ДАКЕ́МБРЫЙ,

найстаражытнейшыя тоўшчы зямной кары і час, адпаведны іх утварэнню. Папярэднічаў кембрыйскай сістэме (перыяду). Ахоплівае ​6/7 геал. гісторыі Зямлі. Працягласць фарміравання слаёў Д. — ад узнікнення найстаражытнейшых парод з радыеметрычным узростам (больш за 3,9 млрд. гадоў назад) да пачатку кембрыю (каля 540—530 млн. гадоў назад).

Падзяляецца на архей, які ўключае глыбокаметамарфізаваныя і гранітызаваныя пароды (гнейсы, мігматыты, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, мармуры і інш.), і пратэразой, што аб’ядноўвае менш змененыя асадкавыя і вулканагенныя тоўшчы. Мяжа паміж імі праходзіла прыкладна 2,5 млрд. гадоў назад. З 1990 прынята больш дэталёвае стратыграфічнае расчляненне Д.: архей падзелены на ніжні і верхні (з раздзелам каля 3150 млн. гадоў); ніжні пратэразой — на ніжні і верхні (з раздзелам каля 1900 млн. гадоў); верхні пратэразой — на рыфей (ніжні, сярэдні, верхні) і венд (ніжні і верхні) з раздзелам каля 650 млн. гадоў. Адклады ранняга Д. (архей і ніжні пратэразой) складаюць фундамент стараж. платформаў. Яны выходзяць на паверхню шчытоў (Балтыйскага, Украінскага, Паўд.-Афрыканскага, Канадскага і інш.), а таксама знаходзяцца ў ядрах складкавых утварэнняў геасінклінальных абласцей. Д. — час павышанай тэктанічнай актыўнасці (гл. Дакембрыйская складкавасць). Мяркуюць, што з Д. звязаны пачатак працэсаў тэктонікі пліт, утварэнне асн. аб’ёму (60—80%) кантынентальнай зямной кары, узнікненне кіслароднай атмасферы, гідрасферы і зараджэнне жыцця, аб чым сведчаць шматлікія рэшткі блакітна-зялёных водарасцей, страматаліты, а таксама прыкметы існавання бесшкілетных жывёл. З Д. звязаны буйнейшыя радовішчы жалезных, уранавых, марганцавых, хромавых, сульфідных нікелевых, кобальтавых і інш. руд, радовішчы алюм. сыравіны, золата, поліметалаў. У верхніх слаях Д. трапляюцца паклады нафты.

На тэр. Беларусі ўтварэнні Д. развіты ўсюды. Тоўшчы ранняга Д. падзяляюцца на серыі, шчучынскую і кулажынскую (архей); аколаўскую і жыткавіцкую (ранні пратэразой) і складаюць крышт. фундамент, у якім выяўлены радовішчы рэдкіх металаў, 2 радовішчы буд. каменю, 2 праяўленні жалеза (Аколаўскае і Навасёлкаўскае) і шэраг дробных — жалеза, каляровых і рэдкіх металаў, валастаніту, графіту. У верхнім Д. выяўлены вял. запасы падземных вод.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЗАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні коз свойскіх малочнага шэрснага і пуховага кірункаў. Казінае малако — каштоўны дыетычны прадукт для харчавання дзяцей і людзей са страўнікавымі захворваннямі. Яго перапрацоўваюць на сыры, масла, тварог, сыраквашу і інш. Казіны пух — тонкі, мяккі, лёгкі, моцны і цёплы, з яго робяць хусткі, тканіны, трыкатаж. Са шкур вырабляюць лепшыя гатункі шаўро, хрому, саф’яну, замшы, лайкі; з казліны з густой шэрсцю — імітацыю пад пясца, коціка і інш. футра. Мяса пажыўнасцю блізкае да бараніны, але менш тлустае. У свеце пераважаюць малочныя пароды коз: у Паўд.-Зах. Азіі — сірыйская, у Зах. Еўропе — зааненская, тагенбургская, у міжземнаморскіх краінах — мурсійская і мальтыйская, у Паўн. Афрыцы — нубійская, у Расіі — горкаўская, зааненская, мегрэльская. Сярэднія надоі малака на 1 казу да 1 тыс. л за год (рэкардысткі да 3 тыс. л), вытв-сць мяса 20—28 кг. Пуховая К. развіта ў Кітаі (у Тыбеце), дзе гадуюць кашмірскую пароду коз, у Расіі (арэнбургская і прыдонская пароды). Шэрсная К. пашырана ў Турцыі, ЗША, ПАР, дзе вырошчваюць ангорскую пароду, якая дае каштоўную шэрсць (махер), у Расіі, краінах Б. Усходу. Груба шэрсных коз змешанай прадукцыйнасці гадуюць у горных краінах. У цэлым на Азію прыпадае каля палавіны пагалоўя коз, на Афрыку — каля 30%. З краін Амерыкі ў К. вылучаюцца ЗША, Бразілія, Аргенціна, Мексіка, у Еўропе — Італія, Балканскія дзяржавы. 1-е месца па пагалоўі займае Індыя (120 млн. галоў, 1996), потым Кітай, Пакістан, Бангладэш (больш за 30 млн. галоў).

