РАДЗІВІ́Л (Кароль Станіслаў) (мянушка Пане Каханку; 27.2.1734, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 22.14.1790),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.К.Радзівіла Рыбанькі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. З 1748 неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1750, яго маршалак у 1755. У 1752 падчашы ВКЛ, у 1752—62 мечнік ВКЛ, у 1762—64 і 1768—90 ваявода віленскі; ген.-маёр (1754), ген.лейтэнант войска ВКЛ (1759). З 1762 ардынат нясвіжскі і алыцкі. Для дасягнення сваіх мэт часта выкарыстоўваў ваенную сілу, вызначаўся свавольствам. Абвешчаная ў Гродне 16.4.1764 Генеральная канфедэрацыя ВКЛ выступіла супраць Р. Даведаўшыся, што канфедэраты разам з рас. войскам хочуць заняць Нясвіж, Р. са сваім атрадам рушыў туды, але быў разбіты расіянамі пад Слонімам. Р. схаваўся ў Малдове, потым пераехаў у Венгрыю і Саксонію. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ дэкрэтам ад 16.8.1764 за гвалтоўныя ўчынкі абвясціла Р. ворагам айчыны і пазбавіла пасады ваяводы; яго маёнткі падлягалі канфіскацыі. Р. звярнуўся да рас. імператрыцы Кацярыны II з просьбай узяць яго пад сваю пратэкцыю і вярнуць маёнткі. У сувязі з тым, што Кацярыне II пачала не падабацца палітыка караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Чартарыйскіх, яна вырашыла скарыстаць супраць іх Р. Пад аховай рас. войск ён пераехаў у Радам, дзе 23.6.1767 узначаліў Радамскую канфедэрацыю. На надзвычайным сейме 1767 усе абвінавачанні з Р. былі зняты. Улетку 1768 Р. далучыўся да Барскай канфедэрацыі, скіраванай супраць караля і рас. ўплыву, і пачаў збіраць у Нясвіжы сваё войска. Рас. войскі з баямі занялі Нясвіж і Слуцк; Р. выехаў у Прусію. Да 1777 знаходзіўся ў эміграцыі. Каб адцягнуць Р. ад апазіцыі, рас. дыпламатыя зноў забяспечыла яму пратэкцыю Кацярыны II і вяртанне маёнткаў. Пасля вяртання на радзіму Р. памірыўся з каралём. У час дзейнасці Чатырохгадовага сейма 1788—92 Р. зноў зблізіўся з антыкаралеўскай апазіцыяй. Сфарміраваў полк, які перадаў у склад войска ВКЛ. Р. увайшоў у гісторыю як легкадумны палітык і абмежаваны чалавек. Трымаў тэатр і аркестр у Нясвіжы, пабудаваў летнюю рэзідэнцыю ў Альбе (пад Нясвіжам), аднавіў палац у Слуцку. Аматар неверагодных баек і экстравагантных учынкаў, Р. як персанаж увайшоў у л-ру (творы Г.Жавускага, З.Красінскага, І.Ходзькі, Ю.Славацкага, Ю.І.Крашэўскага і інш.).
Літ.:
Sidorski D. «Panie Kochanku». Katowice, 1987;
Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.Мн., 1982.
А.П.Грыцкевіч.
К.Радзівіл. Пярун. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў канцы 18 ст. Створаны ў час 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Мінскай губ.Рас. імперыі. Павятовы цэнтр — г. Давыд-Гарадок. Скасаваны 23.12.1796.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПРА́ПАРШЧЫК,
воінскае званне (чын) у шэрагу дзяржаў. У рас. арміі існавала ў 1722—1917. Прысвойвалася унтэрафіцэрам і фельдфебелям, якія вытрымалі экзамен або вызначыліся ў баях, і юнкерам. П. карысталіся некаторымі правамі малодшых афіцэраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗРА́НЬ,
горад у Рэспубліцы Інгушэція (да 1998 сталіца), у Рас. Федэрацыі. Размешчана на З Чэчэнскай раўніны. 71,9 тыс.ж. (1996). Чыг. станцыя. З-д «Электраінструмент», трыкат.ф-ка і інш. Цэнтр с.-г. раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫГЕ́ЙЦЫ (саманазва адыге),
народ у Адыгеі. 95,4 тыс., у інш. рэгіёнах Рас. Федэрацыі і краінах СНД 125 тыс.чал. (1989). Жывуць таксама ў Турцыі і араб. краінах. Гавораць на адыгейскай мове. Паводле веравызнання мусульмане-суніты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДВА́ (мардоўцы),
народ, карэннае насельніцтва Мардовіі (313 тыс.чал.). Колькасць у Рас. Федэрацыі 1073 тыс.чал. (1992). Агульная колькасць — 1150 тыс.чал. Падзяляюцца на этнагр. групы эрзя, мокша, каратаеў і церухан. Мовы мардоўскія. Вернікі — праваслаўныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАБА́РСКАЕ ПЛАТО́,
на ПнУ Сярэднесібірскага пласкагор’я, у Краснаярскім краі і Рэспубліцы Саха (Якуція) Рас. Федэрацыі. Выш. да 905 м. Складзена пераважна са сланцаў, гнейсаў і гранітаў. Да выш. 450 м рэдкастойныя лістоўнічныя лясы, вышэй — горная тундра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБХА́ЗЫ (саманазва апсуа),
нацыя, асн. насельніцтва Абхазіі (93,3 тыс.чал.). Усяго ў Рас. Федэрацыі і інш. краінах СНД 105 тыс.чал. (1989), у Турцыі — 5 тыс.чал. Гавораць на абхазскай мове. Паводле рэлігіі праваслаўныя і мусульмане-суніты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЕАГРА́ФІЯ: ПРАБЛЕ́МЫ ВЫКЛАДА́ННЯ»,
навукова-метадычны часопіс. Выдаецца з 1995 у Мінску на бел. і рас. мовах 4 разы ў год. Засн. рэдакцыяй час. «Адукацыя і выхаванне». Друкуе нарматыўныя матэрыялы, метадычныя парады, айч. і замежны вопыт выкладання геаграфіі.