1) у шырокім сэнсе — комплекс грамадскіх навук, які вывучае мастацтва: яго асобныя віды, заканамернасці развіцця, сукупнасць пытанняў зместу і формы маст. твораў, маст. культуру грамадства ў цэлым. Уключае літаратуразнаўства, музыказнаўства, тэатразнаўства, кіназнаўства. Уяўляе сабой адзінства тэорыі, гісторыі мастацтва, мастацкай крытыкі. Тэорыя мастацтва вывучае метады творчага працэсу, прынцыпы кампазіцыйнай і маст. формы, адзінства вобразнага зместу і выяўл. сродкаў, заканамернасці эстэт. ўспрыняцця твораў мастацтва, сінтэз розных відаў мастацтва, узаемасувязі колеру, матэрыялу і інш. Гісторыя мастацтва даследуе агульныя заканамернасці развіцця сусв. мастацтва ад першабытнасці да сучаснасці, мастацтва асобных кантынентаў, рэгіёнаў, краін, творчасць розных суполак, аб’яднанняў, асобных майстроў у розныя эпохі і перыяды.
2) У вузкім сэнсе — навука пра пластычныя мастацтвы, архітэктуру, дызайн і тэхн. эстэтыку. Даследуе маст. творчасць, дае яе эстэт. ацэнку і навук. аналіз, спрыяе эстэт. выхаванню грамадства. У структуры М. вылучаюць раздзелы: іканаграфія, сацыялогія мастацтва, псіхалогія мастацтва, музеязнаўства, рэстаўрацыя і ахова помнікаў (гл.Ахова гісторыка-культурнай спадчыны) і інш. Звязана з філасофіяй, археалогіяй, нумізматыкай, геральдыкай і інш. навукамі.
Элементы М. вядомы са старажытнасці і разглядаліся ў кантэксце філасофій, л-ры, багаслоўя, гіст. хронік, практычных кіраўніцтваў па рамёствах. Першыя вядомыя вучэнні пра мастацтва распрацоўваліся ў Стараж. Грэцыі Арыстоцелем і Платонам. Пытанні стылістыкі, іканаграфіі, тэхнікі закраналі ў сваіх трактатах скульпт. Паліклет, жывапісцы Еўфранор, Апелес, Памфіл, эвалюцыю грэч. жывапісу — першыя гісторыкі мастацтва Дурыс і Ксенакрат. Апісанні маст. твораў рабілі падарожнікі Палемон і Паўсаній. Больш цэласны і універсальны характар мелі маст. трактаты Стараж. Рыма. Эстэт. зварот да грэч. мастацтва сцвярджалі Цыцэрон і Квінтыліян, прынцыпы ўзаемасувязі арх. формы і буд. канструкцыі — Вітрувій, помнікі мастацтва апісваў Пліній Старэйшы. Здабыткі архітэктуры і мастацтва Усходу змяшчаюць трактаты стараж. і сярэдневяковай Індыі («Чытралакшана», «Шылпашастра», «Манасара», 1—12 ст.), Кітая (Се Хэ, Ван Вэй, Го Сі, 5—11 ст.), Японіі (Нісікава Сукэнобу, Сіба Какана, Кацусіка Хакусай, 18—19 ст.) і інш., краін ісламу (Султан Алі Мешхедзі, Дуст Мухамад, Казі-Ахмед, Садыгі-бек Афшар, 16 — пач. 17 ст.) і інш. У раннім хрысц. мастацтве эстэтыку «хараства свету і майстэрства творцы» распрацоўваў тэолаг Аўгусцін (4—5 ст.).
Пытанні эстэтыкі візант.рэліг. мастацтва закраналі багасловы Іаан Дамаскін і Феодар Студыт (8—9 ст.), якія сцвярджалі яго вял. ролю як матэрыяльнага пасрэдніка да першавобраза — Божага свету. У 12 ст. трактат пра выяўл. і дэкар. мастацтва напісаў Тэафіл (Германія). У 13 ст. ў Францыі цэласную сістэму хрысц. мастацтва стварыў Фама Аквінскі, суадносіны прапорцый у гатычным мастацтве распрацаваў Вілар дэ Анекур. Важным этапам у станаўленні М. стала эпоха Адраджэння. Гуманіст. ідэалы ант. традыцыі ў мастацтве, прызнанне ў асобе мастака творцы сцвярджаў італьянец Ч.Чэніні («Трактат пра жывапіс», 14 ст.). У 15 ст. акцэнт на навук. прынцып спасціжэння свету і чалавека закладзены ў працах італьянцаў Л.Гіберці («Каментарыі»), Л.Б.Альберціні (работы пра жывапіс, архітэктуру і скульптуру), Франчэска ды Джорджа (пра арх. прапорцыі), А.Філарэтэ («Трактат пра архітэктуру») і інш. У 16 ст. мастацтвазнаўчыя ідэі ў Італіі выказвалі Леанарда да Вінчы (сумяшчаў тэарэтычныя, ідэйна-вобразныя і метадычныя мэты мастацтва), П.Арэціна (адзін з першых крытыкаў венецыянскага жывапісу), Дж.Віньёла, Д.Барбара, С.Сермо, А.Паладыо (распрацоўваў у архітэктуры рэнесансавую ордэрную сістэму на аснове ант.), у Германіі — А.Дзюрэр («Чатыры кнігі пра прапорцыі чалавека», 1528, і інш.), у Нідэрландах — К. ван Мандэр (біяграфіі нідэрл. жывапісцаў). Вял. ўклад у развіццё М. зрабіў італьянец Дж.Вазары («Жыццеапісанні найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550). У 17 ст. пашырылася колькасць трактатаў, аглядаў і апісанняў, прысвечаных мастакам і творам мастацтва розных часоў. У Італіі Дж.П.Белоры распрацаваў тэарэт. прынцыпы класіцызму («Жыццеапісанні сучасных жывапісцаў, скульптараў, архітэктараў», 1672). Першы слоўнік тэрмінаў выяўл. мастацтва склаў Ф.Бальдынучы (Італія). Жывапіс класіцызму даследаваў А.Феліб’ен, архітэктуру — Ф.Бландэль (абодва Францыя). Ант. мастацтва даследаваў англічанін Ф.Юніус («Пра жывапіс старажытных». 1637), раннехрысціянскае — італьянец А.Бозіо («Падземны Рым», 1634), праблемы каларыту — француз Р. дэ Піль («Да дыскусіі пра каларыт», 1673; «Асновы курса жывапісу», 1708), італьянец М.Баскіні («Скарбы венецыянскага жывапісу», 1684) і інш. У 18 ст. М. склалася як самаст. навука ў работах І.Вінкельмана (Германія), які паказаў развіццё ант. мастацтва як адзіны працэс змены маст. стыляў, звязаны з эвалюцыяй грамадства і дзяржавы («Гісторыя старажытнага мастацтва», 1763), англічан У.Чэмберса (даследаваў англ. готыку), У.Хогарта («Аналіз хараства», 1754), французаў Ф.Феліб’ена, К.Ф.Кейлюса («Зборы егіпецкіх, этрускіх, грэчаскіх і рымскіх старажытнасцей», т. 1—7, 1767), італьянцаў Л.Ланцы (апісанні жыцця і творчасці італьян. жывапісцаў з часоў антычнасці), Ф.Міліцыа («Запіскі пра антычных і новых дойлідаў», 1781; «Слоўнік мастацтва», 1787) і інш. У перыяд Асветніцтва ў работах Д.Дзідро зарадзілася прафес.маст. крытыка («Салоны», 1759—81, энцыклапедычныя артыкулы і інш.). Ням. філосаф Г.Лесінг увёў тэрмін «выяўленчыя мастацтвы» і прааналізаваў іх спецыфіку. У 19 ст. на развіццё М. ўплывалі эстэт. канцэпцыі ням. філосафаў І.Канта, Ф.Шэлінга, А. і Ф. Шлегеляў, Г.Гегеля і інш. Пераадольваліся канцэпцыі класічных маст. норм, распрацаваных Г.Меерам (Германія) і А.К.Катрмерам дэ Кенсі (Францыя). Новы погляд на свабоду творчасці і індывідуалізму ўнеслі рамантыкі Дж.Констэбл (Англія), Э.Дэлакруа, Ш.Бадлер (Францыя) і інш. У Германіі першыя спробы стварэння ўсеагульнай гісторыі мастацтва зрабілі Ф.Куглер, К.Шназе, А.Шпрынгер. У Францыі развівалася крытыка дэмакр. кірунку, што выступала ў абарону рэалізму (Т.Тарэ і інш.). Вял. ролю адыгралі эстэт. погляды англічаніна Дж.Рэскіна, які імкнуўся адрадзіць гармонію з прыродай і маст. традыцыі сярэднявечча. У канцы 19 ст. ў еўрап. М. абвастрылася барацьба з кансерватыўнай тэндэнцыяй непрыняцця новых маст. кірункаў (імпрэсіянізм, сімвалізм, сезанізм і інш.). У Расіі першыя трактаты пра архітэктуру (П.Яропкін, І.Корабаў, М.Зямцоў) і выяўл. мастацтва (І.Урванаў, П.Чакалеўскі і інш.) з’явіліся ў 18 ст. У 19 ст. цікавасць да гісторыі нац. мастацтва выявілася ў творах І.Акімава, П.Свіньіна, І.Снегірова, А.Вастокава, А.Пісарава. У 20 ст. стылістычны аналіз мастацтва зрабіў І.Грабар, візант. мастацтва і хрысц. іканаграфію даследавалі Дз.Айналаў, Н.Кандакоў, усеагульную гісторыю мастацтва — А.Бенуа, І.Цвятаеў, Б.Фармакоўскі. Важны ўклад у развіццё сав. М. зрабілі М.Алпатаў, Н.Гершэнзон-Чагадаева, Грабар, Ю.Колпінскі, В.Лазараў, Г.Недашывін, В.Палявой, Г.Вагнер, Б.Рыбакоў, Дз.Сараб’янаў, А.Фёдараў-Давыдаў, У.Стасаў, У.Фаворскі і інш.Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі Г.Апалінэр, А.Англіўель дэ Ла Бамель, Т.Бюрале, Д.Габары (Францыя), Ф.Вікгоф і М.Дворжак (Аўстрыя), А. і Л. Вентуры, А.Баларын. Л.Белозі (Італія), Я.Беластоцкі (Польшча), Я.Гамолка (Чэхія), Э.Панофскі (ЗША), Э.Боўнес (Вялікабрытанія) і інш. Сярод тэарэтыкаў сучаснага мастацтва — К.Малевіч (Расія), У.Страмінскі (Беларусь—Польшча), П.Мондрыян (Нідэрланды), Ле Карбюзье (Францыя) і інш. Сучаснае М. ахоплівае шырокае кола праблем мастацтва ўсіх эпох і краін, мае развітую метадалогію, апіраецца на філас.-эстэт. думку, грамадскія і дакладныя навукі. Сярод кірункаў — іканалогія (Э.Папофскі), даследаванне структуры помнікаў (П.Франкастэль), псіхалогія творчасці (Э.Гомбрых), псіхааналіз (Э.Крыс).
На Беларусі першыя звесткі і выказванні пра мастацтва трапляюцца ў «Словах» Кірылы Тураўскага (11 ст.), прадмовах і пасляслоўях Ф.Скарыны да ўласных выданняў (16 ст.), некат. прамовах-пропаведзях і трактатах Сімяона Полацкага (17 ст.). Вывучэннем бел. мастацтва ў 19 ст. займаліся пераважна прафес. мастакі, якія напісалі шэраг прац мастацтвазнаўчага характару: К.Ельскі (трактат «Аб сувязі архітэктуры, скульптуры і жывапісу», 1822), А.Шэмеш («Успаміны пра Дамеля», 1845), В.Смакоўскі («Валенты Ваньковіч», 1845), А.Ромер (вывучаў бел.нар.дэкар.-прыкладное мастацтва, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы), а таксама У.Сыракомля (апісаў маст. творы, якія знаходзіліся ў 19 ст. ў храмах Мінска) і інш. Матэрыялы пра бел. мастацтва змяшчаў час.«Атэнэум», што выдаваўся ў Вільні. У 1920-я г. ў перыяд. друку з’яўляліся даследаванні пра гравюры ў выданнях Скарыны і В.Вашчанкі, выдадзены «Нарысы па гісторыі беларускага мастацтва» М.Шчакаціхіна, перакладзены працы ням. мастацтвазнаўца А.Іпеля, прысвечаныя самабытнасці бел. мастацтва. Манаграфіі пра набіванку (крашаніну) выдалі А.Шлюбскі і І.Фурман, пра гравюры С.Юдовіна — Фурман, пра мастакоў Віцебска — І.Гаўрыс. Вял. ролю ў развіцці бел. М. адыграў Інстытут беларускай культуры і дзейнасць аднаго з яго заснавальнікаў — Шчакаціхіна. Матэрыялы па праблемах мастацтва змяшчалі час. «Искусство», «Полымя», «Маладняк», «Трыбуна мастацтва», у 1930-я г. — газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Чырвоная Беларусь», «Мастацтва і рэвалюцыя». У Зах. Беларусі тэарэт. працы па эстэт. задачах мастацтва пісаў Ф.Рушчыц, па тэорыі фотамастацтва — Я.Булгак. У «Нарысах па гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі» (1940) зроблена спроба вызначыць асн. этапы развіцця бел.выяўл. мастацтва і даць характарыстыку творчасці вядучых мастакоў. З канца 1940-х г. вывучэнне бел. мастацтва вядзецца планамерна і мэтанакіравана. Важнае значэнне ў развіцці бел. М. мела стварэнне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклоруНац.АН Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускай акадэміі мастацтваў і інш.Вял. ўклад у развіццё бел. М. зрабілі А.Аладава, М.Арлова, А.Воінаў, Н.Высоцкая, В.Гаўрылаў, П.Герасімовіч, Л.Дробаў, І.Елатомцава, В.Жук, Ю.Карачун, М.Кацар, А.Лявонава, А.Лакотка, П.Масленікаў, М.Нікалаеў, М.Раманюк, Я.Сахута, А.Сурскі, У.Чантурыя, В.Церашчатава, Т.Чарняўская, Р.Шаура, В.Шматаў, Ю.Якімовіч, М.Яніцкая і інш. Праблемы розных відаў мастацтва даследавалі і даследуюць А.Атраховіч, М.Баразна, В.Буйвал, Л.Вакар, П.Васілеўскі, Э.Вецер, Т.Габрусь, Т.Гаранская, В.Гаршкавоз, М.Гугнін, В.Каваленка, П.Карнач, Б.Крэпак, А.Кулагін, В.Лабачэўская, Б.Лазука, Л.Лапцэвіч, Л.Налівайка, Э.Петэрсон, І.Паньшына, А.Пікулік, У.Пракапцоў, Э.Пугачова, У.Рынкевіч, Г.Сакалоў-Кубай, Л.Салавей, А.Сяліцкі, В.Трыгубовіч, Н.Трыфанава, Л.Фінкельштэйн, М.Цыбульскі, М.Шамшур, А.Ярашэвіч і інш. Артыкулы па гісторыі і тэорыі мастацтва, нарысы пра творчасць мастакоў, агляды выставак друкуюцца ў час.«Мастацтва», «Беларусь», «Маладосць», «Нёман», альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газ. «Культура», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і інш.
Літ.:
Базен Ж. История истории искусства: От Вазари до наших дней: Пер. с фр.М., 1995;
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Прабл. адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
М’Я́НМА, Саюз М’янма (П’ідаўнзу м’янманайнган),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на ПнЗ п-ва Індакітай. Мяжуе на З з Бангладэш і Індыяй, на У з Кітаем, Лаосам, Тайландам. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. і Алдаманскім м.Пл. 676,6 тыс.км². Нас. 48,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — м’янма (бірманская). Сталіца — г.Янгон (Рангун). Падзяляецца на 14 адм. адзінак (7 нац. аўтаномных і 7 адм. абласцей). Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 студз.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Да правядзення парламенцкіх выбараў уладу ў краіне ажыццяўляе Дзярж. савет міру і парадку, старшыня якога займае пасады кіраўніка дзяржавы, прэм’ер-міністра і міністра абароны.
Прырода. Пераважае горны рэльеф. У цэнтр.ч. — падоўжнае паніжэнне з р. Іравадзі, якое ў восевай ч. занята раўнінай, на Пд — нізіннай дэльтай. На З сістэма сярэдневысокіх, глыбока парэзаных складкавых гор; гал. хрыбты Пакхайн (на Пн) і Ракхайн (на Пд). На крайняй Пн горы да 5881 м (г. Кхакабаразі). На У Шанскае нагор’е з чаргаваннем горных хрыбтоў (выш. каля 1,5 тыс.м) і катлавін. Бываюць землетрасенні. На тэр. М. адкрыты і разведаны радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, руд нікелю, вальфраму, волава, медзі, свінцу, жалеза, сурмы, золата, каштоўных і вырабных камянёў (рубін, жадэіт, сапфір, ювелірная шпінель) і інш. Клімат субэкватарыяльнага пояса. на Пд з мусонным рэжымам ападкаў, на Пн пераходны да субтрапічнага. У раўнінных раёнах сярэдняя т-растудз. на Пд каля 20—25 °C, на Пн 13—15 °C, найб. горача ў сак.—крас. (30—32 °C). Ападкаў у гарах да 2000—3000 мм, месцамі да 5000 мм, ва ўнутр. катлавінах 500—1000 мм за год. Чэрв.—кастр. — перыяд дажджоў. Рэкі мнагаводныя, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Галоўныя: Іравадзі (найб. прыток Чындуін), Салуін, Каладан, Сітаўн. Больш як палавіна тэр. пад лесам. На нізінах і ў перадгор’ях пальмы, фікусы, бамбук. вышэй — каштоўныя пароды (цік, сал), у цэнтр. раёнах — лістападныя лясы, саванны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: сланы, тыгры, насарогі, леапарды, шакалы, гімалайскі і малайскі мядзведзі, малпы, куніцы. Шмат птушак, насякомых. На тэр. М. — рэзерваты Підаўн, Шуэдаўн і інш.
Насельніцтва. Каля 75% складаюць м’янма (бірманцы), народ тыбета-бірманскай моўнай групы, да якой у М. належаць карэны (больш за 3,5 млн.чал.), чыны (каля 0,9 млн.), качыны (каля 0,7 млн.), кая (каля 150 тыс.); да тайскай моўнай групы адносяцца шаны (больш за 3 млн.чал.), да аўстраазіяцкай сям’і — моны (каля 0,7 млн.). На Пд і ў буйных гарадах — каля 0,5 млн. выхадцаў з Індыі і Бангладэш, 0,4 млн. кітайцаў. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (каля 90%); мусульман 4%, хрысціян і індуістаў — па 1,5%. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,65%. Сярэдняя шчыльн. каля 71 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне і дэльце Іравадзі, дзе шчыльн. дасягае 1000 чал. на 1 км². Павышаная шчыльн. на марскім узбярэжжы, рэдкая — у горных і лясных раёнах (1—5 чал. на 1 км²). У гарадах 26% насельніцтва. Найб. горад Янгон — 3873 тыс.ж. (1998). Каля 400—500 тыс.ж. у гарадах Мандалай, Басейн, Малам’яйн, М’ей. У сельскай гаспадарцы занята 67% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут пасяліліся плямёны бірманцаў (м’янма). Яны стварылі дзяржаву Паган, якая дасягнула росквіту ў 11—13 ст. У канцы 13 ст. Паган разгромлены манголамі (гл.Мангольскія заваяванні) і распаўся. У сярэдзіне 18 ст. адбылося аб’яднанне краіны пад уладай дынастыі Канбаўн. У выніку англа-бірманскіх войнаў (1824—26, 1852—53, 1885) М. заваявана Вялікабрытаніяй. У 1886—1937 — у складзе Брыт. Індыі, з 1937 — асобная калонія (англ. — Бірма). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі, барацьбу супраць якіх узначаліла створаная ў 1944 Антыфашысцкая ліга народнай свабоды (АЛНС) на чале з Аун Санам. У маі 1945 вызвалена ў выніку ўзбр. паўстання на чале з АЛНС пры падтрымцы брыт. войск. На парламенцкіх выбарах 1947 перамагла АЛНС, яе лідэр У Ну стаў прэм’ер-міністрам краіны.
4.1.1948 абвешчаны незалежны Бірманскі саюз. Унутрыпаліт. становішча краіны было няўстойлівым з-за вострай барацьбы паміж паліт. партыямі, грамадз. вайны супраць камуністаў і нац. меншасцей на ўскраінах М. 2.3.1962 вайскоўцы скінулі ўрад У Ну. Новы ўрад на чале з Не Вінам прыняў праграму «Бірманскі шлях да сацыялізму» і абвясціў сацыяліст. арыентацыю краіны. Была створана адзіная легальная партыя — Бірманская партыя сацыяліст. праграмы. У 1974 прынята новая канстытуцыя, краіна атрымала назву Бірманскі Сацыяліст. Саюз. Курс на сацыяліст. арыентацыю ў 1960—80-я г. скончыўся правалам. У выніку масавых нар. выступленняў у сак.—жніўні 1988 Не Він падаў у адстаўку. 18.9.1988 адбыўся ваен. пераварот і ўлада перайшла да Дзярж. савета па аднаўленні законнасці і парадку (ДСАЗП; з ліст. 1997 — Дзярж. савет міру і развіцця) на чале з ген. Тан Шве. З 1989 краіна наз. Саюз М. На выбарах 1990 80% месцаў у парламенце заваявала гал. апазіцыйная арг-цыя — Нац. ліга за дэмакратыю (НЛД) на чале з Аун Сан Су Чжы. ДСАЗП адмовіўся перадаць уладу парламенту і арыштаваў лідэраў апазіцыі. У студз. 1993 ён стварыў Нац. канстытуцыйную канферэнцыю (НКК) для распрацоўкі новай канстытуцыі. У 1995 прадстаўнікі НЛД выйшлі з НКК і стварылі Парламенцкі прадстаўнічы к-т дэпутатаў, выбраных у 1990. Частка дэпутатаў на чале з Сейн Лвінам стварыла за мяжой «Нацыянальны кааліцыйны ўрад».
М. — чл.ААН (з 1948), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1997). Дыпламат. адносіны паміж Саюзам М. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены 22.9.1999. Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нац. ліга за дэмакратыю, Партыя нац. адзінства.
Гаспадарка. М. — агр. краіна з цэнтралізаваным планаваннем эканомікі. Даход на 1 чал. адзін з самых нізкіх у свеце, не перавышае 250—300 дол. ЗША за год. Праведзена агр. рэформа, створаны дзярж. сектар (буйныя прамысл. прадпрыемствы, чыг., унутр. водны і паветр. транспарт, цэнтр. банк і інш.); дзяржава кантралюе знешні гандаль і крэдытна-фін. сістэму. У дзярж. і каап. сектарах ствараецца больш за 50% валавога ўнутр. прадукту. Сельская гаспадарка разам з лясной і рыбалоўствам дае каля 60% нац. даходу. Пад с.-г. ўгоддзямі 15% тэр. (больш за 10 млн.га). Арашаецца каля 2 млн.га, з некаторых участкаў збіраюць 2 і больш ураджаяў за год. Асн. частку прадукцыі даюць дробныя гаспадаркі (да 3—4 га). Гал.с.-г. раёны — даліна і дэльта р. Іравадзі, марское ўзбярэжжа. Збор (тыс.т, 1995): рысу — 20 100 (гал.с.-г. культура, займае больш за палавіну с.-г. зямель), кукурузы — 275, пшаніцы — 147, проса — 150, арахісу — 501, кунжуту — 966. Цукр. трыснягу сабрана 2,2 млн.т, агародніны — 2,2 млн.т, фруктаў (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга) — 1 млн.т. Вырошчваюць таксама батат, маніёк, бавоўнік, джут, тытунь, сланечнік, перац, каву, чай, каўчуканосы. М. — буйнейшы ў свеце вытворца опіуму-сырцу (больш за 2,5 тыс.т штогод). Больш за 80% усіх пасеваў рысу — у ніжняй ч. даліны Іравадзі і яе дэльце. У больш засушлівай ч. даліны вырошчваюць проса, кукурузу, бабовыя, кунжут, арахіс, бавоўнік, сланечнік, на Шанскім нагор’і — пшаніцу, цытрусавыя, чай, батат, маніёк, на ўзбярэжжы — каўчуканосы і какосавую пальму. Жывёлагадоўля развіта слаба, буйн. раг. жывёлу і буйвалаў выкарыстоўваюць як цяглавую сілу. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 10,5, буйвалаў 2,3, свіней 3,5, коз 1,3, авечак 0,37. У сельскай і лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць прыручаных сланоў (каля 1 тыс.). Пашавая жывёла гадоўля найб. развіта на Шанскім нагор’і. Вытв-сць (1995, тыс.т): малака кароў і буйваліц 548, свініны 102, ялавічыны і цяляціны 92. Развіта птушкагадоўля, у 1997 было 33 млн. курэй. Пашырана марское і рачное рыбалоўства, у 1997 вылаўлена 830,3 тыс.т рыбы. Здабыча жэмчугу. Лясная гаспадарка займае самаст. месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўваецца драўніна ціку (каля 70% сусв. прадукцыі), а таксама інш. цвёрдых лісцевых парод. Развіты гарнарудная і апрацоўчая прам-сць. Здабываюць (1995) нафту — каля 1 млн.т, прыродны газ — 1,9 млрд.м³, каменны вугаль — 48 тыс.т, руды цынку, свінцу, вальфраму, волава, медзі і інш., каштоўныя і вырабныя камяні. У 1996 атрымана 3,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Электрастанцыі працуюць пераважна на прыродным газе ў найб. гарадах, ёсць ГЭС на горных рэках. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці — харч. (рысаачышчальная, рыбаперапр., алейная, цукр., тытунёвая) і тэкст. (вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін, джутавых вырабаў). Ёсць свінцова-цынкавы камбінат, 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць 1 млн.т), металургічны з-д (выпускае штогод 50—100 тыс.т сталі), прадпрыемствы суднабудаўнічыя і суднарамонтныя, трактара-, аўта- і велазборачныя, па вытв-сці азотных угнаенняў і фармацэўтычных тавараў, цэм. і цагельныя з-ды. Працуюць лесапільні, прадпрыемствы па вырабе абутку, запалак, цэлюлозы і паперы. Развіта саматужная вытв-сцьс.-г. прылад, мэблі, посуду, тканін, лакіраваных і плеценых вырабаў, прадметаў будыйскага культу, разьбярства па дрэве, слановай косці і серабру. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі вырабляецца ў г. Янгон. Транспарт унутр. водны, чыг., аўтамаб., марскі. Працягласць унутр. водных шляхоў больш за 8 тыс.км. Гал.трансп. артэрыя — р. Іравадзі і яе прыток Чындуін, суднаходныя таксама ніжнія цячэнні рэк Салуін і Каладан. Даўж. чыгункі 5060 км. Асн. лініі ў даліне р. Іравадзі, злучаюць унутр. раёны з марскімі партамі. Аўтадарог 27 тыс.км. У краіне 35 тыс. легкавых аўтамабіляў, 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі, пашыраны кабатажныя перавозкі. Гал. парты: Янгон, Басейн, Малам’яйн, Сітуэ. Гал.ўнутр. порт і трансп. вузел Мандалай. 19 аэрапортаў, міжнар. аэрапорты каля Янгона і Мандалая. У 1996 экспарт склаў 1,1 млрд.дол., імпарт — 2 млрд.дол. М. экспартуе драўніну і піламатэрыялы, рыс, каўчук, каштоўныя і вырабныя камяні, канцэнтраты і руды каляровых металаў, імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Кітай, Японія, Сінгапур, Інданезія. Грашовая адзінка — к’ят (чжа або джа).
