КІСЛО́ТЫ,

клас хім. злучэнняў, якія змяшчаюць вадарод, здольны пры электралітычнай дысацыяцыі ў водных растворах адшчапляцца ў выглядзе іона H​+ (дакладней — іона гідраксонію H3O​+). Пры замяшчэнні вадароду на іон металу ўтвараюцца солі.

У залежнасці ад колькасці іонаў вадароду, што адшчапляюцца ад малекулы, К. падзяляюць на аднаасноўныя (напр., азотная кіслата HNO3, саляная кіслата HCl), двухасноўныя (напр., серная кіслата H2SO4, вугальная кіслата H2CO3) і г. д. Паводле ступені дысацыяцыі адрозніваюць К. моцныя, якія ў разбаўленых водных растворах дысацыіруюць амаль цалкам (напр., HNO3, H2SO4), і слабыя, якія дысацыіруюць нязначна (напр., H2CO3). Для класіфікацыі К. і асноў у няводных растворах карыстаюцца пераважна 2 тэорыямі, прапанаванымі ў 1923: пратоннай І.​Н.​Бронстэда і электроннай Г.​Н.​Льюіса. Паводле тэорыі Бронстэда, К. наз. злучэнні, здольныя аддаваць пратон, а асновамі — злучэнні, здольныя далучаць яго. Згодна з тэорыяй Льюіса: К. — акцэптары электроннай пары, асновы — донары гэтай пары. Кіслотныя ўласцівасці рэчываў паводле першай тэорыі звязваюцца з наяўнасцю пратона, паводле другой — абумоўлены будовай малекул, якая вызначае іх электронаакцэптарныя ўласцівасці, таму да К., акрамя пратонных К., адносяць таксама электронаакцэптарныя злучэнні (напр., тэтрахларыд волава SnCl4, трыфтарыд бору BF3), якія не маюць вадароду.

Літ.:

Усанович М.И. Исследования в области теории растворов и теории кислот и оснований: Избр. тр. Алма-Ата, 1970;

Мискиджьян С.П., Гарновский А.Д. Введение в современную теорию кислот и оснований. Киев, 1979.

В.​В.​Свірыдаў.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЗІСЫ ЎЗРО́СТАВЫЯ,

асобыя, адносна непрацяглыя па часе перыяды ў жыцці чалавека, якія характарызуюцца рэзкімі псіхал. зменамі. Узнікаюць пры пераходзе чалавека ад адной узроставай ступені да другой і звязаны з якаснымі пераўтварэннямі ў сферы яго сац. адносін, дзейнасці і свядомасці. У дзіцячым узросце вучоныя вылучаюць крызісы: нованароджанасці, першага года жыцця, 3 гадоў, 6—7 гадоў, падлеткавы (11—12 гадоў) і юнацкі (15—16 гадоў). К.ў. абумоўлены супярэчнасцю паміж хуткім ростам фіз. і разумовых магчымасцей дзіцяці і раней сфарміраванымі відамі дзейнасці, стэрэатыпамі яго свядомасці і паводзін, формамі ўзаемаадносін з іншымі людзьмі, прыёмамі пед. ўздзеяння. Дзіцячыя К.ў. часта суправаджаюцца негатывізмам, павышанай канфліктнасцю, упартасцю, агрэсіўнасцю, аслабленнем цікавасці да вучобы і г.д. Некаторыя даследчыкі лічаць К.у. заканамерным працэсам, які абумоўлены логікай асабістага развіцця і неабходнасцю вырашэння асн. узроставых супярэчнасцей (З.​Фрэйд, Э.​Эрыксон, Л.​Выгоцкі, Л.​Бажовіч, Д.​Эльконін), іншыя бачаць у К.ў. праяўленне дэвіянтных паводзін (С.​Рубінштэйн, А.​Запарожац). У параўнанні з дзіцячымі К.ў. паваротныя пункты ў жыцці дарослых узнікаюць значна радзей і звычайна вызначаюцца больш спакойным, прыхаваным характарам. Асобныя даследчыкі вылучаюць крызіс 40 гадоў, хаця наяўнасць яго эксперыментальна не даказана.

