вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Міёры—Шаркаўшчына. Цэнтр сельсавета. За 18 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Міёры, 198 км ад Віцебска. 580 ж., 288 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл (1989). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.).
У пісьмовых крыніцах у ВКЛ вядома з канца 15 ст. пад назвай Пагост як месца збору даніны. У 15—18 ст. належаў І.Сапегу, Клоту, М.Сіняўскаму, Л.Сапегу, С.Бужынскаму і Ф.Юндзілу. З 1795 мястэчка ў складзе Рас. імперыі. У 1818 з маёнтка Пагост вылучылася частка пад назвай Стары Пагост (за 7 км ад яго, мела 284 ж., 31 двор); мястэчка сталі называць Н.П. У 1859 у Н.П. 119 ж., 32 двары. З 1862 працавала школа, цэнтр воласці Дзісенскага пав. У 1878—79 пабудавана Мікалаеўская царква. У 1897—607 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Новапагосцкага с/с Міёрскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СКІ,
вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Зальвянка, на скрыжаванні аўтадарог Масты—Зэльва і Ваўкавыск—Шчучын. Цэнтр сельсавета. За 14 км на ПдУ ад горада і 16 км ад чыг. ст. Масты, 74 км ад Гродна. 816 ж., 284 двары (2000). Рамонтны з-д, філіял Ваўкавыскага акц.т-ва «Беллакт», млын, лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, філіял раённага камбіната быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: касцёл Маці Божай Ружанцовай (1918), Мікалаеўская царква (1870). Каля вёскі археал. комплекс (7 стаянак каменнага веку і 4 селішчы сярэдневякоўя), Пескаўскае агаленне рачных адкладаў.
Вядомы з 17 ст. як уладанне Сапегаў. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886 мястэчка, 1352 ж., 43 двары, школа, царква, касцёл, капліца, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, яўр. багадзельня, гарбарня, 5 вадзяных млыноў, заезны дом, 14 крам. 6 корчмаў, кірмаш. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Мастоўскага раёна. У 1962—65 у Ваўкавыскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ХАВІЧЫ,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе р. Цітаўка, на аўтадарозе Мінск—Бабруйск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на У ад г. Мар’іна Горка, 65 км ад Мінска, 9 км ад чыг. ст. Пухавічы. 2236 ж., 882 двары (2001). Прадпрыемства водна-гасп. сістэм, лясніцтва, дрэваапр. цэх, рамонтна-буд. ўчастак. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат. быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, ваеннапалонных і ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. За 2 км ад вёскі дом адпачынку «Пухавічы».
Вядомы з сярэдзіны 16 ст. як прыватная вёска Мінскага пав.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Ігуменскага пав. З канца 18 ст. ўласнасць Сулістроўскіх, Фрыбесаў, Эсткаў, Ваньковічаў. У 1886—860 ж., 73 двары. царква (з 1874), нар. вучылішча (з 1863), 3 сінагогі, 2 піваварні, 26 крам, 4 кірмашы на год. У пач. 20 ст. ў мястэчку 2225 ж., 418 двароў. У 1905 адбылося рэв. выступленне насельніцтва. У 1922—58 працавала бальніца. У 1924—25 цэнтр Пухавіцкага раёна. З 1938 вёска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎ,
вёска ў Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Сэрвач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 56 км на ПдУ ад г.п. Мядзел, 130 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Будслаў. 721 ж., 300 двароў (1996).
Вядомы э 1504 як уласнасць манахаў-бернардзінцаў, якія ў 1589 пабудавалі тут драўляны, у 1783 мураваны касцёл, пры якім знаходзіліся Будслаўскі кляштар бернардзінцаў і 2 капліцы. З 1732 мястэчка, з 1793 у складзе Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1868 — 259 ж., 48 двароў. У 1885 цэнтр воласці, 327 ж., 50 двароў, касцёл, сінагога, прыходскае вучылішча, крама, таржок; у маёнтку працавалі бровар, сукнавальня, вадзяны млын, крама, заезны дом, 2 карчмы. У 1907 у Б. 435 ж., 61 двор, каля мястэчка прайшла чыг. Полацк—Маладзечна, пабудавана чыг. станцыя. У 1917—19 працавала Будслаўская беларуская гімназія. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Крывіцкага, з 1962 — Мядзельскага р-наў. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў 1942 расстралялі тут 270 жыхароў. У 1970 — 859 ж., 318 двароў.