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС і ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (нар. паліцыя і нар. міліцыя). Агульная колькасць (1999) больш за 0,5 млн.чал., у т. л. 429 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета міру і парадку. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 400 тыс.чал., 235 танкаў, 270 бронетранспарцёраў, 250 гармат і інш. У ВПС 9 тыс.чал., 91 баявы самалёт, 18 баявых верталётаў. У ВМС каля 20 тыс.чал., у т. л. 800 чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў (5 дэсантных), 63 катэры, у т. л. 3 ракетныя.
Літ.:
Можейко И.В., Узянов А.Н. История Бирмы (Краткий очерк). М., 1973.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы).
Герб і сцяг М’янмы.Да арт.М’янма: 1 — ландшафт у цэнтральнай частцы М’янмы; 2 — ірыгацыйная сістэма Чэмоўтау.Да арт.М’янма. Пагада Шуэдагоўн (Шведагон) у Рангуне. 14 ст., неаднаразова перабудаваная да 18 ст.
Тэрыторыя Беларусі размешчана ў межах Усходне-Еўрапейскай платформы з раўнінным рэльефам, яе ландшафты належаць да класа раўнінных. Тыпы ландшафтаў (барэальныя і суббарэальныя лясныя) вылучаны па глабальных адрозненнях у суадносінах цяпла і вільгаці, уласцівых гэтаму сектару сушы. У межах тыпу з улікам генетычных асаблівасцей тэрыторыі вылучаны роды, паводле мезарэльефу і структуры глебаварасліннага покрыва — віды ландшафтаў. У залежнасці ад займаемай займанай* плошчы прыродныя тэрытарыяльныя комплексы (ПТК) падзяляюць на дамінантныя, субдамінантныя і рэдкія. Да дамінантных належаць 2 роды ландшафтаў — водна-ледавіковыя і другаснамарэнныя, якія займаюць 35% плошчы краіны і з’яўляюцца для яе найб. тыповымі. Субдамінантныя ПТК (39,5% плошчы) прадстаўлены групай з 5 родаў ландшафтаў, удзельная вага якіх змяняецца ад 5 да 10%. Астатнія ландшафты (25,5%), кожны з якіх займае менш за 5% плошчы, утвараюць групу рэдкіх.
Ландшафты-дамінанты сустракаюцца паўсюдна, асабліва характэрны для цэнтральнай паласы Беларусі. Яны прымеркаваны да буйных раўнін — Цэнтральнабярэзінскай, Слуцкай, Аршанска-Магілёўскай, Чачорскай, Баранавіцкай, Нарачанскай і Вілейскай. У гэтай групе найб. пашыраныя водна-ледавіковыя ландшафты з хваёвымі і шыракаліста-хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей забалочаных глебах, часткова разараныя. Займаюць 20,75% тэр. Фарміраванне іх літагеннай асновы звязана з дзейнасцю ледавіковых вод у час раставання ледавікоў, у выніку чаго ўтварыліся магутныя пясчаныя адклады рознага ўзросту. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 140—190 м, адносныя перавышэнні 2—3 м. Характэрныя формы рэльефу — дзюны, катлавіны, лагчыны сцёку. Бедныя пясчаныя, месцамі забалочаныя глебы, садзейнічаюць пашырэнню лясоў (45%), пераважна хваёвых і бярозавых, і балот. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 15 відаў. Другаснамарэнныя ландшафты з шыракаліста-яловымі, хваёвымі, шыракаліста-хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей забалочаных глебах, значна разараныя, займаюць 14,6% тэр. Складзены яны з асноўнай марэны сожскага і дняпроўскага ўзросту, перакрыты водна-ледавіковымі, радзей лёсападобнымі супескамі і суглінкамі магутнасцю 0,5—3 м. Абсалютныя адзнакі паверхні 150—180 м, адносныя перавышэнні 3—5 м. Рэльеф хвалісты, радзей узгорыста-хвалісты. Характэрныя формы рэльефу — лагчыны сцёку з плоскім днішчам, асобныя камавыя і марэнныя ўзгоркі. Пашыраныя дзярнова-падзолістыя супясчаныя глебы і выраўнаваны рэльеф абумовілі высокую ступень сельскагаспадарчай асвоенасці пры параўнальна нізкай (каля 23%) лясістасці. Сярод лясных фармацый пераважаюць шыракаліста-яловыя, радзей хваёвыя і дубовыя. У межах гэтага роду ландшафту вылучана 13 відаў.
Субдамінантныя ландшафты пашыраны паўсюдна, але асабліва тыповыя для цэнтр. і паўд. частак краіны. Найб. складанай будовай адрозніваюцца ўзгорыста-марэнна-эразійныя ландшафты з шыракаліста-яловымі, шыракалістымі і хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей дзярнова-палева-падзолістых глебах, значна разараныя. Яны займаюць 7,9% плошчы краіны і прымеркаваны да ўзвышшаў Беларускай грады ў зоне сожскага зледзянення. Тэрыторыя складзена з валунных марэн. Пераважаюць абсалютныя адзнакі 200—250 м, радзей да 320 м, а на Мінскім узвышшы — да 345 м. Рэльеф дробна- і сярэднеўзгорысты, радзей буйнаўзгорысты і платопадобны, значна перапрацаваны эразійнымі працэсамі. Урадлівыя дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя супясчана-сугліністыя глебы паспрыялі высокай ступені сельскагаспадарчай асвоенасці і параўнальна нізкай (каля 25%) лясістасці. Сярод лясоў пераважаюць шыракаліста-яловыя і яловыя, радзей хваёвыя і дубовыя. Структура ландшафтаў складаная — у іх межах вылучана 13 відаў.
Марэнна-зандравыя ландшафты з шыракаліста-яловымі, шыракаліста-хваёвымі і хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых і дзярнова-падзолістых забалочаных глебах, абмежавана разараныя, займаюць 8,4% тэр. краіны і прымеркаваны да яе паўд. часткі. Фарміраванне літагеннай асновы ландшафтаў звязана з акумуляцыйнай дзейнасцю сожскага і дняпроўскага ледавікоў і іх вод, якія перакрывалі найб. паніжаныя ўчасткі асноўнай марэны пясчанымі адкладамі. У выніку ландшафты маюць неаднародную геалагічную будову і складзены з розназярністых водна-ледавіковых пяскоў, радзей — з марэнных суглінкаў. Абсалютныя вышыні 150—170 м, месцамі 170—210 м, адносныя перавышэнні 5—7 м, рэльеф хвалісты. Геолага-геамарфалагічная неаднароднасць абумовіла стракатасць глебава-расліннага покрыва. У межах марэнных раўнін і ўзгоркаў пашыраны дзярнова-падзолістыя супясчана-сугліністыя глебы, пераважна разараныя. Невялікімі ўчасткамі тут сустракаюцца шыракаліста-яловыя, шыракаліста-хваёвыя і дубовыя лясы. Водна-ледавіковыя і зандравыя раўніны з пясчана-супясчанымі, часта забалочанымі глебамі, заняты хваёвымі лясамі. Сярэдняя лясістасць ландшафтаў — 30%. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 9 відаў.
Алювіяльныя тэрасаваныя ландшафты з хваёвымі, шыракаліста-хваёвымі і драбналістымі лясамі на дзярнова-падзолістых, часта забалочаных глебах, часткова разараныя, займаюць 6,3% плошчы Беларусі. Прымеркаваны яны да далін буйных рэк (Дняпро, Прыпяць, Сож) на поўдні краіны. Складзены з алювіяльных пяскоў. На асобных участках па правабярэжжы Прыпяці пяскі перакрыты мергелістымі лёсападобнымі суглінкамі. на ПдЗ — водна-ледавіковымі супескамі і суглінкамі. Абсалютныя іх вышыні 115—140 м, адносныя перавышэнні 2—3 м. Паверхня пласкахвалістая, месцамі хвалістая ці плоская, слаба расчлянёная лагчынамі сцёку, забалочаная. Сустракаюцца эолавыя формы ў выглядзе ўзгоркаў, град і адзінкавых дзюн. Эолавыя формы складзены з адсартаваных пяскоў, іх адносныя вышыні дасягаюць 3—7 м. У глебавым покрыве пераважаюць дзярнова-супясчаныя глебы, ёсць і тарфяна-балотныя. Лясістасць дасягае 50%. Сярод лясоў пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя. Часта сустракаюцца лясныя і травяныя балоты нізіннага, радзей вярховага тыпаў. Сельскагаспадарчая асвоенасць нізкая, каля 20%, прымеркавана пераважна да асушаных балот.
Азёрна-алювіяльныя ландшафты з шыракаліста-хваёвымі, хваёвымі і дубовымі лясамі на дзярнова-падзолістых, часта забалочаных глебах, драбналістымі лясамі і балотамі на тарфяна-балотных глебах, часткова разараныя, займаюць 8,1% тэр. Беларусі. Пашыраны пераважна на Палессі і прымеркаваны да ўчасткаў, складзеных з азёрных і алювіяльных пяскоў, часта перакрытых торфам магутнасцю 0,5—0,7 м. Рэльеф плоскі, ускладнены дзюнамі, месцамі слабаўвагнуты, з абсалютнымі вышынямі 137—145 м і адноснымі перавышэннямі 1,5—2 м. Бедныя дзярнова-падзолістыя, часта забалочаныя пясчаныя глебы абумовілі нізкую ступень сельскагаспадарчай асвоенасці (30%) і значную (да 50%) лясістасць. У складзе лясоў — хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, бярозавыя, зрэдку дубровы. Чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы прымеркаваны да тарфяна-балотных глеб. Значная колькасць адкрытых балот асушана і занята сельскагаспадарчымі ўгоддзямі.
Азёрна-балотныя ландшафты з балотамі і карэннымі драбналістымі лясамі на тарфяна-балотных глебах, хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых глебах, значна разараныя, пашыраны на 8,8% тэр. Сустракаюцца паўсюдна з пераважаннем у паўн. і паўд. раёнах. Складзены з азёрных, алювіяльных або азёрна-алювіяльных утварэнняў, перакрытых тарфамі магутнасцю 0,5—8 м. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 140—160 м, адносныя перавышэнні — 1,5—2,5 м. Рэльеф плоскі, зрэдку слабавыпуклы або слабаўвагнуты. Часта сустракаюцца шматлікія астанцы рачных ці азёрных тэрас з дзюнамі, водна-ледавіковых раўнін, азёрна-ледавіковых нізін. На такіх участках рэльеф набывае бугрысты характар з перападамі вышынь 5—6 м. Зрэдку сярод балот захаваліся рэшткавыя азёры, найчасцей невялікія, іншы раз буйныя (Чырвонае, Выганашчанскае, Бабровіцкае). У глебавым покрыве пашыраны маламагутныя, радзей сярэднемагутныя і магутныя тарфяна-балотныя глебы, на астанцах — забалочаныя дзярновыя, дзярнова-карбанатныя і дзярнова-падзолістыя, пясчана-супясчаныя глебы. Натуральная расліннасць прадстаўлена асаковымі, асакова-трыснояговымі, сфагнавымі (20%) і ляснымі (чорнаальховымі, пушыстабярозавымі) балотамі; ёсць участкі бярозавых, шыракаліста-хваёвых і хваёвых лясоў (40%). На асушаных тэр. пераважаюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Структура ландшафтаў параўнальна простая — у іх межах вылучана 5 відаў. Балотныя ландшафты ў сваім натуральным стане маюць агульнаеўрапейскае значэнне, выконваюць важныя экалагічныя функцыі, у сістэме ахоўных прыродных аб’ектаў Беларусі на іх долю прыпадае 25% ахоўнай тэрыторыі.
У групе рэдкіх ландшафтаў пераважаюць маладыя комплексы, сфарміраваныя ў паазерскі, ці галацэнавы, час. Таму большая іх частка знаходзіцца ў межах Паазерскай правінцыі і адрозніваецца ад інш. ландшафтаў вялікай колькасцю азёр. Гэта ўзгорыста-марэнна-азёрныя, марэнна-азёрныя, азёрна-ледавіковыя ландшафты. Да групы рэдкіх належаць таксама нетыповыя для Беларусі лёсавыя ландшафты.
Лёсавыя ландшафты з шыракаліста-яловымі і драбналістымі лясамі на дзярнова-палева-падзолістых глебах, пераважна разараныя, пашыраны ва ўсх. частцы Беларусі і займаюць 2,3% яе плошчы. Яны складзены з лёсаў і лёсападобных парод магутнасцю 4—17 м, якія залягаюць на марэнных і водна-ледавіковых адкладах. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 190—230 м, адносныя перавышэнні 1—2, радзей да 5 м. Рэльеф хваліста-ўвалісты, месцамі дробнаўзгорысты і платопадобны са шматлікімі суфазійнымі западзінамі і эразійнымі формамі — ярамі, лагчынамі, далінамі дробных рэк. Пераважаюць дзярнова-палева-падзолістыя сугліністыя глебы, вельмі ўрадлівыя. Таму лёсавыя ландшафты характарызуюцца найб. сельскагаспадарчай асвоенасцю — каля 84%. У натуральнай расліннасці пераважаюць яловыя, шыракаліста-яловыя і асінавыя лясы (10%). ёсць і сухадольныя лугі. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 5 відаў.
Поймавыя ландшафты з лугамі, балотамі, дубровамі на дзярновых забалочаных глебах пашыраны ў поймах буйных рэк. Яны займаюць 4,2% тэр. Беларусі і часцей трапляюцца ў паўд. яе частцы. Складзены з маладых алювіяльных адкладаў (пяскі, супескі, зрэдку перакрытыя торфам). Рэльеф звычайна плоскі, пласкахвалісты з абсалютнымі адзнакамі 100—150 м і нязначнымі (0,1—0,3 м) адноснымі перавышэннямі, радзей драбнагрывісты (1—1,5 м) і буйнагрывісты (1,5—3 м). Сустракаюцца астанцы надпоймавых тэрас, часта з дзюнамі; ёсць старычныя азёры. Глебы пераважна дзярновыя забалочаныя, пясчана-супясчаныя з драбназлакавымі, радзей буйназлакавымі лугамі (каля 45%) і поймавымі дубровамі. На тарфяна-балотных глебах сустракаюцца чорнаальховыя лясы, але лясістасць не перавышае 14%. На поймах Прыпяці, Дняпра і некаторых іх прытокаў тарфяна-балотныя глебы асушаны і выкарыстоўваюцца пад ворыва, пашы і культурныя сенажаці (каля 20%). Поймавыя ландшафты ў натуральным стане маюць агульнаеўрапейскае значэнне, выконваюць экалагічныя і рэкрэацыйныя функцыі.
Прыродныя ландшафты знаходзяцца пад значным уплывам гаспадарчай дзейнасці, якая спрыяе трансфармацыі прыродных комплексаў у антрапагенныя. У залежнасці ад ступені гаспадарчага ўздзеяння антрапагенныя ландшафты падзяляюць на прыродна-антрапагенныя і тэхнагенныя (створаныя рукамі чалавека, патрабуюць з яго боку пастаяннага догляду і не маюць аналагаў у прыродзе; напр., гарадскія, горнапрамысловыя, дарожныя ландшафты). Прыродна-антрапагенныя ландшафты фарміруюцца ў працэсе выкарыстання рэсурсаў прыроднага комплексу, што прыводзіць да трансфармацыі ў першую чаргу кампанентаў біёты. На тэр. Беларусі сярод прыродна-антрапагенных ландшафтаў пераважаюць сельскагаспадарчыя і сельскагаспадарча-лясныя (60% плошчы). Пашыраны таксама лясныя, рэкрэацыйныя, ахоўныя прыродна-антрапагенныя комплексы.
Г.І.Марцінкевіч.
Узгорыста-марэнна-азёрны ландшафт Браслаўскай грады.Камава-марэнна-азёрны ландшафт Возера Глубелька (Мядзельскі раён).Марэнна-зандравы ландшафт.Азёрна-алювіяльны ландшафт Выганашчанскага заказніка ў Івацэвіцкім раёне.Ландшафт рачных далін у Расонскім раёне.Азёрна-балотны ландшафт. Нізіннае хвашчовае балота ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі».Азёрна-балотны ландшафт. Пераходнае асакова-сфагнавае балота ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі».Азёрна-балотны ландшафт. Пераходнае сфагнава-падвейнае балота ў Шчучынскім раёне.Поймавы ландшафт; веснавая паводка ў сярэднім цячэнні р. Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ
Сельская гаспадарка Беларусі мае пэўную жывёлагадоўчую спецыялізацыю. На долю гэтай галіны прыпадае 42,1% прадукцыі с.-г. вытв-сці. У былым СССР Беларусь займала адно з першых месц па вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. У 1990-я г. пагалоўе жывёлы і аб’ёмы вытв-сці набылі тэндэнцыю да скарачэння (гл.табл. 8 і 9). Скарацілася вытв-сць і спажыванне жывёлагадоўчай прадукцыі ў разліку на душу насельніцтва. У 2003 атрымана 61 кг мясной прадукцыі на душу насельніцтва, малака 474 кг, яец 285 шт. На долю жывёлагадоўлі прыпадае каля 80% таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі; асн. вытворцы прадукцыі — калект. гаспадаркі, значная доля належыць таксама дапаможным прысядзібным гаспадаркам.
У сав. перыяд вял. ўвага аддавалася племянной рабоце, што дазволіла забяспечыць грамадскі статак высокапрадукцыйнымі пародамі жывёлы. Закупкі жывёлы і птушкі (у жывой вазе) дасягаюць 0,5 млн.т, малака 2,9 млн.т, яец 0,9 млрд. шт.
У структуры мясной прадукцыі ялавічына складае 35%, свініна 49,7%, птушынае мяса 14,4%, бараніна 0,3%, інш. віды 1%. Больш развіта жывёлагадоўля ў Гродзенскай, Брэсцкай абл. і на захадзе Мінскай вобл.
Гадоўля буйной рагатай жывёлы малочных і малочна-мясных парод — асн. галіна жывёлагадоўлі. Ялавічына належыць да найб. запатрабаваных відаў мясной прадукцыі, але ў апошнія гады яе вытв-сць стратная. Для большасці гаспадарак характэрна нізкая прадукцыйнасць малочнага статку — сярэднегадавы надой на адну карову складае каля 2500—3000 кг малака, што звязана з недахопамі ў кармленні жывёлы і ў арганізацыі племянной работы. Найб. пашырана бел. чорна-пярэстая парода малочнага кірунку (98% пагалоўя); гадуюць таксама жывёл малочных і малочна-мясных парод: чырвоную беларускую, бурую латвійскую, кастрамскую, сіментальскую, швіцкую, галандскую; з мясных — шарале, лімузін, мен-анжу, герафордскую. Гадоўля буйной рагатай жывёлы больш развіта на захадзе Беларусі — у Гродзенскай, Брэсцкай, часткова Мінскай абл. На 100 гас.-г. угоддзяў у 2003 ва ўсіх катэгорыях гаспадарак прыпадала па 44,2 галавы буйной рагатай жывёлы, атрымана 2,4 т мяса і 52,7 т малака. У сав. час былі створаны буйныя прадпрыемствы па вытв-сці малака на 800—1200 і на 2 тыс. галоў, комплексы па адкорме 6—10 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, якія часова не выкарыстоўваюцца на поўную магутнасць. На Беларусі больш за 150 жывёлагадоўчых комплексаў па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, найбольшае — с.-г. сумеснае калект. прадпрыемства «Астрамечава» ў Брэсцкім р-не (7,5 тыс. галоў). На Пн Беларусі склалася малочная і малочна-мясная, на Пд — мясамалочная, у прыгарадах буйных гарадоў — малочная жывёлагадоўля.
Свінагадоўлі належыць каля палавіны аб’ёму вытв-сці мяса. Свіней адкормліваюць пераважна да мясных і беконных кандыцый, што адпавядае попыту насельніцтва. Для гэтай галіны характэрна развіццё канцэнтрацыі і спецыялізацыі вытв-сці. З 1970 галіна пераводзілася на прамысл. аснову — пабудаваны буйныя высокамеханізаваныя комплексы і ўкаранёна паточна-цэхавая сістэма вытв-сці на фермах калект. гаспадарак. На Беларусі 100 свінагадоўчых комплексаў і больш за 1 тыс. ферм 3 тыпаў: з закончаным абаротам статку, рэпрадукцыйных і адкормачных. Галіна вылучаецца станоўчай рэнтабельнасцю вытв-сці. У 2003 налічвалася 3,3 млн. галоў свіней; асн. пароды: буйная белая, чорна-белая, беларуская мясная, эстонская беконная, ландрас і інш. Свінагадоўля развіта паўсюдна (60 галоў на 100 га ворыва), але найб. шчыльнасць іх пагалоўя ў разліку на 100 га ворыва — у раёнах цэнтр. і паўд. Беларусі, дзе значныя пасевы бульбы і цукр. буракоў. Большай эфектыўнасцю вытв-сці свініны вызначаюцца гаспадаркі Віцебскай і Гродзенскай абл., што звязана з высокай канцэнтрацыяй пагалоўя на комплексах (да 90%), у Магілёўскай вобл. — каля 60%.
Авечкагадоўля мае мяса-воўнавы кірунак. У параўнанні з даваенным перыядам пагалоўе авечак скарацілася амаль у 20 разоў і складае каля 126 тыс. галоў, з іх каля 90% прыпадае на асабістыя гаспадаркі. Пераважаюць пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская. У 2003 асноўны аб’ём воўны (136 т) прыпадаў на долю танкаруннай і паўтанкаруннай авечкагадоўлі. Гадоўля авечак пашырана пераважна ў Гомельскай вобл.
Птушкагадоўля дае высокакаштоўныя прадукты і сыравіну для прамысловасці. У аснове інтэнсіфікацыі галіны — паглыбленая спецыялізацыя і стварэнне буйных птушкагадоўчых прадпрыемстваў. Шырока выкарыстоўваюцца пароды курэй легорн, у бройлернай вытв-сці — пароды корніш і плімутрок. Аналагічныя пародныя групы і ў развядзенні гусей, качак, індыкоў. Інтэнсіўная птушкагадоўля развіта пераважна ў прыгарадных зонах. Шырокае выкарыстанне канцэнтраваных кармоў і высокі ўзровень механізацыі вытв. працэсаў спрыяюць стабільнасці і рэнтабельнасці галіны. Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак гадуюць каля 25 млн. галоў птушкі (2003). Больш за 70% яец вырабляецца на 39 птушкафабрыках. Для вядзення племянной работы створаны 3 племзаводы, 5 племянных рэпрадуктараў. Найб. птушкафабрыкі: Аршанская, Баранавіцкая, Смалявіцкая бройлерная, Мінскае ВА па птушкагадоўлі. Гадуюць таксама гусей, індыкоў, качак, цацарак, перапёлак; на Маладзечанскай птушкафабрыцы і прадпрыемстве «Тэўрупол-Сувораў» (Пастаўскі р-н) — страусаў.
Зверагадоўля — адна з маладых галін сельскай гаспадаркі Беларусі. Гадуюць каштоўных пушных звяроў, пераважна норку (цёмна-карычневай, пастэльнай, серабрыста-блакітнай, тапазавай, жамчужнай і белай афарбоўкі), нарвежскіх вуалевых пясцоў, серабрыста-чорных лісоў, нутрый, шыншыл, андатраў і інш.Найб. пашырана клетачная форма зверагадоўлі, існуе таксама паўвольнае развядзенне асобных відаў. Найб. прадпрыемствы: Маладзечанская, Баранавіцкая, Пінская зверагаспадаркі, зверасаўгас «Беларускі» (Вілейскі р-н). Удзельная вага пушніны, што дае зверагадоўля (у вартасным выражэнні), складае больш за 95% усяго аб’ёму нарыхтовак пушніны ў краіне.
Конегадоўля на Беларусі — пераважна племяннога і спарт. кірунку. У сувязі з механізацыяй сельскай гаспадаркі пагалоўе коней паступова скарачаецца (з 1916 па 2003 — у 7 разоў). Развіваецца племянная, карыстальніцкая (цяглава-транспартная) і прадукцыйная гадоўля коней. Элітныя пароды коней гадуюць на 5 спецыялізаваных конезаводах: беларуская запражная («Мір», Баранавіцкі р-н); руская рысістая (конезавод №59, Веткаўскі р-н); цяжкавозная (конезавод №120, Мсціслаўскі р-н); тракененская (імя Даватара, Мінскі р-н); запражная (конезавод №5, Смалявіцкі р-н). Спарт. пароды коней разводзяць у 3 гаспадарках (тракененская, гановерская, украінская верхавая, будзёнаўская пароды). Цяглава-трансп. конегадоўля прадстаўлена ва ўсіх с.-г. прадпрыемствах, у т. л. фермерскіх. Да мясц. умоў найб. прыстасаваны коні бел. запражной пароды.
Пчалярствам займаюцца ў асноўным у с.-г. прадпрыемствах. Яно мае апыляльна-мядовы кірунак. Разводзяць пераважна карпацкую пароду пчол. Для развядзення і якаснага паляпшэння пчаліных сямей створаны пчолагадавальнікі — Брэсцкі, Баранавіцкі і Гродзенскі. Найб. пчолапрадпрыемствы — Мастоўскае і Шчучынскае. На Беларусі больш за 400 тыс. пчоласямей, у асноўным у пчаляроў-аматараў, штогадовая вытв-сць мёду каля 7 тыс.т.
Рыбаводства як галіна сельскай гаспадаркі ўключае сажалкавае, садковае і індустр. развядзенне рыб. Працуюць 18 сажалкавых гаспадарак і 1 халаднаводная гаспадарка па вырошчванні стронгі. Рыбныя сажалкі ёсць у шэрагу с.-г. прадпрыемстваў, у дапаможных гаспадарках прамысл. прадпрыемстваў; арандаваныя вадаёмы для вядзення рыбагадоўлі — у фермераў. Асн. аб’ект рыбагадоўлі — карп, дадатковыя — карась, таўсталобік, белы амур, шчупак, стронга. Штогадовая вытв-сць рыбы каля 10 тыс.т.
