гідралагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Пружанскага р-на Брэсцкай і Свіслацкага р-на Гродзенскай абласцей. Створаны ў 1968 з мэтай зберажэння ў натуральным стане асн.ч.Дзікага балота, а таксама для падтрымання гідралагічнага рэжыму прылеглай ч.Белавежскай пушчы. Пл. 7,4 тыс.га (1997). Знаходзіцца ў межах Нарава-Ясельдзінскай раўніны. Займае ч.стараж. праточнай даліны на водападзеле Балт. і Чарнаморскага басейнаў. У флоры заказніка больш за 150 відаў, ёсць рэдкія ахоўныя віды: арніка горная, венерын чаравічак сапраўдны, зубніца клубняносная, лілея-саранка і інш. Тарфяныя паклады сярэдняй глыб. 1,4 м пераважна з драўнянага (найчасцей бярозавага) торфу, укрытага асаковым і часткова асакова-гіпнавым. У глыбокіх западзінах сапрапелі (магутнасць пластоў да 0,6 м). На балотным масіве зрэдку трапляюцца мінер. «астраўкі» з шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў. П.І.Лабанок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВЫЯ (Turdidae),
сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 50—55 родаў, каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і халодных раёнаў Арктыкі. Жыхары лясоў, зараснікаў, кустоў, абрываў і скал. У Чырв. кнізе МСАП 4 віды і 8 падвідаў. На Беларусі 14 відаў з 6 родаў: гарыхвосткі, дразды (Turdus), заранкі (Erithacus), каменкі (Oenanthe), салаўі (Luscinia), чаканы (Saxicola).
Даўж. 12—40 см, маса 13—200 г. Вонкавы выгляд і афарбоўка дарослых птушак разнастайныя Птушаняты плямістыя. Ногі ў большасці моцныя, пярэдні бок цэўкі ўкрыты 1 шчытком Дзюба моцная, але тонкая. Хвост у большасці прамы. Ва ўмераных шыротах Д. — пералётныя птушкі. Гняздуюцца на дрэвах, кустах, зямлі, у дуплах і інш. Нясуць 2—6 яец. Гадуюць за год 1—2 патомствы. Кормяцца насякомымі, восенню і зімой — ягадамі, насеннем. Многія Д. добра спяваюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я СВІ́НКІ (Cavia),
род грызуноў сям. свінкавых. 5—6 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у норах на адкрытых мясцінах, забалочаных ускраінах лясоў. Трымаюцца паасобку або невял. групамі. М.с. (C. porcellus) прыручана інкамі. Завезена ў Еўропу ў 16 ст. (адсюль другая, першапачатковая назва «заморская свінка»). На Беларусі найб. трапляюцца М.с. шарсткашэрсная (абісінская, або разеткавая) і даўгашэрсная (ангорская, або перуанская).
Даўж. да 35 см, маса да 900 г. На задніх лапах 3, на пярэдніх 4 пальцы. Расліннаедныя. Нараджаюць да 6 дзіцянят 1—2 разы за год. Існуе шэраг парод з розным колерам і якасцю поўсці. Утрымліваюцца аматарамі і ў віварыях доследных устаноў. Выкарыстоўваюцца як свойскія дэкар. і лабараторныя жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД-А́ЙЛЕНД (Rhode Island),
штат на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. ў ЗША, у Новай Англіі. Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 990,8 тыс.чал. (1999). Адм. ц., буйнейшы горад і гал. порт — Провідэнс. Рэльеф нізінны і раўнінны. Макс.выш. да 247 м. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. 21—23 °C. Ападкаў каля 1150 мм за год, выпадаюць раўнамерна. Захаваліся ўчасткі дубова-букавых лясоў. Р.-А. найб. шчыльна населены (каля 310 чал. на 1 км²), урбанізаваны (гар. насельніцтва больш за 90%) і прамыслова развіты штат. Прам-сць: тэкст., электронная, разнастайнае машынабудаванне, металаапрацоўка, гумавая, харч., ювелірная, галантарэйная, паліграфічная. Суднабудаванне, суднарамонт. Нарыхтоўка дубу, здабыча буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу (малочная прадукцыя, яйкі, ягады). Вырошчваюць бульбу, гародніну, сеяныя травы. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Турызм. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЁЎКІ (Pyralididae),
сямейства дзённых матылёў. У сусв. фауне каля 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жывуць у пустынях, стэпах, лясах, на лугах, некаторыя — на водных раслінах, у прадуктовых складах, збожжасховішчах, млынах. На Беларусі 150 відаў; найб. вядомыя: лугавы і сцябловы (кукурузны) матылькі (пашкоджваюць буракі, каноплі, бабовыя, сланечнік, кукурузу, проса), паўднёвая свірнавая агнёўка (шкодзіць зернебабовым); шышкавая агнёўка (псуе хвою і лісце хваёвых і мяшаных лясоў), млынавая і мучная агнёўкі (пашкоджваюць зерне і харч. прадукты); вял. васковая агнёўка (псуе воск і вашчыну ў вуллях).
