БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т (БК) у Польшчы, арганізацыя грамадскай апекі для беларусаў у 1940—44. Створаны ў Варшаве з дазволу герм. акупац. улад як Бел. саюз самапомачы (БСС, старшыня Ф.І.Акінчыц), з лета 1940 — БК (старшыня М.​Шчорс, нам. М.​Ждановіч). У канцы 1940 — пач. 1941 створаны дэлегатуры (прадстаўніцтвы) БК у Бяла-Падлясцы і Кракаве, пазней — некалькі філій на паўд. Падляшшы. Чл. БК (каля 6 тыс. чал., сак. 1942) — пераважна даваен. ўцекачы з паўн.-ўсх. ваяводстваў Польшчы, якія не жадалі заставацца пад сав. адміністрацыяй, а таксама вызваленыя з ням. палону беларусы — ваеннаслужачыя польскай арміі. Асн. дзейнасць — юрыд., мед. і матэрыяльная дапамога членам БК. Працавалі сталовая, бел. пач. школа з інтэрнатам (1942/43—1943/44, у 1943 для вучняў 2 месяцы працаваў летні лагер у Забалацці Бельскападляскай гміны), бел. б-ка, хор і аркестр, драм. секцыя, дзіцячы т-р. БК садзейнічаў заснаванню ў Варшаве бел. правасл. і каталіцкай парафій, царк. брацтва імя св. Юрыя. Дзейнасць БК фактычна спынена 1.8.1944, калі пачалося Варшаўскае паўстанне 1944, управа БК была эвакуіравана ў Кракаў і намінальна існавала да студз. 1945.

Ю.​Туронак.

т. 2, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ СТУДЭ́НЦКІ САЮ́З (БСС),

арганізацыя студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та ў 1920—39. Створаны 1.12.1920. У розны час БСС узначальвалі А.​Абрамовіч, Т.​Куніцкі, І.​Гагалінскі, М.​Марцінчык і інш. Меў 4 секцыі (культ.-асветную, навуковую, выдавецкую, працы), бібліятэку. Друкаваныя органы — час. «Новы шлях», «Студэнцкая думка». Гал. мэты: аб’яднанне сваіх членаў на грунце навук. пазнання Беларусі, выхавання нац. самасвядомасці народа. Вёў асв.-прапагандысцкую дзейнасць, у аснове якой было чытанне сярод насельніцтва Зах. Беларусі лекцый рознай тэматыкі. Пры БСС працавалі завочныя каап. Курсы, адкрыта студэнцкая сталовая. Быў арганізатарам суботнікаў, экскурсій, дыскусійных вечарын, канцэртаў, тэатр. пастановак. Існаваў на ахвяраванні розных арг-цый, т-ваў, асобных грамадзян. Спыніў дзейнасць у сувязі з закрыццём ун-та ў вер. 1939.

Хор Беларускага студэнцкага саюза (у цэнтры Р.​Шырма і М.​Забэйда-Суміцкі). Вільня.
Члены Беларускага студэнцкага саюза. Вільня.

т. 2, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАЯ,

палітычная арг-цыя, якая выражае інтарэсы сац. груп і аб’ядноўвае іх найб. актыўных прадстаўнікоў. Асн. прыкметы П.п. — актыўны ўдзел у барацьбе за заваяванне і ўтрыманне ўлады; наяўнасць паліт. праграмы, статута, членства, пэўнай сац. базы, агульных інтарэсаў і блізкіх ідэалаг. поглядаў яе членаў; наяўнасць цэнтр. органа кіраўніцтва, арганізац. структур, аднаго ці некалькіх лідэраў. Паліт. рух, у адрозненне ад П.п., не мае арганізац. структуры і дэталёва распрацаванай паліт. праграмы, не імкнецца да заваявання паліт. улады, а толькі да ўплыву на тых, хто яе ажыццяўляе. Паводле характару і задач дзейнасці П.п. падзяляецца на рэв., рэфармісцкія, кансерватыўныя, рэакцыйныя; паводле ідэйна-тэарэтычных установак — на камуніст., сацыяліст., сац.-дэмакр., ліберальныя, кансерватыўныя, аўтарытарна-фашысцкія, канфесійныя, лева- і праварадыкальныя; у адносінах да ўлады — на кіруючыя і апазіцыйныя; па шкале паліт. спектра — на правыя, цэнтрысцкія, левыя; паводле ўмоў дзейнасці — на легальныя, паўлегальныя, нелегальныя; паводле прынцыпаў арг-цыі — на кадравыя (аб’ядноўваюць невял. колькасць прафес. палітыкаў), якія маюць жорстка замацаванае статутам членства, і масавыя, якія не маюць ін-та афіцыйнага членства, а галасуюць на выбарах за кандыдатаў сваёй партыі. П.п. ствараюць парт. сістэму.