На Беларусі склаліся 5 зон спецыялізацыі сельскай гаспадаркі, якія маюць шмат агульных і спецыфічных рыс. Ва ўсіх зонах развіта збожжавая гаспадарка, вядучае месца належыць жывёлагадоўлі. Аднак яны істотна адрозніваюцца структурай пасяўной плошчы, суадносінамі відаў жывёлы. Зніжэнне колькасці прац. рэсурсаў у сельскай мясцовасці, наступствы Чарнобыльскай катастрофы, змяненні структуры прамысловасці і рост гарадоў змянілі межы былых зон спецыялізацыі сельскай гаспадаркі краіны. На Пн Беларусі склалася зона малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі з развітымі свінагадоўляй і льнаводствам. Яна ўключае ўсе раёны Віцебскай, паўн.-ўсх. раёны Магілёўскай і Гродзенскай, паўн. раёны Мінскай абл. Гэта зона прыдатных для земляробства сугліністых глеб, што залягаюць на лёсападобных пародах або на азёрных і марэнных суглінках. Кліматычныя ўмовы спрыяльныя для вырошчвання траў і лёну. Большая частка таварнай прадукцыі забяспечана малочна-мясной жывёлагадоўляй і льнаводствам. На захадзе Гродзенскай, большай частцы Брэсцкай, паўд.-зах. раёнах Мінскай абласцей, дзе больш цёплы і мяккі клімат і ўрадлівыя глебы, знаходзіцца зона высокаразвітой мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі і буракасеяння. Для зоны характэрна пашырэнне пасеваў бульбы і агародніны, асабліва ў прыватным сектары; на гэтай тэр. размешчаны ўсе цукровыя заводы краіны, значная колькасць прадпрыемстваў па перапрацоўцы бульбы і агародніны. Зона вызначаецца высокай ступенню разаранасці і недахопу натуральнай пашы і сенажацяў. Для кармлення жывёлы шырока выкарыстоўваюцца сакавітыя кармы (кукурузны сілас), бульба і адходы буракаводства і харч. прамысловасці.
Паўд.-ўсх. і паўн.-зах. часткі Мінскай, паўд.-ўсх. Гродзенскай, паўн.-ўсх. Брэсцкай, большая частка Магілёўскай абл. — зона малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, бульбаводства з пасевамі лёну-даўгунцу, буракоў. З інш. галін вылучаюцца агародніцтва і садоўніцтва. Большую частку Гомельскай, усх. часткі Брэсцкай і Магілёўскай абл. займае зона мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі і бульбаводства. У параўнанні з інш. зонамі тут меншая доля разараных зямель, даволі значная — сенажацей і пашы, на якіх грунтуецца мяса-малочная жывёлагадоўля. У сувязі са значным забруджваннем тэрыторыі радыенуклідамі вялікія плошчы с.-г. угоддзяў выведзены з с.-г. карыстання, значна скараціліся пасяўныя плошчы пад лёнам; вядзенне сельскай гаспадаркі патрабуе дадатковых мер па бяспечнай с.-г. вытворчасці і атрыманні экалагічна чыстай прадукцыі.
Вакол гарадоў Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Орша, Брэст, Гродна, Баранавічы, Барысаў, Полацк з Наваполацкам даўно існуюць зоны прыгараднай сельскай гаспадаркі. З ростам колькасці насельніцтва і прамысл. развіццём такія зоны сталі фарміравацца вакол Мазыра, Ліды, Пінска, Маладзечна, Салігорска, Бабруйска. Для іх характэрна развіццё малочна-мясной і малочнай жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, агародніцтва і бульбаводства. У структуры іх таварнай прадукцыі ўдзельная вага збожжавых культур, тэхн. культур і свінагадоўлі значна меншая, чым у інш. зонах.
Табліца 8 Пагалоўе жывёлы і птушкі (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак на пач. года, тыс. галоў)
1916
1941
1985
1990
1995
2000
2003
2004
Буйная рагатая жывёла
2293
2843
7556
7166
5403
4326
4005
3924
у т. л.
каровы
1610
1956
2738
2439
2180
1885
1716
1658
Свінні
2444
2520
5012
5204
4005
3566
3329
3287
Авечкі і козы
2050
2578
670
510
284
150
137
126
Коні
1483
1170
230
219
220
221
202
192
Птушка, млн. галоў
44,3
49,8
30,9
27,4
25,1
24,5
Табліца 9 Вытворчасць асноўных прадуктаў жывёлагадоўлі (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак)
1913
1940
1985
1990
1995
2000
2002
2003
Мяса (у жывой вазе), тыс.т
323
424
1534
1758
995
854
883
878
у т. л.
свініны
168
168
424
438
263
301
301
301
Малако, тыс.т
1429
2005
6759
7457
5070
4490
4773
4683
Яйкі, млн.шт.
413
612
3363
3657
3373
3288
2923
2815
Воўна, т
2700
3285
1223
958
396
184
154
136
Статак кароў беларускай чорна-пярэстай пароды.Даільная пляцоўка малочнатаварнай фермы агракамбіната «Ждановічы» (Мінскі раён).Лінія па вытворчасці яец ААТ «Птушкафабрыка імя Крупскай».Жывёлагадоўчы комплекс у Брэсцкім раёне.Свінні беларускай мясной пароды.Табун коней беларускай запражной пароды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНАЯ ГАСПАДАРКА
Землі ляснога фонду Беларусі займаюць 9,2 млн.га або 44,5% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,8 млн.га (85% агульнай плошчы зямель ляснога фонду і 95% лясной плошчы). Яны прадстаўлены дрэвавымі пародамі: хвоя (па плошчы) займае 51,4%, елка 10,3%, дуб 3,4%, бяроза 20,8%, асіна 2,2%, вольха шэрая 2,5%, вольха чорная 8%. Агульны запас драўніны на корані складае 1339,8 млн.м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн.м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 137 млн.м³, з іх лесаўтваральных хвойных (хвоя, елка) — 46%, мяккалістых (бяроза, вольха, асіна, таполя, ліпа, вербы) — 46%, цвердалістых (дуб, ясень, граб, клён, вяз) — 7%. Спелыя і перастойныя дрэвастоі складаюць па плошчы (ад укрытых лесам зямель) — 7,9%, ад агульнага запасу — 10%. Сярэдні запас драўніны на 1 га — 171 м³, сярэдні банітэт 1,9, сярэдняя паўната дрэвастояў — 0,71, сярэдні ўзрост лясоў — 49 гадоў. Да зямель ляснога фонду адносяцца таксама землі, не ўкрытыя лесам, але прызначаныя для лесаразвядзення, і нелясныя землі.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь лясы з’яўляюцца выключна дзяржаўнай уласнасцю. Кіраванне лясамі ажыццяўляе Урад праз Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (Мінлясгас). Разам з Мінлясгасам дзярж. кантроль за выкарыстаннем і аховай лясоў вядзе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (Мінпрыроды). У распараджэнні Мінлясгаса 86% зямель ляснога фонду і 95 лясгасаў. Астатнія землі замацаваны за Упраўленнем справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (7,2%, 13 лясгасаў), Міністэрствам абароны (3,1%, 11 лясгасаў), Камітэтам па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (2,3%, 1 лясгас), Інстытутам лесу (0,4%, 3 лясгасы), Мінскім гарвыканкомам (0,4%, 1 лясгас), Міністэрствам адукацыі (0,3%, 2 лясгасы). Мінлясгас ажыццяўляе свае паўнамоцтвы праз абл.вытв. лесагаспадарчыя аб’яднанні (6) і лясгасы (95). Тэр.-арганізац. структура лясгасаў уключае лясніцтвы (803), майстроўскія ўчасткі (2246), абходы (12 069). Сярэдняя плошча лясгаса — 85 тыс.га, лясніцтва — 9,9 тыс.га. Акрамя вытв. інфраструктуры Мінлясгасу падпарадкаваны таксама Лесаўпарадкавальнае рэсп. унітарнае прадпрыемства (УП) «Белдзяржлес», Дзярж. ўстанова радыяцыйнага кантролю і радыяцыйнай бяспекі «Беллесрад», Дзярж. ўстанова «Рэсп. лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр», Праектна-вышукальнае РУП «Белгіпралес», Паляўніча-гаспадарчае РУП «Белдзяржпаляванне», Дзярж. ўстанова па ахове і маніторынгу лесу «Беллесахова», Гандлёва-вытв. РУП «Беллясгастэхніка», Інвестыцыйнае РУП «Беллесінвест», Вучэбна-адукацыйная ўстанова «Рэсп. вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў лясной гаспадаркі».
У адпаведнасці з эканам., экалагічным і сац. значэннем лясы падзелены на 2 групы. Да 1-й групы аднесена 49,8% лясоў з экалагічнымі і рэкрэацыйнымі функцыямі (запаведнікі, нац. паркі, заказнікі, помнікі прыроды рэсп. значэння, асабліва каштоўныя ўчасткі ляснога фонду, якія маюць генетычнае, навук. і гісторыка-культ. значэнне, водаахоўныя, прыдарожныя, сан.-гігіенічныя, аздараўленчыя вакол населеных пунктаў, курортныя лясы і інш.). Тут нарыхтоўка драўніны і інш. лесагаспадарчыя мерапрыемствы абмежаваны або забаронены. Да 2-й групы аднесены т.зв. эксплуатацыйныя лясы, што з’яўляюцца асноўнай крыніцай драўніны і інш. прадуктаў. У лясах абедзвюх груп вылучаны 19 катэгорый асабліва ахоўных участкаў з абмежаваным рэжымам лесакарыстання. Гэта тэрыторыя (каля 880 тыс.га) выключана з разлікаў лесакарыстання. Доля лясоў, магчымых для эксплуатацыі, у агульнай плошчы абедзвюх груп складае 87%. Доля ляснога сектара, ацэненага па рэалізацыі прадукцыі прамысл. вытворчасці, складае ў ВУП 6%. Прынятая стратэгія лесакарыстання ажыццяўляецца паводле прынцыпу бесперапыннасці і невычарпальнасці. Разлік лесакарыстання вядзецца на 1 год, 10 гадоў і перспектыву (100 гадоў).
Драўніна нарыхтоўваецца пры высечках галоўнага (спелых дрэвастояў), прамежкавага (высечкі догляду, выбарачныя, санітарныя) карыстання і інш. высечках (пры расчыстках трас і пляцовак пад лініі электраперадач, аўтадарогі, прамысл. і нелесагаспадарчыя аб’екты, пры суцэльных санітарных высечках). Памер нарыхтоўкі і водпуску драўніны ў спелых дрэвастоях вызначаецца разліковай лесасекай па высечках галоўнага карыстання. Агульны штогадовы аб’ём нарыхтоўкі драўніны ўключае (2002): па высечках гал. карыстання 4317 тыс.м³, прамежкавага карыстання 3997 тыс.м³ і інш. высечках 4463 тыс.м³. За перыяд 1993—2002 сярэднегадавая доля драўніны ад кожнага віду карыстання ў агульным аб’ёме нарыхтоўкі склала адпаведна 42%, 40% і 18%. У агульным аб’ёме карыстання доля дзелавой драўніны складае 54%, дроў — 46%.
Драўнінныя рэсурсы краіны забяспечваюць сыравінай прамысловасць, буд. комплекс, аграрны сектар, камунальную гаспадарку, інш. галіны эканомікі, патрэбы насельніцтва, пастаўляюцца на экспарт. У 2003 пастаўлена на экспарт драўніннай прадукцыі (з улікам паслуг) на суму 43,3 млн. долараў ЗША. У структуры экспарту пераважаюць піламатэрыялы (46%) і балансы для цэлюлозна-папяровай вытворчасці (45%). Лесанарыхтоўкі (з лістапада 1998 ліцэнзуемы від дзейнасці) праводзяць дзярж. прадпрыемствы, недзярж., сумесныя і замежныя прадпрыемствы, прыватныя прадпрымальнікі. Драўнінныя рэсурсы пераважна выкарыстоўваюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» (50% нарыхтоўкі і вывазу драўніны з высечак гал. карыстання). Вытворчасцю прадукцыі з драўніны займаюцца каля 5 тыс. суб’ектаў гаспадарання (уключна з с.-г. прадпрыемствамі, дапаможнай прамысловасцю, малымі прадпрыемствамі і кааператывамі). Больш за палавіну дзелавой драўніны ідзе на вытв-сць піламатэрыялаў, выпуск якіх ажыццяўляюць 2,7 тыс. прадпрыемстваў і вытв-сцей, найбуйнейшыя з іх уваходзяць у сістэму канцэрна «Беллеспаперапрам». Лесапільная вытв-сць арганізавана і ў сістэме лясной гаспадаркі. У 84 лясгасах функцыянуе 111 лесапільна-дрэваапрацоўчых цэхаў, 18 сталярных, 5 — па ацыліндроўцы бярвення, 3 паркетныя ўчасткі. Яны вырабляюць піламатэрыялы, дошкі для падлогі і абшыўныя, аконныя і дзвярныя блокі, тарныя камплекты, паркет, садовыя домікі, паганажныя вырабы і інш.Асн. сыравінай з’яўляюцца круглыя лесаматэрыялы ад высечак прамежкавага і частковага гал. карыстання. Сумарная вытворчая магутнасць цэхаў лясгасаў па аб’ёме перапрацоўкі сыравіны — да 1 млн.м³. У агульным аб’ёме сыравіны для цэхаў да 76% займае буйная і сярэдняя дзелавая драўніна, 16,5% — дробнатаварная і 7,5% — дрывяная драўніна і адходы лясной гаспадаркі.
Гал. задача лясной гаспадаркі — лесааднаўленне і лесаразвядзенне. Лесааднаўленне на высечках, месцах пажараў (гарах) і інш. раней укрытых лесам землях праводзіцца на працягу 3 гадоў з моманту іх утварэння. Лесаразвядзенне праводзіцца і на нелясных землях з мэтай скарачэння плошчаў непрадукцыйных зямель, павышэння лясістасці тэр. рэспублікі. За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўленчых работ павялічана з 21 да 37,8%. На 1 жыхара краіны прыпадае 0,8 га і 135 м³ лесу, што амаль у 5 разоў вышэй за сярэднееўрапейскі ўзровень (без Расіі). Са 118 адм. раёнаў 17 маюць лясістасць да 50% і больш. Штогод сяўбой і пасадкай у лясгасах ствараюцца лясныя культуры на пл. каля 30 тыс.га. У 2002 лесааднаўленнем ахоплена 43,3 тыс.га, у т. л. пасадка і сяўба лесу праведзены на пл. 36,2 тыс.га, садзейнічанне натуральнаму аднаўленню лесу — на пл. 7,1 тыс.га. Фарміруюцца пераважна мяшаныя паводле саставу лясы для захавання біяразнастайнасці, павелічэння ўстойлівасці да неспрыяльных кліматычных умоў і тэхнагенных уздзеянняў. З мэтай захавання генетычных рэсурсаў лесаўтваральных відаў вылучаны і ахоўваюцца 5 тыс.га генетычных рэзерватаў, 2686 плюсавых дрэў; для захавання генафонду створана 1860 га лесанасенных плантацый і 283 га пастаянных лесанасенных участкаў, закладзена сетка доследных і геаграфічных культур, архіваў клонаў, сямейных і гібрыдных плантацый. Штогод 11—16% (3—4 тыс.га у агульным аб’ёме лесакультурных плошчаў) лясных культур ствараецца пасадачным і пасяўным матэрыялам з найлепшага насення, што забяспечвае да дасягнення ўзросту высечкі павелічэнне запасу насаджэнняў на 10%. Для атрымання высакаякаснага насення пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю Рэсп. лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр і яго філіялы ў Глыбокім і Івацэвічах. Пасадачны матэрыял вырошчваюць у 160 лясных гадавальніках, у т. л. 61 пастаянным, 27 базісных, якія займаюць плошчу каля 1200 га.
У лясным фондзе ажыццяўляецца таксама нарыхтоўка дзікарослых пладоў і ягад (чарніц, журавін, маліны, брусніц, буякоў, чарнаплоднай рабіны і інш.), грыбоў, лекавай сыравіны, бярозавага соку, жывіцы, насення, бярозавых венікаў, хвойнай лапкі, мяса дзікіх жывёл. Штогод у лясным фондзе нарыхтоўваюць да 5 тыс.т грыбоў і 12 тыс.т ягад. Агульны аб’ём экспарту гэтай прадукцыі не перавышае 5% ад біялагічных і 20% ад эксплуатацыйных запасаў гэтых рэсурсаў. Агульная пл. паляўнічых угоддзяў складае 17,7 млн.га. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца 22 віды млекакормячых і 31 від птушак: капытныя жывёлы — лось, алень, дзік, касуля; пушныя звяры — вавёрка, заяц-бяляк, заяц-русак, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, выдра, янотападобны сабака; птушкі — глушэц, цецярук, курапатка, качкі і інш. У сістэме Мінлясгаса дзейнічаюць 72 лесапаляўнічыя гаспадаркі. З 1991 атрымалі магчымасць займацца паляваннем у лясных угоддзях Беларусі замежныя паляўнічыя. Для іх арганізуюцца паляўнічыя туры.
У сістэме лясной гаспадаркі функцыянуюць кірункі дапаможнай сельскай гаспадаркі: лясная жывёлагадоўля (авечкі, свінні, бычкі, коні, алені), пушная зверагадоўля (нутрыі), рыбаводства. Вырошчваюць культ. плады і ягады, бульбу, збожжавыя; атрымліваюць прадукты пчалярства (мёд, воск, праполіс, мярва); рэалізуюць саджанцы дэкаратыўных дрэвава-кустовых парод, навагоднія елкі.
Ахова лясоў — адзін з найважнейшых кірункаў у дзейнасці Мінлясгаса і яго тэр. органаў. У гады з надзвычайнай пажарнай небяспекай за дзень узнікае да 200 выпадкаў загарання лясоў. Колькасць лясных пажараў у 2002 дасягнула 5274, пажарамі было ахоплена 10 108 га лясной плошчы, у выніку згарэла і пашкоджана на корані 199,8 тыс.м³ лесу. Выяўленне пажараў арганізавана на 4 узроўнях: наземнае патруляванне (ажыццяўляюць работнікі дзярж. лясной аховы); візуальнае назіранне з пажарна-назіральных вышак і мачтаў з выкарыстаннем тэхн. сродкаў выяўлення пажараў па цеплавым выпрамяненні і тэлевізійным кантролі; авіяцыйнае патруляванне лясоў; касмічны пажарны маніторынг з выкарыстаннем даных станцыі касмічнага прыёму прыродна-рэсурсных здымкаў. Матэрыяльна-тэхн. база пажаратушэння Мінлясгаса ўключае 210 пажарна-хім. станцый, 440 пажарных аўтамабіляў, 1800 трактароў з глебаапрацоўчым абсталяваннем і інш. Штогод з мэтай павышэння пажараўстойлівасці ляснога фонду ствараюць да 80 тыс.км мінералізаваных палос, праводзяць ачыстку лесу ад сухастою, высечку ў хвойных маладняках, фарміруюць лясы мяшанага саставу (хвойна-лісцевыя) і супрацьпажарныя разрывы з лісцевых парод, арганізоўваюць месцы адпачынку (у 2003 арганізавана 4980), абмяжоўваюць уезд аўтатранспарту шлагбаумамі (у 2003 на лясных дарогах абсталявана 7235 шлагбаумаў) і інш. Праводзіцца таксама ахова лясоў ад шкоднікаў і хвароб біялагічным метадам з завабліваннем птушак, перасяленнем і агароджваннем мурашнікаў (штогод на пл. больш за 19 тыс.га), прафілактычная апрацоўка фунгіцыдамі сеянцаў хвойных парод на пл. больш за 220 га, знішчэнне шкодных насякомых у ачагах іх масавага размнажэння праводзіцца з дапамогай авіяцыі (у 2002 такім спосабам апрацавана 10,3 тыс.га, у 2003—3,3 тыс.га лясоў). Выкарыстоўваюцца пераважна экалагічна няшкодныя прэпараты.
Літ.:
Янушко А.Д. Лесное хозяйство Беларуси: (История, экономика, проблемы и перспективы развития). Мн., 2001;
История лесного дела Беларуси. Ч. 2. Динамика лесистости, породного состава и лесовосстановления Беларуси. Гомель, 2002;
История лесного дела Беларуси. Ч. 1 Мн., 1996.
Н.Ю.Пабірушка.
Прарэджванне ў хваёвых пасадках Смаргонскага доследнага лясгаса.Экспартная драўніна прадукцыі лясгасаў.Аднаўленне лесу хваёвым маладняком па высечках.Вырошчванне пасадачнага матэрыялу дуба звычайнага ў Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насеннегадоўчым цэнтры.Вырошчванне з насення саджанцаў лясных культур у цяпліцах Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насеннегадоўчага цэнтра.Станцыя УНІСКАН на базе прадпрыемства «Белдзяржлес» для прыёму інфармацыі праз штучныя спадарожнікі аб пажарах, стыхійных бедствах, санітарным і лесапаталагічным стане лясоў.«Дом паляўнічага» каля в. Заходняя Морач у Старобінскім лясгасе.Выкарыстанне тэхнікі пры тушэнні лясных пажараў.Месцы для адпачынку турыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ТВІЯ (Latvija),
Латвійская Рэспубліка (Latvijas Republika), дзяржава ва Усх. Еўропе, у Прыбалтыцы. Мяжуе на Пн з Эстоніяй, на У з Рас. Федэрацыяй, на Пд з Літвой і Рэспублікай Беларусь, на З абмываецца водамі Балтыйскага м. і Рыжскага заліва. Пл. 64,6 тыс.км². Нас. 2,5 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — латышская. Сталіца — г.Рыга. Падзяляецца на 26 раёнаў. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 лістапада).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1922, адноўленая і змадыфікаваная 6.7.1993. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 2 гады і 3 м-цы. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сейму (100 дэпутатаў), які выбіраецца на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Тэр. Л. размешчана на ПнЗУсх.-Еўрапейскай раўніны, каля паўд.-ўсх. берагоў Балтыйскага м. Берагі слаба парэзаныя, з пясчанымі дзюнамі выш. да 15—20 м. Уздоўж узбярэжжа цягнецца прыморская нізіна, якая ў бас.р. Ліелупе пераходзіць у Сярэднелатвійскую нізіну. У цэнтр.ч. размешчана Відземскае ўзв. з найвыш. пунктам рэспублікі г. Гайзінькалнс (выш. да 311 м), на ПдУ — Латгальскае ўзв. (выш. да 289 м). Паміж імі — Усх.-Латвійская нізіна. На ПнУ — Алуксненскае ўзв. (выш. да 271 м), на З — Курземскае ўзв. (выш. да 184 м). На фарміраванне рэльефу вял. ўплыў зрабіла дзейнасць ледавікоў. Крышт. фундамент залягае на глыб. ад 400—600 да 1800 м (граніты, гнейсы), які перакрываюць дэвонскія, месцамі трыясавыя і юрскія пароды, а таксама чацвярцічныя адклады. Карысныя выкапні: торф (каля 6 тыс. радовішчаў, запасы — каля 530 млн.т), вапнякі, гіпсавы камень, даламіты, пяскі, гліны, нафта. Мінер. крыніцы і лячэбныя гразі. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Зіма мяккая, частыя адлігі, лета ўмерана цёплае. Сярэдняя т-растудз. ад -2,6 °C у Ліепаі да -6,6 °C у Даўгаўпілсе, ліп. адпаведна 16,8 °C і 17,6 °C. Ападкаў ад 550 да 850 мм за год. Рачная сетка вельмі разгалінаваная. У Л. каля 12,4 тыс. рэчак, з іх 94% даўж. менш за 10 км, 17 рэк — больш за 100 км. Гал. рэкі: Даўгава (Зах. Дзвіна), Вента, Ліелупе. Азёры займаюць 1,71% тэрыторыі; буйныя: Лубанас, Рэзнас, Буртніеку, Усмас. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, на ПдЗ — дзярнова-карбанатныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Пад лесам каля 46% тэрыторыі, пашыраны пераважна хваёвыя (асабліва на ўзбярэжжы Балтыйскага м.), з лісцевых — бярозавыя, альховыя, асінавыя лясы, на ПдЗ — дубравы. Каля 10% тэрыторыі займаюць балоты і забалочаныя землі. У фауне 60 відаў млекакормячых (заяц, вавёрка, барсук, лось, буры мядзведзь, рысь, воўк і інш.), 308 відаў птушак (глушэц, цецярук, курапатка, рабчык), 29 відаў марскіх (салака, кілька, ласось, камбала) і 28 прэснаводных (сіг, вугор, шчупак, судак) рыб, 7 відаў паўзуноў. Запаведнікі: Грыні, Марыцсала, Тэйчы, Слітэрэ, Крусткалны. Нац. парк Гаўя.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — латышы (55,3%, 1997). Жывуць рускія (32,5%), беларусы (4%), украінцы (2,9%), палякі (2,2%), літоўцы (1,3%) і інш. Пасля выхаду Л. са складу СССР назіраўся адток насельніцтва з краіны, асабліва рускамоўнага. Сальда міграцыі насельніцтва і натуральны прырост адмоўныя. Асн.колькасць вернікаў — хрысціяне (пратэстанты, праваслаўныя, католікі). Сярэдняя шчыльн. 39 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва складае 69%. Найб. гарады (1997, тыс.чал.): Рыга (815,9), Даўгаўпілс (117,5), Ліепая (97,3), Елгава (71), Юрмала (59), Вентспілс (46,6).
Гісторыя. Чалавек на тэр. Л. пасяліўся ў эпоху мезаліту (9—4-е тыс. да н.э., верагодна, фіна-угорскія плямёны). У 2-м тыс. да н.э. тут з’явіліся продкі балтаў, якія жылі ва ўмацаваных паселішчах — гарадзішчах (іх у Л. выяўлена каля 400), займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. У пач. 1-га тыс.н.э. ўтварыліся плямёны земгалаў, куршаў, латгалаў, селаў, ліваў. На тэр.Латгале знаходзіўся залежны ад Полацкага княства г.Герцыке. Сярод інш.стараж.-лат. гарадоў былі Талава (залежала ад Пскова), Лудза (засн. ў 1177), Саласпілс (засн. ў 1186). З пач. 2-га тыс. ў Л. пачало пранікаць хрысціянства, у т. л. ў выніку каланізацыі лат. зямель ням. крыжакамі на чале з епіскапамі, якія заснавалі ордэн мечаносцаў. У 13 ст. лівы, латгалы і інш.лат. плямёны разам з продкамі літоўцаў і славянамі супраціўляліся ням. экспансіі (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 стагоддзях), аднак да канца 13 ст. былі падпарадкаваны, а землі Л. ўвайшлі ў склад Лівоніі. Ням. панаванне да 17 ст. запаволіла працэс кансалідацыі латышоў у народнасць. У выніку міжусобіц і знешніх фактараў да сярэдзіны 16 ст. дробныя лівонскія дзяржавы спынілі існаванне, а тэр. Л. была падзелена паміж ВКЛ і Даніяй (1560—62). У 1583 Данія перадала Рэчы Паспалітай сваю частку Курляндыі. У ходзе Лівонскай вайны 1558—83 і вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 землі Л. значна спустошаны. Паводле Альтмаркскага перамір’я 1629 паўн.-зах. частка Л. разам з Рыгай уключана ў склад Швецыі (гл.Задзвінасае герцагства), усходняя (Латгале) засталася ў Рэчы Паспалітай. У час Паўночнай вайны 1700—21 Рыгу занялі рус. войскі (1710). Да канца 18 ст. ўся тэр. Л. апынулася ў складзе Рас. імперыі (у 1721 Відземе, у 1772 Латгале, у 1795 Курляндскае герцагства). У 19 — пач. 20 ст.эканам. развіццю Л. садзейнічалі буд-ва чыгунак і выкарыстанне для транзітных і інш. патрэб мясц. партоў (Вентспілс, Рыга, Ліепая); у прам-сці пераважалі машынабудаванне, вытв-сць электратэхн. абсталявання і гумавых вырабаў. Павялічылася колькасць рабочых і іх арг-цый; у 1904 засн.Лат.с.-д. рабочая партыя. Працоўныя Л. ўдзельнічалі ў рас. рэвалюцыях 1905—07, Лютаўскай і Кастрычніцкай 1917. У 1-ю сусв. вайну значная частка Л. акупіравана герм. войскамі; у 1915 у складзе дзеючай рас. арміі створаны часці латышскіх стралкоў.
