АРША́НСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Орша. Пл. акругі 7,9, у 1927 11,7 тыс. км²; нас. 423,3 у 1924, 572,3 тыс. чал. у 1927. Уключала: 10 раёнаў — Аршанскі, Багушэўскі, Горацкі, Дрыбінскі, Дубровенскі, Копыскі, Коханаўскі, Круглянскі, Ляднянскі, Талачынскі; 3 гарады — Горкі, Дуброўна, Орша; 5 мястэчак — Копысь, Коханава, Ляды, Смаляны, Талачын; 108 сельсаветаў. У 1927 у склад акругі ўвайшлі са скасаваных Барысаўскай акругі Крупскі і Чарэйскі, з Калінінскай — Мсціслаўскі і Расненскі р-ны. Акруговая газ. «Камуністычны шлях». Скасавана 26.7.1930.

т. 1, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНО́ЛЬДЗІ (Джузепе Ахіла Эльміра) (1821, Барселона — 1871),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве, грамадскі дзеяч, спявак, танцмайстар. Італьянец па паходжанні. З 1842 жыў у Вільні. Быў настаўнікам спеваў у Дваранскім ін-це, выступаў як спявак. Наведваў з канцэртамі Мінск, Віцебск, інш. гарады Беларусі. У 1862 разам з К.​Каліноўскім увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, рыхтаваў падп. выданні. У лют. 1863 высланы ўладамі (паводле іншых звестак уцёк) за мяжу, дзе закупляў зброю для паўстанцаў. Удзельнік Парыжскай камуны 1871, капітан, камандзір эскадрона ў злучэннях В.​Урублеўскага. Памёр ад ран.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́НА (Garonne),

рака ў Францыі і Іспаніі. Даўж. 647 км, пл. бас. 56 тыс. км². Пачынаецца ў Пірэнеях, цячэ па Гаронскай нізіне. Асн. прытокі: Саў, Жэр, Баіз (з Пірэнеяў), Тарн, Ло, Дардонь (з Цэнтр. Французскага масіву). Упадае ў Біскайскі заліў, утварае (разам з р. Дардонь) эстуарый Жыронда. Вясенне-летняя паводка. Сярэдні расход вады каля 680 м³/с. Суднаходства на 190 км (частка воднай сістэмы, якая злучае Біскайскі заліў з Міжземным м.). Выкарыстоўваецца для арашэння. Вадасховішча. ГЭС. На Гароне — гарады Тулуза, Ажэн, марскі порт Бардо.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦАГАВІ́НСКА-БАСНІ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1882,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць аўстра-венг. панавання ў Босніі і Герцагавіне. Штуршком да яго паслужыла ўвядзенне воінскай павіннасці (закон ад 4.11.1881). Пачалося з нападу групы ўзбр. сялян ноччу 10 студз. на жандарскую казарму ў г. Улог, потым пашырылася на Паўн.-Усх. Герцагавіну і Паўд.-Усх. Боснію; ва Улогу (стаў цэнтрам паўстання) быў створаны орган улады паўстанцаў — меджліс. У студз.—лют. дрэнна ўзброеныя паўстанцы на чале з С.​Кавачавічам і С.​Фортам намагаліся заняць гарады Фоча і Трнава. Задушана ў крас. аўстра-венг. войскамі пад камандаваннем фельдмаршала Іаванавіча.

т. 5, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́ЎСКА-ДАНЕ́ЦКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

На тэр. Чарнігаўскай, Сумскай, Палтаўскай, Днепрапятроўскай, Харкаўскай, Варашылаўградскай абл. Украіны і Растоўскай вобл. Расіі, уваходзіць у Дняпроўска-Прыпяцкую газанафтаносную правінцыю. Пл. каля 115 тыс. км². Прамысл. распрацоўка радовішчаў з 1952. Асн. радовішчы нафты і газу ў дэвонскіх каменнавугальных і ніжняпермскіх адкладах. Нафтавыя паклады на глыб. да 4500 м, газавыя і газакандэнсатныя — да 5000—5800 м. Буйнейшыя радовішчы: Шабялінскае, Заходне-Крэсцішчанскае, Яфрэмаўскае (газакандэнсатныя), Глінска-Розбышаўскае, Гнедзінцаўскае (нафтагазакандэнсатныя), Лялякаўскае (нафтавае). Цэнтры па разведцы і здабычы нафты і газу — гарады Чарнігаў, Прылукі, Балаклея і інш.

