МІНО́ЙЦЫ,

народ, які насяляў в-аў Крыт у бронзавым веку. Назва ад імя легендарнага цара Мінаса, прапанавана англ. археолагам А.​Эвансам. М. — першыя цывілізаваныя еўрапейцы, якія характарызаваліся высокім узроўнем развіцця прадукцыйных сіл. Як культ. група М. паявіліся каля 2500 да н.э. і, магчыма, уяўлялі сабой сінтэз імігрантаў з Анатоліі і мясц. неаліт. насельніцтва. Каля 2000 да н.э. на Крыце пачаўся працэс урбанізацыі, раслі гарады, будаваліся палацы (Кнос, Малія і Фест). Пашыраўся заморскі гандаль. Пасля 1450 да н.э. М. трапілі пад кантроль Мікенаў (гл. таксама Крыта-мікенская культура). Тэрмін М. мае строга культурнае значэнне.

т. 10, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МАЎ (Аляксей Аляксандравіч) (27.1.1916, С.-Пецярбург — 1985),

расійскі фізік, адзін са стваральнікаў першых паскаральнікаў на сустрэчных пучках (калайдэраў). Чл.-кар. АН СССР (1964). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў сувязі (1942). З 1945 у Ін-це атамнай энергіі, з 1959 у Ін-це ядз. фізікі Сіб. аддз. АН СССР. З 1966 у Ін-це фізікі высокіх энергій. Навук. працы па радыёлакацыйных сістэмах і тэхніцы паскаральнікаў элементарных часціц. Распрацаваў і пабудаваў разам з Г.І.Бубкерам першыя ў СССР калайдэры, кіраваў запускам і наладкай пратоннага паскаральніка на 70 ГэВ (г. Серпухаў). Ленінская прэмія 1967. Дзярж. прэмія СССР 1953.

т. 11, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎТА́ЛЕР,

буйная высакапробная сярэбраная манета еўрап. краін у 16—18 ст. (маса 15—14 г.) На тэр. ВКЛ абарачаліся іспанскія П. («залатыя піліпкі») з кантрамаркамі Жыгімонта II Аўгуста 1564, якія мелі прымусовы курс у 30 грошаў польскіх або 24 грошы літоўскія. Першыя вядомыя П. Рэчы Паспалітай з’явіліся ў 1583 з курсам 17,5 гроша польскага. У канцы 16 ст. курс айч. і замежных П. — 20 грошаў, у сярэдзіне 17 ст. — 45, у канцы 17 ст. — 120 грошаў меднай манетай. Паводле рэформы 1766 П. 1767—92 быў роўны 16 сярэбраным або 120 медным манетам.

т. 12, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВІ́НЦЫЯ (лац provincia),

1) падуладныя Рымскай дзяржаве вобласці паза межамі Італіі, якія былі пазбаўлены самастойнасці і кіраваліся рым. намеснікамі.

2) Адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 18 ст. Першыя П. ўтвораны Пятром I у 1711 як адзінкі, на якія падзяляліся губерні; у сваю чаргу П. падзялялася на паветы. Паводле закону 1719 П. ўсталяваны ва ўсёй дзяржаве. Напачатку існавала 45 П., потым іх колькасць павялічылася да 66. Скасаваны паводле «Устанаўленняў пра губерні» (1775).

3) Назва буйных адм.-тэр. адзінак у некат. сучасных краінах (Італія, Іспанія і інш.).

4) Неафіцыйнае вызначэнне аддаленых ад сталіц і буйных гарадоў раёнаў краіны.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ЛІНГ СТОЎНЗ»

(Rolling Stones),

англійская рок-група. Створана ў 1962 у Лондане. У першым складзе: арганізатары і кіраўнікі М.​Джагер (вакаліст) і К.​Рычардс (гітарыст), а таксама Ч.​Уотс (барабаны), Б.​Джонс (гітара), Б.​Уаймэн (бас-гітара), з 1991 — Джагер, Рычардс, Уотс, Р.​Вуд. У першыя гады існавання ў рэпертуары пераважна творы рок-н-рола, песні дуэта Джагер-Рычардс. З канца 1960-х г. выконваюць толькі ўласныя песні, створаныя на аснове блюза. Сярод альбомаў: «Афтэмэс» (1966), «Стыл Вілс» (1989), «Брыджэс ту Бабілон» (1997). Група — лідэр сярод рок-музыкантаў па колькасці «залатых», «плацінавых» і «мультыплацінавых» альбомаў.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫПІ́ЛЕРЫ (ад англ. repeal разрыў),

удзельнікі нац. руху ў Ірландыі ў 1830—40-я г. за разрыў англа-ірландскай уніі 1801 і аднаўленне асобнага ірландскага парламента. Арганізатар руху Р. — Д.​О’Конел, пад кіраўніцтвам якога ў пач. 1830-х г. створаны першыя суполкі Р. У крас. 1840 засн. агульнанац. асацыяцыя Р., якая арганізоўвала мітынгі, петыцыі і інш. грамадз. акцыі ў падтрымку сваіх патрабаванняў. У 1842 сфарміравалася крыло радыкальных Р., якія лічылі разрыў уніі першым крокам у дасягненні поўнай незалежнасці Ірландыі. Фактычна рух Р. перастаў існаваць пасля смерці О’Конела. На яго аснове ўзнік шэраг новых ірландскіх нац. арг-цый.