Зародкі П.п. (паліт. саюзы) вядомы са стараж. часоў (Атыка — 6 ст. да н.э., Стараж. Грэцыя — 4 ст. да н.э., Стараж. Рым — 2—1 ст. да н.э.). Адносна малалікія і вузкія паводле сац. складу саюзы і групоўкі існавалі ў сярэднія вякі (гвельфы і гібеліны ў Італіі). Тыповы прыклад вузкіх парт. груповак — торы, вігі ў Англіі (2пал. 17 ст.). Больш акрэсленыя рысы набываюць П.п. ў перыяд бурж. рэвалюцый, калі ўзнікалі бурж., ліберальныя і кансерватыўныя партыі розных кірункаў. П.п. ў сучасным разуменні ўзнікалі ў Еўропе ў сярэдзіне — 2пал. 19 ст. Адна з першых паліт. арг-цый пралетарыяту — «Саюз камуністаў» (1847), створаны К.​Марксам і Ф.​Энгельсам. Яго праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі» (1848). Першая масавая П.п. парламенцкага тыпу «Ліберальнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі» створана ў 1861. У 1863 Ф Ласаль стварыў першую масавую рабочую П.п. «Усеагульны германскі саюз рабочых». Вял. ролю ў стварэнні П.п. адыгралі 1-ы (1864—76) і 2-і (1889—1914) Інтэрнацыяналы. У Рас. імперыі П.п. пачыналі стварацца як рэвалюцыйныя. Іх папярэднікамі былі дзекабрысцкія і народніцкія арг-цыі. Больш акрэсленыя рысы мелі «Зямля і воля», «Народная воля», «Чорны перадзел», «Група вызвалення працы». Выразныя рысы П.п. набылі Рабочая партыя вызвалення Расіі (1897; з 1901 Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў), Бунд (1897), Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (1898). У 1905 узніклі ліберальныя партыі — Партыя нар. свабоды (кадэты), Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты). На рэакцыйных пазіцыях стаялі «Саюз рускага народа», Рус. манархічная партыя і інш. Буйнейшыя агульнарас. партыі мелі свае арг-цыі на Беларусі.

