ЕЎСЦІГНЕ́ЕЎ (Віктар Уладзіміравіч) (н. 30.8.1941, в. Сукманаўка Тамбоўскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-р мед.н. (1991), праф. (1994). Акад. Каралеўскай акадэміі дактароў Іспаніі (1993). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1966). У 1969—83 і з 1994 працуе ў ім, у 1983—94 у Бел.дзярж. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па праблемах эпілепсіі і яе хірург. лячэння. Адзін з аўтараў адкрыцця «Заканамернасці змянення ўласных акустычных ваганняў галаўнога мозга» (1991), распрацоўкі сістэмы камп’ютэрнай дыягностыкі вострых хвароб ц. н. с. і метаду рэдыслакацыі мазгавога ствала ў выпадках яго зрушвання і пры ўшчамленнях, абумоўленых унутрычарапной гіпертэнзіяй.
Тв.:
Смещения и ущемления мозгового ствола. Мн., 1968 (разам з М.С.Місюком, С.М.Рагульчанкам);
Острая внутричерепная гипертензия. Мн., 1974 (раэам з А.Я.Семаком);
Основы топической диагностики заболеваний нервной системы. Мн., 1974 (у сааўт.);
Нервные болезни. Мн., 1977 (разам з М.С.Місюком, А.М.Гурленем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́РЦАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
маламагутны генератар эл.аўтаваганняў, у якім электрамех. вагальнай сістэмай служыць кварцавы п’езаэл. рэзанатар. Характарызуецца высокай стабільнасцю частаты генерыруемых ваганняў (ад 5∙10−6 да 10−10). Выкарыстоўваюцца ў кварцавых гадзінніках, стандартах частаты і інш.
Асн. частка кварцавага рэзанатара — асобным чынам выпілаваная з крышталя кварцу пласцінка з пэўнай арыентацыяй плоскасці зрэзу. Пад уздзеяннем знешняга эл. напружання ў выніку адваротнага п’езаэл. эфекту (гл.П’езаэлектрычнасць) пласцінка ажыццяўляе строга пастаянныя мех. ваганні. Рэзанатар мае высокую (105—107) дыхтоўнасць, што і абумоўлівае надзвычай высокую стабільнасць частаты К. г. Паводле канструкцыі адрозніваюць К. г. дыскрэтныя (на дыскрэтных элементах), гібрыдныя (маюць таксама элементы, зробленыя па планарнай тэхналогіі; найб. пашыраныя) і інтэгральныя (усе элементы, акрамя актыўных, выкананы на адной п’езаэл. падложцы па планарнай тэхналогіі).
В.І.Вараб’ёў.
Прынцыповая схема кварцавага генератара з кварцавым рэзанатарам (КР) у вагальным контуры: C — кандэнсатары; R — рэзістары; L — шпуля індуктыўнасці; T — транзістар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУБО́ВІЧ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 26.3.1933, в. Варонічы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі апрацоўкі металаў. Акад.Нац.АН Беларусі (1996; чл.-кар. 1977), д-ртэхн.н. (1973), праф. (1979). Скончыў БДУ (1956). З 1957 у Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі. З 1975 нам. дырэктара Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі па Віцебскім аддзяленні, з 1994 дырэктар Ін-та тэхн. акустыкі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па пластычнасці і апрацоўцы металаў пры ўздзеянні на іх ультрагукавых ваганняў. Распрацаваў навук. асновы выкарыстання ультрагуку для кіравання працэсамі высокатэмпературнага сінтэзу, іонна-плазменнага напылення, уздзеяння ультрагуку на сплавы з памяццю формы; выкарыстання ультрагуку ў медыцыне і біятэхналогіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Ультразвуковая пайка в радао- и приборостроении. Мн., 1985 (разам з М.Д.Цяўлоўскім, У.Л.Ланіным);
Методы выращивания кристаллов из растворов. Мн., 1991 (разам з М.К.Талочкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАС-СПЕКТРО́МЕТР,
прылада для раздзялення з дапамогай эл. і магн. палёў пучкоў іанізаваных атамаў, малекул ці інш. часціц з рознымі адносінамі масы m часціцы да яе эл. зараду e. Распрацаваны амер. фізікам А.Дэмпстэрам (1918) і ўдасканалены Ф.У.Астанам (1925).
