на братоў-воінаў, капеланаў (святароў) і братоў-служыцеляў. Ордэн узначальваў вял. магістр (выбіраўся пажыццёва), якому падпарадкоўваліся камандзіры мясц. аддзелаў (правінцый і бальяжаў) — магістры (прыёры), прэцэптары, камандоры, канэтабль і інш. і пры якім перыядычна склікаўся ген. капітул (савет), які валодаў заканад. уладай. Д.-р.о. былі незалежныя ад мясц. свецкіх і духоўных улад і падпарадкоўваліся непасрэдна рым. папу, які даваў ім значныя прывілеі. Найб. магутнымі былі т.зв. «інтэрнацыянальныя» ордэны (шпітальеры, тампліеры, Тэўтонскі ордэн), якія мелі аддзелы ва ўсіх краінах Зах. Еўропы, уласныя арміі, вял. зямельныя ўладанні і грашовыя сродкі. Пасля страты ў 13 ст. ўладанняў на Усходзе Д.-р.о. перанеслі дзейнасць на Зах. Еўропу, дзе яны сталі адной з вядучых ваен. і паліт. сіл. З умацаваннем каралеўскай улады б.ч. ордэнаў перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙПЦЫГСКАЯ БІ́ТВА 1813, бітва народаў пад Лейпцыгам,
адна з вырашальных бітваў у час напалеонаўскіх войнаў (кампанія 1813). Адбылася 16—19.10.1813 каля г.Лейпцыг (Германія) паміж саюзнымі прускімі, аўстр., рас. і швед. войскамі (300—316 тыс.чал., больш за 1,3 тыс. гармат) і арміяй Напалеона I(каля 190—200 тыс. французаў, палякаў, саксонцаў, італьянцаў, бельгійцаў, галандцаў; 700 гармат). 16 кастр. адбыліся ўзаемныя малавыніковыя атакі паміж войскамі Напалеона і Багемскай арміяй саюзнікаў (133 тыс.чал.), бакі страцілі па 30 тыс.чал. 17 кастр. баёў не было. 18 кастр. Напалеон намагаўся адцясніць войскі кааліцыі і адкрыць сабе дарогу для адыходу, але моцны ўдар саюзнікаў з Пд, У і Пн прымусіў яго вярнуцца ў Лейпцыг, адкуль ён ноччу 19 кастр. пачаў адыходзіць на З па адзіным уцалелым мосце. Пакінуты Напалеонам у ар’ергардзе корпус Ю.Панятоўскага, які стрымліваў наступаючых, быў амаль увесь знішчаны, пры ўзрыве моста праз р. Вайсе-Эльстэр загінуў і Панятоўскі. Страты арміі Напалеона склалі 40 тыс.чал. забітымі і параненымі, 20 тыс. палоннымі, 325 гармат, саюзнікаў — 45—50 тыс.чал. (22 тыс. расійскіх, 14 тыс. прускіх, 9 тыс.аўстр. вайскоўцаў). Пазней рэшткі франц. арміі (60 тыс.чал.) адышлі за Рэйн. У выніку Л.б. ад франц. панавання вызвалена Германія, Францыя пазбавілася тэр. заваёў у Еўропе. У 1913 у Лейпцыгу ўзведзены Манумент Бітвы Народаў.
Літ.:
Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РНСКІЯ БІ́ТВЫў першую сусветную вайну,
1) буйная сустрэчная бітва паміж саюзнымі англа-франц. і герм. войскамі каля р. Марна 5—12.9.1914. Англа-франц. войскі (усяго 64 дывізіі, 3000 гармат, каманд.ген. Ж.Жофр) сіламі 6-й франц. арміі атакавалі фланг 1-й герм. арміі, потым увялі ў бой астатнія сілы і прыпынілі наступленне герм. часцей (49 дывізій, 3364 гарматы, каманд.ген. Х.Мольтке Малодшы) на Парыж і прымусілі іх адступіць за р. Эна. Перамога англа-франц. войск паклала пач. пералому ў кампаніі 1914 на Зах. фронце і прывяла да правалу герм.стратэг. плана «бліцкрыгу» («маланкавай вайны») па хуткім разгроме праціўніка на Зах. фронце. Перамозе саюзнікаў садзейнічала адцягненне герм. камандаваннем 2 карпусоў і кав. дывізіі з Зах. фронту на рас.-герм. фронт для адбіцця наступлення рас. войск ва Усх. Прусіі (гл.Усходне-Пруская аперацыя 1914).