Першая бел. П.п. — Бел. рэв. грамада (БРГ), створаная ў 1902, з 1903 — Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Яе заснавальнікі і актыўныя дзеячы: І. і А. Луцкевічы, А.​Бурбіс, К.​Кастравіцкі (Каганец), В.​Іваноўскі і інш. Дзейнічалі Сацыялістычная партыя Белай Русі (1904—1905), Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі (1905—1907). У час Кастр. рэвалюцыі і пасля яе дзейнічалі Беларуская народная партыя сацыялістаў, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (у Петраградзе), Бунд, Яўр. с.-д. партыя (Паалей Цыён), Аб’яднаная яўрэйская сацыялістычная рабочая партыя, некаторыя польскія і літоўскія П.п. У 1-й пал. 1920-х г. шматпартыйнасць у БССР ліквідавана. Адзінай П.п. засталася Камуніст. партыя (бальшавікоў) Беларусі. Яна не мела сваёй праграмы, статута, членскіх білетаў і з’яўлялася састаўной часткай РКП(б), ВКП(б), КПСС. У Зах. Беларусі, якая з 1921 знаходзілася пад уладай Польшчы, захавалася шматпартыйнасць. Дзейнічалі Бел. партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць, з 1936 Бел. нацыянальнае аб’яднанне), Камуністычная партыя Заходняй Беларусі і інш. Пасля Вял. Айч. вайны ў БССР, як і ва ўсім СССР, захоўвалася аднапарт. сістэма. У канцы 1980-х г. у сувязі з паглыбленнем ідэйнага крызісу КПСС, КП(б)Б, пачалі ўзнікаць апазіцыйныя ёй арганізацыі, у т. л. Беларускі народны фронт «Адраджэньне» і інш. У выніку распаду СССР і зыходу з паліт. арэны КПСС як кіруючай партыі ў пач. 1990-х г. аднаўляецца шматпартыйнасць. У 1991 на Беларусі сфарміраваліся: Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ), Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская сялянская партыя, Нацыянальна-дэмакратычная партыя беларусаў, Хрысціянска-дэмакратычны саюз. 5.10.1994 прыняты закон «Аб палітычных партыях». На пач. 1998 на Беларусі Мін-вам юстыцыі афіцыйна зарэгістравана 35 партый. У 1998 паводле рашэння Вярх. суда ў адпаведнасці з законам «Аб палітычных партыях» 9 П.п. ліквідаваны. На 1.1.1999 у Рэспубліцы Беларусь 28 П.п. У 2пал. 1999 праведзена перарэгістрацыя П.п. У выніку на 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь налічвалася 18 П.п.: «Аб’яднаная грамадзянская партыя; Аграрная партыя; Беларуская партыя жанчын «Надзея»; Беларуская партыя зялёных, Беларуская партыя працы, Беларуская патрыят. партыя, Беларуская с.-д. партыя (Народная грамада), Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская экалагічная партыя зялёных «БЭЗ», Камуністычная партыя Беларусі, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада», Партыя Беларускага народнага фронту, Партыя камуністаў беларуская, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Сацыял -дэмакратычная партыя народнай згоды. Асн. мэта, якую ставяць усе П.п. Беларусі, — пабудова цывілізаванай прававой дзяржавы, правядзенне рэформ, накіраваных на павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Партыі камуніст. арыентацыі ставяць задачу пабудовы бяскласавага грамадства, аднаўленне дзярж. саюза народаў былога СССР.

Літ.:

Марченко М.Н., Фарукшин М.Х. Буржуазные политические партии. М., 1987;

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Становление и крушение однопартийной системы в СССР. 1917—1991. Гомель, 1995;

Бобков В.А., Кузнецов Н.В., Осмоловский В.П. Политические партии Беларуси. Мн., 1997;

Программные документы современных политических партий Беларуси. Вып. 2. Мн., 1997.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 12, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГІ́ТЛЕРАЎСКАЯ КААЛІ́ЦЫЯ,

саюз дзяржаў і народаў, якія змагаліся ў другой сусветнай вайне 1939—45 супраць агрэсіўнага блока гітлераўскай Германіі, Італіі, Японіі і іх сатэлітаў. Аснову кааліцыі складалі вял. дзяржавы — Савецкі Саюз (адыграў вырашальную ролю ў дасягненні перамогі), ЗША, Англія, Францыя, Кітай. У ваен. дзеяннях на баку антыгітлераўскай кааліцыі прымалі ўдзел Польшча, Чэхаславакія, Югаславія, Аўстралія, Бельгія, Бразілія, Індыя, Канада, Філіпіны, Эфіопія і інш. Асобныя дзяржавы дапамагалі антыгітлераўскай кааліцыі пастаўкамі ваен. сыравіны (напр., Мексіка). Былі і такія краіны, што аб’явілі вайну Германіі толькі напярэдадні яе разгрому і не зрабілі якога-небудзь укладу ў перамогу. На момант сканчэння 2сусв. вайны антыгітлераўская кааліцыя аб’ядноўвала больш за 50 дзяржаў, прычым вайну Германіі аб’явілі і яе былыя саюзнікі Балгарыя, Венгрыя, Італія і Румынія. Дапамогу антыгітлераўскай кааліцыі аказаў народны Рух Супраціўлення, які разгарнуўся ў многіх акупіраваных краінах. У ліку паўнапраўных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі былі Беларусь і Украіна (будучыя члены — заснавальнікі ААН), а таксама іншыя былыя саюзныя рэспублікі СССР.