Літ.:

Выготский Л.С. Избранные психологические исследования. М., 1956;

Обухова Л Ф. Детская (возрастная) психология. М., 1996;

Эльконин Б.Д. Введение в психологию развития. М., 1994;

Эриксон Э. Идентичность: юность и кризис: Пер. с англ. М., 1996;

Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ. Мн., 1997.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 8, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЧАНКА (Міхась) (Міхаіл Рыгоравіч; 14.11.1907, в. Хварасцяны Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 31.7.1981),

бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н. (1956), праф. (1957). Засл. дз. нав. Беларусі (1977). Скончыў Бел. вышэйшы пед. ін-т (1932). У 1935—41 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі, з 1943 у БДУ (у 1944—52 і 1955—71 дэкан філал. ф-та). Друкаваўся з 1930. Даследаваў станаўленне рэалізму ў бел. л-ры 19 — пач. 20 ст. («На шляхах да рэалізму», 1958; «Па шляху рэалізму», 1959), узаемасувязі бел. л-ры з л-рамі славян («Сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі суседніх славянскіх народаў у другой палове XIX ст.», 1958; «Славянская супольнасць», 1963; «Яднанне братніх літаратур», 1974), стараж. бел. л-ру і фальклор, творчасць Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Цёткі, З.​Бядулі, А.​Гаруна, Ядвігіна Ш., М.​Танка, П.​Панчанкі, А.​Куляшова, М.​Горкага, М.​Гогаля, М.​Някрасава, Т.​Шаўчэнкі, А.​Міцкевіча і інш. Адзін з аўтараў дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ («Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры», 1956; «Беларуская вусна-паэтычная творчасць», 1966; «Старажытная беларуская літаратура», 1968; «Беларуская народна-паэтычная творчасць», 1979).

Тв.:

А.​М.​Горкі і беларуская літаратура. Мн., 1951;

Гогалеўскія традыцыі ў беларускай літаратуры. Мн., 1952;

Жывая спадчына. Мн., 1977;

Літаратурнае пабрацімства славян. Мн., 1984.

І.​У.​Саламевіч.

М.Ларчанка.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ТЫКА З ПАЗІ́ЦЫІ СІ́ЛЫ,

палітычны курс дзяржавы, ваенна-паліт. саюзу або міжнар. супольнасці, пры якім выкарыстанне сілы ў розных формах становіцца гал. сродкам дасягнення паліт. мэт. Найб. актыўна выкарыстоўваецца ў перадваенны перыяд і ў ходзе вайны. Узнікла ў стараж. часы ў выглядзе агрэсіўных памкненняў адной дзяржавы супраць другой (гл. Агрэсія). Мела пашырэнне і ў славян, у т. л. ва ўзаемаадносінах княстваў і гарадоў Полацкай зямлі з суседзямі і паміж сабой. Такая палітыка прывяла да шматлікіх войнаў у Еўропе, у т. л. паміж Рэччу Паспалітай і Рус. дзяржавай, у час якіх адбываліся вял. разбурэнні і страты насельніцтва Беларусі. Яна стала адной з прычын 1-й і 2-й сусв. войнаў, амаль усіх ваен.-паліт. канфліктаў у пасляваен. перыяд. Формы і метады такой палітыкі: пагроза скарыстання ваен. сілы, эканам. націск, рэжым блакады, інфарм.-псіхал. ўздзеянне, паліт. шантаж, «палітыка кананерак» і інш. У адпаведнасці са Статутам ААН Савет Бяспекі ўпаўнаважаны выкарыстоўваць ваен. сілу для прадухілення пагрозы міру (парушэння міру) і актаў агрэсіі; можа ўключаць таксама дэманстрацыі, блакады, інш. аперацыі. Унутры краіны такая палітыка можа выкарыстоўвацца ўрадам як сродак сілавога задушэння сепаратысцкіх тэндэнцый (напр., падзеі ў Паўн. Ірландыі, Турцыі, Расіі), а таксама паліт. суб’ектамі ў працэсе іх барацьбы за ўладу.

Літ.:

Военная политология. Мн., 1993;

Игнатов В.А., Шульгин В.В. Организация Объединенных Наций: Краткий справ. 2 изд. М., 1975.

М.​І.​Кітаеў.

