таварыства, створанае ў выніку аб’яднання капіталаў прадпрыемстваў розных галін, банкаў і інш. крэдытна-фін. ін-таў, н.-д. цэнтраў шляхам акцыяніравання. Мае на мэце максімізацыю прыбыткаў, павышэнне эфектыўнасці вытв. і фін. аперацый, умацаванне канкурэнтаздольнасці на ўнутр. і знешнім рынках, усталяванне тэхнал. і кааператыўных сувязей, рост эканам. патэнцыялу ўдзельнікаў. Кіраванне ажыццяўляецца праз цэнтр. кампанію, якая можа быць юрыд. асобай або групай фіз. асоб — уласнікаў і вышэйшых менеджэраў. Эканам. асновай Ф.-п.г. з’яўляецца сістэма ўдзелу, якая дазваляе аб’ядноўваць пад кіраўніцтвам цэнтр. кампаніі значную колькасць фірмаў праз іх удзел у акц. капітале. Функцыі цэнтр. кампаніі: спалучэнне паслядоўных стадый узнаўленчага цыкла ў цэлым, у т. л. рух капіталу; фін.забеспячэнне дзейнасці структур, якія ў яго ўваходзяць; рэалізацыя ўзгодненай палітыкі выраўноўвання нормы прыбытку.
Па прыналежнасці капіталу і маштабах дзейнасці адрозніваюць Ф.-п.г.: нацыянальныя, капітал і маштаб дзейнасці якіх абмяжоўваецца рамкамі адной краіны; транснацыянальныя, што маюць шырокую сетку даччыных прадпрыемстваў за мяжой, але асн. доля капіталу належыць адной краіне; шматнацыянальныя, або глабальныя, капітал якіх належыць прадпрымальнікам розных краін, а іх дзейнасць ахоплівае ўвесь сусв. рынак. Ф.-п.г. ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць у адпаведнасці з цывільным кодэксам краіны і законам «Аб фінансава-прамысловых групах» ад 4.6.1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1990-х г.,
палітыка-этнаграфічны канфлікт у Босніі і Герцагавіне, які ўзнік на пачатку 1990-х г. ва ўмовах распаду Югаславіі (СФРЮ) на самаст. краіны. Мясц.паліт. эліта, абапіраючыся на Сербію і Харватыю, у сваіх сепаратысцкіх інтарэсах выкарыстала спецыфіку Босніі і Герцагавіны — падзел яе насельніцтва па нац.-канфесійным прынцыпе на правасл. (сербы — 37%), католікаў (харваты — 20%) і мусульман (наз. сябе асобнай этн. супольнасцю — мусліманамі — 40%). У ліст. 1990 у выніку першых шматпартыйных выбараў у Босніі і Герцагавіне да ўлады прыйшлі партыі, якія прадстаўлялі асн. нац.-рэліг. групы насельніцтва: мусульманская Партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Большасць у парламенце атрымала Партыя дэмакр. дзеяння, яе кіраўнік А.Ізетбегавіч стаў старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны. Пачала праводзіцца лінія на стварэнне адзінай дзяржавы ісламскай арыентацыі. Паліт. проціборства бакоў адносна нац.тэр. ўладкавання краіны пасля абвяшчэння суверэнітэту Босніі і Герцагавіны (кастр. 1991), правядзення рэферэндуму па пытаннях незалежнасці (сак. 1992, сербы яго байкатавалі) і прызнання міжнар. супольнасцю незалежнасці Босніі і Герцагавіны (крас.—май 1992) прывяло да стварэння сербамі сваёй рэспублікі з парламентам і прэзідэнтам. Харваты таксама аформіліся як адасобленая этн. група са сваім паліт. Кіраўніцтвам. Паліт. рознагалоссі выліліся ва ўзбр. сутычкі вайск. фарміраванняў этн. абшчын, якія перараслі ў грамадз. вайну. Міжнар. супольніцтва віну за эскалацыю насілля ўсклала на сербскі бок. Сербія была абвінавачана ў падтрымцы сепаратысцкіх дамаганняў баснійскіх сербаў і агрэсіі супраць Босніі і Герацагавіны. Савет Бяспекі ААН увёў супраць новай Югаславіі (Сербія і Чарнагорыя) эканам. санкцыі (зняты ў снеж. 1995). Баявыя дзеянні, у якіх прымалі ўдзел і наёмнікі, вяліся пераважна паміж сербамі і мусульманамі, мусульманамі і харватамі. Пазней аформіўся мусульм.