ЛАМАНО́ВІЧ (Ніна Іосіфаўна) (н. 27.8. 1951, в. Лапічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1999). Скончыла Бел. кансерваторыю (1977, клас А.Кагадзеева). З 1976 хормайстар, з 1991 гал. хормайстар Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Спектаклі, пастаўленыя з яе ўдзелам, вызначаюцца высокай якасцю харавога гучання: «Новая зямля» Ю.Семянякі, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана, «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава, «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі, «Візіт дамы» С.Картэса, «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча, «Князь Ігар» А.Барадзіна, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, «Рыгалета», «Набука», «Дон Карлас» Дж.Вердзі, «Паяцы» Р.Леанкавала, «Сельскі гонар» П.Масканьі, «Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці, «Турандот» Дж.Пучыні, вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа, балет «Страсці» А.Мдывані (хар. фінал). У рэпертуары Л. таксама буйныя творы хар. класікі, у т. л. Рэквіем Вердзі. Адна з арганізатараў (1990) Дзіцячага муз.т-ра-студыі пры Нац. т-ры оперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕБЕ́К (англ. Quebec, франц. Québec),
горад на У Канады. Адм. ц.прав. Квебек. 646 тыс.ж. (1992, з прыгарадамі). Буйны порт каля вусця р.Св. Лаўрэнція, даступны для акіянскіх суднаў (вываз лесаматэрыялаў, паперы, збожжа, азбесту). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: лесапільная, папяровая, суднабуд., гарбарна-абутковая, тэкст., харчовая. 2 ун-ты. Музей прав. Квебек, Музей ун-та Лаваля. Цэнтр турызму. Арх. помнікі 17—19 ст.: кляштар урсулінак, базіліка, жылыя дамы. Гіст. раён К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Панарама Квебека.
Засн. ў 1608 французам С.Шамплейнам на месцы індзейскай вёскі. Хутка К. стаў цэнтрам франц. культуры і гандлю, з 1663 — афіц. сталіца франц. калоніі Новая Францыя. У Сямігадовую вайну 1756—63 заваяваны англічанамі (1759), паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 перададзены Англіі. З 1791 сталіца калоніі Ніжняя Канада, потым — прав. Квебек. У 1851—55 і 1859—67 часовая сталіца Канады. У 2-ю сусв. вайну месца правядзення Квебекскіх канферэнцый 1943, 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЦКАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва коптаў. Склалася ў 3—4 ст. на аснове маст. традыцый Стараж.Егіпта і эліністычнага мастацтва. Росквіт К.м. ў 5—7 ст. звязаны з аддзяленнем копцкай царквы ад візантыйскай. Пад уплывам ідэй аскетызму і ўзораў раннехрысц. мастацтва Сірыі і Палесціны набыло рысы схематызму, умоўнасці, грубаватай экспрэсіўнасці. У архітэктуры былі пашыраны 3-нефавыя, часта 3-конхавыя базілікі з каменю, радзей з цэглы (у Белым, Чырвоным манастырах і інш.), купальныя грабніцы (у Багауаце), 2—4-павярховыя жылыя дамы. Выяўл. мастацтва прадстаўлена царк. фрэскамі, каменнымі і драўлянымі рэльефамі, кніжнай мініяцюрай, энкаўстыкай, дэкар.-прыкладное мастацтва — разьбой па дрэве і косці (аздабленне дзвярэй, мэблі, куфэркаў), вырабамі з бронзы, тэракоты (лямпы, вазы, начынне), высокамаст. тканінамі. Рэаліст. выявы 4 — пач. 5 ст. (жанравыя або перанятыя з эліністычнай міфалогіі) у 5—6 ст. змяніліся ўмоўнымі схематызаванымі выявамі на хрысц. сюжэты. У канцы 6 — пач. 7 ст. пашырыліся матывы блізкаўсх. мастацтва (сцэны палявання на львоў і інш.). Сучасныя копцкія мастакі захоўваюць стараж. традыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЎШЫЦ (Мордух Насонавіч) (17.4.1918, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 7.3.1997),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1941). З 1946 працаваў у праектных ін-тах Мінска (з 1969 гал. архітэктар ін-та «Белкамунпраект», у 1974—78 — ін-та «Белжылпраект»). Найб. значныя работы: у Мінску — планіроўка жылых кварталаў (1950-я г.) і жылыя дамы па вуліцах Я.