ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

1) сельскае феадальна залежнае насельніцтва, якое жыло на дзярж. землях у ВКЛ у 14—18 ст. Узніклі з асабіста вольных сялян-абшчыннікаў і чэлядзі нявольнай, пасаджанай на зямлі вял. князя. У склад Дз.с. уваходзілі таксама сяляне-слугі (гл. Слугі), асочнікі, бортнікі, конюхі і інш. Запрыгонены пры ажыццяўленні валочнай памеры. У 17—18 ст. з Дз.с. зліліся ніжэйшыя ваен. слугі, якія жылі на гаспадарскіх землях (баяры).

2) Катэгорыя сельскага насельніцтва ў Рас. імперыі ў 18—2-й пал. 19 ст. Вылучаны пры Пятру I з незапрыгоненых чарнасошных сялян, палоўнікаў, аднадворцаў і інш.

Жылі на казённых землях, плацілі казне феад. рэнту за карыстанне землямі і лічыліся асабіста вольнымі. Рас. ўрад раздаваў, прадаваў ці здаваў у арэнду дваранам дзярж. маёнткі з Дз.с. Гэта катэгорыя пазней павялічана за кошт сялян секулярызаваных царк. уладанняў і далучаных тэр. (Прыбалтыкі, Украіны, Беларусі, Крыма, Закаўказзя) і інш. У Беларусі і ў інш. зах. рэгіёнах пасля іх далучэння да Рас. імперыі (канец 18 ст.) у катэгорыю Дз. с. уключаны аднадворцы, панцырныя баяры, сяляне канфіскаваных маёнткаў, вайск. людзі, вольныя хлебаробы і інш. Ва ўмовах заняпаду дзярж. гаспадарак, збяднення і хваляванняў Дз. с. рас. ўлады ў 1830—50-я г. рэарганізавалі дзярж. вёску (у т. л. ў 1837—41 праведзена Кісялёва рэформа). У 1840—50-я г. ў зах. губернях Расіі праведзена люстрацыя (фіксацыя, упарадкаванне павіннасцей) Дз. с. У сярэдзіне 19 ст. яны складалі каля 45% усіх сялян. З 1857 паншчына поўнасцю заменена аброкам, ліквідавана практыка здачы дзярж. маёнткаў у арэнду, зменшаны памеры феад. павіннасцей і павялічаны зямельныя надзелы. Сялянская рэформа 1861 не пашырылася на Дз.с. Паводле рэформы дзярж. сялян 1867 у Беларусі яны пераводзіліся з аброку на выкуп.

Літ.:

Козловский П.Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1982;

Кабузан В.М. Государственные крестьяне России в XVIII — 50-х гг. XIX в.: Численность, состав и размещение // История СССР. 1988. № 1.

т. 6, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГІЕ́НА (ад грэч. hygieinos здаровы),

галіна медыцыны, якая вывучае ўплыў умоў жыцця і працы на здароўе чалавека, распрацоўвае меры прафілактыкі захворванняў, аптымальныя ўмовы існавання, умацавання здароўя і працягласці жыцця. Цесна звязана з біялогіяй, фізікай, хіміяй, мед. і сац.-эканам. навукамі. Асн. задачы гігіены: распрацоўка крытэрыяў і метадаў ацэнкі ўзроўню здароўя, перадпаталагічнага стану і правіл здаровага ладу жыцця, ажыццяўленне санітарнага нагляду, распрацоўка мерапрыемстваў аховы навакольнага асяроддзя і гігіенічных нарматываў, сан. экспертыза якасці вады, прадуктаў харчавання і прадметаў быт. ўжытку, удзел у распрацоўцы сан. заканадаўства.