У канцы 1-й сусв. вайны лат. сацыял-дэмакраты і нац. партыі склікалі ў Рызе Нац. савет, які абвясціў Л. незалежнай парламенцкай і дэмакр. рэспублікай (18.11.1918). Першым прэм’ер-міністрам Л. быў Х.Ульманіс, урад якога прызналі краіны Антанты і інш. дзяржавы (22.12.1918 фармальна і СНК РСФСР). 13—15.1.1919 1-ы з’езд Саветаў у Рызе абвясціў Л. сав. рэспублікай, што прывяло да сутыкнення паміж 2 лат. рэспублікамі (урад Сав. Л. самараспусціўся ў студз. 1920). Адбыліся таксама ўзбр. канфлікты Л. з Літвой і Польшчай. У канцы 1919 з Л. выведзены герм. войскі. 11.8.1920 у Рызе падпісаны лат.-сав. мірны дагавор. Тэр. Л. (разам з Латгале, дзе жылі і беларусы) склала 65,8 тыс.км², насельніцтва — 1,6 млн.чал. Урад Ульманіса правёў агр. рэформу (паводле закону ад 17.9.1920), садзейнічаў стварэнню школ для нац. меншасцей (складалі каля 25% насельніцтва краіны), у т. л. для беларусаў. У чэрв. 1920 прынята часовая, у лют. 1922 канчаткова зацверджана канстытуцыя Л. 30.6.1930 падпісана канвенцыя аб лат.-літ. мяжы. Да 1934 найб. уплывовымі паліт. сіламі краіны былі С.-д. рабочая партыя і Лат.сял. саюз. У эканоміцы Л. 2/3 яе экспарту прыпадала на Вялікабрытанію і Германію. 16.5.1934 у Л. адбыўся дзярж. пераварот, у выніку якога ў краіне ўстаноўлена дыктатура Ульманіса (з мая 1936 прэзідэнт Л.). У пач. 2-й сусв. вайны пасля размежавання сфер уплыву паміж Германіяй і СССР паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939 Л. 5.10.1939 заключыла пакт з СССР, які прадугледжваў размяшчэнне на яе тэрыторыі сав. баз і войск (апошнія 18—20.6.1940 уведзены ў Л.). У гэтых умовах у краіне адбыліся змена ўрада і дзярж. ладу, а Л. 5.8.1940 увайшла ў склад СССР як 15-я саюзная рэспубліка. У чэрв.—ліп. 1941 Л. акупіравалі ням.-фаш. войскі. Рыга стала цэнтрам рэйхскамісарыята «Остланд». На тэр. Л. дзейнічалі каля 20 тыс.сав. партызан, частка латышоў супрацоўнічала з акупац. ўладамі. У выніку Прыбалтыйскай аперацыі 1944 і інш. бітваў тэр. Л. да мая 1945 вызвалена ад ням.-фаш. войск. У 1947 лат.прам-сць дасягнула даваен. ўзроўню, да 1950 у асноўным калектывізавана сельская гаспадарка; праводзіліся інш.сац.-эканам. мерапрыемствы на ўзор СССР. Сярод інш.сав. рэспублік Л. вызначалася больш высокімі тэмпамі эканам. росту (у т. л. жывёлагадоўлі), асабліва ў 1970-я г. У час «перабудовы» ў СССР (з сярэдзіны 1980-х г.) у Л. актывізаваліся нац. сілы, у т. л.Нар. фронт (узнік у 1988). Пасля перамогі Нар. фронту (выступаў за дэнансацыю пакта Рыбентропа—Молатава як не адпаведнага нормам міжнар. права) на выбарах 18.3.1990 лат. парламент 4.5.1990 абвясціў аднаўленне суверэннай рэспублікі Л. на аснове канстытуцыі 1922. 9 9.1991 незалежнасць Л. прызнаў СССР. З 1993 прэзідэнт краіны — Г.Ульманіс. Кіраўніцтва Л. абвясціла пра яе імкненне стаць членам НАТО, гатоўнасць выкарыстаць дапамогу зах. дзяржаў для рэфармавання лат. гаспадаркі. Л. аддае значную ўвагу ўмацаванню і развіццю добрасуседскіх адносін з Рэспублікай Беларусь і інш. дзяржавамі. У 1999 прэзідэнтам Л. выбрана В.Віке-Фрэйберге. Л. — чл.ААН (з 1991), Еўрап. саюза (з 1995), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дэмакр. партыя «Саймніекс» («Гаспадар»), Нар. рух Латвіі, Партыя адзінства Л., Рух за нац. незалежнасць Л., Сял. саюз, Партыя нар. згоды, Сацыяліст. партыя, Рус. абшчына Л., Балта-слав.т-вакульт. развіцця і супрацоўніцтва, Саюз свабодных прафсаюзаў Л. і інш.
Гаспадарка. Л. — індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 складаў 5024 млн.дол. ЗША, 2017 дол. на душу насельніцтва. На долю прам-сці прыпадала 28% ВУП, на сельскую і лясную гаспадарку — 8%, на сферу паслуг — 51%. Вядучыя галіны прамысловасці — машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім., дрэваапр., лёгкая, харч., Вытв-сць фармацэўтычнай і парфумерна-касметычнай прадукцыі. Паліўнаэнергет. комплекс Л. грунтуецца на прывазным паліве (нафтапрадукты, вугаль, прыродны газ). 3 мясц. відаў паліва выкарыстоўваюцца торф, дровы і адходы дрэваапр. прам-сці. Торфапрадпрыемствы «Седа», «Стружаны» і інш.Вытв-сць электраэнергіі 3,1 млрд.кВт∙гадз (1996). Працуюць Рыжская, Кегумская, Плявіньская ГЭС, Рыжскія ЦЭЦ-1 і ЦЭЦ-2, Ліепайская ЦЭЦ. Каля 40% электраэнергіі імпартуецца ў асноўным з Эстоніі і Літвы. Металургія прадстаўлена з-дам у г. Ліепая. Вытв-сць пракату 300 тыс.т (1996), металалом паступае з Літвы і Эстоніі. У машынабудаванні вылучаюцца электратэхн. (вытв-сць абсталявання для пасаж. вагонаў і трамваяў, прылад, пральных машын, цэнтрыфуг, электралямпаў), радыёэлектронная і сродкаў сувязі («ВЭФ»), трансп. (трамвайныя вагоны і электрацягнікі) галіны прам-сці, сканцэнтраваныя пераважна ў Рызе. Прадпрыемствы па вытв-сці с.-г. тэхнікі (Рыга, Елгава, Рэзекне), мікрааўтобусаў (Елгава), электраінструментаў, прывадных ланцугоў (Даўгаўпілс), вентылятараў (Вентспілс), тэлефонаў (Айзкраўкле). Вытв-сць (1996) радыёпрыёмнікаў — 9,6 тыс.шт., аўтобусаў — 1,2 тыс. штук. Хім.прам-сць у Даўгаўпілсе (вытв-сць валокнаў), Валміеры (шкловалакно), Олайне (пластмасы), Рызе (фарбы, лакі, фармацэўтычныя прэпараты), Вентспілсе (мінер. ўгнаенні). Вытв-сцьсінт. фарбаў і лакаў у 1996—16,7 тыс.т. Развіта парфумерна-касметычная вытв-сць (Рыга). Лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць традыцыйна займае важнае месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўку драўніны вядуць 24 леспрамгасы. Выпуск піламатэрыялаў, фанеры, мэблі, драўнянавалакністых і драўнянастружкавых пліт, запалак, лодак, паперы, кардону, цэлюлозы ў гарадах Рыга, Даўгаўпілс, Ліепая, Вентспілс, Юрмала, Валміера, Кулдыга і інш.Вытв-сць піламатэрыялаў — 1,2 млн.м³, паперы і кардону — 8,6 тыс.т (1996). Прам-сцьбуд. матэрыялаў працуе на мясц. сыравіне. Наладжана вытв-сць цэглы, чарапіцы, дрэнажных труб, керамзіту, цэменту (0,3 млн.т, 1996), шыферу, жалезабетонных вырабаў, лінолеуму, драўляных будынкаў, шкла і фарфору. Лёгкая прам-сць арыентуецца на высокакваліфікаваныя кадры і выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі. Гал. галіна — тэкст. (баваўняная, шарсцяная, шаўковая, ільняная); асн. яе цэнтры: Рыга, Елгава, Віляка, Мазсалаца і інш. Развіты трыкат. (Валка, Огрэ, Юрмала), швейная (Рыга, Елгава, Екабпілс), гарбарна-абутковая (Рыга, Ліепая, Даўгаўпілс), скургалантарэйная (Ліепая) галіны. Вытв-сць (1996) тканін — 0,9 млн.м², абутку — 0,8 млн. пар. Харч.прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Важныя галіны — мясная, масласыраробная, рыбная, кансервавая, цукр., мукамольная, кандытарская, піваварная. Шэраг прадпрыемстваў камбікормавай прам-сці. Вытв-сць (1996, тыс.т) масла — 7,5, мукі — 107,5, цукру — 94,6. Маст. промыслы (апрацоўка скуры, бурштыну, разьба па дрэве, вышыўка). Асн. кірункі спецыялізацыі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля і птушкагадоўля (71% таварнай с.-г. прадукцыі, 1996). Гадуюць (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу (537), свіней беконнага кірунку (553), авечак (72), коней (27). Развіта зверагадоўля (нутрыя, пясец, ліс). Пчалярства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 2,6 млн.га (1996), у т. л. ворныя землі 1,7 млн.га. Пад збожжавымі культурамі каля 45%, тэхн. — 2%, кармавымі — 46% усёй пасяўной плошчы. Вырошчваюць ячмень (179 тыс.т, 1996), пшаніцу (150 тыс.т), жыта, авёс, лён-даўгунец, цукр. буракі, травы. Бульбаводства і агародніцтва. Развіта кветкаводства. Улоў рыбы ў 1996—149,7 тыс.т. Геагр. становішча Л. спрыяльнае для буд-ватрансп. магістраляў. Даўж. чыгунак 2,4 тыс.км, у т. л. 11% электрыфікавана. Даўж. аўтадарог 51 тыс.км, у т. л. 56% з цвёрдым пакрыццём. Развіты марскі транспарт. Найб. парты: Вентспілс (экспарт нафты), Рыга, Ліепая. Рачное суднаходства ў нізоўях рэк Ліелупе, Вента, Даўгава. Авіятранспарт забяспечвае знешнія сувязі. Аэрапорты: Рыга, Даўгаўпілс, Ліепая. Газаправоды Дашава—Рыга, Таржок—Пскоў—Рыга; нафта- і прадуктаправод Полацк—Вентспілс. Экспарт (2,5 млрд.дол. ЗША, 1996): драўніна, тэкстыль, харч. прадукты, маш.-буд. прадукцыя. Імпарт (3,5 млрд.дол. ЗША, 1996): энерганосьбіты, машыны і электраабсталяванне, хім. прадукцыя. Асн.гандл. партнёры: Рас. Федэрацыя, Германія, Вялікабрытанія, Швецыя, Літва, Фінляндыя. Беларусь экспартуе ў Л. калійныя і азотныя ўгнаенні, нафтапрадукты; набывае рыбу, трыкатаж, шпалы, лек. сродкі. Курорты: Юрмала, Ліепая, Кемеры, Балдане і інш. Грашовая адзінка — лат.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі або сілы абароны краіны, ВПС, ВМС), ваенізаваных фарміраванняў (пагран. войскі і берагавая ахова) і нар. апалчэння (мабілізацыйны рэзерв). Агульная колькасць (1996) больш за 25 тыс.чал., у т. л. 17,5 тыс. апалчэнцаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 7 тыс.чал., 13 бронетранспарцёраў, 24 гарматы, якія буксіруюцца, 28 мінамётаў. У ВПС каля 200 чал., 4 самалёты, 7 верталётаў. У ВМС каля 1 тыс.чал., у т. л. 220 чал. у берагавой абароне, 4 караблі, 14 катэраў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 61,3, жанчын 73,4 гады. Смяротнасць — 15 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 83 чал., урачамі — 1 на 291 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,4%. Дзіцячая смяротнасць — 21 на 1 тыс. нованароджаных (1997). Мед. страхаванне.
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Л. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец., прафес. і акад. вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 9-гадовая базавая (4 гады навучання ў пач. школе і 5 гадоў у няпоўнай сярэдняй) і поўная сярэдняя (3 гады навучання пасля базавай школы, 10—12 кл.). Валоданне дзярж. (лат.) мовай абавязковае ва ўсіх навуч. установах, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Л. Сістэма прафес. падрыхтоўкі ўключае прафес. базавую школу для навучэнцаў, што не маюць базавай адукацыі (2 гады навучання), прафес. сярэднюю школу (3 гады), прафес. гімназію (4 гады навучання, дае права паступлення ў ВНУ). Сярэднюю спец. адукацыю даюць тэхнікумы і каледжы (4—5 гадоў навучання пасля базавай школы і 2—3 гады на базе поўнай сярэдняй). Прафесійная вышэйшая адукацыя (4 гады навучання) забяспечвае веды для прафес. дзейнасці, акадэмічная — заснавана на фундаментальнай або прыкладной навуцы з абавязковым кампанентам даследавання ў навуч. праграме. Акадэмічная вышэйшая адукацыя мае 2 ступені: бакалаўра (3—4,5 года навучання) і магістра (дадаткова 2 гады). Ступень магістра дае права на атрыманне ступені доктара (3—4 гады навучання). Буйнейшыя ВНУ: Латвійскі ун-т (з 1940), Рыжскі тэхн.ун-т (з 1896, да 1990 політэхн.ін-т), Рыжскі авіяц.ун-т (з 1960), Рыжскі ун-т імя Страдыня, Латв. марская акадэмія, Латв. акадэмія мастацтваў, Лат. акадэмія культуры, Латв. кансерваторыя, Міжнар. турыстычны ін-т — усе ў Рызе; Латв.с.-г. акадэмія ў Елгаве, Латв. евангелічная лютэранская хрысц. акадэмія ў Юрмале. Буйнейшыя б-кі: Латв.Нац. і Латв. акадэмічная ў Рызе. Музеі: Латв. музей гісторыі Рыгі, Латв. музей прыроды, Дом Я.Райніса і Аспазіі, Музей акупацыі, Дзярж.маст. музей, маст. музеі — «Арсенал», замежных краін, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, латв. культуры; Мемар. музей Густава Шкілтэра — усе ў Рызе; мемар. ансамбль ахвярам фаш. тэрору ў Саласпілсе і інш.Навук. даследаванні праводзяць ін-ты Латв.АН (з 1946), н.-д. ўстановы галіновых міністэрстваў і ведамстваў, ВНУ.
Друк, радыё, тэлебачанне Найбольшы тыраж маюць грамадска-паліт. газеты «Lauku avize» («Сельская газета», з 1988, на лат. мове, 2 разы на тыдзень), штодзённая газ. «Dziena» («Дзень»), «Rigas balss» («Голас Рыгі», абедзве на лат. і рус. мовах), «Панорама Латвии», штотыднёвая газ.Нар. фронту «Atmoda» («Абуджэнне») і інш. Радыё з 1925 (на лат., рус., швед., англ. і ням. мовах). Тэлебачанне з 1954. Радыё і тэлебачаннем кіруе Камітэт па справах радыё і тэлебачання. Інфарм. агенцтвы: Латв. незалежнае тэлегр. агенцтва ЛЕТТА (створана ў 1989 на базе інфарм. агенцтва Латінфарм.), Baltic News Service (Балтыйская служба навін, з 1990).
Літаратура. Развіццё ўласна лат. л-ры пачалося ў сярэдзіне 19 ст. і было цесна звязана з нац.-вызв. рухам. Яна апіраецца на багатыя традыцыі песеннага фальклору, што ўпершыню зафіксавана ў выданні «Латышскія дайны» (т. 1—6, 1894—1915; збіральнік і складальнік К.Баран). Першыя кнігі на лат. мове, пераважна духоўнага зместу, датуюцца 16 ст. Кнігі свецкага характару пачалі выдавацца ў сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік нац. паэзіі — Ю.Алунан (зб. вершаў «Песенькі», 1856). Антыфеад. характар мела творчасць прадстаўнікоў т.зв. рамантызму Аўсекліса і А.Пумпура. Значным дасягненнем лат. прозы з’явіліся рэаліст. раман братоў Каўдзітаў «Часы каморнікаў» (1879) і апавяданні Апсішу Екаба пра жыццё лат. вёскі. У 1870—80-я г. зарадзілася нац. драматургія. Яе развіццё цесна звязана з дзейнасцю заснавальніка лат.т-ра і аўтара п’ес для яго А.Алунана. Новы этап развіцця лат. л-ры ў 1890-я г. звязаны з рухам прагрэс. інтэлігенцыі «Новая плынь» (рэв. вершы Э.Вейдэнбаўма, вершы і п’есы Аспазіі). Пачаў сваю дзейнасць як публіцыст Я.Райніс. У л-ру прыйшлі навеліст Р.Блаўман, паэт-рамантык Я.Порук, пісьменнікі Э.Бірзніек-Упіт, Г.Брыгадэрэ, В.Плуданіс, Я.Яўнсудрабіньш і інш.Гал. змест іх твораў — жыццё, сац. перамены ў горадзе і вёсцы ў пач. 20 ст. Уплыў падзей рэвалюцыі 1905—07 выявіўся ў рэаліст., глыбінна-філас. творчасці Райніса. Развівалася л-ра крытычнага рэалізму (аповесці і раманы А.Упіта). У 1920—30-я г. асобныя прадстаўнікі лат. л-ры жылі, працавалі за межамі Л., у т. л. ў Сав. Саюзе: Судрабу Эджус, Э.Эферт-Клусайс, А.Кадзікіс-Грозны, Р.Пельшэ, В.Кнорын, П.Даўге і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Л. Плённа працавалі Л. Лайцэн, Я.Грот, В.Лаціс, Я.Судрабкалн, Упіт, Э.Адамсан, Я.Плаўдыс, А.Чак і інш. У цэнтры ўвагі пісьменнікаў гіст. этапы жыцця краіны, розныя сац. слаі грамадства. У жанрава і тэматычна разнастайнай л-ры развіваліся паэзія, навела і раман, сатыр. камедыя і гіст. драма. У гады 2-й сусв. вайны гал.літ. жанрамі былі паэзія (В.Лукс, Судрабкалн, А.Грыгуліс, Ю.Ванаг, Ф.Рокпелніс) і апавяданне (Г.Саксэ, Лаціс); у жанры філас. эсэ выступілі З.Марыня і К.Раўдыве. Пасляваен. пакаленне пісьменнікаў (у паэзіі — Лукс; Грот, Чак, А.Баладыс, С.Калдупе, у прозе — Лаціс, Саксэ, Г.Бродэле, Д.Зігмантэ, З.Скуінь і інш.) імкнулася да больш глыбокага адлюстравання рэчаіснасці, да раскрыцця ўнутр. свету сучаснікаў. Стылёва разнастайная пасляваен. паэзія (І.Аўзіньш, В.Бэлшэвіца, І.Зіеданіс, М.Чаклайс, А.Веян, А.Скалбе, О.Вацыеціс, А.Элксне і інш.) вызначаецца шырынёй ахопу падзей, філасафічнасцю (грамадз. і інтымная лірыка М.Кемпе). Л-ра 1970—80-х г. адметная тэматычнай актуальнасцю, эпічнасцю, маштабнасцю, паглыбленым пранікненнем у духоўны свет героя, спалучэннем глыбока індывідуальнага светаадчування пісьменніка і героя (А.Бэлс, А.Калве, Я.Маўліньш, Р.Эзера, Скуінь, В.Югане, А.Ханбергс, А.Якубанс, М.Зарыньш). Гал. асаблівасць прозы 1990-х г. — гістарызм, дамінуе мемуарная л-ра. Актыўна развіваецца драматургія (Х.Гулбіс, П.Петэрсан, П.Путніньш, Л.Стумбрэ, М.Бірзэ, Скуінь).
Бел.-лат.літ. сувязі развіваюцца з 1920-х г. У 1926 Райніс наведаў Беларусь, дзе адбыліся яго сустрэчы з Я.Купалам, Я.Коласам і інш. пісьменнікамі, знаёмства з бел. культурай. Бел.-лат. сувязі актывізаваліся ў 1950-я г. Гэтаму спрыялі дэкады л-ры і мастацтва, асабістыя кантакты пісьменнікаў, іх перакладчыцкая дзейнасць. На лат. мове выдадзены анталогіі паэзіі («Беларуская сасна», 1960; «Хлеб-соль», 1974), прозы («Дом пад сонцам», 1960), асобныя кнігі лірыкі Я.Купалы, Р.Барадуліна, П.Броўкі, П.Панчанкі, М.Танка, раманы «Глыбокая плынь» (1953) і «Сэрца на далоні» (1966) І.Шамякіна, «Людзі на балоце» (1966) і «Подых навальніцы» (1969) І.Мележа, «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля (1968), «Трэцяе пакаленне» К.Чорнага (1971), зб. апавяданняў «Чазенія» У.Караткевіча (1976), кн. «На імперыялістычнай вайне. Віленскія камунары» М.Гарэцкага (1978), «Плач перапёлкі» І.Чыгрынава (1980), «На ростанях» Я.Коласа (1982), шэраг аповесцей Я.Коласа, В.Быкава, І.Пташнікава, А.Кудраўца, Шамякіна, В.Казько, А.Масарэнкі, п’есы «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (1953), «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1960), «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (1962) і інш. Для дзяцей на лат. мове выйшлі паэт. творы: «Хлопчык і лётчык» Я.Купалы, «Залатыя рукі» Э.Агняцвет, «Чытанка-маляванка» В.Віткі, аповесці «ТВТ» Я.Маўра, «Міколка-паравоз» М.Лынькова, «Таямнічы надпіс» В.Зуба, кнігі бел.нар. казак (1960, 1977). На лат. мову бел. паэзію перакладалі Ю.Ванаг, А.Веян, Вацыеціс, В.Ліўземніек, Я.Плотніек, Судрабкалн, Е.Стулпан і інш., прозу — Ванаг, Т.Руліс і інш. На бел. мове выдадзены анталогіі лат. паэзіі («Ветрык, вей!», 1959; «Латышская савецкая паэзія», т. 1—2, 1984), прозы («Латышскія апавяданні», 1956; «Сучасныя латышскія апавяданні», 1978), кнігі вершаў, апавяданняў, казак «Песня Даўгавы» (1986), лат.нар. песень «Дайны» (1987), зборнікі паэзіі Я.Райніса, Судрабкална, Бэлшэвіцы, кн. «Выбранае» (1993, вершы, літ.-крытычныя артыкулы, п’есы) Райніса, асобныя раманы Лайцэна, Лаціса, Б.Саўлітыса, А.Колберга, кнігі прозы Упіта, Грывы, Вілкса, п’есы Райніса, творы для дзяцей Ванага, З.Эргле, В.Бранка, кнігі нар.лат. казак і інш. На бел. мову творы лат. пісьменнікаў перакладалі Агняцвет, Барадулін, Броўка, Вітка, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, С.Грахоўскі, А.Звонак, І.Калеснік, К.Кірыенка, М.Лужанін, В.Лукша, П.Макаль, С.Панізнік, Панчанка, У.Паўлаў, Ю.Свірка, В.Сёмуха, М.Танк, У.Шахавец, С.Шушкевіч, Я.Янішчыц, празаічныя творы — А.Жук, Кудравец, А.Марціновіч, П.Місько, Сёмуха, Я.Скрыган. У.Яцко і інш.Лат.-бел. сувязям прысвечаны працы М.Абалы і Дз.Віксны «Гэта сяброўства ведае вечнасць» (1977) і кн. І.Апіне «Беларусы ў Латвіі» (1995).
