РАДЗІВІ́Л Юрый (мянушкі Віктор, Пераможца, Літоўскі Геркулес; каля 1480 — крас. 1541),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын канцлера М.Радзівіла. Заснавальнік біржанска-дубінкаўскай галіны роду Радзівілаў. З 1500-х г. займаў пасады намеснікаў, у т. л. віленскага, мейшагольскага, мерацкага, уцянскага, мазырскага (у 1511—14), гродзенскага (з 1514), лідскага і беліцкага (з 1528). Падчашы ВКЛ у 1509—17, ваявода кіеўскі ў 1511—14, гетман надворны (польны) у 1520—23, кашталян трокскі ў 1522—27 і віленскі з 1527; адначасова з 1528 маршалак надворны і з 1531 вял. гетман. Праславіўся сваім удзелам у войнах і перамогамі ў 30 бітвах. У 1508 удзельнічаў у вайне з Маскоўскай дзяржавай. У 1511 са слуцкім кн. Ю.С.Алелькавічам разбіў крымскіх татар ва ўрочышчы Рутка за 20 міль ад Кіева. 28.4.1512 удзельнічаў у пераможнай бітве супраць татар пад Лапушнай (каля Вішнеўца). У Аршанскай бітве 1514 камандаваў лёгкай конніцай на левым флангу. У 1517 удзельнічаў у паходзе пад Пскоў, у 1519 — у баях з маскоўскім войскам каля Крэва. 27.1.1527 разам з К.Астрожскім разбіў татар на р. Альшаніца каля г. Канеў. У 1519—21 ваяваў супраць Тэўтонскага ордэна. Камандаваў войскам ВКЛ у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы 1534—37. У 1535 войска на чале з Р. і каронным вял. гетманам Я.Тарноўскім узяло Гомель і Старадуб. У 1530-х г. Р. разам з канцлерам ВКЛ А.Гаштольдам і жамойцкім старостам Я.Радзівілам уваходзіў у магнацкі трыумвірат, які фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці вял. князя. Быў адным з найбагацейшых магнатаў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАКО́ЎСКІ (Sierakowski) Зыгмунт (Сігізмунд; псеўд.Даленга; 30.5.1826, с. Лісавое Маневіцкага р-на Валынскай вобл., Украіна — 27.6.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1845—48), скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1859). У 1848 за ўдзел у студэнцкіх гуртках высланы радавым у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з Т.Р.Шаўчэнкам, Б.Залескім. У 1856 вярнуўся ў Пецярбург, падтрымліваў сувязі з М.А.Дабралюбавым, М.Г.Чарнышэўскім, супрацоўнічаў у час. «Современник». Арганізатар і кіраўнік ваен.-рэв. арг-цыі ў Пецярбургу, членамі якой былі браты В. і К.Каліноўскія. Чл. арг-цыі выступалі супраць сац., нац. і рэліг. прыгнёту, за бурж.-дэмакр. пераўтварэнні ў Расіі, за свабодную і незалежную Рэч Паспалітую, узаемадзейнічалі з польскімі канспіратарамі з партыі «чырвоных», з «Зямлёй і воляй», К-там рускіх афіцэраў у Польшчы. У час замежных паездак (1860—61, 1862) сустракаўся і зблізіўся з А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым, Дж.Гарыбальдзі, наладзіў канспіратыўныя сувязі з польскай рэв. эміграцыяй. Да пач. паўстання працаваў у Генштабе. У снеж. 1862 прызначаны ваен.нач. паўстання ў Літве. Вясной 1863 на Ковеншчыне арганізаваў паўстанцкае злучэнне (2 тыс.чал.). Прыхільнік цеснай сувязі польскага паўстання з агульнарус. рухам. Імкнуўся аб’яднаць рух літ. сялян на чале з А.Мацкявічусам збел. паўстанцкімі атрадамі К.Каліноўскага. 7—9.5.1863 паўстанцы С. разбіты пад мяст. Біржы, паранены С. ўзяты ў палон. Павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні.
