КАЛІНКО́ВІЧ (сапр. Калянковіч) Мікалай Мікалаевіч

(15.1.1951, в. Цна Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. — 24.7.1990),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1976). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1968. Пісаў на бел. і рус. мовах. Аўтар кніг дакумент. аповесцей, апавяданняў, нарысаў «Не абрываецца зямная сувязь» (1982), «Імя маё — Свабода» (1984), «Палескія дні Аляксандра Блока» (1985), «Не павінен невядомым быць салдат» (1989), п’ес «Ліпеньскае зарыва» і «Камісар Закаспія» (паст. на туркм. радыё, 1982 і 1985). Даследаваў бел.-рус., бел.-туркм. сувязі, жыццё і службу А.С.Грыбаедава на Беларусі, палескі перыяд жыцця Я.Коласа.

т. 7, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́НСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (3.4.1873, г. Кіраў, Расія — 14.12.1935),

расійскі славіст і дыялектолаг. Чл.-кар. АН СССР (1921). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1896). У 1903—3 5 праф. Пецярбургскага ун-та, Жаночага, Вяцкага і Маскоўскага пед., Гісторыка-філал. ін-таў, 2-га Маскоўскага ун-та. З 1931 кіраўнік Дыялектаграфічнай камісіі Ін-та мовы і мыслення АН СССР. Даследаваў гісторыю рус. і стараж.-балг. моў, рус. дыялекталогіі, слав. палеаграфіі і інш.

Тв.:

Образцы глаголицы. СПб., 1908;

Образцы письма древнейшего периода истории русской книги. Л., 1925;

Очерки языка русских крестьян. М.; Л., 1936.

т. 8, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВОЎ (Георгій Яўгенавіч) (2.11.1861—7.3.1925),

расійскі грамадскі і дзярж. дзеяч. Князь. Буйны землеўладальнік Тульскай губ. Старшыня Тульскай губ. земскай управы (1902—05), арганізатар агульназемскай дапамогі параненым у рус.-яп. вайну 1904—05. З канца 1905 прымыкаў да кадэтаў. Дэп. 1-й Дзярж. думы (1906). У 1-ю сусв. вайну старшыня Усерас. земскага саюза, адзін з кіраўнікоў Земска-гарадскога саюза. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у сак.ліп. 1917 міністр-старшыня Часовага ўрада. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 эмігрыраваў. У 1918—20 узначальваў антыбальшавіцкую Рус. паліт. нараду ў Парыжы.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШКО́ЎСКІ (Адам Паўлавіч) (1793, С.-Пецярбург — паміж 1868 і 1870),

рускі артыст балета, балетмайстар, першы тэарэтык і гісторык рус. харэаграфіі. Скончыў Пецярбургскую балетную школу (1809), вучыўся ў І.Вальберха і Ш.Дзідло. У 1808—11 танцаваў на пецярбургскай сцэне, у 1812—31 у Вял. т-ры ў Маскве. Спачатку выступаў у віртуозным рэпертуары, пазней выконваў пантамімныя і характарныя ролі. У 1812—39 кіраўнік балетнай школы і гал. балетмайстар Вял. т-ра. Паставіў больш за 39 арыг. спектакляў. Прапагандаваў нац. фальклор, даў узоры тэатралізацыі рус. нар. танцаў. Ставіў і шматактавыя балеты-меладрамы ў стылі «рамана жахаў». Увасобіў 14 балетаў Дзідло. Упершыню стварыў спектаклі на тэмы рус. л-ры, у т. л. «Руслан і Людміла, або Звяржэнне Чарнамора... » Ф.Шольца паводле А.Пушкіна (1821, выканаў таксама партыю Руслана) і інш. Аўтар літ. прац, у якіх шмат кашт. звестак і разважанняў пра балет 1-й пал. 19 ст. («Успаміны балетмайстра», 1940).

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́ЦІН (Іван Іванавіч) (1.11.1873, в. Крывуліна Цвярской вобл., Расія — 25.5.1942),