Гігіена вядома са старажытнасці. Шырока выкарыстоўвалася ў антычную эпоху. Як самаст. галіна навукі вылучылася ў 2-й пал. 19 ст. Эксперыментальны кірунак у гігіене звязаны з працамі гігіеністаў Германіі (М.​Петэнкофер і яго школа), Вялікабрытаніі (Э.​А.​Паркс), Францыі (З.​Флёры, А.​Пруст, А.​Бушард), Расіі (А.​П.​Дабраславін, Ф.​Ф.​Эрысман). У 20 ст. ў асобныя галіны гігіены вылучаны: асабістая, дзяцей і падлеткаў, працы, радыяцыйная, харчавання (гл. адпаведныя арт.), таксама ваенная, камунальная і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па гігіене пачаліся ў 2-й пал. 19 ст. Развіццё гігіены звязана з працамі З.​К.​Магілеўчыка, П.​В.​Астапені, М.​А.​Габрыловіча, Дз.​П.​Бяляцкага, М.​А.​Мухіна, І.​Б.​Кардаша, Г.​Г.​Вінберга, І.​А.​Чахоўскага, С.​Ю.​Бусловіча і інш. Даследаванні вядуцца ў н.-д. ін-тах санітарна-гігіенічным, удасканалення ўрачоў, працы, у мед. ін-тах і інш. ВНУ. Даследуюцца прыродныя і антрапагенныя фактары навакольнага асяроддзя і сац. умоў, якія ўплываюць на здароўе чалавека; распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў практыку гігіенічныя нарматывы і правілы; прагназуюцца сан. сітуацыі з улікам развіцця нар. гаспадаркі. У аспекце гігіены вывучаюцца праблемы населеных месцаў і жылля, харчавання, працы і прафес. паталогіі, тэрытарыяльных, прамысл. і с.-г. комплексаў, вытв-сці і выкарыстання пестыцыдаў, палімераў і пластычных мас; развіцця дзяцей і падлеткаў, аховы здароўя.

т. 5, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМБРЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД) (ад Камбрыя, Cambria — лац. назва Уэльса),

кембрый, першая сістэма палеазойскай эратэмы (групы), якая адпавядае першаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца вендскай і перакрываецца ардовікскай сістэмамі. Пачалася 570 і доўжылася да 510 млн. гадоў назад. Вылучана англ. геолагам А.​Седжвікам у 1835. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): ніжні (ранняя), сярэдні (сярэдняя), верхні (позняя). Для Усх.-Еўрап. платформы прыняты ярусы: для ніжняга аддзела — тамоцкі, атдабанскі, батомскі, таёнскі; сярэдняга — амгінскі, майскі; верхняга — аюсаканскі, сакскі, аксайскі. У Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы расчляняецца на фауністычныя зоны.

Кембрыйскі перыяд характарызуецца шырокай трансгрэсіяй мора. Адбылося значнае апусканне на мацерыках Паўн. паўшар’я, а ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Антарктыдзе пераважалі падняцці. Актывізавалася вулканічная і інтрузіўная дзейнасць, змяніўся працэс асадканамнажэння ў морах і акіянах. Існаванне розных палеагеагр. умоў стварыла складаныя структурна-фацыяльныя комплексы адкладаў, якія падзяляюцца на 2 асн. тыпы: тэрыгенны (Усх.-Еўрап., Паўн.-Амер. стараж. платформы і прылеглыя рэгіёны) і карбанатны (Сібірская, Кіт. стараж. платформы і прылеглыя складкавыя вобласці), сярод якіх трапляюцца эвапарытавыя (солі, некат. вапнякі і даламіты) і чарнасланцавыя намнажэнні. У кембрыі з’явіліся жывёлы з цвёрдым шкілетам. У канцы перыяду існавалі прадстаўнікі амаль усіх тыпаў жывёльнага свету, але найб. пашыраны былі трылабіты. Для ранняга кембрыю характэрны археацыяты. З іншых груп фауны ў К.с.(п.) існавалі брахіяподы, малюскі, губкі, кішачнаполасцевыя, чэрві, ігласкурыя, грапталіты. Раслінны свет прадстаўлены шматлікімі вапняковымі водарасцямі.