Тв.:
Записка З.Сераковского «Вопрос польский» // Русско-польские революционные связи. М., 1963. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЫ́Я ДАРО́ГІ,
горад, цэнтр Старадарожскага р-на Мінскай вобл.Чыг. ст. на лініі Баранавічы—Асіповічы, на аўтадарозе Бабруйск—Слуцк. За 148 км ад Мінска. 12,1 тыс.ж. (2001).
Вядомыя з 1524 як сяло Дарогі Глускай вол. ў ВКЛ. Уласнасць Гальшанскіх, Хадкевічаў, Алелькавічаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў, з 1846 дзярж. ўладанне. З 1565 у Навагрудскім ваяв.З канца 16 ст. мястэчка на Слуцка-Бабруйскім тракце. У канцы 17 ст. за 6 км на У утварылася аднайм. паселішча, таму мястэчка атрымала назву С.Д. З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв.З 1793 у Рас. імперыі, вёска, з 1861 у Новадарожскай вол. Бабруйскага пав. У 1886—271 ж., 40 двароў. З 1896 за 2 км на З заснавана аднайм.чыг. станцыя Лібава-Роменскай чыгункі, новае паселішча вакол яе дало пачатак сучаснаму гораду С.Д. З 17.7.1924 цэнтр Старадарожскага раёна. З 27.9.1938 — горад. 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 1423 чал., разбурылі горад; дзейнічала Старадарожскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 28 чэрв. воінамі 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944.
Працуюць масла-, хлеба-, пладова-агароднінны, мех.з-ды, цэх безалкагольных напіткаў, швейная ф-ка, лясгас; 4 сярэднія, мастацтваў, спарт., завочная школы, дзіцячы дом, Дом культуры, Старадарожскі мастацкі музей, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. паслуг; дзейнічае Свята-Мікалаеўская царква. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі: Вызвалення, воінам-вызваліцелям, партызанкам-падпольшчыцам Г.Каралёвай і С.Бабаковай, ахвярам фашызму «Рэквіем», воінам-афганцам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭ́ФАН (Стеван),
імя правіцеляў Сербіі ў 12—15 ст.Найб. значны уклад у гісторыю краіны зрабілі:
Стэфан Няманя (1113 або 1114—1200), вялікі жупан (князь) каля 1170—96, заснавальнік сербскай дзяржавы і дынастыі Няманічаў. Аб’яднаў значную ч. сербскіх зямель у адзіную дзяржаву. У 1190 пасля шэрагу сутыкненняў (1172, 1183 і інш.) зВізантыяй дамогся ад яе прызнання незалежнасці Сербіі. У 1196 перадаў уладу сыну Стэфану Першавянчанаму і прыняў манаства.
Стэфан Первавянчаны (? — 24.9.1227), вялікі жупан з 1196, кароль з 1217 (каранаваны ў 1219). Працягваў палітыку бацькі, вёў барацьбу з рознымі групамі феадалаў. Ваяваў з Венгрыяй, Балгарыяй, Лацінскай імперыяй. Каралеўскі тытул атрымаў ад рым. папы. Аўтар жыцця Стэфана Нямані (1216).
Стэфан Душан (каля 1308 — 20.12.1355), кароль з 1331, цар з 1345. З дынастыі Няманічаў. У выніку працяглых войнаў з Візантыяй далучыў да Сербіі македонскія, алб. і частку грэч. зямель і ўтварыў вял. серба-грэч. царства, па-за межамі якога засталіся карэнныя сербскія вобласці Хум і Мачва. У канцы 1345 абвясціў сербскую архіепіскапію патрыярхіяй і каранаваны «царом сербаў і грэкаў». У 1349 выдаў збор законаў («Законнік»), які ўмацоўваў феад. парадкі.