-харвацкі альянс супраць сербаў. Этн. чысткі, дзесяткі тысяч забітых, каля 3 мільёнаў бежанцаў, масавыя парушэнні правоў чалавека, разбураныя гарады (у т. л. Сараева) — такі вынік грамадз. вайны. На паглыбленне Баснійскага крызісу ўплывала і сутыкненне ў гэтым рэгіёне інтарэсаў Сербіі і Харватыі, а таксама вял. дзяржаў. Міжнар.дыпламат. намаганні і перагаворы аб урэгуляванні Баснійскага крызісу доўгі час не мелі поспеху. Пры садзейнічанні ЗША у вер. 1995 паміж варагуючымі бакамі дасягнута пагадненне пра спыненне агню. У ліст. 1995 у г. Дэйтан (ЗША) прайшлі перагаворы прэзідэнтаў Босніі і Герцагавіны (Ізетбегавіч), Сербіі (С.Мілошавіч) і Харватыі (Ф.Туджман). На аснове дэйтанаўскіх дамоўленасцяў у снеж. 1995 прайшлі перагаворы у Парыжы, у выніку якіх прадугледжана захаванне адзінай і суверэннай дзяржавы Боснія і Герцагавіна з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (51% тэрыторыі) і Сербскай Рэспублікі Боснія. Раўнапраўе 3 народаў краіны забяспечваецца прапарцыянальным іх прадстаўніцтвам у вышэйшых органах улады. Мерапрыемствы па мірным урэгуляванні Баснійскага крызісу маюць ваенны і грамадз. аспекты: ваенны прадугледжвае раз’яднанне варагуючых бакоў, забеспячэнне перамір’я, кантроль над узроўнем узбраення, садзейнічанне Міжнар. трыбуналу па ваен. злачынствах у пошуку і прыцягненні да суда ваен. злачынцаў; грамадз. блок мераў — правядзенне выбараў, фарміраванне мясц. органаў улады, забеспячэнне правоў чалавека і нац. меншасцяў, вырашэнне праблем бежанцаў, аднаўленне эканомікі і інш. Для кантролю за выкананнем дамоўленасцяў у зону канфлікту, якая падзелена на сектары, уведзены міжнар. міратворчыя сілы, у складзе якіх вайск. кантынгенты з 33 краін, у т. л. ЗША, Англіі, Францыі, Германіі, Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАТЭ́ХНІКА (ад агра... + тэхніка),
сістэма прыёмаў вырошчвання с.-г. раслін, тэхналогія раслінаводства. Уключае апрацоўку глебы, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўку насення, сяўбу і пасадку, догляд пасеваў, барацьбу з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі с.-г. раслін, уборку ўраджаю і інш. мерапрыемствы (усе працэсы ўзаемаабумоўлены і складаюць агратэхн. комплекс).
Прыёмы агратэхнікі, звязаныя з выкарыстаннем сістэмы с.-г. машын і заснаваныя на дасягненнях аграбіял. навук, пачалі складацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Задача сучаснай агратэхнікі — забеспячэнне высокіх ураджаяў пры мінім. затратах працы і сродкаў на адзінку высакаякаснай прадукцыі, захаванне ўрадлівасці глебы і ахова яе ад эрозіі (гл.Эрозія глебы). Выбар прыёмаў агратэхнікі абумоўліваецца спецыялізацыяй гаспадаркі, глебава-кліматычнымі ўмовамі, біял. асаблівасцямі культур і ажыццяўляецца ў сістэме севазваротаў.
