ДЭЗАКТЫВА́ЦЫЯ (ад дэз... + лац. activus дзейны, актыўны),
выдаленне радыеактыўных рэчываў з паверхні розных аб’ектаў: глебы, будынкаў і збудаванняў, зброі, тэхнікі, адзення, прадуктаў харчавання і інш.; адно з мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў аварый, звязаных з выкідамі радыеактыўных рэчываў або выкарыстаннем ядз. боепрыпасаў. Абясшкоджванне ад радыеактыўных рэчываў вадкіх і газападобных асяроддзяў наз. ачысткай. Вытворчая Д. ажыццяўляецца пры эксплуатацыі АЭС, у працэсе тэхнал. цыкла атрымання ядз. паліва, пры абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і зняцці АЭС з эксплуатацыі. Ступень забруджвання аб’ектаў вызначаецца дазіметрычнымі прыладамі.
Д. ўключае сукупнасць аперацый з выкарыстаннем сродкаў па выдаленні радыеактыўных забруджванняў з аб’ектаў або ізаляцыі іх паверхняў. У залежнасці ад агрэгатнага стану дэзактывуючага асяроддзя спосабы Д. падзяляюцца на вадкасныя, бязвадкасныя і камбінаваныя. Вадкасную Д. праводзяць струменем вады, дэзактывуючымі растворамі, мыццём ці экстракцыяй; бязвадкасную Д. — струменем газу або паветра, пылаадсмоктваннем, зняццем забруджанага слоя, ізаляцыяй забруджанай паверхні; камбінаваную Д. — праціраннем шчоткамі ці анучкамі, апрацоўкай парай, пакрыццём паверхні спец. плёнкамі, якія хутка зацвердзяваюць. Д. мясцовасці праводзіцца заглыбленнем забруджанага пласта грунту пры дапамозе глыбокага ўзворвання. Пасля Чарнобыльскай катастрофы Д. ажыццяўлялася ў шырокіх маштабах на тэр.прамысл. пляцоўкі АЭС і ў населеных пунктах. У зонах радыеактыўнага забруджвання Д. праводзіцца дзярж. спецыялізаванымі прадпрыемствамі на найб. важных і сацыяльна-значных аб’ектах (школы і дашкольныя ўстановы, бальніцы, месцы адпачынку і масавага знаходжання людзей, прамысл. прадпрыемствы і інш.) Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАЦЦА́ТЫ З’ЕЗД КПСС.
Адбыўся 14—25.2.1956 у Маскве; 1349 дэлегатаў з рашаючым і 81 з дарадчым голасам прадстаўлялі 6 795 896 чл. і 419 609 канд. у чл. партыі. На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі камуніст. і рабочых партый 55 краін свету. Парадак дня: даклады аб рабоце ЦККПСС, Цэнтр.рэвіз. камісіі, дырэктывы XX з’езда КПСС па 6-м пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1956—60; выбары цэнтр. органаў партыі. На закрытым пасяджэнні з’езд заслухаў даклад М.С.Хрушчова «Аб кульце асобы і яго выніках». З’езд падвёў вынікі 5-й пяцігодкі (1951—55), адобрыў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦККПСС, прааналізаваў міжнар. і ўнутр. становішча СССР, вызначыў задачы па разгортванні камуніст.буд-ва ў краіне і інш. У матэрыялах з’езда развіты найважнейшыя тэарэт. пытанні сучаснасці: пра мірнае суіснаванне дзяржаў з розным сац. ладам, пра магчымасць недапушчэння сусв. вайны, пра формы пераходу розных краін да сацыялізму і інш. З’езд даручыў ЦККПСС выпрацаваць праект новай Праграмы партыі, унёс змены ў Статут партыі. З’езд разгледзеў пытанне аб пераадоленні культу асобы Сталіна, ліквідацыі яго шкодніцкіх вынікаў ва ўсіх галінах парт., дзярж. і ідэалаг. работы, даручыў ЦК строга прытрымлівацца нормаў парт. жыцця і прынцыпаў калектыўнасці кіраўніцтва. У адпаведнасці з рашэннямі з’езда 30.6.1956 ЦККПСС прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З,