На Беларусі К. на працягу ўсяго гіст. перыяду. была дапаможнай галіной сельскай гаспадаркі. Пераважаюць малочныя пароды коз — зааненская, руская, мясцовая беспародная. На пач. 1998 пагалоўе коз складала 58,8 тыс. галоў, у асноўным у індывід. гаспадарках; яно больш пашырана на Пн Беларусі (Віцебская вобл.) і ў прыгарадных зонах.

Н.​І.​Жураўская.

т. 8, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНАЛЬНЫ СКЛАД НАСЕЛЬНІЦТВА.

Першы перапіс насельніцтва на тэр. Беларусі праведзены ў межах 1-га Усерасійскага перапісу ў 1897. Паводле гэтага перапісу на тэр. 5 бел. губерняў (Гродзенскай, Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай) адзначаны прадстаўнікі больш чым 80 нацыянальнасцей. Беларусы складалі асноўную частку насельніцтва (65,6%), таксама пражывалі яўрэі (14,5%), рускія (5,9%), палякі (5,1%), украінцы (4,6%) і інш. нац. мяншынствы (латышы, літоўцы, татары, немцы, цыганы і інш.). Перапісы насельніцтва 1959, 1970, 1979, 1989 і 1999 праводзіліся ў сучасных межах Беларусі і ўключалі пытанне аб нац. прыналежнасці, таму даюць больш аб’ектыўную інфармацыю пра нац. склад насельніцтва (гл. табл. 14). Паводле перапісу 1999 на тэр. Рэспублікі Беларусь жылі прадстаўнікі каля 130 нацыянальнасцей. Большасць з іх — 8158,9 тыс. чал. (81,2%) — прадстаўнікі карэннай бел. нацыянальнасці (гл. табл. 14). Беларусы пераважаюць у большасці раёнаў краіны, акрамя Лідскага (46%), Шчучынскага (41%) і Воранаўскага (11%). Найбольшая доля беларусаў адзначана ў Столінскім (96%), Капыльскім, Лельчыцкім і Іванаўскім раёнах (па 95%). Як сведчаць вынікі перапісаў, з-за працэсаў асіміляцыі і міграцыі (прыток у краіну асоб некарэнных нацыянальнасцей і адток беларусаў у інш. рэгіёны СССР), доля беларусаў знізілася з 81,1% у 1959 да 77,9% у 1989. Але пасля распаду СССР у пач. 1990-х г. сітуацыя змянілася і перапіс 1999 зафіксаваў значны прырост карэннай нацыянальнасці. За міжперапісны перыяд (1989—99) з рэспублік СССР і краін далёкага замежжа на Беларусь вярнулася 128 485 беларусаў.

З асоб некарэнных нацыянальнасцей у краіне больш рускіх. Іх рассяленне на тэр. Беларусі адбывалася пераважна ў выніку войнаў Расіі з Вялікім княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай у 15—17 ст. (палоны), а таксама перасялення ў 17—18 ст. стараабрадцаў, якія ўцякалі сюды ад рэлігійных праследаванняў. Яны ўтваралі сельскія паселішчы ў Віцебскай, Віленскай, Мінскай, Магілёўскай губ. У канцы 18 і ў 19 ст. на бел. землі актыўна перасяляліся рус. памешчыкі, чыноўнікі і рабочыя. У перыяд СССР доля рускіх сярод насельніцтва Беларусі пастаянна павялічвалася — з 8% у 1959 да 13% у 1989. Найб. інтэнсіўна гэты працэс адбываўся ў канцы 1940-х г., таму што для пасляваеннага аднаўлення вытворчага патэнцыялу і асваення новых галін прамысловасці патрабавалася значная колькасць кваліфікаваных працоўных рэсурсаў. Яны рассяляліся пераважна ў гарадах. У апошнія гады гэты працэс мае пэўныя змены. Паводле перапісу 1999 колькасць рускіх складала 1141,7 тыс. чал. (на 200,4 тыс. менш, чым у 1989, гл. табл. 14). Большасць рускіх жыве ў гарадах паўн. і ўсх. рэгіёнаў Беларусі. Доля рус. насельніцтва ў Барысаўскім, Кіраўскім, Брэсцкім, Гомельскім, Гродзенскім, Браслаўскім, Віцебскім, Бабруйскім р-нах каля 15%; у Полацкім р-не — каля 20%; у Воранаўскім, Іўеўскім, Карэліцкім, Ганцавіцкім, Драгічынскім, Іванаўскім, Лельчыцкім і Столінскім р-нах рускія складаюць менш за 4%.