Дробныя і сярэдніх памераў: крылы (размах 1—5 см) складаюцца трохвугольнікам ці абгортваюць цела трубачкай. Развіццё з поўным ператварэннем. Вусені жывуць звычайна ўнутры раслін (кормяцца каранямі, парасткамі, пладамі і г.д.) або ў скручаным лісці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЯ ГРАДА́,
на крайняй Пн Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Усх. адгалінаванне Латгальскага ўзвышша. Працягнулася ўздоўж паўд. берага Асвейскага воз. на 35 км ад даліны р. Сар’янка на З да воз. Белае на У. Шырыня грады 5—10 км. З Пд прымыкае Полацкая нізіна. Асвейская града сфарміравалася ў час Браслаўскага стадыялу паазерскага зледзянення як канцовамарэнная града, якая служыла падпрудай стараж. прыледавіковага возера. Мае форму асіметрычнага вала выш. 30—35 м. Абс. вышыні вагаюцца ад 130 м над узр. м. на Асвейскім воз. да 192 м каля в. Гарадзілавічы. Да Асвейскага воз. абрываецца стромкім схілам з тэрасамі, якія ўзніклі пры спуску прыледавіковага вадаёма. Складаецца з марэнных супескаў і суглінкаў. Гал. рэкі: Сар’янка і Ужыца — прытокі Зах. Дзвіны, Свольна — прыток Дрысы. Глебы дзярнова-падзолістыя; захаваліся ўчасткі хваёвых лясоў, хмызнякоў, сухадольных лугоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТЫ́ЛІЯ-ЛА-МА́НЧА (Castilla-La Mancha),
аўтаномная вобласць у цэнтр.ч. Іспаніі. Пл. 79,2 тыс.км². Нас. 1,7 млн.чал. (1991). Уключае правінцыі: Альбасетэ, Сьюдад-Рэаль, Куэнка, Гвадалахара, Таледа. Адм. ц. — г.Таледа. Найб. значныя гарады і эканам. цэнтры: Альбасетэ, Гвадалахара, Сьюдад-Рэаль. Займае паўд.ч. пласкагор’я Месета (выш. 600—800 м). На ўскраінах: Кастыльскія, або Цэнтр. Кардыльера, Сьера-Марэна і інш. горы. Клімат міжземнаморскі, засушлівы. Найб. рэкі: Таха, Гвадыяна, Хукар. Натуральная расліннасць — хмызнякі тыпу маквіс, у гарах участкі шыракалістых і хвойных лясоў. Найб. развіта арашальнае земляробства і горназдабыўная прам-сць. Гал.с.-г. культуры: вінаград, пшаніца, ячмень, цукр. буракі, тытунь, алівы. Гадуюць авечак і буйн. раг. жывёлу. Здабыча ртутных (Альмадэн), марганцавых, медных, жал., свінцовых руд, каменнага вугалю. Развіта харч. (у т. л. вінаробчая), металаапр., керамічная, хім., нафтаперапр., прам-сць. Паблізу г. Гвадалахара АЭС. Развіты турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКАЯ РАЎНІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі ў Мінскай вобл. Мяжуе з Капыльскай градой на Пн, Баранавіцкай раўнінай на З, Прыпяцкім Палессем на Пд, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на У. Выш. 160—200 м, найб. 228 м (на З раўніны).