2) Бітва паміж франц. і герм. войскамі ў сектары р. Марна 15.7—4.8.1918. Пасля спынення 15—17 ліп.франц. войскамі (36 дывізій, 3080 гармат, каманд.ген. Ф.Фош) герм. сіл (48 дывізій, 6353 гарматы, камандуючыя фельдмаршал П. фон Гіндэнбург і ген. Э.Людэндорф), якія наступалі на Парыж, 18 ліп.франц. войскі пры падтрымцы танкаў перайшлі ў контрнаступленне і адкінулі герм. арміі да Эны. Стратыгерм. войск склалі 120 тыс., саюзнікаў — 60 тыс.чал. У выніку бітвы сарваны герм. план схіліць Антанту да выгаднага для Германіі міру, знікла пагроза акупацыі Парыжа, стратэг. ініцыятыва канчаткова перайшла да саюзнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916,
наступальная аперацыя рас. войск 5, 1, 2 і 10-й армій 18—28 сак. ў раёне воз. Нарач у 1-ю сусв. вайну. На канферэнцыі дзяржаў Антанты ў Шантыйі (14.2.1916, Францыя) было дасягнута пагадненне пачаць наступленне супраць Германіі на Зах. фронце 1 ліп., а на Усх. (рас.) фронце — 15 чэрвеня. Аднак з-за цяжкага становішча франц. армій пад Вердэнам (гл.Вердэнская аперацыя 1916) рас. камандаванне па просьбе саюзнікаў вырашыла пачаць наступленне датэрмінова. Аперацыя праводзілася левым флангам Паўн. і правым флангам Зах. франтоў у раёне Дзвінск — воз. Нарач. Гал. ўдар наносіла 2-я рас. армія з мэтай прарваць фронт 2 групамі: 3 карпусы наступалі на Пн ад чыгункі Паставы—Свянцяны і 3 карпусы паміж азёрамі Нарач і Вішнеўскае. Часці 5-й арміі дзейнічалі ў раёне Дзвінска, 14-ы корпус 1-й арміі — у раёне Відзаў. 10-я армія вяла баі ў напрамку Крэва—Ашмяны. Войскі дзейнічалі ў час веснавога бездарожжа, разрознена, без агульнага ўзаемадзеяння. З-за недахопу цяжкай артылерыі і снарадаў да яе не было забяспечана падаўленне абароны праціўніка. У канцы сакавіка наступленне спынена з-за немагчымасці перамяшчэння войск у неспрыяльных умовах надвор’я. У выніку Н.а. рас. войскі атрымалі толькі мясц. поспех і панеслі вял.страты (толькі 2-я армія страціла каля 78,5 тыс. забітымі і параненымі). Аднак аперацыя аказала значную дапамогу саюзнікам, адцягнуўшы на сябе вял. частку войск праціўніка: 22—28 сак. наступленне немцаў на Вердэн аслабла, а потым спынілася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ БІ́ТВЫ 1812 Баі за Полацк паміж рас. 1-м пях. корпусам ген. П.Х.Вітгенштэйна і франц. корпусам маршала Ш.Удзіно 17—18 жн. і 18—19 кастр. 1812. Пасля Клясціцкіх баёў 1812 на падыходах да Полацка 16 жн.рас. войскі занялі в. Гамзелева. 17 жн. Вітгенштэйн атакаваў франц. пазіцыі, пад прыкрыццём авангардаў ген.-маёра Б.Б.Гельфрэйха (4 пях. батальёны, 4 кав. эскадроны і 300 казакоў з 12 гарматамі) і палк. Я.І.Уластава (1 егерскі полк і 2 грэнадзёрскія батальёны). Рас. войскі (каля 20 тыс.чал. і 99 гармат) размясціліся паўкругам. насупраць горада паміж р. Палата і Дзвіна. Баварскі корпус ген. Л.Гув’ена Сен-Сіра размясціўся на левым беразе р. Палата за Спаскім манастыром, корпус Удзіно — паміж р.Палата і Дзвіна і меў выхад на дарогу Себеж—Невель. Агульная колькасць франц. войска дасягала 45 тыс. Бой цягнуўся каля 14 гадзін з пераменным поспехам. Абодва бакі панеслі вял.страты. Цяжка паранены Удзіно перадаў камандаванне Сен-Сіру, які перагрупаваў войскі і ў 5 гадзін раніцы пачаў наступленне супраць левага фланга рас. войск. Ген.-маёр А.Ю.Гамен, які ўзначальваў цэнтр рас. войска, з 2 палкамі і 3 батальёнамі атакаваў і адкінуў непрыяцеля. Франц. кавалерыя, якая спрабавала прарваць цэнтр, была разбіта і адкінута да Полацка. Рас. войскі ўтрымалі асн. пазіцыі, але з-за перавагі сіл праціўніка вымушаны былі адысці да р. Дрыса. За 2 дні баёў яны страцілі каля 5,5 тыс. забітымі і параненымі; французы і баварцы — 8 тыс. У выніку 1-й Полацкай бітвы французы адмовіліся ад наступлення на Наўгародска-Пецярбургскім напрамку і не змаглі падтрымаць корпус, які асаджаў Рыгу.