рускі і бел. літ.-знавец. Акад. АН Беларусі (1928), чл.-кар. АН СССР (1929), д-р філал. н. (1934). Скончыў Пецярбургскі гісторыка-філал. ін-т (1897). З 1904 прыват-дацэнт Варшаўскага, потым Пецярбургскага, з 1908 праф. Варшаўскага, з 1917 — Данскога ун-таў, з 1922 — БДУ, з 1931 — Мінскага пед. ін-та. Адначасова працаваў у Інбелкульце (з 1925), АН БССР (з 1929). 4.4.1938 арыштаваны, высланы ў Комі АССР, дзе памёр у турэмнай бальніцы. У працах па гісторыі рус. л-ры 19 ст. выступаў як прадстаўнік культурна-гістарычнай школы ў літ.-знаўстве. Даследаваў эстэт. прынцыпы, літ. плыні і стылі рус. рамантычнай л-ры 1820—30-х г. ва ўзаемасувязях з зах.-еўрап. л-рай, станаўленне рэаліст. метаду ў рус. л-ры 1840—60-х г. (творчасць М.Гогаля, В.Бялінскага, М.Чарнышэўскага, І.Тургенева, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога і інш.), гісторыю рус. крытыкі і журналістыкі, праблемы рус. л-ры канца 19 — пач. 20 ст. Вывучаў гісторыю і тэорыю бел. л-ры [«Пуціны беларускай літаратуры (Я.Колас — «Новая зямля»)», 1924; «Паэма Я.Коласа «Сымон-музыка» як аўтахарактарыстыка», 1926; «Чарговыя задачы вывучэння гісторыі беларускай літаратуры», 1928, і інш.]. Працы З. садзейнічалі станаўленню бел. тэксталогіі (акад. выданне твораў М.Багдановіча, 1927—28, і інш. пісьменнікаў), методыкі выкладання л-ры.

Тв.:

Романтизм двадцатых годов XIX ст. в русской литературе. Т. 1—2. Варшава, 1903—07;

Сороковые и шестидесятые годы. Варшава, 1911;

М.А.Багдановіч // Узвышша. 1927. № 2, 3, 5;

Беларуская драматургія. [Ч.] 1. Драматычныя творы Я.Купалы // Тамсама. № 1;

Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні. Вып. 1—2. Мн., 1927—28;

Драматычныя творы Ц.Гартнага // Полымя. 1928. № 9;

А.С.Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1937;

Творы. Мн., 1991.

У.М.Конан.

т. 6, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯХНО́ВІЧ ((Olechnowicz) Мсціслаў Антонавіч) (22.2.1905, Гродна — 24.7.1982),

польскі лінгвіст. Д-р гуманіт. (1963) і пед. (1966) навук, праф. (1974). Скончыў Віленскі ун-т (1938). З 1949 выкладчык, з 1954 заг. кафедры замежных моў, з 1966 кафедры рус. філалогіі Лодзінскага ун-та. Даследаваў рус. і бел. мовы, бел. фальклор, рус.-бел.-польска-літоўскія фалькл. і моўныя сувязі. Аўтар манаграфіі «Польскія даследчыкі беларускага фальклору і мовы ў XIX ст.» (1986), прац «Польскія зацікаўленні беларускай мовай (ад паловы XVI стагоддзя да 1863 г.)» (1964), «Даследчыкі палескага фальклору ў першай палове XIX стагоддзя» (1965), «Беларускія элементы ў польскай песні першай паловы XIX стагоддзя» (1966), «Беларусь—Палессе» Оскара Кольберга» (1968), «Сістэма націску назоўнікаў з вытворнай асновай у беларускай мове» (1972), «Тэндэнцыі развіцця беларускага націску (на параўнальным фоне націску рускага)» (1978) і інш.

Літ.:

Саламевіч І. Польскі даследчык Беларусі // ЛІМ. 1975. 21 лют.;

Bibliografia publikacji naukowych i dydaktycznych prof. dra habil. Mścisława Olechnowicza // Acta Universitatis Lodziensis. Zeszyty Naukowe Uniwersytetu Lódzkiego. Ser. 1. 1979. № 33.

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЬЯ́РД (франц. billard, ад bille шар),

настольная гульня з шарамі. Вядзецца на пакрытым сукном стале (3,66 × 1,83 м; наз. таксама більярд) з бартамі, якія маюць 6 адтулін (лузаў) з сеткай; некаторыя більярды лузаў не маюць. Радзімай більярда лічаць Індыю і Кітай. Гульня вядзецца шарамі са слановай косці ці пластмасы. Кіем (даўж. 1,5 м) удараюць шары адзін аб адзін, каб загнаць іх у лузы. Існуе некалькі відаў гульні: амер. більярд (пул), англ. (снукер), італьян. (разнавіднасці — фішкі і карамболь); у краінах СНД і Францыі пашыраны рус. (класічны) більярд (разнавіднасці — рус. і маскоўская піраміды, амерыканка).

У шэрагу краін, у т. л. ў Беларусі, більярд лічыцца відам спорту. Праводзяцца спаборніцтвы, у т. л. чэмпіянаты свету. На Беларусі як спорт більярд развіваецца з 1989. Існуе (з 1991) мінская федэрацыя більярда. З 1992 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры більярда ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР і свету па рус. більярдзе. На Алімпійскіх гульнях 1996 у Атланце більярд прадстаўлены як паказальны від спорту.