(European Union; ЕС), саюз 15 еўрап. дзяржаў, створаны на аснове Маастрыхцкага дагавора 1992 краінамі—членамі Еўрапейскіх супольнасцей: Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Грэцыяй, Даніяй, Ірландыяй, Іспаніяй, Італіяй, Люксембургам, Нідэрландамі, Партугаліяй, Францыяй. 1.1.1995 да яго далучыліся Аўстрыя, Фінляндыя і Швецыя. Дзейнічае з 1.11.1993. Мэта ЕС — стварэнне эканам., валютнага і паліт. саюза, а таксама ўвядзенне агульнага грамадзянства. Эканам. саюз будзе рэалізаваны шляхам правядзення супольнай знешняй эканам. палітыкі, прыняццем агульных рэкамендацый па ўнутр. палітыцы краін-удзельніц, увядзеннем адзінага рынку і ліквідацыі ўсялякіх абмежаванняў на перамяшчэнне людзей, паслуг, тавараў, капіталаў у межах ЕС. Паступова павінна быць уведзена бюджэтная дысцыпліна пад кантролем Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Рэалізацыя валютнага саюза плануецца шляхам стварэння Еўрап. валютнага ін-та, Еўрап.цэнтр. банка, абмежавання ваганняў валютных курсаў, рэгістрацыі біржавых каціровак у ЭКЮ і ўвядзення адзінай валюты на тэр.ЕС (да 1999). Замежная палітыка будзе рэалізоўвацца ў форме пастаянных кансультацый і шляхам выпрацоўкі адзінай пазіцыі краін-удзельніц ЕС. Значная ўвага аддаецца пытанням экалогіі, барацьбе са злачыннасцю, наркабізнесам і інш. Палітыка бяспекі распрацоўваецца сумесна з Заходнееўрапейскім саюзам. Грамадзянства ЕС не замяняе грамадзянства краін-удзельніц, яно забяспечвае права ўдзельнічаць у мясц. выбарах, выбарах у Еўрапарламент, звяртацца са скаргамі ў Еўрапарламент і да прадстаўніка ЕС па правах чалавека. Органы Еўрап. супольнасцей (Савет Еўропы, Савет Еўрапейскага саюза, Еўрапейская камісія, Еўрапейскі парламент, Еўрапейскі суд) аўтаматычна сталі органамі ЕС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАНЦІ́Н (ад італьян. quaranta giorni сорак дзён),
комплекс адм. і медыка-сан. мерапрыемстваў, накіраваных на ізаляцыю эпідэмічнага ачага, з мэтай папярэдзіць пашырэнне і ліквідаваць інфекцыйныя хваробы ў ім. Уведзены ў Італіі ў 14 ст., калі судны, што прыбывалі з мясцовасці, небяспечнай на чуму, трымалі на рэйдзе 40 дзён (адсюль назва). Пазней К. пачалі выкарыстоўваць для барацьбы з каранціннымі хваробамі.
Каранцінныя адм.-сан. мерапрыемствы: забарона прыезду і выезду за межы дзяржавы, прыёму пасылак, закрыццё дзярж. граніц і інш.; мед.-сан.: агляд пасажыраў і экіпажаў, ізаляцыя падазроных на хваробу і хворых, абсервацыя асоб, якія былі ў кантакце з хворымі, прышчэпкі Пры ўзнікненні асабліва небяспечных інфекц. хвароб на К. пераводзяцца асобныя парты, чыг. станцыі, нас. пункты. У штодзённай практыцы сап. органы ўводзяць К. і пры інш.інфекц. хваробах (не каранцінных) у дзіцячых установах, бальніцах. Працягласць К. не меншая, чым макс. інкубацыйны перыяд хваробы.
