АРАГАНІ́Т [ад назвы гіст. вобл. Арагон у Іспаніі), мінерал класа карбанатаў, Ca[CO3]. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі ігольчастыя, агрэгаты валакністыя, слупкаватыя, каралападобныя («жалезныя кветкі») і інш. Бясколерны, белы, шэры, сіні, фіялетавы да чорнага. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. каля 3,0 г/см³. Разнавіднасць: канхіт — частка перламутравага слоя ракавін малюскаў і жэмчугу. Паходжанне гідратэрмальнае і гіпергеннае. Адкладваецца гарачымі крыніцамі і гейзерамі, у міндалінах базальтаў і інш. Афарбаваныя, прасвечвальныя разнавіднасці арганіту (мармуровы онікс) — вырабныя камяні.

Араганіт.

т. 1, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫ́Т (нарв. norit ад Norge Нарвегія),

магматычная поўнакрышт. інтрузіўная парода, разнавіднасць габра. Складаецца з плагіяклазу (35—70%), рамбічнага піраксену (20—60%), клінапіраксену (да 5%), у некаторых разнавіднасцях таксама з біятыту, кварцу, мікракліну, кардыерыту. Акцэсорныя мінералы: тытаніт, апатыт, цыркон. Разнавіднасці: габра Н., алівінавыя Н. Трапляецца ў складзе буйных расслоеных інтрузіваў асн. і ультраасн. парод, зрэдку ўтварае дробныя самаст. інтрузівы. 3 Н. звязаны радовішчы сульфідных медна-нікелевых руд, апатыт-магнетыт-ільменітавых руд. Выкарыстоўваецца як буд. і абліцовачны матэрыял.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДЫ́ЗКА, райка, райская яблыня,

разнавіднасць яблыні нізкай. Радзіма — Закаўказзе. Выкарыстоўваецца як карлікавая прышчэпа для яблыні. Ва ўмовах Беларусі малазімаўстойлівая.

Слабарослае дрэва або куст. выш. да 2 м, з дробнаразгалінаванай і неглыбокай каранёвай сістэмай. Плады рознай формы і афарбоўкі, часта плоска-круглявыя, дыяметрам 1,5—2 см і болей на кароткіх пладаножках. Мякаць дробна-зярністая, кіславата-салодкая, прыемная. Парадызка Будагоўскага, або ПБ 9, — клонавая прышчэпа. Характарызуецца павышанай зімаўстойлівасцю і слабаросласцю, добра размнажаецца атожылкамі. Лісце і сцёблы цёмна-чырвоныя.

З.​А.​Казлоўская.

т. 12, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАНАПРУ́ЖАНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

жалезабетонныя канструкцыі, у якіх узнікае напружаны стан у працэсе цвярдзення бетону, прыгатаванага з т.зв. напружвальных (расшыральных) цэментаў; разнавіднасць папярэдненапружаных канструкцый.

Пры цвярдзенні спецыяльна прыгатаванага бетону адбываецца яго аб’ёмнае расшырэнне, напружваецца ўся арматура, жалезабетон самаўшчыльняецца і набывае значную трываласць (на 25—30% большую, чым пры цвярдзенні без арматуры), вільгаце- і газанепранікальнасць. Пры вырабе С.к. на з-дах іх падвяргаюць цеплавільготнаснай апрацоўцы. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве напорных труб, рэзервуараў, элементаў дарожных і аэрадромных пакрыццяў, тунэляў, гідратэхн. збудаванняў.

т. 14, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРДАЛІ́К (ад грэч. sardonyx, sardion), карнеол,

мінерал, разнавіднасць халцэдону. Колер ружовы, аранжава-чырвоны, залаціста-жоўты. Трапляецца ў выглядзе запаўнення трэшчын і міндалін у асн. і сярэдніх эфузівах. Ювелірна-вырабны камень. Гал. прамысл. радовішчы — алювіяльныя і элювіяльныя россыпы; найб. вядомыя ў Індыі, Бразіліі, Уругваі, таксама ў Карадагскім вулканічным масіве (Крым, Украіна) і Забайкаллі (Расія).

Літ.:

Банк Г. В мире самоцветов: Пер. с нем. М., 1979;

Ферсман А.Е. Драгоценные и цветные камни СССР // Избр. труды. М., 1962. Т. 7.

Сердалік.

