НЕТРЫМА́ННЕ МАЧЫ́,

міжвольнае выдзяленне мачы ад парушэння функцыі сфінктэраў мачавога пузыра. Часты вынік родавай траўмы (Н.м. пры напружанні ў жанчын), арган. пашкоджанняў ц. н. с., спіннога мозга, заган развіцця мачавых шляхоў, функцыян. парушэнняў у дзяцей (энурэз). Лячэнне тэрапеўт., масаж, фізіятэрапія, у цяжкіх выпадках — хірургічнае.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВА́Я ХАЛО́ДНАСЦЬ, фрыгіднасць,

слабая палавая цяга ці палавая ўзбуджальнасць у жанчын. Дзетанараджальная функцыя пры П.х. захоўваецца. Бывае ад затрымкі развіцця палавога пачуцця (знікае, напр., пасля родаў). Выклікаецца таксама псіхічнымі фактарамі (пры неўрозах), эндакрыннымі парушэннямі, хваробамі палавых органаў і інш. Лячэнне: гарманальныя прэпараты, псіха- і фізіятэрапія.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫРО́ЎКА,

працэс узнікнення адрозненняў паміж часткамі арганізма і іх спецыялізацыі ў час развіцця; адно з асн. паняццяў тэорыі антагенезу. Праяўляецца ў марфал., фізіял. і біяхім. змяненнях клетак (цыталагічная Д.), тканак (гісталагічная Д.) або асобных органаў і арганізма ў цэлым. Адбываецца пераважна ў перыяд зародкавага развіцця (атыпічная, бластамерная, зачаткавая і тканкавая стадыі). Ажыццяўляецца на аснове рэалізацыі выбіральнай актыўнасці спецыфічных для кожнай тканкі генаў, што прыводзіць да сінтэзу спецыфічных РНК, бялкоў, глікапратэідаў, якія вызначаюць узаемадзеянні клетак. Пасля нараджэння арганізма назіраецца Д. ў эпітэліяльных тканках, крыві, гладкіх мышцах і інш. З Д. звязана пераважна ўзнікненне новых органаў або іх уласцівасцей у час метамарфозу. Ва ўмовах шкодных фактараў уздзеяння або пры злаякасным перараджэнні клетак магчыма частковая дэдыферэнцыроўка і набыццё здольнасці да Д. ў іншым кірунку (метаплазія).

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ФІНА́НСАВАЯ КАРПАРА́ЦЫЯ (МФК; International Finance Corporation),

спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1956 як філіял Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР) для капіталаўкладанняў у прыватны сектар-краін, якія сталі на шлях развіцця. У 1995 у МФК уваходзіла 161 дзяржава (у т. л. Рэспубліка Беларусь; з 1992). Мэта МФК — садзейнічанне эканам. развіццю краін-членаў шляхам заахвочвання інвестыцый прыватнага капіталу за мяжой, пераважна ў краіны, якія развіваюцца, а ў апошнія гады ва ўсходне-еўрап. краінах. Вышэйшы орган МФК — Савет кіраўнікоў, бягучую дзейнасць карпарацыі накіроўвае дырэктарат на чале з прэзідэнтам МФК. Капітал карпарацыі складаецца з узносаў краін-удзельніц; найб. ўзносы зроблены ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй і інш. развітымі краінамі. Да крыніц фінансавання МФК адносяцца таксама крэдыты МБРР, адлічэнні ад прыбыткаў, сродкі ад вернутых крэдытаў і прыцягнутыя на міжнар. рынках.

т. 10, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРОДАЗНА́ЎСТВА.

прырода знаўчыя навукі, комплекс навук аб прыродзе. Вывучае сутнасць з’яў прыроды, найб. агульныя законы яе развіцця, шляхі выкарыстання атрыманых ведаў у практычнай дзейнасці чалавека. Уключае навукі пра агульныя ўласцівасці і будову матэрыяльнага свету (фізіка, хімія), жывую прыроду (біялогія), касм. аб’екты (астраномія), геалогію, геафізіку, цыкл геагр. навук і інш. Развіваецца ў цеснай сувязі з развіццём грамадства. Як адлюстраванне прыроды ў чалавечай свядомасці П. прайшло шэраг этапаў, зазнала перыяды экстэнсіўнага і рэв. развіцця. У самаст. комплекс сістэм. даследаванняў вылучылася ў 2-й пал. 15 ст. Бесперапынна развіваецца і ўдасканальваецца ў працэсе пераўтварэння прыроды ў інтарэсах грамадства. Сярод метадаў, якімі карыстаецца П., вылучаюцца агульныя, прыдатныя да ўсяго П., асобныя — да аднаго з бакоў П. (эмпірычныя, тэарэтычныя, вытворча-практычныя) і прыватныя — метады асобных галін П.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С (НТП),