На Беларусі, размешчанай у зоне дастатковага ўвільгатнення і бедных дзярнова-падзолістых глебаў, асн. мэта агратэхнікі — абагачэнне глебы пажыўнымі рэчывамі, паляпшэнне яе фіз.-хім. уласцівасцяў, рэгуляванне воднага рэжыму (гл.Акультурванне глебы, Вапнаванне глебы, Меліярацыя). З мэтай найлепшага выкарыстання ўгнаенняў створана аграхім. служба і на ўсе гаспадаркі складзены аграхім. картаграмы. Распрацоўку тэарэт. асноў і практычных метадаў агратэхнікі ўзначальваюць н.-д. ін-ты Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Панников В.Д., Минеев В.Г. Почва, климат, удобрение и урожай. 2 изд. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1944—54, «Дзесяць гадоў вясны», антыфеадальная, бурж.-дэмакр. рэвалюцыя ў Гватэмале. Асн. прычына — цяжкае становішча мясц. насельніцтва, жорсткая эксплуатацыя індзейцаў плантатарамі. Ваен. хунта, якая ў 1944 скінула дыктатара Х.Убіка, не правяла неабходных рэформаў, што выклікала ўсенародную незадаволенасць. 20.10.1944 група афіцэраў на чале з Х.Арбенсам Гусманам пры падтрымцы насельніцтва ўзяла ўладу ў свае рукі. На свабодных выбарах 1945 перамог і стаў прэзідэнтам лідэр Нар.-вызв. фронту Х.Х.Арэвала. Прынятая ў сак. 1945 канстытуцыя абвясціла дэмакр. свабоды і ліквідацыю памешчыцкага землеўладання; у 1946 прыняты закон пра сац.забеспячэнне, у 1947 — першы ў краіне прац. кодэкс. Урад Арбенса Гусмана, які стаў прэзідэнтам у 1951, у чэрв. 1952 прыняў закон аб агр. рэформе, паводле якога ў латыфундыстаў і амер. «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО) экспрапрыіравана 555 тыс.га зямлі, 400 тыс.га з іх размеркавана паміж 100 тыс. сялян. Урад ЗША заявіў афіц. пратэст супраць экспрапрыяцыі зямель у ЮФКО. Пры падтрымцы ЗША ў Гандурасе былі падрыхтаваны ўзбр. атрады гватэмальскіх эмігрантаў на чале з палк. К.Кастыльё Армасам, якія 18.6.1954 уварваліся на тэр. Гватэмалы. Кіраўніцтва гватэмальскай арміі адмовілася падтрымаць прэзідэнта Арбенса Гусмана, і ён вымушаны быў падаць у адстаўку. 28.6.1954 уладу захапіў Кастыльё Армас. Рэформы, праведзеныя ў гады рэвалюцыі, былі адменены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЭ́КА (ад грэч. apothēkē склад, кладоўка),
медыцынская ўстанова, дзе рыхтуюць, захоўваюць і адпускаюць лякарствы, прадметы санітарыі, гігіены і інш. тавары мед. прызначэння. Папярэднічалі аптэцы лабараторыі для прыгатавання лекаў у краінах стараж. свету (Кітай, Егіпет, Рым). Як установы з дзярж. рэгламентацыяй дзейнасці аптэкі ўзніклі ў Багдадзе ў 8 ст., у Расіі — у 16 ст. (падпарадкоўваліся Аптэкарскаму прыказу). На Беларусі першыя аптэкі з’явіліся ў Пінску (1561), Брэсце (1566). У 16—18 ст. іх было больш за 30, у 1-й пал. 19 ст. — каля 70 прыватных і 15 казённых, у 1913 — 297. На пач. 1994 дзейнічалі каля 1200 аптэк, пачала фарміравацца сетка аптэк недзярж. формаў уласнасці. Пераважная іх большасць — дзярж. гасп.-разліковыя аптэкі (у зах. краінах пераважаюць прыватна-прадпрымальніцкія); існуюць аптэкі самастойныя (у т. л.цэнтр., раённыя), пры лячэбна-прафілакт. установах, бальнічных стацыянарах і г.д.