Трэцяя па велічыні нац. група на Беларусі — палякі. Іх рассяленне па тэр. краіны адбывалася ў перыяд Рэчы Паспалітай і ў 1920—30-я г., калі Зах. Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы. Паводле перапісу 1999 на Беларусі жыве 395,7 тыс. чал. польскай нацыянальнасці (на 22 тыс. менш, чым у 1989). Палякі жывуць кампактнымі масівамі ў зах. і паўн.-зах. рэгіёнах краіны, пераважна ў сельскай мясцовасці. У Іўеўскім, Гродзенскім, Браслаўскім, Зэльвенскім, Ваўкавыскім, Лідскім р-нах яны складаюць больш за чвэрць насельніцтва (25—40%), у Шчучынскім — 51%, у Воранаўскім — пераважную большасць (83%). Значная частка асоб, якія адносяць сябе да палякаў, на самай справе з’яўляюцца паланізаванымі беларусамі.

У 1999 на Беларусі жыло 237 тыс. украінцаў (на 54 тыс. менш, чым у 1989, хоць у папярэднія гады іх колькасць пастаянна расла). Украінцы жывуць у сельскай мясцовасці, прылеглай да мяжы з Украінай, і ў гарадах. Найб. іх колькасць — у паўд.-зах. і паўд.-ўсх. рэгіёнах Беларусі. У Жабінкаўскім, Кобрынскім, Брэсцкім, Брагінскім, Камянецкім і Маларыцкім р-нах доля ўкраінцаў складае каля 5%. У 27 раёнах (Ашмянскі, Іўеўскі, Воранаўскі, Карэліцкі, Мядзельскі, Капыльскі, Шаркаўшчынскі, Ушацкі і інш.) іх доля меншая за 1%.

У краіне жывуць таксама прадстаўнікі меншых па колькасці нац. груп. Самая шматлікая з іх (у мінулым) — яўрэі, якія паявіліся на бел. землях у 14 ст. Найб. значных маштабаў яўрэйская іміграцыя дасягнула ў 16 ст., калі на тэр. Беларусі сталі перасяляцца прадстаўнікі буйнога фінансавага капіталу, сярэднія і бедныя слаі яўрэйскага насельніцтва. Паводле перапісу 1897 на тэр. 5 бел. губерняў пражывала 1 202 729 яўрэяў (14,6%). Яны складалі другую па колькасці нац. групу насельніцтва. Скарачэнне долі асоб яўрэйскай нацыянальнасці выклікана павышанай эміграцыяй у буйныя гарады Расіі і Украіны пасля ліквідацыі «мяжы аселасці» ў першыя гады сав. улады, значнымі стратамі ў гады Вял. Айч. вайны, пашырэннем асіміляцыйных працэсаў. За перыяд 1989—99 колькасць гэтай нац. групы істотна скарацілася за кошт інтэнсіўнага выезду за межы Беларусі (сальда міграцыі яўрэяў у гэты перыяд склала -71 876 чал.) і за кошт адмоўнага натуральнага прыросту (-12 011 чал. за гэты ж перыяд). Такім чынам, колькасць яўрэяў за гады пасля перапісу 1989 скарацілася на 84,2 тыс. чал. і склала 27,8 тыс. чал. (0,3% ад усяго насельніцтва Беларусі). Асобы яўрэйскай нацыянальнасці расселены па тэр. краіны дысперсна. У 60 раёнах Беларусі іх доля не перавышае 0,1%; у Гомельскім і Віцебскім р-нах гэты паказчык дасягае 0,7%, у г. Мінск і Бабруйскім р-не — 0,6%, у Аршанскім, Магілёўскім і Мазырскім р-нах — 0,4%.

Група армян, якія пражываюць на тэр. Беларусі пераважна з пасляваенных гадоў, хутка павялічваецца (у параўнанні з перапісам 1959 вырасла больш чым у 5 разоў) і на дату перапісу 1999 складала 10,2 тыс. чал. Татарскія паселішчы вядомы на тэр. Беларусі з канца 14 ст. Асн. патокі татараў ішлі з Крыма і Паволжа (15—16 ст.). Іх колькасць на дату перапісу 1999 складала 10,1 тыс. чал. (супраць 12,6 тыс. чал. у 1989 і 8,7 тыс. чал. у 1959). На Беларусі жывуць таксама цыганы, літоўцы, азербайджанцы, немцы, малдаване, грузіны, латышы, мардва, узбекі, казахі, башкіры. Астатнія народы на дату перапісу 1999 складалі менш за 1 тыс. чал. кожны.