Ветэрынарны К. — сістэма абмежавальных мерапрыемстваў, каб папярэдзіць занясенне і пашырэнне інфекц. хвароб жывёлы. Бывае прафілакт. і пры выяўленні інфекц. хваробы. Устанаўліваецца пры сібірскай язве, сапе, яшчуры, шаленстве, чуме і інш. На Беларусі першае каранціннае аддзяленне арганізавана ў Магілёве ў 1825. Адзіныя каранцінныя мерапрыемствы зацверджаны Вет. статутам БССР (1924). К. раслін — сістэма дзярж. мерапрыемстваў па ахове тэрыторыі ад пранікнення з інш. дзяржаў небяспечных шкоднікаў, узбуджальнікаў хвароб і шкоднага пустазелля, па ліквідацыі ачагоў заражэння. Гл.Санітарная ахова, Санітарная ахова граніц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ,
тэрмін для абазначэння пераўтварэнняў у галіне культуры як састаўной часткі праграмы пабудовы сацыялізму ў СССР і інш.сацыяліст. краінах. Лічыцца, што першым тэрмін ужыў У.І.Ленін. Мела на мэце карэнны пераварот у духоўным развіцці насельніцтва краіны, прадугледжвала перавыхаванне дарэвалюцыйнай і выхаванне новай інтэлігенцыі ў духу сацыяліст ідэй, стварэнне сацыяліст. сістэмы адукацыі, далучэнне мас да культ. дасягненняў і іх камуніст. выхаванне. Асн. рысамі сацыяліст. культуры абвяшчаліся марксісцка-ленінскі светапогляд, камуніст. ідэйнасць, сацыяліст. калектывізм і гуманізм, дасягненні сусв. культуры. У СССР, які атрымаў у спадчыну ад Рас. імперыі нізкі адукац. ўзровень насельніцтва, К.р. супала па часе з захадамі дзяржавы па ліквідацыі непісьменнасці, стварэнні сеткі навуч. устаноў і павышэнні агульнакульт. ўзроўню грамадзян. Дасягненні ў гэтым падаваліся як поспехі К.р. (па БССРгл. адпаведныя лічбы ў арт.Беларусы, Беларусь, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). Панаванне адзіных ідэалогіі і светапогляду азначала не толькі кіраўніцтва, a і поўны кантроль з боку КПСС над духоўным жыццём грамадства, у т. л. і сродкамі прымусу. У час К.р. моцна пацярпелі галіны культуры, звязаныя з рэлігіяй, былі вымушаны эмігрыраваць або загінулі ў выніку рэпрэсій палітычных многія дзеячы культуры, у т. л. ў БССР. Гл. таксама «Культурная рэвалюцыя» ў Кітаі.
Літ.:
Арнольдов А.И. Социализм и культурная революция. М., 1970;
Качановский В.В. История культуры России. Мн., 1997;
Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ «КАЦЁЛ»,
акружэнне войскамі 1-га, 2-га і 3-га Бел. франтоў у ходзе Мінскай аперацыі 1944гал. сіл 4-й і асобных злучэнняў 9-й ням. армій групы армій «Цэнтр» на У ад Мінска 3.7.1944 у Вял.Айч. вайну. У «кацёл» трапіла 105 тыс. гітлераўцаў. 4.7.1944 сав. войскі — часці 49-й, 50-й армій 2-га Бел. фронту, 33-й арміі 3-га Бел. фронту, частка сіл 1-й і 4-й паветр. армій пачалі ліквідацыю акружаных войск. Спробы іх вырвацца з «катла» поспеху не мелі. 7—8 ліп. знішчаны ці ўзяты ў палон гал. сілы ням. войск, 9—11 ліп. — астатнія асобныя групы. У М.«к.» знішчана больш за 70 тыс. і ўзята ў палон каля 35 тыс. варожых салдат і афіцэраў, у т. л. 12 генералаў. У ліквідацыі «катла» ўдзельнічалі партызаны брыгад 2-й Мінскай, «Буравеснік», імя Ракасоўскага, «За Савецкую Беларусь», імя газеты «Правда», «Полымя», імя Шчорса і інш. Партызаны ахоўвалі ўсе асн. аб’екты ў Мінску і яго ваколіцах. Упершыню ў наступальных дзеяннях Чырв. Арміі праціўнік быў акружаны і разгромлены ў выніку паралельнага (3-і і 1-ы Бел. франты) і франтальнага (2-і Бел. фронт) праследавання на глыбіні 200—250 км ад пярэдняга краю яго абароны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІ́СЦКАЯ ПА́РТЫЯ, Нацыянал-сацыялісцкая германская рабочая партыя (Nationalsozialistische Deutsche Arbeiterpartei; НСДАП),
