НАРЫ́Т (нарв. norit ад Norge Нарвегія),

магматычная поўнакрышт. інтрузіўная парода, разнавіднасць габра. Складаецца з плагіяклазу (35—70%), рамбічнага піраксену (20—60%), клінапіраксену (да 5%), у некаторых разнавіднасцях таксама з біятыту, кварцу, мікракліну, кардыерыту. Акцэсорныя мінералы: тытаніт, апатыт, цыркон. Разнавіднасці: габра Н., алівінавыя Н. Трапляецца ў складзе буйных расслоеных інтрузіваў асн. і ультраасн. парод, зрэдку ўтварае дробныя самаст. інтрузівы. 3 Н. звязаны радовішчы сульфідных медна-нікелевых руд, апатыт-магнетыт-ільменітавых руд. Выкарыстоўваецца як буд. і абліцовачны матэрыял.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЖАВЕ́ЙНАЯ СТАЛЬ,

высакаякасная сталь, устойлівая супраць іржаўлення (карозіі) у атм. умовах, марской і рачной вадзе і некаторых агрэсіўных асяроддзях. Найб. пашырана хроманікелевая (мае 18% хрому і 9% нікелю) і хромістая (13—27% хрому) сталь, звычайна з дабаўкамі інш. элементаў. Хромістая сталь выкарыстоўваецца пераважна як канструкцыйны матэрыял для турбінных лапатак, арматуры крэкінг-установак, рэжучага інструменту, іншыя Н.с. — для вырабу зварачнай апаратуры, што працуе ў агрэсіўных асяроддзях, гарачаўстойлівых і гарачатрывалых канструкцый (для работы пры т-ры 550—800 °C).

т. 11, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВА́ДЗІНА,

радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу і пяску, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Бабінавічы. Пластападобны паклад звязаны з надмарэннымі флювіягляцыяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял і пясок шаравата-жоўтыя. Пясок розназярністы, з праслоямі дробназярністага, палевашпатава-кварцавы, месцамі гліністы. Разведаныя запасы 12,7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—11,3 м, ускрышы (пяскі) 0,1—5,3 м. Пясчана-жвіровая сумесь і пяскі прыдатныя для вытв-сці бетону, буд. работ і дарожнага буд-ва.

А.​Л.​Шчураў.

т. 13, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЦЫ́НА (польскае rycyna ад позналац. Ricinus клешчавіна),

раслінны тлусты алей з насення клешчавіны. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Вязкая вадкасць светла-жоўтая ці амаль бясколерная, шчыльн. 950—974 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -8 да -18 °C. Не раствараецца ў вадзе і бензіне. Невысыхальны алей; мае 80—90% трыгліцэрыдаў рыцынолевай (12-гідраксі-цыс-9-октадэцэнавай) к-ты (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як змазачны матэрыял, гідраўлічную вадкасць, кампанент мазей і касметычных сродкаў, у медыцыне.

т. 13, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́МЛЕНАСЦЬ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ,

змена механічных і фізічных уласцівасцей матэрыялаў у выніку ўздзеяння шматразовых знакапераменных (цыклічных) або адназначных, часта вібрацыйных нагрузак, якое прыводзіць да іх прагрэсіруючага разбурэння.

Залежыць ад зыходнай трываласці, пластычнасці, вязкасці, цвёрдасці, макра- і мікраструктуры, віду нагрузкі, астаткавых напружанняў і інш. Супраціўленне С.м. характарызуецца мяжой вынослівасці — найб. напружаннем, якое можа атрымаць матэрыял без разбурэння пры зададзенай колькасці цыклічных уздзеянняў. Залежнасць паміж колькасцю цыклаў і стадый пашкоджання (у т. л. ўзнікненне шчылін, канчатковае разбурэнне) выражаецца графічна.

Л.​А.​Сасноўскі.