Фарміраванне К.р. звязана з эразійна-акумуляцыйнай дзейнасцю сожскага ледавіка і яго расталых водаў. У будове раўніны ўдзельнічаюць марэнныя валунныя супескі і суглінкі, перакрытыя маламагутным покрывам з лёсападобных суглінкаў. Паверхня плоска- і спадзістахвалістая з асобнымі дэнудаванымі марэннымі ўзгоркамі, схілы якіх спадзістыя (стромкасць 5—7°), вяршыні выпуклыя. Ваганні адносных вышынь 5—7 м, радзей да 10 м. Пласкадонныя лагчыны, часта з забалочанымі і затарфаванымі днішчамі (шыр. да 1 км, трапляюцца праз 1,5—2 км) расчляняюць паверхню. Глебы дзярнова-палева-падзолістыя супясчаныя, у далінах рэк Лань і Морач алювіяльныя і тарфяна-балотныя. Невял. ўчасткі лясоў: хваёвыя, шыракаліста-яловыя, дубровы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАВО́ДСТВА,
тэорыя і практыка вырошчвання, догляду, павышэння прадукцыйнасці, рацыянальнага выкарыстання і аднаўлення лясоў. Грунтуецца на даных лесазнаўства. Асн. кірункі Л. — распрацоўка эфектыўных сістэм высечак гал. карыстання, догляду, метадаў аднаўлення лесу, павышэнне прадукцыйнасці шляхам біял. і хім. меліярацыі, увядзення найб.прадукц. дрэвавых.парод, у т. л. інтрадуцэнтаў з мэтай аптымізацыі іх складу і павышэння ўстойлівасці да негатыўных антрапагенных і прыродных уздзеянняў. Гл. таксама Лесакарыстанне, Лесанарыхтоўчая прамысловасць, Лесаразвядзенне.
Сучаснае Л. на Беларусі развіваецца з 1920-х г. Яно звязана з дзейнасцю лясных факультэтаў ВНУ і лясных доследных станцый, даследаваннямі К.Б.Ласіцкага, І.Д.Юркевіча, Ф.П.Майсеенкі, Б.Дз.Жылкіна, М.І.Касцюкевіча, А.Л.Саўчанкі, А.М.Кажэўнікава, Ю.М.Азніева і інш.Навук.-даследчая работа па Л. вядзецца ў ін-тах лесу, эксперым. батанікі, генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАКАРЫСТА́ННЕ,
комплекснае выкарыстанне лясных рэсурсаў для задавальнення патрэб насельніцтва і нар. гаспадаркі; адзін з відаў прыродакарыстання. Парадак, формы і ўмовы Л. ў Рэспубліцы Беларусь вызначаюцца лясным заканадаўствам. Яно павінна адпавядаць патрабаванням аховы лясоў і комплекснага выкарыстання багаццяў лесу.
На тэр.дзярж. ляснога фонду могуць ажыццяўляцца асн. (нарыхтоўка драўніны, жывіцы) і другарадных лясных матэрыялаў (пнёў, лубу, кары і інш.), пабочнае Л. (сенакашэнне, выпас жывёлы, размяшчэнне вулляў і пчальнікоў, нарыхтоўка соку, збор пладоў, арэхаў, грыбоў, ягад, лек. раслін, тэхн. сыравіны, насення дрэў і кустоў, моху, ляснога подсцілу). Нарыхтоўка драўніны праводзіцца пры высечках гал. карыстання (у спелых дрэвастоях) і прамежкавага (высечкі пры доглядзе лесу і санітарныя, звязаныя з рэканструкцыяй малакаштоўных лясных насаджэнняў і інш.). Забараняюцца ці абмяжоўваюцца некаторыя віды Л. вакол гарадоў і запаведнікаў у інтарэсах пажарнай бяспекі, вядзення арэхапрамысловай, лесапладовай, лесанасеннай або запаведнай гаспадарак.