МІЖНАРО́ДНАЯ МАРСКА́Я АРГАНІЗА́ЦЫЯ (International Maritime Organization; IMO),
спецыялізаваная ўстанова AAH, міжнар. міжурадавая арг-цыя. Засн. ў 1959 як Міжурадавая марская кансультатыўная арг-цыя (да 1982) у мэтах садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву ў галіне марскіх перавозак і марскому гандлю. Мэты ІМО: служыць апаратам для супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй паміж урадамі па тэхн. пытаннях, якія адносяцца да міжнар.гандл. суднаходства; садзейнічаць адмене дыскрымінацыйных дзеянняў і залішніх абмежаванняў урадаў, закранаючых міжнар.гандл. суднаходства, а таксама прыняцце норм па забеспячэнні бяспекі на моры і папярэджанні забруджвання мора з суднаў. Вышэйшы орган ІМО — Асамблея, якая склікаецца раз у 2 гады. Паміж сесіямі Асамблеі работай ІМО кіруе Савет. Штаб-кватэра ІМО размешчана ў Лондане (Вялікабрытанія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКТА́Р,
цукрыстая вадкасць, сакрэт нектарнікаў кветкавых раслін. Уяўляе сабою водны раствор цукроў (пераважна цукрозы, глюкозы і фруктозы) з невял. дамешкам азоцістых рэчываў, арган.к-т, дэкстрынаў, мінер. солей, спіртоў, ферментаў, фітагармонаў, эфірных алеяў і інш. Выдзяляецца пры цвіценні. Канцэнтрацыя Н. залежыць ад віду расліны (як і склад цукроў) і надвор’я (вільготнасці і інш.), колькасць — таксама ад узросту расліны, стадыі цвіцення, часу дня, глебавых і інш. умоў. Прываблівае да кветак жывёл-апыляльнікаў (пераважна насякомых), для якіх служыць кормам; уплывае на прарастанне пылку, апладненне, развіццё завязі і інш.; валодае бактэрыястатычным дзеяннем. Меданосныя пчолы ўздзеяннем ферментамі і выпарэннем ч. вады ператвараюць Н. у мёд. Н. некат. ядавітых раслін і мёд з яго атрутныя для чалавека, часам для пчол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЫ́ЛКА (у традыц. логіцы),
суджэнне, якое служыць асновай для заключэння (вываду) і з’яўляецца неабходнай часткай любога розумазаключэння. П. могуць быць факты або суджэнні пра факты, прынцыпы, аксіёмы, пастулаты і інш., увогуле ўсякія з’явы або выказванні — зыходныя даныя, з якіх непасрэдна ці шляхам разважання можна вылучыць якую-н. новую інфармацыю (П. індукцыі і П. дэдукцыі). У непасрэдным розумазаключэнні вывад робіцца з адной П.; у дэдукцыйным — як правіла, з 2 П. (большая і меншая); у індукцыйным — больш як з 2 П. Асн. патрабаванне да П. — іх ісціннасць. Калі П. ісцінныя і ў працэсе розумазаключэння спалучаны па законах логікі, тады вывад (заключэнне) будзе ісцінным. П. — неабходная ўмова лагічнай аргументацыі або доказу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДО́ВАЕ ЦЕЛА,