Ю.Г.Лобач.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛІХА́НАЎ (Чакан Чынгісавіч) (1835, урочышча Кушмурун Кустанайскай вобл., Казахстан — кастр. 1865),

казахскі асветнік-дэмакрат, гісторык, этнограф і фалькларыст. Чл. Рус. геагр. т-ва (1860). Скончыў Омскі кадэцкі корпус (1853). Удзельнік навук. экспедыцый у Сярэднюю Азію, Казахстан і Зах. Кітай, аўтар даследаванняў па гісторыі і культуры народаў гэтых краін. У працах «Кіргізы» (так называлі тады казахаў; 1856—58, апубл. 1958), «Сляды шаманства ў кіргізаў», «Кіргізскае радаслоўе» (абедзве апубл. 1904) матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, культуры казахаў. Зрабіў мноства этнаграфічна дакладных жанравых, партрэтных і пейзажных замалёвак да сваіх навук. і пуцявых дзённікаў. Артыкулы «Паданні і легенды Вялікай Кіргіз-Кайсацкай арды», «Нарысы Джунгарыі» і інш. пра вусную нар. творчасць казахаў, асаблівасці імправізатарскага майстэрства акынаў, віды песень і рытміку казахскага верша. Упершыню запісаў і пераклаў на рус. мову частку кірг. нар. эпасу «Манас».

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—5. Алма-Ата, 1984—85.

Літ.:

Сегизбаев О.А. Исследователь, мыслитель. Алма-Ата, 1974;

Стрелкова М. Валиханов. 2 изд. М., 1990.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎЧЫ́НЕР (Віктар Якаўлевіч) (28.6.1905, Мінск — 15.7.1961),

бел. рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1944). Нар. арт. Літвы (1959). Скончыў Яўр. драм. студыю ў Маскве (1926). Акцёр, рэжысёр, маст. кіраўнік (1942—46) Дзярж. яўр. т-ра БССР. Рэжысёр Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ (1930—32), БДТ-1 (Нац. т-р імя Я.Купалы; 1939—42), гал. рэжысёр Дзярж. рус. т-ра БССР (1948). З 1949 гал. рэжысёр у т-рах Іркуцка, Ташкента, Вільні. Найб. значныя пастаноўкі: «Стрэл» А.Безыменскага (1930) у т-ры імя ЦСПСБ; «Вальпоне» Б.Джонсана (1934), «Фальшывая манета» М.Горкага і «Сям’я Авадзіс» П.Маркіша (1937), «Вядзьмарка» А.Гольдфадэна (1941), «Сіротка Хася» Я.Гордзіна і «200000» паводле Шолам-Алейхема (1943), «Пігмаліён» Б.Шоу ў Дзярж. яўр. т-ры БССР; «Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі (1940) у БДТ-1; «Атэла» У.Шэкспіра (1947) у Дзярж. рус. т-ры БССР; «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы (1954) у Ташкенцкім рус. т-ры. Пастаноўкі Галаўчынера рамантычна ўзнёслыя, у іх яркая тэатральнасць, дынамізм, пластычна зробленыя масавыя сцэны спалучаліся з псіхалагічна распрацаванымі характарамі.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГІ́ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР, Другі чырвонаармейскі паказальны тэатр пры палітаддзеле 16-й арміі Заходняга фронту. Існаваў з восені 1920 да ліп. 1921. Сфарміраваны ў Бабруйску з акцёраў Петраградскага нар. дома, рус. труп і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Меў філіял у авіяатрадзе «Ілья Мурамец». Начальнікі т-ра С.Бахрах, В.Няволін, рэж. А.Пакрасаў-Гяцэвіч. Меў важнае значэнне для аб’яднання творчых работнікаў, узаемаабагачэння бел. і рус. тэатр. культур. У рэпертуары пераважалі рус. класічная драматургія, агітацыйныя п’есы і канцэрты.

Сярод пастановак: «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, «Без віны вінаватыя», «Апошняя ахвяра», «Беднасць не загана», «Беспасажніца» А.Астроўскага, «Горкі лёс» А.Пісемскага, «Павел I» Дз.Меражкоўскага, «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Жывы труп» Л.Талстога, «Барыс Гадуноў» А.Пушкіна, «Дні нашага жыцця» Л.Андрэева, «Рэвізор» і «Жанідьба» М.Гогаля, «На дне» М.Горкага, «Патанулы звон» Г.Гаўптмана, «Атэла» У.Шэкспіра. У трупе т-ра было каля 80 чал., у т. л. акцёры Б.Быхоўскі, М.Дняпроў, К.Замешына, В.Зярноў, К.Кулакоў, Няволін, У.Фарасаў. Вясной 1921 т-р быў рэарганізаваны і перададзены палітупраўленню Зах. фронту, узначальваў яго Дняпроў. Неўзабаве расфарміраваны.

т. 6, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)