Стэфан Лазаравіч (каля 1377 — 19.7.1427), князь з 1389, дэспат з 1402. Сын кн. Лазара [1371—89], які загінуў у бітве на Косавым полі (1389). Быў васалам тур. султана, але спрабаваў умацаваць цэнтр. ўладу і аб’яднаць сербскія землі. Імкнучыся да вызвалення ад тур. залежнасці, заключыў саюз з каралём Венгрыі, ад якога дамогся ўступкі г. Бялград цаной фактычнага прызнання венг. пратэктарату над Сербіяй. Зрабіў Бялград сталіцай краіны, пашырыў свае ўладанні да рэк Сава і Дунай і Адрыятычнага м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́КТАР (англ. tractor ад лац. traho цягну),
самаходная машына для перамяшчэння і прывядзення ў дзеянне агрэгатаваных з ёй прычапных, навясных, паўнавясных або стацыянарных машын і прылад. Бываюць колавыя і гусенічныя; с.-г. (агульнага прызначэння, універсальна-прапашныя, спец. — садова-агародныя, вінаграднікавыя, балатаходныя, горныя і інш.), прамысл. (тралёвачныя, дарожна-буд.), транспартныя (цягачы з платформай і без яе).
Складаецца з каркаса (апора Т.), рухавіка, трансмісіі (уключае счапленне, каробку перадач, галоўную перадачу, дыферэнцыял, механізмы павароту), хадавой часткі (пераўтварае вярчальны рух у паступальны з дапамогай колаў ці гусенічнага ходу), механізма кіравання (руль, тармазы), рабочага і дапаможнага абсталявання (прычапныя ўстройствы, навясная сістэма, вал адбору магутнасці, прывадны шкіў, ходапамяншальнік, сістэмы блакіравання дыферэнцыяла, асвятлення і сігналізацыі, кантрольна-вымяральная апаратура і інш.). Колавыя Т. больш простыя па канструкцыі і ў эксплуатацыі, больш універсальныя, быстраходныя, але маюць горшую праходнасць. Таму часам выпускаюцца з усімі вядучымі коламі або са здымным абсталяваннем паўгусенічнага ходу. Гусенічныя маюць высокую праходнасць і добрыя цягавыя паказчыкі, недахопы — вял. маса і нізкая зносаўстойлівасць гусенічнага ходу. На Т. устанаўліваюць пераважна дызелі, часам карбюратарныя рухавікі ўнутранага згарання, выкарыстоўваюць мех. і гідрамех. перадачы, для кіравання рабочымі органамі навясных машын — гідранавясныя сістэмы. Сельскагаспадарчыя Т. агульнага прызначэння выкарыстоўваюць пераважна для ворыва, сяўбы, культывацыі, уборкі с.-г. культур; універсальна-прапашныя — у асн. для міжрадковай апрацоўкі глебы і ўборкі прапашных культур. Асаблівасць прапашных Т. — праходнасць у міжрадкоўях пасеваў без пашкоджання раслін з-за адпаведнай шырыні колаў (гусеніц), дарожнага прасвету, абрысу, рэгулюемай каляіны. Паводле цягавага намагання Т. ў краінах СНД падзяляюцца на 10 класаў: клас 0,2 (намаганне 2 кН); 0,6 (6 кН); 0,9 (9 кН); 1,4 (14 кН); 2 (20 кН); 3 (30 кН); 4 (40 кН); 5 (50 кН); 6 (60 кН); 8 (80 кН). Кожны клас Т. складаецца з групы машын, канструкцыйна уніфікаваных і з прыкладна аднолькавымі цягавымі ўласцівасцямі. Асн. (найб. пашыраная) мадэль групы наз. базавай; мадыфікацыя — Т., уніфікаваны з базавай мадэллю па асн. зборачных адзінках і сістэмах. На с.-г. Т. устаноўлены мех. каробкі перадач з лікам перадач да 32, у асн.з шасцернямі пастаяннага зачаплення. Ёсць бесступеньчатыя трансмісіі з гідрастат. і гідрамех. перадачамі. Для паніжаных тэхнал. скарасцей трансмісія абсталёўваецца ходапамяншальнікам. Эксплуатацыйныя паказчыкі Т. падзяляюцца на тэхніка-эканам. (прадукцыйнасць у агрэгаце, расход паліва на адзінку работы), тэхн. (клас, магутнасць рухавіка, цягавыя ўласцівасці і інш.), агратэхн. (удз. ціск на глебу, праходнасць у міжрадкоўях, манеўранасць у агрэгаце), эрганамічныя (умовы працы, працаёмістасць тэхн. абслугоўвання) і інш.
