АСІПО́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у г. Асіповічы і Асіповіцкім раёне. Аб’ядноўвала 33 падп. групы, больш за 120 чал. У ліп.—снеж. 1941 створаны групы на ст. Асіповічы і ў паравозным дэпо (кіраўнікі М.С.Шведаў, В.П.Сянюк, У.М.Бандарэнка, А.А.Пазняк), з рамонтнікаў паравознага дэпо (А.Ф.Чайкоўскі), у «Заготзбожжы» і прадуктовым складзе (М.Ф.Лемеш, В.К.Малевіч, Ф.У.Верхаводка), на радыёвузле (Ф.А.Крыловіч, Г.Б.Сакалоўскі), у чыг. і гар. бальніцах (П.С.Казак, Е.П.Шамко, В.А.Працко), у в. Брыцалавічы, Ліпень, пас. Градзянка, 2 групы ў горадзе. У Крас.—жн. 1943 у Асіповічах створана яшчэ 20 падп. маладзёжных груп. Патрыёты распаўсюджвалі лістоўкі, вялі разведку, здабывалі зброю і боепрыпасы, медыкаменты, рабілі дыверсіі на чыгунцы, вывезлі з друкарні шрыфт, паперу, фарбу. У ноч на 30.7.1943 здзейснілі адну з буйнейшых дыверсій Вял. Айч. вайны: падпольшчык Крыловіч дзвюма магнітнымі мінамі замініраваў эшалон з палівам; ад іх выбуху пачаўся пажар, ад якога на працягу 10 гадзін згарэлі 3 эшалоны з авіябомбамі і снарадамі, 1 эшалон з новымі танкамі «Тыгр», які накіроўваўся ў раён Курскай бітвы. Усяго падпольшчыкі на чыг. ст. Асіповічы ўзарвалі 30 воінскіх эшалонаў, вывелі са строю больш за 70 паравозаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ПЕНКА (Змітрок) (Дзмітрый Емяльянавіч; 23.11.1910, в. Калеснікі Хіславіцкага р-на Смаленскай вобласці — кастр. 1944),
бел.паэт. Скончыў Мсціслаўскі пед. тэхнікум (1929). Працаваў у рэсп. Прэсе. 5.12.1936 арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў. З лагера ўцёк. Жыў у Маскве. Удзельнік Айч. вайны. Загінуў у баі ў Карпатах. Друкаваўся з 1926. Пісаў пераважна апавядальна-сюжэтныя творы (зб-кі «На ўсход сонца», «Краіне», абодва 1931, «Абураныя», 1932; цыкл вершаў «Ноч на станцыі Негарэлае», нап. 1930; паэма «Два таварышы», нап. 1931). У паэме «Эдэм» (нап. 1944) уславіў мужнасць і самаахвярнасць народа ў змаганні з ворагам. Аўтар вершаванай кн. для дзяцей «Трактар» (1933). Стаяў ля вытокаў бел.навук.-фантаст. л-ры (раман «Вызваленне сіл», 1932). Пераклаў на бел. мову раманы «Маці» М.Горкага (1932), «Ваколіцы» Л.Первамайскага (1931), аповесць «Ударны атрад» А.Дончанкі (1932), «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» К.Ванака (1932) і інш.
Тв.:
Вершы і паэмы. Мн., 1968.
Літ.:
Бярозкін Р. Выпрабаванне гісторыяй // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974;
Шушкевіч С. Лёс паэта // Шушкевіч С. Выбр.тв.Мн., 1978. Т. 2;
Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979. С. 139—140, 186—191;
Скрыган Я. Рэквіем // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́МЧЫК (Мікола) (Мікалай Якаўлевіч; нарадзіўся 14.1.1920, в. Плёсы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, празаік, перакладчык. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1949). У 1942—45 у палоне, на кам.-вуг. шахтах у Руры. Пасля вайны — на аднаўленні Данбаса. У 1953—80 рэдактар аддзела паэзіі час. «Маладосць». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Пярэдні край» (1949). У яго паэзіі шчырасць, добразычлівасць, любоў да радзімы, драматычны ваен. лёс (зб-кі «Шляхамі дружбы», 1952; «Ключы жураўліныя», 1960; «Сустрэча былых канагонаў», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964; «Універсітэцкі гарадок», 1967; «Радовішча», 1976, і інш.). Раман «Падзямелле» (1983) і аповесць «Палон» (1989) пра жорсткія баі, палон, маральнае супрацьстаянне ворагу, змаганне за чалавечую годнасць. Пераклаў на бел. мову творы Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Л.Украінкі, М.Джаліля, Г.Эміна, паэму М.Нагнібеды «Васілёк» (1961) і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980;
Агледзіны. Мн., 1969;
Анкета. Мн., 1990.
