КАНЧЭ́ЎСКІ (Арсен Уладзіміравіч) (парт. псеўд. В.Камінскі, Уладак; 5.9.1901, Вільня — 31.8.1931),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Брат І.У.Канчэўскага. У 1919 у Наркамаце асветы Літ.-Бел. ССР, Віленскім губхарчкоме. Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. З 1923 чл. ЦК КПЗБ. У 1924 арыштаваны польскімі ўладамі і засуджаны на 4 гады турмы. На I з’ездзе КПЗБ (1928) завочна выбраны канд. у чл. ЦК, пасля вызвалення з турмы (ліст. 1928) кааптаваны ў чл. ЦК, з кастр. 1929 чл. Бюро ЦК КПЗБ. Накіроўваў дзейнасць арг-цый «Змагання», Гал. управы Таварыства беларускай школы і іх легальных выданняў. Трагічна загінуў у Чорным моры.

А.У.Канчэўскі.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛА́ГІН (Міхаіл Васілевіч) (1900, с. Марчугі Васкрасенскага р-на Маскоўскай вобл. — 31.7.1956),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. У 1918—20 у Чырв. Арміі. З 1937 старшыня Слуцкага акр. выканкома, старшыня Аргкамітэта ЦВК БССР па Мінскай вобл., нам. старшыні СНК БССР, адначасова са студз. 1939 2-і сакратар ЦК КП(б)Б. У 1941—49 1-ы сакратар Новасібірскага абкома ВКП(б). Потым у Савеце па справах калгасаў пры СМ СССР і Мін-ве сельскай гаспадаркі СССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1938—41, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1939—41. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47, Вярх. Савета СССР у 1937—46.

т. 8, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЖА́НДР ((Legendre) Адрыен Мары) (18.9.1752, Парыж — 10.1.1833),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (1783). Скончыў Калеж Мазарыні ў Парыжы (1774). З 1816 праф. політэхн. школы ў Парыжы, адначасова з 1813 чл. Бюро далгот. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі лікаў, нябеснай механіцы і тэорыі геадэзічных вымярэнняў. Увёў найпрасцейшыя сферычныя функцыі (гл. Лежандра мнагасклады), распрацаваў найменшых квадратаў метад (1806) і выкарыстаў яго для вызначэння каметных арбіт, сфармуляваў закон размеркавання простых лікаў (1808). Удзельнічаў у вылічэннях даўжыні дугі зямнога мерыдыяна для вызначэння метра як адзінкі даўжыні. Аўтар класічнага курса элементарнай геаметрыі.

Літ.:

Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.

т. 9, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,

літаратурна-навуковы альманах; орган Бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве. Выйшаў 1 нумар у 1922 у Мінску на бел. мове. Ініцыятар выдання Бел. культ.-навук. асацыяцыя пры Пятроўскай с.-г. акадэміі. Праводзіў ідэю беспартыйнасці бел. нац. студэнцкага руху і бел. адраджэнскай думкі. Змясціў артыкулы «На новы шлях» Г.​Гарэцкага, «Беларуская культурна-нацыянальная справа ва Усходняй Беларусі» П.​Любецкага (П.​Каравайчыка), «Стварэнне беларускай народнасці» А.​Функа, «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання» П.​Растаргуева, «Шырэй крокі» З.​Жылуновіча (Ц.​Гартнага) і інш., маст. творы З.​Бядулі, Ц.​Гартнага, У.​Дубоўкі, Я.​Журбы, М.​Чарота. Забаронены ў лют. 1923.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 9, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЦАРТЭ́УМ, Міжнародная ўстанова Моцартэум (Internationale Stiftung Mozarteum),

музычна-навуковае таварыства ў г. Зальцбург (Аўстрыя); цэнтр моцартазнаўства. Засн. ў 1880. Пры т-ве арганізаваны аркестр (з 1958 дзярж.), канцэртнае бюро і музей, публічная муз. школа (з 1914 кансерваторыя, у 1953 вылучылася з М. як Акадэмія музыкі і сцэн. мастацтва «Моцартэум», з 1971 — Вышэйшая школа музыкі і сцэн. мастацтва «Моцартэум»). У 1931 на базе М. засн. Цэнтр. ін-т моцартазнаўства. Выдаюцца поўны збор твораў В.​А.​Моцарта (з 1955), «Паведамленні...», «Моцартаўскія штогоднікі» (абодва з 1966) і інш. Штогод арганізуе летнія дырыжорскія і муз. курсы (з 1937 працуе Міжнар. летняя акадэмія), да 1920 удзельнічаў у правядзенні Зальцбургскіх фестываляў.

