ЦЫТРЫ́Н (ад лац. citrinus лімонны),

мінерал, разнавіднасць празрыстага кварцу жоўтага колеру. Дыхраічны, мяняе адценні жоўтага колеру (лімонны, мядовы, шафранавы, радзей залаціста-карычневы). Утвараецца ў поласцях нізкатэмпературных кварцавых жыл у міяролавых пегматытах. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе. Радовішчы рэдкія, Ц. трапляецца на в-ве Мадагаскар, в-ве Аран у Шатландыі, у Расіі, Бразіліі, Францыі. Штучныя ювелірныя Ц. наз. гольд-тапаз, мадэйра-тапаз, Рыо-Грандэ-тапаз і інш.; іх атрымліваюць абпальваннем аметысту або дымчатага кварцу, яны чырвоных адценняў, дыхраізм адсутнічае.

Цытрын.

т. 17, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)