КАЛЬМА́РЫ (Teuthida),

атрад галаваногіх малюскаў. 2 падатр., 25 сям., больш як 85 родаў, больш за 300 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах і морах.

Даўж. ад 2 см да 5 м, гіганцкіх К. (Architeuthis) да 18 м; маса больш за 300 кг (зрэдку да 1 т). Цела падоўжанае, верацёнападобнае. На галаве 8 рук і 2 шчупальцы. Вочы вялікія. Шкілет — вузкая рагавая пласцінка. Ёсць радула і чарнільны мяшок. Мелкаводныя К. здольны мяняць афарбоўку, глыбакаводныя — амаль празрыстыя ці аднатонныя. Многія К. маюць органы свячэння. Адкладваюць яйцы. Кормяцца рыбай і беспазваночнымі. Корм кашалотаў і інш. кітападобных, рыб, птушак, ластаногіх. Многія — аб’екты промыслу, сыравіна для фармацэўтычнай прам-сці.

Кальмары: 1 — абраліёпсіс; 2 — вампір страшэнны.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ШКА (Ян Станіслававіч) (каля 1540—26.7.1592),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Кішкаў. Вучыўся ў Базелі (1563), з 1564 у Цюрыху, Рыме, Неапалі, Балонні. З 1569 крайчы ВКЛ, з 1579 падчашы ВКЛ і староста жмудскі, з 1588 кашталян віленскі, з 1589 ваявода брэсцкі, дзяржаўца быстрыцкі і цівун эйрагольскі. У 1580 у час Лівонскай вайны 1558—83 удзельнічаў у паходзе Стафана Баторыя на Вялікія Лукі. У сваіх маёнтках пашыраў арыянства. Заснаваў арыянскую акадэмію ў Іўі, друкарню ў Венграве (1570), Лоскую друкарню. На арыянскіх сінодах у Лоску (1578, 1581), Любчы (1582) выступіў супраць леварадыкальнай плыні ў арыянскім руху. На сейме 1589 выступіў у абарону верацярпімасці. Аўтар некалькіх рэліг. трактатаў.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕР [Clair; сапр. Шамет

(Chomette)] Рэнэ (11.11.1898, Парыж — 15.3.1981),

французскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Чл. Франц. Акадэміі (1960). У 1935—46 у Вялікабрытаніі і ЗША. Творчасць адметная арыгінальнасцю аўтарскага бачання, высокай культурай, цікавасцю да праблем сучаснага жыцця. Фільмы вылучаюцца камедыйна-іранічнай накіраванасцю з элементамі пародыі, сатыры, часам лірызму, звязаным з паэт. пераасэнсаваннем жыцця сац. нізоў: «Саламяны капялюшык» (1927; нямы фільм), «Пад дахамі Парыжа» (1930), «Апошні міліярдэр» (1934), «Прыгажосць д’ябла» (1949), «Вялікія манеўры» (1955), «Порт дэ Ліла» (1957, у сав. пракаце «На ўскраіне Парыжа»), «Усё золата свету» (1961), «Галантныя святы» (1965, у сав. пракаце «Святы кахання»). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў, п’есы «Дзіўнае стварэнне нябёс» (1971), зб. апавяданняў «Гульня выпадку» (1976).

т. 8, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЫ́ ГАДАВА́ЛЬНІК,

гаспадарка, якая вырошчвае пасадачны матэрыял лясных парод для азелянення, стварэння лясных культур і ахоўных лясных насаджэнняў; таксама ўчастак зямлі, дзе гадуюць пасадачны матэрыял. Уваходзяць у лясгасы. Л.г. падзяляюць на малыя (да 5 га), сярэднія (5—15), вялікія (больш за 15) і базісныя (больш за 25 га); таксама часовыя (закладваюць паблізу будучай пасадкі на тэрмін да 5 гадоў), пастаянныя (для доўгатэрміновага выкарыстання). Пастаянныя маюць аддзяленні: чаранковых саджанцаў; пасяўное і школьнае для вырошчвання сеянцаў і саджанцаў; матачнае для атрымання матэрыялу для вегетатыўнага і насеннага размнажэння; дэндралагічнае. На Беларусі 207 Л.г. (у т. л. пастаянных 72) агульнай пл. 1405 га (1997). 3 іх найбуйнейшыя Глыбоцкі, Смаргонскі, Старобінскі, Мазырскі, Ваўкавыскі, Жлобінскі.

Г.​В.​Юзафовіч.

т. 9, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНШЭ́НКІН (Канстанцін Якаўлевіч) (н. 17.12.1925, Масква),

рускі паэт. Скончыў Літаратурны ін-т імя Горкага (1953). Першая кніга «Песня пра вартавых» (1951). Любоў да чалавека і прыроды, успаміны пра Айч. вайну, абавязак перад сваім часам у зб-ках «Партрэт сябра» (1955), «Вокны» (1962), «Павароты святла» (1965), «Дотык» (1972), «Характар» (1973), «Познія яблыкі» (1980), «Галінка» (1981) і інш., паэме «Жыццё чалавека» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1985). Аповесці і апавяданні ў кн. «Вялікія пажары», «Армейскае юнацтва» (абедзве 1964). Аўтар кнігі ўспамінаў, літ. нарысаў «Накіды да рамана» (1973), «Твары і галасы» (1978); тэкстаў папулярных песень «Я люблю цябе, жыццё», «Як праводзяць параходы» і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.

Літ.:

Михайлов А. Константин Ваншенкин. М., 1979.

