ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Войкаўскае вадасховішча. У Лагойскім р-не Мінскай вобл., каля зах. ускраіны г.п. Плешчаніцы. Створана на р. Дзвінаса ў 1958. Пл. 2 км², даўж. 2,9 км, найб.шыр. 900 м, найб.глыб. 6,3 м, аб’ём вады 5,1 млн.м³, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Катлавіна выцягнута з ПдУ на ПнЗ. Берагі пад лесам, правы забалочаны, левы высокі (ад 1,5 да 3 м). Дно выслана ілам. на мелкаводдзі — пяском. Замярзае ў пач.снеж., лёд (таўшчыня 40—50 см) трымаецца да 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 50 см. Зарастае каля 40% плошчы. Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, адпачынку і спарт. мерапрыемстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТРАЕ́ЦКАЕ ПРАДМЕ́СЦЕ,
адзін з гіст. цэнтраў Мінска. Знаходзіцца на левым беразе р. Свіслач. Да канца 18 ст.наз. Траецкая гара. Першапачаткова М.Т.п. — гар. пасад, што ўзнік у 12—13 ст. на левым беразе р. Свіслач для абслугоўвання перавозу (пераправы) цераз раку і транзітных шляхоў на Барысаў, Полацк і Вільню. Аснову планіровачнай структуры стварылі дарогі, на перакрыжаванні якіх узнікла невял. трохвугольная гандл. плошча (з 17 ст. — Траецкі рынак), што была звязана з перавозам (пераправай) па вул. Вялікай або Траецкай (вядома па крыніцах 16 ст.). Паводле крыніц 15—16 ст., у прадмесці знаходзіліся Міхайлаўская і Барысаглебская цэрквы, на гандл.плошчы — каталіцкі храм (засн. каля 1508) і Траецкая царква (у 1630 пры ёй заснаваны Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак). На перакрыжаванні сучасных вуліц Камуністычнай і Куйбышава быў Ушэсценскі правасл. манастыр (у 1-й пал. 17 ст. пры ім пабудавана мураваная царква). У 1-й пал. 17 ст. вакол прадмесця ўзведзены гар. ўмацаванні з валамі, бастыёнамі і брамамі (Барысаўскай і Віленскай ?). У 16—18 ст. М.Т.п. было звязана з асн.ч. горада 3 мастамі і грэбляй, на якой стаялі плябанскія і базыльянскія млыны. Пасля пажару 1809, які амаль цалкам знішчыў драўляную забудову прадмесця, зроблена новая рэгулярная планіроўка (праектны план 1817), тэрыторыя значна пашырана на ПнУ. Новыя кварталы набылі геам. абрысы. Галоўнай стала вул. Аляксандраўская (сучасная М.Багдановіча), кампазіцыйным цэнтрам — вял.гандл. плошча (сучасная пл. Парыжскай камуны). На З ад яе ў 1811 пачалося буд-ва касцёла і шпіталя мар’явітак (арх. М.Чахоўскі; у 1840-я г. перабудаваны пад духоўную семінарыю, пасля Вял.Айч. вайны рэканструяваны пад сувораўскае вучылішча, арх. Г.Заборскі). На Пдплошчы паводле праекта арх. Чахоўскага ўзведзены будынкі комплексу парафіяльнага касцёла св. Тройцы (праект ажыццёўлены часткова). Першапачаткова квартал забудоўваўся паводле ўзорных праектаў 1—2-павярховымі жылымі дамамі. У 1840-я г. будынкі манастыра базыльянак і комплексу парафіяльнага касцёла рэканструяваны пад комплекс гар. бальніцы (сучасная 2-я клінічная бальніца). У 1860-я г. на месцы Ушэсценскага манастыра пабудавана жаночае епархіяльнае вучылішча з мураванай царквой. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. пабудаваны шэраг прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. піўзавод «Багемія» (цяпер «Аліварыя»). У 1933—39 у цэнтры гандл. плошчы пастаўлены будынак т-ра оперы і балета. У 1980-я г. праведзена комплексная рэгенерацыя гіст. забудовы квартала, абмежаванага сучаснымі вуліцамі М.Багдановіча, Я.Купалы, Старавіленскай, Камунальнай набярэжнай (б. Сянная пл.), адначасова была знішчана драўляная гіст. забудова 19 ст., часткова парушана планіровачная структура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ АЎТАМА́ТЫКА,
сукупнасць тэхн. сродкаў для аўтам. выяўлення, лакалізацыі і тушэння пажару. Тэхн. эфектыўнасць П.а. вызначаецца здольнасцю выконваць задачы (у сукупнасці ці адну з іх): папярэджваць магчымасць узнікнення пажару, забяспечваць бяспеку людзей і матэрыяльных каштоўнасцей.