Мова. Пры разглядзе складу насельніцтва паводле моўнай прыкметы існуе некалькі падыходаў, перапіс насельніцтва 1999 дае магчымасць разгледзець 2 з іх: паводле роднай мовы і паводле мовы, на якой насельніцтва размаўляе дома. Паводле перапісу 1999 сярод усяго насельніцтва краіны 81,9% жыхароў роднай мовай назвалі мову сваёй нацыянальнасці, 18,1% — мовы іншых народаў (у 1989 гэты паказчык складаў адпаведна 78% і 22%). Беларускую мову (мова карэннай нацыянальнасці Рэспублікі Беларусь) назвалі роднай 73,7% насельніцтва краіны. Паводле перапісу 1989 роднай лічылі бел. мову 65,6% насельніцтва краіны. Рускую мову назвалі роднай 21,9% насельніцтва (у 1989 яе лічылі роднай 31,9% насельніцтва). Перапіс 1999 паказаў павелічэнне бел. і памяншэнне долі рус. мовы як роднай не толькі сярод беларусаў, але і сярод чатырох найб. буйных нац. груп. Доля асоб укр. нацыянальнасці, якія назвалі бел. мову роднай, вырасла з 5,9% (1989) да 14,3% (1999), польскай — з 63,9 да 67,1%, рускай — з 2,2 да 9,1%, яўрэйскай — з 2,1 да 17,1%. Рускую мову назвалі роднай 90,7% рускіх, 77% яўрэяў, 42,8% украінцаў, 16,2% палякаў і 14,3% беларусаў.

Для насельніцтва Беларусі характэрна высокая доля людзей, якія дома размаўляюць не на мове сваёй нацыянальнасці. Паводле перапісу 1999 г. на мове сваёй нацыянальнасці дома размаўлялі 45% насельніцтва, на бел. мове дома размаўлялі 3683 тыс. чал. (36,7% насельніцтва краіны). З іх 3373 тыс. чал. (92%) складаюць беларусы, але сярод усіх беларусаў гэта катэгорыя людзей складала 41,3% (гл. табл. 15). Сярод палякаў больш палавіны (57,6%) размаўляюць дома на бел. мове. Рускай мовай дома карыстаюцца 6308 тыс. чал. (62,8% усяго насельніцтва). З іх 4783 тыс. чал. — беларусы. Сярод беларусаў іх удзельная вага складае 58,6%. У гарадах на рус. мове дома размаўляюць значна больш людзей, чым у сельскай мясцовасці (гл. табл. 16). У гарадах насельніцтва па этнічным складзе больш разнастайнае, чым у сельскай мясцовасці; больш частыя міжнац. шлюбы, значна вышэйшы ўзровень прафес. адукацыі. Усё гэта ўплывае на пашырэнне рус. мовы, як мовы міжнац. зносін.


Табліца 14
Нацыянальны склад насельніцтва (звесткі перапісаў 2-й палавіны 20 ст.)
Нацыянальнасць Колькасць, тыс. чал. (доля ў агульнай колькасці насельніцтва, %) 1999 у %да
1989
1959 г. 1970 г. 1979 г. 1989 г. 1999 г.
Усе насельніцтва 8065,7 (100) 9002,3 (100) 9532,5 (100) 10151,8(100) 10045,2 (100) 99
Беларусы 6532 (80,98) 7289,6 (80,97) 7568 (79,39) 7904,6 (77,86) 8158,9 (81,22) 103,2
Рускія 660,2 (8,19) 938,2 (10,42) 1134,4 (11,90) 1342,1 (13,22) 1141,7 (11,37) 85,1
Палякі 538,9 (6,68) 382,2 (4,25) 403,2 (4,23) 417,7(4,11) 395,7 (3,94) 94,7
Украінцы 133,1 (1,65) 190,8 (2,12) 231 (2,42) 291 (2,87) 237 (2,36) 81,4
Яўрэі 150,1 (1,86) 148 (1,64) 135,4 (1,42) 112 (1,10) 27,8 (0,28) 24,8
Армяне ... 2,4 (0,03) 2,8 (0,03) 4,9 (0,05) 10,2 (0,10) 206,6
Татары 8,7(0,11) 10 (0,11) 10,9 (0,11) 12,6 (0,12) 10,1 (0,10) 80,8
Цыганы 4,7 (0,06) 6,8 (0,08) 8,4 (0,09) 10,4 (0,10) 9,9 (0,10) 92,2
Літоўцы 8,4 (0,10) 8,1 (0,09) 7 (0,07) 7,6 (0,07) 6,4 (0,06) 84
Азербайджанцы ... 1,3 (0,01) 2,7 (0,03) 5 (0,05) 6,3 (0,06) 127
Немцы ... 2 (0,02) 2,4 (0,03) 3,5 (0,03) 4,8 (0,05) 136,6
Малдаване ... 1,8 (0,02) 2,9 (0,03) 5 (0,05) 4,3 (0,04) 86
Грузіны ... 1,3 (0,01) 1,7 (0,02) 2,8 (0,03) 3 (0,03) 106,7
Латышы 2,6 (0,03) 2,7 (0,03) 2,6 (0,03) 2,7 (0,03) 2,2 (0,02) 84,2
Чувашы ... 1,9 (0,02) 2,2 (0,02) 3,3 (0,03) 2,2 (0,02) 67,5
Мардва ... 1,7 (0,02) 2 (0,02) 2,6 (0,03) 1,7 (0,02) 64
Узбекі ... 1,6 (0,02) 2,3 (0,02) 3,5 (0,03) 1,6 (0,02) 44,4
Казахі ... 1,1 (0,01) 1,4 (0,01) 2,2 (0,02) 1,2 (0,01) 54,7
Башкіры ... 0,7 (0,01) 0,8 (0,01) 1,3 (0,01) 1,1 (0,01) 87,1
Інш. і не названыя 27 (0,33) 10,1 (0,11) 10,4 (0,11) 17 (0,17) 19,1 (0,19) 112,4