Асн. функцыя аптэкі — забеспячэнне насельніцтва лек. сродкамі і мед. таварамі — спалучаецца з вытв. (выраб, прыгатаванне і расфасоўка лекаў непасрэдна ў аптэцы, арганізацыя нарыхтовак і закупак лек. сыравіны ў насельніцтва), інфарм.-асветнай (звесткі аб наяўнасці прэпаратаў і іх заменнікаў, пашырэнне ведаў па санітарыі, гігіене, фармацыі, умовах захоўвання лекаў і інш.), фін. і гасп. дзейнасцю. Усім аптэкам устанаўліваецца адзіны парадак захоўвання і рэалізацыі лек. сродкаў, даводзіцца пералік прэпаратаў, на атрыманне якіх патрэбны спец. дазвол (напр. наркатычныя сродкі). Заканадаўствам Беларусі прадугледжаны льготныя формы абслугоўвання некаторых катэгорый насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,
міжнародная салідарнасць людзей розных нацый і рас, аснова іх сумеснага выжывання на планеце, узаемнага даверу, узаемаразумення, узаемапранікнення культур, каштоўнасцей, ведаў, тэхналогій. І. адмаўляе тэзіс пра існаванне «вышэйшых» і «ніжэйшых», «лепшых» і «горшых» народаў. У сучасным свеце І. знаходзіць сваё ідэйнае, паліт. і арганізац. афармленне ў выглядзе выяўлення салідарнасці інтарэсаў, мэт і дзеянняў, што практычна існуюць у кожным грамадстве. У 2-й пал. 19—20 ст. на сусв. грамадска-паліт. падзеі і на жыццё шматлікіх краін значны ўплыў аказваў І. міжнар. рабочага, сацыяліст. і камуніст. руху (тэарэт. распрацаваны ў працах К.Маркса, Ф.Энгельса і У.І.Леніна), што склаўся на аснове с.-д. і сацыяліст. руху, адыграў станоўчую ролю ў пашырэнні ў розных краінах свету сац. заканадаўства, у рэфармаванні некат. бакоў грамадскага жыцця, палітыкі, асветы. Актывізацыя міжнар. сувязей паміж ліберальнымі, кансерватыўнымі, клерыкальнымі паліт. партыямі і аб’яднаннямі пасля 2-й сусв. вайны суправаджаецца стварэннем адпаведных форм і прынцыпаў міжнар. салідарнасці. На працягу многіх дзесяцігоддзяў у свеце дзейнічаюць анархісцкія, фашысцкія, тэрарыст. арг-цыі, якія таксама кіруюцца сваімі кодэксамі І. У апошняй чвэрці 20 ст. інтэнсіўна фарміруецца экалагічны І., гал. змест якога — забеспячэнне шляхам развіцця эканам. свядомасці адзінства дзеянняў шматлікіх грамадска-паліт. аб’яднанняў, партый, а таксама ўрадаў з мэтай абароны прыроднага асяроддзя ад разбуральных уплываў сучаснай цывілізацыі. І. як прынцып міжнар. адзінства роўных суб’ектаў грамадска-паліт. жыцця супрацьстаіць касмапалітызму, а таксама нацыяналізму і этнацэнтрызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ АГЕ́НЦТВА ПА А́ТАМНАЙ ЭНЕ́РПІ (МАГАТЭ; International Atomic Energy Agency),
міжпародная міжурадавая арг-цыя. Засн. ў 1955. Дзейнічае ў сістэме ААН. У 1999 у МАГАТЭ 131 дзяржава, у т. л. Рэспубліка Беларусь — адна з заснавальніц арг-цыі. Мэты МАГАТЭ: заахвочванне і падтрымка вывучэння, развіцця і практычнага выкарыстання атамнай энергіі ва ўсім свеце ў грамадзянскіх мэтах; пасрэдніцтва ў абмене паслугамі і матэрыяламі паміж сваімі членамі па іх жаданні; забеспячэнне выкарыстання матэрыялаў, паслуг і абсталявання для развіцця атамнай энергетыкі ў мірных мэтах; заахвочванне абмену навук. і тэхн. інфармацыяй