На Беларусі кембрыйскія адклады пашыраны ў паўд.-зах. (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна) і паўн.-зах. (схіл Беларускай антэклізы) частках тэрыторыі. Прадстаўлены ніжнім і сярэднім аддзеламі, у складзе якіх вылучаны гарызонты: ровенскі, лантаваскі, дамінапольскі, вергальскі, раўсвенскі (ніжні аддзел); кібартайскі (сярэдні). Завяршае разрэз палеанталагічна не ахарактарызаваная орлінская світа. Адклады прадстаўлены глінамі, алеўралітамі, пясчанікамі (магутнасць да 436 м). Кембрыйскія адклады перспектыўныя на нафту і газ. Радовішчы нафты выяўлены ў Балт. сінеклізе.

В.​І.​Абраменка, Г.​У.​Зінавенка.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛУ́ЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18—19 ст. у в. Прылукі Мінскага р-на. Закладзены на месцы б. манастыра 17 ст. Уключае палац і парк. Мураваны п а лац пабудаваны ў 1-й пал. 19 ст., рэканструяваны ў 1851, пасля пажару 1868 адноўлены ў 1872; значна пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, адбудаваны ў 1950-я г. Першапачаткова палац уяўляў сабой кампактнае прамавугольнае ў плане 2-павярховае збудаванне з нізкім цокальным паверхам у стылі несапраўднай готыкі. Цэнтр. 3-павярховы рызаліт з гранёным эркерам на паркавым фасадзе і 4 шматгранныя вуглавыя вежачкі, завершаныя зубцамі, стваралі дынамічную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Гал. фасад вылучаны лоджыяй на 2 узроўнях у рызаліце з праёмамі, завершанымі спічастымі і кілепадобнымі аркамі. Рызаліт, завершаны невысокім атыкам, аздоблены складанай па форме нішай у цэнтры. Пасля 1886 да паўд. тарцовага фасада прыбудаваны 1-павярховы аб’ём са сталовай і аранжарэяй; пазней да яго прыбудавалі 2-павярховы Г-падобны ў плане корпус; да паўд. тарцовага фасада далучылі 3-павярховы вежападобны аб’ём, завершаны нізкім шатровым дахам. У 1-й пал. 19 ст. перад гал. фасадам палаца пастаўлена 3-ярусная вежа з гадзіннікам, завершаная высокім шатром са шпілем і флюгерам (не захавалася). П а р к мяшанага рэгулярна-пейзажнага тыпу. Закладзены ў канцы 17 — пач. 18 ст. на ўзор італьян. тэраснага саду (захаваўся часткова). Пл. 4,5 га. Перад гал. фасадам палаца невял. партэр і пейзажная частка парку. У парку стаялі мураваная капліца, свіран, былі 2 сажалкі, вадзяны млын (не захаваліся). Сярод дрэў лістоўніцы Сукачова і еўрап., арэх маньчжурскі, піхта сібірская, таполя канадская і інш.

В.​Р.​Анціпаў, Ю.​А.​Якімовіч.

Прылуцкі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.
Прылуцкі палацава-паркавы комплекс. Малюнак Н.​Орды. 19 ст.

т. 13, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ВАЕ́ННА-МАРСКО́ГА ФЛО́ТУ ў Санкт-Пецярбургу.