Бывае статычны, дзе форма траекторыі часціцы ў пастаянных (у часе) палях залежыць ад m/e, і дынамічны, дзе велічыня m/e вызначаецца па перыядзе ваганняў часціцы ў пераменным эл. або магн. полі, па рэзанансных частотах ці інш. спосабам. Рэгістрацыя часціц ажыццяўляецца эл. метадамі, напр., лічыльнікам іонных токаў, а таксама з дапамогай прыстаўкі з фотапласцінкамі (мас-спектрограф; распрацаваны Ф.У.Астанам у 1919). Па атрыманым мас-спектры вызначаюцца маса і канцэнтрацыя кампанентаў у даследуемым рэчыве. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, касм. даследаваннях, хіміі, біялогіі, геалогіі, ядз. тэхніцы і інш.
Схема мас-спектрометра Дэмпстэра: 1, 4 — дыяфрагмы; 2 — цыліндр Фарадэя; 3 — вакуумная камера; 5 — крыніца іонаў; R — радыус цэнтральнай арбіты іонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁСБА́ЎЭРА ЭФЕ́КТ,
рэзананснае выпрамяненне і паглынанне гама-квантаў атамнымі ядрамі. Адкрыты ў 1958 Р.Л.Мёсбаўэрам. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні ўнутраных эл. і магн. палёў у крышталях, ваганняў атамаў крышт. рашоткі, пры правядзенні хім. аналізу і інш. З’яўляецца самым дакладным метадам вымярэння энергіі эл.-магн. выпрамянення, напр., з дапамогай М.э. вызначана гравітацыйнае чырвонае зрушэнне частаты фатонаў, прадказанае адноснасці тэорыяй.
Назіраецца для ядраў з малымі (да 150 кэВ) энергіямі ўзбуджэння, напр., для жалеза-57, волава-119, цынку-67, ірыдыю-191; адпаведныя лініі выпрамянення маюць амаль натуральную шырыню. Пры выпрамяненні (ці паглынанні) гама-кванта свабоднае ядро набывае пэўны імпульс і адпаведную энергію аддачы. Значэнне гэтай энергіі істотна перавышае шырыню лініі выпрамянення, а імавернасць рэзананснага паглынання малая. М.э. узнікае, калі імпульс аддачы перадаецца ўсяму крышталю як цэламу, у выніку чаго энергія на аддачу не выдаткоўваецца і энергетычны спектр выпрамянення (паглынання) мае вузкую лінію, энергія якой роўная энергіі адпаведнага пераходу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Аляксандр Сцяпанавіч) (16.3.1859, г. Краснатур’інск Свярдлоўскай вобл., Расія — 13.1.1906),
рускі фізік і электратэхнік, вынаходнік радыё. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). З 1883 выкладаў у ваен.навуч. установах у Кранштаце. З 1901 праф. Пецярбургскага электратэхн. ін-та (з 1905 рэктар). Навук. працы па электра- і радыётэхніцы. Сканструяваў кагерэр — прыстасаванне для выяўлення эл.-магн.ваганняў (1894). 7.5.1895 на пасяджэнні Рас.фіз.-хім.т-ва прадэманстраваў работу першага ў свеце радыёпрыёмніка. Ажыццявіў тэлеграфаванне без правадоў, перадаўшы радыёграму на адлегласць 250 м (1896), а пазней серыю доследаў па радыётэлеграфіі на адлегласць да 150 км. Для практычнай сувязі (на адлегласці, большай за 40 км) прыборы П. былі выкарыстаны ў 1900 у час аперацыі па выратаванні браняносца «Генерал-адмірал Апраксін». Залаты медаль на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900).