Архітэктура. У 1-м тыс. да н.э. на тэр. Л. будавалі ўмацаваныя паселішчы родавых абшчын (пілскалны), у 1-м тыс.н.э. — неўмацаваныя паселішчы (крэпасці-сховішчы), абкружаныя валамі з плятнём і частаколам наверсе. Да канца 12 ст. пераважалі пабудовы з дрэва. У канцы 12—15 ст. пераважала буд-ва мураваных абарончых і культавых будынкаў (найб.стараж. з мясц. вапняку) у раманскім стылі. У 13—14 ст. склаліся асн. тыпы рыцарскіх замкаў: вежа-данжон (замкі Турайдскі ў Сігулдзе, пач. 13 ст.; у Ліелстраўпе, сярэдзіна 14 ст.), канвенцкі дом (замкі ў Вентспілсе, 1290; у Рызе, 1330—1515), замак т.зв. нерэгулярнага тыпу, канфігурацыя ўмацаванняў якога імітавала схілы замкавага ўзгорка (замак у Кокнесе, закладзены ў пач. 13 ст.). Часта замкі станавіліся цэнтрамі гарадоў (Валміера, Цэсіс). Храмы ўзводзілі зальныя (царква ў Ікшкіле, 1185—13 ст.), базілікальныя з вежай над фасадам (цэрквы Яня ў Цэсісе, 1283—87; св. Сімяона ў Валміеры, 1283 — пач. 15 ст.). Пераходны стыль раманска-гатычных форм і канструкцый адлюстраваны ў Домскім саборы ў Рызе (1211—70). У 13—16 ст. развівалася гар.буд-ва: ратушы, будынкі гільдый, бюргерскія жылыя дамы з высокімі дахамі і ступеньчатымі франтонамі (Рыга, Цэсіс). Да сталай готыкі належыць царква св. Петэра ў Рызе (13—15 ст.). У познагатычнай архітэктуры часцей выкарыстоўвалі цэглу, ускладнены дэкор франтонаў і скляпенняў (царква св. Яня ў Рызе, канец 15 — пач. 16 ст.). У 2-й пал. 17 ст. сцвярджаюцца формы барока: фасад царквы св. Петэра (1689—94, арх. Р.Біндэншу і інш.), т.зв. дом Даненштэрна (1694—98) у Рызе. У перыяд росквіту барока (1700—70-я г.) ствараліся буйныя палацава-паркавыя ансамблі (палацы ў Рундале, 1736—40, 1763—67, і Елгаве, 1738—72; арх. абодвух В.В.Растрэлі), свецкія будынкі (Акадэмія Петрына ў Елгаве, 1773—75, арх. С.Енсен). У канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. панаваў класіцызм: лютэранская царква ў Алуксне (1781—88, арх. К.Хаберланд), арсенал-пакгаўз у Рызе (1828—30, арх. Ю.Шпацыр), будынак гар.т-ра ў Рызе (1860—63, арх. Л.Бонштэт), палацавыя комплексы ў Казданзе і Дурбе (арх. І.Г.Берліц). У 2-й пал. 19 ст. фарміруецца нац.арх. школа новага часу. На мяжы 19—20 ст. паралельна з эклектызмам (пабудовы Я.Ф.А.Баўманіса) развіваўся нац.-рамант. кірунак, які спалучаў традыцыі нар.лат. дойлідства з элементамі стылю мадэрн (жылыя дамы ў Рызе, 1906—09, арх. Э.Лаўбе і А.Ванаг). Пабудовам 1-й пал. 20 ст. ўласцівы класіцыстычныя тэндэнцыі (актавая зала Латв. ун-та ў Рызе, 1929—38, арх. Э.Шталберг), рысы рацыяналізму з захаваннем стылізатарства ў духу нац. рамантызму (царква ў Алажах, 1927). З сярэдзіны 1950-х г.буд-ва вядзецца пераважна паводле тыпавых праектаў з цэглы ці зборнага жалезабетону. Будынкі жылых кварталаў групуюцца ў гармоніі з наваколлем, з цэнтрамі трансп. і быт. абслугоўвання (жылыя раёны Агенскалнскія Сосны, 1958—62, арх. М.Рэндэль; Пурвунеме, з 1964, арх. С.Алксне, Э.Драндэ ў Рызе, і інш.). Для грамадскіх будынкаў характэрны строгая планіроўка, выразнасць канструкцый (санаторый у Яўнкемеры, 1967, арх. А.Рэйнфельд і інш.), стрыманая па колеры аддзелка інтэр’ераў (летняя канцэртная зала ў Дзінтары, 1959—60, арх. М.Гелзіс і А.Вецсіліс), выкарыстанне на фасадах абліцоўкі з металу і пластыкаў. Найб. значныя збудаванні 1970—90-х г.: Маст.т-р імя Я.Райніса (1976, арх. М.Станя, Х.Кандэр, І.Якабсан), комплекс аэрапорта «Рыга» (1974, арх. Л.Іваноў, В.Ермалаеў), жылыя раёны Пуруцыемс і Межцыемс (1980—90-я г.) — усе ў Рызе, Дом культуры «Юрас варты» ў Вентспілсе (1977, арх. В.Вавулс, А.Дамброўскі) і інш. У 1945 засн. Саюз архітэктараў Л.
Выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва на тэр. Л. вядомы з 5-га тыс. да н.э. (выявы жывёл на касцяных дзяржаннях кінжалаў). З 4—3-га тыс. да н.э. паходзяць скульпт. гліняныя выявы твару чалавека, фігуркі людзей і жывёл з дрэва, косці, гліны, бурштыну. У 5—8 ст. высокага ўзроўню дасягнула апрацоўка металу (латгальскія дзявочыя вянкі з бронз. спіральных дратоў, аздобленыя прывескамі і бразготкамі). З 13 ст. мастацтва Л. развівалася ў рэчышчы культуры Зах. Еўропы, у асн. ганзейскіх гарадах. Працавалі пераважна замежныя майстры. Рысы раманскага і гатычнага стыляў выявіліся ў скульпт. афармленні капітэляў, калон, надмагілляў, у рэльефах. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пашырыўся маньерызм, які найб. праявіўся ў дэкар. рэльефах. У перыяд барока (2-я пал. 17—18 ст.) у работах мясц. майстроў пераважала драўляная скульптура з выразнымі рысамі нар. мастацтва. Найб. ярка стылістыка барока ўвасобілася ў творах скульпт. майстэрні сям’і Сёфрэнсаў (алтар царквы Анас у Ліепаі, 1697), італьян. мастакоў Ф.Марціні і К.Дзукі (размалёўкі палаца ў Рундале, 1760-я г.) і інш.Нар. драўляная скульптура прадстаўлена пашыранымі ў Латгаліі ў 17 ст. ўкрыжаваннямі. У пач. 19 ст. ў мастацтве Л. пераважаў класіцызм. Мастакі Л. вучыліся пераважна ў Пецярбургу, дзе ў канцы 1880-х г. стварылі маст. гурток «Rükis» («Працаўнік»). З 2-й пал. 19 ст. пачала фарміравацца нац.маст. школа. Карціны на гіст. тэмы ствараў К.Гун, працавалі пейзажысты Ю.Федэр, А.Э.Алксніс, В.Пурвіт, партрэтыст Я.Розентал, графікі Р.Зарыньш, Э.Брэнцэн, Т.Удэр. У 1-й пал. 20 ст. кірунак развіцця лат. скульптуры вызначыўся ў творчасці Т.Залькалнса. Жывапіс развіваўся ў рэчышчы постімпрэсіянізму (Е.Казак, Я.Гросвалд), сімвалізму (В.Матвей). У 1920—30-я г. жывапісцы імкнуліся да стварэння праз каларыстычныя пошукі рамантычна-абагульненага вобраза свету (пейзажы Пурвіта, К.Убана, нацюрморты і пейзажы Л.Свемпа, вясковыя сцэны К.Міесніека, Г.Эліяса, жанравыя палотны Я.Ліепіньша, партрэты Я.Тылберга, В.Тоне). Працавалі скульпт. К.Зале, К.Земдэга, К.Янсан і інш. Развіваліся тэатр.-дэкарацыйнае (Л.Ліберт, О.Скулме) і дэкар.-прыкладное (А.Цыруліс) мастацтва, графіка (Ліепіньш), надмагільная пластыка (комплекс Брацкіх могілак, 1924—36, скульпт. Зале, арх. А.Бірзеніек і інш.; помнік Я.Райнісу, 1934, скульпт. Земдэга, арх. П.Арэнд; помнік Свабоды, 1935, скульпт. Зале, арх. Э.Ш.Талберг — усе ў Рызе). Фармальнымі эксперыментамі вызначалася дзейнасць «Групы рыжскіх мастакоў» (1919—39). У 1919 у Рызе засн. Вышэйшыя маст. майстэрні (з 1920 Латв.АМ). Для мастацтва Л. 1940—70-х г. характэрны разнастайнасць кампазіцыйных вырашэнняў, лапідарнасць буйных форм, актыўнасць колеру і фактуры ў жывапісе, манументальнасць скульптуры. У стварэнні манум. ансамбляў выкарыстоўваліся традыц. для пластыкі Л. выяўл. магчымасці каменю (Мемар. ансамбль памяці ахвяр фаш. тэрору ў Саласпілсе; скульптары Л.Букоўскі, Я.Зарынь, А.Скарайніс, архітэктары Г.Асарыс, А.Закаменны, О.Остэнберг, І.Страўтманіс). У графіцы пашырыўся лінарыт (Г.Кроліс, Д.Рожкалн), дрэварыт (П.Упітыс). Дэкар.-прыкладное мастацтва характарызуецца спалучэннем нар. традыцый і сучасных маст. форм. Найб. развіваліся кераміка, у т. л. буйных дэкар. форм (насценныя кампазіцыі, садовая кераміка), маст. тэкстыль (габелены Э.Вігнерэ, Р.Хеймрата і інш.), вітраж. Працавалі жывапісцы Э.Калніньш, Дж.Скулме, Э.Ілтнер, М.Табака, Л.Мурніск, скульптары Л.Дзегузе, Зарынь, Скарайніс, В.Алберг, А.Гулбіс, графікі І.Хелмут, П.Упітыс, А.Апініс. Мастацтва Л. 1980—90-х г. прадстаўлена творчасцю І.Зарыня, Скулме, В.Мерца, В.Озала, Б.Вегерэ, А.Юр’яне, А.Аўзіня, І.Гейнрыхсана, Э.Калненіека і інш. У нар. мастацтве пашыраны разьба, абточка і выпальванне па дрэве, кераміка, ткацтва і вязанне, апрацоўка металу, дробная драўляная пластыка. У 1951 засн. Саюз мастакоў Л.
Музыка. Лат.муз. фальклор уключае прац., каляндарныя (найб. пашыраны купальскія — ліга-песні), сямейна-абрадавыя, лірычныя, жартоўныя, карагодныя, танц. песні. Пераважае аднагалоссе, у некат. раёнах захавалася бурдоннае 2- і 3-галоссе. Характэрны песні і танцы ў суправаджэнні бразготак. Сярод нар.муз. інструментаў струнна-шчыпковы кокле (тыпу цытры); смычковыя скрыпка, дыга; духавыя стабуле (флейта), таўрэ (труба з дрэва, бяросты і інш.), ажарагс, дукас. З 13 ст. развіваецца каталіцкая, з 16 ст. пратэстанцкая царк. музыка. Было пашырана хатняе музіцыраванне. У 17—18 ст. існавалі прыдворны аркестр у Елгаве (ставіліся оперныя і балетныя спектаклі), аматарскае т-ва Калегіум музікум, Рыжскае муз.т-ва, Рыжскі ням.т-р (ставіў оперныя і драм. спектаклі). Развіццё лат.прафес. музыкі пачалося ў 19 ст. з адкрыццём настаўніцкіх семінарый у Валміеры (1839), Ірлаве (1841), Валцы (1849). Ствараліся лат. пеўчыя т-вы. У 1873 узнікла традыцыя агульналат. пеўчых свят. Вядучым жанрам прафес. музыкі стала хар. песня (Я.Цымзе, К.Баўманіс, Э.Вігнер і інш.). Вял. ўклад у развіццё музыкі Л. зрабілі заснавальнік лат. кантаты і сімф. музыкі А.Юр’ян і Я.Вітал. У 1912 засн.Лат. опера. У пач. 20 ст. створаны першыя ўзоры нац. класікі: оперная дылогія «Агонь і ноч» Яніса Медыньша (1919), опера «Банюта» (1919), кантата «Судны дзень» (1917), сімф., вак., хар. творы А.Калніньша. У 1919 засн.Латв. кансерваторыя. Сярод лепшых опер 1920—30-х г. «Багі і людзі», «Спрыдытыс» Яніса Медыньша, «Вайдэлотэ» («Жрыца») Язэпа Медыньша, «Цудоўная птушка Лаліты», «Гамлет», «У агні» Я.Калніньша. Развівалася сімф. і камерная музыка (Вітал, Яніс і Язэп Медыньшы, А.Абеле, Я.Калніньш, В.Дарзіньш, П.Барысан, Я.Іваноў, А.Скултэ). З канца 1940-х г. рэгулярна праводзяцца Лат. пеўчыя святы. Створаны новыя прафес.муз. арг-цыі і калектывы, канцэртныя залы, у т. л. ў Домскім саборы ў Рызе. Сярод вядучых майстроў лат. музыкі кампазітары Іваноў, Скултэ, М.Зарыньш, А.Жылінскіс, Л.Гарута, Я.Кепітыс, І.Калніньш (оперы «Іграў я, скакаў», «Іфігенія ў Аўлідзе», араторыі, 5 сімфоній), П.Дамбіс (араторыі), Р.Калсан (5 сімфоній, канцэрты для інстр. з аркестрам), Е.Медыньш, П.Васк, Г.Раман, А.Грынуп, П.Плакідыс, Алдоніс, Калніньш, В.Камінскіс, Р.Ермак; у галіне эстр. музыкі працуе Р.Паўлс. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Р.Глазуп, А.Янсанс, Э.Тонс, Л.Вігнер, В.Сінайскі, Г.Ардэлоўскіс, харавыя — І.Кокар, Р.Ванаг, Т.Калніньш, Е.Медыньш, Я.Озаліньш, Д.Гайліс, А.Дэркевіца, Я.Думіньш, Х.Медніс, Э.Рачэўскіс; І.Цэпітыс; спевакі М.Вігнерэ-Грынберга, Р.Берзіньш, А.Кактыньш, М.Брэхмане-Штэнгеле, А.Вілюманіс, К.Зарыньш, Ж.Гейнэ-Вагнерэ, А.Фрынберг, Э.Пакуль, А.Дашкоў, Р.Фрынберга; піяністы І.Граўбіня, Г.Браўн; арганісты М.Ванадзіньш, П.Сіпалніек. У Л. працуюць: Нацыянальная опера Латвіі, Рыжскі т-р аперэты (з 1945), філармонія (з 1941, у яе складзе Дзярж.акад. хор і камерны аркестр, з 1967), Дзярж.акад.сімф. аркестр Латв. радыё (з 1926), хор тэлебачання і радыё (з 1940), Дзярж. ансамбль танца «Дайле», Эстр.сімф. аркестр Дзяржтэлерадыёкампаніі (з 1966), фалькл. ансамблі «Ліўліст» (з 1971), «Скандыніекі» (з 1976). Дзейнічаюць Латв. кансерваторыя (з 1919), муз. вучылішчы, дзіцячыя муз. школы.
Высока развіта самадз.хар. культура. У 1944 створаны Саюз кампазітараў Л. У 1987 у Л. праведзены Дні камернай музыкі Беларусі.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва былі ў нар. гульнях, абрадах. У 1205 у Рызе адбылося першае тэатр. прадстаўленне ням. місіянераў на сюжэт са Старога запавету. У сярэдневякоўі былі пашыраны містэрыі, школьныя драмы на ням. і лац. мовах. З 1742 у Рызе выступала пастаянная ням. трупа, у 1782 пабудаваны спец.тэатр. будынак. Першы спектакль на лат. мове пастаўлены ў 1868 («П’яніца Бергуліс» паводле А.Стэндэра). У 1870 А.Алунан заснаваў аматарскі Рыжскі лат.т-р (з 1880-х г. прафесійны). У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі прафес. і аматарскія т-ры ў Рызе, Ліепаі, Елгаве, дзе ставіліся п’есы Алунана, Р.Блаўмана, А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Пушкіна, Г.Лесінга, Ф.Шылера, У.Шэкспіра і інш. Сярод прафес. акцёраў: Д.Акментыня, Е.Дубур, А.Міерлаўк, П.Озаліньш, Б.Румніецэ, Ю.Скайдрытэ, А.Фрэйманіс, Р.Янсан і інш. У 1902—05 дзейнічаў Новы лат.т-р, у 1908 засн. Новы рыжскі т-р, у якіх ставіліся п’есы Я.Райніса, А.Упіта, Г.Гаўптмана, Г.Ібсена, Л.Талстога, Г.Хеермана. Развіваліся нац. рэжысура (Т.Амтманіс, Міерлаўк), акцёрскае мастацтва (А.Амтман-Брыедыт, Т.Банга, Г.Жыбалт, Б.Скуеніецэ, Э.Смільгіс, М.Шмітхене). У час 1-й сусв. вайны большасць рэжысёраў і акцёраў эмігрыравала з акупіраванай Л.; лат. т-ры дзейнічалі ў Маскве, Петраградзе, Таліне, Харкаве. У 1919 у Рызе пад кіраўніцтвам Упіта створаны Рабочы т-рСав. Л. (пазней Нац.т-р, з 1971 Латвійскі т-р драмы імя Упіта), у 1920 — Маст.т-р імя Райніса. У тэатр. мастацтве 1920—30-х г. развіваліся рэаліст. і мадэрнісцкія кірункі. Вял. ўклад у развіццё т-ра Л. зрабілі Амтман-Брыедыт, А.Клінт, Т.Лаціс, Міерлаўк, Я.Осіс, Смільгіс, Э.Фельдманіс, Л.Шпільберг і інш. Пасля 2-й сусв. вайны пашырылі сваю дзейнасць т-ры ў Ліепаі, Валміеры. Ставіліся лат., рус., сусв. класіка, п’есы А.Грыгуліса, В.Лаціса, Х.Гулбіса, Ю.Палевіча і інш. У развіццё т-ра Л. вял. ўклад зрабілі В.Артмане, Э.Баруне, Л.Баўмане, Л.Берзінь, Э.Зіле, Ж.Катлапс, В.Ліне, П.Луціс, Э.Радзіня, К.Себрыс, Л.Фрэймане, Ц.Херцберг, А.Яўнушан і інш.
У 1920—30-я г. ў Рызе, Даўгаўпілсе і інш. гарадах Л. дзейнічалі бел.тэатр. калектывы. У 1927 арганізавана Т-вабел.т-ра ў Л. У 1928 адкрыліся Рыжскі і Дзвінскі (Даўгаўпілскі) бел.нар. т-ры. Ставіліся п’есы Я.Купалы, У.Галубка, М.Чарота, Л.Родзевіча. У т-рах пастаўлены бел. п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пяюць жаваранкі» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Злавацца не трэба» Зуба, «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» і «Трыбунал» А.Макаёнка, «Амністыя» М.Матукоўскага, «Трывога» А.Петрашкевіча, «Не верце цішыні» І.Шамякіна, «Вечар» і «Радавыя» А.Дударава.
Кіно. Кінавытворчасць у Л. пачалася каля 1910: хранікальныя, дакумент., відавыя фільмы (рэпартажы аператара Э.Тысэ пра г. Ліепая, і інш.). Першы ігравы фільм — «Дзе праўда?» (1913). У 1920—30-я г. здымаліся пераважна камерцыйныя фільмы. Лепшая стужка гэтага перыяду — «Сын рыбака» паводле рамана В.Лаціса (1939, рэж. В.Лапеніек). У 1940 у Рызе створаны студыі маст. і дакумент. фільмаў (у 1948 аб’яднаны ў Рыжскую кінастудыю). Пасля 2-й сусв. вайны развіццё лат. кіно было звязана з дзейнасцю ленінградскіх і маскоўскіх рэжысёраў і аператараў. У канцы 1940 — пач. 1960-х г. экранізаваліся творы Лаціса «Перамога» («Вяртанне з перамогай», 1948, рэж. А.Іваноў), «Да новага берага» (1955, рэж. Л.Лукаў), «Сын рыбака» (1957, рэж. В.Круміньш), «Бура» («На парозе буры», 1961, рэж. Круміньш, Р.Калніньш), створаны гіст.-біягр. фільм «Райніс» (1949, рэж. Ю.Райзман), рамант. драма «Меч і ружа» (1960, рэж. Л.Лейманіс), фільмы ваен. тэматыкі («Рыта», 1958, рэж. А.Нерэтніецэ, і інш.). З 1960-х г. фільмы сталі больш разнастайнымі паводле тэматыкі і жанраў. Імкненнем асэнсаваць сваю гісторыю, яе драм. моманты праз лёсы канкрэтных людзей вызначаюцца стужкі «Я ўсё памятаю, Рычард!» (1967, рэж. Калніньш), «Калі дождж і вецер стукаюць у акно» (1968, рэж. А.Брэнч), «Змова паслоў» (1966, рэж. М.Розанцаў). У 1966 на Рыжскай кінастудыі створана група лялечных фільмаў. У 1970—80-я г. фільмы надзённай тэматыкі стваралі Я.Стрэйч («Мой сябра чалавек несур’ёзны», 1976; «Лімузін колеру белай ночы», 1981), Дз.Рытэнберг («Гэтыя небяспечныя дзверы на балкон», 1977), Г.Цылінскіс і В.Брасла («Саната над возерам», 1976) і інш. Экранізавалася нац. класіка («У ценю смерці» паводле Р.Блаўмана, 1971, «Вей, ветрык» паводле Я.Райніса, 1974, абодва рэж. Г.Піесіс); здымаліся прыгодніцкія стужкі («Слугі д’ябла», 1970, рэж. А.Лейманіс), дэтэктывы («Быць лішнім», 1977, рэж. Брэнч); пашырыўся выпуск тэлефільмаў («Майстра», 1976, рэж. Стрэйч; «Смерць пад ветразем», 1977, рэж. Нерэтніецэ). У 1981 зняты першы шматсерыйны тэлефільм «Доўгая дарога ў дзюнах» (рэж. Брэнч). Высокім майстэрствам вызначаліся дакумент. фільмы «Валміерскія дзяўчаты» (1970, рэж. І.Селецкіс), «След душы» (1972), «Забароненая зона» (1975, абодва рэж. Г.Франк), «Жанчына, якую чакаюць» (1978), «Пашырэнне свету» (1980, абодва рэж. Селецкіс), «Вышэйшы суд» (рэж. Франк), «Ці лёгка быць маладым» (рэж. Ю.Подніек) і інш. Сярод дзеячаў лат. кіно: рэжысёры Круміньш, О.Дункер, акцёры В.Артмане, Х.Ліепіньш, К.Себрыс, Э.Павулс, М.Мартынсоне, Г.Якаўлеў, А.Кайрыша, Л.Озаліня і інш.
Беларусы ў Латвіі. Продкі беларусаў (палачане) кантактавалі з продкамі латышоў з 8—9 ст. Яны гандлявалі ўздоўж Зах. Дзвіны (Даўгавы) на шляху «з варагаў у грэкі», збіралі даніну з ліваў і інш.стараж.-лат. плямён (гэтыя падзеі апісаны ў «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага), сяліліся ў Падзвінні, мелі тут свае фарпосты (Герцыке, Кукенойс). Буйным цэнтрам гандлю была Рыга, што засведчана яе дагаворам з Полацкам 1210 і інш. пагадненнямі. У часы існавання Ганзы купцы-крывічы пабудавалі ў Рызе Крэўскі двор. З 1453 вядома царква св. Мікалая ў Рызе, з 16 ст. — слабада бел. плытагонаў (Крэўсгорад) каля Крустпілса (з 1670 мела магдэбургскае права). Некалькі правасл.бел. цэркваў узніклі ў Л. ў 18—19 ст. Перасяленню беларусаў у Л. (частка іх асела ў партовых гарадах) садзейнічала адмена прыгоннага права ў 1861. З Л. паходзілі, тут вучыліся або працавалі ў 19 — пач. 20 ст.бел. грамадскія і культ. дзеячы, пісьменнікі, мастакі, у т. л. Х.Ц.Буйніцкі, В.Б.Вальтар, Н.Б.Ватацы, К.Б.Езавітаў, К.Каганец, У.М.Кудрэвіч, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Я.Маўр. Паводле перапісу 1897, у Л. жылі 79523 беларусы. У Рызе Ластоўскі, Э.Будзька і інш. чыталі лекцыі на бел. мове для бел.нац. інтэлігенцыі і настаўнікаў, выступалі перад рабочымі з Беларусі. У 1920 у Рызе знаходзіўся ўрад БНР на чале з Ластоўскім, у 1920—21 — Вайскова-дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі (кіраўнік Езавітаў, консул У.В.Пігулеўскі), якая мела ўласнае выдавецтва. У 1920—30-я г. ў Л. дзейнічалі культ.-асв. т-ры «Бацькаўшчына» і «Беларуская хата», Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, Люцынская дзяржаўная беларуская гімназія, Дзвінская (Даўгаўпілская) бел.дзярж. гімназія, Бел. выдавецтва і інш.бел. арг-цыі і ўстановы. Бел. дыяспару ў Л. падтрымліваў лат. паэт і дэпутат сейма Я.Райніс. У час ням.-фаш. акупацыі Л. (1941—44) працавалі бел.пач. школы ў Дзвінскім, Люцынскім і Рэжыцкім паветах, 3 шасцікласныя бел. школы ў Рызе, гімназія ў Індры; у Рызе выдаваўся час.«Новы шлях». Пасля 1945 адбылася апошняя хваля перасялення беларусаў у Л., колькасць якіх у краіне павялічылася з 61,9 тыс. ў 1959 да амаль 120 тыс.чал. у 1989. Найб. кампактна беларусы жывуць у Рызе (у 1995 каля 70 тыс.чал.) і Даўгаўпілсе (больш за 10 тыс.чал.). У 1990 у Л. святкавалася 500-годдзе з дня нараджэння Ф.Скарыны. У Рызе дзейнічаюць Латв.т-вабел. культуры «Сьвітанак» (з 1988), Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» (з 1991), бел. сярэдняя школа; абедзве арг-цыі і школу ўзначальвае мастак В.Целеш, у Даўгаўпілсе — бел.культ.-асв. аб’яднанне «Уздым» (з 1993), бел. нядзельная школа, т-ва культуры «Латвія—Беларусь» (з 1996) і інш. У Даўгаўпілсе і Рызе з 1996 ёсць таксама суполкі Міжнар. фонду Я.Купалы.
Літ.:
Витолс Д., Янкевиц Я. Экономическая и социальная география Латвийской Республики: Пер. с латыш. Рига, 1994;
От Лифляндии — к Латвии. Прибалтика русскими глазами. Т. 1. М., 1993;
Очерки экономической истории Латвии, 1860—1900. Рига, 1972;
Латвия на грани эпох. Рига, 1990;
Штейнберг В.А. Латвия во внешнеполитическом противоборстве Советской России и держав Запада, 1917—1920. Рига, 1979;
Крупников П.Я. Полвека истории Латвии глазами немцев (конец XIX в. — 1945 г.). Рига, 1989;
История Латвийской ССР. 2 изд. Рига, 1971;
Тугай У.В., Галавач А.В. Дзе песні 3 Даўгавы гучалі. Мн., 1992;
История латышской литературы. Т. 1—2. Рига, 1971;
Архитектура Советской Латвии. М., 1973;
Kolbergs A. Rigas grāmamd: Rigas vesture vecplisēta. Rīga, 1998;
Циелава С. Искусство Латвии. Л., 1979;
Latviešu padomju gleznieiba. Riga, 1985;
Starptautiska Mākslas Asociācija. Rīga, 1996;
Витолинь Я. Латышская народная песня. М., 1969;
Вериня С.Ф. Музыкальный театр Латвии и зарождение латышской национальной оперы. Л., 1973;
Грюнфельд Н.Э. История латышской музыки. М., 1978;
Бриеде-Булавинова В.В. Оперное творчество латышских композиторов. Л., 1979;
Герб і сцяг Латвіі.Да арт.Латвія. Краявід на Відземскім узвышшы.Да арт.Латвія. На ўзбярэжжы Рыжскага заліва.Да арт.Латвія. Вулачка ў г. Вентспілс.Да арт.Латвія. Рыга ў сярэдзіне 17 ст.Да арт.Латвія. Помнік латышскім стралкам у Рызе.Да арт.Латвія. Вежа-данжон Турайдскага замка ў Сігулдзе. Пач. 13 ст.Да арт.Латвія. Скульптура ў інтэр’еры Домскага сабора.Да арт.Латвія. Акадэмія Петрына ў Елгаве. 1773—75.Да арт. Латвія. Домскі сабор у Рызе. 13 ст.Да арт.Латвія. Замак у Цэсісе. 13—16 ст.Да арт.Латвія. Лютэранская царква ў Алуксне. 1781—88.Да арт.Латвія. В.Пурвіт. Сакавіцкі вечар (Зімовы пейзаж). Каля 1901.Да арт.Латвія. Дж.Скулме. Хлеб на дарогу. 1967.Да арт.Латвія. Помнік Свабоды ў Рызе. 1935.Да арт.Латвія. П.Упітыс. Дубы каля Гаўі. З серыі «Гаўя». 1956—57.Да арт.Латвія. К.Зале. Джузэпе Гарыбальдзі. 1918.Да арт.Латвія. Э.Вігнерэ. Святочны салют. Габелен. 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГЕНЦІ́НА (Argentina), Аргенцінская Рэспубліка (República Argentina),
дзяржава ў Паўд. Амерыцы. Абмываецца водамі Атлантычнага ак. Займае паўд.-ўсх.ч. Мацерыка, усх. палову в-ва Вогненная Зямля і суседнія з ёй астравы. Мяжуе на З з Чылі, на Пн з Балівіяй і Парагваем, на ПнУ з Бразіліяй і Уругваем. Падзяляецца на 22 правінцыі, адну федэральную (сталічную) акругу і нац. тэрыторыю Вогненная Зямля; Фалклендскія, або Мальвінскія, а-вы — спрэчная з Вялікабрытаніяй тэрыторыя. Пл. 2,8 млн.км² (8-я па велічыні краіна свету), нас. 33,9 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Буэнас-Айрэс. Афіц. мова іспанская, пашыраны італьян., ням., французская, англ.Нац. святы — гадавіна Майскай рэвалюцыі (25 мая), Дзень незалежнасці (9 ліп.).