Створаны ў 1724 пры Дзярж. Адміралцействаў-калегіі для збору і зберагання дакументаў калегіі, яе экспедыцый і кантор. З 1827 Агульны архіў Марскога мін-ва, з 1917 Цэнтр. архіў флоту і марскога ведамства. У 1918 увайшоў у 3-ю секцыю Адзінага дзярж. архіўнага фонду як 2-е (ваенна-марское) аддзяленне. З 1922 ваен.-марская секцыя Цэнтр. архіва РСФСР, з 1925 секцыя арміі і флоту Ленінградскага гіст. архіва, з 1929 ваен.-марская секцыя Ленінградскага аддзялення Цэнтр. гіст. архіва. У 1934 вылучаны ў самаст. марскі гіст. архіў, з 1937 Цэнтр. дзярж. ваен.-марскі архіў, з 1941 Цэнтр. дзярж. архіў ВМФ СССР, з 1992 сучасная назва. 2909 фондаў, 1 216 800 адзінак захоўвання за 1659—1940 (асобныя дакументы з 1550 і да сённяшняга дня). Зберагае дакументы цэнтр. органаў кіравання ВМФ, штабоў і ўпраўленняў флатоў, флатылій, эскадраў, ваенна-марскіх баз, партоў, крэпасцей, злучэнняў і часцей флоту, ваен.-марскіх навуч. устаноў, розных устаноў і арг-цый ваен.-марскога ведамства; 30 калекцый дакументаў; асабістыя фонды вядомых флатаводцаў, мараплаўцаў і вучоных. Есць дакументы па адм.-тэр. падзеле тэр. Беларусі ў 18—19 ст., тапаграфічныя карты бел. губерняў 19 — пач. 20 ст., карты і атласы рэк Дняпро (1784,1886), Сож (1776, 1784), Зах. Дзвіна (1891), Прыпяць (пач. 20 ст.). Захоўвае фонды Дняпроўскай (1919—22, 1932—40), Заходнядзвінскай (Віцебск, 1918—21) і Прыпяцкай (1918—19) ваен. флатылій, Асобнага дывізіёна бранявых катэраў р. Зах. Дзвіна (Віцебск, 1925—27), ваен. порта ў Гомелі (1919—20), Упраўлення начальніка рачных флатылій дзеючай арміі ў Оршы (1917—18), Ваен.-марскога ўпраўлення пры штабе Вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве (1914—17) і інш.

Літ.:

Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 163—167;

Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.

т. 13, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ НАВУЧА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА,

навучальна-адм. падраздзяленне ў Рас. імперыі ў 1803—1918 (з перапынкам). Створана ў 1803. Спачатку ёй падпарадкоўваліся навуч. ўстановы Валынскай, Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Магілёўскай, Мінскай і Падольскай губ., з 1810 — і Беластоцкай вобл. Навуч.-метадычны і адм. цэнтр акругі — Віленскі універсітэт. Мела пэўную самастойнасць. Кіравалася «Статутам, ці Агульнымі пастановамі Віленскага універсітэта і вучылішчаў яго акругі» (1803), «Прадпісаннем арганізацыі вучылішчаў у акрузе імп. Віленскага універсітэта» (1804), у якіх былі ўлічаны асн. прынцыпы і палажэнні статута Адукацыйнай камісіі. У 1803 у бел. губернях акругі (Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і часткова Віленскай) 25 сярэдніх і няпоўных сярэдніх і каля 130 пачатковых школ. У пач. 1820-х г. многія выкладчыкі і вучні акругі ўдзельнічалі ў грамадска-паліт. і нац.-вызв. руху, што выклікала рэпрэсіі з боку царскіх улад.

У 1824 Віленская навучальная акруга рэарганізавана. Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. перададзены Пецярбургскай навуч. акрузе, а ў 1829 вылучаны з яе і ўтварылі Беларускую навучальную акругу, куды ў 1831—32 увайшлі навуч. ўстановы Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губ. і Беластоцкай вобл. Віленская навучальная акруга часова перастала існаваць, а Віленскі ун-т быў пераведзены ў Кіеў. Паводле палажэння аб навуч. акругах 1835 ун-ты вызваляліся ад кіраўніцтва навуч. ўстановамі, гэтую функцыю выконвалі папячыцельскія саветы на чале з папячыцелем. У 1850 Віленская навучальная акруга адноўлена, у яе ўвайшлі навуч. ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ. Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. зноў далучаны да Пецярбургскай навуч. акругі. У Віленскую навучальную акругу яны ўвайшлі ў 1864. За ўдзел у паўстанні 1863—64 з 13 гімназій і 3 прагімназій было выключана 455 выкладчыкаў і вучняў. Усе выкладчыкі «нярускага» паходжання з 1866 пазбаўляліся права выкладаць у навуч. установах акругі. У 1914/15 навуч. г. ў акрузе 6667 пач. вучылішчаў і школ, 31 мужчынская гімназія, 69 жаночых гімназій, 11 рэальных вучылішчаў, 3 настаўніцкія ін-ты, 8 настаўніцкіх семінарый. У Вільні выдавалася «Памятная кніжка Віленскай навучальнай акругі» (1874—1915).

З.​А.​Пастухова.