Табліца 15
Размеркаванне насельніцтва паводле нацыянальнасці і мовы, на якой размаўляюць дома (1999)
Нацыянальнасці Колькасць, тыс. чал. З агульнай колькасці назвалі мову, на якой размаўляюць дома, у %
беларускую рускую іншыя
Усё насельніцтва 10045,2 36,7 62,8 0,5
Беларусы 8159,1 41,3 58,6 0,1
Рускія 1141,7 4,3 95,7 —
Палякі 395,7 57,6 37,7 4,7
Украінцы 237,0 10,2 83,6 6,2
Яўрэі 27,8 3,8 95,7 0,5

Табліца 16
Размеркаванне гарадскога і сельскага насельніцтва паводле нацыянальнасці і мовы, на якой размаўляюць дома (1999), у %
Нацыянальнасці Гарадское насельніцтва Сельскае насельніцтва
беларуская руская беларуская руская
Усё насельніцтва 19,8 79,8 74,7 24,5
Беларусы 23,0 77,0 79,2 20,7
Рускія 2,5 97,5 14,3 85,6
Палякі 34,6 61,5 84,9 9,2
Украінцы 5,5 91,5 26,9 55,5
Яўрэі 3,4 96,1 23,1 76,6

т. 18, кн. 2, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТО́Н (франц. béton ад лац. bitumen горная смала),

штучны буд. матэрыял, які атрымліваецца пасля фармавання і цвярдзення сумесі вяжучага рэчыва (з вадой ці без яе), напаўняльнікаў і (пры неабходнасці) спец. дабавак. Вяжучае — звычайна цэмент, запаўняльнікі — пясок, жвір, пемза, туф, ракушачнік ці керамзіт, аглапарыт. Бетонная сумесь набывае трываласць пры дадатных т-рах у прыродных умовах каля месяца, пасля тэрмаапрацоўкі — за 8—10 гадз (пры адмоўных т-рах робяць пара- і электрапрагрэў).

Бетоны бываюць на неарганічных (цэментны і сілікатны бетоны, гіпсабетон і інш.) і арганічных (асфальтабетон, палімербетон) вяжучых. У залежнасці ад аб’ёмнай шчыльнасці (у кг/м³) бетоны падзяляюць на асабліва цяжкі (больш за 2500), цяжкі (ад 1800 да 2500), лёгкі (ад 500 да 1800), асабліва лёгкі (менш за 500). Па прызначэнні адрозніваюць бетоны канструкцыйныя, канструкцыйна-цеплаізаляцыйныя, цеплаізаляцыйныя і спецыяльныя (гарачаўстойлівыя, кіслотатрывалыя, дарожныя і да т.п.). Асноўная ўласцівасць бетону — трываласць, якая характарызуецца яго маркай (бывае ад 50 да 800). Бетоны ідуць на бетонныя вырабы і канструкцыі, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, збудаванні.

На Беларусі распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць тэхналогіі прыгатавання лёгкага аглапарытабетону (гарачаўстойлівы), аглапарытасілікатабетону (канструкцыйны і цеплаізаляцыйны матэрыял), палімерцэментнага бетону (мае павышаную дэфармавальнасць, зносаўстойлівасць, устойлівы да хім. агрэсіўных асяроддзяў), палімербетонаў (каразійна-, зноса- і марозаўстойлівы), буйнапорыстага бетону (цеплаізаляцыйны і фільтравальны матэрыял), цэнтрыфугаванага бетону (ідзе на выраб танкасценных трубаў, калон, паляў і інш.) і ячэістага бетону (мае нізкую вільгацепаглынальнасць, не патрабуе параізаляцыйнага слоя).

т. 3, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНО́ІДЫ, актыніды,

сям’я з 14 хімічных радыеактыўных элементаў VII перыяду сістэмы элементаў з ат. н. 90—103: торый, пратактыній, уран, нептуній, плутоній, амерыцый, кюрый, берклій, каліфорній, эйнштэйній, фермій, мендзялевій, нобелій і лаўрэнсій. Уран, торый, менш пратактыній ёсць у прыродзе, астатнія актыноіды (наз. трансуранавыя элементы) атрыманы штучна ў выніку ядз. пераўтварэнняў. Вядучая роля ў сінтэзе і вывучэнні актыноідаў належыць Г.Сібаргу. Актыноіды — серабрыста-белыя металы высокай шчыльнасці (да 2∙10​4 кг/м³). Найб. легкаплаўкія нептуній і плутоній, tпл — 640 °C, астатнія плавяцца пры т-ры больш за 1000 °C. Актыноіды рэакцыйна-здольныя, у здробненым стане пірафорныя, лёгка рэагуюць з вадародам, кіслародам, азотам, серай, галагенамі, утвараюць комплексныя злучэнні. Блізкасць хім. уласцівасцяў актыноідаў паміж сабой і з лантаноідамі звязана з падабенствам канфігурацый вонкавых электронных абалонак іх атамаў. Практычна выкарыстоўваюцца торый, уран, плутоній; плутоній-238, кюрый-244 — у вытв-сці ядз. крыніц эл. току бартавых касм. сістэм. Некаторыя нукліды актыноідаў — у медыцыне, дэфектаскапіі, актывацыйным аналізе, нукліды урану-235, плутонію-239 — паліва ў ядз. энергетыцы, крыніца энергіі ў ядз. зброі. Актыноіды і іх злучэнні надзвычай таксічныя, што абумоўлена іх радыеактыўнасцю.