Літ.:
Радовский М.И. А.С.Попов. М.; Л., 1963;
Изобретение радио: А.С.Попов: Док. и материалы. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ФІЛЬ РАЎНАВА́ГІ РАКІ́,
падоўжны профіль рэчышча, выпрацаваны ракой пры працяглым тэктанічным спакоі, нязменным клімаце, стабільным становішчы базіса эрозіі і дапушчэнні, што рэкі толькі перамяшчаюць матэрыял, які паступае са схілаў, без эрозіі і акумуляцыі. Мае выгляд плаўнай увагнутай крывой: больш стромкай у верхнім цячэнні і спадзістай у ніжнім. У прыродзе падоўжны профіль рэчышча не ўяўляе сабой ідэальна плаўную крывую, ён зведвае бесперапынную перабудову ў выніку ваганняў клімату, змянення базіса эрозіі, тэктанічных рухаў і інш. Паняцце «П.р.р.» ўмоўнае, мае тэарэт. значэнне як гранічная форма профілю, да выпрацоўкі якой імкнецца рака. З рэк Беларусі бліжэй да раўнавагі падоўжны профіль рэчышчаў Прыпяці, Дняпра, верхняга цячэння Нёмана, Бярэзіны і большасці іх прытокаў. Падоўжныя профілі рэк Бел. Паазер’я не выпрацаваныя, на асобных участках захоўваюць выгляд ламанай лініі.
Да арт.Профіль раўнавагі ракі: 1 — нявыпрацаваныя профілі рэк Беларускага Паазер’я; 2 — выпрацаваныя профілі рэк Перадпалесся і Беларускага Палесся, блізкія да профілю раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНА-ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНАЯ ЛЯ́МПА,
электронная лямпа, прызначаная ў асн. для ўзмацнення эл. сігналаў, пераўтварэння частаты, а таксама для генерыравання эл.ваганняў. дэтэктыравання (выпрамлення). Выкарыстоўваецца пры частотах, меншых за 300 МГц.
Бываюць прамога і ўскоснага напальвання катода; паводле колькасці электродаў падзяляюцца на дыёды, трыёды, тэтроды, пентоды, гептоды, актоды і інш.; паводле канструкцыі — шкляныя з цокалем ці без яго, звышмініяцюрныя, нувістары, маячковыя, металакерамічныя і інш., а таксама камбінаваныя, якія маюць у 1 балоне 2 (ці больш) сістэмы электродаў з незалежнымі электроннымі патокамі, напр., дыёд-трыёды, трыёд-пентоды. Да П.-ў.л. адносяць таксама электронна-светлавыя індыкатары, электраметрычныя лямпы і механатроны. З 1960-х г. П.-ў.л. замяняюцца паўправадніковымі прыладамі, аднак маюць шэраг пераваг перад імі: могуць працаваць у апаратуры пры ўздзеянні радыяцыі, павышаных т-р, а таксама ў апаратуры спец. прызначэння, напр., у выхадных каскадах магутных перадатчыкаў, апаратуры з малымі нелінейнымі скажэннямі, у т. л. студыйнай апаратуры гуказапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЧАСТО́ТЫ,
частоты эл.-магн.ваганняў, якія адпавядаюць радыёхвалям. У верхняй частцы дыяпазону часткова перакрываюцца з інфрачырвоным выпрамяненнем, у ніжняй — з эл. ваганнямі нізкай (гукавой) частаты. У адпаведнасці з міжнар. рэгламентам Р. для радыёсувязі падзяляюцца на 10 дыяпазонаў, якія пазначаюцца нумарамі ад 3 да 12 (гл.табл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛЬЯШЭ́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (21.8.1908, г. Мюнхен, Германія — 4.1.1996),
бел. фізік, адзін з заснавальнікаў спектраскапіі атамаў і малекул. Акад.АН Беларусі (1956), д-р фізіка-матэм. н. (1945), праф. (1948). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). З 1956 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1968 у БДУ, з 1990 у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» АН Беларусі. Навук. працы па атамнай і малекулярнай спектраскапіі, фізіцы плазмы. Распрацаваў асновы тэорыі ваганняў і вагальных спектраў шмататамных малекул, правёў шэраг даследаванняў па спектраскапіі рэдказямельных злучэнняў і спектраскапіі нізкатэмпературнай плазмы. Аўтар работ па гісторыі квантавай фізікі. Ленінская прэмія 1966; Дзярж. прэміі СССР 1949, 1950; Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Тв.:
Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;
Колебания молекул. 2 изд. М., 1972 (у сааўт.);
От возникновения квантовых представлений до становления квантовой механики // Успехи физ. наук. 1977. Т. 122, вып 4.
Літ.:
М.А.Ельяшэвіч // Весці АНБССР. Сер. фіз.-матэм.навук. 1988. № 4.