Пачатак утварэнню антыгітлераўскай кааліцыі пакладзены заявамі аб узаемнай падтрымцы ўрадаў СССР, ЗША і Англіі пасля нападу фаш. Германіі на СССР, англа-сав. і сав.-амер. перагаворамі летам 1941, падпісаннем 12.7.1941 сав.-англ. пагаднення аб сумесных дзеяннях у вайне супраць Германіі, Маскоўскай нарадай 1941 трох дзяржаў (гл. Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945), а таксама шэрагам інш. пагадненняў паміж саюзнікамі. 1.1.1942 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя 26 дзяржаў (Дэкларацыя Аб’яднаных Нацый), якія знаходзіліся на той час у стане вайны з Германіяй, Італіяй, Японіяй і іх саюзнікамі. У Дэкларацыі гаварылася, што дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі абавязаны выкарыстоўваць свае ваен. і эканам. рэсурсы для барацьбы супраць фаш. дзяржаў і не заключаць з імі сепаратных дагавораў. Пазней дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі падпісалі шэраг дакументаў, сярод якіх найбольшае значэнне маюць пастановы Тэгеранскай (1943), Крымскай і Патсдамскай (абедзве 1945) канферэнцый (пра ўсе гл. асобныя арт.) кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. Антыгітлераўская кааліцыя ў цэлым вырашыла задачы, што стаялі перад ёю ў 2сусв. вайне, і стала асновай для ўтварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САНА́ЦЫЯ,

неафіцыйная назва групы бел. дзеячаў у Зах. Беларусі. Створана ў сярэдзіне 1929. Лідэры А.​Луцкевіч, Р.​Астроўскі, Я.​Станкевіч, Ф.​Акінчыц. Друкаваны орган — газ. «Наперад». Была выразнікам той часткі крыла нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, што ва ўмовах узмацнення рэпрэсій польскіх улад, а таксама рэпрэсіўнай палітыкі бальшавікоў у БССР адзіна магчымым шляхам культ.-нац. развіцця лічыла пошук кампрамісаў з «санацыйным» урадам Ю.​Пілсудскага, не выключаючы парламенцкіх сродкаў барацьбы. За гэта сярод бел. грамадскасці, што арыентавалася на КПЗБ і Камінтэрн, група атрымала назву «санацыя» (лац. sanatio аздараўленне). Пад арганізац. кіраўніцтвам групы знаходзіліся Т-ва бел. асветы, Бел. навук. т-ва, Бел. дабрачыннае т-ва, Бел. студэнцкі саюз, інш. культ.-асв. і дабрачынныя арг-цыі і суполкі. Адсутнасць адзінства і рознагалоссі сярод лідэраў групы, а таксама імкненні польскіх улад унесці разлад у яе дзейнасць прывялі да канчатковага расколу Беларускай санацыі ў 1934.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ САЮ́З (БНС),