Літ.:

Сиборг Г.Т., Кац Дж.Д. Химия актинидных элементов: Пер. с англ. М., 1960;

Келлер К. Химия трансурановых элементов: Пер. с англ. М., 1976;

Лебедев Н.А., Мясоедов Б.Ф. Последние достижения в аналитической химии трансурановых элементов // Радиохимия. 1982. Т. 24, вып. 6.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЗІДЭ́НТ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

найвышэйшая службовая асоба ў Рэспубліцы Беларусь, кіраўнік бел. дзяржавы. Пасада ўведзена Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994. Статус Прэзідэнта ўстаноўлены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Прэзідэнт з’яўляецца гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, увасабляе адзінства народа, ажыццяўляе рэалізацыю асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі, прадстаўляе дзяржаву ў зносінах з інш. дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нац. бяспекі і тэр. цэласнасці, забяспечвае паліт. і эканам. стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзярж. улады, з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узбр. Сіламі дзяржавы. Асобе Прэзідэнта нададзена прававая недатыкальнасць, яго гонар і годнасць ахоўваюцца законам. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Беларусі не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Прэзідэнт выбіраецца на 5 гадоў на аснове ўсеаг. выбарчага права пры тайным галасаванні. Адна і тая ж асоба можа займаць гэту пасаду не больш як 2 тэрміны. Парадак вылучэння кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта і яго выбараў рэгламентуецца Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам. Кампетэнцыя Прэзідэнта, яго паўнамоцтвы і абавязкі замацаваны ў арт. 84—86 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Законе аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 10.7.1994 абраны А.Р.Лукашэнка, 9.9.2001 ён перавыбраны на другі тэрмін.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРБ,

1) знаходкі комплексаў манет, плацежных зліткаў і разнастайных рэчаў (вырабаў), ухаваных у зямлі ці інш. месцах, уладальнік якіх невядомы. Самыя стараж. С. з эпохі неаліту — каменныя прылады працы і зброя. У 7 ст. да н.э. — 20 ст. н.э. пераважаюць манетныя і манетна-рэчавыя С. (манеты, сярэбраныя і залатыя плацежныя зліткі і іх фрагменты, тавара-грошы рознага тыпу, упрыгожанні і г.д.). У С. позняга сярэдневякоўя пераважалі манеты (манетным лічыцца С., калі ў ім знаходзілася не менш як 5 адзінак). Захоўваліся яны ў розных упакоўках (посудзе, шкатулках, скрынках, скураных і палатняных торбах, драўляных калодах і інш.), часам у камбінаваных (напр., скрутак тканіны, у якім былі грошы, змяшчаўся ў скрынку ці інш. ўпакоўку). Звычайна С. выяўляюць на невял. глыбіні (0,2—1 м), што тлумачыцца выветрываннем, узорваннем ці вымываннем глебы. Знаходкі багатых С. і ўзнікненне легенд, звязаных з імі, садзейнічалі вял. пашырэнню скарбашукальніцтва ва ўсіх краінах. С. з’яўляліся ў выніку адтоку грошай з абарачэння, выключэння ранніх паўнавагавых (па масе і пробе) манет у параўнанні з больш познімі легкавагавымі, у час войнаў, паўстанняў і інш. грамадска-сац. узрушэнняў ці прыродных катаклізмаў. Паводле заканадаўства знойдзены С. належыць дзяржаве і павінен быць перададзены ў банк ці музей. У Рас. імперыі згодна з указамі 1718 і 1728 С., знойдзеныя на дзярж., грамадскіх і ўдзельных землях, належалі дзяржаве, а на прыватных — землеўладальнікам з правам музеяў набываць іх для нумізматычных калекцый. Да 1917 С. ў Рас. імперыі вывучаліся ў Імператарскай археал. камісіі, у 1919—29 — секцыяй нумізматыкі і гліптыкі Акадэміі матэрыяльнай культуры, з 1930-х г. — у рэсп. музеях. З 1920-х г. той, хто знаходзіў С., атрымліваў узнагароджанне ў памеры 25% ад кошту знаходкі. Тэр. Беларусі багатая на С. і адзінкавыя знаходкі манет. Зафіксавана больш за 1100 С., з іх больш за 100 у Брэсцкай вобл., больш за 200 у Віцебскай, больш за 170 у Гомельскай, каля 140 у Гродзенскай, больш як па 200 у Мінскай і Магілёўскай абл. Самыя стараж. манеты — стараж.-грэч. і рымскія (адпаведна і С., у якіх яны былі) — на тэр. Беларусі з’явіліся ў канцы 1 — пач. 2 ст., пасля некат. перапынку ў 4—8 ст. яны выкарыстоўваліся рэгулярна.