Першыя колавыя Т. з паравым рухавіком з’явіліся ў 1830 у Вялікабрытаніі і Францыі (выкарыстоўваліся ў с.-г. і ваен. справе), з рухавікамі ўнутр. згарання — у 1901 у ЗША, гусенічныя — у 1912 у ЗША. затым у інш. краінах. У Расіі гусенічны Т. з 2 паравымі машынамі пабудаваны ў 1888. У СССР Т. «Фардзон-Пуцілавец» выпушчаны ў 1923 на ленінградскім з-дзе «Чырвоны пуцілавец». Масавая вытв-сць Т. пачалася з пускам Сталінградскага (1930), Харкаўскага (1931) трактарных з-даў (гл.Трактарабудаванне).
На Беларусі Т. магутнасцю ад 11 да 300 к.с. выпускае Мінскі трактарны завод: з 1950 гусенічныя і тралёвачныя, з 1953 колавыя с.-г. Т. «Беларусь», у т. л. першы МТЗ-2, з 1961 — МТЗ-50, з 1974 — МТЗ-80/82, з 1984 — МТЗ-100/102, пазней «Беларусь-1025», з 1993 — Т. серыі 900, з 1995 — «Беларусь-1221», з 2000 — «Беларусь-1522»; таксама малагабарытныя Т. («Беларус-320А», -321», -320», -220»), нізкапрофільныя («Беларус-530/532»), нізкаклірэнсныя («Беларус-82Н»), лесагаспадарчыя («Беларус Л-82»), тралёвачныя («Беларус ТТР-401»), рысаводчыя («Беларус-82Р»), міні-Т. («Беларус-082 БС») і інш.
Літ.:
Конструкция, основы теории и расчет тракторов. М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯГАНА́ЛЬ,
шчыльная тканіна з баваўнянай ці шарсцяной кручанай пражы з рэзкімі косымі рубчыкамі на паверхні. З Д. шыюць вайск. абмундзіраванне, курткі, паліто і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬСК-ПАДЛЯ́СКІ (Bielsk Podlaski),
горад на ПнУ Польшчы, у Беластоцкім ваяв. 27 тыс.ж. (1992). Прадпрыемствы льноапрацоўчай, трыкат. прам-сці, па абслугоўванні сельскай гаспадаркі. Вытв-сць радыётэхн. зборачных вузлоў, камунальнага абсталявання, буд.метал. вырабаў. Бел. ліцэй. 11 сярэдніх і 6 пач. школ. Музей Мартыралогіі. Помнікі архітэктуры: барочны касцёл і кляштар кармелітаў (17 ст.), неакласіцыстычны касцёл канца 17 ст., драўляныя цэрквы 17—19 ст., ратуша (пасля 1779). Дзейнічае Бел.гіст.т-ва, Брацтва правасл. моладзі, Звяз бел. моладзі, Бел. саюз.