Коласа (1951), Чырвонай (1953) і Камуністычнай (1954, абодва ў сааўт.), праспекце Ф.Скарыны (1956), 2-я чарга тэхнал. ін-та (1967), адм. карпусы Дзяржкамсельгастэхнікі і Мінпрамбуда, Мін-ва мантажных і спец.буд. работ (усе 1970), адм. будынкі на праспекце Ф.Скарыны (1953) і па вул. Савецкай (1976; усіх кіраўнік аўтарскага калектыву), ін-т «Белжылпраект» (1981); праект рэканструкцыі гіст. цэнтра Гродна (1971, кіраўнік аўтарскага калектыву), серыі тыпавых праектаў жылых дамоў, гандл. збудаванняў і інш. грамадскіх будынкаў (усе 1957—69); планіроўка цэнтр. плошчы (1960) у Барысаве; помнік танкістам каля Дома афіцэраў у Мінску (1952) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ БЫ́ХАЎ,
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдУ ад г. Быхаў, 73 км ад Магілёва, 24 км ад чыг. ст. Тошчыца. 622 ж., 245 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Новы Быхаў.
У канцы 16 ст. мястэчка Магілёўскага пав.ВКЛ, пабудаваны кальвінскі збор. У розны час належала Хадкевічам, Сапегам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 занята войскамі гетмана І.Залатарэнкі. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1886 — цэнтр воласці Быхаўскага пав. Магілёўскай губ.: 1298 ж., 166 двароў, школа, валасное праўленне, 2 царквы, 2 яўр. малітоўныя дамы, 3 млыны, корчмы. З 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў лют. 1944 часткова спалілі вёску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАПО́ЛАЦК,
горад абл. падпарадкавання ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе Зах. Дзвіны. За 6 км на ПнЗ ад г. Полацк, за 12 км ад чыг. ст. Полацк на лініі Віцебск—Рыга. Таварная чыг. станцыя. 106,6 тыс.ж. (2000).
Узнік у 1958 у сувязі з буд-вам нафтахім. прамысл. комплексу. З 22.10.1959 р.п. Полацкі, з 14.12.1963 горад абл. падпарадкавання, атрымаў назву Н. Пры буд-ве горада і заводаў знесена 30 вёсак 40,1 тыс.ж. у 1970. У перспектыве плануецца зліццё Н. з Полацкам.
Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтай», Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», Наваполацкі завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў, Наваполацкі завод «Вымяральнік», прадпрыемства па транспарціроўцы нафты «Дружба», з-ды жалезабетонных вырабаў, «Нафтазаводмантаж», хлебазавод. У горадзе Полацкі універсітэт, Наваполацкі палітэхнікум, 2 ПТВ (нафтахіміі і будаўнікоў), муз. вучылішча, Цэнтр нац. культуры і рамёстваў, Музей гісторыі і культуры горада Наваполацка. Помнікі: воінам-вызваліцелям, на месцы першай палаткі будаўнікоў горада, Курган прац. славы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЛЬЧЫК,
горад, сталіца Кабардзіна-Балкарыі ў Рас. Федэрацыі. Размешчаны ў перадгор’ях Каўказа, на р. Нальчык. Засн. ў 1817. 237,1 тыс.ж. (1996). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Н. — шматгаліновы прамысл.цэнтр.Прам-сць: машынабудаванне (ВА «Паўнкаўкэлектронмаш», «Паўнкаўкэлектрапрыбор» і «Тэлемеханіка»; з-ды паўправадніковых прыбораў, электравакуумны, высакавольтнай апаратуры, маш.-буд., станкабуд. і інш.), каляровая металургія, хім., харчасмакавая, лёгкая; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. 3 ВНУ, у т. л. Кабардзіна-Балкарскі ун-т. 2 тэатры (драм. і музычны). 3 музеі (краязнаўчы, выяўл. мастацтваў; дом-музей М.Ваўчок).
Бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у перадгор’ях Вял. Каўказа на выш. 555 м. Лекавыя фактары: умерана-кантынентальны клімат, мінер. воды Беларэчанскіх крыніц (тэрмальная ёдабромная, тэрмальная азотна-хларыдна-натрыевая гідракарбанатная, сульфідная і інш.). Мінер. воды выкарыстоўваюцца на пітное лячэнне, ванны, душы, арашэнні, пры хваробах страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевых шляхоў, сэрца і сасудаў, абмену рэчываў, нерв. і скурных. Гразелячэнне глеевымі гразямі Тамбуканскага возера. Санаторыі, пансіянаты, дамы адпачынку. Хваёва-лісцевы парк, канатныя дарогі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШКО́Ў (Ілья Іванавіч) (29.7.1881, станіца Міхайлаўская Валгаградскай вобл., Расія — 20.3.1944),
расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1928). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1900—09) у К.Каровіна, В.Сярова. Член аб’яднанняў «Бубновы валет», «Свет мастацтва», Т-ва маскоўскіх мастакоў, Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Выкладаў ва ўласнай студыі (1902—17), Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1918—30) у Маскве. Зазнаў уплывы П.Сезана, кубізму, нар. лубка. Творам уласцівы сакавітасць фарбаў, яркасць каларыту, выразныя эфекты жывапіснай пластыкі: «Італія. Нерві», «Ягады на фоне чырвонага падноса» (абодва 1908), «Партрэт хлопчыка ў размаляванай кашулі» (1909), «Садавіна на блюдзе» (1910), «Партрэт дамы», «Хлябы» (абодва 1910-я г.), «Партрэт Н.М.Усавай» (1915). У позні перыяд манера М. набыла больш рэаліст. характар: «Нацюрморт з самаварам» (1919), «Нацюрморт з магноліямі» (1934), «Нацюрморт. Ананасы і бананы» (1938), «Клубніцы з белым гарлачыкам» (1943).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Алег Уладзіміравіч) (н. 13.7.1961, Мінск),
бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1993). З 1993 саліст Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру поўнага дыяпазону, добрай вак. школай. Сярод партый: Дварэцкі («Візіт дамы» С.Картэса), дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Спарафучыле і Мантэроне, Рамфіс, Захарыя («Рыгалета», «Аіда», «Набука» Дж.Вердзі), Грэмін, кароль Рэнэ («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Канчак і Уладзімір Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава). Барыс і Пімен («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Стары катаржнік («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча). Выканаў таксама партыю баса ў Рэквіеме Вердзі, удзельнічаў у запісе на кампакт-дыск кантаты С.Рахманінава «Званы» (Дублін, 1996). 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу маладых оперных спевакоў імя Ф.Шаляпіна (1989), міжнар. конкурсаў вакалістаў у Більбао (Іспанія) і Карлавых Варах (Чэхія; абодва 1988), імя Г.Отса (1989), «Новыя галасы» (Германія) і SIEM (Жэнева; абодва 1991), імя Л.Тодзі (Партугалія, 1993) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНІ́ГІН (Мікалай Мікалаевіч) (н. 6.9.1957, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),
бел. рэжысёр. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). З 1979 працаваў у Дзярж.рус.драм. т-ры, з 1984 рэжысёр Нац.акад.т-ра імя Я.Купалы. З 1998 у С.-Пецярбургу рэжысёр Вял.акад.драм.т-ра імя Г.А.Таўстаногава. Прыхільнік дынамічнай, шматфарбнай рэжысуры, майстар яркага тэатр.-сінт. відовішча. Сярод пастановак на Беларусі: «Жанчына з мора» Г.Ібсена (1984), «Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера (1986), «Дракон» Я.Шварца і «Эмігранты» С.Мрожака (1989), «Тутэйшыя» Я.Купалы (1990, Дзярж. прэмія Беларусі 1993), «Дзіця з Віфлеема» (1992 у Т-ры-студыі кінаакцёра), оперы «Візіт дамы» С.Картэса (1995), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (2001; абедзве у Нац.акад. т-ры оперы), «Art» Я.Рэза (1998, у Малым т-ры ў Мінску). Паставіў таксама «Капрызы Марыяны» А.Мюсэ (1997), «Хлусня на доўгіх нагах» Э. дэ Філіпа (2000) у т-ры імя Таўстаногава.