Дзяржаўны лад. Аргенціна — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1853 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (46 чал.) і палаты дэпутатаў (254 чл.).
Прырода. Тэр. Аргенціны выцягнута з Пн на Пд на 3700 км (ад 22° да 55°паўд. ш.), з З на У да 1577 км. Берагі слаба парэзаны залівамі Ла-Плата, Эль-Рынкон, Сан-Матыяс, Сан-Хорхе, Баія-Грандэ і інш. У рэльефе вылучаюцца раўніны і нізіны: на Пн і У Гран-Чака, Пампа, Аргенцінскае Міжрэчча; у цэнтр.ч. Лаплацкая нізіна; на Пд Патагонскае пласкагор’е (да 2000 м) з плоскімі столападобнымі паверхнямі — мясетамі; на З Анды з найвыш. пунктам Паўд. Амерыкі гарой Аканкагуа (6960 м), на ПнЗ заходзіць ч. высакагорнага плато Пуна з шматлікімі вулканамі, на ПнУ — Бразільскае пласкагор’е. Клімат раўніннай ч. трапічны і субтрапічны, на Пд — умераны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (студз.) на Пн 28 °C, на Пд 10 °C, самага халоднага (ліп.) адпаведна 18 °C і 1 °C. У гарах клімат умерана халодны. Ападкаў за год ад 100—300 мм у Патагоніі да 1400—1600 мм на ПнУ, на ўсх. схілах Андаў да 5000 мм. Рачная сетка найб. развітая ў нізіннай і вільготнай паўн.-ўсх.ч. краіны. Буйныя паўнаводныя і суднаходныя ў нізоўях рэкі Парана (з прытокам Парагвай) і Уругвай зліваюцца ў агульнае вусце — эстуарый Ла-Плата. Да іх басейна належаць рэкі Пількамайо, Рыо-Бермеха, Рыо-Салада. Рэкі Патагоніі (Рыо-Каларада, Рыо-Негра, Чубут з Рыо-Чыко і інш.) багатыя гідраэнергарэсурсамі. Каля падножжа Андаў шматлікія, пераважна ледавіковыя, азёры Наўэль-Уапі, Буэнас-Айрэс, В’едма, Лага-Архенціна, Фаньена (на Вогненнай Зямлі). Каля 20% тэр. Аргенціны пад вечназялёнымі і лістападнымі лясамі, пераважна ў гарах. На Гран-Чака сухое рэдкалессе на чырвоных глебах, ва Усх. Пампе лугавыя стэпы на чарназёмах (разараныя), у Патагоніі паўпустыні. У фауне шмат відаў, якія невядомы ў краінах Старога Свету: браняносцы, скунсы, магеланаў сабака, пампаскі кот і інш. Шмат птушак і паўзуноў. Найб.нац. паркі: Ігуасу, Лос-Гласьярэс, Ланін, Лос-Алерсес, Наўэль-Уапі і інш.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва — аргенцінцы, нашчадкі эмігрантаў з Іспаніі, Італіі, Францыі і інш. краін Еўропы. Жывуць таксама італьянцы, украінцы, беларусы, іспанцы, палякі, немцы, яўрэі і інш. Карэнных жыхароў — індзейцаў — засталося каля 100 тыс.чал.; кечуа, тупі-гуарані і інш. Жывуць каля мяжы з Балівіяй і Парагваем, араўканы, тэхуэльча (патагонцы) — у Патагоніі. Метысаў, што гавораць на мове кечуа, каля 200 тыс.чал. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 12,1 чал. на 1 км² (1994). Большасць сканцэнтравана ў Пампе, менш населеная тэр. на Пд Аргенціны. Гар. насельніцтва 86%, трэцяя частка яго ў Вял. Буэнас-Айрэсе. Іншыя вял. гарады: Кордава, Мендоса, Расарыо, Ла-Плата, Марон, Мар-дэль-Плата, Тукуман, Санта-Фэ.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 66, у жанчын 73 гады. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 25,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Гісторыя. Тэр. Аргенціны заселена чалавекам у 8—7-м тыс. да н.э. Напярэдадні еўрап. заваявання яе насялялі шматлікія індзейскія плямёны, якія знаходзіліся на розных ступенях першабытнага ладу. На ПнЗ жылі дыягіты (кальчакі), што вялі аселы лад жыцця, займаліся земляробствам, будавалі ірыгацыйныя сістэмы, ведалі ткацтва, апрацоўвалі золата і серабро. На ПнУ і ў цэнтры Аргенціны жылі паляўнічыя плямёны. Пазней сюды прыйшлі гуарані, чыёй мовай да гэтага часу карыстаецца сельскае насельніцтва Аргенціны. На тэр. сучасных правінцый Буэнас-Айрэс і Мендоса жылі плямёны пампа; з Паўн. Патагоніі сюды прыходзілі для менавага гандлю качавыя плямёны араўканаў. У 16 ст.тэр. Аргенціны каланізавалі іспанцы. Новыя землі яны назвалі Ла-Плата і ўключылі іх у віцэ-каралеўства Перу. У 1536 канкістадор Педра Мендоса заснаваў пасёлак Пуэрта Санта Марыя дэ Буэнас-Айрэс — будучую сталіцу краіны. У 1617 на тэр. Аргонціны і Уругвая ўтворана губернатарства Ла-Плата. У 1776 б.ч. Аргенціны, Парагвая і Верхняга Перу аб’яднаны ў віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата. Аселыя на гэтых землях ісп. каланісты (пераважна андалузцы і баскі) асімілявалі мясц. індзейскае насельніцтва, утварыўшы паўд.-амер. тып метысаў. Нашчадкаў ісп. каланістаў і дзяцей ад змешаных шлюбаў са светлай скурай сталі называць крэоламі. Ісп. заваяванне перапыніла самаст. развіццё індзейскіх плямёнаў. Жорсткая іх эксплуатацыя ў рудніках, адцясненне ў больш халодныя раёны і перадгор’і Андаў рэзка зменшылі колькасцьмясц. насельніцтва. У абарону яго выступіла каталіцкая царква. У 1610 ордэн езуітаў стварыў для індзейцаў Аргенціны, Парагвая і Уругвая 30 пасяленняў-рэдукцый, дзе яны займаліся земляробствам, знаёміліся з еўрап. культурай. У 17 ст. ў сувязі з недахопам рабочых рук іспанцы пачалі завозіць неграў-рабоў з Афрыкі. Палітыка каланізатараў неаднойчы выклікала нар. хваляванні (1580, 1630, 1657, 1712, 1720, 1770). Шматлікія абмежаванні, якімі метраполія тармазіла сац.-эканам. развіццё Ла-Платы, выклікалі супраціўленне крэолаў. Вайна паўн.-амер. калоній за незалежнасць, франц. рэвалюцыя канца 18 ст., буйныя паўстанні індзейцаў Перу і Чылі стымулявалі вызв. барацьбу і ў Аргенціне. Крызіс ісп.калан. сістэмы спрабавала выкарыстаць Вялікабрытанія. Аднак 2 яе інтэрвенцыі ў 1806—07 пацярпелі паражэнне. У выніку антыісп. паўстання 1810 у Буэнас-Айрэсе скінуты віцэ-кароль і ўлада перайшла да Патрыят.т-ва, якое сфарміравала часовы ўрад Ла-Платы. Гэта паўстанне стала састаўной ч.Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. 9.7.1816 Нац. кангрэс у Тукумане абвясціў незалежнасць Аб’яднаных правінцый Ла-Платы, у 1826 яны пераўтвораны ў Федэратыўную Рэспубліку Аргенціна. Першым прэзідэнтам Аргенціны стаў Б.Рывадавія. У 1829 1835 у Аргенціне ўстаноўлены дыктатарскі рэжым Х.М.Росаса, які ў выніку нар. руху ў 1858 1852 быў скінуты. Канстытуцыя 1853 паскорыла працэс аб’яднання краіны. Прагрэсіўна-ліберальныя ўрады Д.Сарам’ента (1868—74), Н.Авельянеды (1874—80) правялі шэраг рэформаў. Паступова Аргенціна стала буйным экспарцёрам збожжа. Да пач. 20 ст. ў асн. склалася аргенцінская нацыя. Выразнікам патрабаванняў далейшых пераўтварэнняў стала партыя Грамадз. радыкальны саюз (ГРС), створаная ў 1891. У 1916 яна перамагла на прэзідэнцкіх выбарах і яе ўрады, што кіравалі краінай да 1930, ажыццявілі шэраг рэформаў, нацыяналізавалі нафтавую прам-сць, умацавалі дзярж. сектар, увялі 8-гадзінны рабочы дзень. З 1930 да 1946 краінай правілі ваен. рэжымы. На прэзідэнцкіх выбарах 1946 перамог лідэр хустысіялісцкага руху (гл.Хустысіялізм) Х.Д.Перон, які правёў новыя рэформы. У выніку ваен. перавароту ў вер. 1955 Перон скінуты, і да 1983 Аргенцінай правілі пераважна ўрады ваенных. Гады праўлення апошняга ваен. рэжыму пазначаны абвастрэннем унутр. і знешняга становішча, што найб. выявілася ў англа-аргенцінскім канфлікце 1982 за Фалклендскія (Мальвінскія) а-вы. У выніку выбараў 1983 прэзідэнтам Аргенціны стаў Р.Альфансін ад партыі ГРС. Пагаршэнне эканам. сітуацыі ў краіне вылілася ў сац. хваляванні. На выбарах 1989 перамог кандыдат ад Хустысіялісцкай партыі К.Менем. Ён аднавіў дыпламат. адносіны з Вялікабрытаніяй, умацаваў сувязі з дзяржавамі ЕЭС; Аргенціна выйшла з Руху недалучэння і арыентуецца на пазіцыю ЗША і інш. развітых краін. У 1991 падпісана пагадненне з Бразіліяй, Парагваем і Уругваем пра ўтварэнне паўд.-амер. агульнага рынку. На выбарах у 1995 прэзідэнтам краіны зноў выбраны К.Менем. Аргенціна — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамерыканскай асацыяцыі інтэграцыі і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 6.11.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Хустысіялісцкая партыя, Грамадз. радыкальны саюз, Саюз дэмакр. цэнтра, Хрысц.-дэмакр. партыя. Адзіны праф. цэнтр краіны — Усеагульная канфедэрацыя працы.
Гаспадарка. Аргенціна — адна з найб. развітых у эканам. адносінах краін Лац. Амерыкі. Валодае разнастайнымі прыродна-эканам. рэсурсамі, урадлівымі землямі, энерганосьбітамі (нафта, газ, гідраэнергія, найб. ў Лац. Амерыцы запасы уранавых рудаў) і інш. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае 112 млрд.дол. (1992), 3,4 тыс.дол. на душу насельніцтва, што прыкладна ўдвая перавышае сярэдні ўзровень па рэгіёне.
Прамысловасць. Аснова эканомікі — высокаразвітая апрацоўчая прам-сць, дае каля 24% ВУП і амаль цалкам забяспечвае патрэбы краіны. Каля 50% кошту прамысл. прадукцыі дае чорная металургія (выплаўка чыгуну і сталі, пераважна на прывазной сыравіне), каляровая металургія (выплаўка свінцу, цынку, алюмінію), маш.-буд. (аўта-, трактара-, судна- і станкабудаванне, с.-г. машыны), нафтаперапр., нафтахім. і хім.прам-сць. Развіта вытворчасць трубаў, электратэхн., цэлюлозна-папяровая, цэментная прам-сць. У Аргенціне раней, чым у інш. краінах Лац. Амерыкі, узніклі галіны, звязаныя з высокімі тэхналогіямі (электронная, атамная). Удзельная вага традыц. галін прам-сці — харчасмакавай (тытунёвая, вытв-сць парагвайскага чаю матэ) і тэкстыльнай — знізілася. Вельмі развіта харч.прам-сць (мясная, цукровая, маслабойная, кансервавая, мукамольная, вінаробчая і інш.). Значная гарбарна-абутковая прам-сць. У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча нафты і прыроднага газу, поліметалічных, уранавых, жалезных, марганцавых, медных, берыліевых і вальфрамавых рудаў, а таксама вугалю. У 1992 выпрацавана 51,4 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (каля 48% на ЦЭС, 46% на ГЭС, 5% на АЭС). Буйныя прамысл. цэнтры: Буэнас-Айрэс (каля паловы прамысл. прадукцыі), Кордава, Ла-Плата, Расарыо, Санта-Фэ, Мендоса, Баія-Бланка, Саратэ і інш.
Сельская гаспадарка. Разам з рыбалоўствам дае 15% ВУП і забяспечвае краіну харч. прадуктамі і большай ч. сыравіны. Спецыялізацыя — таварная вытв-сць мяса і збожжа. Каля 75% зямельнага фонду належыць буйным латыфундыям (больш за 1000 га). Плошча с.-г. угоддзяў каля 180 млн.га, з іх 20% — ворныя землі. Асн. галіна — жывёлагадоўля: буйн. раг. жывёла мяснога кірунку і мяса-воўнавая авечкагадоўля. Развіта птушкагадоўля. Земляробства канцэнтруецца ў Пампе. Асн.с.-г. культуры: пшаніца, кукуруза, ячмень, авёс, сланечнік. Вырошчваюць лён, жыта, цукр. трыснёг, цукр. буракі, сою, рыс, чай, бавоўнік, люцэрну, бульбу, тытунь, арахіс, вінаград, аліўкавыя і тунгавыя дрэвы, цытрусавыя. Вакол вял. гарадоў — агародніцтва, садаводства, малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля.
Транспарт. У знешніх перавозках гал. роля належыць марскому транспарту, ва ўнутраных — аўтамабільнаму. Найб. марскія парты: Буэнас-Айрэс, Ла-Плата, Расарыо, Баія-Бланка, Сан-Нікалас, Камадора-Рывадавія, Санта-Фэ, Мар-дэль-Плата. Даўж. аўтадарог 575 тыс.км, 55 тыс.км асфальтаваныя, чыгунак 37 тыс.км. У Аргенціне 10 міжнар. аэрапортаў, найбольшы ў Буэнас-Айрэсе. Каля 80% экспарту складае с.-г. прадукцыя: мяса, мясапрадукты, воўна, скуры, збожжа, маслічныя, малочныя прадукты, дубільны экстракт з кебрача, чай. Экспартуюць таксама абсталяванне, вальфрам. Імпарт: машыны, прамысл. абсталяванне, сыравіна, нафтапрадукты, паліва. Гандл. партнёры: ЗША, Бразілія, Балівія, Германія, Італія, Японія, Нідэрланды і інш. Беларусь у 1993 экспартавала ў Аргенціну грузавыя аўтамабілі, трактары, з Аргенціны прывозіла с.-г. прадукты. Грашовая адзінка — песа.
Узброеныя сілы Аргенціны ўключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 83 тыс.чал. (1991) і складаюцца з сухап. войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (45 тыс.чал.) зведзены ў 4 армейскія корпусы, маюць на ўзбраенні танкі і інш. бранятэхніку, артылерыю, ракеты і інш. У складзе ВПС (13 тыс.чал.) 10 авіяц. брыгад (143 баявыя, 164 дапаможныя самалёты, 45 верталётаў). ВМС (25 тыс.чал.) уключаюць флот, авіяцыю ВМС і падраздзяленне марской пяхоты (3 тыс.чал.); 36 баявых караблёў (1 авіяносец, 6 эсмінцаў, 7 фрэгатаў, 4 падводныя лодкі, 12 патрульных караблёў і 6 тральшчыкаў), 67 катэраў, 38 дапаможных суднаў, 33 самалёты і 24 верталёты марской авіяцыі. Камплектуюцца ўзбр. сілы паводле закону аб усеагульнай воінскай павіннасці, прызыўны ўзрост — 18 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы ў сухапутных войсках і ВПС — 1 год, у ВМС — 14 месяцаў. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. вучылішчах, а таксама за мяжой. Ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з жандармерыі (ваен. паліцыя, 13 тыс.чал.) і берагавой аховы (9 тыс.чал.). Агульная колькасць рэзерву — 377 тыс.чал. (1987).
Асвета, навуковыя ўстановы. Паводле закону аб адукацыі 1976 сістэма адукацыі ў Аргенціне ўключае ўстановы дашкольнага выхавання для дзяцей 3—5 гадоў, абавязковую (пачатковую) школу (7 гадоў навучання) для дзяцей 6—12 гадоў, сярэднюю (5—7 гадоў навучання) з двума цыкламі: 3-гадовым базавым (8—10 кл.) і 2—4-гадовым агульнаадук. або спец. навучаннем (у залежнасці ад тыпу сярэдняй навуч. установы ці ВНУ). У 1989/90 навуч.г. дашкольныя дзіцячыя ўстановы (існуюць пры пач. школах) наведвала 720 тыс. дзяцей, у пач. школах займаліся 4,9 млн. вучняў, працавалі 252 тыс. настаўнікаў, у сярэдніх — каля 2 млн. вучняў і 262 тыс. выкладчыкаў. Вышэйшую адукацыю ў Аргенціне даюць у асноўным ун-ты (больш за 50), а таксама ін-ты і вышэйшыя каледжы. Каля паловы прыватных ВНУ кантралюе каталіцкая царква. У 1989/90 навуч.г. ў ВНУ займалася каля 903 тыс. студэнтаў, працавала каля 70 тыс. выкладчыкаў. Найбольшыя ун-ты: у Буэнас-Айрэсе (з 1821), Кордаве (з 1613), Ла-Плаце (з 1884), Санта-Фэ (з 1919), Мароне (з 1960) і інш. Найбольшыя б-кі: Нац.б-ка (з 1810), б-ка ун-та ў Буэнас-Айрэсе, Нац. кангрэса (з 1859). Музеі: прыродазнаўчых навук (з 1823), Нац. гістарычны (з 1889), Нац. музей прыгожых мастацтваў (з 1895), школьны імя Сарм’ента (з 1910, усе ў Буэнас-Айрэсе), прыродазнаўча-гістарычны ў Мендосе (з 1911) і інш. Навуковыя даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях навук, НДІ пры ун-тах і ін-тах, у навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аргенціне выходзіць 227 перыяд. выданняў агульным тыражом 2,75 млн.экз. (1990). Найбуйнейшыя газетныя выданні: «Clarin» («Гарніст», з 1945), «Cronica» («Хроніка», з 1963). Агенцтвы друку: Тэленатысіёса Амерыкана (з 1945), Дзыстрыбуідора Аргенціна дэ Натыскас (прыватнае інфарм. агенцтва, з 1964), Дыярыас і Натысіяс (з 1982). Дзейнічаюць 37 дзярж., 3 прыватныя і 72 мясц. радыёстанцыі. Галоўныя: Радыё Эль Мунда, Радыё дэль Плата, Радыё Насьёналь. 14 дзярж. тэлестанцый, 28 прыватных тэлеканалаў.
Літаратура. Літ. помнікі карэннага індзейскага насельніцтва Аргенціны не захаваліся. Творы калан. перыяду (пач. 16 — пач. 19 ст.) — гіст. хронікі Р.Дыяса дэ Гусмана, М. дэль Барка Сентынеры (л-ры Ла-Платы). У гады нац.-вызв. руху (1810—16) панаваў рэв.-патрыят. класіцызм (Х.Крус Варэла, Б. дэ Мантэагуда). Пасля абвяшчэння незалежнасці Аргенціны ідэйна-маст. кірункам у л-ры стаў рамантызм (Х.М.Гуцьерэс, Э.Эчыверыя, Х.Мармаль). Маст.-філас. твор «Факунда» (1845) Д.Ф.Сарм’ента лічыцца шэдэўрам арг.рамант. школы. Гіст. раман «Амалія» (1855) Х.Мармаля — першы нац. раман. Да канца 18 ст. склаліся традыцыі фальклору гауча (жыхароў Пампы). На іх аснове развіваецца ўласнаарг. «л-ра гауча» (І.Аскасубі, Э. дэль Кампа, Р.Аблігада). Яе вяршыня — эпічная паэма Х.Эрнандаса «Марцін Ф’ера» (ч. 1—2, 1872—79), адметная рысамі кастумбрызму (апісанне побыту і нораваў). Імкненне да рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці характэрна для твораў прадстаўнікоў кастумбрысцкай л-ры (2-я пал. 19 ст.) Л.В.Лопеса, Л.Кане, Э.Вільдэ, К.Гіда-і-Спана. З пач. 20 ст. ўзмацніліся пазіцыі рэалізму [Х.Мартэль, Э.Камбасерас, Ф.Моча (Х.С.Альварэс), Р.Х.Пайра, Ф.Санчэс, Б.Лінч, М.Гальвес], мадэрнізму і постмадэрнізму (Л.Лугонес, Э.Лаэрта, Б.Фернандэс Марэна, Э.Карыега, А.Сторні, Э.Банчс, Р.А.Арыета, Э.Марцінес Эстрада і інш.). Вялікі ўплыў на развіццё літ. жыцця 1920-х г. зрабілі літ. аб’яднанні «Фларыда» (адстойвала «чыстае» мастацтва: Х.Л.Борхес, Э.Мальеа, Л.Марычаль) і «Баэда» (выступала за «мастацтва для жыцця»: А.Юнке, Р.Арльт, Р.Гансалес Туньён). У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у развіццё арг. і сусв. л-ры зрабілі Х.Картасар, Х.Л.Борхес, Э.Сабата і інш.
Архітэктура. У калан. перыяд архітэктура развівалася ў гарадах, што ўзніклі на шляхах пранікнення ў краіну іспанцаў. Выраслі гарады Буэнас-Айрэс, Кордава, Санта-Фэ і інш. з прамавугольнай сеткай вуліц, на гал. плошчы якіх узводзіліся сабор, ратуша, палац губернатара, арсенал. Архітэктура 17 ст. вызначалася прастатой і манументальнасцю (арх. Х.Краус, А.Бланкі, Х.Б.Прымалі). Найб. характэрны помнік гэтага перыяду царква Кампанья ў Кордаве (праект інж. Ф.Лемера, 1649—90). З 18 ст. панавалі барока і класіцызм (царква Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес), у канцы 19 — пач. 20 ст. — эклектызм і стылізацыя. У 1920-я г. склаліся рацыяналістычныя тэндэнцыі (арх. А.Вірасора, В.Акоста, Х.Віванка, А.Банет, А.Вільямс). З 1940—50-х г. архітэктары звяртаюцца да арган. архітэктуры, развітых прасторавых і структурных кампазіцый, выкарыстання новых канструкцый і матэрыялаў (А.Агасціні, Х.Сальсон, К.Тэст, А.Гайда, Э.Лестан, Э.Амбаш і інш.).
Выяўленчае мастацтва. Да каланізацыі Аргенціны ў 16 ст. было развіта мастацтва карэннага насельніцтва — індзейцаў (ткацтва, кераміка, культавая скульптура з каменю, дрэва і гліны, ювелірныя вырабы). У каланіяльны перыяд выяўл. мастацтва ў асн. было рэлігійнае (разнымі дэкар. скульптурамі ўпрыгожвалі алтары-рэтабла, кафедры); развіваўся і свецкі жывапіс (гал. чынам партрэт). Пасля вызвалення Аргенціны ад ісп. панавання (1816) пад уздзеяннем заходнееўрап. мастацтва сталі развівацца жывапіс, скульптура, графіка (літограф-жанрыст К.Марэль, пейзажыст П.Пуэйрэдон, скульптар Л.Карэа Маралес, жывапісец-рэаліст Э.Сіворы). На пач. 20 ст. распаўсюдзіўся імпрэсіянізм (жывапісцы Х.Бутлер, П.Куіда, М.Мальяра, П.Сонса Брыяна, Ф.Фадэр, скульптары Р.Іруртыя і інш.). У 1929 Р.Сольдзі стварыў «авангардысцкую школу» (Э.Петаруці, Р.Форнер), якая садзейнічала развіццю авангардных плыняў (Х.Ле Парк, А.Берні, М.Мінухін, Э.Майк-Інтайр, Р.Максіо). Вострыя сац. праблемы, жыццё народа адлюстроўваюць жывапісцы Х.К.Кастаньіна, Л.Э.Спілімберга, Б.Кінкуэла Марцін, графікі А.Р.Віга, А.Брыес, разьбяры А.Сібеліна, С.Фітула.
Музыка. У нар. музыцы Аргенціны пераважае крэольскі фальклор. Музыка індзейцаў-абарыгенаў захавалася толькі на ПдЗ краіны. Сярод песень і танцаў індзейцаў — араві, уайна, карнаваліта; муз. інструменты — кена, пінкілья, сіку і інш. Крэольскі муз. фальклор (песні — яраві, трыстэ, тона, эсціла, танцы — самакуэка, байлесіта, куанда і інш., мастацтва нар. паэтаў-спевакоў — паядораў) дасягнуў росквіту ў 19 ст.Прафес.муз. школа складваецца з канца 19 ст. пад уплывам еўрапейскіх, пераважна італьянскіх, жанраў і стыляў. Яе заснавальнік К.Вільямс. У канцы 19 ст. з’явіўся жанр оперы (А.Беруці). У 1929 арганізавана «Група музычнага абнаўлення». Працуюць кампазітары браты Х.М. і Х.З.Кастра, Х.Фішэр, Х.Пас, А.Хінастэра, Ф.Кропфль і інш.Муз. Цэнтр Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе дзейнічаюць: оперны т-р «Калон» (1908); аркестры філарманічны, Нац. сімфанічны, Нац. радыё; Нац. і Муніцыпальная кансерваторыі; Лац.-амер. цэнтр муз. даследаванняў «Тарквата ды Тэлья» і інш.