т. 3, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЫ,

крывяносныя сасуды, па якіх кроў цячэ да сэрца ад органаў і тканак. Усе вены, акрамя лёгачных і пупочнай, нясуць вянозную кроў. Па венах пераносяцца пажыўныя рэчывы са страўнікава-кішачнага тракту і гармоны з залоз унутранай сакрэцыі, а з тканак арганізма выдаляюцца вуглякіслы газ і інш. прадукты распаду. Самыя вялікія вены ў арганізме чалавека — полыя верхняя і ніжняя. Яны ўпадаюць у правае перадсэрдзе. Ціск і скорасць руху крыві ў венах ніжэйшыя, а ёмістасць удвая большая, чым у артэрыях. Вялікая роля ў гемадынаміцы вянознай крыві належыць клапанам, якія ўяўляюць сабой складкі ўнутранай абалонкі вен. Сценкі вен складаюцца з трох слаёў: унутранага — з эпітэлію і злучальнай тканкі, сярэдняга — з гладкіх мышцаў, вонкавага — са злучальнай тканкі, у якой шмат эластычных валокнаў. Гл. таксама Крывяносная сістэма.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́СА,

возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мнюта (выцякае з возера), за 17 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 4,24 км², даўж. 6,2 км, найб. шыр. 1,43 км, найб. глыб. 15 м, даўж. берагавой лініі 18,2 км. Пл. вадазбору 54,2 км². Катлавіна складанага тыпу. Схілы выш. да 10 м, на Пд і ПдЗ абрывістыя, пад лесам. На Пн тэраса выш. 1,2—1,5 м. На Пд пойма шыр. 5—15 м. Берагі нізкія, пясчаныя, забалочаныя. Вялікія залівы. 7 астравоў агульнай плошчай 2,5 га. Дно да глыб. 6—7 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Мінералізацыя вады 220—230 мг/л, празрыстасць 2,5 м. Мезатрофнае. Уздоўж берагоў вузкая перарывістая паласа надводнай расліннасці. Упадаюць рэкі Шоша, Свіліца, 4 ручаі.

т. 12, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЛАХО́МА (Oklahoma),

штат на Пд ЗША. Пл. 177,9 тыс. км², нас. 3231 тыс. чал. (1993), у т. л. 252,4 тыс. індзейцаў (1-е месца сярод штатаў). Адм. ц.г. Аклахома-Сіці. У гарадах каля ⅔ насельніцтва. Тэрыторыя пераважна раўнінная. На З Вялікія раўніны, на ПнУ плато Озарк, на ПдУ горы Уошыта. Сярэдняя т-ра студз. ад 0 да 6 °C, ліп. 24—27 °C. Ападкаў за год ад 450 мм на З да 1000 мм на У. Рэкі Арканзас і Рэд-Рывер. Прам-сць горназдабыўная (прыродны газ, нафта, гелій, цынк, каменны вугаль, медзь, серабро), маш.-буд. (прамысл. абсталяванне, пераважна буд. і нафтавае, аўтамабілі, самалёты), нафтаперапр., харч. і інш. Вырошчваюць пшаніцу, сорга, сеяныя травы, бавоўну, арахіс. Мясная і малочная жывёлагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Турызм.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСУА́НСКІЯ ПЛАЦІ́НЫ,

самыя вялікія комплексныя гідратэхн. збудаванні ў Егіпце, на р. Ніл каля г. Асуан. Старая Асуанская плаціна (пабудавана ў 1898—1902) каля першага нільскага парога. Даўж. каля 2 км, выш. каля 54 м, шыр. па грэбені каля 8 м. Аб’ём вадасховішча 5,5 млрд. м³. Паблізу — ГЭС магутнасцю больш за 350 МВт. Новая Вышынная каменнанакідная плаціна (1960—70; пры садзейнічанні СССР) за 6—7 км на Пд ад Старой плаціны. Даўж. каля 4 км, выш. 110 м, шыр. каля асновы 980 м. Аб’ём створанага каля Вышыннай плаціны вадасх. Насэр 160 млрд. м³. Магутнасць Асуанскага гідратэхн. комплексу 21 ГВт. Стварэнне Асуанскага гідратэхнічнага комплексу дало магчымасць павялічыць пасяўныя плошчы ў Егіпце амаль на ​1/3, ліквідаваць пагрозу паводак, палепшыць рачную навігацыю, садзейнічала развіццю энергаёмістых галін гаспадаркі.

Асуанская плаціна.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОС ПА́САС ((Dos Passos) Джон Радэрыга) (14.1.1896, г. Чыкага, ЗША — 28.9.1970),

амерыканскі пісьменнік. З партуг. эмігрантаў. Скончыў Гарвардскі ун-т (1916), з 1917 добраахвотнікам удзельнічаў у 1-й сусв. вайне. Адным з першых пачаў пісаць у рэчышчы л-ры «страчанага пакалення» (раманы «Пасвячэнне аднаго маладога чалавека — 1917», 1920; «Тры салдаты», 1921). Наватарства Д.П. ў найб. ступені праявілася ў рамане «Манхэтэн» (1925), трылогіях «ЗША» («42-я паралель», 1930; «1919», 1932; «Вялікія грошы», 1936) і «Акруга Калумбія» (1939—48), рамане «У сярэдзіне стагоддзя» (1961). Апублікаваў маст. аўтабіяграфію «Лепшыя часы» (1966). Пісьменнік асэнсоўваў праблемы чалавека ў індустр. грамадстве ЗША, з яго «амерыканскай марай» пачатку стагоддзя і вял. дэпрэсіяй 1930-х г., з крахам ілюзій і стратай ідэалаў. Яго творам уласцівы маштабнасць абагульненняў, імпрэсіяністычнасць, асацыятыўнасць.

Е.​А.​Лявонава.

т. 6, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)