т. 12, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЭІ́ЗМ (ад пан... + theos Бог),

рэлігійнае і філас. вучэнне, якое збліжае або атаясамлівае Бога з навакольным светам. Паняцце «П.» уведзена нідэрландскім тэолагам І.​Фаем (1709). Пантэістычныя тэндэнцыі праяўляюцца ў ератычнай містыцы сярэдніх вякоў, характэрны для натурфіласофіі эпохі Адраджэння. У розных вучэннях П. выражае натуралістычныя, матэрыяліст. або ідэаліст. тэндэнцыі. Прыхільнікі адной плыні імкнуліся да ўзмацнення рэліг.-містычнага зместу тэалогіі шляхам растварэння прыроды ў Богу, сцвярджаючы, што Бог існуе ва ўсіх рэчах, з’явах, працэсах як звышнатуральны пачатак (Іаан Скот Эрыўгена, Н.​Мальбранш, сучасныя філосафы-персаналісты). Прадстаўнікі другой лічылі, што менавіта Бог раствараецца ў прыродзе, што Сусвет нікім не створаны і кіруецца асабістымі законамі, што сама прырода і ёсць сапраўдны Бог (Дж.​Бруна, Б.​Спіноза, І.​Гердэр). Гэта тэндэнцыя грунтуецца на гілазаістычных (гл. Гілазаізм) ідэях старажытнасці, на прынцыпах натуралізму сярэднявечча і з’яўляецца падставай для атэістычных поглядаў. Вядомы выпадкі і эклектычнага змяшэння элементаў гэтых плыняў. Аднак усе тыпы П. аб’ядноўвае прынцып адмаўлення асабістай персаніфікацыі Бога, які недасягальна ўзвышаецца над Сусветам і чалавекам паводле тэалагічных сістэм т.зв. аўраамічных рэлігій (хрысціянства, ісламу і іудаізму). На практыцы канцэптуальныя высновы П. прыводзяць да змены тэацэнтрычнай мадэлі Сусвету інш. парадыгмамі — космацэнтрычнай або антрапацэнтрычнай. На падставе ідэі П. аб стварэнні свету бесцялесным сусв. духам ці розумам, што знаходзіцца ў самой прыродзе, ням. філосафы Ф.​Шэлінг і Г.​Гегель спрабавалі прымірыць супярэчнасці паміж духоўным і матэрыяльным пачаткамі быцця.

А.​А.​Цітавец.

т. 12, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЯ МІ́РНАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1946,

міжнародная канферэнцыя (29 ліп. — 15 кастр., Парыж) па разглядзе падрыхтаваных на Патсдамскай канферэнцыі 1945 Саветам міністраў замежных спраў (СМЗС) СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Кітая праектаў мірных дагавораў паміж дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі, якія перамаглі ў другой сусветнай вайне 1939—45, і б. саюзнікамі Германіі — Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй і Фінляндыяй. Склікана паводле рашэнняў Маск. нарады міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (снеж. 1945). Прысутнічалі дэлегацыі 21 краіны, у т. л. СССР, БССР і УССР (удзел апошніх 2 сав. рэспублік тлумачыўся іх членствам у ААН і іх укладам у перамогу над фаш. дзяржавамі). Абмяркоўваліся паліт., тэр. і эканам. пытанні ў 10 камісіях. Бел. дэлегацыя (паўнамоцныя дэлегаты: К.В.Кісялёў — кіраўнік, А.​Г.​Бондар, П.​В.​Лютаровіч, Г.​Г.​Навіцкі, В.​І.​Фясько, А.​А.​Чыжоў, Ф.​П.​Шмыгаў і 2 прадстаўнікі: Н.​П.​Новік, В.​І.​Яшумаў) найб. абараняла інтарэсы СССР і яго саюзнікаў (краін Усх. Еўропы) па працэдуры галасавання, выступала ў падтрымку рэпарацыйных патрабаванняў сав. ўрада, але не ставіла пытанне пра задавальненне рэпарацый непасрэдна на карысць Беларусі), Югаславіі (за далучэнне да яе Трыеста), Балгарыі (супраць адрыву ад яе тэр. на карысць Грэцыі). Тэксты дагавораў канчаткова ўзгоднены на сесіі СМЗС у Нью-Йорку 4.11—12.12.1946 і падпісаны 10.2.1947 у Парыжы (гл. Парыжскія мірныя дагаворы 1947).

Літ.:

Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг. Мн., 1997. С. 46—58.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 12, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТКЕ́ВІЧ ((Pietkiewicz) Часлаў) (20.7.1856, в. Бабчын Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 10.10.1936),