Тэатр. Першы т-р у Буэнас-Айрэсе адкрыты ў 1783. У 1880-я г. ўзнік жанр рамант. меладрамы, т.зв. «тэатр гауча», гал. герой якога — селянін-пастух (гауча), ахвяра сац. несправядлівасці. На пач. 20 ст.вял. значэнне для развіцця нац.т-ра мела рэаліст. творчасць драматурга Ф.Санчаса. У 1920-я г. ў процівагу камерцыйным узніклі «незалежныя» т-ры, якія вывучалі вопыт еўрап.т-ра, ставілі п’есы нац. драматургаў А.Кусані, А.Драгуна, К.Гарастыса, творы класічнай і тагачаснай драматургіі. Цэнтр тэатр. жыцця Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе працуюць незалежныя («Эль-Пуэбла», «Новы тэатр», «Ла Маскара») і камерцыйныя т-ры (Нац.т-р камедыі, «Архенціна» і інш.), Нац.ін-т вывучэння т-ра. Сярод рэжысёраў і акцёраў: А.Баэра, П.Аскіні, М.Села, Л.Сандрыні, Ф.Петроне.
Кіно. Упершыню кіназдымкі ў Аргенціне адбыліся ў 1897. У 1908 зняты першы маст. фільм «Расстрэл у Дарэга» (рэж. М.Гальа). Фільм «Танга смерці» (1917, рэж. Х.А.Ферэйра) паклаў пачатак серыі карцін, сюжэтна звязаных з папулярным у краіне танцам танга. У 1940—50-я г.найб. поспех мелі муз. камедыі з удзелам Л.Торэс, лепшая з якіх — «Узрост кахання» (1953, рэж. Х.Сарасэні). У 1950-я г. ў кіно прыйшло новае пакаленне рэжысёраў: Р.Куін, Л.Муруа, Л.Фавіа, Х.Марцінес Суарэс, творчасць якіх атрымала назву «новае аргенцінскае кіно». У 1956 заснавана Школа дакумент. кіно пад кіраўніцтвам Ф.Біры. Вядомыя рэжысёры: Л.Нільсен, Ф.Э.Саланас, Д.Ліпшыц, Л.Пуэнца.
Беларусы ў Аргенціне. Бел. дыяспара ў Аргенціне склалася з некалькіх значных эміграц. хваляў з Беларусі. Гэтаму спрыялі і адпаведныя законы Аргенціны: яе ўрад даваў усім эмігрантам роўныя правы, вызваляў іх ад падаткаў і г.д. Прадстаўнікамі 1-й эміграц. хвалі з Беларусі (канец 19 ст. — 1914, каля 300—400 тыс.чал.) былі сяляне пераважна з Гродзенскай і Віленскай, з 1905 — Мінскай і інш.усх. губерняў (асн. іх ч. пазней вярнулася на Бацькаўшчыну). У час 2-й хвалі эміграцыі ў 1921—39 з Зах. Беларусі каля 40 тыс.чал. перасяліліся ў правінцыі Масіёнес, Мэндэра, Сан-Жуан, каля 60 тыс. — у Буэнас-Айрэс і яго ваколіцы. У 1934 у Буэнас-Айрэсе склалася першае бел.культ.-асв.т-ва «Грамада», у 1935 — «Культура», у 1937 — «Т-ва бібліятэкі імя Івана Луцэвіча», у 1938 — Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», у 1939 — «Док Суд», Бел.культ.т-ва ў г. Берысо. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю бел. арг-цый у Аргенціне, дзейнасцю якой кіравала ўправа на чале з М.Мярэчкам, У.Гайлевічам і Я.Пятрушакам; выдавала газ. «Эхо», з 1940 — «Белорусский иллюстрированный календарь». У пач. 2-й сусв. вайны пры Федэрацыі створаны Бел.дэмакр.к-т, які праводзіў збор дабрачынных ахвяраванняў; у 1943 з аналагічнымі мэтамі ўтвораны Славянскі саюз Аргенціны. У час 3-й хвалі ваен.-паліт. эміграцыі ў 1946—53 бел. дыяспара павялічылася прыкладна на 1—1,5 тыс.чал. Яе прадстаўнікі заснавалі альтэрнатыўнае даваен. т-ва Згуртаванне беларусаў Аргенціны (ЗБА; 1948—57, старшыня К.Мярляк), якое ў 1948 увайшло ў Антыкамуніст. славянскую лігу. ЗБА актыўна выступала супраць намаганняў пасольства СССР у Аргенціне прадстаўляць інтарэсы Беларусі. У 1949—54 у Аргенціне працавала прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з Мерляком. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страчваюць сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. У сувязі з рэпатрыяцыяй прыхільнікаў бел.нац. ідэі з ліку прац. эміграцыі (каля 15 тыс.чал.), выездам прадстаўнікоў ваенна-паліт. эміграцыі ў ЗША бел.нац. змястоўнасць у грамадска-культ. жыцці суайчыннікаў амаль знікае. Паступова ліквідуецца і адна з найбуйнейшых арг-цый «Белорусский очаг» (з 1951, налічвала 15—18 тыс. пераважна сав. грамадзян). З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны» (больш за 2 тыс.чал.), куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У сучаснай бел. дыяспары Аргенціны каля 150 тыс. прадстаўнікоў бел. эміграцыі розных пакаленняў.
Літ.:
Пименова Р.А. Аргентина. М., 1987;
Культура Аргентины. М., 1977;
Arte argentino contemporaneo: [Catalogo]. Madrid, 1976.
Герб і сцяг Аргенціны.Аргенціна. Статак авечак у Патагоніі. Правінцыя Санта-Крус.Аргенціна. Пейзаж аргенцінскай Пуны.Аргенціна. Нацыянальны парк Наўэль-Уапі.Аргенціна. Горад Кордава.Да арт.Аргенціна. Спартыўная зала-басейн у Буэнас-Айрэсе. Арх. Э.Лестан. 1988.Да арт.Аргенціна. Руіны царквы Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес. 18 ст.Да арт.Аргенціна. Э. Петаруці. Квінтэт. 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЯШЧАННЕ
Гісторыя развіцця. У адпаведнасці з сацыяльна-паліт. і творчым характарам вылучаюць наступныя асноўныя перыяды развіцця і дзейнасці радыёвяшчання на Беларусі: 1925—32 — стварэнне тэхнічных сродкаў, фарміраванне арганізацыйных і ідэйна-творчых прынцыпаў вяшчання; 1932—41 — развіццё масавага радыёвяшчання; 1941—45 — радыёвяшчанне ў Вял.Айч. вайну; 1945—60 — этап пасляваеннага аднаўлення; 1961—75 — развіццё тэхнічнай аснашчанасці радыёвяшчання, яго форм і жанраў; 1975—85 — радыёвяшчанне ва ўмовах застою ў сац. жыцці і эканоміцы; 1985—91 — радыёвяшчанне ў перыяд перабудовы; з 1991 — развіццё на сучасным этапе.
Развіццё радыёвяшчання на Беларусі непарыўна звязана са станаўленнем і развіццём яго на ўсесаюзным узроўні. Першыя пробныя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР адбыліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад). У 1921 у Маскве пачала працаваць цэнтр. радыётэлефонная станцыя вялікага радыуса. Адначасова расла і ўдасканальвалася радыёпрымальная і радыётрансляцыйная сетка, канструяваліся радыёвяшчальныя прыёмнікі, гучнагаварыцелі, будаваліся радыёвузлы. На Беларусі стварэнне радыёперадавальнай сеткі пачалося ў 1925. У Мінску і Гомелі былі ўстаноўлены радыёперадатчыкі тыпу «Малы Камінтэрн» магутнасцю 1,2 кВт. Першай уступіла ў строй радыёстанцыя ў Гомелі, якая трансліравала перадачы, што прымаліся па правадах з Масквы. Для мясц. вяшчання абсталявана невялікая студыя, для аб’яў выкарыстоўваліся тэлефонныя трубкі гар. тэлефона і вугальныя мікрафоны. Першая перадача Бел. радыё ў Мінску адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР; трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, іх працягласць 30 мін у суткі. Адкрыццё радыёстанцыі спрыяла шырокаму развіццю прымальнай радыёсеткі. У 25 раёнах Беларусі ўстанаўліваліся радыёпрыёмнікі калектыўнага карыстання «Радыёліна». Пабудавана 75-метровая драўляная мачта, побач з якой абсталявалі і студыю. У сак. 1926 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб выпуску 2 радыёгазет: рабочай (штодзённай) і сялянскай (3—4 разы на тыдзень). Пачаўся выхад у эфір «Беларускай радыёгазеты», якая мела рубрыкі «Перадавы артыкул», «Жыццё вёскі», «Рабочае жыццё», «Хроніка Мінска» і інш. У ліп. 1926 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР перайшла ў распараджэнне акцыянернага таварыства «Радыёперадача». Выходзілі спецыялізаваныя перадачы для розных груп насельніцтва: радыёгазеты «Беларуская вёска», «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі» і інш., перадаваліся выступленні членаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1927 Мінскі радыёперадатчык «Малы Камінтэрн» заменены на больш магутны (4 кВт). З дапамогай узмацняльніка ТБ-3/0, які па паветраных правадных лініях сілкаваў рупарныя гучнагаварыцелі тыпу «Акорд», радыёфікавана каля 25 месцаў калектыўнага радыёслухання. У жніўні 1927 Таварыства сяброў радыё правяло першы Усебел. дзень радыё. З 1928 пачало развівацца правадное вяшчанне. Трансляцыйны вузел быў абсталяваны магутным узмацняльнікам на базе перадатчыка «Малы Камінтэрн»; падвешана каля 45 км трансляцыйных ліній і ўстаноўлена каля 4 тыс. радыёкропак. Побач з перадачамі са студыі Белрадыёцэнтра пачаліся трансляцыі перадач з тэатраў і клубаў. Створаны сімфанічны аркестр Белрадыёцэнтра, які забяспечваў муз. праграмы, і першы радыёуніверсітэт з тэхн., сельскагаспадарчым і агульнапаліт. факультэтамі. У ліст. 1928 уведзена тыпавая тыднёвая сетка вяшчання, закладзена адраснасць перадач паводле прафесійнай і ўзроставай прыналежнасці слухачоў, праведзена першая ў краіне радыёпераклічка гарадоў СССР з удзелам Мінска. У 1929 работнікі Белрадыёцэнтра распрацавалі 10-ватны ўзмацняльнік БРЦ-10 для радыёфікацыі раёнаў Беларусі. Першы радыёвузел абсталяваны на шклозаводзе «Кастрычнік» Бабруйскага раёна. У ліст. 1931 пабудавана радыёстанцыя магутнасцю 30 кВт у Калодзішчах пад Мінскам. Выходзілі радыёгазеты «За бальшавіцкія тэмпы», «У рабочы поўдзень», «Калгасны заклік», «Камсамолец Беларусі», «Чырвонаармейская радыёгазета» і інш.
У 1932 створаны Усебел. камітэт радыёвяшчання пры Наркамаце поштаў і тэлеграфаў, які арганізоўваў радыёвяшчальныя праграмы па ўсіх радыёстанцыях і радыёвузлах Беларусі. Замест ліквідаваных некаторых радыёгазет створаны новыя формы вяшчання, адкрыты сектары: «Апошнія паведамленні», грамадска-палітычны, мастацкі, дзіцячы, нізавога вяшчання, «У дапамогу самаадукацыі» і інш. З 1933 шырока практыкаваліся прамыя эфірныя перадачы: «Нестудыйная перадача з Аршанскага льнокамбіната», «Нестудыйная перадача з калгаса імя Леніна» і інш., рэпартажы з сустрэч, мітынгаў, сходаў, дэманстрацый. У 1936 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу тыпу «Шорынафон». У якасці носьбіта гуку выкарыстоўвалася звычайная кінастужка. Большасць драматычных і муз. перадач ішлі пад рубрыкай «Радыётэатр», маст. перадачы вяліся на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У 1938 у Белрадыёцэнтры абсталяваны 3 новыя студыі, цэх механічнага вяшчання і гуказапісу, пры будаўніцтве якіх упершыню выкарыстаны акустычныя гукапаглынальныя матэрыялы. У 1939 Радыёкамітэт наладзіў выпуск штодэкаднай газеты «Радыёпраграмы». Пасля вызвалення Зах. Беларусі пачала работу радыёстанцыя РБ-95 у г. Баранавічы магутнасцю 50 кВт; у абл. і раённых цэнтрах будаваліся трансляцыйныя радыёвузлы, стваралася мясц. вяшчанне на фабрыках і заводах, саўгасах і калгасах. У 1940 у Белрадыёцэнтры ўведзены ў дзеянне 100-кілаватны лямпавы перадатчык, вялося будаўніцтва радыёпрымальнага цэнтра ў Прылуках (Мінскі раён).
У сувязі з акупацыяй Беларусі ням. фашыстамі ў чэрвені 1941 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР спыніла сваю работу. У Маскве на радыёстанцыі імя Камінтэрна працягвала працаваць даваенная рэдакцыя вяшчання на бел. мове. У снежні 1941 кіраўніцтва Усесаюзнага радыё выдзеліла для радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» радыёстанцыю на кароткіх хвалях, якая выйшла ў эфір 1.1.1942. Перадачы вяліся на бел. і рус. мовах напачатку 3 разы ў суткі (аб’ём вяшчання 2 гадз 30 мін), потым 5 разоў. Пазыўнымі служылі бел. музыка (апрацоўка М.Жальвінскага) і верш Я.Купалы «Беларускім партызанам». Аснову вяшчання складалі інфарм. перадачы, якія пачыналіся са зводак Саўінфармбюро, выпускі «Апошніх паведамленняў» для партызан і падпольшчыкаў з аглядам газеты «Савецкая Беларусь» і газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», спецыяльныя перадачы важнейшых паведамленняў для рэдакцый падп. газет, штодзённыя агляды цэнтр. газет, інфарм. праграмы «Партызанскія навіны» і «Дапамога фронту». Аснову контрпрапагандысцкіх праграм складалі выступленні вядомых парт. кіраўнікоў, дзеячаў навукі і культуры. Радыёстанцыя правяла 15 трансляцый антыфаш. мітынгаў, у т. л. радыёмітынгу з Казані ў студз. 1942 прадстаўнікоў бел. народа. Вядучае месца ў прапагандысцкіх перадачах займалі выступленні перад мікрафонам, публіцыстычныя радыёпрамовы, нарысы, паліт. памфлеты і фельетоны бел. пісьменнікаў і паэтаў. Бел. літаратары рыхтавалі перадачы для сатырычнай рубрыкі «Партызанская сатыра»: «Сатырычныя хвілінкі партызанскага гумару», «Зарадка», «Саветы бывалага партызана» і інш. У эфіры гучалі штодзённыя 30-мінутныя канцэрты з удзелам бел. артыстаў, радыёп’есы. Са снежня 1942 радыёстанцыя пачала рэгулярныя перадачы для камсамольцаў і моладзі акупіраванай тэр. Беларусі. Пастаяннымі рубрыкамі маладзёжных праграм былі «Беларускі народ змагаецца», «Лісты з партызанскіх атрадаў», «Партызанскія аперацыі», рэгулярна перадаваліся агляды пошты. У 1943 сутачны аб’ём вяшчання радыёстанцыі складаў 7 гадз. За перыяд яе існавання (да 20.9.1944) адбылося 3270 перадач, у т. л. 505 маладзёжных. У 1944 у вызваленым ад фашыстаў Гомелі, а потым у Мінску аднавіла свае перадачы радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР. У «Апошніх паведамленнях» (выйшла больш за 1200), рубрыках «На франтах Айчыннай вайны», «Па гарадах нашай рэспублікі», «На вызваленай беларускай зямлі» і інш. шырока асвятляліся падзеі на франтах, аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне навукі і культуры, работа 6-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР, трансліраваліся з Мінска сход бел. інтэлігенцыі, свята маст. самадзейнасці ў адноўленым Доме радыё. Пасля вызвалення Беларусі ўведзены ў дзеянне радыёвузлы ва ўсіх абл. цэнтрах, наладжвалася іх радыёсувязь з раённымі цэнтрамі, у дамах устаноўлена 40 тыс. радыёкропак (27% ад даваеннага ўзроўню).
У 1945 Бел. радыё атрымала адноўленыя студыі Дома радыё і новае абсталяванне, што дазволіла пашырыць дыяпазон перадач. У праграмах значнае месца аддавалася прапагандзе нар. мастацтва, твораў тэатральнай і муз. класікі, часцей гучалі бел.нар. песні і песні інш. народаў у выкананні аматарскіх хароў і спевакоў. Падзеяй стала трансляцыя свята нар. мастацтва ў Мінску (ад Беларусі выступілі 1300 чал.). З 1946 на Бел. радыё пачалося тэхн. пераабсталяванне студыі гуказапісу, перасоўных рэпарцёрскіх станцый, удасканальваліся апараты для запісу студыйных і пазастудыйных перадач. Спецыяльныя выпускі «Апошніх паведамленняў» прысвячаліся новабудоўлям: аўтамабільнаму і трактарнаму заводам, тонкасуконнаму камбінату; павялічылася ўвага да праблем выхавання дзяцей і моладзі. Са студз. 1949 рэдакцыя літ.-драм. вяшчання сумесна з праўленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі выпускала штомесячны радыёальманах «Беларусь літаратурная». З пашырэннем у 1951 у Доме радыё аддзела гуказапісу т.зв. жывыя выступленні сталі выключэннем. Вядучае месца заняў магнітны запіс з дапамогай айч. магнітафонаў «МЭЗ-2». Пераабсталявана мантажная апаратная, для запісу пазастудыйных перадач выкарыстоўвалі айч. рэпартажныя магнітафоны тыпу «Рэпарцёр». Устарэлае абсталяванне Дома радыё ў 1952—59 заменена на больш дасканалае, што дазволіла палепшыць якасць запісу муз. твораў і моўных перадач, рабіць запісы пазастудыйных перадач з выкарыстаннем 5 мікрафонных і 2 лінейных уваходаў або 6 мікрафонаў з індывідуальным рэгуляваннем узроўню. З пачаткам дзейнасці ў 1955 Мінскага тэлевізійнага цэнтра на Беларусі пачала працаваць 2-праграмная радыёвяшчальная станцыя на ультракароткіх хвалях. Паляпшэнне тэхн. базы дазволіла адкрыць новыя рубрыкі, весці прамыя эфірныя трансляцыі з тэатраў і клубаў, спарт. пляцовак. Са студзеня 1956 пачалі выходзіць у эфір аналітычная праграма «На прамысловыя тэмы», маладзёжная перадача «Беларусь фізкультурная», «Радыёчасопіс для жанчын». Склаліся спецыфічныя для радыёжурналістыкі жанры: радыёнарыс, радыёрэпартаж, радыёкаментарый. Да 1959 на Беларусі дзейнічалі каля 1,2 тыс. радыёвузлоў, 212 тыс. радыёпрыёмнікаў, больш за 1 млн. радыётрансляцыйных кропак, працягласць ліній радыёфікацыі дасягнула 55 тыс.км.
З 1963 перадачы Бел. радыё вяліся з новага будынка Дома радыё, дзе былі абсталяваны вялікая і малая канцэртныя студыі, блок літ.-драм. вяшчання, цэнтр. апаратная на 10 каналаў, 7 моўных студый з апаратнымі, 5 мантажных апаратных, пакой рэха і інш., што дало магчымасць ствараць новыя праграмы. У лютым 1963 распачалі дзейнасць радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» з яе папулярнымі перадачамі «Зорная эстафета», «Твой замежны равеснік», «Шчырая размова», «Я вам пішу», дыскусійны клуб «Субяседнік». Папулярнасцю карысталіся пастаянныя цыклы перадач «У абедзенны перапынак» і «Для веруючых і няверуючых». Пра людзей цікавага лёсу, таленавітых кіраўнікоў вытворчасці інфармавала «Рабочая радыёгазета». У красавіку 1964 выйшлі ў эфір радыёстанцыя «Сельскае жыццё» з яе праграмамі «Сельская раніца» і «Вячэрнія зарніцы», інфарм. праграма «Дзень нашага жыцця» і перадача для старшакласнікаў «Рамантыкі». У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вяло перадачы па 2 нац. праграмах. Трансліраваліся таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Юнацтва». З мэтай паляпшэння падрыхтоўкі кадраў для радыё і тэлебачання на факультэце журналістыкі БДУ створана кафедра тэорыі і практыкі радыёвяшчання і тэлебачання. У 1970 у Доме радыё ўстаноўлена 20 рэжысёрскіх пультаў з шырокімі тэхн. магчымасцямі і больш за 100 навейшых стацыянарных магнітафонаў. Група пазастудыйных запісаў мела некалькі аўтамашын з гуказапісвальнай і перадавальнай апаратурай, больш за 150 партатыўных рэпартажных магнітафонаў. У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. Сведчаннем творчай сталасці Бел. радыё стала адкрыццё арыгінальных праграм. У кастрычніку 1972 выйшла ў эфір інфармацыйна-паліт. і муз. праграма «Крыніца». Яна вылучалася надзённасцю тэм і аператыўнасцю. Асноўныя перадачы: «Навука — вытворчасці», «Любімыя мелодыі», «Спектр», «Для тых, хто ў дарозе», «Маладыя галасы» і інш. Асабліва папулярнымі былі інфарм. выпускі «Навіны рэспублікі» і «Мінскія навіны». У 1970-я г. на Беларусі працавалі 22 радыёвяшчальныя станцыі, укаранялася 3-праграмнае правадное вяшчанне. У 1975 налічвалася больш за 2,2 млн. радыёкропак, 2 млн. радыёпрыёмнікаў. Бел. радыё вяло перадачы па 4 праграмах: 1-я (9 гадз у суткі), 2-я (8 гадз, з іх 6 займалі перадачы праграмы «Крыніца»), 3-я (5 гадз, рэтрансляцыя 1-, 3-, 4-, 5-, 6-й праграм радыё «Маяк», Масква), 4-я (1 гадз, на замежжа). У яго структуру ўваходзілі: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба, дырэкцыя вяшчання на 2-й праграме і рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць. У Доме радыё размяшчалася 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У выніку канцэптуальных змен у падрыхтоўцы і праграмнай сістэматызацыі перадач палепшылася змястоўнасць праграм. Адбылася прэм’ера публіцыстычнай праграмы «Спытаем сябе, таварышы!», якая выклікала палемічную размову па праблеме навукова-тэхн. прагрэсу. Цыкл перадач «Наватар» дапамагаў распаўсюджваць вопыт лепшых вынаходнікаў, канструктараў і інжынераў. Перадача «Актуальны мікрафон» асвятляла складаныя пытанні жыцця, узнятыя радыёслухачамі. Развівалася мясц. радыёвяшчанне Беларусі. У 1980 працавалі 6 рэдакцый абласнога, 115 раённага, 12 гарадскога і 32 фабрычна-завадскога радыё. З 1982 вялося рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» слухалі на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі.
У 1985—91 з’яўленне галоснасці і плюралізму выклікала працэс глыбокага рэфармавання ўсіх бакоў дзейнасці бел. радыёвяшчання: арганізацыйнай структуры, праграмнай, ідэалагічнай і творчай установак, адносін да аўдыторыі. Значнае месца ў інфарм. і аналітычных перадачах заняла Чарнобыльская трагедыя 1986, якую адлюстроўвалі ў радыёрэпартажах, выступленнях вучоных і палітыкаў, праблемных радыёсходах і пераклічках. З’явіліся радыёнарысы новага зместу: «Аднаўленне», «Круглянскі вузел», «Высокае званне — настаўнік», «Дарога ў заўтра», «Голас дэмакратыі». У аналітычным вяшчанні сталае месца занялі палемічныя выступленні па пытаннях нац. гісторыі, адраджэння бел. мовы і культуры, стану навакольнага асяроддзя, маральна-этычная тэматыка, праблемы маральнага аблічча людзей.
Сучасны стан радыёвяшчання. Пасля распаду СССР у пач. 1990-х г. перастала існаваць сістэма Усесаюзнага радыёвяшчання. У новых сац.-паліт. умовах Бел. радыё захавала сваё традыцыйнае месца ў сістэме Белдзяржтэлерадыё, а яго развіццё насіла паступовы характар. Асноўнымі яго рысамі заставаліся высокі ўзровень цэнтралізацыі, кантроль за трансляцыйнай сеткай і інфарм. патокам. Значна знізілася колькасць праграм раённага (рэгіянальнага) радыё (у 1991 засталося 40 радыёпраграм). Распрацаваная ў пач. 1990-х г. доўгатэрміновая творчая праграма дазваляла аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні, якія цікавілі грамадзян Беларусі. Цэнтр. тэмамі сталі пытанні сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны ўсіх катэгорый грамадзян, найперш ветэранаў вайны, пенсіянераў, інвалідаў і інш. У 1991 у эфір выйшлі інфармацыйна-аналітычныя перадачы «Радыёфакт» і «Пастфактум». Шырэй выкарыстоўваліся магчымасці прамога эфіру. З кастр. 1992 радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» на 2-й праграме атрымала 2 гадз прамога эфіру. Загучалі маладзёжныя выпускі «Музыка тоўстых», «Квадракола», «Сусветная служба «Беларускай маладзёжнай». Рэарганізавана Мінскае абл. радыё. Рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць атрымала назву радыёстанцыя «Сталіца». У маі 1994 радыёстанцыі «Крыніца» і «Беларуская маладзёжная» аб’яднаны ў новую праграму «Радыё-2» (вяшчанне на сярэдніх хвалях 5 гадз у будныя дні і 2 — у выхадныя). Папулярнымі былі яе рубрыкі «Жыццяпіс» (пра гісторыю краіны), «Мястэчка» (расказы пра малыя гарады Беларусі), «Сто пытанняў і адказаў, як стаць здаровым і шчаслівым», «Эдэльвейс» (турыстычная праграма), «Слова для душы» (перадача для вернікаў).
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, якая пачала ажыццяўляць кіраўніцтва ўсім працэсам ад стварэння да выхаду ў эфір тэлерадыёпраграм. Распрацавана новая структура і канцэпцыя эвалюцыйнага рэфармавання нац. тэлебачання і радыё. З прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ад 13.1.1995 і Указа Прэзідэнта «Аб дзяржаўнай камісіі па радыёчастотах» ад 17.11.1995 на Беларусі пачало развівацца і камерцыйнае радыёвяшчанне.