2) У праве — закапаныя ў зямлі або схаваныя інш. спосабам грошы ці каштоўныя прадметы, уласнік якіх не можа быць устаноўлены ці паводле акта заканадаўства страціў на іх права. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С. пераходзіць ва ўласнасць асобы, якой належыць маёмасць (зямельны ўчастак, пабудова і да т.п.), дзе С. быў схаваны, і асобы, якая знайшла С., у роўных долях, калі пагадненнямі паміж імі не ўстаноўлена іншае. У выпадку, калі ў С. былі рэчы, што адносяцца да помнікаў гісторыі або культуры, яны належаць перадачы ў дзярж. ўласнасць. Пры гэтым уласнік маёмасці і асоба, якая знайшла С., маюць права на атрыманне ўзнагароджання ў памеры палавіны кошту знойдзенага. Прысваенне С., які мае вял. каштоўнасць, цягне за сабой крымін. адказнасць.

Літ.:

Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.

Ш.​І.​Бекцінееў, Г.​А.​Маслыка (права).

Да арт. Скарб. Гальшанскі манетны скарб. Пач. 16 ст.

т. 14, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДЫЗА́ЦЫЯ гісторыі літаратуры,

падзел літаратурнага працэсу на асобныя этапы, перыяды адпаведна асаблівасцям развіцця л-ры, якасным зменам, якія адбываюцца ў яе маст. сістэме. Узаемазвязана з агульнай канцэпцыяй гісторыі л-ры, у многім вызначае яе знешнюю будову, служыць больш глыбокаму і аб’ектыўнаму раскрыццю працэсу развіцця нац. л-ры на працягу стагоддзяў.

Як сац. з’ява і адна з найважн. галін духоўнай культуры л-ра развіваецца ў цеснай сувязі з гіст. жыццём народа. Яе асн. этапы вылучаюцца адпаведна буйным культ.-гіст. эпохам, што падзяляюцца на больш дробныя перыяды, якія ў розных народаў маюць розныя храналагічныя межы і сваю спецыфіку, абумоўленыя асаблівасцямі іх духоўнага быцця, літ. працэсу і інш. У прыватнасці, у гісторыі многіх еўрап. народаў не было антычнасці ў класічным паняцці гэтага слова. а іх л-ры зараджаліся ў эпоху сярэднявечча, якое ў розных краінах мела розную працягласць і нярэдка, але недакладна называецца стараж. эпохай (напр., Стараж. Русь). У 19—20 ст. у сувязі з больш дынамічным, самаст., менш непасрэдна залежным ад грамадз. гісторыі развіццём л-ры яе этапы вылучаюцца пераважна паводле ўласна літ. крытэрыяў, якасных змен у жанравай сістэме, у прынцыпах асэнсавання і адлюстравання чалавека і рэчаіснасці, маст.-выяўл. прыёмах і сродках, паводле эвалюцыі літ. кірункаў, творчых метадаў і інш. Усякая П. даволі ўмоўная, бо не бывае раптоўных пераходаў ад адной літ. эпохі да другой, рэзкіх змен маст. сістэм. Літ. традыцыі папярэдніх эпох працягваюць уплываць на развіццё л-ры, захоўваючы пераемнасць літ. працэсу. Аднак без вырашэння праблемы П., без выяўлення асн. тэндэнцый і гіст. этапаў нельга пабудаваць канцэптуальную, навук. гісторыю л-ры.

Першыя спробы П. літ. працэсу на Беларусі належаць аўтарам першых комплексных даследаванняў па гісторыі ўласна бел. л-ры: Я.​Карскаму, М.​Багдановічу і М.​Гарэцкаму, які ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992) яе шматвяковы шлях падаў сістэматызавана, канцэптуальна, у гіст. развіцці. Прапанаваная ім П. [падзел на 3 этапы: старая (11—18 ст.), новая (19 ст.), найноўшая (з канца 19 ст.)] у сваёй аснове ўлічвае самыя важныя асаблівасці развіцця прыгожага пісьменства на бел. землях на працягу стагоддзяў і з пэўнымі ўдакладненнямі была прынята бел. літ.-знаўствам. У апошні час у сувязі з працай над новай шматтомнай гісторыяй бел. л-ры яе П. ўдакладнена: даўняя (11—1-я пал. 18 ст.), новая (2-я пал. 18—19 ст.) і найноўшая (20 ст.). У сваю чаргу кожны з 3 этапаў падзяляецца на асобныя перыяды. У прыватнасці, у гісторыі даўняга бел. пісьменства вылучаюцца 3 этапы: сярэднявечча (11—15 ст.), Адраджэнне (16 ст.) і барока (канец 16—1-я пал. 18 ст.), што больш дакладна ўлічвае асаблівасці развіцця самой л-ры і дае магчымасць больш арганічна ўпісаць яе ў агульнаеўрап. кантэкст.