у сферы мірнага выкарыстання атамнай энергіі; прыняцце мер бяспекі для папярэджання выкарыстання ядз. матэрыялаў у ваен. мэтах; разам з органамі і ін-тамі сістэмы ААН, якія адказваюць за гэтыя пытанні, вызначэнне і прыняцце норм у галіне бяспекі і аховы здароўя (у 1994 паміж МАГАТЭ і Беларуссю, якая пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, падпісана пагадненне аб гарантыях). У структуру МАГАТЭ уваходзяць: Ген. канферэнцыя, Савет кіраўнікоў, Сакратарыят. Ген. канферэнцыя, якая складаецца з прадстаўнікоў дзяржаў-членаў, збіраецца 1 раз на год. Савет кіраўнікоў (35 чл., у т. л. Рэспубліка Беларусь, якая выбрана ў 1999 на 2 гады) звычайна збіраецца 5 разоў на год. Ён мае шырокія паўнамоцтвы па кіраванні МАГАТЭ, а таксама права ствараць к-ты для вырашэння пэўных пытанняў. Сакратарыят кіруецца ген. дырэктарам, які назначаецца Саветам кіраўніцтва на 4 гады і зацвярджаецца Ген. канферэнцыяй. Месцазнаходжанне — Вена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНУ́ТРАНЫЯ ВО́ЙСКІМіністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь,
дзяржаўнае ўзброенае фарміраванне Рэспублікі Беларусь. Прызначаны для абароны жыцця, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы, канстытуцыйнага ладу, бяспекі і суверэнітэту краіны ад злачынных і інш. проціпраўных замахаў. Падпарадкоўваюцца міністру ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь.
Папярэднікамі У.в. Беларусі былі У.в. СССР (войскі ўнутр. аховы Рэспублікі, войскі ўнутр. службы, войскі Усерасійскай Надзвычайнай Камісіі і інш.). У.в., у іх ліку падраздзяленні і часці, утвораныя на базе 5-га Бел. канвойнага палка, аднымі з першых уступілі у бой з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны (132-гі асобны батальён НКУС — у Брэсцкай крэпасці), потым удзельнічалі у вызваленні Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў. У 1960—67 часці (аддзелы) У.в., якія дыслацыраваліся на тэр. рэспублікі, былі падпарадкаваны Мін-ву ўнутр. спраў БССР. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі 43-я канвойная дывізія У.в. СССР была перайменавана ў дывізію У.в. МУС Рэспублікі Беларусь.
У 1992 на базе дывізіі і інш. часцей створаны У.в. МУС Рэспублікі Беларусь.
Асн. задачы У.в.: ахова грамадскага парадку; забеспячэнне рэжыму ізаляцыі асоб, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, іх канваіраванне; ахова асабліва важных дзярж. аб’ектаў і спец. грузаў; удзел у ажыццяўленні рэжыму надзвычайнага становішча; выкананне задач у сістэме тэр. абароны і інш. Афіцэрскія кадры для У.в. рыхтуе аднайм.ф-тВаен. акадэміі Рэспублікі Беларусь.
Ю.В.Жадобін.
Да арт.Унутраныя войскі. Сапёры-піратэхнікі на практычных занятках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́РАЎСКІЯ ПЕ́СНІ,
бел. песні веснавога цыкла гадавога круга, якія выконваліся на Юр’я (23 крас.с. ст.). Паводле функцыянальнасці падзяляліся на абрадавыя песні, звязаныя з першым выганам жывёлы на пашу, і творы, скіраваныя на магічнае забеспячэнне ўрадлівасці нівы. Мелі рэгіянальныя асаблівасці. Уключалі групу жартоўных песень.