2-я Полацкая бітва мела за мэту акружыць і знішчыць франц. войскі. 17 кастр. армія Вітгенштэйна (каля 55 тыс.чал., 122 гарматы) сканцэнтравалася каля Полацка. Франц. маршал Сен-Сір меў у Полацку 30—32 тыс.чал. Бой пачаўся раніцай 18 кастр. кавалерыйскімі сутычкамі, у выніку якіх франц. кавалерыя страціла больш за палову свайго складу і амаль усіх штаб-афіцэраў. Сабраўшы большую частку свайго корпуса, Сен-Сір пачаў атаку супраць усіх 3 калон рас. войск. Абодва бакі мелі вял.страты, бой скончыўся безвынікова. Рас. войскі занялі пазіцыі насупраць Полацка перад гар. валамі і на левым беразе Дзвіны. 19 кастр. Вітгенштэйн атакаваў горад з фронту і моцным артыл. агнём прымусіў праціўніка пакінуць умацаваны лагер і адысці ў Полацк. У 2 гадзіны ночы рас. авангарды ген.-маёра А.Б.Фока і палк. Турчанінава ўварваліся ў горад; пачалі вулічныя баі. Сен-Сір быў вымушаны вывесці войскі з Полацка і разбурыў масты цераз Дзвіну. Спробы французаў адбіць горад 20 кастр. былі безвыніковымі. За 2 дні баёў рас. войскі страцілі 8 тыс.чал., французы — каля 4 тыс.чал. забітымі і параненымі і больш за 2 тыс. палоннымі. Пасля вызвалення Полацка франц. войска вымушана было адступіць па спустошанай раней дарозе.
Літ.:
Жилин П.А. Отечественная война 1812 г. 3 изд. М., 1988;
Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г.Мн., 1962;
Троицкий Н.А. 1812. Великий год России. М., 1988.
Ш.І.Бекцінееў.
Да арт.Полацкія бітвы 1812. Бітва каля Полацка 18.8.1812. З гравюры Д.Ругендаса. 1810-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ БАІ́ 1812,
баі за Віцебск у ходзе вайны 1812 пры адступленні ў ліпені і наступленні ў лістападзе рус. войск. 23 ліп. ў Віцебск увайшла 1-я рус. армія, якая адступала. Яе камандуючы М.Б.Барклай дэ Толі вырашыў даць тут генеральную бітву, бо разлічваў на хуткі падыход 2-й арміі П.І.Баграціёна. Аднак 26—27 ліп. Барклаю стала вядома, што французы захапілі Магілёў, а Баграціён адступае на Смаленск, таму ён адмовіўся ад генеральнай бітвы і таксама вырашыў адступаць на Смаленск. Для прыкрыцця адступлення 1-й арміі быў пакінуты ар’ергард ген.-маёра П.П.Палена з 8 пях. батальёнаў і 4 кав. палкоў. 27 ліп. ў ходзе бою пры ўпадзенні р. Лучоса ў Зах. Дзвіну рус. войскі стрымлівалі націск франц. дывізій, нанеслі ім страты каля 3 тыс.чал. і самі страцілі столькі ж. У ноч на 28 ліп. 1-я армія скрытна адступіла, увёўшы ў зман Напалеона, які спадзяваўся даць тут генеральную бітву. 2-і бой адбыўся пры вызваленні Віцебшчыны 1-м корпусам П.Х.Вітгенштэйна. Для авалодання Віцебскам з г. Бешанковічы быў адпраўлены атрад ген.-маёра В.І.Гарпе з 4 пях. батальёнаў, 5 кав. эскадронаў і інш. падраздзяленняў, які 6 ліст. прыбыў у в. Старое Сяло (на З ад Віцебска), па левым беразе Зах. Дзвіны рушылі 2 эскадроны драгунаў на чале з падпалк. Д.А.Сталыпіным. 7 ліст. атрад Гарпе ўварваўся ў Віцебск, перайшоў праз палаючы мост на левы бераг і пасля вулічных баёў выбіў французаў з горада. Былі захоплены запасы харчу і фуражу, сотні палонных, у т. л.франц. віцебскі губернатар ген. Пужэ.