бел. і польскі этнограф, фалькларыст. Атрымаў дамашнюю адукацыю. Працаваў на Палессі, Кіеўшчыне, Смаленшчыне, у Лодзі. З 1923 ў Варшаве, супрацоўнічаў у аддзеле этналогіі Ін-та антрапалагічных і этналагічных навук Варшаўскага навук. т-ва. З 1928 у этнагр. камісіі АН у Кракаве. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру насельніцтва Палесся, пераважна беларусаў, іх заняткі і павер’і. Аўтар артыкулаў і нарысаў «Дарогі на Рэчыцкім Палессі ў другой палове XIX ст.» (1926), «Душа і смерць у вераваннях беларусаў» (1930), «Мёртвыя ў вераваннях беларусаў» (1931), «Вялікдзень на Беларусі» (1932), «Земляробчыя боствы ў вераваннях беларусаў» (1933). Першая грунтоўная манаграфія П. — «Рэчыцкае Палессе: Этнаграфічныя матэрыялы. Ч. 1. Матэрыяльная культура» (Кракаў, 1928); яе працяг — «Духоўная культура Рэчыцкага Палесся: Этнаграфічныя матэрыялы» (Варшава, 1938). Рукапіс 3-й ч. збораў П. пра Рэчыцкае Палессе, у якой асвятляліся пытанні грамадскай культуры, страчаны ў 2-ю сусв. вайну. Падрыхтаваў да друку і дапоўніў уласнымі матэрыяламі і каментарыямі т. 4 «Люду беларускага» М.​Федароўскага (Варшава, 1935). Для прац П. характэрна вычарпальная інфарматыўнасць у галіне нар. побыту і культуры Палесся, дасканалае адчуванне нар. мовы. Свае публікацыі ілюстраваў уласнымі малюнкамі. Скіраваў на вывучэнне Палесся К.​Машынскага, дапамагаў у выданні яго кнігі «Усходняе Палессе: Этнаграфічныя матэрыялы...» (1928), узбагаціў яе сваімі этнагр. і фальклорнымі матэрыяламі.

Літ.:

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.

У.​А.​Васілевіч.

т. 13, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛЮСТРАВА́ННЯ ТЭО́РЫЯ,

сукупнасць палажэнняў, катэгорый і прынцыпаў, якія выражаюць агульныя заканамернасці эвалюцыйнага развіцця ўсіх формаў адлюстравання ў неарганічнай і жывой прыродзе, у сац. рэальнасці. Зыходны прынцып адлюстравання тэорыі: вынікі пазнання павінны быць адносна адэкватныя сваёй крыніцы — арыгіналу. У якасці гнасеалагічнага прынцыпу адлюстраванне прызнавалася і ў стыхійным матэрыялізме, але разглядалася як пасіўнае, мёртвае «фатаграфаванне» навакольнага свету. Дыялектыка разглядае яго як складаны і супярэчлівы працэс узаемадзеяння пачуццёвага і рацыянальнага пазнання, мысліцельнай і практычнай дзейнасці. Пры гэтым свядомасць у сваім развіцці не вычэрпваецца паняццем адлюстравання, паколькі ўключае ў сябе творчасць і прадбачанне.

У распрацоўцы адлюстравання тэорыі вылучаюць 2 канцэпцыі: функцыянальную і атрыбутыўную. Прыхільнікі першай канцэпцыі сцвярджаюць, што ў неарганічных аб’ектах ёсць толькі перадумовы ўласцівасці адлюстравання, але не яго актыўнае праяўленне. Прыхільнікі другой настойваюць на ўсеагульнасці ўласцівасцяў адлюстравання. Збліжэнню гэтых канцэпцый садзейнічае ўсведамленне суадносін катэгорыі адлюстравання з агульнанавук. паняццем інфармацыі, далейшай распрацоўкай прынцыпу глабальнага эвалюцыянізму ў навуцы і сінергетыцы.

Катэгорыі і прынцыпы адлюстравання тэорыі ўвайшлі ў філас. абгрунтаванне тэорыі функцыянальных сістэм, канцэпцыі сістэмагенезу ў біялогіі, распрацаванай П.​К.​Анохіным. Асн. прынцыпы адлюстравання тэорыі процілеглыя прынцыпу тоеснасці мыслення і быцця, які з’яўляецца зыходным для філас. сістэм аб’ектыўнага ідэалізму, а ў шэрагу філас. вучэнняў (напр., у Спінозы, Спенсера) трактуецца ў духу паралелізму паміж зместам свету і зместам яго пазнання (гл. таксама Пазнанне).

Літ.:

Коршунов А.М. Теория отражения и современная наука. М., 1968;

Тюхтин В.С. Отражение. Системы. Кибернетика. М., 1972;

Петушкова К.П. Отражение в живой природе: Динамика теорет. моделей. Мн., 1988.