Літ.:

Гл. да арт. Літаратуразнаўства, Літаратурны працэс.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМЯ́НСКАЕ НАГО́Р’Е,

у Турцыі (пераважна), Іране, Арменіі, займае паўд. частку Грузіі і зах. частку Азербайджана. Пл. 400 тыс. км². Сярэдняя выш. 1700 м, найб. 5165 м (г. Вял. Арарат). Паверхня — спалучэнне лававатуфавых пласкагор’яў і плато выш. 1500—3000 м з міжгорнымі ўпадзінамі і далінамі. Шэраг хрыбтоў (Арсіянскі, Агрыдаг, Джавахецкі, Вардэнінскі) утвораны ланцугамі вулканаў. Найб. ўпадзіны: Арарацкая, Эрзурумская, Мушская і інш.; дно некаторых упадзін занята азёрамі Ван, Севан, Урмія (Рэзайе). Вулканічныя конусы (Сюпхан — 4434 м, Арагац — 4090 м і інш.) і лававае покрыва ўтварыліся ў неагене і антрапагене. Невулканічныя хрыбты: Зангезурскі, Паландзёкен, Бінгёль, Аладаг, Карадаг, Машудаг, Карабахскі і інш. Карысныя выкапні: нафта, мыш’як, медзь, храміты, жал. руда, поліметалічныя руды, каменны вугаль, каменная соль; мінеральныя і тэрмальныя крыніцы. Клімат субтрапічны кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -3 да -15 °C, ліп. ад 15 да 20 °C (у катлавінах 25 °C). Гадавая колькасць ападкаў на зах. схілах 1000 мм і больш, у катлавінах 500—700 мм, на У 300—500 мм. З Армянскага нагор’я пачынаюцца рэкі Еўфрат, Тыгр, Кура, Аракс. Расліннасць стэпавая і паўпустынная на шэразёмах, светла-каштанавых, бурых і шэра-карычневых глебах. Па схілах гор — хмызнякі з маквісу, лясы з хвоі і дубу, фісташкавыя і арчовыя рэдкалессі. На менш увільготненых схілах зараснікі калючых падушкападобных хмызнякоў. На выш. 4000 м горны стэп, вышэй — альпійскія лугі, на вяршынях вечныя снягі і ледавікі. Жывёльны свет: шмат грызуноў, паўзуны, трапляюцца казуля, безааравы казёл, муфлон, мядзведзь, барс, паласатая гіена. Аазіснае земляробства.

т. 1, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ СХЕ́МА,

інтэгральная схема з вялікай колькасцю схемных элементаў (высокай ступені інтэграцыі); асн. элементная база ЭВМ і радыёэлектронных сродкаў. Аналагавыя вялікія інтэгральныя схемы маюць да 800, лічбавыя — да некалькіх дзесяткаў тысяч элементаў. Звышвялікая інтэгральная схема мае на парадак большую ступень інтэграцыі. Вялікія інтэгральныя схемы забяспечваюць надзейнасць радыёэлектроннай тэхнікі, яе малыя габарыты і масу, нізкую спажываную магутнасць.

Асаблівасць вялікіх інтэгральных схем — малыя памеры яе элементаў і міжэлементных злучэнняў (да 1,2 мкм пры выкарыстанні фоталітаграфіі і менш за 1 мкм пры рэнтгенаўскай і электроннай літаграфіі); скарачэнне колькасці знешніх вывадаў для забеспячэння хуткадзеяння, напр. у аднакрышталёвых ЭВМ. Адрозніваюць вялікія інтэгральныя схемы цвердацельныя (маналітныя; бываюць на аснове структур метал-дыэлектрык-паўправаднік і біпалярных структур) і гібрыдныя (дыскрэтныя бяскорпусныя паўправадніковыя прыборы і інтэгральныя схемы размешчаны на плёначнай падложцы; маюць больш шырокі частотны дыяпазон у параўнанні з маналітнымі; недахопы — меншая шчыльнасць упакоўкі элементаў, меншая надзейнасць). Праектаванне і тэхнал. рэалізацыя вялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца пры дапамозе ЭВМ.

Вялікія інтэгральныя схемы выкарыстоўваюцца як запамінальныя прыстасаванні, аналага-лічбавыя і лічбавыя пераўтваральнікі, узмацняльнікі, у мікрапрацэсарных камплектах і інш. На Беларусі навук. распрацоўкі і вытворчасць вялікіх інтэгральных схем і звышвялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца ў навук.-вытв. аб’яднаннях «Інтэграл», «Карал», канцэрне «Планар», Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім н.-д. прыладабудаўнічым ін-це, НДІ радыёматэрыялаў і інш.

Літ.:

Технология СБИС: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1986;

Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.

В.​У.​Баранаў, А.​П.​Дастанка.

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)