Аснова вяшчальнай палітыкі Бел. радыё ў пач. 2000-х г. — масавасць, даступнасць, вялікі аб’ём інфармацыі, аператыўнасць і актуальнасць. У 2003 яно перайшло на лічбавае вяшчанне. Праведзена камп’ютэрызацыя рабочых месцаў журналістаў. Эфір стаў больш дынамічным і «жывым». Скарацілася колькасць запісаных праграм. Створаны неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі праграм на конкурснай аснове. У радыёэфіры дамінуюць прамыя кантакты са слухачамі, інтэрактыўныя перадачы, кароткія жанравыя формы: рэпартажы, апытанні насельніцтва, каментарыі экспертаў і інш.
У 2004 Бел. радыё вядзе перадачы па 2 агульнанац. каналах: «Першы нацыянальны канал» і «Культура», 3 радыёстанцыях: «Радыус-FM», «Беларусь» і «Сталіца». Агульны аб’ём вяшчання — 80 гадз у суткі.
Адзін з галоўных прыярытэтаў «Першага нацыянальнага канала» (аб’ём вяшчання 19 гадз у суткі) — аператыўнае асвятленне найважнейшых падзей у краіне і за яе межамі. У 2 разы павялічана інфарм. вяшчанне: выпускі «Навін» выходзяць у рэжыме рэальнага часу ў пачатку кожнай гадзіны. Аналіз асноўных навін, інфармацыю для дзелавых людзей, агляды газет і інш. дае ранішні «Радыёфакт», а вынікі дня падводзіць «Пастфактум-радыё». Аналітычныя праекты «Тэма дня», «Тэма тыдня», «Дыялог», «Палітычны вектар», «Без бар’ераў», «Прававы канал» закранаюць актуальныя праблемы грамадска-паліт. жыцця Беларусі. У эфір выходзяць публіцыстычныя праграмы «Беларусь—Расія», «Супольнасць», «Мая краіна — Беларусь», «Час і моладзь». Жыццё і духоўнае адраджэнне вёскі, аграрныя праблемы асвятляюць тэматычныя блокі «Сельская раніца», «Падворак», «Аграрнае пытанне». Культурнае і муз. жыццё краіны адлюстравана ў інфармацыйна-асветным, культуралагічным праекце «Культурная прастора». Праграма ўключае аўтарскія праекты асветнага характару, сустрэчы з пісьменнікамі, кампазітарамі, выкарыстоўваюцца новыя формы вяшчання з забаўляльнымі элементамі і інш. У ранішнім блоку — скразны канцэптуальны праект «Будзем разам», у вячэрнім — самая рэйтынгавая праграма «Вітаем, віншуем, жадаем!», сац. перадача «Зваротная сувязь». Сваю пастаянную слухацкую аўдыторыю маюць аўтарскія праграмы «Музычны сшытак», «Брама», «Палітра», «Сентыментальнае паляванне» (новыя імёны ў літаратуры, навамодныя літ. пошукі), «Авансцэна» (тэатральнае жыццё). Муз. гадзінныя праекты «Новае рэтра», «Варыяцыі на тэму», «Класіка-экспрэс» ахопліваюць усе стылі і кірункі сучаснай музыкі. Духоўна-адукацыйны характар мае асветніцкая праграма «Святло душы». З багаццем нац. культуры знаёміць слухачоў «Беларускі альбом». Папулярнымі сталі суботні «Музычны партал» (прамая эфірная інтэлектуальная гульня), нядзельны забаўляльна-пазнавальны «Радыёпарк» (сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі), «Экалагічны маніторынг», вячэрні нядзельны праект «Канцэртная зала» (для аматараў класічнай музыкі), «Адкрытая пляцоўка» (праграма для моладзі), эксперыментальны праект «Кароткія гісторыі» і інш.
Канал «Культура» вядзе перадачы са студз. 2002 (аб’ём вяшчання 17 гадз у суткі). Яго ідэя сфармулявана ў слогане «Мы выбіраем вечныя каштоўнасці». На канале створана свая інфарм. служба, якая асвятляе падзеі культурнага жыцця Беларусі, творчыя пошукі бел. інтэлігенцыі і дасягненні сусв. літаратуры і мастацтва. Класічную музыку, літ. і публіцыст. матэрыялы, сабраныя за паўстагоддзя, прадстаўляе рубрыка «З фондаў радыё». Перадачы «Падарожжа творчага чалавека», «Гасцінец» «Бестселер», «Летапіс», «Гаспода», «Дыялогі пра культуру», «Тэатральны пад’езд», «Беларускія музычныя сезоны», «Гадзіна з крытыкам» складаюць 3 блокі эфіру: ранішні — «Дэбют», дзённы — «Імпрэза» і вячэрні — «Бенефіс». Сярод творчых удач канала — удзел у Дні еўрап. культуры (па ініцыятыве Еўрапейскага вяшчальнага саюза) і стварэнне цыкла перадач «Сучаснае беларускае апавяданне», які папаўняе фонд Бел. радыё.
Радыёстанцыя «Радыус-FM» працуе з ліп. 2003 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Прыярытэтны кірунак — музычна-інфармацыйны, ахоплівае слухацкую аўдыторыю розных узроставых і сац. груп. Муз. вяшчанне фарміруецца на парытэтных суадносінах бел., расійскай і замежнай музыкі. Эфірная вяшчальная сетка радыёстанцыі ўключае музычна-забаўляльныя шоу — ранішняе «Максімальная раніца», дзённае «Гарачыя мінскія хлопцы» і вячэрняе «Шок і хваляванне», муз. праграму па заяўках слухачоў «Візітніца», аўтарскія праграмы «Ой, мамачкі» (для маладых мам), «Каробка перадач» (для аўтамабілістаў), «Усё ўключана» (для турыстаў), гумарыст. радыёсерыялы, выніковы муз. хіт-парад нядзелі (працягласць 3—4 гадз), запісаныя праграмы, муз. нон-стоп, выпускі навін (выходзяць у эфір у пачатку кожнай гадзіны).
Радыёстанцыя «Сталіца» вядзе перадачы з верасня 1998 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Адзін з галоўных яе прыярытэтаў — музычнае вяшчанне. Штодзённа выходзіць інфармацыйна-аналітычная праграма «Сёння і заўтра», якая асвятляе жыццё Мінска, Мінскай вобласці і ўсёй рэспублікі. Найб. папулярная штодзённая праграма — «Свята кожны дзень», дзякуючы якой непасрэдна ў эфіры слухачы могуць адправіць прывітанне і найлепшыя пажаданні сваім блізкім, сябрам і знаёмым. У прамым эфіры выходзяць праграмы «Давайце пазнаёмімся», «Аднойчы з песняй» (падборка інфармацыі з музычнага жыцця, шоу-бізнесу і пра маладых выканаўцаў), нядзельны «Народны хіт» (слухачы могуць выканаць у эфіры сваю любімую песню), сямейная праграма «Шоу ў пясочніцы» (5—7-гадовыя дзеці разважаюць аб праблемах дарослых). Штотыднёвая тэматычная праграма «Краіна футбола» расказвае пра спарт. падзеі ў краіне і свеце.
Радыёстанцыя «Беларусь» — адзіны ў краіне радыёканал, які працуе на замежную аўдыторыю (70 краін свету) на бел., рус., ням., англ. мовах (аб’ём вяшчання 4 гадз у суткі). Кожныя паўгадзіны выходзяць выпускі «Навін». Інфарм. выпуск «Беларусь дзень за днём» і інфармацыйна-аналітычная праграма «Беларусь у люстэрку падзей» асвятляюць найбольш важныя падзеі ў жыцці краіны. Праграма ўключае радыёсустрэчы з дзярж. дзеячамі, вучонымі, пісьменнікамі, музыкантамі, спартсменамі і інш. Найбольш папулярныя перадачы прысвечаны адраджэнню нац. культуры, духоўным каштоўнасцям бел. народа: «Весткі з бацькаўшчыны», «Скарбы беларускай літаратуры», «Скарбы беларускай мовы», «Славутыя імёны бацькаўшчыны», «Беларусь у асобах», «Сябрына» і «Калейдаскоп» (абедзве на ням. мове), «Спадчына» (на англ. мове). Выходзіць праграма для моладзі «Беларусь маладая». Прыярытэтны кірунак муз. палітыкі радыёстанцыі — папулярызацыя лепшых узораў нар., класічнай і сучаснай бел. музыкі.
Агульны аб’ём вяшчання Бел. радыё складае каля 590 гадз у месяц, з іх арыгінальнага — 442 гадз. З 1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё прымаюць таксама жыхары Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Бел. радыё мае разгалінаваную карэспандэнцкую сетку. Яна сфарміравана з супрацоўнікаў Бел. радыё і абл. тэлерадыёкампаній, падтрымлівае сувязі з блізкім і далёкім замежжам. Штодзённа ўласныя карэспандэнты ва ўсіх абласцях і буйнейшых раёнах рыхтуюць каля 50 падзейных і тэматычных матэрыялаў.
У склад Бел. радыё ўваходзяць Генеральная дырэкцыя і падпарадкаваныя ёй 5 дырэкцый: каардынацыйная (ажыццяўляе тэматычнае перспектыўнае і бягучае планаванне вяшчання); дырэкцыя канала «Культура»; дырэкцыя маст. і музычна-забаўляльнага вяшчання; дырэкцыя інфарм. і грамадска-паліт. вяшчання; дырэкцыя эфірнага дня (ажыццяўляе аператыўнае планаванне і кантроль за вытворчасцю і выхадам праграм у эфір). У структуры Бел. радыё працуе «Аб’яднанне музычных калектываў»: акадэмічны хор, сімфанічны аркестр, дзіцячы хор «Галасы дзяцінства», ансамбль нар. музыкі «Бяседа», ансамбль камернай музыкі «Сімфаньета».
На Беларусі функцыянуюць абл. тэлерадыёкампаніі, якія вядуць перадачы ва УКВ- і FM-дыяпазонах 17 гадз у суткі і ахопліваюць радыёвяшчаннем 63,8% насельніцтва краіны. Існуе правадная сетка, якая трансліруе ўласныя перадачы і перадачы «Першага нацыянальнага канала». У раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі радыёвяшчання. У буйных гарадах і на многіх прадпрыемствах краіны дзейнічае аўтаномнае радыёвяшчанне. Асноўная форма перадачы радыёвузлоў у гарадах, раёнах і на прадпрыемствах — выпускі апошніх навін і тэматычныя перадачы па найважнейшых пытаннях сац.-эканам. жыцця.
На інфарм. прасторы Беларусі прыкметнае месца займаюць недзярж. (камерцыйныя) радыёстанцыі. Бел. шкала дыяпазону FM-станцый мае 19 станцый, у т. л. «Радыё—Бі-Эй», «Альфа радыё», «Радыё Рокс-М», «Новы стыль», «Стыль», «Юністар-Радыё БДУ», «Радыёстанцыя «Аўтарадыё». Яны далі пачатак развіццю размоўна-муз. вяшчання ў музычна-забаўляльным жанры (напр., радыёінтэрмедыі з вядучым дзі-джэем) і складаюць канкурэнцыю 4 сеткавым каналам («Рускае радыё», «Мелодыі стагоддзя», «Еўропа плюс» і «Хіт-FM»), што рэтрансліруюцца з Масквы. Адметная рыса бел. FM-станцый — іх апалітычнасць. Функцыянуюць таксама камерцыйныя радыёстанцыі ў гарадах абл. падпарадкавання і раённых цэнтрах: «Арбіта плюс» (Гродна), «Вясёлка плюс» (Магілёў), «Буг ТВ» (Брэст), «Нелі-Інфа» (Мазыр), «Салтэк» (Салігорск), «Гефест» (Пружаны), «Нюанс» (Жлобін), «Сваё радыё» (Пінскі раён), «Наш час» (Маладзечанскі раён) і інш.
На 1.1.2004 на Беларусі 132 праграмы радыёвяшчання, у т. л. 113 дзярж. праграм, 19 радыёпраграм недзярж. формы ўласнасці.
Літ.:
Лебедзеў А.П. Бітва нябачнага фронту. Мн., 1972;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Радио в дни войны. М., 1975;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983;
Дубовік С.В. СМІ постсацыялістычнай Беларусі: пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003;
Шеин В.Н. Информационные и аналитические жанры радиожурналистики. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРУ́Н (англ. Cameroon, франц. Cameroun), Рэспубліка Камерун (англ. Republic of Cameroon, франц. République du Cameroun),
дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца водамі зал. Біяфра (ч. Гвінейскага зал.) Атлантычнага ак. Мяжуе на ПнЗ з Нігерыяй, на Пн і ПнУ з Чадам, на У з Цэнтральнаафр. Рэспублікай, на Пд з Конга, Габонам і Экватарыяльнай Гвінеяй. Пл. 475,4 тыс.км². Нас. 14677,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мовы — англ. і французская. Сталіца — г.Яўндэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння рэспублікі (20 мая).
Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і аднапалатнаму Нац. сходу (180 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчы орган — Кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, назначаецца прэзідэнтам. На чале правінцый стаяць губернатары, якіх таксама назначае прэзідэнт.
Прырода. Берагі зал. Біяфра на Пн плоскія, з шырокімі эстуарыямі, на Пд скалістыя. Уздоўж узбярэжжа — нізіна шыр. да 150 км з ізаляваным вулканічным масівам Камерун (выш. да 4070 м). Цэнтр.ч. займае плато Адамава выш. 1000—1500 м з конусамі патухлых вулканаў (выш. да 3008 м). Упадзіна Бенуэ аддзяляе нагор’і ад размешчаных на Пн гор Мандара (выш. да 1494 м). На ПнУ — алювіяльныя раўніны ўпадзіны воз. Чад. Большая ч. К. размешчана ў межах выступу Афр. платформы — шчыта Ядэ, складзенага з гнейсаў, крышт. сланцаў і гранітаў архею, кварцытаў і метавулканітаў ніжняга пратэразою. Карысныя выкапні: баксіты (запасы 1435 млн.т, 1993), жал. руда (240 млн.т), прыродны газ (110 млрд.м³), нафта (71 млн.т). Ёсць радовішчы руд волава, тытану, марганцу, медзі, свінцу, цынку, вальфраму, малібдэну, урану, золата, алмазаў. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя месячная т-ра ад 22 да 28 °C. Гадавая колькасць ападкаў у раёне воз. Чад 300—500 мм, ва ўнутр. раёнах 1500—2000 мм, на ўзбярэжжы больш за 3000 мм, на схілах масіву Камерун да 10 000 мм (самы вільготны раён Афрыкі). Рачная сетка густая і мнагаводная, рэкі багатыя гідраэнергіяй. Гал. рака — Санага. Каля 40% тэрыторыі займаюць лясы. На Пд вільготныя вечназялёныя экватарыяльныя лясы, якія на Пн пераходзяць у саванну, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Глебы чырвоныя фералітныя, чырвона-бурыя і чорныя трапічныя. Жывёльны свет разнастайны. У лясах жывуць малпы (камерунская гарыла, шымпанзэ, бабуін); водзяцца афр. сланы, бегемоты, кракадзілы; шмат птушак (больш за 750 відаў), паўзуноў. У саваннах капытныя жывёлы (буйвалы, насарогі, антылопы, жырафы) і драпежнікі (львы, гепарды, леапарды). У прыбярэжных водах шмат рыбы, крабаў, крэветак, лангустаў. Нац. паркі (Бенуэ, Бубанджыда, Ваза) і запаведнікі (Бафія, Джа, Дуала-Эдэа, Кампа і інш.).
Насельніцтва. Большая ч. насельніцтва належыць да народаў, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. На Пд жывуць народы фанг, бамілеке, мака, дуала і інш.; у лясах на ПдУ — пігмеі бінга, ка і кола; у цэнтр. частцы — чамба, мбуле, гбайя, на Пн — вандала, маса, мусгу, бура і інш. Каля 51% насельніцтва трымаюцца традыц. вераванняў, 33% — хрысціяне, 16% — мусульмане. Сярэдняя шчыльн. 30,9 чал. на 1 км². Найб. заселены зах. і паўд.-зах. раёны краіны. Гар. насельніцтва 46%. Найб. гарады (тыс.ж.): Дуала — 1320, Яўндэ — 1119 (1996), Гаруа — 160, Маруа — 140, Бафусам — 120 (1992). У сельскай гаспадарцы занята 74%, у прам-сці — 11 % працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Археалагічнымі даследаваннямі на Пн К. выяўлены рэшткі матэрыяльнай культуры сярэдняга і верхняга палеаліту. У 8—15 ст.паўн. землі К. ўваходзілі ў склад імперыі Сао. У 16 ст. тут узнік султанат Мандара, у пач. 19 ст. ён заваяваны плямёнамі фульбе, якія ўтварылі некалькі самаст.феад. княстваў — ламідатаў (Маруа, Гаруа, Тыбаты і інш.). У Цэнтр. К. з 17 ст. існавалі дзяржавы Балі (на 3) і Бамум (на У). На Пд К. ў пач. 19 ст. створана дзяржава Дуала. У 1472 у вусці р. Вуры высадзіліся партуг. маракі. У 16—17 ст. галандскія, потым англ., франц. і ням. гандляры заснавалі на ўзбярэжжы К. гандл. факторыі. У 1884 Германія навязала правіцелям узбярэжных раёнаў К. дагавор аб 30-гадовым пратэктараце. У 1-ю сусв. вайну К. акупіраваны франц. і брыт. войскамі і падзелены паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (1916). У 1922 Ліга Нацый перадала Усх. К. у мандатнае кіраванне Францыі (90% тэрыторыі), Зах. К. — Вялікабрытаніі. З 1946 абедзве гэтыя часткі падапечныя тэр.ААН з захаваннем кіравання за Францыяй і Вялікабрытаніяй. Уздым нац.-вызв. руху прымусіў кіруючыя дзяржавы правесці тут канстытуцыйныя рэформы.
У 1957 падапечная тэр. К. (франц. кіраванне) абвешчана падапечнай дзяржавай, 1.1.1960 — незалежнай, у сак. 1960 — Рэспублікай К. Першым яе прэзідэнтам выбраны лідэр партыі Камерунскі саюз (засн. ў 1958) А.Ахіджа. Брыт. частка К. ў выніку рэферэндуму 1961 падзелена: Пн далучана да Федэрацыі Нігерыі, Пд — да Рэспублікі К. Была створана Федэратыўная Рэспубліка К. у складзе надзеленых унутр. аўтаноміяй Усходняга і паўд.ч. Заходняга К. Прэзідэнтам стаў Ахіджа. У краіне ўстанавілася аднапарт. сістэма [кіруючая партыя Камерунскі нац. саюз (КНС), засн. ў 1966], Палітыка спалучэння прыватнага, замежнага і дзярж. капіталу з некаторымі элементамі рэгулявання і планавання забяспечыла К. высокія тэмпы эканам. росту. Паступовая уніфікацыя абедзвюх ч. краіны прывяла да стварэння ў выніку рэферэндуму 1972 Аб’яднанай Рэспублікі К. (прынята новая канстытуцыя). У 1982 прэзідэнтам стаў П.Бія. З 1984 краіна наз. Рэспубліка К. У 1985 КНС ператвораны ў Камерунскі нац.дэмакр. рух (КНДР). У снеж. 1990 у краіне ўведзена шматпарт. сістэма. У 1992 на выбарах перамог КНДР, які сфарміраваў кааліцыйны ўрад, на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах — Бія. К. — чл.ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (з 1995). Дзейнічаюць Дэмакр. аб’яднанне камерунскага народа, Нац. саюз за дэмакратыю і прагрэс, Саюз народаў К., Сацыял.-дэмакр. фронт, Дэмакр. саюз К. і інш. Адзіны прафс. цэнтр — Прафс.арг-цыя працоўных К.
Гаспадарка. К. — агр. краіна, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур (какава, кава, бананы і інш.). У прам-сці пераважаюць галіны па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, лесанарыхтоўчая і дрэваапрацоўчая. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 16,5 млрд.дол. ЗША, па 1200 дол. ЗША на душу насельніцтва. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП — 28%, прам-сці — 25%, сферы паслуг — 47%. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Апрацоўваецца каля 13% тэр. краіны. Гал.харч. культуры: проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, ямс, бананы, батат, арахіс, агародніна, цукр. трыснёг і інш.Асн. экспартныя культуры: какава (пл. 270 тыс.га, збор 70 тыс.т, 1995), кава (340 тыс.га, 100 тыс.т), бавоўна (каля 300 тыс.га, 170 тыс.т), бананы, каўчук, тытунь, чай, алейная пальма. Жывёлагадоўля качавога і паўкачавога кірунку, пераважна на Пн і З краіны. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 4,9, авечак — 3,8, коз — 3,8, свіней — 1,4. Улоў рыбы ва ўнутр. вадаёмах і прыбярэжных водах у 1993 склаў 80 тыс.т. К. — пастаўшчык на сусв. рынак каштоўнай драўніны жал., чырв., эбенавага, жоўтага і інш. дрэў. Штогод нарыхтоўваецца каля 2 млн.м³ драўніны. Прамысловасць не атрымала значнага развіцця. Здабываюць нафту (каля 8 млн.т, 1995), волава, золата, кіяніт, мармур і інш.Вытв-сць электраэнергіі 2,7 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС (на р. Санага). Буйныя ЦЭС у гарадах Яўндэ і Гаруа. З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіта харч. (перапрацоўка зярнят какавы, ачыстка кавы, алейная, піваварная, мукамольная, цукр., чайная; асн. цэнтры: Яўндэ, Дуала, Эдэа, Гаруа, Маруа, Нкангсамба, Дыбамбары, Мбанджок, Бафусам, Нду). Да традыц. галін належыць дрэваапр.прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, аднаслойнай фанеры, мэблі, запалак, паркету, цэлюлозна-папяровая); асн. прадпрыемствы ў Белаба, Яўндэ, Дуала, Дымака, Мбальмайо, Эсека, Эдэа. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (Дуала, Гаруа, Маруа, Каэле) і гарбарна-абутковая (Нгаўндэрэ, Дуала). Есць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы латэксу (Тыка, Дызанге), вытв-сці буд. матэрыялаў (Дуала, Фігіль), мінер. угнаенняў (Дуала). У г. Эдэа на гліназёме з Гвінеі працуе алюмініевы з-д. Маш.-буд. і металаапр.прам-сць (вытв-сць металаканструкцый і пракату, ручнога с.-г. інвентару, зборка легкавых аўтамабіляў, радыёапаратуры, электратэхн. прыбораў) размешчана ў Дуале і Яўндэ, нафтаперапр.з-д — каля г. Лімбэ. Большая ч.ўнутр. перавозак К. прыпадае на чыгунку. Даўж. чыгункі 1175 км, аўтадарог 64,5 тыс.км. 90 тыс. легкавых і 79 тыс. грузавых аўтамабіляў. Марскія парты: Дуала (каля 90% усяго грузаабароту, краіны), Крыбі, партовы комплекс Тыка—Лімбэ—Бата, Кампа (вываз драўніны). Рачны порт Гаруа. Экспарт 1,2 млрд.дол. ЗША (1994): какава, драўніна, алюміній, бананы, каўчук, абутак. Імпарт 810 млн.дол. ЗША (1994): абсталяванне, аўтамабілі, нафтапрадукты, быт. тэхніка, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Францыя, інш. краіны ЕС, ЗША. Грашовая адзінка — камерунскі франк.
Літаратура. Вытокі л-ры К. ў багатым нар. фальклоры. У пач. 20 ст. склалася арыгінальная пісьменнасць у народа бамум (заснавальнік — правіцель дзяржавы султан Нджоя); на ёй складзены 3 кнігі: гісторыя дзяржавы Бамум, мед. і рэліг. трактаты. Далейшага развіцця гэта пісьменнасць не атрымала. У 1930-я г. з’явіліся творы на мясц. мовах. Сучасная л-ра К. ствараецца пераважна на франц. мове, у меншай ступені на англійскай. Першыя творы на франц. мове адносяцца да 1920-х г. (запісы фальклору, этнагр. нататкі); найб. вядомы пісьменнік І.Мумэ-Этыа. Станаўленне л-ры пачалося ў 1950-я г. — перыяд узбр. супраціўлення каланізатарам. Вастрыня паліт. сітуацыі, усенар. характар барацьбы надавалі паэзіі і прозе рысы грамадзянскасці. Найб. вылучаецца творчасць паэта Э.Эпанья-Іандо (зб. «Камерун! Камерун!», 1960), цесна звязаная з нар. песеннай традыцыяй. У прозе гал. месца заняў сац. раман, накіраваны супраць каланіялізму і аджылых норм патрыярхальнага грамадства (Б.Матып, М.Беці, Ф.Аяно). У 1960-я г.
зарадзілася навела (Р.Філамбэ, Г.Аяно-Мбіа), якая прадоўжыла традыцыі сац.быт. рамана. Разам з асветніцкімі (Філамбэ, Ж.Ж.Макто) і сац.-крытычнымі (Р.Меду Мвамо, П.Ндэдзі-Пенда) тэндэнцыямі прасочваюцца рысы рамант. ідэалізацыі традыц. ўкладу афр. краін (Ф.Бебей). Значных поспехаў дасягнула драматургія (сац.-быт. камедыі Аяно-Мбіа). Найб. вядомы паэт. твор — лірыка-філас. цыкл С.М.Эно-Белінга «Негрыцянскія маскі» (1972).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На Пн краіны выяўлены стараж., выбітыя на скалах, геам. і стылізаваныя выявы жывёл. Традыцыйныя пабудовы — круглыя і прамавугольныя ў плане хаціны з гліны, каменю, бамбуку на драўляным каркасе з канічнымі саламянымі дахамі і конусападобнае жыллё (выш. 6—8 м), вылепленае з гліны. Уваход і сцены ўнутры аздаблялі паліхромным геам. арнаментам. Звонку для аховы ад дажджу рабілі трохвугольныя рубцы, якія складалі своеасаблівы пластычны ўзор. У канцы 19 ст. ўзніклі гарады (Яўндэ, Дуала) з забудовай у духу араб. і еўрап. архітэктуры. З 1950—60-х г. узводзіліся будынкі ў сучасным стылі (арх. Нгодэ, Н.Колінс). Пашыраны разьба па дрэве (мэбля, аздобленая антрапа- і зааморфнымі кампазіцыямі; культавыя слупападобныя статуэткі, ярка размаляваныя і ўпрыгожаныя ракавінамі, бранзалетамі, каралямі, кавалачкамі металу і шкла), кераміка, вышыўка, ліццё з бронзы і інш. Пашыраны выраб масак з цэлага кавалка дрэва, абцягнутых скурай і ярка размаляваных, са скажонымі, экспрэсіўнымі рысамі і сакавітай разьбой. Фарміруецца нац.маст. школа (жывапісцы і скульптары Абасола, Кенфак, Мпанда і інш.).
Літ.:
Ляховская Н.Д. Литература Камеруна // Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.
В.М.Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Камеруна.Да арт.Камерун. Горад Дуала.Да арт.Камерун. Краявід на поўначы краіны.