т. 4, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ФІЛАСО́ФІІ І ПРА́ВА Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,

навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1931 у Мінску як Ін-т філасофіі АН БССР. У 1935 аб’яднаны з Ін-там сав. буд-ва і права АН БССР і перайменаваны ў І.ф. і п. У гады Вял. Айч. вайны не працаваў. З 1946 у АН БССР існаваў сектар філасофіі, у 1947 адноўлены як І.ф. і п., у 1958—65 з ін-та быў вылучаны сектар права ў самастойны ін-т. Аспірантура з 1931. Аддзелы: логікі і метадалогіі навук. пазнання (з сектарам філас. праблем прыродазнаўства і тэхнікі), філас. праблем чалавека, філас. праблем міжнац. і міжнар. адносін, гісторыі філасофіі; тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, дзярж. права і кіравання, прац. і гасп. права, с.-г. і экалагічнага права; сектар сац. экалогіі.

Асн. кірункі даследаванняў: аналіз сутнасці дзяржавы, яе структуры і гіст. форм, заканамернасцей сац.-культ. развіцця, гуманізацыі грамадскіх адносін, метадалогіі пазнання; гісторыя філас. думкі Беларусі; тэндэнцыі паліт.-прававога абнаўлення рэспублікі; складанне заканадаўства, канстытуцыйных прынцыпаў арганізацыі і функцыянавання суд. улады і інш. Выдадзены працы: «Дыялектычны матэрыялізм як метадалогія прыродазнаўчанавуковага пазнання» (1965), «Узаемасувязь катэгорый дыялектыкі» Дз.​І.​Шыраканава (1969), «Гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР» (т. 1—2, 1970—76), «Нарысы гісторыі філасофскай і сацыялагічнай думкі Беларусі (да 1917 г.)» (1973), «Беларускія рэвалюцыйныя дэмакраты» А.​С.​Майхровіча (1977), «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі» С.​А.​Падокшына (1990), «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст» (1991), «Прававая рэформа: Павышэнне дзейнасці заканадаўства» (1992), «Стэрэатыпы і дынаміка мыслення» (1993), «Земскае самакіраванне па Беларусі (1905—1917 гг.)» В.​П.​Слабажаніна (1994) і інш. У Ін-це працавалі акад. АН Беларусі С.​Я.​Вальфсон (першы дырэктар ін-та), В.​А.​Сербента, К.​П.​Буслаў, акад. АН СССР Г.​Ф.​Аляксандраў, чл.-кар. АН Беларусі І.​М.​Ільюшын, І.​М.​Лушчынскі, С.​П.​Маргунскі; працуюць акад. Нац. АН Беларусі Дз.​І.​Шыраканаў, чл.-кар. А.​С.​Майхровіч (дырэктар з 1994), А.​І.​Савасцюк, В.​І.​Семянкоў, М.​І.​Сторажаў, В.​І.​Шабайлаў.

А.​А.​Лазарэвіч.

т. 7, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́КСІКА (ад грэч. lexikos які адносіцца да слова),