Складаецца з сістэм пажарнай сігналізацыі і аўтам. установак пажаратушэння (АУП). АУП маюць сродкі для выяўлення небяспечных фактараў пажару (напр., выдзялення цяпла, дыму, газападобных прадуктаў няпоўнага згарання), ёмістасці для захоўвання вогнетушыльных рэчываў, сістэмы выпускання такіх рэчываў у ахоўную прастору. Могуць аўтаномна выконваць усе зададзеныя функцыі, у т. л. сігналізацыю, без выкарыстання дадатковых сістэм пажарнай сігналізацыі ці ўключаць іх у сябе ў якасці пускавых. Паводле канструкцыі бываюць агрэгатныя (тэхн. сродкі выяўлення пажару, захоўвання і выпускання вогнетушыльных рэчываў і інш., якія з’яўляюцца самастойнымі адзінкамі і манціруюцца на аб’екце), модульныя (састаўныя часткі сістэмы, аб’яднаныя ў модулі), спрынклерныя (забяспечваюць лакальнае тушэнне пажару ў месцы інтэнсіўнага павышэння т-ры) і дрэнчарныя (забяспечваюць тушэнне па ўсёй плошчы ці па ўсім аб’ёме памяшкання); паводле тыпу вогнетушыльнага рэчыва — вадзяныя, пенныя, газавыя, парашковыя, аэразольныя, для тушэння парай. Тушэнне пажару выконваецца па ўсёй плошчы (ці аб’ёме) або лакальна (у месцы ўзнікнення пажару) Выкарыстоўваюцца таксама ўстаноўкі для стварэння проціпажарных заслон, якія перашкаджаюць распаўсюджванню пажару. АУП (акрамя спрынклерных) дадаткова маюць дыстанцыйныя ці мясц. прыстасаванні для ручнога пуску. Вогнетушыльныя рэчывы падаюцца ў месца гарэння праз насадкі, распыляльнікі, арашальнікі і пенагенератары. Выхад з арашальнікаў спрынклерных АУП закрываюць клапанамі, трымальнікі якіх разбураюцца пад дзеяннем т-ры пажару. П.а. абсталёўваюцца збудаванні і памяшканні з высокай пажарнай ці выбуховай небяспекай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЭ́ННЕ,
стварэнне горнай вырабаткі цыліндрычнай формы (свідравіны, шпура, шахтавага ствала). Адрозніваюць бяскернавае (суцэльнае; разбурэнне горных парод адбываецца па ўсёй плошчы забою) і калонкавае (толькі па кальцавой пляцоўцы каля сцен свідравіны; слупок неразбуранай пароды — керн — дастаюць на паверхню). Кавалкі пароды выдаляюцца са свідравіны шнэкам, жалонкай або прамывачнай вадкасцю.
Бывае механічнае (вярчальнае, ударнае) э непасрэдным уздзеяннем буравога інструменту на пароду і таксама гідраўлічнае, тэрмічнае, хім. і інш.; у залежнасці ад тыпу інструменту — шнэкавае, шарошачнае, цвердасплаўнае, алмазнае; паводле тыпу буравой машыны — перфаратарнае, гідраўдарнае, турбіннае, электрабурэнне; паводле размяшчэння свідравін — нахільнае, куставое, шматствольнае і інш. Бурэнне выкарыстоўваюць для пошуку карысных выкапняў, здабычы вады, нафта, газу, расолаў, асушэння, вентыляцыі падземных збудаванняў, буд-ва палевых фундаментаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТУ́НІЧЫ,
селішча і курганны могільнік канца 10 — пач. 13 ст. каля в. Аўтунічы Гараднянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна. У 1987—92 даследавана каля паловы плошчы селішча (больш за 15 тыс.м²) і ўвесь некропаль (64 насыпы). Асн. кірунак гасп. дзейнасці насельніцтва — здабыванне гліны і падрыхтоўка яе да ганчарнай вытв-сці, выраб і абпальванне посуду, лясны промысел, с.-г. работы. Выяўлены рэшткі 662 наземных і паглыбленых у зямлю пабудоў, у т. л. ганчарныя майстэрні, смалакурні, дзягцярні, шмат ганчарных горнаў, кар’еры для здабычы гліны і месцы захоўвання сыравіны. У большасці курганоў пахавальны абрад — трупапалажэнне ў падкурганных ямах, у 11 — на гарызонце, у 9 — кенатафы; інвентар традыцыйны для ўсх. славян: кераміка, скроневыя кольцы, бранзалеты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗА́ЛЬТ (лац. basaltes ад грэч. basanos пробны камень),