т. 13, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-КІ́ЛДА (Saint Kilda),

біясферны рэзерват у Вялікабрытаніі, на аднайм. астравах, за 70 км на З ад Гебрыдскіх астравоў. Адзін са старэйшых у свеце (першыя ахоўныя меры ўведзены вікінгамі каля 1000 гадоў назад). Пл. 852 га. Архіпелаг утвораны са стромкіх скал (выш. да 430 м), як вынік разбурэння вулкана. Флора складаецца з беднай скальнай расліннасці. Найбольшыя ў Паўн. Атлантыцы калоніі марскіх птушак (глупышоў, олушаў, тупікаў, качурак і інш.). У выніку геагр. ізаляцыі ўзнік шэраг унікальных эндэмічных форм і відаў жывёл. У 1986 С.-К. ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.

В.​П.​Кісель.

т. 14, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАВЯДА́ННЕ,

невялікі празаічны (часам вершаваны) твор; жанр эпічнай л-ры (гл. Эпас). Звычайна ў яго аснове адна жыццёвая сітуацыя, падзея, эпізод, творам гэтага жанру характэрны адна сюжэтная лінія, невял. колькасць дзейных асоб. Генетычна апавяданне звязана з жанрамі вуснай паэт. творчасці: казкай, анекдотам, паданнем і інш. Паводле характару адлюстравання рэчаіснасці і выяўлення асобы аўтара вылучаюць апавяданне бытавое, сатыр., псіхал., лірычнае і г.д.

Шырока вядомы апавяданні: Дж.​Бакачыо ў італьянскай л-ры, М.​Сервантэса ў іспанскай, Гі дэ Мапасана, П.​Мерымэ, Стэндаля ў французскай, О.​Генры, У.​Фолкнера, Э.​Хемінгуэя ў амерыканскай, С.​Моэма ў англійскай, Р.​Акутагавы ў японскай, А.​Пушкіна, М.​Гогаля, І.​Тургенева, Л.​Талстога, А.​Чэхава, М.​Горкага, І.​Бабеля, М.​Зошчанкі, М.​Прышвіна, Ю.​Нагібіна, В.​Шукшына ў рускай. Першыя ўзоры бел. апавядання стварылі А.​Плуг («Кручаная баба», нап. 1849), Ф.​Багушэвіч («Тралялёначка», апубл. 1892). Напачатку апавяданне мела рысы жанравай замалёўкі, быт. жарту, анекдота (Ядвігін Ш.). Паступова яно пазбаўлялася бытавізму, набывала моцнае сац. гучанне («Прысяга над крывавымі разорамі» Цёткі). Я.​Колас стварыў першыя ў бел. л-ры алегарычна-філас. апавяданне («Казкі жыцця»). У жанры апавядання паспяхова працавалі Ц.​Гартны, М.​Зарэцкі, К.​Чорны, З.​Бядуля, П.​Галавач, Э.​Самуйлёнак. Сучаснае апавяданне звязана з імёнамі М.​Лынькова, Я.​Брыля, В.​Быкава, І.​Мележа, Я.​Скрыгана, У.​Караткевіча, А.​Кулакоўскага, І.​Шамякіна, А.​Чарнышэвіча, М.​Стральцова, І.​Пташнікава, В.​Адамчыка, Б.​Сачанкі, І.​Чыгрынава і інш.

Літ.:

Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс. Мн., 1971.

С.​А.​Андраюк.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ КАНСЕРВАТО́РЫІ,