ёмішча спараносных органаў большасці сумчатых і базідыяльных грыбоў. Утворана спляценнем міцэліяльных гіфаў; звычайна складае бачную ч. грыба. Служыць для аховы і распаўсюджвання спор. У аскаміцэтаў П.ц. — апатэцыі, клейстатэцыі і перытэцыі. У базідыяльных грыбоў П.ц. плевачныя, распасцёртыя па субстраце, капыта- (губы), булава-, карала- (рагацікі), парасонападобныя ў выглядзе шапкі на ножцы (шапкавыя), шара- або грушападобныя (порхаўкі). У інш. грыбоў адрозніваюць П.ц. з адкрытым гіменіем, паўзакрытым і поўнасцю закрытым. Споры развіваюцца на паверхні П.ц. (напр., на пласцінках — у сыраежак, у трубачках — у баравікоў). Ніжэйшыя грыбы, некат. сумчатыя (напр., дрожджы), некат. базідыяльныя (галаўнёвыя, іржаўныя) і ўсе недасканалыя грыбы П.ц. не маюць. Форма, памеры, кансістэнцыя і афарбоўка П.ц. ў грыбоў з’яўляюцца сістэм. адзнакамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНТЭТЫ́ЧНЫ ЎЛІК,
улік па ўзбуйненых эканамічных паказчыках у грашовым выражэнні, які паказвае дынаміку руху ўсіх аб’ектаў бухгалтарскага ўліку ў абагульненых вартасных паказчыках. Вядзецца ў разрэзе сінт.рахункаў бухгалтарскага ўліку, адзіны план якіх зацвярджаецца ў цэнтралізаваным парадку. Служыць для атрымання сумарных звестак аб гасп.-фін. дзейнасці прадпрыемства, установы, арг-цыі. Дае магчымасць правяраць узаемасувязь усіх гасп. аперацый і шляхам зверкі сінт. і аналітычнага ўліку кантраляваць дасканаласць і правільнасць іх адлюстравання ва ўліку. С.ў. карыстаюцца пры складанні і праверцы справаздачнасці. На прадпрыемствах (аб’яднаннях) з дапамогай С.ў. вызначаюць агульную наяўнасць асн. сродкаў, сыравіны і матэрыялаў, затраты на вытв-сць, стан разлікаў з пастаўшчыкамі і г.д.; у фін.-крэдытных установах — кантралююць выкананне бюджэту і крэдытныя аперацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЗ,
1) у мовазнаўстве — камунікатыўна-сінтаксічная адзінка, якая складаецца са спалучэння слоў ці асобнага слова і служыць для выражэння думкі або пачуцця.
Гал. асаблівасці С. — камунікатыўнасць, прэдыкатыўнасць, грамат. аформленасць, сэнсавая і інтанацыйная закончанасць. Камунікатыўнасць заключаецца ў тым, што С. служыцьасн. сродкам моўных зносін, прызначаны для паведамлення пра з’явы і падзеі аб’ектыўнай рэчаіснасці. Прэдыкатыўнасць выражае ацэнку рэчаіснасці, паказвае, што сцвярджаецца або адмаўляецца ў С. Яна рэалізуецца пры дапамозе сінтакс. мадальнасці і сінтакс. часу, якія вызначаюць адносіны таго, пра што паведамляецца, да рэчаіснасці і канкрэтнага часу (цяперашняга, прошлага, будучага) і выражаюцца дзеяслоўнымі катэгорыямі ладу, часу і асобы, а пры іх недастатковасці або адсутнасці — мадальнымі словамі, часціцамі, інтанацыяй.
Словы і спалучэнні слоў у С. заўсёды граматычна арганізаваны сінтакс. сувязямі і адносінамі ў цэласнае адзінства, якое змяшчае асобную думку, пачуццё і вызначаецца адноснай сэнсавай і інтанацыйнай закончанасцю: «Лёгкі ветрык чуць прыкметна збажыну калыша» (Я.Купала). У залежнасці ад колькасці прэдыкатыўных асноў (адна ці болей) дзеляцца на простыя сказы і складаныя сказы. Пэўным чынам арганізаваная паслядоўнасць С. стварае звязны тэкст, які ляжыць у аснове твораў маст., публіцыстычнай і інш. л-ры.