Упершыню згадваецца ў летапісе пад 1253 як месца збору войскаў галіцкага кн. Данілы Раманавіча супраць Міндоўга. Пасля 1320 у ВКЛ, у 1391—1413 у Мазовіі. У 1430 Бельск-Падляскі атрымаў ад Вітаўта гар. правы. З 1507 уладанне вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1562 у Бельск-Падляску праходзіў сойм ВКЛ, дзе абмяркоўваўся план будучай Люблінскай уніі 1569. З 1569 у Польскім каралеўстве. З 1720 уладанне Браніцкіх. З 1795 у Прусіі, з 1807 у Рас. імперыі, павятовы цэнтр Беластоцкай вобл., з 1842 у Гродзенскай губ. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіраваны герм. войскамі, у 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна Беластоцкай вобл. У 1941—44 акупіраваны ням. фашыстамі. З 1944 у Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),
камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.
Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.
На Беларусі развіваецца зпач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.Сапега.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-РЫ́МСКАЯ БАРАЦЬБА́,
від спартыўнай барацьбы, у якім выкарыстоўваюцца кідкі, пераводы, перавароты і інш. прыёмы, але забараняюцца захваты праціўніка ніжэй пояса, прыёмы з дапамогай ног, падножкі і інш. Спаборніцтвы праводзяцца на спец. дыване памерам 8×8 м. Спартсмены падзяляюцца на вагавыя катэгорыі. Схватка складаецца з 3 перыядаў па 3 мін кожны, з мінутнымі перапынкамі для адпачынку. Паядынак праходзіць у «стойцы» або «партэры» (калі адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях, на баку, у «мосце»).
Сучасная грэка-рымская барацьба зарадзілася ў Францыі, дзе ў 1880 сфармуляваны першыя афіц. правілы. З канца 19 ст. пашырылася ў многіх краінах свету. З 1896 (за выключэннем 1900 і 1904) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1950 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).
На Беларусі барацьба, падобная да грэка-рымскай барацьбы, вядома з даўніх часоў як барацьба «на крыжы». У 1914 у Мінску праведзены 1-ы чэмпіянат гораду сярод барцоў-аматараў. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.Караваеў (чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1960, свету 1958, 1961), У.Зубкоў (чэмпіён свету 1971, 1973—75), І.Каныгін (чэмпіён свету 1981, 1983, Еўропы 1980, 1982—83, 1985), С.Дземяшкевіч (уладальнік Кубка свету 1988, чэмпіён свету 1991, 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ ГРАДА́,
частка Беларускай грады ў Барысаўскім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобласці. Працягнулася ад Мінскага узв. на ПнУ на 100 км, шырыня 10—25 км. Мяжуе з Верхнебярэзінскай нізінай на ПнЗ і Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на ПдУ. Лічыцца вуглавым масівам Ашмянскага стадыялу. Пл. каля 2 тыс.км², адзнакі вышыняў паверхні над узр. м. вагаюцца ад 150 м у даліне Бярэзіны да 220 м каля г. Смалявічы.
Прымеркавана да зоны сучлянення Аршанскай монакліналі з Вілейскім пахаваным выступам. Антрапагенавая тоўшча магутнасцю 100 м і больш. Паверхня складзена з пясчана-галечнага матэрыялу, марэнных суглінкаў і супескаў, месцамі з покрывам лёсападобных парод. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, торф.
Участкі з градава-ўзгоркавым рэльефам (каля г. Смалявічы, в. Халопенічы і г. Барысаў выш. 193—220 м) чаргуюцца з раўніннымі. Знайб. павышанымі часткамі грады звязаны масівы марэннага сярэдняўзгоркавага рэльефу з адноснай выш. 10—20 м. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C, ападкаў 450—780 мм за год (у Барысаве). Рэкі (бас. Дняпра): Бярэзіна з прытокамі Гайна, Бродня, Сха, Бобр з Начай. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба ападзоленыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках, якія падсцілаюцца пяскамі, забалочаныя і тарфяна-балотныя. Да 40% тэр. пад лясамі хваёвымі, ялова-хваёвымі, бярозавымі і шэраальховымі. Поймавыя і нізінныя лугі.