праваэкстрэмісцкая паліт. партыя ў Веймарскай рэспубліцы (1920—33), адзіная дзярж. партыя ў «Трэцім рэйху» (1933—45), старшынёй і «фюрэрам» (правадыром) якой быў А.Гітлер (ад скарачэння першага слова назвы партыі «нацы» паходзяць тэрміны «нацысты», «нацызм»). Узнікла на базе невялікай Герм. рабочай партыі, засн. у 1919 у г. Мюнхен пад старшынствам слесара А.Дрэкслера. Мела іерархічную і ваенізаваную структурную будову (гл.СА, СС), антыкамуніст. і антысеміцкую накіраванасць, выступала за рэвізію Версальскага мірнага дагавора 1919 і аднаўленне Германіі як вял. дзяржавы; ідэалогія — нацыянал-сацыялізм (гл.Нацызм). Сац. база — сярэднія пласты, ч. рабочых, ветэранаў 1-й сусв. вайны і буйных прамыслоўцаў (апошнія падтрымлівалі партыю грашамі). Пасля «піўнога путчу» 1923 у Мюнхене забаронена ўладамі Баварыі (да 1925). Ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33 атрымала большасць месцаў у рэйхстагу (1932) і Гітлер узначаліў урад (1933). Апіраючыся на тэрор СА і СС, інш. структуры партыі (у т. л.Гітлерюгенд), Гітлер хутка ўстанавіў у краіне фаш. дыктатуру. Найб. колькасць членаў — 8,5 млн. (1945). Пасля паражэння Германіі ў 2-й сусв. вайне на Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй, што падлягала ліквідацыі (гл.Дэнацыфікацыя). У 1930—40-я г. ў Вільні і інш. месцах дзейнічала Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя (лідэр — Ф.Акінчыц, друкаваны орган — час.«Новы шлях»), Гл. таксама Фашызм, Неафашызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗБО́Р ШЛЯ́ХТЫ,
комплекс мерапрыемстваў, праведзеных уладамі Рас. імперыі па верыфікацыі і скарачэнні шляхецкага стану (саслоўя) б.ВКЛ. Пачаўся адразу пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Шляхце было загадана падаць доказы свайго дваранства з апісаннем паходжання родаў, гербаў, з усімі пасведчаннямі і дакументамі. У час рэвізіі 1772—74 шмат чыншавай і служылай шляхты, ніжэйшыя пласты шляхецкага стану — зямяне, панцырныя баяры, путныя баяры былі запісаны ў склад сялян. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 аформіліся карпаратыўныя правы дваранства Рас. імперыі, дваране павінны былі быць унесены ў дваранскія радаводныя кнігі, для чаго прадстаўлялі доказы паходжання. На камісію, што праводзіла рэвізію 1816, быў ускладзены абавязак разбору правоў асоб, якія называлі сябе шляхтай. Асоб, пазбаўленых шляхецкіх правоў, запісвалі ў вольныя хлебаробы, дзяржаўныя сяляне або мяшчане. Пасля задушэння паўстання 1830—31 шляхецкае саслоўе было падзелена на дваран, спецыяльна створаныя станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў. Дваранамі прызнаваліся толькі асобы, зацверджаныя ў адпаведнай годнасці Герольдыяй. Былі праведзены і новыя рэвізіі складу саслоўяў. Пасля задушэння паўстання 1863—64 уведзены новыя абмежаванні ў прынцыпах доказу і атрымання дваранства; шляхціцы, якія не даказалі дваранства, уключаліся ў склад сялян або мяшчан. У 1863 скасаваны станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў; яны пераведзены ў стан сялян ці мяшчан. Гэта быў канчатковы акт юрыд.ліквідацыі шляхецкага стану б.ВКЛ, але да 1917 захаваліся некаторыя абмежаванні ў правах «былой польскай шляхты».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́НСКА-АСВЕ́ЙСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НАў Вялікую Айчынную вайну,