Літ.:
Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 113—118;
Бугаёў Д. Адкрытая душа паэта // Бугаёў Д. Талент і праца. Мн., 1979;
Лойка А. Сустрэча з чалавекам // Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;
Лецка Я. Балючыя старонкі жыцця // Вобраз—85. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1908—09,
міжнародны канфлікт, выкліканы анексіяй 7.10.1908 Босніі і Герцагавіны Аўстра-Венгрыяй. Паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 правінцыі Боснія і Герцагавіна, населеныя сербамі і харватамі, былі акупіраваны аўстра-венг. войскамі, але юрыдычна заставаліся пад намінальнай уладай Асманскай імперыі; у іх пасля выхаду Сербіі з саюзу з Аўстра-Венгрыяй (1903) узмацніўся нац.-вызв. рух. Анексія была задумана, каб прадухіліць магчымае аб’яднанне правінцый з Сербіяй, што не адпавядала інтарэсам Габсбургаў. Дзеянні Аўстра-Венгрыі выклікалі пратэст з боку Турцыі і Сербіі, якая спадзявалася на падтрымку Расіі. Англія заявіла пра непарушнасць Берлінскага трактата 1878, Францыя ўстрымалася ад пратэсту, анексію не ўхвалілі Італія і Румынія. Аўстра-Венгрыю падтрымала Германія. За кампенсацыю ў 2,5 млн.тур. фунтаў Габсбургі дамагліся прызнання анексіі ад Турцыі (пагадненне ад 26.2.1909). Расія імкнулася ўрэгуляваць Баснійскі канфлікт дыпламатычным шляхам, але ва ўмовах ваен. падрыхтоўкі Аўстрыі і магчымага яе нападу на Сербію вымушана была прыняць ультыматыўнае патрабаванне Германіі (22.3.1909) аб прызнанні анексіі. 31.3.1909 анексію прызнала і Сербія. Баснійскі крызіс прывёў да росту міжнар. напружанасці, паглыблення супярэчнасцяў паміж Антантай і Траістым саюзам, пагаршэння адносін паміж Аўстра-Венгрыяй і Сербіяй, стаў адной з перадумоў развязвання 1-й сусв.вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЮШКАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (29.5.1787, г. Волагда, Расія — 19.7.1855),
рускі паэт; прадстаўнік анакрэантычнага кірунку ў рус. лірыцы. Адукацыю атрымаў у прыватных пансіёнах у Пецярбургу. Быў на чыноўніцкай і ваеннай службе, пазней — у рус.дыпламат. місіі ў Італіі. Удзельнік літ. гуртка «Арзамас». У вершах «Вясёлы час», «Вакханка», «Мае Пенаты» і інш. услаўляў радасць быцця, сяброўства, каханне, духоўную свабоду асобы. У аснове элегій «На руінах замка ў Швецыі», «Пераход праз Рэйн» уражанні вайны 1812. Ідэйны і душэўны крызіс абумовіў змрочна-меланхалічны тон лірыкі, узмацненне рэліг. настрояў, матывы нераздзеленага кахання, абвастрыў тэму трагічнага лёсу паэта (элегіі «Да сябра», «Надзея», «Мой геній», «Разлука», «Паміраючы Тас» і інш.). У вершаванай казцы «Вандроўнік і дамасед» (1815) стварыў карціну дысгармоніі жыцця. Аўтар цыклаў анталагічных вершаў, нарысаў і артыкулаў пра л-ру і мастацтва. У 1917 выйшаў зб. «Спробы ў вершах і прозе» (ч. 1—2).