грамадска-паліт. арг-цыя кансерватыўна-клерыкальнага кірунку. Дзейнічала ў Віцебску ў 1917—18. Аб’ядноўвала мясц. чыноўнікаў, выкладчыкаў навуч. устаноў, прадстаўнікоў правасл. духавенства. Кіраўнікі БНС (Ф.​І.​Грыгаровіч, Б.​А.​Бялыніцкі-Біруля, Г.​І.​Палонскі, У.​К.​Стукаліч) падтрымалі Часовы ўрад, але выступалі супраць дэмакратызацыі грамадскага жыцця, лічылі абавязковым удзел Расіі ў вайне да перамогі. Для прадухілення сац. канфліктаў на вёсцы прапанавалі праект рэформы, аснову якой складала хутарское землекарыстанне. БНС прытрымліваўся дактрыны заходнерусізму, адмаўляў бел. народу ў праве на дзярж. самавызначэнне, абмяжоўваўся патрабаваннем да Часовага ўрада вылучыць Беларусь у асобную адм.-гасп. адзінку ў складзе Расіі. Абапіраўся на ідэалогію праваслаўнага клерыкалізму, праваслаўныя прыходы разглядаў як «асноўныя ячэйкі грамадскасці». Не прыняў Кастр. рэвалюцыі 1917, вёў антыбальшавіцкую і антысеміцкую агітацыю. Па некаторых звестках кіраўнікі БНС Грыгаровіч, Бялыніцкі-Біруля, Палонскі і інш. расстраляны ў 1918 паводле прыгавору Віцебскай губ. ЧК.

С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАРГІ́Н (сапр. Ільін) Міхаіл Андрэевіч

(19.9.1878, г. Перм, Расія — 27.11.1942),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). У 1905 арыштаваны за ўдзел у Маскоўскім паўстанні. У 1906 эмігрыраваў у Італію, друкаваўся ў газ. «Русские ведомости». У 1916 вярнуўся на радзіму. Узначальваў Маскоўскі саюз пісьменнікаў, удзельнічаў у Грамадскім к-це дапамогі галадаючым Паволжа. Непрыняцце Кастр. рэвалюцыі, тэрору, грамадз. вайны стала прычынай яго арыштаў у 1919, 1921 і высылкі за мяжу ў 1922. Вядомасць яму прынёс выдадзены ў Парыжы раман «Сіўцаў Ярок» (1926—28), у якім паказаны нар. трагедыя часоў рэвалюцыі і грамадз. вайны, пакутлівы пошук праўды. Сярод найб. значных твораў дылогія «Сведка гісторыі» (1932) і «Кніга аб канцах» (1935) пра жорсткі тэрор супраць рус. народа, як прысуд тым, хто развязаў гэтую крывавую драму, раман «Вольны муляр» (1938), аўтабіягр. творы «Рэчы чалавека» (1929) і «Часы» (выд. 1955).

Тв.:

Времена: Романы и автобиогр. повествование. Екатеринбург, 1992.

П.​П.​Вашко.

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТАБО́Л,

[ад мота... + (фут)бол], спартыўная гульня на матацыклах з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек 4 перыяды па 15 або 20 мін кожны. Мэта — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Спартсмены карыстаюцца пераважна матацыкламі класа 250 см³. Гульня ідзе на футбольным полі з травяным, грунтавым або інш. пакрыццём, вароты футбольныя. Дыяметр мяча 48—49 см.

Першыя мотабольныя матчы адбыліся ў Францыі (1929, г. Дыжон) і Германіі (1930, г. Кёльн). Міжнар. саюз мотабольных клубаў створаны ў 1963 (Бельгія, Нідэрланды, Францыя і ФРГ). З 1965 М. уваходзіць у Міжнар. федэрацыю матацыклетнага спорту. Першыя спаборніцтвы на Кубак Еўропы адбыліся ў 1964, першы чэмпіянат Еўропы у 1986 (г. Пінск Брэсцкай вобл.).

Чэмпіянаты Беларусі па М. праводзяцца з 1966, спаборніцтвы на Кубак Беларусі і міжнар. турнір «Брэсцкая крэпасць-герой» з 1974. Нац. зборная каманда Беларусі (існуе з 1994) — сярэбраны (1995, 1998) і бронз. (1999) прызёр чэмпіянатаў Еўропы.

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Траісты саюз 1/354, 355, 583; 2/107, 175, 341; 3/440; 5/171; 8/405; 10/275

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый 1/543; 2/240; 5/333; 6/444, 458; 11/151—152

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)