першыя прафесійныя муз. навуч. ўстановы ў Расіі і на Беларусі. Існавалі ў пач. 20 ст. Першыя Н.к. адкрыліся ў Маскве (1906) і Пецярбургу (1908). Найб. пашырыліся пасля 1917. Давалі пач. і сярэднюю спец. муз. адукацыю. На Беларусі адкрыты ў Віцебску (1918, першы прыём 209 чал.), Гомелі, Мінску (абедзве 1919), Бабруйску (1921, першы прыём 211 чал.). Мелі выканальніцкія (фп., скрыпка, віяланчэль, духавыя інструменты, сольныя і хар. спевы) і кампазітарскі класы, у Гомелі і клас гісторыі музыкі і эстэтыкі. Навучаліся грамадзяне розных узросту і падрыхтоўкі. У праграме заняткаў былі толькі муз. дысцыпліны, якія выкладаліся на дастатковым прафес. узроўні. Існавалі кансерваторыі з праграмамі, агульнымі для ўсіх навучэнцаў і дыферэнцыраванымі паводле ўзроставага прынцыпу, і Н.к. з 2 курсамі навучання — прафес. і асветным (у Гомелі), што садзейнічала муз. і культ.-асв. адукацыі шырокіх нар. мас. У стварэнні і рабоце Н.к. удзельнічалі вядомыя рас. музыканты, у т. л. піяністы Э.​Бай, М.​Дубасаў, Е.​Шуман, скрыпачы А.Бяссмертны, К.​Грыгаровіч, кампазітар М.Анцаў, дырыжор М.Малько, выкладчыкі класаў духавых інструментаў О.​Шуман, С.​Браўдо (усе Віцебск), М.​Назараў (Гомель). Выкладчыкі і навучэнцы Н.к. вялі вял. культ.-асв. работу, наладжвалі канцэрты, у т. л. сімфанічныя, гутаркі, лекцыі, масавыя святы і інш. У 1-й пал. 1920-х г. Н.к. пераўтвораны ў муз. тэхнікумы (Віцебскі, Гомельскі), школы (Бабруйская).

Літ.:

Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980. С. 40—55;

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́З, ікона,

1) у хрысціянскай рэлігіі (праваслаўе і каталіцызм) выявы Ісуса Хрыста, Маці Божай, святых на драўлянай дошцы, палатне, камені; сімвал, які з’яўляецца аб’ектам рэліг. ўшанавання.

2) Твор сярэдневяковага мастацтва (гл. Іканапіс), які мае культавае прызначэнне.

Першыя абразы вядомы з 2 ст. н.э. Найб. стараж. абразы, што захаваліся, паходзяць з Пярэдняй Азіі. Культ абраза як абавязковага элемента храма быў афіцыйна прыняты на 7-м Усяленскім саборы (786—787, Канстанцінопаль). Паводле хрысціянскага падання першаўзорам вобраза Хрыста з’явіўся адбітак яго твару на ўбрусе, а першыя выявы Маці Божай выкананы евангелістам Лукою. Асабліва шырока быў распаўсюджаны ў Візантыі, Егіпце, Эфіопіі, паўд.-слав. краінах, Грузіі. Для абраза характэрны іканаграфічны канон, які вытрымліваецца стагоддзямі. Пад уплывам Візантыі ўзнік старажытнарускі абраз, класічныя ўзоры якога адносяць да канца 14—15 ст. (А.​Рублёў, Феафан Грэк).

На Беларусі абраз з’явіўся, верагодна, у канцы 10 ст. ў Полацку і Тураве. Першыя абразы прывозілі з Візантыі, напр., Ефрасіння Полацкая падаравала мужчынскаму манастыру ў Полацку абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская», які яна атрымала ад імператара Мануіла Камніна. Бел. абразы 11—15 ст. ствараліся ў сферы правасл. візантыйска-балканскага ўплыву («Маці Божая Замілаванне» з-пад Брэста, «Успенне» з Мінска, 15 ст.). Фарміраванне самабытнай беларускай іканапіснай школы адбылося ў 16 ст. Найб. яркія творы належаць да 1-й пал. 17 ст. (група маларыцкіх абразоў 1648; «Нараджэнне Марыі» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне» з Олтуша, 1650 і інш.). Для іх характэрна спалучэнне сімвалізму і кананічнасці сярэдневяковага мастацтва з натуральнасцю персанажаў і асяроддзя, характарнасцю вобразаў, элементамі навакольнай рэчаіснасці, засвоенымі з еўрап. Адраджэння. У 17—18 ст. выяўляюцца рэгіянальныя асаблівасці ў абразах Зах. Палесся, Падняпроўя, Падзвіння, Міншчыны, звязаныя з цэнтрамі іканапісу (Брэст, Вільня, Віцебск, Пінск, Магілёў, Мінск, Полацк). Абразы маляваліся на дошках (да 16 ст. ўключна з каўчэгам) па клеемелавым грунце (ляўкасе) яечнай тэмперай, пазней у спалучэнні з алейнымі фарбамі. Фон гладкі, пазалочаны, з канца 16 ст. аздабляўся рэльефным раслінным арнаментам. З сярэдзіны 18 ст. пашыраецца абраз на палатне. Асаблівую галіну бел. іканапісу ўтвараюць алтарныя абразы з рысамі готыкі, рэнесансу, барока. Характэрнай аздобай абразоў былі абклады, накладныя чаканеныя метал. рызы («сукенкі»). Самастойны бел. абраз знікае ў сярэдзіне 19 ст. з ліквідацыяй у 1839 уніяцтва.

Літ.:

Гл. пры арт. Іканапіс.

А.​А.​Ярашэвіч.

Да арт. Абраз. А.​Рублёў. Спас. 1420-я гады.
Абраз «Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны. 16 ст. Музей старажытнай беларускай культуры ІМЭФ АН Беларусі.
Абраз «Сашэсце ў пекла» з Чачэрска. 1678. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 1, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)