т. 10, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫМА́НАЎ (Нарыман Кербалай Наджафаглы) (14.4.1870, Тбілісі — 19.3.1925),

азербайджанскі сав. дзярж. дзеяч, пісьменнік. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Горы (1890) і Новарасійскі ун-т (Адэса, 1908). З 1905 чл. с.-д. арг-цыі «Гумет», з 1917 яе старшыня і чл. Бакінскага к-та РСДРП(б). З крас. 1918 Бакінскага СНК. У 1919—20 заг. Блізкаўсх. аддзела Наркамата замежных спраў, нам. наркома па справах нацыянальнасцей РСФСР. У 1920—21 старшыня часовага рэв. к-та, з 1921 — СНК Азерб. ССР, чл. Закаўказскага бюро і Закаўказскага краявога к-та ЦК РКП(б). З 1922 адзін са старшынь ЦВК СССР. Аўтар драм, камедый, рамана «Бахадур і Сона» (ч. 1—2, 1896).

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЖО́Ў (Іван Паўлавіч) (24.4.1890, в. Ілева Ардатаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 11.5.1941),

партыйны і прафсаюзны дзеяч БССР. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 на парт. рабоце. З мая 1923 сакратар Полацкага, з крас. 1924 сакратар Віцебскага пав., са жн. 1925 акр. к-та КП(б)Б. З 1927 заг. аддзела ЦК КП(б)Б. З чэрв. 1928 да мая 1932 старшыня Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. З 1932 у ВЦСПС, з 1934 старшыня савета прафсаюзаў Усх.-Сібірскага краю. У 1924—32 чл. ЦК, у 1927—32 чл. Бюро ЦК КП(б)Б. Чл. ЦВК БССР (1924—25, 1927—32) і Прэзідыума ЦВК БССР (1929—32).

т. 13, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЖАНІКІ́ДЗЕ (Рыгор Канстанцінавіч) (Сярго; 24.10.1886, с. Гарэша, Грузія — 18.2.1937),

партыйны і дзяржаўны дзеяч СССР. За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны царскім урадам. У 1917 член выканкома Петраградскага Савета і Петраградскага к-та РСДРП(б), адзін з кіраўнікоў Кастр. ўзбр. паўстання. Наведваў Беларусь як прадстаўнік ЦК РСДРП(б) у 1917 і як чл. Рэўваенсавета 16-й арміі Зах. фронту ў 1919. З 1920 старшыня Каўказскага бюро ЦК і сакратар Закаўказскага крайкома РКП(б). З 1926 старшыня ЦК ВКП(б), нарком Рабоча-сялянскай інспекцыі, нам. старшыні СНК і Савета Працы і Абароны СССР. З 1930 старшыня ВСНГ, з 1932 нарком цяжкай прам-сці СССР. З 1930 чл. Палітбюро ЦК ВКП(б). Скончыў жыццё самагубствам.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КЛУБ у Маскве.

Існаваў з лют. 1922 да восені 1938 (?). Напачатку насіў імя С.​Булата. Адкрыты па ініцыятыве студэнтаў-беларусаў, пераважна членаў Беларускай культ.-навук. асацыяцыі пры Пятроўскай с.-г. акадэміі, Галоўпалітасветы Наркамата асветы БССР і паўнамоцнага прадстаўніка БССР у РСФСР М.​Марозава. З восені 1923 работай клуба кіравала Цэнтр. бюро Бел. пралетарскага студэнцкага зямляцтва. Меў бел. б-ку (1200 кніг). Пры клубе дзейнічалі маскоўскі філіял літ. аб’яднання «Маладняк», гурткі беларусазнаўства. Працаваў таксама літ. гурток (кіраўнік паэт М.​Дуброўскі). У 1920-я г. клуб наведвалі Г.​Гарэцкі, Ю.​Гаўрук, У.​Дубоўка, М.​Міцкевіч; на пач. 1930-х г. — літаратары З.​Астапенка, А.​Звонак, М.​Лужанін і інш.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗА́ЎСКАС ((Brazauskas) Альгірдас) (н. 22.9.1932, г. Рокішкіс, Літва),

літоўскі дзярж. і паліт. дзеяч. Канд. эканам. н. (1974). Скончыў Каўнаскі політэхн. ін-т (1956). У 1965—66 міністр прам-сці буд. матэрыялаў Літ. ССР. У 1966—77 1-ы нам. Старшыні Дзяржплана Літ. ССР. З 1977 сакратар, чл. Бюро, з 1988 1-ы сакратар ЦК КПЛ, якая ў канцы 1989 пераўтворана ў Дэмакр. партыю працы Літвы (ДППЛ). Са студз. 1990 старшыня Вярх. Савета Літ. ССР. Пасля абвяшчэння 11.3.1990 Акта аб аднаўленні незалежнасці Літ. дзяржавы — нам. прэм’ер-міністра Літвы. У кастр. 1992 пасля перамогі ДППЛ на выбарах у сейм Літ. Рэспублікі Бразаўскас абраны старшынёй сейма. З лют. 1993 прэзідэнт Літ. Рэспублікі.

А.Бразаўскас.

т. 3, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)