Гал. іх вобразы — Юр’я і яго маці. У песнях Юр’я заклікаюць устаць рана, сядлаць каня і ехаць у поле выпускаць расу «на ўсю вясну і густую і частую... на ўвесь свет, на кожны цвет», «на цёплае лета, на буйнае жыта». У некат. песнях «земляныя ключы» носіць з сабою Юр’ева маці, якая таксама клапоціцца пра тое, каб «зямлю адамкнулі, траву выпусцілі, статак. накармілі». Ю.п. перадаюць карціну веснавога адраджэння зямлі, радасць з выпадку надыходу вясны. Некат. Ю.п. жанчыны пачыналі спяваць за тыдзень да Юр’я, седзячы на прызбе. Моладзь спявала Ю.п. пад вечар каля рунных палёў (магчыма, гэтым імкнуліся паспрыяць іх урадлівасці). На Гродзеншчыне на Юр’я дзяўчаты абыходзілі двары і спявалі песні з пажаданнем гаспадару багатага ўраджаю. Некат. песні перадавалі атмасферу святочнага гуляння моладзі. Для Ю.п. характэрны неразгорнутая кампазіцыя, імператыўныя формы. Замест прыпеву паўтараецца слова «Юр’я» («Ніваю, Юр’я, ніваю!» — стараж. форма абрадавага заклінання).
Публ.:
Веснавыя песні / Скл. Г.А.Барташэвіч, Л.М.Салавей, В.І.Ялатаў. Мн., 1979.
Літ.:
Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ БЯСПЕ́КА,
якасць установак і ўстройстваў, што утрымліваюць ядзернае паліва, пры якой тэхн. сродкамі і арганізац. мерапрыемствамі прадухіляецца магчымасць ядз. аварый.
Забеспячэнне Я.б. — асн. патрабаванне пры выбары пляцовак для размяшчэння. пры праектаванні, збудаванні, эксплуатацыі ядз. аб’ектаў. Да іх адносяцца ядзерныя рэактары ўсіх тыпаў і прызначэння, устаноўкі для вытв-сці ядзернай зброі, сховішчы ядз. паліва. устаноўкі па яго перапрацоўцы, устройствы для захоўвання радыеактыўных адходаў і інш. Я.б. грунтуецца на: унутр. самаахове ўстановак, заснаванай на іх фіз. і праектных уласцівасцях, абсталяванні ўстановак надзейным ахоўнымі сістэмамі бяспекі і кантролю параметраў; высокай кваліфікацыі і адказнасці персаналу, выкананні норм і правіл. што дзейнічаюць у галіне ядз. тэхнікі.
На Беларусі нагляд за Я.б. ажыццяўляе спец.дзярж. орган — Праматамнагляд Мін-ва па надзвычайных сітуацыях. Акрамя нац. норм і правіл улічваюцца таксама рэкамендацыйныя стандарты, распрацаваныя Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі. Парушэнне норм і правіл можа прывесці да цяжкіх ядз. аварый (страта кіравання ланцуговай рэакцыяй у ядз. рэактары і разгону яго магутнасці; утварэнне крытычнай масы ва ўстройствах, што маюць у сабе падзельныя матэрыялы, з узнікненнем самаадвольнай ланцуговай рэакцыі — да выхаду радыеактыўных прадуктаў дзялення за межы ўстановак і інш. Аварыі з найб. цяжкімі наступствамі адбыліся на хім. камбінаце «Маяк» у Чэлябінскай вобл. (Расія, 1957), АЭС «Тры-Майл Айленд» (ЗША, 1979), Чарнобыльскай АЭС (Украіна, 1986; гл.Чарнобыльская катастрофа 1986).