т. 14, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАНІ́ЦКІ (Stranitzky) Іозеф Антон (каля 1676, г. Кнітэльфельд ?, Аўстрыя — 19.5.1726),

аўстрыйскі акцёр, драматург; заснавальнік аўстр. прафес. т-ра. Вучыўся ў Лейпцыгскім ун-це, потым стаў акцёрам. Выконваў ролю Гансвурста — аўстр. разнавіднасць камічнага персанажа (блізкая італьян. Арлекіна); майстар пераўвасаблення, выкарыстоўваў востры нар. гумар. Выступаў як драматург (захавалася каля 14 яго камедый, у якіх значнае месца адводзілася імправізацыі), кіраўнік акцёрскіх труп. З 1706 працаваў у Вене, з 1712 арганізатар і кіраўнік першага аўстр. стацыянарнага т-ра (на ням. мове).

т. 15, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́ЗА ДАРО́ЖНАЯ,

самаходная машына, прычапное ці навясное абсталяванне для змешвання грунтоў з вяжучымі матэрыяламі пры буд-ве дарог і для фрэзеравання паверхні дарожных пакрыццяў пры іх рамонце і рэгенерацыі.

Рабочы орган Ф.д. — ротар (вярчальны барабан з метал. лапаткамі або рэжучымі зубамі), дадатковае абсталяванне — кіркоўшчык (рама з замацаванымі на ёй зубамі). Разнавіднасць Ф.д. — фрэза дыскавая, прызначаная для ўтварэння пазоў і фарміравання кантаў беражкоў у асфальтабетонных пакрыццях.

На Беларусі Ф.д. выпускаюць прадпрыемствы «Амкадор» і «Дорвектар».

І.​І.​Леановіч.

т. 16, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТРЫ́Н (ад лац. citrinus лімонны),

мінерал, разнавіднасць празрыстага кварцу жоўтага колеру. Дыхраічны, мяняе адценні жоўтага колеру (лімонны, мядовы, шафранавы, радзей залаціста-карычневы). Утвараецца ў поласцях нізкатэмпературных кварцавых жыл у міяролавых пегматытах. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе. Радовішчы рэдкія, Ц. трапляецца на в-ве Мадагаскар, в-ве Аран у Шатландыі, у Расіі, Бразіліі, Францыі. Штучныя ювелірныя Ц. наз. гольд-тапаз, мадэйра-тапаз, Рыо-Грандэ-тапаз і інш.; іх атрымліваюць абпальваннем аметысту або дымчатага кварцу, яны чырвоных адценняў, дыхраізм адсутнічае.

Цытрын.

т. 17, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯСЛА́,

дрэваапрацоўчая прылада, якая выкарыстоўвалася ў даўбёжным рамястве пры вырабе карытападобных форм і ў цяслярстве. Архаічная форма Ц. вядома з часоў неаліту (завостраны камень з лязом накшталт матыкі, перпендыкулярна пастаўленым да драўлянай ручкі). У тыповым варыянце складаецца з жал. стрыжня з авальным завостраным лязом і драўлянай ручкі, замацаванай у правушыне. Другая разнавіднасць — Ц. ўтульчатая; яна завяршалася конусападобным раструбам-утулкай, у якой замацоўвалася кручкападобная ручка. Ц. адрозніваліся памерамі, авалам ляза, вуглом нахілу стрыжня да ручкі.

В.​С.​Цітоў.

т. 17, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАНАМІ́ЧНАЯ НАВІГА́ЦЫЯ, астранавігацыя,

кіраванне рухам лятальных апаратаў на падставе аптычных вымярэнняў, візуальных назіранняў; разнавіднасць касмічнай навігацыі і паветранай навігацыі. Метады астранамічнай навігацыі: вугламерны (вымяраюцца вуглавыя адлегласці паміж навігацыйнымі арыенцірамі, напрыклад паміж зоркай і краем планеты, паміж двума краямі планеты); зацьменняў (фіксуюцца моманты ўсходу і захаду зорак або Сонца за бачны гарызонт планеты); візіравання планетных арыенціраў (вымяраюцца моманты часу праходжання над якім-небудзь арыенцірам) і інш. Тэхн. аснову астранамічнай навігацыі складаюць секстанты, датчыкі зорак і Сонца, бартавыя вылічальныя машыны і інш.

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)