працэс бесперапыннага ўзаемазвязанага, паступальнага развіцця навукі і тэхнікі, які праяўляецца ў пастаянным уздзеянні навук. ідэй (адкрыццяў і ведаў) на ўзровень удасканалення сродкаў і прадметаў працы, тэхналогіі і арг-цыі вытв-сці. Ажыццяўляецца ў форме паступовага эвалюцыйнага ўдасканалення матэрыяльнай вытв-сці і яго навук.-тэхн. асноў або ў форме карэннага якаснага пераўтварэння вытв. сіл на базе выкарыстання прынцыпова новых навук. і тэхн. дасягненняў, што забяспечваюць пераход да больш прагрэс. этапу развіцця грамадскай вытв-сці; мае рэв. характар развіцця і прымае форму навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У рэальных працэсах развіцця грамадства эвалюцыя і рэвалюцыя — неабходныя ўзаемазвязаныя формы (роўныя кампаненты) НТП. Эвалюцыя падрыхтоўвае рэвалюцыю і стварае для яе неабходныя ўмовы, а рэвалюцыя адкрывае якасна новыя магчымасці эвалюцыі, садзейнічае яе далейшаму развіццю.

Навука і вытв-сць пачалі збліжацца ў 16—18 ст., калі развіццё гандлю, мараплавання, мануфактурнай вытв-сці і інш. патрабавалі тэарэт. і эксперым. вырашэння практычных задач; 2-1 яе этап звязаны з машыннай вытв-сцю ў канцы 18 ст., калі навука і тэхніка ўзаемна стымулявалі паскораныя тэмпы развіцця. Бурнае развіццё навукі з канца 19 ст. і ў 20 ст. прывяло да значных адкрыццяў, што стала пачаткам новага кірунку НТП. Хуткае развіццё і практычнае выкарыстанне эл. энергіі, стварэнне рухавіка ўнутр. згарання, рост хім. і нафтахім. прам-сці, укараненне новых тэхналогій, выкарыстанне энергіі атамнага ядра, атрыманне штучных алмазаў, вынаходства і развіццё ЭВМ, асваенне космасу і інш.

Асн. кірункі НТП: комплексная аўтаматызацыя і камп’ютэрызацыя вытв-сці; пошук новых крыніц энергіі, стварэнне новых сродкаў транспарту і сувязі, асваенне новых тэхналогій, у т. л. біятэхналогій. Многія кірункі НТП цесна ўзаемазвязаны, іх размежаванне ўмоўнае. Затраты на НТП пастаянна павялічваюцца і ў эканамічна развітых краінах складаюць значную долю валавога ўнутр. прадукту. Усё большае значэнне набывае павышэнне эфектыўнасці выкарыстання навукова-тэхнічнага патэнцыялу.

На Беларусі НТП развіваўся ў непасрэднай сувязі з развіццём мануфактурнай і машыннай вытв-сці, прамысл. пераваротам 19 — пач. 20 ст.; яго тэмпы паскорыліся ў ходзе індустрыялізацыі ў 1930-я г. і асабліва ў 2-й пал. 20 ст., калі ўзніклі новыя галіны вытв-сці: аўтамабіле-, трактара-, прыладабудаванне, электра-, радыётэхнічная, электронная, хім., нафтаперапрацоўчая і інш. прам-сць. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі» ў бюджэце краіны ўстанаўліваецца ліміт агульных расходаў на навук.-тэхн. дзейнасць і нарматыў фінансавання фундаментальных і пошукавых даследаванняў.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАЛЕСКА́РЫЙ (ад лац. adolesco падрастаю),

лічынкавая стадыя некаторых паразітных трэматод. Развіваецца ў навакольным асяроддзі з цэркарыя, выдзеленага прамежкавымі гаспадарамі (малюскамі). З вадой ці кормам трапляе ў арганізм канчатковага гаспадара (пазваночныя жывёлы, чалавек), дзе развіваецца ў палаваспелую трэматоду. Стадыя адалескарыя ўласціва, напр., цыклу развіцця пячоначнай двухвусткі — узбуджальніка фасцыялёзу.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́НТРЫ (англ. gentry),

1) у Англіі 16—17 ст. сярэдняе і дробнае дваранства, якое здолела прыстасавацца да развіцця капіталізму (асн. частка т. зв. новага дваранства). Гал. саюзнік буржуазіі ў час Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя.

2) Пашыранае ў еўрап. навук. л-ры абазначэнне кітайскага феад. саслоўя шэньшы.

т. 6, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯПА́ТЫЯ (ад мія... + грэч. pathos пакута, хвароба),

група спадчынных хвароб мышцаў, праявамі якіх з’яўляюцца атрафія, мышачная слабасць, зніжэнне мышачнага тонусу, сухажыльных рэфлексаў (да адсутнасці). У аснове развіцця — парушэнне абмену ў мышачных клетках, змены сінтэзу нуклеінавых к-т і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае, лячэбная фіз. культура, масаж, фізіятэрапія.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМНІЁТЫ (Amniota),

група першаснаназемных пазваночных жывёл (паўзуны, птушкі і млекакормячыя), у якіх на ранніх стадыях развіцця паяўляюцца асобныя зародкавыя абалонкі, у т. л. амніён (адсюль назва). У адрозненне ад анамній у амніётах зародак развіваецца ў яйцы (паўзуны, птушкі) або ў матцы самкі (млекакормячыя). Размнажаюцца і развіваюцца на сушы.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)