2) У музыцы — найбольшая частка перыяду, якая заканчваецца кадэнцыяй. Звычайна існуе як частка цэлага, зрэдку набывае самаст. значэнне (у незамкнутай гал. партыі санатнай формы). У простай 3-часткавай форме С. можа выконваць функцыю перыяду як формы яе частак. Паводле канцэпцыі класічнай ням.муз.-тэарэт. школы (Г.Рыман), усякая 1-часткавая пабудова без кадэнцыі ў сярэдзіне яе з’яўляецца С., у гэтым выпадку перыяд, што не падзяляецца на С., трактуецца як С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́Т КАПІТА́ЛУ,
працэс узнаўлення руху ўсяго авансаванага капіталу, які бясконца паўтараецца. Не супадае з кругаабаротам капіталу. Поўны абарот капіталу адбываецца толькі тады, калі ў грашовай форме вяртаецца авансаваная вартасць асноўнага капіталу і ён аднаўляе сваю матэрыяльную форму. Таму абарот капіталу ахоплівае некалькі кругаабаротаў капіталу. Час, на працягу якога авансаваны ў грашовай форме капітал вяртаецца ў той жа форме да прадпрымальніка, наз. часам абаротам капіталу. Адзінкай вымярэння абароту капіталу служыць год. Хуткасць абароту капіталу вызначаецца па формуле:
, дзе n — колькасць абаротаў, A — адзінка вымярэння, a — час абароту індывід. капіталу. Хуткасць абароту капіталу — паказчык жыццяздольнасці капіталу. На яе ўплываюць час вытв-сці і час абарачэння, а таксама суадносіны асн. і абаротнага капіталу ў авансаваным капітале.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
оптыка-механічная машына для вымярэння вонкавых і ўнутраных лінейных памераў. Мае межы вымярэнняў: ніжнюю ад 0 (для вонкавых памераў) і ад 13,5 мм (для ўнутраных) і верхнюю да 1, 2, 4, 6, 8 і 12 м.
Дэталь, якая кантралюецца, устанаўліваецца на прадметны стол або люнеты. Адліковым прыстасаваннем служыць трубка аптыметра або інтэрферометра. Вымярэнне ажыццяўляецца параўнаннем памераў рабочай і ўзорнай дэталей (пераважна канцавых мер) або прамым вымярэннем. Вымяральная машына выкарыстоўваецца пераважна для праверкі і настройкі нутрамераў, вымярэння вял. канцавых мер і кантролю вял. дэталей. У праграмавальнай вытв-сці пашыраны каардынатныя вымяральныя машыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКТЫЛАСКАПІ́Я (ад дактыла... + ...скапія),
галіна ведаў, якая вывучае будову ўзораў скуры рук з мэтай ідэнтыфікацыі асобы. На далоневай паверхні канцавых (ногцевых) фалангаў пальцаў рук ёсць рэльефныя лініі (т. зв. папілярныя), якія строга індывідуальныя, адносна ўстойлівыя і здольныя аднаўляцца ў былым выглядзе пры паверхневым парушэнні скурнага покрыва. З улікам відаў і тыпаў скурнага ўзору, іх дадатковых асаблівасцей выводзіцца т. зв. дактыласкапічная формула, якая служыць асновай сістэматызацыі дактыласкапічных картаў у картатэках. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў крыміналістыцы: па адбітках пальцаў рук ажыццяўляюцца: крыміналістычная ідэнтыфікацыя асобы злачынца; устанаўленне злачынца, які быў раней зарэгістраваны як судзімы; ідэнтыфікацыя неапазнаных трупаў; пошук асоб, што прапалі без вестак, і інш. Метады Д. выкарыстоўваюць таксама ў антрапалогіі, медыцыне, банкаўскай справе і інш. галінах навукі, практычнай дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУКА́РСКАЯ ФО́РМА,
плоская або цыліндрычная форма, якая ў сістэме друкавальных (даюць адбіткі фарбы на матэрыяле) і прабельных (прамежкавых) элементаў мае тэкставую і ілюстрацыйную інфармацыю і служыць для шматразовага атрымання адбіткаў. Выкарыстоўваецца ў друкарскіх машынах.
Бывае для высокага друку (набор, клішэ, фотапалімерная форма, стэрэатып), плоскага друку (афсетныя, літаграфскія і фотатыпныя пласціны), глыбокага друку (пакрытыя меддзю і храміраваныя цыліндры), а таксама для металаграфскага, трафарэтнага, электраграфічнага і інш.спец. відаў друку. Матэрыялы Д.ф. — металічныя (друкарскія сплавы, цынк, алюміній, медзь, магній, біметал і інш.), неметалічныя (пластмаса. гума, шкло і інш.) і камбінаваныя. Д.ф. робяць фотанаборнымі, наборна-друкавальнымі і наборна-адліўнымі спосабамі, стэрэатыпныя формы — метадамі гальванапластыкі, прасаваннем і ліццём. З адной Д.ф. можна атрымаць 1 млн. і болей адбіткаў.
Літ.:
Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977.