У Будславе лясніцтва, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Будслаўскі касцёл бернардзінцаў. Магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛЬНА,
вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдЗ ад г.п. Узда, 90 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Коласава. 515 ж., 218 двароў (1999).
Упершыню згадваецца пад 1284 як месца бітвы вял.кн.ВКЛ Рынгольда з кааліцыяй кіеўскіх, уладзімірскіх, друцкіх князёў і татар (гл.Магільнянская бітва 1284): Пазней велікакняжацкае ўладанне. З 1-й чвэрці 15 ст. ўласнасць Альгердавічаў, з 1512 — Пацаў (М.Пац пабудаваў касцёл), з 1602 — М.К.Радзівіла Сіроткі, з 1830-х г. — Вітгенштэйнаў. Перад 1480 у крыніцах названа мястэчкам. У 16 ст. ў М. дзейнічала прыстань, у 16—17 ст. існаваў Магільнянскі замак. У час войнаў сярэдзіны 17 ст. М. разбурана. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ігуменскага пав. У канцы 18 ст. 374 ж., 92 двары, уніяцкая царква, млын, карчма, верф. У 1863 М. наведаў мастак Н.Орда і зрабіў яе замалёўкі. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на. З 1937 працавала электрастанцыя. У 1972—497 ж., 172 двары. У 1979—91 наз. Нёман.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі рэшткі Магільнянскага замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎЧАДЗЬ,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Моўчадзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПнЗ ад г. Баранавічы, 230 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Міцкавічы. 1046 ж., 348 двароў (1999). Лясніцтва, пякарня. Сярэдняя школа, базавая школа-інтэрнат, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам і ахвярам фашызму, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (1869—73).
Вядома з 1-й пал. 15 ст., калі тут быў заснаваны касцёл св. Тройцы (не збярогся). З 1486 мястэчка Слонімскага пав., уласнасць вял. князёў ВКЛ. У 1654 разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і на 4 гады вызвалена ад падаткаў. У 1660-я г. ўласнасць Халецкіх. У 1716—70 належала Юдзіцкім, пазней — Тызенгаўзам. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка Люшнеўскай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1879 М. на 2/3 знішчана пажарам. У 1886—479 ж., 45 двароў, школа, 2 царквы, 3 сінагогі, бровар, 4 кірмашы на год. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Слонімскім, з 1926 — у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага раёна, з 25.12.1962 у Баранавіцкім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОСЬ,
гарадскі пасёлак у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось, чыг. ст. на лініі Ваўкавыск—Масты; на аўтадарозе Ваўкавыск—Гродна. За 15 км ад г. Ваўкавыск, 85 км ад Гродна. 6,6 тыс.ж. (2000).
У ВКЛ вядома з 16 ст. як мястэчка Ваўкавыскага пав. Навагрудскага ваяв. Побач знаходзіўся маёнтак Хадкевічаў, таму другая назва Р. — Падросль. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Слонімскай, Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ., цэнтр Роскай воласці Ваўкавыскага пав. У канцы 19 ст. больш за 700 ж., школа, 2 шавецкія майстэрні, шкіпінарны з-д, вадзяны млын, ваўначоска, 4 крамы. З пабудовай у 1886 Баранавіцка-Беластоцкай чыгункі Р. — чыг. станцыя. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска Ваўкавыскага р-на Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі тут 45 жыхароў. З 1944 у Гродзенскай вобл., з 30.4.1958 гар. пасёлак.
Працуюць камбікормавы з-д, дзярж. прадпрыемства «Рось», лясніцтва; 2 сярэднія школы. дзіцячая школа мастацтваў, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, дом быту. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Троіцкі касцёл (1801), Троіцкая царква (1908).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖА́НКА,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Масты—Шчучын. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Шчучын». За 8 км на Пд ад г. Шчучын, 65 км ад Гродна, 5 км ад чыг. ст. Ражанка. 2140 ж., 796 двароў (2001). Філіял Гродзенскага занальнага НДІ сельскай гаспадаркі, рамонтны з-д, райаграпрамтэхніка, лясніцтва. Сярэдняя школа, спец. школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Ражанкаўскі Петрапаўлаўскі касцёл, капліца (19 ст.), сядзіба (2-я пал. 19 ст.).