Тв.:
Соч. Т. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Фридман Н.В. Проза Батюшкова. М., 1965;
Яго ж. Поэзия Батюшкова. М., 1971;
Коровин В.И. «И жил так точно, как писал...» (К.Н.Батюшков: К 200-летию со дня рождения). М., 1987;
Кошелев В.А. Константин Батюшков: Странствия и страсти. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛА́РУСКАЕ ВЫДАВЕ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВАў Вільні.
Існавала ў 1913—15 і 1919—30. Выдавала і распаўсюджвала творы бел. л-ры. Засн. 1(14).7.1913 Б.Даніловічам, І.Луцкевічам, К.Шпакоўскім і інш. на базе выдавецтва «Нашай нівы». Знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Гал. мэта дзейнасці — духоўнае адраджэнне бел. народа. У 1913—14 сакратаром выд-ва працаваў Я.Купала. На 21-м этапе існавання (1913—15; спыніла дзейнасць з прычыны 1-й сусв.вайны) выпусціла ў свет 15 кніг агульным тыражом 15 тыс.экз. Сярод іх творы Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., К.Буйло, Я.Лёсіка і інш. Аднавіла выдавецкую справу ў 1919 (напачатку з дадаткам у назве «Крыніца»), Выпускала навук.-папулярную, навуч. і маст. л-ру. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. актывізаваў працу выд-ва. У яго кіраўніцтва ўваходзілі вядомыя культ.-грамадскія дзеячы Зах. Беларусі. Выйшлі «Выбраныя творы» Я.Коласа, п’есы К.Каганца, У.Галубка, М.Гарэцкага, А.Гаротнага, зб. вершаў Х.Ільяшэвіча, зборнікаў зах.-бел. паэтаў і пісьменнікаў «Рунь веснаходу», «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» І.Дварчаніна, успаміны «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» Луцкевіча, «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» М.Доўнар-Запольскага і інш. Спыніла дзейнасць на пач. 1930-х г. пасля рэпрэсій польскіх улад супраць нац.-адраджэнскага руху і аслаблення яго пазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ САМАПО́МАЧ (БНС),
грамадская нац.арг-цыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створана 22.10.1941 паводле загаду ген. камісара Беларусі В.Кубэ. БНС узначальвалі І.Ермачэнка, Ю.Сабалеўскі. Кіруючы орган — Цэнтр. рада (Цэнтраль, складалася з 13 аддзелаў-рэфератаў), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы. Паводле статута, БНС ставіла сабе за мэту «памагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага праследавання, памагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край, пашыраць і развіваць беларускую культуру». Займалася зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцяў, прадуктаў харчавання, абутку і зімовай вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. Кіраўнікі БНС імкнуліся надаць арг-цыі і паліт. функцыі, змяніць зацверджаны акупац. ўладамі статут. У сак. 1943 на з’ездзе Цэнтр. рады і акр. кіраўнікоў БНС прыняты мемарандум, які патрабаваў у ням. улад поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэння бел. ўрада і бел. арміі. Падкрэслівалася, што «ўрад абвесціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб’явіць яму вайну як ворагу беларускага народа». Аднак гэта не спадабалася ням. адміністрацыі. У чэрв. 1943 БНС рэарганізавана ў Бел. самапомач, дзейнасць якой была абмежавана зборам ахвяраванняў, матэрыяльнай дапамогай, вярбоўкай новых членаў. У 1942 пры садзеянні БНС ствараўся Беларускі корпус самааховы. 1.3.1944 перададзена ў падпарадкаванне Беларускай цэнтральнай рады.