т. 15, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́КА, стук (італьян. stucco, франц. stuc, ням. Stuck),

штучны мармур, матэрыял для дэкар. аздаблення сцен і арх. дэталей інтэр’ера будынка. Вырабляюць з абпаленага і здробненага гіпсу, злучанага з галыном і клеем, часам з дамешкамі мармуровай пудры. Элементы аздаблення са С. вырабляюць у тэхніках лепкі або фармавання, шліфуюць і паліруюць да люстранога бляску, часам таніруюць; пашырана таксама разьба па С. Вядомы са старажытнасці, на Беларусі пашыраны з 17 ст. ў аздабленні інтэр’ераў палацаў культавых, пазней і грамадскіх будынкаў.

т. 15, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАВЕРЦІ́Н (італьян. travertino), вапнавы туф,

лёгкая порыстая асадкавая карбанатная горная парода, нацёчныя намнажэнні кальцыту. Колер светлы, жаўтавата-шэры, буравата-шэры. Порыстасць 2—40%.

Часта мае адбіткі раслін, арган. рэшткі. Утвараецца ў выніку асаджэння карбанату кальцыю (кальцыту, араганіту) з гарачых або халодных вуглякіслых крыніц. У месцах выхаду крыніц складае тэрасы і ўзгоркі. Выкарыстоўваецца як флюсавы матэрыял, абліцовачны і дэкаратыўны камень, таксама для вытв-сці цэменту, вапны, карбіду кальцыю. Радовішчы ў Італіі, Арменіі, Азербайджане, Таджыкістане, Расіі, на Украіне і інш.

т. 15, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУФ ВУЛКАНІ́ЧНЫ,

вулканічная горная парода, утвораная ў выніку цэментацыі цвёрдых прадуктаў вывяржэння вулкана. Адрозніваецца паводле складу (базальтавы, андэзітавы, ліпарытавы і інш.), паводле характару і памеру абломкаў (літакластычны, крышталекластычны, вітракластычны і мяшанага складу; груба-, буйна-, сярэдне- і тонкаабломкавыя). Колер жоўты, аранжавы, ружова-фіялетавы, чырв., карычневы, шэры і чорны. Шчыльн. 1,22—2,25 г/см³, трываласць 140—820 кг/см². Высокія дэкаратыўныя якасці. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і сценавы матэрыял, напаўняльнік лёгкіх бетонаў і інш. Радовішчы ў Арменіі, Італіі, Ісландыі і інш.

т. 16, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРАПІ́ЦА, дахоўка,

штучны дахавы матэрыял у выглядзе пласцін (жалабатых, плоскіх, фальцавых і інш.) з абпаленай гліны ці з цэментава-пясчаных раствораў. Гліняная Ч. — адзін з найдаўнейшых дахавых матэрыялаў; вядома за 2700 г. да н.э. Вырабляюць Ч. пераважна пазавую (штампаваная і стужачная), плоскую (стужачная) і вільчыкавую.

Пазавая Ч. мае пазы (фальцы) і выступы (грабяні), з дапамогай якіх шчыльна перакрываюцца стыкі. Гліняную Ч. вырабляюць з легкаплаўкіх глін, больш пластычных, чым для цэглы; фармуюць і абпальваюць пры т-ры 1000—1100 °C.

т. 17, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗІ́ЎНА-І́МПУЛЬСНАЯ АПРАЦО́ЎКА,

від ультрагукавой апрацоўкі, пры якім паверхня крохкіх матэрыялаў апрацоўваецца імпульсным уздзеяннем абразіўных часцінак. Пры абразіўна-імпульснай апрацоўцы ў зону апрацоўкі нагнятаецца суспензія абразіўных часцінак алмазу, вокісу алюмінію, карбіду крэмнію ці бору, рух якіх выклікаецца канцэнтратарам ультрагукавых ваганняў. Пры ўздзеянні на матэрыял часцінкі зразаюць яго, і апрацаваная паверхня капіруе форму рабочай часткі канцэнтратара. Крыніцай ваганняў з’яўляецца ультрагукавы генератар. абразіўна-імпульснай апрацоўкі выкарыстоўваецца пераважна для фарміравання адтулін, поласцяў, фасонных паверхняў, шліфавання.

Схема ультрагукавой абразіўна-імпульснай апрацоўкі: 1 — інструмент; 2 — абразіў; 3 — загатоўка.

т. 1, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)