З 2-й пал. 16 ст. ў складзе Лідскага пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. У 1674 пабудаваны Петрапаўлаўскі касцёл. З 1795 у Рас. імперыі. З 1801 у Лідскім пав. Гродзенскай, з 1843 Віленскай губ. У 1866 мястэчка, цэнтр воласці, меліся касцёл, царква, сукнавальная ф-ка. У 1885 у Р. 604 ж., 63 двары, валасное праўленне, 2 вадзяныя млыны, 3 корчмы; у 1897—777 ж. У 1905 існавалі Р. — маёнтак (45 ж.) і мястэчка (504 ж.), за 2 вярсты ад старой — новая Р. (135 ж.). У 1907 пры пракладцы чыгункі Ліда—Масты—Ваўкавыск пабудавана чыг. ст. Р. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Навагрудскага ваяв., 734 ж., касцёл, царква, пошта (1933). З 1939 у БССР, вёска, 965 ж., цэнтр сельсавета ў Шчучынскім р-не Баранавіцкай вобл., з 1944 у Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЛЬЯ,
вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на р. Ілія, на аўтадарозе Сосенка—Краснае. Цэнтр сельсавета. За 37 км на ПдУ ад г. Вілейка, 75 км ад Мінска, 29 км ад чыг. ст. Уша. 1803 ж., 602 двары (1997).
Вядома з 1475 як двор браслаўскага намесніка Б.А.Саковіча. У 16—18 ст. належала Збаражскім, Глябовічам, Друцкім-Сакалінскім, Савіцкім, М.Клеафасу Агінскаму і інш. З 1564 мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі, у 19 ст. ў Вілейскім пав. Віленскай губ. У 1886—318 ж., 40 двароў, 2 царквы, школа, 2 кірмашы на год. З 1921 у складзе Польшчы. У 1931 цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Ільянскага раёна Вілейскай вобл., вёска. У Вял.Айч. вайну з 3.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў І. і раёне 1495 чал. У 1942 у выніку 2 масавых распраў над мірным насельніцтвам загінула 750 чал. У пач.ліп. 1944 вёска спалена карнікамі. У 1957 у Вілейскім р-не. У 1971—2179 ж., 530 двароў.
Лясніцтва, хлебазавод, дрэваапр. цэх. Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, вучэбна-вытв. камбінат, сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, вет. аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — гасцініца (канец 19 — пач. 20 ст.), касцёл Сэрца Ісуса (1908), Ільінская царква (пач. 20 ст.). Помнік археалогіі — рэшткі шкляной мануфактуры (канец 18 — пач. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ЛЯЎКІ́» Засн 4.8.1945 ва ўрочышчы Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл., дзе на дачы ў 1935—41 жыў і працаваў Я.Купала. Тут паэт напісаў т.зв. ляўкоўскі цыкл вершаў («Алеся», «Хлопчык і лётчык», «Лён» і інш.). Размешчаны ў будынку б. канторы Копыскага лясніцтва (літ. экспазіцыя) і дачы паэта (мемар. экспазіцыя). Устаноўлена мемар. дошка (1972). У 1962—72 філіял працаваў на грамадскіх пачатках. У 1977 і 1982 яго экспазіцыя абноўлена і значна пашырана, у яе склад уключана дача паэта (адноўлена ў 1981). Уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Агульная пл. экспазіцыі 246 м², каля 550 экспанатаў, у т. л. 287 асн. фонду. У гісторыка-літ. частцы адлюстраваны дарэв. і найб. шырока сав. перыяды жыцця і творчасці паэта, прадстаўлены копіі архіўных дакументаў, фотаздымкі, выданні твораў Я.Купалы, успаміны пра яго, вершы, прысвечаныя Ляўкам. Экспануюцца творы жывапісу мастакоў І.Давідовіча, А.Кроля, Х.Ліўшыца, Я.Ціхановіча, графіка Э.Агуновіча, М.Басалыгі, А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага, Л.Рана, В.Шаранговіча, скульптура У.Летуна, С.Селіханава. У мемар. экспазіцыі адноўлены інтэр’ер пакоя, у якім жыў паэт, зберагаюцца яго рэчы. Ляўкам прысвяцілі свае творы паэты П.Броўка, К.Камейша, Г.Каржанеўская, Г.Пашкоў, Я.Сіпакоў і інш., укр. паэт Т.Масэнка, мастакі А.Волкаў, А.Кашкурэвіч, Ю.Пучынскі, Я.Ціхановіч, А.Шаўчэнка і інш. Тут праводзяцца святы бел. паэзіі.