аддзел Нар. камісарыята па справах нацыянальнасцяў РСФСР. Існаваў з лют. 1918 да сак. 1919. Распачаў дзейнасць у Петраградзе паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 13.2.1918. З сак. 1918 знаходзіўся ў Маскве. Меў аддзяленні ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве. Складаўся з агітацыйна-паліт., культ.-асв., бежанскага, выдавецкага аддзелаў. Працаваў сумесна з беларускімі секцыямі РКП(б). Камісар А.Р.Чарвякоў (да мая 1918). Вёў паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў на тэр.Сав. Расіі, браў на ўлік бел. арг-цыі і ўстановы, эвакуіраваныя ў час 1-й сусв.вайны, адкрываў бел. школы, клубы, выдаваў л-ру на бел. і рус. мовах. Заснаваў у Маскве Беларускі народны універсітэт, удзельнічаў у стварэнні Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве і Беларускага вольна-эканамічнага таварыства ў Петраградзе. Друкаваны орган — газ.«Дзянніца». Прымаў удзел у падрыхтоўцы абвяшчэння БССР, у стварэнні Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Літ.:
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Калубовіч А. «Айцы» БССР і іхны лёс // Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток;
Вільня. Мн., 1993;
Скалабан В.В. Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии: (Сб. науч. тр.). Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЛЫЯ»,
1) кансерватыўна-ліберальная плынь у нац.-вызв. руху напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 на Беларусі, у Польшчы і Літве. У адрозненне ад «чырвоных» выступалі супраць узбр. паўстання, спадзеючыся мірным шляхам дамагчыся ад царскага ўрада ўступак і аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772. На Беларусі і ў Літве «Белыя» складаліся з ліберальных памешчыкаў. Іх арганізацыя пачала афармляцца ў 1860, пастаянны к-т створаны ў вер. 1862 у Вільні. Баючыся, каб паўстанне 1863—64 не перарасло ў нар. рэвалюцыю, «Белыя» далучыліся да яго. 11.3.1863 яны абвясцілі ў Польшчы дыктатуру свайго стаўленіка М.Лянгевіча, адначасова захапілі паўстанцкую ўладу ў Літве і на Беларусі. Замест «чырвонага» Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі з прадстаўнікоў «Белых» быў утвораны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. «Белыя» сабатавалі правядзенне рэв. пераўтварэнняў і тым самым сталі прычынай звужэння сац. базы і размаху паўстання. У выніку рэпрэсій царскіх улад летам 1863 яны сталі адыходзіць ад паўстання. Гал. дзеячы «Белых» на літ.-бел. землях Я.С.Гейштар, А.У.Аскерка, А.П.Яленскі, В.Стажэнскі (Старжынскі).
2) Неафіц. назва ваенна-паліт. антысавецкіх сіл у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Расіі 1918—20. Гл.Белая гвардыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́МБЕЛЬ (Андрэй Ануфрыевіч) (30.10.1905, г. Веліж Смаленскай вобл. Расія — 13.10.1986),
бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1955). Праф. (1962). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1924—27) у М.Керзіна. Скончыў Ленінградскую АМ (1934). З 1947 на пед. рабоце, з 1953 у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Яго творчасці ўласцівы апавядальнасць, імкненне да абагульнення, лаканічнасць і выразнасць формы. Першая манум. работа (з У.Рытарам) — рэльефы для Дома ўрада і Дома афіцэраў у Мінску (1932—36). Сярод работ, створаных у гады вайны, скульптура Героя Сав. Саюза М.Ф.Гастэла. У пасляваенны час ім выкананы гарэльеф для Манумента Перамогі ў Мінску — «9 мая 1945 года», помнік Дз.І.Мендзялееву перад будынкам хім. ф-та Маскоўскага ун-та, статуя «Беларусь сацыялістычная» для бел. павільёна на ВДНГ у Маскве, партрэты бел. акцёра П.С.Малчанава, партыз. камандзіраў Дз.Ц.Гуляева, П.З.Калініна і інш. Аўтар Кургана Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (арх. А.Стаховіч, 1969, Дзярж. прэмія Беларусі 1970), мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой (1971). У 1970—80-я г. стварыў партрэты Я.Купалы, А.Блока, І.Шамякіна і інш. У 1995 у Мінску ў яго доме-майстэрні створаны Музей сучаснай бел. скульптуры імя А.Бембеля.