сукупнасць усіх слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад і ўзровень. У больш вузкім значэнні Л. — асобны пласт слоўнікавага складу мовы, вылучаны на падставе пэўнай прыкметы. Ад інш. моўных узроўняў (фаналогіі, марфалогіі, сінтаксісу і інш.) Л. адрозніваецца сваімі больш цеснымі і непасрэднымі сувязямі з рэчаіснасцю, больш высокай рухомасцю і зменлівасцю ў часе, няпэўнасцю межаў у кожны канкрэтны момант свайго існавання, адкрытасцю і пранікальнасцю для слоўных наватвораў, часавай і прасторавай усеабдымнасцю абазначаных словамі прадметаў, паняццяў і з’яў, шматлікасцю лексічных адзінак у слоўнікавым складзе жывой мовы. Паводле пэўнай прыкметы, што кладзецца ў аснову вылучэння, Л. падзяляецца на шэраг вял. груп слоў. Паводле нарматыўнасці ўсе бел. словы адносяцца да літ. Л. (агульнаўжывальная, агульнанар. і інш.) ці да нелітаратурнай Л., якая падзяляецца на дыялектную (гл. Дыялектызм), устарэлую (гл. Архаізм, гістарызм), новую (гл. Неалагізм, Аказіяналізм), тэрміналагічную і вытворча-прафес. Л. (тэрміны, наменклатурныя назвы, прафесіяналізм). Паводле паходжання словы адносяцца да спрадвечнай Л. (індаеўрапейская, агульнаславянская, усходнеслав., уласнабел.) ці да запазычанай Л. з інш. моў (гл. Запазычанні ў мове) або да агульнай для шмат якіх моў Л. (гл. Інтэрнацыяналізмы). Паводле стылістычнай афарбоўкі вылучаюць кніжную Л. (тэрміналагічная, гіст., паэт. і інш.) і размоўную Л. (прастамоўная, жаргонная, вульгарна-лаянкавая і інш.; гл. ў арт. Арго). Паводле эмацыянальна-экспрэсіўных магчымасцей словы адносяць да нейтральнай Л. (словы, што ўжываюцца ў любых стылях і кантэкстах) ці да канатацыйна-экспрэсіўнай Л. (абразлівая, узнёслая, фамільярная і інш.). Паводле сферы выкарыстання — на афіц.-дзелавую, бытавую, дзіцячую, студэнцкую і інш. Л. Паводле адрасатнай характарыстыкі вылучаюць Л. паэтычную, пэўнага твора (напр., Л. паэмы «Новая зямля» Я.​Коласа), аўтара і інш. Паводле ступені ўжывальнасці словы падзяляюць на актыўную лексіку і пасіўную лексіку. Л. вывучаюць лексікалогія, граматыка, фразеалогія, стылістыка і інш. лінгвістычныя дысцыпліны. Фіксацыяй і сістэматызацыяй Л. займаецца лексікаграфія.

Літ.:

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Шмелев Д.Н. Современный русский язык: Лексика. М., 1977;

Методы изучения лексики. Мн., 1975;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 9, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РАЎСКА-Я́СЕЛЬДЗІНСКАЯ РАЎНІ́НА.

На ПдЗ Гродзенскай і ПнЗ Брэсцкай абласцей, у вярхоўях рэк Нараў і Ясельда. Мяжуе з Ваўкавыскім узв. на Пн, Баранавіцкай раўнінай на У, Пружанскай раўнінай на Пд, заходзіць у межы Польшчы на 3. Выш. 155—185 м, пл. каля 1500 км², працягласць з 3 на У 70 км, з Пн на Пд 15—25 км. Раўніну перасякае Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Паводле В.А.Дзяменцьева, Н.-Я.р. знаходзіцца ў межах Заходне-Бел. правінцыі і вылучаецца як фізіка-геагр. падраён Прыбугскай раўніны; інш. даследчыкі адносяць яе да Палесся.

Н.-Я.р. ў асноўным прымеркавана да паўн. ч. Брэсцкай упадзіны (гл. Падляска-Брэсцкая ўпадзіна). Платформавы чахол складзены з тоўшчы вендскага комплексу верхняга пратэразою (сярэднія і кіслыя эфузівы і туфы), адкладаў ніжняга кембрыю (гліны, алеўрыты, пясчанікі), ардовіку (вапнякі), месцамі сілуру (гліны і мергелі), верхняй юры (гліны, пясок, вапнякі), мелу (пяскі, мел, мергель), а таксама пяскоў і глін палеагену і неагену. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць 80—90 м) вылучаны 4 ледавіковыя гарызонты (нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі) марэнных суглінкаў, падзеленыя водна-ледавіковымі і міжледавіковымі адкладамі. У моцна расчлянёным рэльефе ложа антрапагену вылучаецца Нараўская лагчына ледавіковага выворвання і размыву, урэзаная да юрскіх парод.