т. 6, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА (ням. Genfer See, франц. Lac Léman),

Леман, возера ў Швейцарыі і Францыі, у міжгорнай упадзіне паміж Зах. Альпамі і Юрой, на выш. 372 м. Пл. 582 км², даўж. 72 км, шыр. 14 км, глыб. да 310 м. Берагі стромкія. На З да Ж.в. падыходзяць узгорыстыя перадгор’і, на У — скалістыя горы. Па паходжанні Ж.в. — канцавы басейн аднаго з рукавоў вял. Ронскага ледавіка. Цераз возера цячэ р. Рона. Сцёк рэгулюецца плацінай. На швейцарскім беразе гарады Жэнева, Лазана, курорты Веве, Мантро, рэзерват Гранжэт; на франц. — курорт Эвіянле-Бэн і інш. Суднаходства. Турызм.

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТО́ЛІЙ (лац. Capitolium, Capitolinus mons),

адзін з 7 узгоркаў, на якім узнік Стараж. Рым. Са стараж. часоў быў цэнтрам рэліг. культу. Пасля аб’яднання паселішчаў на рым. узгорках уключаны ў гар. мяжу і абнесены сцяной. На адной з 2 яго вяршынь знаходзілася крэпасць, на другой у эпоху этрускага панавання быў пабудаваны Капіталійскі храм. З паўд.-зах. абрывістага схілу К. (Тарпейскай скалы) скідвалі злачынцаў. На К. завяршаліся трыумфальныя шэсці перамогшых рым. войскаў, пачыналіся святочныя працэсіі рым. гульняў. На ўзор Рыма свае К. мелі і іншыя гарады Італіі і рым. калоній у Еўропе.

т. 8, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТЭ́СЫ (ісп. cortes ад corte каралеўскі двор),

1) саслоўна-прадстаўнічыя сходы ў Іспаніі і Партугаліі ў сярэднія вякі. Назва «К.» ўпершыню сустракаецца ў Кастыліі ў 1137. Развіліся з прадстаўніцтва дваранства і духавенства пры каралю. Пазней права прадстаўніцтва атрымалі гарады (у Леоне з 1188, Каталоніі з 1218, Кастыліі з 1250, Партугаліі з 1254, Арагоне з 1274, Навары з 1300). Вял. ролю адыгрывалі ў 13—14 ст., садзейнічалі росту ўплыву гарадоў і абмежаванню самавольства феадалаў. З усталяваннем абсалютызму страцілі сваё значэнне.

2) У Партугаліі да 1911, у Іспаніі сучасная назва парламента.

т. 8, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІР II Вялікі

(? — 530 да н.э.),

першы цар [558—530 да н.э.] стараж.-перс. Ахеменідаў дзяржавы. У 558 узначаліў саюз перс. плямён, якія ў 553 паўсталі супраць мідыйцаў. У 550—549 да н.э. заваяваў Мідыю, у 546 — Лідыю і грэч. гарады М. Азіі, паміж 545 і 539 — значную ч. Сярэдняй Азіі, у 539 — Вавілонію (Вавілон зрабіў адной з рэзідэнцый) і Месапатамію. Загінуў у час паходу ў Сярэднюю Азію. Вобраз К. адлюстраваны ў стараж.-ўсх. і ант. л-ры («Гісторыя» Герадота, «Кірапедыя» Ксенафонта і інш.).

т. 8, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦЭ́ВІЧ (Алесь Канстанцінавіч) (н. 13.9.1958, в. Лупачы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1988). Скончыў БДУ (1981). З 1985 супрацоўнік Ін-та гісторыі АН Беларусі, з 1987 нач. сектара археал. даследаванняў Бел. рэстаўрацыйна-праектнага ін-та, з 1990 вядучы археолаг арх.-рэстаўрацыйнага кааператыва пры Мін-ве культуры БССР, з 1994 у Гродзенскім ун-це. Асн. тэматыка даследаванняў — матэрыяльная культура гарадоў, мястэчак і замкаў Бел. Панямоння 14—17 ст.

Тв.:

Майстар — наш продак. Мн., 1990;

Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV—XVIII стст. Мн., 1991.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)