кайнатыпная асноўная горная парода, эфузіўны аналаг габра. Складаецца пераважна з плагіяклазу, манакліннага піраксену, алівіну, вулканічнага шкла і акцэсорных мінералаў — магнетыту, ільменіту, апатыту і інш. Цёмнага колеру, звычайна няпоўнакрышт., часта парфіравай структуры. Поўнакрышт. базальты — далерыты, са шклістай структурай — гіялабазальты і тахіліты. Трываласць на сцісканне да 400 МПа, шчыльн. 2520—2970 кг/м³, т-ра плаўлення 1100—1250 °C. Базальты займаюць агромністыя плошчы дна акіянаў і велізарныя (тыс.км²) тэрыторыі мацерыкоў (трапы), утвараюць лавы многіх вулканаў. На Беларусі ёсць на ПдЗ у адкладах валынскай серыі верхняга дакембрыю (у Брэсцкай упадзіне). Выкарыстоўваецца ў каменналіцейнай прам-сці; каштоўны буд., абліцовачны, эл.-ізаляцыйны і кіслотатрывалы матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЯ ПЛО́ШЧА, рынак,
адна з галоўных плошчаў стараж. гарадоў і мястэчкаў, дзе праходзілі таргі і кірмашы. На Беларусі ўзніклі ў эпоху Кіеўскай Русі з развіццём гар. паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю. Звычайна размяшчаліся ў гіст. цэнтры горада, часам каля рэк (дзе былі прыстані), прылягалі да замкаў. Гандлёвая плошча была кампазіцыйным цэнтрам сялібнай тэр. гарадоў і мястэчкаў. Мела прамавугольны, радзей трохвугольны шматгранны план, ад яе ў радыяльных напрамках адыходзілі вуліцы, што вялі да гар.брам. У цэнтры плошчы гарадоў размяшчаліся ратушы (нярэдка аб’яднаныя з гандлёвымі радамі), гасціныя двары, у мястэчках — крамы. Перыферыйныя часткі займалі культавыя будынкі, корчмы і аўстэрыі, важніцы, каморы, жылыя дамы рамеснікаў і гандляроў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НДСКІЯ АСТРАВЫ́,
група астравоў, асноўная ч.Малайскага архіпелага. Большасць астравоў у Інданезіі (ч. тэрыторыі ў межах Малайзіі, уключае таксама Бруней і Усх. Тымор). Абмываецца Ціхім і Індыйскім ак. і іх ускраіннымі морамі. Пл. больш за 1,5 млн.км². Падзяляецца на Вялікія Зондскія астравы і Малыя Зондскія астравы. Найб. астравы: Калімантан (другі ў свеце па плошчы востраў пасля Грэнландыі), Суматра, Сулавесі, Ява (у групе Вял. З.а.). Адносяцца да Альпійскай геасінклінальнай вобласці. Рэльеф пераважна горны, актыўны вулканізм. Вільготныя трапічныя лясы, на Пд — мусонныя лясы і саванны. Найбольшыя гарады: Бандунг, Семаранг, Джакарта (в-аў Ява), Палембанг, Медан (в-аў Суматра), Банджармасін, Пантыянак (в-аў Калімантан), Уджунгпанданг, Манада (в-аў Сулавесі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ПЛЕРА ЗАКО́НЫ,
тры законы руху нябесных цел, выведзеныя І.Кеплерам на аснове звестак Ц.Браге паводле назіранняў бачнага руху планет. 1-ы К.з.: кожная планета рухаецца па эліпсе, у адным з фокусаў якога знаходзіцца Сонца. 2-і: кожная планета рухаецца ў плоскасці, якая праходзіць праз цэнтр Сонца, прычым радыус-вектар, праведзены ад Сонца да планеты, у роўныя прамежкі часу апісвае роўныя плошчы (S1=S2). 3-і: квадраты перыядаў абарачэння планет вакол Сонца адносяцца як кубы іх сярэдніх адлегласцей ад Сонца. К.з. спрыялі адкрыццю І.Ньютанам сусветнага прыцягнення закону, на аснове якога яны былі абагульнены і ўдакладнены. К.з. карыстаюцца пры знаходжанні масы планет, разліку арбіт спадарожнікаў і інш.Гл. таксама Нябесная механіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЯГА́ННЕ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,
прасторавае размяшчэнне, форма і ўзаемаадносіны геалагічных цел у зямной кары. Вызначаецца элементамі залягання (распасціранне, напрамак і вугал нахілу слаёў або пластоў), якія вымяраюцца горным компасам. Для асадкавых парод характэрна пластападобная форма, першапачаткова блізкая да гарыз. залягання. Вулканічныя пароды залягаюць у выглядзе пластоў патокавай і покрыўнай формы. Магматычныя інтрузіўныя пароды ўтвараюць геал. целы (баталіты, штокі, дайкі, лакаліты, сілы і інш.). Метамарфічныя пароды залягаюць масівамі на вял.плошчы, ахопленай працэсамі метамарфізму. Адрозніваюць непарушанае (нармальнае) і парушанае З.г.п., а таксама згоднае (калі слаі фарміраваліся ў нармальнай узроставай паслядоўнасці) і нязгоднае (стратыграфічны перарыў або размыў горных парод; вуглавая нязгоднасць — калі маладыя асадкі залягаюць над пародамі, змятымі ў складкі, ці манаклінальна нахіленымі).