тэрыторыя на Пн Віцебскай вобл., якую кантралявалі партызаны. Утварылася ў 1942 у выніку баёў (у т. л.Расонскага бою 1942) па вызваленні партызанамі ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Расонскага, Асвейскага, ч. Дрысенскага і Полацкага р-наў. Да вясны 1943 пл. 5 тыс.км². Вызваленая тэрыторыя стала часткай партыз. краю, створанага бел., латышскімі і рус. партызанамі на сумежжы Беларусі, Латвіі і Расіі (10 тыс.км², больш за 100 тыс.чал.). Зону абаранялі партыз. фарміраванні гэтых рэгіёнаў. На тэр. зоны базіраваліся падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, была адноўлена сав. ўлада, працавалі хлебапякарні, млыны, прамысл. майстэрні, выдаваліся раённыя газеты; падтрымлівалася сувязь з сав. тылам, дзейнічалі аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі. Партызаны пастаянна праводзілі дыверсіі на камунікацыях ворага, у т. л. ў час «рэйкавай вайны», аперацыі па разгроме яго гарнізонаў. Ням. фашысты з мэтай ліквідацыі зоны часта праводзілі карныя аперацыі (№ 12, 13, 14, «Пантэра», «Заяц-бяляк», «Зімовае чараўніцтва», «Генрых», «Ота» і інш.), таму яе тэрыторыя была ператворана акупантамі ў «выпаленую зямлю». У памяць пра Р.-А.п.в. насыпаны курганы каля в. Прошкі Верхнядзвінскага, Марачкова і Маторына Расонскага р-наў, пастаўлены помнікі ў Расонах, вёсках Дзёрнавічы, Новы Лад Верхнядзвінскага, Канюхова, Межна, Роўнае Поле, Сяляўшчына Расонскага р-наў Віцебскай вобл.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ СЕ́КЦЫІ РКП(б),
бальшавіцкія арг-цыі, якія існавалі ў 1918—19 у Варонежы, Казані, Казлове, Маскве, Невелі, Петраградзе, Саратаве, Тамбове і інш. як частка мясцовых парт. арг-цый. Складаліся з рабочых і бежанцаў-беларусаў — членаў РКП(б). У іх кіруючае ядро ўваходзілі А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, А.Х.Усціловіч, І.В.Лагун і інш. Працавалі ў цесным кантакце з Беларускім нацыянальным камісарыятам (Белнацкомам), праз яго газету «Дзянніца» дамагаліся рэалізацыі бел. народам права на самавызначэнне на аснове сав. ладу і ў саюзе з РСФСР. 21—23.12.1918 у Маскве адбылася канферэнцыя бел. секцый РКП(б), якая прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сял. ўрада Беларусі, выбрала Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б) на чале з Жылуновічам. ЦБ беларускіх секцый РКП(б) удзельнічала ў падрыхтоўцы паліт. дакументаў, звязаных з утварэннем БССР і КП(б)Б. На 1-м з’ездзе КП(б)Б у склад Цэнтр. бюро КП(б)Б выбраны Жылуновіч і Лагун. У склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, які ўзначаліў Жылуновіч, увайшлі 9 прадстаўнікоў беларускіх секцый РКП(б). 15.1.1919 ЦБКП(б)Б прыняло пастанову аб ліквідацыіЦБ беларускіх секцый РКП(б). Бел.камуніст. секцыям, што дзейнічалі па-за межамі рэспублікі, было дадзена права працаваць пад яго кіраўніцтвам. Пасля ўтварэння Літ.-Бел. ССР (люты 1919) бел. секцыі РКП(б) пачалі аб’ядноўвацца з літоўскімі. ЦК РКП(б) зацвердзіў аб’яднанае літ.-бел. ЦБ пры ЦК РКП(б). З аднаўленнем 31.7.1920 БССР беларускія секцыі не былі адноўлены.