Фарміраванне рэльефу адбывалася пад сумесным уздзеяннем ледавікоў ранняга і сярэдняга антрапагену, асн. рысы канчаткова аформлены ў час сожскага зледзянення. У пасляледавіковы час рэльеф значна пераўтвораны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Паверхня хвалістая, з участкамі асн. марэны выш. да 5 м, ускладнена дзюнамі (даўж. некалькі дзесяткаў метраў, выш. да 6 м), лагчынамі (глыб. 2—2,5 м) і западзінамі (дыяметрам 20—30 м). У поймах рэк трапляюцца берагавыя валы (выш. 1—2 м). Гал. рэкі: Нараў з прытокамі Нараўка і Рудаўка; Ясельда з Цемрай. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-глеевыя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 40% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя, у паўн. ч. — яловыя лясы, трапляюцца шыракалістыя дубовыя, грабавыя, ясянёвыя лясы; невял. ўчасткі з дубровамі. Раўніна моцна забалочаная. Больш за 20 тыс. га асушана. На тэр. раўніны ч. нац. парку Белавежская пушча, гідралагічны заказнік Дзікае.

В.​М.​Фядзеня.

т. 11, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА ПРЭЗІДЭ́НЦКАЯ Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1933 у Мінску на базе даведачных б-к ЦВК, СНК, Дзяржплана, асобных наркаматаў БССР як філіял Дзярж. б-кі і бібліягр. ін-та БССР. У 1936 рэарганізавана ў самастойную навук. б-ку, з 1938 — урадавая, з 1994 — прэзідэнцкая. У Вял. Айч. вайну яе фонд (каля 250 тыс. экз.) знішчылі ням.-фаш. захопнікі. Аднаўленне пачалося ў 1944. Кніжны фонд (на 1.1.1996) больш за 1,2 млн. экз. З’яўляецца фондатрымальнікам Рэсп. даведачна-інфарм. фонду па пытаннях дзярж. права і эканомікі, каардынацыйным і метадычным цэнтрам для б-к Беларусі па бібліятэчным і інфарм. забеспячэнні мясц. органаў самакіравання. У фондзе рэдкіх і каштоўных выданняў (10 710 адзінак) вылучаны калекцыі беларусікі 18—20 ст., старадрукаў 16—18 ст., выданняў рус. грамадскага руху 1700—1825, нелегальнага і забароненага цэнзурай друку 19 ст., марксісцкага і рэв.-дэмакр. друку 1905—07. Захоўваюцца часткі Радзівілаў бібліятэкі, Супрасльскага Благавешчанскага манастыра бібліятэкі, Рус. Тургенеўскай б-кі ў Парыжы, б-кі П.​М.​Лепяшынскага, асобныя выданні з б-к Баркалабаўскага манастыра, бел. гімназій і семінарый, кнігазбораў Б.​І.​Эпімах-Шыпілы, К.​Б.​Езавітава, Ф.​Г.​Шантара і інш. Б-ка мае выданні Пецярбургскай археагр. камісіі, Віленскай археаграфічнай камісіі, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, працы па гісторыі, выдадзеныя Ін-там бел. культуры і АН БССР, манаграфіі і публікацыі М.​В.​Доўнар-Запольскага, Дз.​І.​Даўгялы, Я.​Ф.​Карскага, А.​П.​Сапунова, У.​І.​Пічэты і інш. Сярод іх — «Беларускі архіў старажытных грамат» (1824), «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні...» (1848), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года» (1854), «Памятныя кніжкі» Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ., выпускі Мінскай, Магілёўскай і Полацка-Віцебскай «даўнін», «Акты, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі» (1846—53), «Акты, якія адносяцца да гісторыі Паўднёвай і Заходняй Расіі» (1863—92). Зберагаюцца дарэв. і сав. часопісы і газеты, у т. л. газеты «Наша доля» і «Наша ніва», час. «Наш край». У б-цы вядуцца ген. алфавітны каталог кніг на бел. мове, сістэматычны каталог кніг пра Беларусь, гал. даведачныя картатэкі па дзярж. будаўніцтве, праве і эканоміцы, нар. гаспадарцы. Б-ка выдае метадычную серыю «Праблемы бібліятэчна-бібліяграфічнага забеспячэння мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь». Мае 2 філіялы і 6 бібліятэчных пунктаў у дзярж. установах.

Літ.:

Издания Правительственной библиотеки им. А.​М.​Горького. Мн., 1983.

В.​М.​Герасімаў.

т. 3, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)