В.​Я.​Петушкова.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШТО́ЛЬДЫ, Гастаўты, Гастоўты, Гоштаўтасы,

магнацкі (з 1529 графскі) род герба «Габданк» у ВКЛ. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Гаштольд (? — 1364), ад вял. князя ВКЛ Альгерда атрымаў у валоданне Камянец Падольскі. Адзін з першых у Літве прыняў каталіцтва і ўзяў імя Пётр. Кашталян замка Вялена на р. Нёман, загінуў пры яго абароне ад крыжакоў. Андрэй (? — каля 1410), сын Гаштольда, намеснік віленскі (1386) і крэўскі (1390). Ян (? — 1458), староста дарсунскі (1422), маршалак надворны вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы (1426—35), намеснік смаленскі (1436), ваявода трокскі (1440) і віленскі (1443). На Гарадзельскім сейме 1413 прыняў герб «Габданк». Удзельнічаў у заключэнні Мельнскага дагавора 1422. Падтрымліваў Свідрыгайлу ў яго барацьбе супраць Ягайлы, а ў 1432 — Жыгімонта Кейстутавіча ў барацьбе супраць Свідрыгайлы. У 1440 узначаліў групоўку магнатаў, якая дамаглася абрання вял. кн. ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка, стаў яго выхавальнікам і фактычным правіцелем ВКЛ. Пасля абрання ў 1446 Казіміра і каралём Польшчы перайшоў у апазіцыю да яго. Валодаў Геранёнамі (пазней Мураваныя Геранёны — рэзідэнцыя роду), Меднікамі пад Вільняй, Тыкоцінам на Падляшшы, Дарагабужам у Смаленскай зямлі і інш. Марцін (? — 1483), староста новагародскі (1464), ваявода кіеўскі (1471), ваявода трокскі (1480), маршалак земскі (1481). Альбрэхт (? — 1539), гл. Гаштольд А. Станіслаў (каля 1507 — 18.12.1542), ваявода новагародскі (1530) і трокскі (1542). З яго смерцю род Гаштольдаў згас. Быў жанаты з Барбарай Радзівіл, якая, аўдавеўшы, стала другой жонкай караля Польшчы і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста, маёнткі Гаштольдаў перайшлі да вял. князёў ВКЛ.

А.​М.​Нарбут.

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЛА́НДСКАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ АРМІЯ (англ. Irish Republican Army; ІРА),

падпольнае ваенізаванае фарміраванне ў ірландскім нац.-вызв. руху, якое існуе з 1919. Засн. членамі партыі Шын фейн пад кіраўніцтвам М.​Колінза на базе арг-цыі ірл. валанцёраў. У 1919—21 вяла ўзбр. барацьбу (тэрор, дыверсіі) супраць англ. войск і паліцыі. Пасля заключэння англа-ірландскага дагавора 1921 частка ІРА склала аснову рэгулярнай арміі Ірл. Свабоднай дзяржавы, незадаволенасць другой ч. ІРА кампрамісным характарам дагавора прывяла да грамадз. вайны 1922—23. Пасля 1923 невял. група (у 1936 афіцыйна забаронена), якая праводзіла акцыі тэрору і сабатажу, асабліва ў пач. 2-й сусв. вайны (падтрымлівалася Германіяй) і ў 1956—62. Пасля ўспышкі рэліг.-сац. хваляванняў у Паўн. Ірландыі (1968—69) кола прыхільнікаў ІРА павялічылася, але яна раскалолася на 2 крылы — афіцыйнае (сацыяліст. кірунку), якое ў 1972 абвясціла пра адмову ад гвалтоўных метадаў у барацьбе за аб’яднанне Ірландыі, і часовае (крайне радыкальнае), што робіць стаўку на тэрор супраць англічан і ірландцаў-пратэстантаў (да 1993 загінула 3030 чал.). Падтрымліваецца (грашамі і зброяй) прыхільнікамі ў Ірландыі і ЗША (эмігранты-ірландцы), урадам Лівіі (выкрыта падтрымка ў 1985—87). Ядро ІРА складаюць 500 чал. У 1994 часовая ІРА абвясціла аб прыпыненні ўзбр. барацьбы. Вядомыя кіраўнікі — Дж.​Адамс, М.​Макгінес. У паўн.-ірл. гарадах Белфаст і Лондандэры дзейнічае і Армія нац. вызвалення Ірландыі (каля 20 чал.) — баявая арг-цыя Ірл. сацыяліст. партыі, створаная б. членамі афіцыйнай ІРА.

Літ.:

Бабусенко С. Армия, которая воюет со всем Соединенным королевством // Новое время. 1992. № 13.

т. 7, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)