КРА́ЙЧЫ,

пасада ў ВКЛ і Польшчы. Да 13 ст. прыдворны, які пасля падрыхтоўкі стала стольнікам наразаў стравы для свайго пана. У ВКЛ вядомы з 15 ст. У Рэчы Паспалітай ВКЛ і Польшча мелі асобных вялікіх К. У паветах былі пасады К. земскіх. У 16 ст. К. — ганаровае званне (тытул) без пэўных абавязкаў.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЛО́БІНСКАЯ ФА́БРЫКА ШТУ́ЧНАГА ФУ́ТРА Дзейнічае з 1978 у г. Жлобін Гомельскай вобл. З 1984 вытв. аб’яднанне. Уключала швейную ф-ку. З 1996 адкрытае акц. т-ва «Белфа» (без швейнай ф-кі). Адно з найб. у Еўропе прадпрыемстваў па вытв-сці трыкат. штучнага футра для адзення, абутку, галаўных убораў, цацак, галантарэйных і інш. вырабаў.

т. 6, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАЖЭ́ННЕ СХІ́ЛАЎ, залажэнне гарызанталей,

адлегласць паміж дзвюма сумежнымі гарызанталямі на тапаграфічнай карце або плане, што дазваляе вызначыць стромкасць схілаў у патрэбным месцы без назіранняў на мясцовасці. Залежыць ад стромкасці схілаў і прынятай для карты вышыні сячэння. Чым больш стромы схіл на мясцовасці, тым меншая адлегласць паміж гарызанталямі на карце (пры аднолькавай вышыні сячэння).

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́ННЕ,

аперацыя падрыхтоўкі шкуры да дублення ў гарбарнай вытв-сці. Робяць воднымі суспензіямі гашанай вапны з сульфатам натрыю (радзей з інш. рэчывамі) у спец. апаратах (тыпу бетоназмяшальнікаў). У выніку З. раствараюцца волас і эпідэрміс ці аслабляецца іх сувязь з дэрмай, што дазваляе без пашкоджанняў ачысціць шкуру ад воласу. У выніку З. атрымліваюць паўфабрыкат — галлё.

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАА́Р (ням. Maar),

лейкападобная або цыліндрычная ўпадзіна вулканічнага паходжання, якая ўзнікла на зямной паверхні пры газавым выбуху без вылівання лавы. Дыяметр М. да 3,5 км, глыб. да 300—400 м. Часам абкружана кальцавым валам з абломкаў горных парод. Ва ўмовах вільготнага клімату часта запаўняецца вадой і ўтварае т.зв. мааравае возера (напр., Лахер-Зэ ў Германіі).

т. 9, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯ́ЛА (перс.),

пасудзіна для піцця ў выглядае невял. расшыранага ўверх кубка паўсферычнай ці ўсечана-канічнай формы на нізкім паддоне, без ручак. Пашырана ў Сярэдняй Азіі і на сумежных тэрыторыях. Вядома з 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. Раннія П. вырабляліся з гліны. Сучасныя П. вырабляюць пераважна фабрычным спосабам з фаянсу ці фарфору.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІЯ БАІ́ 1943,

баі партызан па разгроме буйнога ням.-фаш. гарнізона ў Давыд-Гарадку Столінскага р-на Брэсцкай вобл. ў ліп. і кастр. 1943 у Вял. Айч. вайну. У першым баі ўдзельнічалі 5 груп (400 чал.) з партызан атрада «Савецкая Беларусь» (камандзір П.​П.​Тамілаў) Пінскай і злучэння А.​М.​Сабурава Жытомірскай абл. Дзве групы блакіравалі шляхі падыходу падмацаванняў праціўніка да горада, 3 групы ў ноч на 25 ліп. ўварваліся ў Давыд-Гарадок і поўнасцю авалодалі ім, знішчылі будынкі з установамі і прадпрыемствамі акупантаў, склады, спалілі мост цераз р. Гарынь, ням. маёнтак, умацаванні, захапілі зброю, свойскую жывёлу, што была ў маёнтку, і пакінулі горад. Пры 2-м налёце партызан у ноч на 14 кастр. праціўнік без бою пакінуў умацаваныя пазіцыі. Партызаны знішчылі ўсе будынкі і прадпрыемствы акупантаў, узарвалі масты цераз р. Гарынь, катэр, захапілі склады з харчаваннем і амуніцыяй і без страт адышлі.

т. 5, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАЗДЗІКО́ВЫЯ (Caryophyllaceae),

сямейства кветкавых двухдольных раслін з парадку гваздзікакветных (Caryophyllales). Каля 80 родаў і больш за 2000 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных і арыдных абласцях Паўн. паўшар’я, асабліва ў Міжземнамор’і і Ірана-Туранскай фларыстычнай вобласці. На Беларусі 25 родаў (найб. вядомыя вапнаўка, галадок, гваздзік, гладун, зорка, зоркаўка, куколь, мыльнік, пясчанка, светнік, свінакроп, смалёўка, смалянка, смолка, ясколка) і больш за 70 відаў. Некат. з іх занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах, палях, па берагах рэк.

Шмат- або аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты і кусты. Лісце простае, звычайна суцэльнае, супраціўнае, найчасцей без прылісткаў. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях, рэдка адзіночныя, двухполыя ці аднаполыя, 5-членныя, з двайным калякветнікам ці без пялёсткаў, апыляюцца насякомымі. Завязь верхняя. Плады розных тыпаў (звычайна каробачка, арэшка- ці ягадападобныя). Лек., тэхн., меданосныя, харч., кармавыя і каштоўныя дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя і пустазелле.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТУЛА́Т (ад лац. postulatum патрабаванне),

палажэнне, якое пры пабудаванні навук. тэорыі прымаецца без доказаў як зыходнае. У логіцы і метадалогіі навукі атаясамліваецца з аксіёмай.

Паміж П. і аксіёмай часам захоўваюцца адрозненні: аксіёма — зыходны лагічны прынцып; П. — зыходны прынцып навук. тэорыі, напр., Н.​Бора (гл. Бора тэорыя), П. аб паралельных прамых у Эўклідавай геаметрыі і неэўклідавых геаметрыях. Эўклід адрозніваў П., што сцвярджаюць выканальнасць некаторых геам. пабудаванняў, ад аксіём, якія сцвярджаюць наяўнасць пэўных уласцівасцей такіх пабудаванняў, а таксама сцвярджэнні лагічнага (не геам.) характару, якія ён прымаў без доказаў, напр., «частка меншая за цэлае». У дэдуктыўных і паўдэдуктыўных тэорыях (гл. Аксіяматычны метад) П. наз. сцвярджэнні, якія нельга даказаць з-за таго, што яны грунтуюцца на выніках і фактах доследнага ці індуктыўнага характару (гл. Індукцыя ў логіцы, Матэматычная індукцыя), напр., асн. прынцыпы тэрмадынамікі, прынцып пастаянства скорасці святла і яе лімітавага характару.

П.​С.​Габец.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІ́ЗНІЦА,

возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 20 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,23 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 17 м.

Схілы катлавіны разараныя, на ПнУ і З пад лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на З участкамі нізкія, забалочаныя. Злучана ручаём з возерам без назвы.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)